Максім Лужанін
Духоўная апантанасць
Як я апошні раз бачыў
Максіма Гарэцкага
Не так даўно, здаецца, на вечары ў яго памяць, слухаў, што яму, магутнаму пісьменніку нашай зямлі, неўзабаве было б 90, I сам гаварыў тое самае.
А тым часам, амаль векавой адлегласці Максіма Гарэцкага ад нас сягонняшніх, ці нас ад яго, не адчуваецца.
Ну, няхай гэта — шчаслівая ўласцівасць творчасці класічнай, інакш кажучы, сучаснай кожнаму часу. Тады чаму не адчуваю адлегласці ўзростаў? Сустракаліся больш за паўстагоддзя таму, а ён нібыта стаіць поруч, размаўляе з блазнюкамі як з раўнёю, беспамылкова выбіраючы адпаведны ўзросту і кругаглядам слухачоў узровень гаворкі, Каб было цікава для абодвуг бакоў, падвышаўся меншы да большага, мудрэйшага, цешачы і яго маладою непасрэднасцю.
I тут... Паўвекавая заслона адлегласці як быццам разышлася ў бакі, і я ўбачыў яго, узнавіў час, уявіў месца, прыгадаў пару дня апошняй сустрэчы.
Так, год 1930, сярэдзіна лета, крыху пасля паўдня. Мы стаім пры скрыжаванні тагачасных вуліц Ленінскай і Савецкай, непадалёк ад будынка польскага кансульства, плячыма да вітрыны сталоўкі № 3, дзе ў нэпаўскія часы быў вядомы рэстаран Фрыца.
Максім Іванавіч кіраваўся ад Камсамольскай, відаць, з Дома пісьменніка. Я пакланіўся яму і быў запынены працягнутай для прывятання рукою.
Гарэцкі выглядаў асвежана, лёгкай загарай было пазначана аблічча, звычайна бледнаватае ад няўпыннай работы дый нядужасці — абзывалася імперыялістычная вайна.
— Ці не патулалі дзе пад цяплейшым сонцам? — само сарвалася пытанне.
Максім Іванавіч скрыжаваў пальцы:
— Так, і ў чысцейшым паветры.
Са слоў патыхнула гаркота: адразу ўспомнілася калатня ў літаратурных колах, наскокі белаппаўскай крытыкі, бязглуздыя абвінавачанні, размежаванне “Узвышша” на “правае” і на “левае” крыло, нязгоды ў “Полымі”.
— Ці надоўга акрыяў? — Максім Іванавіч нядбала махнуў рукою: — Цэлы месяц апекавалася мною дбайная жанчына, — ён назваў татарскае імя, — гэта назва санаторыі (тады пісалі: санаторыя і часопісь), дзе мяне іпадлечвалі. Бывалі ў тых краях?
Да санаторыяў мне не ўдавалася дапасці, гады са два назад трапіў у Сімеіз, дзе мясцовыя татары выпусцілі пакойчык у мазанцы на схіле гары Кошка, а мясцовы пансіянат прыняў на харчаванне. Потым па Ялце патупаў крыху...
— Ці хоць свайго цёзку адведалі? — перапыніў Максім Іванавіч.
Так, адшукаў магілу Багдановіча. Апалоў і паліў, як наказвала Цёця Уладзя, пасеянае ёю жыта на курганку паэта...
Расказваў і раптам адчуў няёмкасць: чаму ўзнікла такое недаверлівае пытанне? Можа, ён думае, што я трымаюся пісаніны малапісьменных, далёкіх ад сумленнасці крытыкаў і літаратараў, якія не саромеліся гаварыць на паэта абы-што — сімваліст, упаднік і г. д., паўтараць не хочацца, А можа, і гэта бянтэжыла яшчэ горш, Гарэцкі асуджае, лічыць за хлапечую самаўпэўненасць тое, што я адрокся ўласнага імені і прыняў Багдановічава. Я ж зрабіў гэта, адчуўшы тое, імя сваім, так прыпаў да сэрца “Вянок”. А тут поруч стаіць жывы магутны Максім і як быццам упікае за блазнюкоўскі крок.
Гарэцкі, відавочна, прыкмеціў маю зніякавеласць і пашкадаваў. Сказаў, што нядаўна гартаў часопіс “Узвышша” з маімі вершамі. I гэта ўсцешыла. Дарма, што не пахваліў і не паганіў, а ўсё ж спыніў на хвіліну вока. Магчыма, таму і кінутыя ім словы засталіся ў памяці аж дасюль.
Наогул жа гаворка не надта звязвалася, Сонца станавілася на паўдня, і гарачыня ад непаастываўшых за ноч камяніц патыхала з новай сілай. Дрэваў на галоўных вуліцах тады не расло, у цянёк не схаваешся, пыльны ветрык закручваў на бруку слабыя слупкі смецця, ганяў падварушаныя коламі рамізнікаў і фурманак з бочкамі піва папяровыя зрыўкі.
Стаяць тут, тым больш размаўляць, вялінай прыемнасці не было, аднак Максім Іванавіч не спяшаўся на адыход, зноўтакі, мусіць, каб не пакрыўдзіць запыненага суразмоўніка. Паволі расказваў, у якім добрым месцы зараз жыве — каля Людаманта, так называлася прыгарадная мясціна з зялёнымі берагамі і чыстаю вадою дазаводскае плыні ракі. Купацца можна, сынок пялёхацца любіць, і даросламу па пахі.
Гарэцкі гаварыў, спрабуючы жартаваць, хоць жарты, думалася, не вельмі пасавалі да гэтага чалавека, у кожным разе нельга было ўявіць, каб ён так самазабыўна і бесклапотна рагатаў, як, скажам, Кузьма Чорны, каторы раз сочачы за цудоўным акцёрам Грыгонісам у мальераўснім “Мешчаніне”.
Тым больш не ўспрымалася паджартоўванне Максіма Іванавіча зараз, яно відавочна не адпавядала ягонаму ўнутранаму стану. Нейкі клопат так і прабіваўся праз вонкавы супакой I смутную абыякавасць аблічча.
Ці не праз гэта на момант прыгадалася наша папярэдняя сустрэча амаль на гэтым жа месцы, толькі ў іншую пару. Тады наша літаратура зазнала першую высылку. Алесю Дудару, аўтару некалькіх зборнікаў вершаў і куслівенькай крытыкі, давялося на некалькі год перабрацца, праўда, не так і далёка, усяго ў Смаленек, За што? Называлі верш “Пасеклі наш край”, адзін гэты радок — і толькі — перадавалі знаёмыя, паўтарала крытыка.
З таго даволі даўняга здарэння пачалася першая вулічная размова з Максімам Іванавічам, Магчыма, і ён ведаў не больш пра тое, што напісалася і было пакарана, аднак асуджэння не ўтаіў. I сам выпадак, на яго думку, непрыстойны, дый аўтар верша... Ці верыць яго недвухсэнсоўнаму вершу — пратэсту супраць рыжскай мяжы, ці артыкульцам пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі, дзе абгнюшваліся і звінавачваліся ў неіснуючых грахах таленавітыя і сумлеяныя літаратары... Дзівакі, няспелыя мазгі могуць палічыць яго за нацыянальнага пакутніка ды, чаго добрага, рынуцца наследаваць... Каму яно патрэба, такое ўшанаванне, апрача непрыемнасцей нічога не зычыць...
Не шмат тады сказаў Максім Іванавіч, яшчэ менш я зразумеў ягоныя словы. Але ж абодва разы ён запыняў мяне сам, і трэба ж, на адным і тым жа месцы, першы абзываўся, пэўна ж, нешта змушала яго на гэта.
Зусім блізка бачу сціплую постаць сярод вулічнага тлуму, бацькоўскія паднятыя на мяне вочы, чую пытанне, дзе збіраюся летаваць. Пэўных намераў у мяне яшчэ не было, адказаў, што спакушаюць на Дзвіну, павандраваць па Віцебшчыне, зірнуць у вокны яе шматлікіх азёр.
Максім Іванавіч ажывіўся, назваў некалькі памятных мясцін у Полацку і пашкадаваў: на ягоную радзіму, Амсціслаўшчыну, нешта не цягне вандроўнікаў. Хоць у самім Амсціславе ёсць чаго паглядзець, ёсць што ўспомніць, хоць бы Трубяцкую разню. А наогул — край беднаваты, Маўляў, вы, случакі, у параўнанні з нашымі сялянамі — фальваркоўцы.
Пасля пацікавіўся, з кім намерваюся ехаць. Пачуўшы ў адказ прозвішча паэта, з якім тады сябравалася, Максім Іванавіч чамусьці спытаў, ці не лепей падавацца дадому, аднаму, без сяброў.
— А я ў сваёй вёсцы набыўся. Да людскай ракі паўдня тупаць, і лесу блізка няма.
Максім Іваінавіч запытальна зірнуў на мяне. Маўляў, што ты, хлопец! Некалі будзеш рады на роднай мясціне кожны каменьчык рукамі абцерці.
Гэта чыталася ў ягоным позірку, але не сказаў, толькі напамянуў Скарынавы славы пра пчалу, што прылятае ў свой вулей.
А як мне было сказаць яму, што “вулля” таго ў мяне няма: хата трухлее пад гнілым дахам без догляду. Маці туліцца каля замужняй сястры, а бацька памёр, Застудзіў і без таго хворыя лёгкія, вяртаючыся дадому з-пад Старых Дарог, дзе яго, разгледзеўшыся, высадзілі з эшалона раскулачаных. Выпусцілі разам з некалькімі селавымі суседзямі, што таксама і на сераднякоў не цягнулі — па гектару зямлі на душу, у нашай сям’і разам з сенажаццю было гектары чатыры-пяць.
Максім Іванавіч яшчэ раз пахваліў месца, куды перабраўся жыць, пажадаў мне добрай дарогі і развітаўся, я ж чамусьці не рушыў у сваю дарогу, а глядзеў яму ўслед, пакуль не схавалася светлая кепачка за кутнім домам.
Гаворка ўзрушыла, Сапряўды, чалавек на добрых пятнаццаць год старэйшы, у каго за плячыма веданне скарбаў культуры свету, кнігі прозы вышэй чым першага класу, гісторыя нашай літаратуры і многа-многа ўсяго, у чым выяўляўся ягоны “самародны талент” (Карскі). I ён, як раўню, як “цёзку” адсутнага Максіма, спыняе на вуліцы лайдакаватага юнака! I гаворыць, не даючы адчуць ані кроплі са сваіх шматлікіх пераваг, не дазваляючы, аднак, сабе адступіцца ад уласнай думкі, як ён рабіў заўсёды, або пайсці за якім-небудзь іншым поглядам.
Адна толькі з пераваг, калі можна так сказаць, не ўспомнілася тады — сумнае ўласнае дасведчанне: Гарэцкі пабыў за лукішскімі кратамі, пакаштаваў і высылкі з Вільні ў Дзвінск.
Чалавек з пранікнёным розумам даследчыка, надораны чулым сэрцам пісьменніка, прадчуваў многа чаго благога, над галавой згусалі хмары, захады да гэтага рабіў і мясцовы друк і цэнтральны. І хацеў перасцерагчы маладых.
Калі я вярнуўся з падарожжа, Гарэцкага ўжо нельга было павітаць на вуліцы.
Сяброўства
Гаўрылы Іванавіча
Напэўна, захваляваліся б і вы, калі б давялося разгарнуць гэтую кнігу. Гадоў ёй за 60, старонак мае 170, а паасобнікаў выйшла ўсяго 25, Нават у наш не дужа спрыяльны для беларускамоўных выданняў час такі тыраж падаецца больш чым сціплым.
Гэтая акалічнасць, амаль поўная недаступнасць кнігі чытачу і даследчыку, абавязвае хоць бы да кароткага напамінку пра адну з ранніх, але вельмі каштоўных работ сусветна вядомага, чым імем — паўтару — ахрышчана больш за дзесятак выкапняў, беларускага акадэміка.
Выйшла яна ў 1928 годзе, грыф: “Інстытут Беларускае культуры, аддзел прыроды і гаспадаркі”, назва “Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы (нацыянальны склад насельніцтва Заходняй Беларусі), аўтар — Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі.
Сур’ёзны вучоны, хоць яму ў часе напісання недацягвала да трыццаці, сам акрэсліў, куды і на што, на якую мэту скіравана ягоная работа, якая рупасць падымала і непакоіла яго, Скажам сваімі словамі: трэба было замацаваць у народнай памяці нядаўнюю гістарычную несправядлівасць, кару без віны — раз’яднанасць на невядома як доўгі, магчыма, назаўсёдны тэрмін, што спасцігла наш народ. Больш за гэта: трэба было сцвердзіць неад’емнае права народа жыць адною дужай сям’ёю, у адной дзяржаве, жыць і дыхаць, як людзям самім жадаецца.
Паслухаем аўтара: “Разуменне “Заходняя Беларусь” толькі тады будзе лёгічна адмежавана ад іншых геаграфічных разуменняў, калі будзе адмежавана ад іншых абшараў Польшчы сама тэрыторыя Заходняй Беларусі”.
I далей: “...гістарычныя і эканамічныя межы разам амаль супадаюць з межамі нацыянальнымі, асабліва на захадзе Беларусі, аднак прымат нацыянальнай мяжы, мяжы этнаграфічнай, павінен быць высунуты з усёй катэгарычнасцю. Нацыянальныя межы ў гісторыі найноўшага часу мелі і пэўна захаваюць надалей досыць значны ўплыў”. Да гэтага сказа зроблена спасылка на кнігу Р. Умястоўскага “Палітычныя, натуральныя і абаронныя межы ў часе вайны і міру”, Кракаў, 1925, с. 106: “Межы сягонняшніх, багатых чалавецкімі рэсурсамі дзяржаў становяць народная свядомасць і воля, а ўжо ў нязначнай ступені фізіяграфічныя ўмовы. Проста наадварот таму, як вялося праз вякі”.
Спасылка дадзена дробным, шрыфтам і па-польску, давялося перакласці самому, каб не рабіць клопату чытачам.
Апрача навуковай каштоўнасці, кніга мае вялікую цікавасць, і вось у чым. Мой паасобнік уводзіць нас у моцную садружнасць маладой навукі і маладой паэзіі, у цёплае сябраванне слова і думкі двух сваіх выдатных прадстаўнікоў. Пра гэта скажацца пазней. а пакуль пазнаёмімся крыху з самой працай.
Кніга абапіраецца на мноства разнамоўных крыніц, найбольш рускіх і польскіх, адзначаючы праўдзівыя меркаванні накшталт: “Межавая рыса Рыжскага трактту. мае розныя дадзеныя для стабілізацыі ў якасці сталай мяты”.
Аднак малады вучоны, з фактамі ў руках, смела спрачаецца з некаторымі (Э. Ромэр, М. Хандэльштам), бо сапраўды, як змоучаць, калі чытаеш, нібы “Беларусь не складае суцэльнае геаграфічнае краявіднае індывідуальнасці”, нібы “беларусаў, як адзінага народу з нацыянальнай свядомасцю, не бычам”. I далей “...у бальшавіцкія часы літаратурная мова слаба даходзіць да вёскі і ў малой ступені з’яуляецца чыннікам, што уніфікуе мову народу, хутчэй ёсць пасрэднікам, які робіць лягчэйшай яе русіфікацыю”,— гэта ўсё з артыкула М. Хандэльштама.
З належнай пашанай ставіцца аўтар да прац Е. Р. Раманава і Я. Ф. Карскага, не забываючыся на мудрую выснову: “Адзінае, што больш упарта трымаецца ў беларусаў,— гэта іх мова”, але выказвае сумняванне ва ўгрунтаванні акадэмікам паўднёвых межаў Горадзеншчыны і Міншчыны”.
Следам за беларускім тэкстам ідзе рэферат работы па-англійску, падаюцца двухмоўныя табліцы і картаграмы з весткамі пра колькасць беларускага насельніцтва ў розных паветах і воласцях Заходняй Беларусі. Гэта частка, як на маё вока, найбольш цікавая і працаёмкая ў кнізе, бо змяшчае ў сабе весткі пра этнаграфічныя межы беларускіх паселішчаў і выяўляе іх нацыянальны склад, аселасць асноўнай нацыянальнасці, рост ці спад асобных катэгорый жыхароў у тым ці іншым раёне.