Алена Ярмоленка

Хранатоп i культурная памядь у творчасці Максіма Гарэцкага

Празаічныя творы Максіма Гарэцкага выступаюць паказальным прыкладам захавання і перадачы культурнай памяці з дапамогай мастацкай літаратуры. Яны не толькі захоўваюць канстантавую інфармацыю пра нацыянальную ідэнтычнасць беларускага народа, але і з’яўляюцца генератарам ідэй, уплываюць на развіццё грамадскай і філасофскай думкі. У артыкуле на матэрыяле аповесці “Ціхая плынь” даследуецца ўзаемасувязь катэгорый хранатопу і культурнай памяці. Прааналізаваны суб’ектыўны (біяграфічны), сацыяльны і міфалагічны час; канкрэтная і абстрактная (сімвалічная) прастора ва ўзаемасувязі з індывідуальнай і культурнай памяццю.

Даследаванне творчасці Максіма Гарэцкага дазваляе сцвярджаць, што роля прасторава-часавага кантынууму для разумення мастацкай задумы пісьменніка вялікая. Наратыўная прастора і час набываюць сімвалічнае значэнне ў сістэме твора, адлюстроўваюць ідэйна-эстэтычны накірунак прозы, вызначаюць форму і змест, жанр і стыль. Больш за тое, прастора і час у апавяданнях і аповесцях цесна звязаны з культурнай памяццю, вывучэнню якой прысвечаны шматлікія навуковыя працы XX - XXI стст.

Пачынальнікам навуковага даследавання феномена калектыўнай памяці лічыцца французскі сацыёлаг Марыс Хальбвакс, які сцвярджаў, што ўспаміны абумоўлены сацыяльнымі абставінамі. Памяць асэнсоўвалася ім не толькі як ментальная аперацыя, але і як залежная ад кантэксту сацыяльная з’ява, у якой культурны код (архетып, сімвал, метафара) адыгрываў фундаментальную ролю. Ідэі Хальбвакса знайшлі працяг у працах французскага гісторыка П’ера Нара, што звязваў культурную памяць з гістарычнымі помнікамі, месцамі памяці, якія не толькі захоўваюць гісторыю, але арганізуюць і актывізуюць чалавечую дзейнасць. На думку сучасных даследчыкаў (Я. Асман, В. Халізеў, А. Эрл і А. Нюнінг), культурная памяць уяўляе сабой кангламерат тэкстаў, малюнкаў, помнікаў абрадаў і звычаяў. Нягледзячы на высокую ступень стылізацыі і нарматыўнасці, яна шматслойная і неаднастайная, паколькі культура таксама характарызуецца цыркуляцыяй шматлікіх і часта дывергентных накірункаў мінулага. Культурная памяць, такім чынам, як і месцы, якія яе выклікаюць, - дынамічнае і пастаянна зменлівае сховішча фундаментальных каштоўнасцей грамадства.

Нямецкі даследчык Ян Асман распрацаваў канцэпцыю асэнсавання індывідуальнай, сацыяльнай і культурнай памяці, якая цесна звязана з катэгорыямі прасторы і часу і рэалізуецца ў фальклоры, міфалогіі, гісторыі, культуры і літаратуры народа.

Творчасць М. Гарэцкага асабліва прыдатная для вывучэння ўзаемасувязі прасторы і часу з культурнай памяццю, бо М. Гарэцкі, якога Э. Іофе характарызуе як унікальнага беларусазнаўцу, усё жыццё прысвяціў менавіта захаванню нацыянальнай адметнасці беларускага народа, культурнай памяці, звязанай з абрадамі і звычаямі продкаў. Паказальны прыклад перадачы культурнай памяці з дапамогай мастацкай літаратуры - празаічныя творы класіка. Яны не толькі захоўваюць канстантавую інфармацыю, але і з’яўляюцца генератарам ідэй, уплываюць на развіццё грамадскай і філасофскай думкі. Вызначальным топасам у творах М. Гарэцкага служыць вёска, у якой адлюстравана культурная памяць пакаленняў беларусаў. Невыпадкова дэталёваму апісанню вясковага жыцця прысвечаны шматлікія апавяданні (“Што яно?”, “Роднае карэнне”), аповесці (“Антон”, “У чым яго крыўда?”, “Меланхолія”, “Ціхая плынь”), раман-эпапея “Камароўская хроніка”.

Вёска захоўвае традыцыйную сялянскую культуру, “рытуалы памяці” і ў аповесці “Ціхая плынь” М. Гарэцкага. У артыкуле “Камунікатыўная і культурная памяць” Я. Асмана можна знайсці класіфікацыю відаў памяці.

Узровень Час Ідэнтычнасць Памяць
асабісты унутраны, суб'ектыўны унутранае"я" індывідуальная
сацыяльны сацыяльны час сацыяльнае "я" сацыяльныя ролі камунікатыўная
культурны гістарычны, міфічны, культурны час культурная ідэнтычнасць культурная

Максім Гарэцкі ў аповесді “Ціхая плынь” аналізуе ўсе віды памяці, разглядае суб’ектыўны і сацыяльны час, але асаблівую ўвагу аддае культурнаму ўзроўню, культурнай ідэнтычнасці, якая асэнсоўваецца аўтарам як нешта ў працэсе знікнення, страчанае. Невыпадкова першая частка аповесці носіць назву “Забыты шлях”. Прыведзеныя апісанні вёсак і ваколіц вёсак Асмолава і Лугвенева расказваюць пра заняпад і забыццё. Засохлая і зарослая рэчка, размыты, глухі і забыты шлях, закінутыя могілкі - усё сведчыць пра разбурэнне традыцыйнага ладу жыцця, страту культурнай памяці. Новае XX стагоддзе дыктуе свае правілы існавання: “Дзікай травою красуюць палеткі. Гніюць і правальваюцца стрэхі. Хлопцы едуць у шахты і на фабрыкі і наогул “у свет ”, але шлюць яны адтуль часцей лісты з уклонамі старому і малому, чымся пяць, тры, а то хоць бы адзін рубель. I штогоду наязджае валасное начальства спаганяць нядоімкі, наязджае з грудам асмолаўскіх махляроў рабіць продаж мужыцкай маёмасці з торгу. I смяюцца начальнікі і махляры: прадаваць бо нядужа чаго ёсць. А тыя асмолаўцы возяць а возяць князёў спірт, болей а болей нялюдзеюць і хаваюцца саміў сабе”.

Страта культурнай ідэнтычнасці вядзе да разбурэння асобы, якое адлюстравана ў першай частцы аповесці праз з’яўленне лжэпрарока, які разам з паслядоўнікамі забівае дзіця. Маральная дэградацыя закранае ўсіх жыхароў вёскі, але асабліва ўплывае на лёс галоўнага героя Хомкі. Безнадзейнасць горкага лёсу вызначана яму за грахі бацькі-п’яніцы. Замест шчасця і радасці Хомка спасцігае горкую прамудрасць жыцця сіраты пры жывых бацьках. Другая частка аповесці “Герой гісторыі” пачынаецца з характарыстыкі патрыярхальнага ладу вёскі, адвечнага колазвароту вясковага жыцця. Апісанне сонечнага, ціхага дня, шчаслівай дзіцячай пары супрацьпастаўлена адлюстраванню гаротнай долі забытага і закінутага дзіцяці, героя аповесці Хомкі. Гістарычны час, побытавыя ўмовы прадвызначаюць сацыяльную ролю галоўнага героя:“Гэтаўжо не плач - гэта песняроспачы... I наўчаюцца той песні ў забытым краі яшчэ пад сэрцам матак. Яна снуецца тут вякамі. Яе шумяць тут панскія дубровы, гудзяць пяскі ў мужыцкім полі, жабы кумкаюць вясну і лета ў выгарах-балотах. Яе тут шэпчуць гнілыя стрэхі вясковых хат, скуголяць свінні ўзімкуў дзіравым хлеве, рыкаюць вясною галодныя каровы. Яе крычыць тут кожны бацька, калі цягнецца з карчмы да хаты па калюгах ніколі непаладжанай дарогі, сярод абы-як абы толькі, абы з рук уробленых палёў”.

Некалькі пакаленняў п’яніц і самадураў налічвае род галоўнага героя аповесці “Ціхая плынь”. Па народных павер’ях, пракляцце ляжыць на сям’і Хомкі: “Наогул, у іхнім родзе ўсе нейкія дзівакі. У вялікай злосці яны могуць забіць свайго супарата”. Такім чынам, сацыяльныя і культурныя абставіны, адлюстраваныя М. Гарэцкім у частках аповесці “Горкая прамудрасць” і “Школа жыцця”, не пакідаюць выбару маладому хлопцу: школа становіцца для яго горкай прамудрасцю, яшчэ горшымі здаюцца яму “жыццёвыя ўніверсітэты”. Паколькі памяць аднавяскоўцаў захоўвае мадэль паводзін прадстаўнікоў Хомкавага роду, людзі чакаюць адпаведных паводзін і ад Хомкі, ім дакладна вядома, што ён павінен піць, красці і забіваць, як яго дзяды і прадзеды. Але галоўны герой - белая варона ў сям’і. Ён не п’е гарэлку і нават не выносіць гарэлачнага паху, вызначаецца працавітасцю, дабрынёй і спагадай. Яго ўнутранае “я”, чуллівая душа балюча перажывае несправядлівую наканаванасць лёсу. Прыгажосць унутранага свету героя супрацьпастаўлена жорсткаму прыгнёту сацыяльна-побытавых умоў. “Пракляцце роду” спасцігае яго. Выгнаны са школы, ён павінен разам з бацькам у зімовую сцюжу вазіць спірт у бочках, начаваць на пастаялым двары сярод чужых і варожых людзей. Унутраны канфлікт героя з рэчаіснасцю яшчэ больш абвастраецца несправядлівым абвінавачваннем у крадзяжы.

Ахвяра абставін, Хомка спрабуе змяніць лёс, ідзе працаваць на чужога гаспадара, зарабляць грошы. Але цяжкая доля батрака мала спрыяе развіццю асобы. У частках “Млявыя сненні” і “Кірмашовыя прыемнасці” М. Гарэцкі адлюстроўвае станаўленне асобы з багатым унутраным светам, паэтычнай душою, здольнай да спачування, спагады і ласкі. Толькі ў снах можа раскрыцца душа героя, які адчувае хараство прыроды, сэрцам адданы роднай зямлі і роднаму краю. У снах Хомкі адлюстраваны каляндар- на-абрадавы (міфічны) час: жніво, калядныя святкі, веснавая палявая праца, летнія святы. Спрадвечны лад жыцця, добрыя ўспаміны маленства даюць галоўнаму герою надзею на лепшую долю. Такім чынам, індывідуальная памяць праз абрады і звычаі ўзнаўляе культурную памяць, памяць продкаў, тыя традьшыйныя каштоўнасці (дом, сям’я, радзіма), што складаюць аснову жыцця чалавека. Дзякуючы культурнай памяці адбываецца самаідэнтыфікацыя галоўнага героя, ён пачынае ўсвеламляць, хто ён такі і чаго хоча ў жыцці. Мары і надзеі юнака зусім простыя: зарабіць на жыццё, знайсці добрую дзяўчыну. Здаецца, ім наканавана збыцца але і тут спрацоўвае “родавае пракляцце”: мала хто зверне ўвагу на батрака, сына п’яніцы.

Сімвалічнае і заканчэнне жыццёвага шляху галоўнага героя, адлюстраванае ў апошняй частцы аповесці “Парогі”. Звычайны лад сялянскага жыцця перапыняе вайна, у аповесці яна асэнсоўваецца як народная трагедыя, страшная і незразумелая. Тым больш незразумелая яна для Хомкі, якога забіраюць за два гады да прызначанага тэрміну з-за памылкі папа. Гаротны лёс вясковага хлапца яскрава выражаны ў радках народнай песні, якую прыводзіць М. Гарэцкі ў якасці эпіграфа да апошняй часткі: “Вазьмі, маці, пяску жменю, / Пасей, маці, на каменю: / Як прыжджэшся пяску ўсходу, - / Тады верне сын з паходу..”. Менавіта такім чынам у народнай памяці асэнсоўваецца вайна. Так перадае яе і М. Гарэцкі. Зноў індывідуальная памяць суадносіцца ў пісьменніка з культурнай памяццю продкаў. Перад смерцю Хомка бачыць сон-успамін пра тое, як яго бацькі рэжуць авечку, якая аказваецца акотнай. Сімвалічнае параўнанне загінулых салдат і зарэзаных ягнят указвае на біблейскі архетып нявіннай ахвяры, што павінна быць прынесена за людскія грахі, такая ахвяра - галоўны герой аповесці Хомка.

Максім Гарэцкі - пісьменнік, творчасць якога цесна звязана з культурнай і індывідуальнай памяццю. Характарыстыка і раскрыццё мастацкага вобраза ў аповесці “Ціхая плынь” адбываецца праз успаміны і сны, гісторыю роду, хрысціянскую і язычніцкую міфалогію і фальклор. Для адлюстравання станаўлення і развіцця асобы галоўнага героя аўтар выкарыстоўвае ўсе віды памяці, вызначаныя Я. Асманам: індывідуальную (асабістыя ўспаміны і сны), камунікатыўную (грамадская думка) і культурную (традыцыйныя абрады і звычаі). Важнае значэнне надае М. Гарэцкі “месцам памяці” (тэрмін П. Нара). У аповесці “Ціхая плынь” гэта вёска, сялянская хата, могілкі.

Такім чынам, у аповесці М. Гарэцкі фіксуе ўвагу на такіх прасторавых паняццях, як вёска (Асмолава як сімвал беларускай вёскі), сялянская хата і могілкі. Вызначальныя для М. Гарэцкага, як і для Я. Купалы і Я. Коласа, архетыпы дома і зямлі, сакральныя месцы, якія сімвалізуюць род і Радзіму. Прастора ў аповесці “Ціхая плынь” складаецца са статычных шматузроўневых сімвалічных кампанентаў: дом - вёска - зям- ля - Радзіма, могілкі - смерць. Прастора падзяляецца на канкрэтную (абжытую) і абстрактную (сімвалічную). Дакладна можна вызначыць бінарную апазіцыю, ужытую аўтарам: свой - чужы свет.

У “Ціхай плыні” дзве канцэпцыі часу - цыклічная і лінейная. Лінейны (біяграфічны) і цыклічны (міфалагічны) час звязаны паміж сабой, з’яўляюцца ўмоўнымі (могуць сціскацца і расцягвацца). Вельмі важны для асэнсавання творчасці М. Гарэцкага - унутраны, суб’ектыўны час, які дапамагае аўтару раскрыць эвалюцыю свядомасці галоўнага героя.

Такім чынам, мастацкі хранатоп аповесці “Ціхая плынь” цесна звязаны з праблемай культурнай памяці як галоўнага фундаментальнага элемента нацыянальнай ідэнтычнасці. Істотным фактарам фарміравання духоўнага свету героя выступае традыцыйны сялянскі лад жыцця, падпарадкаваны каляндарна-абрадавай арганізацыі часу. Сімвалам жыцця і перадачы ведаў наступным пакаленням служыць вёска. Трансфармацыя вёскі ў М. Гарэцкага вядзе да трансфармацыі грамадства, страты духоўных арыенціраў, маральнай дэградацыі.

Актуалізацыя культурнай памяці, у тым ліку і ў аповесці “Ціхая плынь” Максіма Гарэцкага, - надзённая і вострая праблема сучаснага літаратуразнаўства, звязаная з філасофска-эстэтычнымі пошукамі прадстаўнікоў розных галін навукі XX - XXI стст. Цалкам заканамерна, што гэтая праблема патрабуе грунтоўнага вывучэння на матэрыяле творчасці класікаў беларускай літаратуры.