Уладзімір Содаль

Адно імгненне і ўсё... жыццё

“Браты М. а Г. Гарэцкія” — так пазначылі сваё аўтарства Максім і Гаўрыла Гарэцкія на “Руска-беларускім слоўніку”, які быў выдадзены ў 1918 годзе ў Смаленску “к патрэбе і на добрае ўжыванне маладым і адраджоным братам, што па-маскоўску чытаць-пісаць умеюць, а па-беларуску вучыцца хочуць”.

Калі яшчэ быў жывы адзін з гэтых аўтараў — акадэмік Г. Гарэцкі, я пацікавіўся ў Гаўрылы Іванавіча, як слоўнічак рыхтаваўся, хто з братоў што рабіў. Атрымаў такі адказ: “Я дапамагаў брату. У абласным камітэце ў Смаленску, дзе я працаваў тады, была машынка, і я друкаваў, глядзеў карэктуру, мо і якое слова падказаў, а галоўнае — за мною заставалася тэхнічная праца. Слоўнік выпускалі ў той жа друкарні, у якой выходзіла і абласная газета. З надрукаваннем не было цяжкасці. Тады была такая пара: друкуй, калі ласка, што хочаш, колькі хочаш, толькі грошы давай. А вось іх якраз у нас не было. Пра гэта Максім і Жылуновіч не раз пісалі...” — “Ну, і дзе ж тых грошай расстараліся?” — “А зусім выпадкова. У Смаленску Максім неяк напаткаў свайго таварыша Старобінца. Разам у артылерыі служылі. Быў дэмабілізаваны. Максім расказаў Старобінцу пра свой клопат.

I гэты Старобінец дастае восемсот рублёў. Добра помню, колькі грошай было, — і дае Максіму. Вось так і вырашыўся лёс слоўніка. Больш таго Старобінца я не спатыкаў. Хто ён і адкуль не ведаю...”

Такая сціплая згадка пра гісторыю выдання “Руска-беларускага слоўніка” ў Смаленску ў 1918 годзе братамі Гарэцкімі. На гэтым можна было б кропку і паставіць.

Але, глядзіце — невядомы цяпер нам артылерыст Старобінец за адно імгненне вырашыў лёс слоўніка. За гэтае імгненне і сваё імя ўвекавечыў, след на зямлі пра сябе пакінуў. Мы не ведаем, колькі пражыў ён, чым займаўся далей, але з усяго жыцця толькі гэтае імя імгненне і застанецца ў гісторыі...

Ці не павучальны прыклад для нашых сённяшніх мецэнатаў, бізнесменаў, мільянераў?!

I яшчэ... Максім, далучаючы да працы над слоўнікам малодшага брата, рыхтаваў яго да свядомага жыцця на нацыянальнай ніве. I яму гэта, як вядома, удалося. Будучы акадэмікам, слынным геолагам, доктарам геолага-мінералагічных навук, Г. Гарэцкі ўсё жыццё цікавіўся і філалогіяй, і моваю, і нетрамі зямлі. I ў гэтым, бясспрэчна, ёсць след і Максімавай руплівасці.