Язэп Янушкевіч

“Наш дарагі прыхільнік” М. Гарэцкі і аўтакефальная царква

Імя Тадэвуша Урублеўскага, віленскага адваката, прагрэсіўнага грамадскага дзеяча, добра вядома даследчыкам айчыннай літаратуры XIX — пачатку XX стагоддзя. Францішак Багушэвіч прысвяціў свайму знаёмцу і калегу з’едлівую эпіграму “Малімончык наш Тадэўка...” Як адвакат, пляменнік славутага генерала Парыжскай камуны Валерыя Урублеўскага прымаў удзел у судовай абароне Якуба Коласа і Цёткі. Тадэвуш Урублеўскі — адзін з заснавальнікаў-мецэнатаў акадэмічнай бібліятэкі ў Вільні. Да вайны яна так і называлася: “Бібліятэка Урублеўскіх”.

Менавіта ў яе сценах, дзе захоўваецца рукапіс “Віленскіх камунараў” ды іншыя аўтографы Максіма Гарэцкага, адшукаўся і ліст пісьменніка да Тадэвуша Урублеўскага. Паколькі ён не трапіў у апошні том “Твораў” (Мн., 1990), з каштоўным і нябедным — амаль на сотню карэспандэнцый — эпісталярным раздзелам, лічу вартым падаць яго цалкам.

22/ХІ 1921 “ІІІаноўны Пане,
Наш Дарагі Прыхільнік!

Надта ж Вам дзякую за прысланы матар’ял. Доўга (Даўно?) яго чакаў, толькі не важыўся яшчэ раз папрасіць... Было б для нас дужа пажаданым не паказываць, што гэта перэдрук, але добра й так, калі йначай не ўважаеце магчымым. А можа дазволіце не паказываць? Артыкул ідзе ў чародным нумары (№ 11), які ня выйшаў у панядзелак, а выйдзе ў чацьвер або ў пятніцу. Аб далейшых артыкулах — няма што й пытацца: мы будзем рады кожнаму Вашаму слову.

Адданы Вам

М. Гарэцкі”.

Пісьменнік дзякуе тагачаснаму юрысконсульту і рэдактару дэкрэтаў першых урадаў Летувы і Беларусі за дасланы матэрыял, мы ж падзякуем М. Гарэцкаму за акуратнасць. Пазначаная дакладная дата і змест карэспандэнцыі даюць магчымасць адносна лёгка высветліць: размова ідзе толькі пра публікацыю ў “Беларускіх ведамасцях”. Гэты “тыднёвы часопіс” стаў адзіным беларускамоўным віленскім выданнем увосень 1921 года. “Паданне” на дазвол выдаваць яго М. Гарэцкі склаў на імя “Яго Эксцэленцыі, Начальніка Сярэдняй Літвы” генерала Жалігоўскага 1 ліпеня 1921 года.

Першы нумар “Беларускіх ведамасцяў” віленчукі чыталі ўжо 14 верасня (1-га паводле старога стылю), у сераду. Наступныя нумары выходзілі па панядзелках. I толькі з адзінаццатым нумарам атрымаўся збой. Ён насампраўдзе выйшаў у пятніцу “25 лістапада (12 наябра) 1921 году”.

Аднак, пагартаўшы названы М. Гарэцкім нумар, не знайшоў публікацыі з жаданым подпісам “Тадэвуш Урублеўскі”. Яшчэ раз перачытаў удзячнае лісцянятка рэдактара-выдаўца “Беларускіх ведамасцяў”. Сумніву няма: размова можа ісці пра пошук артыкула толькі ў гэтым тыднёвіку.

Што ж, прыгледзімся да ,“Беларускіх ведамасцей” уважлівей. Балазе падшыўка газеты цалкам захавалася ў аддзеле рэдкіх кніг нашай акадэмічнай бібліятэкі. А кожны нумар складаюць усяго 4 старонкі. На першай паласе 11-га нумара — толькі адна падпісная карэспандэнцыя. Нехта Кастусёнак піша пра “Беларусаў у Латвіі”. На другой старонцы матэрыялы пераважна сялянскай тэматыкі, бягучыя, злабадзённыя: “Наша доля” — Антона Рубецкага; “Палітыка ў кааперацыі” —I. Мялешкі; “Дапамога беларускаму сялянству” — Я. Квяткоўскага. Яшчэ адзін матэрыял “Перад скліканнем Сойму” падпісаны крыптанімам “В”. Ён таксама “гарачы”, апавядае пра падзеі мінулага тыдня за 16—20 лістапада. Так што наўрад ці гэтую інфармацыю рэдактар чакаў “даўно”.

Што ж, прыгледзімся да ,“Беларускіх ведамасцей” уважлівей. Балазе падшыўка газеты цалкам захавалася ў аддзеле рэдкіх кніг нашай акадэмічнай бібліятэкі. А кожны нумар складаюць усяго 4 старонкі. На першай паласе 11-га нумара — толькі адна падпісная карэспандэнцыя. Нехта Кастусёнак піша пра “Беларусаў у Латвіі”. На другой старонцы матэрыялы пераважна сялянскай тэматыкі, бягучыя, злабадзённыя: “Наша доля” — Антона Рубецкага; “Палітыка ў кааперацыі” —I. Мялешкі; “Дапамога беларускаму сялянству” — Я. Квяткоўскага. Яшчэ адзін матэрыял “Перад скліканнем Сойму” падпісаны крыптанімам “В”. Ён таксама “гарачы”, апавядае пра падзеі мінулага тыдня за 16—20 лістапада. Так што наўрад ці гэтую інфармацыю рэдактар чакаў “даўно”.

I толькі на трэцяй старонцы сустракаю публікацыю, пра якую, хутчэй за ўсё, ідзе гаворка ў невядомым лісце М. Гарэцкага. Артыкул называецца “Аб аўтакефальнасьці Праваслаўнай Царквы”. Подпіс “Т. Вороніч”.

Чаму я запыніўся на публікацыі, зместам сваім далёкай ад прафесійнай дзейнасці Т. Урублеўскага? Толькі, ці амаль што толькі, па знешніх прыкметах. Паколькі М. Гарэцкі ані словам не згадащ ні тэму, ні змест доўгачаканага матэрыялу (адно зразумела, для рэдактара ён вельмі важны, прынцыповы). Яго відавочна турбавала іншае: “Было б для нас дужа пажаданым не паказываць, што гэта перэдрук”. Далікатная просьба зразумелая: “Беларускія ведамасці” — адзінае беларускамоўнае перыядычнае выданне, і рэдактар-выдавец не можа не дбаць пра ўзровень, прэстыж сваёй друкаванай трыбуны.

Дык вось, у 11-м нумары “Беларускіх ведамасцей” толькі артыкул “Аб аўтакефальнасьці Праваслаўнай Царквы” мае характэрны падзагаловак: “З журн. “Przegiod Wilenski”. Выходзіць, М. Гарэцкаму не ўдалося ўгаварыць Урублеўскага схаваць “плагіятарскі” напамінак. I яшчэ: подпіс нясе ў сабе пачатак сапраўднага імя віленскага адваката: Т(адэвуш).

Што хвалюе Т. Вороніча, а значыць, і рэдактара “Беларускіх ведамасцей”?

“Пасля ўтварэння на руінах б. Расейскай імперыі новых гаспадарстваў, жыхары якіх належаць, у большым ці меншыні ліку, да праваслаўнага веравызнання, пытанне аб арганізацыі Праваслаўнае Царквы ёсць незвычайна пільным і вымагаючым шыбкага развязання”, — пачынае аўтар свой досыць вялікі і грунтоўны нарыс. Прывяду з яго толькі найбольш важныя мясціны.

“Асабліва ж пільным ёсць гэтае пытанне для земляў беларускіх, жыхары якіх у значнай часціне праваслаўнага веравызнання.

Праваслаўная царква ўжо ў пачатку свайго існавання, з III века, пачынае дзяліцца на царкоўныя правінцыі, зусім адна ад адной незалежныя ў царкоўным устроі і кіраўніцтве. На чале гэтых правінцый стаялі звычайна епіскапы галоўных местаў (мітрапаліты), а пачынаючы з V века ў правінцыях болей значных — патрыярхі. Праваслаўная царква з гэтага якраз часу ўсцяж да нашых дзён была ў шчыльных суадносінах з гаспадарственным строем (...)

З ліку 14 існуючых цяпер аўтакефальных цэркваў шэсць знаходзяцца ў Турэцкіх землях і захавалі спрадвеку існуючыя патрыярхаты і епіскопіі. Усе іншыя ўтварыліся пераважна ў момант вызвалення ад турэцкай няволі. Так, Сербская царква аўтакефальная з часу цара Стафана Душана ў 1346 г., страціла сваю самастойнасць з упадкам незалежнасці Сербіі пасля бою на Косавым полі ў 1389 г. і вярнула яе сабе пасля вызвалення Сербіі, у 1883 г. Балгарская царква была аўтакефальнай з IX сталецця пры незалежных князях, пасля 1394 году далучана туркамі да Канстанцінопальскага патрыярхату, вярнула сабе права ў 1878 г. з моманту абвяшчэння самастойнага княства, таксама як і ў Грэцыі, пасля здабыцця ёю незалежнасці, стварылася ў 1828 г. аўтакефальная Эладская Царква(...)

Тое самае бачым у Літве і Літоўснай Русі. Ужо пачынаючы з XI веку Кіеўская мітраполія вызваляецца з-пад улады Канстанцінопальскага патрыярха; калі ж Кіеўская Русь падпала пад уладу В. Князёў Літоўскіх, а Кіеўскія мітрапаліты, пачынаючы з Максіма Грэка, пераехалі спачатку ў Валадзімір над Клязьмаю, а тады ў Маскву, прыйшла патрэба стварэння аўтакефальнай Літоўска-Руснай Царквы; урэшце ў 1412 г. літоўска-рускае духавенства на згуканым па загаду В. Кн. Вітаўта сабору ў Наваградку абрала мітрапалітам ігумена Грыгора Цамблака, пры жыцці маскоўскага Фоція; абраны быў кананічна рунапаложан, нягледзячы на супроцьдзеянне патрыярха. Пасля пераходу мітрапалітаў на унію, для астаўшых вернымі Праваслаўнай Царкве ўстаноўлена за каралём Уладзіславам IV у 1633 г. Магілёўская епіскопія, а пасля заняцця Літвы Расеяй скасавалася самастойнасць Літоўска-Руснай Царквы (...)”

Адзначыўшы вялізныя перамены, прынесеныя ў Еўропу першай сусветнай вайною, разбурэнне былых “жандарскіх” імперый, аўтар артыкула ставіць пытанне пра адбудову аўтакефальнай “Літоўска-Беларускай царквы”. Пры гэтым падводзіцца законны, юрыдычны грунт: “Кананісты праваслаўнае царквы прызнаюць чатыры ўмовы, патрэбныя для стварэння аўтакефальнай царквы: 1) воля жыхароў творанай аўтакёфальнай царквы; 2) згода ўрада той царквы, з якой выдзяляецца новая; 3) прызнанне новай царквы другімі аўтакефальнымі цэрквамі і 4) згода ўрада таго краю, у якім ствараецца новая царква”.

Зноў робячы працяглы экскурс у гістарычнае мінулае Балгарыі, Сербіі, Чэхіі, аўтар вяртаецца да беларускіх рэалій на пачатку 1920-х гадоў: “З той прычыны, што землі, на якіх жыве беларускі народ, уваходзяць, апроч Сярэдняе Літвы, у склад чатырох гаспадарстваў: Польшчы, Савецнай Беларусі і часткаю Літвы і Латвіі (ПЯТЫМ ГАСПАДАРСТВАМ ЁСЬЦЬ МАСКОЎШЧЫНА, ДА ЯКОЙ ДАЛУЧАНА АМАЛЬ НЕ ПАЛАВІНА ЭТНАГРАФІЧНАН БЕЛАРУСІ. — РЭД.), дык у цяперашні час трудна ажыццявіць стварэнне адзінай аўтакефальнай Беларускай Царквы. Дзеля гэтага выпадае, на згодзе з меснымі ўрадуючымі ўладамі і патрыярхам Маскоўскім, распачаць стварэнне месных незалежных цэркваў”. Па глыбокім перакананні Т. Вароніча, апошняе “не будзе супярэчыць нацыянальным імкненням беларусаў, бо калі спраўдзіцца іх заветная думка і прыдзе незалежная Беларусь, дык не будзе зусім перашкод злучэнню, па прыкладзе чатырох сербскіх цэркваў, усіх месных цэркваў у адзіную аўтакефальную Беларускую Царкву”.

Я злоўжыў пераказам артыкула няпэўнага аўтарства з мэтаю, каб чытачу стала больш зразумела рэдакцыйная заўвага, далучаная да публікацыі Т. Вароніча. Бо ў наступным Поўным зборы твораў М. Гарэцкага яна бясспрэчна будзе змешчана. Калі не ў асноўных тамах, дык у раздзеле “Dubia” — тэксты, якія прыпісваюцца пісьменніку. Вось яна.

“АД РЭДАКЦЫІ. Лічым патрэбным паказаць пры гэтым на поўную безасноўнасць закідаў, якія робяцца некаторымі польскімі газетамі праваслаўнаму духавенству, а за што: газеты гэтыя абураюцца, што для кіравання часцінаю менскай епархіі, далучанай да Польшчы, назначан духоўнаю ўладаю, якая знаходзіцца за межамі сучаснай Польшчы, епіскап Пантэлейман. Тым часам духоўная ўлада зрабіла зусім правільна: дзеля таго, што ўладыка Менскі Мельхіседэк перабывае за граніцаю Польшчы, дык у прыпадку неназначэння асобнага епіскапа, часціна епархіі засталася б без епіскапскага кіраўніцтва. Прыпомнім, што гэтак заўсёды было і ў каталіцкіх епархіях. Так, напрыклад, калі па Венскім трактаце часціна Кракаўскай епархіі адыйшла да Расеі, дын ёю кіравалі асобныя вікарныя біскупы ўсцяж да 1883 г., калі была створана асобная Келецкая епархія. Цяпер ізноў, калі часціна Сілезіі адыйшла да Польшчы, для кіраўніцтва гэтай часцінаю епархіі біскуп Браслаўскі (пры тым вораг Польшчы) назначыў асобнага вікарнага біскупа. Такім чынам, пратэсты супраць епіскапа Пантэлейманы безасноўныя, а таксама незаконна недапушчэнне загадваць парахвіямі назначаных гэтым епіскапам настаяцеляў.

Роўным чынам зусім незаконна вымаганне, каб метрычныя кнігі праваслаўных парафіяў пісаліся па-польску. Прыпомнім, што замена польскага і лацінскага тэкста каталіцкіх метрычных кніг правільна лічылася палякамі дзікім насільствам, а нядаўна інфулат кс. Міхалькевіч рашуча адкінуў вымаганне нямецкай улады, каб метрычныя кнігі пісаліся па-нямецку, і прадпісаў духавенству пісаць іх на рытуальнай лацінскай мове, за што і быў выслан з Вільні. Дык адзіна правільным было б вымаганне, каб запісы рабіліся ў праваслаўных беларускіх парафіях ці на прыроднай меснай мове г. зн. па-беларуску, ці на мове лі- тургічнай, значыцца, па царкоўна-славянску, — таксама як у беларускіх каталіцкіх парафіях — па-беларуску ці па-лацінску”.

“Мы будзем рады кожнаму Вашаму слову”, — заахвочваў рэдактар Гарэцкі віленскага адваката. Калі псеўданім Т. Вароніч насампраўдзе належыць Тадэвушу Урублеўскаму, ягонае далейшае супрацоўніцтва з нашым празаікам мела працяг. Праз тры тыдні “Беларускія ведамасці” (№ 14—15) падалі артыкул Т. Вароніча (ужо праз “а”) “Аб устроі Сербскай аўтакефальнай царквы ў Угоршчыне”. Магчыма, праз нейкі час віленскі беларускі штотыднёвік апублікаваў бы нейкі матэрыял Т. Урублеўскага пад ягоным сапраўдным прозвішчам. Аднак Гарэцкага напаткаў лёс згаданага ім ксяндза Міхалькевіча. Калі святара выслалі з Вільні за супрацьстаянне нямецкім уладам, дык рэдактар “Беларускіх ведамасцяў” быў “абвінавачаны “ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную уладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе”. Перш чым у ноч з 4 на 5 лютага 1922 года Гарэцкага “без суда, са здзекам” выкінуць з Вільні ў нейтральны прамежак — у Коўна, ён два тыдні пагрэе адзіночную камеру на Лукішках.

Відавочна адно. Сапраўдны талент заўсёды глядзіць у будучыню. Сёння яскрава бачна, наколькі пытанне незалежнасці беларускай царквы, узнятае “Беларускімі ведамасцямі”, было і застаецца надзённым.

Язэп ЯНУШКЕВІЧ.

Р. S. Калі ўжо матэрыял быў напісаны, высветлілася: паводле звестак, прыведзеных у выданні “Між Польшчай этнічнай і гістарычнай” (Вроцлаў і інш., 1988), падказаным мне А. Мальдзісам, псеўданім Т. Вароніч належаў Тадэвушу Урублеўокаму.

Я. Я.