Іван Шамякін
Анкета “ЛіМа”
На пытанні, што тычацца творчасці Максіма Гарэцкага, ужо адказалі многія з тых, да каго звярнулася рэдакцыя. У сённяшнім, юбілейным нумары — працяг анкеты.
1. Калі і пры якіх абставінах адбылося ваша знаёмства з прозай Гарэцкага?
2. Што ў яго асобе і творчасці падаецца вам вызначальным, сугучным сённяшняму дню, блізкім вам асабіста?
“Нікому не кажы, што чытаў...”
Я — студэнт трэцяга курса Гомельскага тэхнікума будаўнічых матэрыялаў. Штудзірую тэхнічныя дысцыпліны, хімій розных было штук пяць. Але глытком паветра, радасцю для мяне была беларуская мова. Яе выкладаў Міхал Міхалавіч Сасноўскі — высокі, сутулы, нязграбны, але вясёлы, дасведчаны чалавек. Мы любілі яго, асабліва я, і ён адчуваў гэта. У нас Сасноўскі падрабляў, асноўная яго праца— у педтэхнікуме. Шчыры беларус, ён рыхтаваў настаўнікаў, якія маглі б выкладаць па-беларуску. Метода яго — дыктанты і сачыненні. Натуральна, у яго не хапала часу і сілы праверыць усе сшыткі, і ён, напэўна, не ўпершыню практыкаваў такую дапамогу сабе — запрашаў лепшага студэнта для праверкі сачыненняў і дыктантаў. Выбраў мяне. I я кожную нядзелю хадзіў да Сасноўскага ў яго драўляны дом і правяраў сшыткі. Праца пакутная: памылак процьма, ад чырвонага алоўка гарэла ў вачах. За работу атрымоўваў я, галодны студэнт, смачны абед і пяцёрку. Але была яшчэ адна ўзнагарода, можа, самая каштоўная: Сасноўскі даваў мне чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў, часам такіх, пра якіх я да таго не чуў. Браць з сабой не дазваляў, чытаў я ў кароткіх перапынках паміж праверкемі дыктантаў і ў гадзінным пасляабедзенным адпачынку, калі гаспадар, выпіўшы чарку, тут жа ў сваім маленькім кабінеце засынаў на канапе і смачна хроп.
Цяпер разумею: гэта быў высокі давер —даць мне Максіма Гарэцкага зімой 1938-39 гадоў. Не чытаў я — глытаў з прагнасцю: як можна больш!
Сасноўскі папярэдзіў, хаваючы кнігу: “Нікому не кажы, што чытаў Гарэцкага”.
Гэта мяне скаланула; можа, і спалохала.
—А што, і ён — вораг народа?
—Браце ты мой, не ўсе ворагі, чые кнігі зніклі з бібліятэк. Людзі разбяруцца.
У наступную нядзелю я сам папрасіў пачытаць Гарэцкага. Сасноўскі прылажыў пальцы да вуснаў: маўчы! Але “кнігу даў, папярэдзіўшы:
—Каб жонка мая не ўбачыла, а то апынецца кніжка ў грубцы.
Жонка асцерагала свайго рызыкоўнага “нацдэма”.
У такіх умовах я ўпершыню пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім. Пасля ажно 15 гадоў не мог раздабыць ніводнай яго кнігі.
Канец 1953 года. Мы з Пятром Глебкам атрымалі кватэры ў адным доме, у адным пад’ездзе. Суседства добра зблізіла нас, пра што я пісаў ва ўспамінах пра Пятра Фёдаравча.
Я прыйшоў да яго, калі ён разбіраў сваю багатую бібліятэку, якая перажыла вайну. У кучы кніг я ўбачыў Максіма Гарэцкага, ажно тры зборнікі. I з дазволу Глебкі прачытаў іх з прагнасцю і ўвагай маладога пісьменніка, якому хацелася адкрыць усю беларускую літаратуру. Шчаслівыя сённяшнія маладыя, што маюць магчымасць усё адкрываць, усё чытаць без аглядкі!
Аб значэнні звароту Максіма Гарэцкага ў нашу класічную спадчыну хораша сказаў многа гадоў назад Алесь Адамовіч:
“Быццам вярнулася з далёкага небыцця ў сваю сістэму велізарная зорка і адразу пачала гравітацыйна ўплываць на ўсю сістэму і на кожную планету паасобку — і на тыя таксама, што з’явіліся, узнііклі за час, пакуль зорка адсутнічала”.
Што мне хочацца дадаць, адказваючы на пытанне? Я катэгарычна не прымаю агульнага адмаўлення, аплёўвання літаратуры савецкага часу, што спрабуюць рабіць некаторыя залішне заўзятыя звяртальнікі. Створана вялікая літаратура, якая складала і складае аснову нацыянальнай культуры. Без яе, без гэтай літаратуры, мы мусілі б пачынаць ледзьве не з нуля, з вытокаў, маючы глыбокі правал. Але прызнаем, што сацрэалізм многіх з нас рабіў рамантыкамі. Мы адступалі ад традыцый Купалы, Коласа, Гарэцкага, ад традыцый рускай класічнай літаратуры. А яны, гэтыя традыцыі, вымушаюць нас вярнуцца да суровага рэалізму, ды крытычнага рэалізму — да той высокай праўды аб жыцці народа, якая вызначальнай была ў творчасці нашых класікаў.