|
Дзень беларускага пісьменства: сувязь пакаленняў праз слова і кнігу |
05.09.2025 |
Дзень беларускага пісьменства, першапачаткова назва Дзень беларускага пісьменства і друку – дзяржаўнае свята ў Рэспубліцы Беларусь, якое адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня.
У гэты дзень мы аддаём даніну павагі ўсім тым, хто на працягу стагоддзяў шанаваў і нёс у свет цудоўную беларускую мову, ствараў фундамент беларускай адукацыі і пісьменства, закладваў аснову кнігадрукавання, упрыгожваў сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі.
Свята духоўнасці, культуры і літаратуры пачало сваё шэсце ў 1994 г. у старажытным горадзе Полацку, на радзіме Францыска Скарыны – беларускага першадрукара і асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання, і стала адной з самых значных і яркіх культурных падзей у нашай краіне. Гэта свята тых, хто мае дачыненне да кнігі – пісьменнікаў, выдаўцоў, бібліятэкараў, і ўсіх, хто любіць і шануе родную мову. Людзі розных прафесій і заняткаў аб’яднаны ў адзіным імкненні – садзейнічаць адраджэнню духоўнасці і маральнасці, захоўваць нацыянальную гісторыка-культурную спадчыну.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Беларусам ёсць чым ганарыцца. У кнігах, друкаваных крыніцах памяці, адлюстравана шматвяковая гісторыя беларускага народа, яго ўклад у сусветную культурную спадчыну. Унікальнымі памятнікамі беларускага пісьменства, узорамі старажытных рукапісных кніг, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца вядомае Тураўскае Евангелле, Полацкае і Аршанскае Евангелле, «Жыціе Ефрасінні Полацкай», Баркулабаўскі летапіс.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Бібліятэкарамі сеткі, ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства, падрыхтаваны тэматычныя выставы: «З вытокаў беларускага слова», «Да вытокаў кніжасці», «Откуда письменность пошла», «История белорусской письменности», «Путешествие в историю белорусской письменности», «Светачы беларускай зямлі», «Вітаю цябе, беларуская кніга». Любы жадаючы можа пазнаёміцца з адметнымі падзеямі беларускай гісторыі і гісторыі беларускай літаратуры, а таксама з творамі беларускіх аўтараў. Запрашаем усіх жадаючых наведаць бібліятэкі і азнаёміцца з выставамі.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|
Акрамя таго, у філіяле «Добраўская сельская аб’яднаная бібліятэка» была праведзена гадзіна роднай мовы «Далучыць да роднага слова». Бібліятэкар пазнаёміла слухачоў з гісторыяй як самога свята, так і з гісторыяй беларускага пісьменства ад вытокаў да нашых дзён. Нагадала пра выдатных прадстаўнікоў нашай краіны, іх творчасць, значэнне іх дзейнасці не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету.
Дзень беларускага пісьменства — гэта нагода ўспомніць пра вытокі асветы, пра людзей, якія праз стагоддзі захоўвалі мову і кнігу, і адначасова зазірнуць у будучыню, дзе слова застаецца галоўнай каштоўнасцю. Дзень пісьменства — гэта сустрэча пакаленняў і нагода ўсвядоміць: любоў да роднага слова жыве штодня, і наша гісторыя і культура набываюць моц, калі мы шчыра іх шануем.
![]() | ![]() | ![]() |
|---|




























































