В.М. Губская

Поліфанічная прырода рамана М. Гарэцкага
“Віленскія камунары” (1931–1932)

У гэтым артыкуле даследуецца апавядальная структура рамана М. Гарэцкага “Віленскія камунары” (1931–1932). Выказваецца меркаванне пра наяўнасць двайной падзейнасці ў творы – падзеі, якую перажыў сам аўтар, і той, якую стварыў непасрэдна ў рамане. Аналізуецца пазіцыя аўтара, раскрываецца змест вобраза галоўнага героя Мацея Мышкі, вызначаецца наяўнасць “дзвюх свядомасцей” у рамане – “свядомасці героя” і “свядомасці аўтара”, што дазваляе больш глыбока адчуць не толькі галоўную ідэю твора, але і гістарычны кантэкст. У артыкуле падкрэсліваецца ўніверсальнасць стылю М. Гарэцкага. Наяўнасць гэтых асаблівасцей паэтыкі прыводзіць да меркавання аб поліфанічнай прыродзе рамана “Віленскія камунары”. Гэты артыкул сцвярджае аргументаваную неабходнасць адысці ад традыцыйнага погляду на раман як гістарычны раман-хроніку і абгрунтаваць новую пазіцыю: раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” – поліфанічны раман.

Творчасць М. Гарэцкага даследавалася такімі навукоўцамі, як А. Адамовіч, Д. Бугаëў, М. Мушынскі, І. Чыгрын, Л. Корань, Т. Голуб і інш., у матэрыялах Гарэцкіх чытанняў. Увага надавалася аглядаваму аналізу творчасці пісьменніка, разглядалася ідэйная эвалюцыя яго творчасці, высвятлялася жанравая спецыфіка яго твораў, рабіліся спробы раскрыць цэнзурныя купюры, якія ў дастатковай ступені замаруджвалі імкненне даследчыкаў стварыць навуковую карціну ідэйна-мастацкага зместу творчасці пісьменніка.

Нягледзячы на тое, што вывучэннем літаратурнай спадчыны М. Гарэцкага ў апошні час займаюцца даволі актыўна (былі абаронены дысертацыі па тэмах “Лексікаграфічная спадчына М. Гарэцкага: моўна-гістарычны кантэкст, фарміраванне лексікону, нармалізатарская практыка” І. Савіцкай (2002), “Гутарковая камунікацыя ў мастацкай прозе М. Гарэцкага: спосабы стылізацыі” Л. Кныш (2006), “Тыпалогія нацыянальнага характару ў творчасці Кнута Гамсуна і Максіма Гарэцкага” В.Уткевіч (2006), “Ідэйна-мастацкая эвалюцыя творчасці М. Гарэцкага” Г. Кажамякіным (2007), “Мастацкае ўвасабленне нацыянальнага характару ў драматургіі Максіма Гарэцкага” А.Шышко (2009), існуе шэраг праблем, якія патрабуюць высвятлення.

Так, раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” і па сëняшні дзень застаецца адным з самых маладаследаваных у творчай спадчыне пісьменніка. Існуюць розначытанні пры вызначэнні жанравай спецыфікі рамана.

Мэта дадзенага артыкула – аналіз наратыўнай структуры рамана “Віленскія камунары”. Задачы – аргументавана адысці ад традыцыйнага погляду як на гістарычны раман-хроніку і абгрунтаваць новую пазіцыю: раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” – поліфанічны раман.

Матэрыял і метады. У рабоце, дзе аб’ектам даследавання выступае апавядальная структура рамана М. Гарэцкага “Віленскія камунары”, выкарыстаны канкрэтна-аналітычны і параўнальна-супастаўляльны метады.

Вынікі і іx абмеркаванне. Праблема, пастаўленая ў артыкуле, вызначаецца сваëй актуальнасцю: апавядальная структура класічнай прозы М. Гарэцкага разглядаецца ў ім як пазнака яскравага індывідуальнага стылю.

Выказваецца меркаванне аб наяўнасці двайной падзейнасці ў творы, якая, у сваю чаргу, прыводзіць да праблемы “ўласнага аўтарства”. Аналізуецца пазіцыя аўтара, раскрываецца змест вобраза галоўнага героя рамана Мацея Мышкі, што дазваляе вызначыць наяўнасць “двух свядомасцей” у рамане – “свядомасці героя” і “свядомасці аўтара”, убачыць рысы хранікальнага, апісальнага, авантурна-прыгодніцкага, і разам з тым рэалістычнага пісьма ў тэксце М. Гарэцкага. Наяўнасць гэтых асаблівасцей паэтыкі прыводзіць да думкі пра поліфанічную прыроду рамана “Віленскія камунары”.

Выказваецца меркаванне, што раман “Віленскія камунары” – першы поліфанічны раман класічнай беларускай літаратуры. Паняцце поліфаніі выкарыстоўваецца як тэрмін. Тэрміналагічнае значэнне паняццю надаў М. Бахцін у працах, прысвечаных творчасці Ф. Дастаеўскага.

Аднак задачай было не дастасаваць бахцінскую тэрміналогію да творчасці М. Гарэцкага, а, адштурхнуўшыся ад бахцінскага прачытання тэкстаў Ф. Дастаеўскага, падкрэсліць спецыфіку поліфанічнага гучання ў рамане М. Гарэцкага, дзе кругагляд і голас аўтара падаюцца не толькі сінхронна, але і відавочна ў звязцы з кругаглядам і голасам персанажа (галоўнага героя “Віленскіх камунараў” Мацея Мышкі). Пры гэтым асноўны акцэнт зроблены на разуменні таго, што аўтар і чытач знаходзяцца ў розных часе і прасторы ў дачыненні да твора.

Аналітычны разгляд тэксту (што традыцыйна вызначаўся як гісторыка-рэвалюцыйны) з новага пункту гледжання, з улікам наратыўнай ускладненасці, дазволіў абгрунтаваць, сцвердзіць іншае, сучаснае вызначэнне жанру “Віленскіх камунараў” – гэта не толькі гістарычны раман-хроніка, але і поліфанічны раман, бо ў ім назіраюцца рысы хранікальнага, апісальнага, авантурна-прыгодніцкага і разам з тым рэалістычнага пісьма.

Апавядальная (наратыўная) структура рамана М. Гарэцкага “Віленскія камунары” (1931–1932) вызначана “двайной падзейнасцю”. Сярод дастатковай колькасці трактовак гэтага паняцця выдзяляецца думка М. Бахціна: “Перад намі дзве падзеі: падзея, пра якую апавядаецца ў творы, і падзея самога аповеду (у гэтым апошнім мы і самі ўдзельнічаем як слухачы-чытачы); падзеі гэтыя адбываюцца ў розныя часы (розныя і па працягласці) і ў розных месцах, і ў той жа час яны непарыўна аб’яднаны ў адзінай, але складанай падзеі, якую мы можам пазначыць як твор у яго падзейнай паўнаце. <…> Мы ўспрымаем гэтую паўнату ў яе цэласнасці і непадзельнасці, але адначасова разумеем і ўсю розніцу момантаў, якія яе складаюць”.

Пытанне “двайной падзейнасці” ў мастацкім творы выцякае з праблемы, якую М. Бахцін вызначае як праблему “асабістага аўтарства”. На яго думку, “пазіцыя аўтара рамана ў дачыненні да адлюстраванай рэчаіснасці вельмі складаная і праблематычная ў параўнанні з эпасам, з драмаю, з лірыкай. Агульная праблема “асабістага аўтарства” тут ускладняецца неабходнасцю мець нейкую істотную нявыдуманую маску, якая вызначае як пазіцыю аўтара (як і адкуль ён – прыватны чалавек – бачыць і раскрывае гэта прыватнае жыццё), так і яго пазіцыю ў дачыненні да чытачоў, да публікі (у якасці каго ён выступае з “выкрыццём” жыцця – у якасці суддзі, следчага, “сакратара-пратакаліста”, палітыка, прапаведніка, блазна і г.д)”.

Усведамленне прысутнасці гэтай праблемы (праблемы асабістага аўтарства) ў рамане “Віленскія камунары” дазваляе выказаць меркаванне, што вобраз Мацея Мышкі – гэта і ёсць тая “істотная, нявыдуманая” маска, якая дазваляе зразумець, адкуль сам пісьменнік “бачыць і раскрывае гэта прыватнае жыццё”. А бачыць ён яго з самай глыбі народа, з таго асяроддзя, якое было блізкім і зразумелым яму, як сялянскаму сыну, хто, як і ўсе абяздоленыя, верыў абяцанням пра знішчэнне несправядлівасці жыцця.

Іншая справа, якую пазіцыю як аўтар-творца ён прымае ў дачыненні да чытача, якой мэты жадае дасягнуць. Тут трэба нагадаць, што ад рэвалюцыі 1917 года да напісання рамана “Віленскія камунары” (1931–1932) прайшло 15 год. За гэты час пісьменнік меў магчымасць пераасэнсаваць гэту значную гістарычную падзею, супаставіць спадзяванні з вынікамі, абяцанні з рэальна дасягнутым, а, самае галоўнае, спазнаць усё гэта праз уласны лёс, што быў не надта літасцівы да М. Гарэцкага (за 15 год пісьменнік быў двойчы арыштаваны: першы раз белапалякамі за пракамуністычную дзейнасць, другі раз камуністамі па падазрэнні ў антысавецкай дзейнасці). Такая школа жыцця ўнесла сур’ёзныя карэктывы ў разуменне М. Гарэцкім сутнасці рэвалюцыйных падзей. Дзеля таго, каб паказаць сапраўдную рэвалюцыю, а не глянцавае яе апісанне, аўтару-творцу і спатрэбіўся вобраз Мацея Мышкі, чалавека, які прадстае перад чытачом часам дзіваком, часам прайдзісветам, а часам нават і героем. Гэта ўдалая знаходка пісьменніка-прафесіянала, бо, па словах М. Бахціна, “раманіст мае патрэбу ў нейкай істотнай фармальна-жанравай масцы, якая вызначыла б як яго пазіцыю, так і пазіцыю для апублікавання жыцця. І вось тут маскі блазна і дурня, канечне, розным чынам трансфармаваныя, і прыходзяць раманістам на дапамогу... Вельмі важны момант пры гэтым – непрамое, пераноснае значэнне вобраза чалавека, суцэльная іншасказальнасць яго”.

Безумоўна, мы не можам лічыць Мышку ні цалкам блазнам, ні дурнем, але пэўная шматграннасць вобраза (бо на самой справе дзеянням Мышкі складана даць адназначную ацэнку) даводзіць чытача да разумення, што пісьменнік уступае з ім у пэўнае сумоўе, стварае нейкую сваю “падзею”, якая ў дастатковай ступені адрозніваецца ад хрэстаматыйнага апісання рэвалюцыі гісторыкамі. Уменне ўбачыць наяўнасць гэтай другой “падзеі”, усведамленне “непрамога” значэння вобраза галоўнага героя, разуменне таго, што аўтар і чытач знаходзяцца ў розных часе і прасторы ў дачыненні да твора, і з’яўляецца ключом да правільнага разумення стылю М. Гарэцкага ў “Віленскіх камунарах”.

Праз рух герояў, які часам нагадвае броўнаўскі (можа таму і “мышкавы”), можна ўбачыць праўдзівую гістарычную панараму – што хутчэй за ўсё і было задачай аўтара. А навошта ж уведзены ў твор дзівакі Мышкі, апрыёры актыўныя барацьбіты, калі можна было б ужо ў апрацаванай аўтарам творчай манеры дакументальнага аповеду перадаць змест падзей і пазбегнуць такім чынам розначытання і цэнзарскіх заўваг? Час змяняўся, цэнзура ўзмацнялася, і сам М. Гарэцкі захацеў памяняць стыль дакументальнага аповеду, характэрнага, напрыклад, для “Камароўскай хронікі”.

У рамане “Віленскія камунары” ўзнікае шматузроўневасць тэксту, так званая “двайная падзейнасць”, дзе паралельна з гісторыяй самога рамана, падтэкстава, завуалявана, паказваецца гісторыя сапраўдная. Такім чынам мы можам сачыць за дзвюма падзеямі: падзеямі рамана і падзеямі-фактамі гісторыі. Менавіта такое супастаўленне і выводзіць нас да разумення аўтарскай канцэпцыі.

Маўленне героя выглядае маналагічным толькі фармальна. Чытач увесь час адчувае аўтарскую пазіцыю, чуе інтанацыю самога Максіма Гарэцкага, які “даручае” персанажу расказаць пра перажытае і асэнсаванае ім самім. Пісьменнік фактычна стварае дзве рэальнасці. Першая – пастка для шараговага чытача, другая – тое балючае, нацыянальна-адраджэнцкае, на чым хацеў акцэнтаваць увагу М. Гарэцкі.

Для прыкладу возьмем эпізод, у якім пошукі нечага новага ў жыцці (а трэба адзначыць, што Мацей Мышка – асоба схільная да самааналізу, чые душэўныя пошукі накіраваны на дасягненне душэўнага камфорту) прыводзяць нашага героя ў Вільню ў Беларускі клуб на Віленскай вуліцы, 29. Канцэрты, спевы, танцы, буфет, маладыя дзяўчаты, зварот на “ты” нават да незнаёмых (так было заведзена на беларускі лад) – усё гэта вельмі падабалася Мацею. І быццам стала нечакана камфортна, але не дазваляе М. Гарэцкі так проста ўладкавацца ў жыцці свайму герою. Палітычная атмасфера падпільноўвала героя нават у буфеце: «Не разумеў я тады, што гэткім спосабам уцягвалі беларускія нацыяналісты ў свае сеці «массу» (вылучана мною. – В.Г.). І спадабаў хадзіць туды – от, каб пагуляць… Правадыроў жа беларускага нацыяналізму: братоў Луцкевічаў, прафесара Іваноўскага і іншых мы там і ў вочы не бачылі. З вядомых людзей давялося мне там бачыць адзін раз Янку Купалу. Ён сарамліва і ціхавата, грудным голасам, прачытаў нам некалькі сваіх вершаў. Здаецца, паскакаў і полечку з нейкаю дзяўчынаю. Выпіў шкляначку гарбаты ў буфеце і ціхенька пайшоў з клуба”. Такім чынам у рамане ўзнікае тэма беларускага Адраджэння. Мышка агучвае антыбеларускія штампы; М. Гарэцкі ж іранізуе з яго, бо за голасам героя чуецца голас аўтара, чыя свядома-адраджэнцкая, адрозная ад Мышкавай, светапоглядная пазіцыя добра вядомая чытачу. А ў выніку пісьменнік паказвае і рэальную гісторыю, і яе ўспрыняцце шараговым чалавекам.

Прага да пошукаў сябе ў жыцці прывяла Мацея да паэзіі. Ён нават напісаў адзін вершык “пад Купалу”, паслаў у “Нашу ніву” і атрымаў у адказ прапанову звярнуцца да прозы. Пачаў апісваць сваѐ жыцце – і тут нічога не атрымалася: “Зрабілася сорамна, – падраў, пашматаў, у печ укінуў, юшку адчыніў і сярнічкаю падпаліў. Ляці, маё горкае жыццё, дымам!”. Так, ствараючы для свайго героя чарговую камічную сітуацыю, М. Гарэцкі адлюстоўвае хрэстаматыйны нашаніўскі перыяд беларускага Адраджэння.

Голас аўтара, удала прыхаваны пад маскай героя рамана, чуецца не толькі ў дачыненні да нацыянальнага пытання. Герой М. Гарэцкага трапляе і ў новае інфармацыйнае поле, у новыя для яго абставіны, назва каторым – вайна. Але ж вайна свядома падаецца ў творы неяк тэатральна, бы дэкарацыя для наступнага акту сцэны, героем якой з’яўляецца Мацей. Тут ізноў моцна выяўляецца “двайная падзейнасць”: вайна – безумоўная трагедыя для аўтара, для чытача. Але герой, які знаходзіцца нібы “ўнутры” гістарычнай сітуацыі, не адразу разумее яе маштабы і тым больш сутнасць. Перад непасрэдным апісаннем ваеннай Вільні для паўнаты ўспрыняцця Гарэцкі вуснамі Мышкі знаёміць нас з даваенным горадам: “Перад імперыялістычнай вайною Вільня, гэты старынны, вялікі і прыгожы горад, эканамічны цэнтр цэлага краю і культурны пуп усяе Літвы і Беларусі, была, аднак жа звычайным “губеранскім горадам” царскае Расіі. Шкарлятына, дыфтэрыт, брушны тыфус і нават малярыя не выводзіліся ў Вільні ніколі… Таму што ў яе светлых крыніцах была зараза, на яе вялікіх пляцах кучамі валялася смяццё, у цёмных закутках яе прыгожых садоў звінелі камары, як на балоце, а яе старынныя падворкі і кватэры ў спрадвечных мурах былі самыя брудныя і самыя вільготныя ва ўсім свеце… Калі прыйшла вайна, у горадзе спачатку як быццам нічога не змянілася, толькі што вакзал, вуліцы і ўсюдых усё было забіта салдатамі. Таксама, як і раней, людзі пілі, елі, спалі, жралі, а хто мусіў хадзіць на работу – хадзіў на работу. І кахаліся, і жаніліся, і дзяцей зачыналі…”. Ведаючы пра непасрэдны ўдзел пісьменніка ў ваенных дзеяннях, можна з упэўненасцю сказаць, што такі спосаб перадачы інфармацыі цалкам наўмысны і адпавядае развіццю аўтарскай задумы як з кампазіцыйнага боку, так і з эмацыянальнага: наш герой працягвае для сябе падарожжа, а аўтар – іранічнае апавяданне-назіранне, камічная інтанацыя якога спалучана з трагізмам.

Пры гэтым мы павінны адзначыць, што М. Гарэцкі вонкава не ўмешваецца ў станаўленне Мацея Мышкі як асобы, у фарміраванне яго светапогляднай пазіцыі. Герой ідзе па жыцці сваім шляхам, пераскоквае з месца на месца, назірае і робіць заўвагі – ён самастойны і непасрэдны.

Пры гэтым чытача больш цікавіць не тое, дзе ён апынецца ў наступны раз, а як ён успрыме наступную з’яву жыцця – і ў гэтым заслуга М. Гарэцкага (вылучана мною. – В.Г.). У такой падачы героя М. Гарэцкі наблізіўся да Ф. Дастаеўскага, у якога “рэчаіснасць становіцца элементам яго (героя) (заўв. – В.Г.) самасвядомасці”.

Такім чынам, навідавоку арыгінальная поліфанічнасць рамана, якая не наўпрост, але па сутнасці стасуецца з адпаведным тэрмінам М. Бахціна. Як вядома, М. Бахцін, вывучаючы паэтыку Ф. Дастаеўскага, меў на ўвазе наступнае: “Мноства самастойных і нязлітых галасоў, на самой справе з’яўляюцца асноўнай асаблівасцю раманаў Дастаеўскага. <...> Менавіта мноства раўнапраўных свядомасцей з іх светам зліваюцца тут, захоўваючы сваю нязлітасць, у адзінстве пэўнага быцця” (курсіў Бахціна. – В.Г.).

М. Бахцін меў на ўвазе, што Ф. Дастаеўскі адлюстроўваў не толькі лёс героя, а найбольш свядомасць і ўнутраны свет. Героі Ф. Дастаеўскага “не толькі аб’екты аўтарскага слова, але і суб’екты ўласнага непасрэдна значнага слова. Слова героя, таму, зусім не вычэрпваецца тут звычайнымі характарыстычнымі і сюжэтна-прагматычнымі функцыямі, але і не служыць выражэннем уласнай ідэалагічнай пазіцыі (як у Байрана, напрыклад). Свядомасць героя дадзена як іншая, чужая свядомасць, але ў той жа момант, яна не апрадмечваецца, не закрываецца, не становіцца звычайным аб’ектам аўтарскага доследу... Слова героя пра сябе самога і пра свет паўназначна адпаведна аўтарскаму; яно не падпарадкавана аб’ектыўнаму вобразу героя, як адна з яго характарыстык, але і не служыць рупарам аўтарскага голаса. Яму належыць выключная самастойнасць ў структуры твора, яно гучыць быццам бы побач з аўтарскім словам і асаблівым чынам зліваецца з паўназначнымі ж галасамі іншых героеў” (вылучана мною. – В.Г.).

Безумоўна, мы не будзем сцвярджаць, што поліфанія «дастаеўскага» кшталту мае месца ў рамане М. Гарэцкага “Віленскія камунары”, але пэўныя перазовы, сугучча творчай манеры навідавоку.

Нягледзячы на тое, што і аўтар, і галоўны герой рамана Мацей Мышка мелі непасрэднае дачыненне да падзей рэвалюцыі, мы ніяк не можам сцвярджаць, што Мышка – гэта літаратурны вобраз пісьменніка і рэалізатар яго светапогляднай пазіцыі ў творы. Мышка жыве сваім, часам нават не зразумелым чытачу, жыццём; пісьменнік дазваляе герою дзейнічаць самастойна, памыляцца, весці сабе з нейкага пункту гледжання непрыстойна, і пры гэтым ніяк не каментуе ўчынкі героя. Толькі ў атмасферы рамана мы можам адчуць іронію – гэта адзіны адбітак аўтарскіх эмоцый, які адкрыты чытачу. Вось гэта іронія, якая быццам бы суправаджае нас на працягу рамана, і ёсць след другой свядомасці аўтара, і трэба адзначыць, што гэтыя дзве свядомасці аўтаномныя, яны не перасякаюцца. Такая наватарская для беларускай прозы 30-х гг. апавядальная манера – вялікая знаходка беларускага класіка.

Калі задацца пытаннем аб мэце аўтара пры выкарыстанні падобнага падыходу, можна прыйсці да наступнага тлумачэння: Мышка – асоба, якая знаходзілася ў эпіцэнтры нацыянальных і рэвалюцыйных падзей, чалавек, які не пераасэнсоўвае, а дзейнічае ў экстрэмальных абставінах (яму няма часу думаць, што добра, а што дрэнна, што карэктна, а што не, бо для яго стаіць адна задача – выжыць). Ён апавядае нам, як усё адбывалася, з пазіцыі звычайнага бедняка, які некалі «паехаў у пралетарыі»; голас М. Гарэцкага ж (яго свядомасць) прыводзіць нас да разумення таго, якім коштам здабывалася пралетарыямі доўгачаканая свабода і роўнасць. З улікам набытага жыццёвага і гістарычнага вопыту пісьменнік быццам бы ўступае ў сумоўе з чытачом і гаворыць: паглядзіце, а яны ж, гэтыя маладыя і шчырыя рэвалюцыянеры, не ведалі, што рабілася ў кулуарах вялікай палітыкі. Можна сказаць, што голас М. Гарэцкага – гэта голас недалёкай паслярэвалюцыйнай гісторыі, голас Мышкі – голас рэчаіснасці таго часу, голас з масы маладых і даверлівых пралетарыяў.

“Сама эпоха зрабіла магчымым поліфанічны раман (вылучана мною. – В.Г.). Ф. Дастаеўскі быў суб’ектыўна далучаны да гэтай супярэчлівай шматпланнасці свайго часу, ён мяняў станы, пераходзіў з аднаго ў другі, і ў гэтых адносінах суіснуючыя ў аб’ектыўным сацыяльным жыцці планы былі для яго этапамі яго жыццёвага шляху і яго духоўнага станаўлення”, – такую думку выказаў М. Бахцін у дачыненні да Ф. Дастаеўскага. Вылучаную фразу можна з упэўненасцю аднесці і да аўтара выбітнага ў беларускай літаратуры поліфанічнага рамана “Віленскія камунары”. Само жыццё ўнесла карэктывы ў развіццё рамана як жанра ў беларускай літаратуры: у краіне сталася сітуацыя, пры якой чалавек страціў магчымасць адкрыта выказваць свае думкі, запатрабаваннем зрабілася двупланавасць існавання, двух-сэнсоўнасць выказвання, неабходнасць чытаць паміж радкоў. Усё гэта вяло пісьменніка да стварэння падобнай стылістыкі – так успрыняцце праз “дзве душы” перарасло ў “поліфанічную карціну быцця”. М. Гарэцкі паспрабаваў супаставіць два станы, дзве свядомасці – свядомасць «чалавека непасрэдна з гушчы рэвалюцыйных падзей” Мацея Мышкі і “аналітыка” аўтара – менавіта вынікі такога ўзаемадзеяння і ёсць асноўная структурная каштоўнасць рамана. Прычыну такога “дзялення свядомасцей” трэба шукаць у ідэйна-мастацкіх пошуках, ва ўнутраных супярэчнасцях свядомасці М. Гарэцкага, якія, бясспрэчна, узнікалі на працягу жыцця пісьменніка.

У дачыненні да творчасці Ф. Дастаеўскага М. Бахцін пісаў наступнае: “Можна адкрыта сказаць, што з кожнай супярэчнасці ўнутры аднаго чалавека Дастаеўскі імкнецца зрабіць двух людзей, каб драматызаваць гэту супярэчнасць, разгарнуць яе экстэнсіўна”. Пэўную “супярэчнасць” М. Гарэцкі адчуваў у сабе: з аднаго боку ён, сялянскі сын, шчыра вітаў надыход рэвалюцыі: «Няхай жыве камуністычная Беларусь!» (1918); з другога боку, вельмі хутка расчараваўся ў ідэях «інтэрнацыянала», затым канца 1920–1930-х гадоў. Таму і абсалютна натуральным з’ўляецца ўзнікненне двух свядомасцей, якія, нарадзіўшыся з адной (свядомасці самога пісьменніка), выносяць напаверх супярэчнасць ва ўспрыняцці рэвалюцыі, “драматы-зуюць” яе, “экстэнсіўна разгортваюць”. Паралельнае існаванне гэтых дзвюх свядомасцей, адлюстраваных як свядомасць Мышкі і свядомасць пісьменніка, і надаюць раману М. Гарэцкага “Віленскія камунары” поліфанічнае гучанне, што вызначае герою ў рамане пэўнае месца.

М. Бахцін у разважаннях пра месца героя ў рамане Ф. Дастаеўскага адзначаў: “Побач з самасвядомасцю героя, які ўвабраў у сябе ўвесь прадметны свет, у той жа плоскасці можа быць толькі другая свядомасць, побач з яго кругаглядам – другі кругагляд, побач з яго пунктам гледжання на свет – другі пункт гледжання на свет. Усе-паглынаючай свядомасці героя аўтар можа супаставіць толькі адзін аб’ектыўны свет – свет другіх раўнапраўных з ім свядомасцей” Так М. Гарэцкі побач са свядомасцю Мышкі ставіць сваю, і ўся розніца паміж імі, якую толькі можа заўважыць чытач, і ёсць тая праўда, якую нельга было пакласці на паперу з прычыны жорсткасці цэнзуры 1930-х гадоў.

М. Гарэцкі пастаянна падкрэслівае сувязь Мацея Мышкі з гістарычным кантэкстам, накіроўваючы чытача да разважання не столькі над пытаннем: хто ёсць Мацей Мышка, колькі над тым, як Мацей Мышка ўсведамляе сябе ў кантэксце такіх падзей? Такім чынам пісьменнік імкнецца давесці чытача да разумення драматызму і трагізму, звязаных з рэвалюцыяй, дае магчымасць сучасніку ўявіць сябе на месцы новаспечанага пралетарыя і паразважаць над яго ўчынкамі ў канкрэтна-гістарычным кантэксце.

Гарэцкі стварае такую літаратурную прастору, якая дае нам магчымасць быць удзельнікамі складанай літаратурнай падзеі пад назвай “твор”, прыводзіць да разумення таго, што неабходна схіліцца да аналізу не толькі падзей унутры сюжэта, але і вынесці гэтыя падзеі з-за межаў твора, каб увесці ў гістарычны кантэкст.

Спрыяе такой “двайной падзейнасці” незвычайны, сінкрэтычны, “рухомы” жанр рамана “Віленскія камунары”, у якім спалучаюцца рысы пісьма паслядоўна-хранікальнага, апісальнага, своеасаблівай сямейнай сагі, а таксама авантурна-прыгодніцкага, і разам з тым рэалістычнага, з тыповымі вобразамі і сітуацыямі, з сацыяльнай дэтэрмінаванасцю і гістарызам. Наяўнасць гэтых асаблівасцяў разам з новым для беларускай літаратуры існаваннем у мастацкім творы двух “свядомасцяў”, двух “галасоў” і ёсць тая стылёвая поліфанія, якая робіць раман М. Гарэцкага “Віленскія камунары” ўнікальным.

Заключэнне. М. Гарэцкі стварае такую літаратурную прастору, якая дае нам магчымасць не толькі быць удзельнікамі складанай літаратурнай падзеі пад назвай “твор”, але і прыводзіць да разумення таго, што неабходна схіліцца да аналізу падзей унутры сюжэта, вынесці гэтыя падзеі з-за межаў твора, каб увесці ў гістарычны кантэкст.

Вынікі працы могуць быць выкарыстаны пры далейшым даследаванні творчасці М. Гарэцкага, улічаны пры напісанні вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пры вывучэнні гісторыі беларускай культуры.