Міхась Мушынскі

Максім Гарэцкі – крытык і гісторык літаратуры

Заслугі Максіма Гарэцкага ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства неабходна ацэньваць па самым вялікім рахунку. Напісаная Гарэцкім і выдадзеная ў 1920 годзе “Гісторыя беларускай літаратуры” была першым на Беларусі сістэматычным курсам гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. У гэтым даследаванні дадзена навукова абгрунтаваная перыядызацыя, якой з пэўнымі папраўкамі і ўдакладненнямі і сёння карыстаюцца даследчыкі, зроблены сур’ёзныя спробы ўстанавіць заканамернасці станаўлення літаратуры. Вельмі важна ў метадалагічным плане тое, што ў вывучэнні заканамернасцей развіцця слоўнага мастацтва Гарэцкі зыходзіў з гісторыі народа, з гісторыі “грамадзянства”. Між іншым, яшчэ ў адным з дарэвалюцыйных артыкулаў — “Развагі і думкі” (1914) — М. Гарэцкі так вызначаў сутнасць літаратуры: “Што гэта ёсць — літаратура? Ці не ёсць гэта само грамадзянства на фатаграфіі? I ці не ёсць літаратура і грамадзянства як гук і літара?

Калі хочаце знаць, як жыве народ і да чаго ён кіруецца, трэба чытаць яго літаратуру”. У сваю чаргу нельга зразумець гісторыю літаратуры без глыбокага вывучэння грамадзянскай гісторыі.

Разам з тым, М. Гарэцкі-даследчык, кіруючыся прынцыпам сацыяльнага дэтэрмінізму, улічваў спецыфіку мастацтва як эстэтычнай з’явы. А гэта ў перыяд актывізацыі вульгарнасацыялагічнай крытыкі мела надзвычай вялікае метадалагічнае значэнне.

У “Гісторыі” дадзена грунтоўная характарыстыка кожнага з вызначаных этапаў, разгледжаны важнейшыя помнікі старажытнай пісьменнасці і мастацкія творы, паказана месца і роля ў гісторыі новай і навейшай літаратуры Ф. Багушэвіча, А. Гурыновіча, З. Бядулі, М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, маладых паэтаў і празаікаў паслякастрычніцкага перыяду.

Адукацыя

Сваёй працай Гарэцкі прадэманстраваў навуковай грамадскасці канцэптуальны, цэласны падыход да гісторыі слоўнага мастацтва. Не лірычныя эскізы, не эсэістыка, не нарысы пра асобныя, найбольш значныя, вяршынныя з’явы, а цэласная гісторыя літаратуры, заснаваная на ўсебаковым вывучэнні мінулага, — вось у чым была вартасць навуковага даследавання М. Гарэцкага.

Свае вывады і назіранні ён рабіў на аснове ўважлівага, карпатлівага вывучэння фактычнага матэрыялу, які патрэбна было самастойна сабраць, сістэматызаваць. У тыя часы, не лічачы прац Я. Ф. Карскага, не існавала ні навуковай бібліяграфіі, ні самых элементарных даведнікаў. Усё павінна было быць зроблена рукамі даследчыка. У гэтым сэнсе М. Гарэдкі закладваў надзейны падмурак беларускага літаратуразнаўства.

“Гісторыя” М. Гарэцкага — сапраўдны подзвіг вучонага-грамадзяніна, які надаваў гуманістычным ведам вялікае выхаваўчае значэнне. Аб маштабах здзейсненага Гарэцкім сведчыць тое, што наступная “Гісторыя” — у 4-х тамах, якая падагульняла дасягненні ўсяго беларускага літаратуразнаўства, выйшла болей чым праз 40 гадоў пасля “Гісторыі” М. Гарэцкага. Гэты факт гаворыць сам за сябе.

Адзін з таленавітых пачынальнікаў беларускага літаратуразнаўства, Гарэцкі быў разам з тым і самым актыўным папулярызатарам навуковых ведаў па гісторыі літаратуры. На працягу многіх гадоў ён працаваў выкладчыкам літаратуры і мовы ў розных установах - на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні і ў Віленскай беларускай гімназіі, на рабфаку Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, у сярэдняй школе г. Пясочні (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). Як выкладчык, ён меў магчымасць грунтоўна праверыць уласныя гісторыка-літаратурныя канцэпцыі і вывады на ўдзячных слухачах.

Багатая асабістая практыка педагога пераконвала Гарэцкага ў тым, што навучэнцы, студэнты, будучыя выкладчыкі павінны не толькі мець агульнае ўяўленне пра гістарычныя шляхі развіцця беларускай літаратуры, але і добра ведаць змест мастацкіх твораў, валодаць навыкамі аналізу вобразнай сістэмы твора. Больш таго! Выхаваць у школьнікаў, студэнтаў, увогуле ў моладзі любоў да літаратуры, навучыць іх па-сапраўднаму разумець і адчуваць хараство літаратуры як эстэтычнай з’явы нельга было без вывучэння саміх твораў. Вось чаму адна часова з працай над “Гісторыяй...” (і працай над мастацкімі творамі!) М. Гарэцкі пачаў складаць «Хрэстаматыю» (1922), затым “Выпісы з беларускай літаратуры” (1925), у якіх — поўнасцю або ва ўрыўках — змяшчаліся лепшыя ўзоры беларускай паэзіі, прозы, помнікі старажытнай пісьменнасці. Вучэбна-метадычныя працы М. Гарэцкага адыгралі вялікую ролю ў актывізацыі і ўдасканальванні сістэмы выкладання і вывучэння літаратуры ў сярэдняй і вышэйшай школе ў 20-я гады.

Гарэцкі быў, аднак, не толькі вучоным, аўтарытэтным гісторыкам літаратуры, але і выдатным літаратурным крытыкам. Увогуле, шматграннасць і разам з тым незвычайная цэласнасць натуры Гарэцкага выяўлялася ў любой галіне дзейнасці, да якой ён звяртаўся. Ён усюды і заўсёды заставаўся самім сабой, г. зн. справу рабіў з поўнай аддачай, грунтоўна, з натхненнем. Гэта быў вялікі працаўнік, падзвіжнік. Праца для яго была высакароднай справай, тым больш калі гаворка ішла аб духоўнай дзейнасці ў імя будучыні радзімы.

Гарэцкі-даследчык абавязкова ўлічваў зробленае папярэднікамі і ніколі не ўхіляўся, каб сказаць пра гэта публічна, не прысвойваў сабе чужых думак, бо ў яго, чалавека шчодрай душы, было што сказаць іншым.

М. Гарэцкі — чалавек дзейснай натуры. Ён не задавальняўся гучнымі заклікамі, голай агітацыяй, а першым пачынаў рабіць тое, чаго вымагаў час. Пачынаў, не чакаючы, што за яго зробяць іншыя.

Напісанае М. Гарэцкім заўсёды несла адзнаку першаадкрыцця. Другаснасці ён не прымаў арганічна. Па сутнасці, да кожнага твора ці навуковай працы Гарэцкага можна з поўным правам дастасаваць азначэнне “першы”. Сапраўды, ён даў першыя, пры гэтым выдатныя, ўзоры апавяданняў, у якіх галоўным героем стаў інтэлігент — новы герой беларускай літаратуры, ён стварыў першыя ўзоры сацыяльна-філасофскай прозы, эпісталярнай прозы, драматызаванай аповесці (“Антон”), напісаў першую гісторыю літаратурнай арганізацыі «Маладняк» і першы слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў —»Назваслоў’е», даў узоры, па сутнасці, усіх жанравых форм літаратурнай крытыкі — эсэ, нататкі, праблемнага, агляднага артыкула, творчага партрэта і г. д.

Трэба сказаць, што крытычнаму слову М. Гарэцкі надаваў вялікае ідэйна- выхаваўчае значэнне яшчэ ў раннія гады сваёй дзейнасці. Ужо тады ён выказваў шкадаванне, што ў беларуякай літаратуры няма крытыкаў-прафесіяналаў, нецярпліва чакаў іх з’яўлення, дапамагаў нараджэнню прафесійнай крытыкі: “Я, не плюшчыўшы вочы, скажу: няхай як мага скарэй праявіцца ў нас хоць бы адзін добры крытык. Усякая маладая літаратура, і беларуская, калі ўжо яна мае перад светам нейкі від праз выразнейшых і выбітнейшых пісьмекнікаў, асабліва мае патрэбу ў сур’ёзнай крытыцы”.

Важна падкрэсліць, што для М. Гарэцкага, як і для М. Багдановіча, літаратурная крытыка не з’яўлялася пераважна сродкам абгрунтавання ідэйна-эстэтычных прынцыпаў, якіх ён прытрымліваўся ў сваёй уласнай творчасці. На крытыку Гарэцкі глядзеў як на самастойную форму творчасці, як на фактар паспяховага развіцця літаратуры. Літаратурна-крытычны жанр і гісторыка-навуковае даследаванне Гарэцкі не схільны быў лічыць чымсьці другарадным, менш патрэбным, менш сацыяльна прэстыжным.

У чым М. Гарэцкі бачыў задачу крытыка? Крытык, лічыў ён, павінен глыбока пранікнуць у задуму аўтара, спасцігнуць логіку яе развіцця. “Крытыкаваць,— падкрэсліваў Гарэцкі, — значыць шукаць таго ж, чаго шукаў аўтар, і рабіць думку яго яснейшай чытачу”. Але крытык, хоць ён і не мае права навязваць мастаку ўласных меркаванняў, не павінен пасіўна ісці за пісьменнікам. Ён абавязаны разабрацца ў вартасцях твора як мастацкай з’явы, выявіць, “ці добра выклаў думку аўтар, і як выкладаў, і як бы мог выкласці лепш...”.

Важны ў метадалагічным плане таксама тэзіс Гарэцкага аб тым, што “дрэнная крытыка такая, што крытыкуе не творы, а аўтара. Хоць праўдзіва мастацкі зор — частка душы аўтара і, крытыкуючы твор, міжволі чапаем і струны душы, але гэта не страшна, калі крытык папраўдзе крытыкуе”. Гарэцкі-крытык крытыкаваў “папраўдзе”, г. зн. сумленна, аб’ектыўна, імкнучыся дапамагчы аўтару, клапоцячыся пра чытача. “На добрай крытыцы гадуюцца пісьменнікі і грамадзянства»”—падкрэсліваў ён.

Аўтар “Разваг і думак” глядзеў на крытыку як на форму самаўсведамлення літаратуры. Такі погляд сведчыў аб яго навуковай, тэарэтычнай сталасці як крытыка і даследчыка. Не ўсё ў роўнай ступені задавальняла Гарэцкага ў сучаснай яму беларускай паэзіі; прозе: адно адбілася ў ёй “трошку бачком”, другое — “краюшком”, трэцяе — “зламаўшыся”, “скрывіўшыся”. Задача “пісьменных беларусаў”, паводле меркаванняў Гарэцкага, у тым, каб на старонках перыядычных выданняў адкрыта, выразна сказаць, “што яны знайшлі, знаходзяць галоўнага, істотнага ў нашай літаратуры і куды яна павінна кіравацца. Гэта важна! Асабліва цяпер...”.

Вельмі важна і тое, што Гарэцкі падкрэслівае неабходнасць вызначыць перспектыву развіцця літаратуры, яе заўтрашні дзень, кірунак руху: “Трэба добра агледзецца каля сябе і шпарчэй, можа, пойдзем уперад” .

Метадалагічнае значэнне крытычных артыкулаў і выступленняў Гарэцкага яшчэ і ў тым, што ён актыўна замацоўваў адзіна правільны кірунак развіцця крытычнай думкі, шляхоў і сродкаў вывучэння мастацкага твора, г. зн. замацоўваў метад сацыялагічнага і эстэтычнага аналізу ў іх адзінстве і ўзаемасувязі. Гарэцкі глядзеў на літаратуру як на форму адлюстравання сацыяльнай рэчаіснасці (“ці не ёсць літаратура і грамадзянства як гук і літара?”), як на адбітак духоўнага жыцця народа, але не зводзіў яе ні да люстранога, пасіўнага капіравання, ні да ілюстрацыі загадзя вызначанага тэзіса.

Вопыт Гарэцкага-крытыка наогул багаты і павучальны для нашага часу. Перш за ўсё трэба адзначыць сталую цікавасць Гарэцкага да пытанняў светапогляду пісьменніка і крытыка, пытанняў сувязі паміж ідэйна-мастацкім узроўнем творчасці і грамадзянскай пазіцыяй мастака, яго маральнымі прынцыпамі.

Адчувальная прысутнасць Гарэцкага-крытыка ў літаратурна-грамадскім жыцці, яго актыўнае ўздзеянне на літаратурны працэс, дабратворны ўплыў на маральную атмасферу, на маральны клімат літаратурнага асяроддзя 20-х гадоў — факт бясспрэчны. Але гэты факт патрабуе свайго вытлумачэння, канкрэтызацыі. Што спрыяла таму, каб крытычнае слова Гарэцкага станавілася рэальным фактарам уплыву на літаратуру? Вялікае значэнне меў, безумоўна, тып таленту — шматгранны характар таленту Гарэцкага, дзейсны, стваральны характар яго творчай натуры, уласцівая яму як пісьменніку высокая агульная культура, цэласнасць, гарманічнасць яго натуры, высакародства памкненняў. Пазіцыя Гарэцкага, пісьменніка, вучонага, наскрозь сацыяльная, усвядомлена патрыятычная. Як крытык М. Гарэцкі нязменна кіраваўся выразна акрэсленымі маральньімі прынцыпамі.

Для Гарэцкага характэрны народны склад думання. Гэтая арганічная рыса яго натуры яскрава выявілася і ў мастацкіх творах, і ў навуковай дзейнасці. Не дзіва, што як крытык Гарэцкі таксама аказваўся на вышыні патрабаванняў часу. Вызначальньм прынцыпам у працэсе крытычнага аналізу для Гарэцкага быў прынцып гістарызму. Ацэнкі яго вынікалі з канкрэтнага аналізу, былі ўзважанамі, прадуманымі, а вывады і назіранні і сёння не страцілі свайго значэння.

Ужо самыя раннія выступленні М. Гарэцкага ў жанры літаратурнай крытыкі засведчылі яго схільнасць да канцэптуальнага мыслення, яго імкненне ставіць вострыя, набалелыя пытанні часу. Такім, у прыватнасці, з'яўляецца артыкул “Наш тэатр”, надрукаваны ў тым жа 1913 годзе, што і першае апавяданне “У лазні”,— годзе літаратурнага дэбюту Гарэцкага, а таксама артыкул “Развагі і думкі” (1914) і многія іншыя.

“Наш тэатр” — гэта праграмны артыкул Гарэцкага, абгрунтаванне рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Да з’яўлення артыкула ў друку (“Калядная пісанка”, выйшла ў Вільні ў канцы 1913 г.) Гарэцкі быў ужо аўтарам апавяданняў “У лазні”, “Стогны душы”, “Роднае карэнне”, “У панскім лесе”, “Красаваў язмін”. У 1913 годзе напісаны і апавяданні “Што яно?”, “Патаёмнае”, “Буйніцы і драбніцы”, “Хаўтуры”, “Усмінаецца”, відаць, распачата праца над драматызаванай аповесцю “Антон”.

А ў жніўні таго ж года на старонках “Нашай нівы” быў змешчаны ліст да пісьменніка, у якім рэдакцыя пісала: “Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прысылалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас “памножана будзе слава слаўнай айчызны нашай”, калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца”.

У артыкуле маладога празаіка і крытыка, натхнёнага высокай публічнай ацэнкай яго працы, узняты многія пытанні, якія мелі першаступеннае значэнне для развіцця нацыянальнай літаратуры: тут ідзе размова пра грамадзянскі абавязак пісьменніка, пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, пра беларускую літаратурную мову, пра фальклор як крыніцу творчасці, пра мэты і задачы нацыянальнага тэатра.

М. Гарэцкі звярнуўся да беларускіх пісьменнікаў з заклікам стварыць вартыя працоўнага народа драматычныя творы, якія б далі жыццё нацыянальнаму тэатру. Роля тэатра ў сацыяльным і нацыянальным абуджэнні селяніна-працаўніка, рабочага, рамесніка, у выхаванні грамадзянскіх пачуццяў надзвычай вялікая:

“Пакажыце беларусу са сцэны, хто ён, чым ён быў, што ён цяпер, чым бы ён мог быць, гукніце яго са сцэны да новага жыцця, і — божа мілы! — гэты гаротнік беларус, пераканаўшыся, ужо знойдзе здольнасці парваць ланцугі рабства, патрапіць крыкнуць: “Жыве Беларусь!” так дужа, што аж векавыя муры няволі, як тыя сцены ерыхонскія, пасыплюцца ў прах. А ў такім разе доўг нашых пісьменнікаў, каторы яны павінны сплачваць, гэта — у драматычных творах паказаць беларусу, у якой пушчы ён блудзіць і дзе ляжыць яму дарога на поле, шырока-далёкае, роднае поле вольнага жыцця». Артыкул М. Гарэцкага цікавы яшчэ і тым, што ў ім, як гэта бачна са зместу, знайшла непасрэдны водгук палеміка адносна шляхоў развіцця беларускай літаратуры, якая ўзнікла ў 1913 годзе на старонках “Нашай нівы” і ў якой удзельнічаў Я. Купала. Пазіцыя М. Гарэцкага тут блізкая да пазіцыі Купалы, выразніка перадавых рэвалюцыйна-дэмакратычных поглядаў, абаронцы інтарэсаў прыгнечанага народа. Гарэцкі выразна гаворыць пра гэта, цытуючы назву аднаго з артыкулаў пра “сплачванне доўгу”. Літаратура, тэатр, падкрэслівае Гарэцкі, павінны шырока, усебакова, праўдзіва паказаць жыццё, побыт, духоўны свет, маральнае аблічча працоўнага беларуса, яго гістарычнае мінулае, абудзіць яго чалавечую годнасць, натхніць яго на барацьбу з сіламі цемры і прыгнёту:

“А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жыве, не можна, гэткага жыцця не можна трываць.

I трэба яшчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён — чалавек і што ён павінен мець свой чалавечы гонар, і павінен дзетак сваіх гадаваць з сумленнем [...].

I трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён мае слаўнае прошлае, што яго дзедаўшчына нараўні з крапчэйшымі старонкамі пад сонцам была і што карані нашы родныя беларускія не згнілі, трывалы і цягучы, маюць жывы сок і жывую сілу і ўжо добрыя адросткі к небу гоняць, а з часам над імі крэпкія, высокія, прыгожыя дрэвы закрасуюцца...

I трэба паказаць беларусу са сцэны, што за чалавек той, каторы спіць без канца краю, якой вартасці такі чалавек і што жджэць яго ў будучыні...

I трэба паказаць са сцэны беларусу, у які бок кіравацца яму, па якому “шляху жыцця” пайсці і якім часам сілы фізічнай і духоўнай набрацца [...]

Патрэбна паказаць з беларуокай сцэны другім народам зямным, што за народ такі ёсць беларусы, што маюць яны не толькі “очень смешные анекдоты и весьма странные суеверия”, а й нешта палепш ад жарту і забабонаў, нешта гэткае, прад чым прыемна адчыніцца агульналюдская скарбніца векавечных здабыткаў культуры і цывілізацыі...”.

Як бачым, вызначаная Гарэцкім праграма дзейнасці беларускага тэатра даволі шырокая, разнастайная.

Перш за ўсё падкрэслека грамадска-выхаваўчая, асветная роля тэатра. Тэатр— гэта кафедра, з якой павінны гучаць палымяныя словы праўды пра чалавека і яго жыццё. Недапушчальна, каб тэатр стаў “бруднай стайняй Аўгія” або “кутом дурнога скалазубства”. Відаць, Гарэцкі адчуваў рэальную пагрозу таго, што пры адсутнасці належных традыцый дух сацыяльнасці, праўды, высокі грамадзянскі пафас, якія павінны панаваць на сцэне, могуць быць заменены невысокага гатунку забаўкамі, прыземленай гумарыстыкай, “дурным скалазубствам”.

Разам з тым Гарэцкі палічыў патрэбным абвергнуць магчымае меркаванне, нібыта тэатр “павінен мець кірунак толькі практычна карысны”. Такое вузкаутылітарнае разуменне мэт і задач тэатра не прымаецца аўтарам артыкула. Праўда, Гарэцкі дапускае недакладную фармулёўку, гаворачы, што тэатр павінен задавальняць усе густы, у тым ліку і прыхільнікаў “мастацтва для мастацтва”. Відаць, дадзеная фармулёўка — выдаткі палемічнай завостранасці, а не свядомы ідэйна-эстэтычны прынцып аўтара, паслядоўнага рэаліста, пераконанага барацьбіта за сацыяльна дзейснае мастацтва.

У артыкуле М. Гарэцкага праблема ўзбагачэння тэатральнага рэпертуару непасрэдна звязваецца з развіццём беларускай мовы. Менавіта драматургі, працаўнікі сцэны павінны па-сур’ёзнаму паклапаціцца пра “гучнасць і чыстату мовы”, “як дарагі камень, кождае слоўца зважыць, абмеркаваць і ўцяміць сілу яго”. “Пісьменнікі беларускія! — усклікае аўтар артыкула. — Пільней прыслухівайцеся к мове людзей нашых на рынку, на кірмашы і ўсюдых-усюдых, і тыя, што жывіцё на захадзе Беларусі, даведайцеся, як гавораць на яе ўсходзе, а ўсходнія пабывайце на захадзе. Як кругаварот крыві ў целе чалавечым дае здароўе арганізму, так гэты пераліў нашых сіл на Беларусі аджывіць арганізм Беларусі і зробіць яго дужэйшым”.

Праграмным з’яўляецца таксама і артыкул “Развагі і думкі”. Прысвечаны ён пытанню нацыянальна-вызваленчага руху, але багата тут і спецыфічна літаратурных праблем. Зрэшты, Гарэцкі якраз і разглядае шляхі развіцця мастацкай літаратуры ў непарыўнай сувязі з барацьбой працоўных мас за сацыяльную і нацыянальную свабоду. У прыватнасці, ён пераканаўча абгрунтоўвае і паглыбляе канцэпцыю сацыяльна-актыўнай літаратуры, якая нясе “новае слова” пра свой час і ў якой “слова і дзела” ўяўляюць адзінае цэлае. Звяртаючыся да Я. Купалы і Я. Коласа, да іншых “парнаснікаў”, Гарэцкі гаворыць: “Калі вы хочаце папраўдзе быць прарокамі народу нашага, а не толькі хвалёнымі аўтарамі кніжак у беларускай мове, — смялей і выразней гаварыце сваё новае слова і дбайце, дбайде аб тым, каб у вас слова і дзела было нешта адно, каб у вас слова радзіла дзела, а дзела паддавала духу слову... Скажудь: слова паэта—яго дзела... Так! Але ў наш час беларускі паэт павінен памятаць, што толькі таго прарока вера шырыцца паміж народу, каторы быў прарокам як на слове, так і на дзеле, бо як вера без дзела мёртва, так і слова без дзела можа быць нікчэмна і йшчэ горай — шкодна. Памятайце, хто мае на тое памяць, як жыў Тарас Шаўчэнка. Не меў спакою вялікі Талстой, пакуль лупежыў панства, жывучы ў панстве, і не дарма “на санёх седзя”, перад смертухнай сваею ўцёк ён ад панства.

Дык смялей і цвярдзей! I выразней! Не баючыся болек і не хаваючыся ад святла!”

Думаецца, што М. Гарэцкі зусім апраўдана даў такое шырокае тлумачэнне паняццяў “слова” і “дзела”, маючы на ўвазе не толькі выразную ідэйную накіраванасць літаратуры, акрэсленасць сацыяльных, грамадскіх ідэалаў пісьменніка, але — што таксама важна — і яго жыццёвую пазіцыю. Не выпадкова, што ўзорам мастакоў, у якіх “слова і дзела” знаходзіліся ў арганічным адзінстве, для М. Гарэцкага былі менавіта Шаўчэнка і Л. Талстой— тытаны духу, нескароныя змагары супраць сацыяльнай несправядлівасці, няпраўды, цемры і зла.

Унутраны пафас канцэпцыі Гарэцкага — абарона рэалістычнага кірунку ў літаратуры: “Ці не мастацкая праўдзівашнасць — найлепшая дарога літаратуры нашай?”.

Гарэцкі быў адным з першых, хто ў дакастрычніцкі час на прынцыповы ўзровень узняў пытанне аб неабходнасці рашуча пашырыць жанравыя межы беларускай літаратуры, у якой, як вядома, пануючае месца займалі паэзія і кароткае апавяданне. Думаецца, не выпадкова, што іменна пісьменнік эпічнага складу, эпічнага мыслення раней за іншых адчуў наспелыя патрэбы беларускай літаратуры ў буйных эпічных формах, якія маюць магчымасць паўней, глыбей адлюстраваць супярэчнасці сацыяльнай рэчаіснасці таго часу. Жыццё настойліва патрабавала ад літаратуры новых, больш змястоўных форм і сродкаў пазнання:

“I ці не даволі засыпацца разнаколерным канфеці з вершыкаў і дробных малюнкаў.

Ці не пара б нашым пісьменнікам напісаць што даўжэйшае?

Ці не дадуць нам к дзесяцілеццю “Нашай Нівы” нашы літаратары добры раман?

Хоць бы з сучаснага жыцця раман? Аб тым, як трухлее старое і патроху, у муках, расце маладое? А можа б, якую гістарычную повесць, драму?

Я не раблю заказ, а думкамі супакойваю сябе ў жаданні найпатрэбшага.

Здаецца, праўду кажу?

Прозы, прозы, добрай, мастацкай прозы беларускай дайце нам!

Каб на стале ў нас каля тоўстай кніжкі вершаў “Шляхам жыцця” ляжала б не цянейшая кніжка прыгожай прозы...”.

Каб на стале ў нас каля тоўстай кніжкі вершаў “Шляхам жыцця” ляжала б не цянейшая кніжка прыгожай прозы...”.

“Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечныя імшары, і я з вялікай надзеяй жду беларускіх Дастаеўскіх...”.

Непазбежнасць з’яўлення “беларуса — усясветнага пісьменніка” ўжо нават у першай палове 20-га стагоддзя Гарэцкі тлумачыў багатымі, але яшчэ не выяўленымі духоўнымі здольнасцямі народа, які паступова абуджаўся да новага жыцця.

Будучы ўзровень беларускай літаратуры Гарэцкі вымяраў маштабнай меркай — меркай Дастаеўскага, Гогаля, Шаўчэнкі. Радасна ўсведамляць, што прадчуванні і прадказанні аўтара “Разваг і думак” споўніліся: творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, самога М. Гарэцкага, творчасць К. Чорнага, I. Мележа — яскравае таму пацвярджэнне.

Сапраўдны росквіт дзейнасці Гарэцкага-крытыка і даследчыка роднай літаратуры прыходзіцца на паслякастрычніцкі перыяд. Апрача “Гісторыі...”, 3-е і 4-е выданні якой — дапоўненыя і папраўленыя — выйшлі ў 1924 і 1926 гадах, Гарэцкі піша шэраг цікавых, значных артыкулаў, сярод якіх заслугоўваюць быць адзначанымі “Доктар Францыск Скарына” (1917); “Беларускае драматычнае пісьменства”, “На ўгодкі па М. Багдановічу”, “Вінцук Дунін-Марцінкевіч”, “Уладыслаў Галубок” (1919); “Лявон Гмырак” (1920); “75 гадоў оперы “Сялянка” (1921); “Маладняк”, “Чатырыста гадоў друку на Беларусі” (1925); “Шыццё Максіма Багдановіча”, “Творчасць Янкі Нёманскага”, “Якуб Колас пасля Кастрычніка”, “Творчасць Міхася Чарота”, “Пэўны гвалт (у справе творчасці М. Грамыкі)”, “Аб творчасці Міхася Зарэцкага”, “Бядуля пасля Кастрычніка. Гісторыка-літаратурныя нататкі”, “Белорусская литература. Краткий очерк”, “Беларуская літаратура пасля “Нашай нівы” (Агульны агляд)”, “Білоруська література”, “Колькі слоў аб творах і мове М. Лынькова”; серыя артыкулаў пад агульнай назвай “Творчасць маладнякоўцаў”, прысвечаная разглзду творчага шляху А. Моркаўкі, С. Баранавых, I. Барашкі, П. Галавача (1928); “Вершаваная паэзія сучасных маладнякоўцаў” (1929).

Усе гэтыя артыкулы складаюць вельмі цікавую старонку ў гісторыі станаўлення беларускай пісьменніцкай крытыкі, вельмі своеасаблівай з’явы ў гісторыі нацыянальнай літаратуры і навуковай думкі. Разам з тым артыкулы гэтыя шмат у чым удакладняюць, дапаўняюць яго канцэпцыю развіцця літаратуры, выкладзеную ў “Гісторыі...” і ў нарысе “Маладняк за пяць гадоў”.

Апошняя праца яшчэ недастаткова ацэнена, хоць сваім багатым зместам яна заслугоўвае спецыяльнага разгляду. Каб глыбей зразумець сапраўдныя вартасці гэтай працы, неабходна ўлічыць істотную акалічнасць. Як вядома, Гарэцкі не ўваходзіў ні ў адну з існаваўшых у 20-я гады на Беларусі літаратурных арганізацый. Увогуле Гарэцкаму не ўласціва была цэхавая замкнёнасць, дух сектанцтва, вузкія, правінцыяльныя погляды на літаратуру, на літаратурна-мастацкую крытыку. Ён быў чалавекам шырокіх поглядаў, шырокіх літаратурна-творчых і навуковых інтарэсаў. Літаратурна-крытычнае слова Гарэцкага пра з’явы сучаснага яму літаратурнага жыцця, пра канкрэтныя творы сёння асабліва цікавае і каштоўнае, бо гэта слова крытыка, які стаяў па-за групавымі інтарэсамі. А гэта давала яму магчымасць убачыць тое, чаго не мог бачыць прыхільнік пэўнай групоўкі ці член аб’яднання. Гарэцкі бараніў інтарэсы не пэўнай арганізацыі, а ўсёй беларускай літаратуры. Вось гэты ўрок Гарэцкага-крытыка сёння для нас не менш каштоўны, чым яго ўрокі ў галіне мастацкай творчасці.

Рэдка калі крытык таго ці іншага літаратурнага згуртавання 20-х — пачатку 30-х гадоў аб’ектыўна, непрадузята ацэньваў творчасць прадстаўніка іншай арганізацыі. Найбольш тыповым, распаўсюджаным у тагачаснай крытыцы была звычка захвальваць “сваіх” і пагардліва ставіцца да “чужых”. Што да М. Гарэцкага-крытыка, дык яго, як і многіх узвышаўскіх крытыкаў, шчасліва абмінула гэта хвароба часу. Ён з аднолькавай увагай ставіўся і да маладнякоўцаў, і да ўзвышаўцаў, і да палымянцаў. “На фоне ўсяе сучаснай беларускай мастацкай прозы за апошні час, — пісаў Гарэцкі, — даволі яскравымі з’явамі былі выступленні двух маладых аўтараў — гэта маладнякоўца Каваля і ўзвышаўца Лукаша Калюгі”. I тут жа ў адрас Каваля, у якога “вельмі мастацкі стыль”, рабіліся слушныя закіды: “Пэўнымі хібамі ў творчасці Каваля трэба лічыць, тым самым, слабую сюжэтную пабудову, некаторую аднастайнасць тэматыкі і яшчэ не зусім зжыты сялянскі прымітывізм”.

У нас няма аўтарытэтных звестак аб тым, як успрымаліся пісьменнікамі 20-х гадоў крытычныя парады Гарэцкага. I ўсё ж сведка выключнай праніклівасці Гарэцкага-крытыка існуе — час пацвердзіў справядлівасць многіх яго меркаванняў і вывадаў. Сапраўды, прыгадаём паасобныя ацэнкі, якія былі зроблены Гарэцкім, і параўнаем іх з вывадамі сучасных даследчыкаў гісторыі літаратуры.

Такое параўнанне дасць магчымасць убачыць, якім глыбокім быў позірк крытыка, якія трапныя яго заўзагі, дакладныя ацэнкі. Гарэцкі валодаў зайздроснай здольнасцю схопліваць самае істотнае, самае галоўнае ў творчай манеры таго ці іншага празаіка ці паэта, устанаўліваць вядучы пачатак, дамінуючую рысу творчасці, раскрываць філасофію творчасці. Гарэцкі браў пісьменніка ў руху, у развіцці, ён як бы прадбачыў напрамак, у якім будзе разгортвацца яго талент.

Вось ацэнка ранніх апавяданняў М. Лынькова. “У апавяданні “Чыгунныя песні” — сюжэт хаваецца за фразеалогіяй і стылізацыяй мовы. Пафасам і стылізацыяй хоча зрабіць аўтар мастацкае ўражанне на чытача. А без патрэбы. Сюжэт тут сам па сабе моцны: у Сібіры, на глухой станцыі, чэхаславакі, адступаючы, забіваюць стрэлачніка і гвалцяць да смерці яго дачку Арынку. Потым едуць чырвонаармсйцы, знаходзяць гэта жудаснае злачынства і хаваюць нябожчыкаў. I піша аб усім гэтым аўтар з глыбокім пачуццём і з праўдзівым рэвалюцыйным уздымам. I вобразы, і словы ўмее часам даць ён такія простыя і такія моцныя ў сваёй прастаце. Апавяданне, безумоўна, цікавае і моцнае. Але стылізацыя, нарэшце, дакучае. Бо вось чамусьці падабаецца аўтару, праз меру падабаецца, каб песні былі “чыгунныя”, гукі “медныя і чыгунныя”, поступ — “чыгунны”, накіп — “сталёвая” і г. д. ...Усё гэта добра дзеля выяўлення нашай эпохі, эпохі “железных потоков”, але добра — калі ўжываецца на сваім месцы, у належнай меры і ў пэўным жанры. Апавяданне ж “Чыгунныя песні” хоць і робіць цяпер на нас, сучаскікаў, моцнае ўражанне, бо мы самі шмат ведаем аб тым, што хоча сказаць аўтар, але яно, напэўна, не зможа па-мастацку ўзрушыць нават трошкі пазней шага за нас. чытальніка, якому патрэбна будзе не столькі фразеалогія, колькі належная ў гэтым жанры апавядальнасць і апісальнасць.

Лепшае, найбольш вытрыманае апавяданне ў зборніку — трэцяе, “Над Бугам”. Аўтар добра ведае і ўмее паказаць паходны быт чырвонаармейцаў, па-мастацку дае іхнія размовы, трапна выяўляе адносіны іх адзін да аднаго. Аўтар не ідэалізуе чырвонаармейца, а паказвае нам яго такім, якім ён ёсць у праўдзівым жыцці. Чытач, па волі аўтара, зжываецца з яго сябрамі-чырвонаармейцамі, пераймаецца іхнімі інтарэсамі, жыве іхнімі надзеямі, — і таму так шкода яму, калі пасля гэтых надзей, пасля смехаў і жартаў, гінуць яны за вызваленне пралетарыяту, над далёкім Бугам. Аўтар дае тып чырвонаармейца-селяніна (Ванька разанскі) і тып чырвонаармейца з горада (Васька Шкетаў, быў кухарам, чалавекам у рэстарацыі, басяком, кахаў прастытутку). Больш ён цікавіцца Васькаю, але лепш яму ўдаўся Ванька. У апісанні драбніц паходнага чырвонаармейскага жыцця Лынькоў часам пакідае за сабой і Коласа, і Нёманскага, і Зарэцкага”.

Па сутнасці, М. Гарэцкі накрэсліў тут сапраўдную праграму ідэйна-эстэтычных пошукаў М. Лынькова, вызначыў найбольш плённы, найбольш перспектыўны кірунак яго творчага развіцця, засцерагаючы маладога, таленавітага празаіка ад празмернага захаплення паэтыкай арнаментальнай прозы на шкоду псіхалагічнай глыбіні і рэалістычнай праўдзівасці. Не выпадкова, што іменна “Над Бугам”, а не “Чыгунныя песні” стала беларускай класікай у жанры малой прозы, хрэстематыйным творам, бо якраз у першым з іх у цэнтры аўтарскай увагі — унутранае жыццё герояў, іх духоўны свет. “Фразеалогія”, аўтарскія эмоцыі не падмяняюць тут суровай, мужнай праўды жыцця.

Безумоўна, Гарэцкі не адмаўляе Лынькову ў праве на арнаментальны стыль, ён апеліруе да эстэтычнага пачуцця маладога пісьменніка, як бы нагадвае яму, што мастацкая проза вымагае больш моцнай сюжэтнай арганізацыі матэрыялу, большай загльібленасці пры выяўленні характару герояў, паказу іх у дзеянні.

Гэтак жа трапна вызначыў Гарэцкі слабыя і моцныя бакі творчай манеры П. Галавача.

“Што да фармальна-мастацкіх асаблівасцей, — пісаў ён, — дык трэба сказаць, што збудаваны апавяданні ў Галавача яшчэ не заўсёды з належнаю цвёрдасцю і вытрыманасцю. Заўважаецца некаторая непрапарцыянальнасць частак апавядання: ёсць часам размах на аповесць, але аўтар уціскае сябе ў асадкі апавядання. Апавяданне развіваецца паводле хронікі падзей; найчасцей падзеі звязваюцца, галоўным чынам, з жыццём адной асобы. Лепш удаюцца аўтару апавяданні карацейшыя або з кароценькімі жывымі раздзеламі. Часам у Галавача занадта шмат сур’ёзнасці, мала жывасці, слаба выяўляецца гумар і сатыра, хоць нахіл да іх у некаторых месцах ёсць зусім выразны і памысны. Аднак жа ў яго ёсць пачуццё, шчырая спагада да бяздольных людзей, ласка да маладых парыванняў, і ў гэтых месцах апавяданні яго ажыўляюцца і робяць большае мастацкае ўражанне. У яго няма лішняе голае тэндэнцыйнасці. Ён трымаецца здаровага рэалізму. Блізка што няма ў яго і ўхілу ў лішні натуралізм, што заўважаецца часам у Хурсіка, Нікановіча і інш.”.

Трэба аддаць і тут належнае М. Гарэцкаму: ацэньваючы творы ранняга перыяду, ён зноў жа прадбачыў далейшы шлях Галавача і тыя цяжкасці, з якімі пісьменнік павінен быў сустрэцца. Сапраўды, у малой жанравай форме Галавач зведаў больш творчых удач, чым у вялікай. Звярнуўшыся да рамана, пісьменнік не здолеў цалкам пераадолець тыя недахопы, якія ў апавяданні былі не так адчувальныя. Гэта і “нявытрыманасць у пабудове”, і празмерная хранікальнасць, і адсутнаснь гумару. Так, у рамане “Праз гады” вельмі выразна праглядвае жорсткая аўтарская схема ў расстаноўцы дзейных асоб, мала самаразвіцця характару, мала непасрэднасці пры выяўленні пачуццяў героя, “занадта шмат сур’ёзнасці”.

Вядома, што А. М. Горкі папярэджваў маладых празаікаў ад спакусы адразу ж брацца за раман. Стварыць вялікіх памераў твор, гаварыў ён, могуць многія маладыя пісьменнікі, але не многім з іх удаецца па-сапраўднаму арганізаваць матэрыял па законах мастацкай тыпізацыі, спасцігнуць сюжэтна-кампазіцыйныя законы — каб не кідалася ў вочы аўтарская тэндэнцыйнасць, не былі відны швы, стыкі і г. д. Каб авалодаць майстэрствам пабудовы вялікага эпічнага твора, патрэбен творчы навык, культура творчасці, якая прадугледжвае засваенне традыцый сусветнай літаратуры. Глыбокаму ўсведамленню менавіта такога вось разумення культуры творчасці і спрыяў Гарэцкі сваімі крытычнымі выступленнямі.

Хацелася б асобна звярнуць увагу на тыя мясціны ў нарысе Гарэцкага, дзе ён гаворыць пра недахоп гумару і сатыры і празмерную сур’ёзнасць Галавача-пісьменніка. Як паказаў вопыт далейшага развіцця беларускай літаратуры, асабліва 30-х і 50-х гадоў, крытычны закід Гарэцкага набыў выключна актуальнае гучанне: у творах многіх пісьменнікаў амаль зніклі гумар, сатырычныя матывы, знікла ўласцівая сапраўднаму мастацкаму твору артыстычная лёгкасць. Адсутнасць усіх гэтых якасцей вельмі збядняла малюнак жыцця, спрашчала яго, бо рэалістычнае мастацтва заўсёды вызначалася сваёй шматфарбнасцю, поўнагалоссем. Як бачым, і тут М. Гарэцкі-крытык не падмануўся ў сваіх прадчуваннях, што лішні раз падкрэслівае каштоўнасць яго навукова-крытычнай спадчыны для нашага часу.

Прывабнай якасцю крытыкі М. Гарэцкага была шчырасць інтанацыі, даверлівасць тону. Гарэцкі ацэньваў творчасць пісьменніка без аглядкі: тое, што, паводле яго меркаванняў, заслугоўвае ўхвалы — ён ухвальваў на поўны голас, а пра хібы і недаробкі гаварыў адкрыта, без папераджальных рэверансаў. За фразеалогіяй ніколі не гублялася аўтарская думка. Адразу было бачна, што канкрэтна сцвярджае крытык, што для яго непрымальна. Вось як ацэньвалася творчасць М. Нікановіча: “Пафас, стылізаваныя ўстаўкі, пагоня за эфектамі, непраўдападобнасць, часам грубаваты натуралізм у мове— шкодзяць і Нікановічу. Яго апавяданні нібы разлічаны на прымітыўнага чытача. Але аўтарская шчырасць, адданасць справе, любоў да прыгожага вобраза і слова, захапленне сваёй тэмай і непадкупнае ідэалізаванне сваіх герояў аслабляюць недахопы ў творчасці Нікановіча і робяць іх дадатнай з’явай у сучасным стане маладнякоўскай прозы”. Бачыце, колькі тут шчырага клопату, цеплыні, жадання дапамагчы маладому празаіку ўзняцца над сабой! Глыбока дасведчаны ў пытаннях гісторыі філасофіі і сусветнай літаратуры (не выпадкова нават раннія яго артыкулы насы- чаны літаратурнымі і гістарычнымі рэмінісцэнцыямі!), Гарэцкі ніколі не дэманстраваў эрудыцыю, не пісаў дзеля таго, каб здзівіць, уразіць чытача ўяўным глыбакадумствам, знарочыстай ускладнёнасцю формы выкладання.

Прыпцыповае адрозненне крытыкі М. Гарэцкага ад многіх тагачасных крытычных выступленняў яшчэ і ў тым, што ён з глыбокай павагай ставіўся асобы пісьменніка, ніколі не дазваляў непрадуманых выпадаў і абвінавачванняў палітычнага характару. Тут яго пазіцыя была блізкая пазіцыі ўзвышаўскай крытыкі. Болей таго, ён адкрыта ўступаў у спрэчку з многімі дужа ваяўнічымі рэцэнзентамі, якія ахвотна наклейвалі арыгінальнаму, самабытнаму паэту тыя ці іншыя ярлыкі, папракалі яго ў ідэалагічнай нявытрыманасці, страце класавага пачуцця і іншых грахах. У гэтым плане асаблівую цікавасць уяўляе разгляд творчасці В. Маракова. Вульгарныя сацыёлагі знаходзілі ў творчасці Маракова праявы песімізму, згубны ўплыў ясеніншчыны, абвінавачвалі паэта ў адарванасці “ад сацыяльнай масы”, у дэкласаванасці.

М. Гарэцкі, ацэньваючы зборнікі вершаў В. Маракова “Пялёсткі” (1926) і “На залатым пакосе” (1927), вядома, не закрываў вачэй на ўласцівыя паэту недахопы, адзначаў няроўны характар яго голасу, “зломы маладой душы”. Але вытокі гэтых хібаў, паводле трактоўкі Гарэцкага, — зусім інакшыя, чым у вульгарызатараў ад літаратуры, у крытыкаў-аглабельшчыкаў. “Пры гэтым не ўсе рэцэнзенты бралі пад увагу, што Валеры Маракоў хацеў вучыцца і не мог, за цяжкаю працаю не бачыў свету, у паэзіі шукаў забыцця ад штодзённасці і рэалізаваў свой творчы настрой так, як навучыўся па творах Лермантава і Надсана. I вершы яго — гэта вершы юнака, які ўспрымае жыццё з запалам маладых сваіх гадоў, але без глыбіні дарослага чалавека. Ён гарыць, але раскідаецца ва ўсе бакі без належнай агульнай і палітычнай свядомасці. Ён часам міма волі прымае позу тых герояў, аб якіх чытаў у сваіх улюбёных аўтараў. А натура ў яго вельмі чулая і ўспрымальная, ён лёгка захапляецца і траціць пачуццё меры. I таму ў яго вершах трапляюцца “наіўныя”, паводле рэцэнзентаў, месцы; аднак жа гэтыя месцы гавораць не аб паэтычнай яго слабасці і не аб дэкласаванасці, а проста аб тым, што ён малады паэт, які яшчэ не знайшоў сваіх пэўных сцежак у жыцці і творчасці.

У далейшым, безумоўна, Валерыю Маракову трэба вызваліцца ад непатрэбнага ўдавання ў позу, ад паэтычнай дэкламацыі, не звязанай з адпаведным яму пачуццём, ад сляпога наследавання паэтам не нашае эпохі, ад наіўнага ў сучасных умовах плакання і сентыментальнічання, хоць бы і самага прыгожага.

Ён моцны ад прыроды паэт, і ён можа даць больш самабытныя вобразы і словы, чым даў у выпушчаных зборніках. Аб гэтым сведчыць тое, што вершы яго робяць моцнае ўражанне, хоць кола вобразаў і слоў у яго досыць абмежаванае і не асабліва арыгінальнае. Метры і рытмы звычайныя, форма не асабліва багатая. Але ў яго гэтулькі эмацыянальнай напружанасці і гэтулькі лірызму, што і небагатыя пры бліжэйшым іх аналізе мастацкія сродкі даюць шмат дасягненняў”.

Як бачым, палітычных абвінавачванняў тут няма і блізка, хоць Гарэцкі далёкі ад суцэльнага захвальвання маладога паэта. Ён гаворыць і пра адсутнасць у яго “належнай агульнай і палітычнай свядомасці”, раіць хутчэй вызваліцца ад позы, дэкламацыйнасці, ад наіўнага сентыментальнічання і г. д. Але ўсё гэта прафесійна сталая, канкрэтная размова, калі крытык зыходзіць з аб’ектыўнага аналізу зместу твораў, а не з загадзя сканструяваных дагматычных схем і спрошчаных уяўленняў. У гэтым сіла і моц крытыкі М. Гарэцкага, яе дзейсны характар, яе дабратворны ўплыў на літаратурны працэс.

Вядома, М. Гарэцкага нельга ўяўляць крытыкам, што ўвасабляе нейкую абсалютную аб’ектыўнасць. Як і ў кожнага пісьменніка, у яго былі свае творчыя сімпатыі, хоць ён, паўтараем, заўсёды імкнуўся ўзняцца над асабістымі густамі. Адны жанрава-стылёвыя формы ўнутрана Гарэцкаму былі бліжэй, да другіх, напрыклад, да рамантычных форм творчасці, ён ставіўся з пэўнай насцярогай, а таму, ацэньваючы іх, можа, і не заўсёды меў рацыю ў сваіх меркаваннях і высновах. Так, аддаўшы ў маладыя гады даніну рамантычнай прозе, М. Гарэцкі ў перыяд працы над кнігай “На імперыялістычнай вайне” і аповесцю “Ціхая плынь” даволі стрымана ацэньваў творы рамантычнага стылю. Гэта можна бачыць на артыкулах, прысвечаных М. Зарэцкаму. У сваіх вывадах крытык праявіў празмерную строгасць. Наўрад ці можна цалкам падзяліць яго пункт гледжання, пагадзіцца з тым, што “ні савецкае, ні заходнебеларускае жыццё ў Міхася Зарэцкага не мае нацыянальна-народных асаблівасцей, дзеля таго яно можа быць залічана і да беларускага і да якога-хаця, адно што апісанага кніжнаю беларускаю моваю”. I далей “На жаль, самыя яскравыя тыпы ў яго, калі можна зваць іх тыпамі, не характарызуюць сутнасці свайго часу або асаблівасцей свайго класа...”.

Гарэцкі тут, безумоўна, перабольшваў мастацкія слабасці прозы Зарэцкага, бо да твораў рамантычнага стылю падыходзіў з меркай рэалістычнага мастацтва. Але, нават і перабіраючы меру, крытык умеў бачыць заканамернасці творчага развіцця пісьменніка: ён слушна меркаваў, што Зарэцкі непазбежна прыйдзе да вялікай эпічнай формы, да рамана. А гэтая форма асабліва патрабуе ўвагі да рэалістычна-канкрэтных абставін, да ўнутранага свету герояў, да іх нацыянальна-народнай характэрнасці. Крытычныя закіды Гарэцкага ў адрас рамантыка Зарэцкага дапамагалі апошняму ў працы над раманамі: менавіта ў напрамку паглыблення “нацыянальна-народных асаблівасцей”, паглыблення тыпізацыі характараў, больш тыповага ўзнаўлення з’яў рэчаіснасці ў сваіх творах развіваўся аўтар “Сцежак-дарожак” і “Вязьма”.

М. Гарэцкі, як ужо адзначадася, напісаў першую гісторыю “Маладняка”. Сваёй працай ён унёс значны ўклад у беларускую літаратурную крытыку. Кніжка “Маладняк за пяць гадоў” (1928) уздымала аўтарытэт гэтай арганізацыі, садзейнічала актывізацыі масавага літаратурнага руху другой паловы 20-х га- доў. Гарэцкі высока ацаніў ролю і значэнне “Маладняка”. “Можна смела сказаць, — пісаў ён, — што самыя шырокія беларускія масы першы раз пачулі тады сваё мастацкае слова з вуснаў маладнякоўцаў. У гэтым ёсць вялізная, яшчэ не ацэненая заслуга “Маладняка”.

Увогуле, на працягу ўсяго існавання “Маладняка” Гарэцкі дзейсна падтрымліваў гэтае літаратурнае аб’яднанне, сістэматычна выступаў з артыкуламі, прысвечанымі разгляду творчасці маладых паэтаў і празаікаў. «Гарэцкі, — успамінаў маладняковец Алесь Якімовіч, — бываў у нас частым госцем. Ён першы прызнаў маладнякоўцаў як значную з’яву ў новай беларускай савецкай літаратуры, адвёў ім належнае месца ў сваёй “Гісторыі” і напісаў спецыяльную кніжку да 5-й гадавіны “Маладняка”.

Расказваючы пра адзін з мнагалюдных літаратурных вечароў “Маладняка”, Гарэцкі зазначыў, што “Маладнякоўцы — новая і ўжо значная літаратурная беларуская сіла. Яны — у цэлым — ёсць тое маладое, здаровае, поўнае жыццяздольнасці зерне, з якога вырасце ў будучыні наша новая, праўдзівая пралетарска-сялянская літаратура. Спаміж іх ёсць і вельмі здольныя паэты (У. Дубоўка, М. Чарот, А. Вольны, А. Александровіч), і навелісты (М. Зарэцкі, Кузьма Чорны), і вельмі здольныя крытыкі (Бабарэка), публіцысты і наогул працаўнікі друку”.

Гарэцкі падкрэсліў “важную палітычную і культурную ролю” аб’яднання “ў жыцці беларускіх мас”, вялікую ролю ў справе ўмацавання “супрацоўніцтва з камсамолам і ўсёю пралетарскаю і сялянскаю моладдзю, пашырэння камуністычных ідэй праз друкаванае і вуснае слова”, ідэйна-выхаваўчай працы ў горадзе і ў вёсцы, у “накіраванні літаратуры на пралетарскі шлях” і г. д.

Аднак выяўленыя ў дзейнасці “Маладняка” “памысныя буйніцы” не перашкодзілі Гарэцкаму сказаць і пра “некаторыя благенькія драбніцы”, пра недахопы ў творчасці паасобных членаў арганізацыі і ўсяго аб’яднання.

Галоўныя з іх, паводле меркаванняў Гарэцкага, наступныя:
1) У “Маладняку” няма яшчэ цвёрдае і выразнае арганізацыйнае формы.
2) “Маладняк”, у асобе некаторых сяброў, не мае цвёрдае пралетарскае ідэалогіі, не пазбыўся дробна мяшчанскай, шкоднай сялянскай і нікчэмнай інтэлігенцкай псіхікі. Гэта адбіваецца часам на змесце, але найбольш на фармальна- мастацкіх асаблівасцях твораў, цесна звязаных, аднак, са зместам. Некаторыя маладнякоўцы пішуць не столькі для нас, колькі для “літаратурнасці”. У іх, у некаторых, лішне многа індывідуалізму, інтэлігендкага літаратурнага вырабляння, вузкага (у залежнасці ад псіхікі) падходу да тэм, асабліва ў лірычных вершах, і г. д.
3) “Маладняку” мала аддаецца належна-крытычнае ўвагі і з боку ідэалагічнага, і з боку фармальна-мастацкага, і ў яго самога мала самакрытыкі. I Бабарэка і Пушча ў сваёй крытыцы старога, патрэбнай і непатрэбнай, больш бываюць падобны да тых ваякаў, што сядзяць на кані тварам назад, конь шалёна імчыцца наперад, а яны з усяе моцы махаюць мечам... назад. Самавіта, але нікому не страшна. Старых трэба крытыкаваць, ідучы не ад вобраза, не ад фармальна-мастацкага боку (бо ў гэтым якраз “Маладняку” з імі яшчэ няма што й думаць раўнавацца), а разглядаючы іх з боку ідэалагічнага, наколькі яны “папутчыкі” і наколькі добрыя “папутчыкі”.

У нарысе пра “Маладняк” М. Гарэцкі канкрэтызаваў некаторыя з гэтых заўваг, зробленых у 1925 годзе. Час пацвердзіў справядлівасць яго меркаванняў: цяжкасці, што перажывала аб’яднанне, першы і другі расколы “Маладняка”, выхад вядучых пісьменнікаў, якія ўтварылі новае аб’яднанне “Узвышша”, а затым пераход яшчэ адной групы ў “Полымя” — усё гэта не было выпадковасцю. Адной з прычын глыбокага крызісу “Маладняка” аказаліся арганізацыйныя пралікі яго заснавальнікаў. Гаворка ідзе пра тое, што, абвясціўшы ў якасці асноўнага прынцып арганізацыі аб’яднання “паводле пралетарскай ідэалогіі”, кіраўнікі далі рэальныя правы толькі маладым. Старэйшыя пісьменнікі, якія хацелі ісці ў нагу з маладымі, былі фактычна пакінуты па-за арганізацыяй. Гэты пралік дорага каштаваў заснавальнікам “Маладняка”. Ён падзяліў пісьменнікаў паводле ўзросту: маладыя звысака глядзелі на старэйшых, лічачы іх прадстаўнікамі ўчарашняга дня літаратуры, а старэйшыя пазіралі на членаў “Маладняка” “як на пісьменнікаў, якія яшчэ не дараслі да нейкай вышэйшай пісьменніцкай катэгорыі”. “Маладняк” жа, лічыць Гарэцкі, павінен быў сабраць усіх, хто хоча пісаць па-новаму, сабраць “маладое не ў сэнсе маладога веку, а ў сэнсе навізны іхняга кірунку ў літаратуры”.

Як бачым, Гарэцкі выступаў рашучым прыхільнікам кансалідацыі ўсіх здаровых творчых сіл на прынцыповай аснове — на прынцыпах цвёрдай пралетарскай ідэалогіі. Яго крытычныя заўвагі адносна “інтэлігенцкага літаратурнага вырабляння”, празмернага індывідуалізму маладнякоўцаў, адсутнасці ў іх самакрытыкі былі слушнымі. Гэта — цвярозая, дзелавая крытыка, і яна адыграла станоўчую ролю ў развіцці маладнякоўскага руху. Каштоўнай была і засцярога Гарэцкага маладнякоўцам не перабольшваць сваіх заслуг ў галіне мастацкай формы: тут, падкрэсліваў ён, “Маладняку” са старэйшымі пісьменнікамі “яшчэ няма што й думаць раўнавацца”.

Аддаючы належнае вопыту тых, хто выйшаў з “Маладняка” і ўтварыў “Узвышша”, Гарэцкі таксама ўстрымліваўся ад празмернага захвальвання іх і супрацьпастаўлення маладым. Больш таго! Некаторыя палажэнні “Дэкларацыі” ўзвышаўцаў для Гарэцкага заставаліся непрымальнымі. У прыватнасці, ён лічыў няслушнымі вось такія выказванні: “Тварыце публіцыстыку, маладнякоўцы, калі няма здольнасці тварыць мастацтва. Магчыма, што публіцыстыка і заменіць мастацкія творы. У даным выпадку— мы вашымі падарожнікамі не будзем”.

Сапраўды! Няма ніякіх падстаў атаясамліваць усё, што было створана маладнякоўцамі да 1926 года ў жанры паэзіі, прозы, з публіцыстыкай. Неапраўдана і пагардлівае стаўленне ўзвышаўцаў да публіцыстыкі: у 20-я гады гэты жанр быў надзвычай папулярны, ён адыгрываў вялікую ідэйна-выхаваўчую ролю. Галоўная ж нязгода з аргументацыяй узвышаўцаў была, відаць, у тым, што дапамогу маладым з боку старэйшых Гарэцкі разглядаў як грамадзянскі абавязак сталага майстра.

Заслугоўвае самай пільнай увагі яшчэ адно меркаванне Гарэцкага. “Маладнякоўцы, што ўвайшлі ў “Полымя”, — пісаў ён, — безумоўна, лепш зрабілі б, каб утварылі сваё асобнае пралетарскае аб’яднанне або рэарганізавалі б “Маладняк” так, каб ім не было ўсім мулка. Бо выйшла тое, што яны не толькі абяскровілі на пэўны час “Маладняк”, але ў значнай меры вынялі душу і з саміх сябе”. I яшчэ. Былыя “ўтваральнікі, будаўнікі і правадыры “Маладняка” на парозе 1928 г. кінулі сваім маладзейшым сябрам даволі цяжкую спадчыну ў арганізацыйным і маральным сэнсе”.

Безумоўна, папрок у адрас Александровіча, Вольнага, Дудара, Зарэцкага, Чарота даволі сур’ёзны. Адмахнуцца ад яго, як ад неістотнага, нельга. Што ж меў на ўвазе Гарэцкі, кажучы пра “маральны сэнс”?

Гарэцкі лічыў, што выхад прыгаданых пісьменнікаў з аб’яднання ў 1927 годзе не меў пад сабой аб’ектыўнай, прынцыпова важнай прычыны. Ён быў падрыхтаваны хутчэй фактарамі асабістага характару, а гэта адмоўна адбілася не толькі на дзейнасці ўсяго згуртавання, але і непасрэдна на творчасці тых, хто пакінуў шэрагі арганізацыі. Такі ўчынак Гарэцкі маральна не апраўдваў, бо ў літаратурнай справе, лічыў ён, трэба кіравацца высакароднымі матывамі, мець на ўвазе перш за ўсё інтарэсы ўсёй літаратуры.

Здавалася б, у чыста арганізацыйным пытанні Гарэцкі ўбачыў істотны маральны аспект. I яго меркаванні маюць для нас вялікі павучальны сэнс: ён даў нам яшчэ адзін сур’ёзны ўрок — урок высокай грамадзянскасці пры вырашэнні пытанняў літаратурна-творчага жыцця.

У працэсе разгляду канкрэтных твораў Гарэцкі надаваў вялікае значэнне пашырэнню тэматычных межаў беларускай літаратуры. Часам можа нават скласціся ўражанне, што Гарэцкі тут нібыта ідзе ўслед за тымі крытыкамі, для каго навізна тэматыкі была адзіным і галоўным паказчыкам ідэйна-мастацкай вартасці твора, мерай сталасці светапогляду пісьменніка. Але гэта не так. Заклікаючы маладых пісьменнікаў хутчэй асвойваць новыя пласты жыцця, Гарэцкі меў на мэце ў першую чаргу абнаўленне змястоўнага і вобразна-стылёвага ладу літаратуры, бо лічыў, што адлюстраванне новых з’яў, новых абставін — гэта перш за ўсё адкрыццё новых герояў, якія не існуюць па-за абставінамі. Прынцыповы рэаліст, сацыяльны дэтэрмініст, Гарэцкі павінен быў надаваць новай тэматыцы вялікае значэнне, бо для яго літаратура — гэта новае слова пра жыццё, пра чалавека ў пэўных сацыяльных, грамадскіх, бытавых абставінах. Без новых абставін нельга пераканаўча паказаць новага чалавека: гэта будзе толькі сацыялагічная схема, адцягнены, дэкларацыйны носьбіт аўтарскай думкі. Вось чаму кожны пісьменнік, калі ён хоча сказаць сваё, адметнае слова пра новую рэчаіснасць, павінен не адвольна канструяваць новага героя, а шукаць тыповых герояў у новых, яшчэ эстэтычна не асвоеных сацыяльна-бытавых абставінах.

Такі ўнутраны, метадалагічны сэнс заклікаў М. Гарэцкага да асваення новай тэматыкі.

Ёсць свой унутраны падтэкст і ў той, здавалася б, празмернай увазе аўтара нарыса да біяграфічных звестак, да вызначэння канкрэтных бытавых абставін, у якіх быў напісаны той ці іншы твор. Увогуле, многія старонкі нарыса “Маладняк за пяць гадоў” нагадваюць своеасаблівы бібліяграфічны слоўнік: тут прыведзены звесткі пра час і месца нараджэння пісьменніка, пра яго сацыяльнае паходжанне, умовы выхавання, род заняткаў і г. д. Маюцца таксама вычарпальныя даныя пра мастацкія творы — дата іх напісання і першая публікацыя або першае асобнае выданне. Разглядаючы свой нарыс як дапаўненне да “Гісторыі”, Гарэцкі мовай біяграфічных звестак маўкліва палемізаваў з вульгарнымі сацыёлагамі, якія цалкам ігнаравалі фактары біяграфічнага характару, не цікавіліся творчай асобай. Тут М. Гарэцкі працягваў плённыя традыцыі сваіх папярэднікаў — Я. Ф. Карскага, М. Багдановіча.

Да спадчыны М. Гарэцкага, вучонага і літаратурнага крытыка, мы яшчэ не раз будзем звяртацца, шукаючы адказу на тыя пытанні, якія хвалююць сучасных даследчыкаў савецкай шматнацыянальнай літаратуры. У навуковых і літаратурна-крытычных працах Гарэцкага, як і ў яго мастацкіх творах, нам дарагія перш за ўсё дух глыбокай народнасці, арыентацыя на галоўныя праблемы жыцця, пасфас служэння мастака народу, вернасці Радзіме.