А.М.

“…Ва ймя святога ўсім нам адраджэння”

Памятаецца, пасля выхаду апошняга, чацвёртага тома Збору твораў Максіма Гарэцкага знаходзіліся ахвотнікі пакпіць, што ўкладальнікі — Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР і выдавецтва “Мастацкая літаратура” — не парупіліся, маўляў, уключыць у яго асобныя творы пісьменніка і праявілі тым самым звычайную аглядкавасць, якой не могуць пазбавіцца яшчэ з застойных часоў. Няўцям было “добразычліўцам”, што хоць тамы і пазначаны 1984—1986 гадамі, ды рыхтаваліся яны задоўга да гэтага, а значыць, пры ўсім жаданні немагчыма было ўключыць у іх і аповесць “Дзве душы”, і іншае з таго, што і сёння яшчэ сяму-таму падаецца “крамольным”.

Аднак Бог з імі, з тымі закідамі. Што было, тое было. Здзіўляе іншае: больш за паўгода ляжыць на паліцах кнігарань том “Твораў” М. Гарэцкага, выпушчаны як дапаўненне да тых чатырох ранейшых (дарэчы, у гэткім жа афармленні, хіба што лічбы пяць на ім няма), а хоць бы слова ў друку. Вось і выходзіць: крычым, браткі, крычым, а калі да справы...

Выхад “Твораў” М. Гарэцкага — з'ява ў літаратурным і культурным жыцці. Сюды якраз і ўвайшло тое са спадчыны нашага нацыянальнага класіка, што вельмі доўга працярэблівала дарогу да сучаснага чытача. Найперш — ужо згаданая аповесць “Дзве душы”. Твор быў вернуты з небыцця роўна праз семдзесят гадоў. Упершыню асобныя раздзелы з аповесці публікаваліся ў чэрвені-ліпені 1919 года ў газеце “Беларуская думка”. У тым жа годзе “Дзве душы” выйшлі асобнай кнігай у Вільні. I толькі ў 1989-ым годзе аповесць надрукаваў часопіс “Полымя” (№ 7). Публікацыі спадарожнічаў артыкул П. Васючэнкі “Чаму дваілася душа?” Варыянт яго пад назвай “Дыялектыка душы” ўключаны ў том.

Пра аповесць “Дзве душы” “ЛіМ” пісаў пасля палымянскай публікацыі. Таму абмяжуемся некалькімі словамі. М. Гарэцкі ў гэтым творы ўжо тады, адразу пасля рэвалюцыі, глянуў на яе як бы з другога боку, паказаў, што ачышчальны працэс нясе з сабой не толькі абнаўленне свету, але і актывізуе сілы цемры, дае жыццё розным прыстасаванцам. Безумоўна, галоўным носьбітам аўтарскай ідэі стаў Ігнат Абдзіраловіч, у якога “душа дваілася. Адна палова несказана плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі”. Але ж, як чытач памятае, ёсць у “Дзвюх душах” і іншыя, не менш каларытныя вобразы.

Іван Карпавіч Гаршчок, што ідэю рэвалюцыі апаганьваў і сваімі паводзыамі, і сваёй... разбуральнай дзейнасцю. Настройваў людзей супраць тых, хто на самай справе хацеў народу лепшага жыцця. Есць тут і іншыя “гаршчкі”, для каго, ап’яненых сусветнай рэвалюцыяй, не было нічога святога. Поруч стаяць у творы вобразы сапраўдных шчырых, адданых змагароў за беларушчыну, за нацыянальнае адраджэмне. Ірына Сакавічанка, Мікола Канцавы… Магчыма, Канцавы і празмерна катэгарычны ў сваіх меркаванкях і абагульненнях, але хіба не мае ён рацыі, хіба яго развагі не актуальныя і сёння? “Міколе, як і ўсім адраджэнцам, было дужа цяжка зносіць тое, што на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізме, апрача чужынцаў, апынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя на іх погляд беларускія людзі, бо абмаскаленыя беларусы, закаранелыя рэнегаты і партыйна-тупыя праціўнікі “ўсякага там яшчэ адраджэння”, пагарджаўшыя, з іх убогай духоўнай фанатычнасцю, беларускай моваю і ўсім нацыянальна-беларускім”.

Падобнае сцвярджэнне і лічылася крамолай. Яно, а таксама агульны пафас аповесці і вырашылі яе далейшы лёс. Маўчалі спецхраны, не адчыняліся дзверы перад тымі, хто турбаваўся, каб “Дзве душы” сталі актыўным набыткам літаратуры, а не толькі яе гісторыяй. Нялёгна было і рэдактару “Полымя” С. Законнікаву, які прабіваў аповесці дарогу ў друк.

“Пройгрышныя”, калі падыходзіць да іх з пункту гледжання нядаўняй афіцыйнай ідэалогіі, асобныя апавяданні М. Гарэцкага, якія таксама на гадоў семдзесят заставаліся толькі ў сваіх першых публікацыях. Узяць, напрыклад, адно з іх — “Лірныя спевы”. Даследчыкі звярталі ўвагу на гэты твор. Падкрэслівалі нават, што ў ім пісьменнік паспяхова абжывае гістарычную праблематыку. Але… Вельмі ж “муляла” ў апавяданні адна мясціна. Тая самая, дзе мніх Грыгорый разважае: “Ня хочыць Польшча Русь Літоўскую сястрой роўнай лічыць, дык ня будзіць ні Літвы, ні Польшчы, а будзе магутная бесканечная Маскоўшчына”.

І ў іншых забароненых апавяданнях (“У 1920 годзе”, “Фантазія”, “Апостал”, “Незадача”, “Усебеларускі з'езд 1917-га года”) перастрахоўшчыкі нязменна знаходзілі тое, што дазваляла ім неаднойчы падымаць перад гэтымі творамі шлагбаум забароны. Ці не самае характэрнае ў гэтых адносінах апавяданне — “У 1920 годзе”. Галоўны герой твора, які мае падзагаловак “апавяданне народнага чалавека”, як і Ігнат Абдзіраловіч, належыць да тых, хто пакуль што не знайшоў на зямлі нейкага пэўнага прыстанішча. Больш дакладна — ён далёка не ўсё прымае ў рэвалюцыйных падзеях. I мае на гэта падставы.

У рэчаіснасці, якую па-мэстацку пераканаўча адлюстроўвае М. Гарэцкі, і на самай справе непрывабны выгляд. Зноў жа, не будзем забывацца, рэвалюцыйная плынь падхапіла шмат людскога смецця, што не толькі не тоне, а пастаянна трымаецца на паверхні. Характэрная гаворка, выпадковым сведкам якой стаў “народны чалавек”. Апынуўшыся за лініяй фронту, знаходзячыся ў хаце селяміна-праведніка, якога схапілі чырвонаармейцы і, па ўсім відаць, ужо расстралялі, апавядальнік глыбока пакутуе, што ён па сутнасці прынёс гора чужой сям'і, паставіў пад пагрозу жыццё сумленных людзей.

Аказваецца, у гэтай жа хаце ёсць і такія, хто сумленнем не пакутуе. Наадварот, з любой, самай складанай сітуацыі знаходзяць выйсце. Адзін з субяседнікаў — настаўнік, каб неяк выжыць, у розных вёсках па чарзе прапаноўваў, так сказаць, руку і сэрца дочкам заможных бацькоў. Калі ж справа ішла да вяселля — своечасова ўцякаў. Амаральнасць яго паводзін відавочная, але амаральнасць гэтая двайная. Нават у такіх сітуацыях “герой” як быццам стаіць за беларускасць: “з каханкамі я толькі па-беларуску й гаманіў”. Гэта проста гульня на нацыянальных пачуццях свядомых людзей, пераконвае далейшы ход гаворкі. Другі субяседнік, былы афіцэр, хваліцца: “Я “прымазаўся” да беларусаў, дастаю паёк у беларускай вайсковай арганізацыі... Цяпер прыехаў вось сюды вербаваць ахвотнікаў”. Пасля дадае: “Я, прызнацца, не шаную гэтай мовы: дык, няхай, чаго... адно свінства!” “Шчыры” беларус-настаўнік не прамінуў выпадку, каб папрасіць; “А ўсё ж ты мяне завярбуй у сваё беларускае войска па старой дружбе”, Двурушнасць яго тым больш адчувальная, што перад гэтым афіцэр яму адкрыта сказаў: “Як будзе адзіная недзялімая Расея, то я й цябе адным заходам пастараюся павесіць”.

У адрозненне ад іншых апавяданняў, у гэтым як быццам шмат і недагаворана аўтарам. I сапраўды, М. Гарэцкі не спяшаўся расставіць усе кропкі над “і”, хоць апошнюю кропку ў творы паставіў адразу і тым самым даў магчымасць чытачу зноў і зноў задумацца над усёй супярэчнасцю “кручаных дзен” (Л. Калюга). іх нейкай драматычнай наканаванасцю. Быццам і на самай справе насіліся не дзе поруч нябачныя чэрці, тыя “бесы” Ф. Дастаеўскага, якім толькі і хацелася ўсё рушыць з месца, знішчаць, руйнаваць, не задумваючыся надта, ёсць у гэтым неабходнасць ці няма. Неверагодна, але гэта так: становішча, у якое траплялі самыя шчырыя і самыя адданыя рэвалюцыянеры, адначасова несла ў сабе і камічнасць, і трагедыйнасць.

Як не ўспомніць. тут апавяданне “Незадача”! Выпадак, пра які расказвае пісьменнік, тыповы. Нездарма ў адным з рукапісаў М. Гарэцкага пад самой назвай рукой аўтара пазначана: “Быль”. У творы нічога лішняга, як бы знарок — пратакольная дакладнасць, што відаць ужо ў самым пачатку: “Часовы камісар Н-скай франтавой надзвычайнай камісіі ў справе змагання з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і дэзерцірствам, таварыш Батрачонкаў, ехаў на аўтамабілі ў сваёй матроскай куртцы дамоў к Іллі на свята, каб разам з тым даведацца, як ідзе рэвалюцыя ў вёсцы”.

Аўтар не абцяжарвае твор разгорнутымі апісаннямі, не вельмі клапоціцца, каб “ужыцца” ў вобраз. Таварыш Батрачкоў і так навідавоку. Ён — тыповы прадстаўнік народнай масы, абуджанай да новага жыцця, але ў той час няздольнай (амуніцыі, як кажуць, адпаведнай не было) узняцца над гэтым жыццём, цвяроза ацаніць і свае паводзіны, і паводзіны таварышаў па партыі. Ёсць рэвалюцыйны максімалізм, ёсць задаволенасць ад усведамлення, што мы, яшчэ ўчора будучы нічым, сёння сталі ўсім… І ўсё. У астатнім Батрачонкаў (прозвішча сімвалічнае), як усе.

Хочаш смейся, хочаш плач... Па дарозе ў родную вёску Батрачонкаў у думках прадугадвае радасць моманту, як глянуць на яго, камісара, землякі, калі ўбачаць у аўтамабілі: “Падумаць: былы падпасак Арцёмка Батрачонак — другі чалавек, што едзе па гэтым шляху на аўтамабілі; першым быў Шальновіч (земскі. — А. М.)”.

“— Хай жыве рэвалюцыя! — голасна крыкнуў Батрачонкаў. Шум машыны і свіст ветру схапілі яго словы.

— Што вы, таварыш? — лачуў, аднак, шафёр і аглянуўся.

—Нічога, нічога... — сканфузіўся матрос”.

Фінал жа гэтых адведзін “былога падпаска” і цяперашняга камісара Арцёма Батрачонкава ў родную вёску аказаўся страшнейшым, чым можна было і падумаць. Гарачая галава, Батрачонкаў, ап’янены уладай, гуляў, як мог... Зноў пратакольная дакладнасць у заключных радках апавядання: “Цераз дзень ен быў арыштаваны і адданы лад суд за спекуляцыю, п’янства і шкодную для службы адлучку для асабістых патрэб на казённым самакаце”. Не ведаю, як каму, а мне ў гэтым “казённы самакат”, паколькі словы ідуць з вуснаў самога аўтара, а не з вуснаў зацюканых персанажаў, чуецца з’едлівая іронія. А мо і напамінак (ці перасцярога?): і не такое яшчэ будзе, калі да ўлады паўсюдна прыйдуць батрачонкавы...

Вернуты з небыцця М. Гарэцкі — гэта і п’еса “Жартаўлівы Пісарэвіч” (па-сапраўднаму нацыянальны характар, увасоблены ў галоўным героі, які, нягледзячь ні на што, застаецца беларусам, хоць і не тутэйшым), багатая літаратурна-крытычная, публіцыстычная і эпісталярная сладчына (44 лісты публікуюцца ўпершыню).

Матэрыялы гэтыя — самыя розныя. I спроба падрахункавання пэўнага этапу ў творчасці асобных пісьменнікаў (С. Баранавых, Я. Нёманскі, М. Чарот, А. Моркаўка і іншыя), і артыкулы з нагоды тых ці іншых падзей культурнага і грамадскага жыцця, і развагі краязнаўчага характару...

Хацелася б вылучыць артыкул “Развагі і думкі”, упершыню надрукаваны ў 1914 годзе ў “Велікоднай пісанцы”. Напісаны ён быццам сёння, бо ўвесь прасякнуты ідэяй нацыянальнага Адраджэння, клопатам аб будучыні нашай нацыі.

Услухаемся ж у гэты бескампрамісны, неабыякавы голас. Ён адрасаваны і нам, сучаснікам чарговай хвалі нацыянальнага ўздыму. I не ў апошнюю чаргу таксама тым, хто, як кажуць, па абавязну службы мусіць рухаць Адраджэнне наперад: “Вот тут-то я і звярнуся да “генералаў” адраджэння, кіраўнікоў руху... Тут я скажу ім: смялей гаварыце новае слова народу беларускаму! Смялей! Менш уважайце на напасці з польскага і расійскага боку. Менш азірайцеся на іх. Смялей спраўляйце хаўтуры па тых святых мучаніках, на касцях каторых радзілася новая Беларусь, і смялей пасылайце добрыя весткі тым братам нашым. што “сярод лядоў, сярод жуды” пакутуюць за адраджэнне!”

Як запавет — і гэтыя радкі: “Прыйдзіце к нам, справядлівыя, прыйдзіце к нам, цвёрдыя, упорныя, смелыя, прыйдзіце к нам, рухавыя. Прыйдзіце к нам з воляю крэпкаю, прыйдзіце к нам, асілкі волі! А вы, браты мае, сястрычкі мае, здабывайце сабе волю, гадуйце ў сабе волю, перш-наперш будзьце вольны ў саміх сабе”.

Сярод эпісталярнай спадчыны прыцягвае ўвагу ліст М. Гарэцкага ад 1 ліпеня 1919 года да рэдактара газеты “Беларуская думка” У. Знамяроўскага. Пісаўся ён у сувязі з тым, што невядомы аўтар, які схаваўся пад псеўданімам “Я”, у той жа “Беларускай думцы” фальсіфікаваў змест апавядання М. Гарэцкага “Ідуць усе — іду я”, абвінавачваў пісьменніка ў “хныканні”, адсутнасці “цвёрдасці ў наш адказны час”. М. Гарэцкі пратэставаў, але, хоць і быў пакрыўджаны на газету за публікацыю пасквіля, не збіраўся парываць з ёй: “Ад літаратурнага супрацоўніцтва ў “Беларускай думцы” не адмаўляюся пасля такой прыгоды толькі дзеля таго, што ахвярую сваім “Я” ва ймя святога ўсім нам адраджэння”.

Вось так: пісьменнік здатны быў узвысіцца над асабістым дзеля агупьнанацыянальнага! Ці не прыклад усім нам, незалежна ад таго, у якіх партыях мы знаходзіліся ці ў якія партыі ўступім заўтра? Адкінем дробязна-ўласнае, калі не на словах, а на справе стаім за нацыянальнае Адраджэнне. Гісторыяй дадзены нам апошні шанц. Выкарыстаем жа яго...

Выдавецтва “Мастацкая літаратура” мае намер у 1992 годзе выпусціць у серыі “Спадчына” і яшчэ адну вядомую працу М. Гарэцкага — “Гісторыю беларускай літаратуры”. Зноў жа: мо варта адмовіцца ад серыйнасці і зрабіць яшчэ адзін том-дадатак да Збору таораў?

I апошняе. Збор твораў М. Гарэцкага ў чатырох тамах выходзіў тыражом 8 тысяч экземпляраў кожны. Тыраж тома-дадатку — усяго 3100... Прайшло з дня яго выхаду, паўтараю. больш за паўгода, а кніга не разышлася.

Якія ж мы пасля гэтага змаганцы за Адраджэнне?