|
Святло дабрыні Міхася Пазнякова |
23.01.2026 |
Адзін з самых паспяховых беларускіх пісьменнікаў, за плячыма у якога вялікае насычанае жыццё, у творчым багажы больш як 100 разнажанравых выданняў, 36 рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, адзначае сёлета 24 студзеня свой 75-гадовы юбилей.
Міхась (Міхаіл Паўлавіч) Пазнякоў — яркая і разнаплановая фігура ў сучаснай беларускій літаратуры: паэт, празаік, крытык, перакладчык, публіцыст, лаўрэат літаратурнай прэміі імя П. Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры, аўтар некалькіх лексікяграфічных даследаванняў. За гады сваёй творчасці ён напісаў шэраг выдатных кніг, якія прынеслі яму заслужаную павагу і шырокае прызнанне. Вершы Пазнякова зачароўваюць сваёй шчырасцю, закранаюць душу пранікнёнасцю, імкненнем гаварыць пра самае важнае, увасабляюць жыццёвы вопыт і сэнс.
З нагоды юбілею ў філіяле «Каменская сельская аб’яднаная бібліятэка» аформлена кніжная выстава «Мне трэба ўсё адчуць душой», на якой можна знайсці разнастайныя па зместу і жанру творы для дзяцей і дарослых. Яго кнігі – своеасаблівая паэтычная энцыклапедыя навакольнага свету. Пісьменнік апявае прыгажосць і багацце роднай прыроды; ухваляе сяброўства, дабрыню, мары, захапленні, шчырыя адносіны паміж людзьмі, вучыць любіць і шанаваць усё жывое.
Адной з асноўных лірычных тэм у яго творах з'яўляецца любоў да малой радзімы — роднай вёскі Заброддзе, дзе ён нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства. Для пісьменніка родная вёска — гэта цэлы свет: у ім цёпла і ўтульна, светла і радасна. Вышэйшы гонар і вялікая сімпатыя аўтара — да гэтай мясціны, і таму ў яго паэзіі шмат месца займае тэма бацькоўскага дома і любай сэрцу Беларусі.
Выдатны майстар слова М. Пазнякоў добра вядомы і ў літаратурных колах іншых краін. Дзякуючы яму шмат класічных твораў замежных аўтараў прагучалі па-беларуску: М. Сервантэс, В. Скот, С. Лагерлёфа, творы Х.К. Андерсена, братоў Грым і іншых.
Многія ведаюць Міхася Паўлавіча як цудоўнага дзіцячага пісьменніка. Але што трэба дзецям? Безумоўна, цікавыя і займальныя кнігі! Весёлыя і кранальныя! Зразумелыя і дасціпныя! Ні для каго не сакрэт, што для дзіцячай літаратуры важна пісаць так, як і для дарослых, толькі лепш. Менавіта так і робіць Міхась Пазнякоў, напісаўшы нямала арыгінальных і займальных кніжак — «Побач з татам», «Тры чараўнікі», «Дзіўныя блізняты», «Ехаў поўны воз цудаў», «Шые вожык кажушок», «Ёжовая хатка», тут вершы, казкі, небыліцы, загадкі і шмат іншага для маленькіх чытачоў Для Міхася дзеці — бясцэннае натхненне. Ён часта сустракаецца са сваімі чытачамі - да 300 выступленняў за год. Ездзе па ўсёй Беларусі, бывае нават ў самых далёкіх вёскачках. Далучае іншых пісьменнікаў да гэтай справы. Праводзе ўрокі мужнасці і патрыятызму, удзельнічае у праекце «Школа актыўнага грамадзяніна». Пры гэтым кажа: «Вельмі важна, каб захапленне беларускасцю ішло не штучным чынам, а праз любоў да нашай краіны, да нашага мужнага, талерантнага, працавітага і міралюбнага народа.»
Пра пісьменніка можна шмат гаварыць, але лепш за ўсё — прачытаць яго кнігі. Менавіта яны найбольш поўна, сардэчна і яскрава раскрываюць яго ўнутраны свет, пачуцці і прыгожасць душы.















































