Алена Ярмоленка
Максім Гарэцкі ў інтэрнэт-прасторы
Развіццё сучасных тэхналогій стварае ўнікальныя магчымасці для ўдасканалення асобы, павышэння маральнага і інтэлектуальнага ўзроўню чалавека, адкрывае новыя перспектывы для навуковага і культурнага жыцця грамадства. Інфармацыйныя рэсурсы інтэрнэту, на думку сучасных даследчыкаў, уяўляюць з сябе сацыяльную прастору, якую характарызуюць наступныя працэсы: “Адбываецца ўзаемадзеянне індывідаў і груп карыстальнікаў; арганізуюцца сацыяльныя сістэмы, сеткі, супольнасці; ажыццяўляецца інтэракцыя ў працэсе камунікацыі; адбываюцца працэсы інстытуалізацыі сацыяльнага ўзаемадзеяння, групавой дынамікі, каштоўнасна-нарматыўнага рэгулявання ролевых паводзін асобы”.
Такім чынам, удасканаленне сучаснага грамадства, фарміраванне свядомасці і самасвядомасці чалавека, асабліва маладога, актуалізацыя фундаментальных каштоўнасцей і захаванне культурнай памяці залежаць у вялікай ступені ад сферы інтэрнэт-камунікацыі. Беларускія даследчыкі прыводзяць наступныя звесткі: “Па дадзеных сацыяльнага апытання, 83% (!) беларусаў звяртаюцца да інтэрнэту практычна штодзённа. У гэтым сапраўдная ілюстрацыя сучаснага моўнага функцыянавання. А вось і структура кантэнту (цяжка ўявіць, што інтэрнэт не будзе рэагаваць на аб’ектыўныя запатрабаванні): беларусаў цікавяць звесткі адносна вучобы і працы (64%), па даведкі звяртаецца 48%, бавяць час - 41,5%, даведваюцца аб навінах - 34%”.
На жаль, перспектывы, якія адкрывае інтэрнэт у інфармацыйным грамадстве, недастаткова поўна асэнсаваны сучасным беларускім літаратуразнаўствам. Што датычыцца сучаснага гарэцказнаўства, то трэба адзначыць, што асоба і творчасць класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага заслугоўваюць больш грунтоўнага прадстаўніцтва ў віртуальнай прасторы. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, які па маштабе дзейнасці можа параўноўвацца з найлепшымі прадстаўнікамі сусветнай літаратуры, служыць выдатным каштоўнасным арыенцірам для школьнікаў і студэнтаў - актыўных карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Такім чынам, кантэнт, прысвечаны М. Гарэцкаму ў сусветным павуцінні, патрабуе напаўнення фундаментальнымі даследаваннямі, што ўжо існуюць у гарэцказнаўстве, абагульнення і сістэматызацыі інтэрнэт-крыніц.
Асноўнай праблемай, якая датычыцца не толькі інфармацыі пра асобу М. Гарэцкага, але і ўсіх дадзеных інтэрнэту, з’яўляецца пошук аб’ектыўнай, дакладнай і праверанай інфармацыі. У наш час адзначаецца павелічэнне колькасці адзінак інфармацыі, але не колькасці ведаў, адбываецца дубляванне кантэнту. У такой сітуацыі дасведчаны літаратуразнаўца, выкладчык, настаўнік можа прааналізаваць і вылучыць неабходныя звесткі, у аснове якіх ляжыць спасылка на навуковыя даследаванні ў галіне гарэцказнаўства. Недасведчаны карыстальнік інтэрнэт-рэсурсаў можа проста разгубіцца ў аб’ёме прапанаванай інфармацыі пра жыццё і творчасць М. Гарэцкага. Праведзены аналіз беларуска-, руска- і англамоўных інтэрнэт-рэсурсаў з дапамогай пошукавых сістэм Гугл і Яндэкс паказвае, што асноўную частку звестак складаюць:
1. Вікі-рэсурсы - рэсурсы калектыўнага стварэння гіпертэкстаў
( https://be.wikipedia.org/wiki/ Максім_Іванавіч_Гарэцкі
https://ru.wikipedia.org/wiki/Горецкий,_Максим_Иванович
https://en.wikipedia.org/wiki/ Maksim_Haretski)
2. Банкі рэфератаў - рэсурсы, якія прапануюць рэфераты, курсавыя, дыпломныя, кантрольныя работы, даклады, шпаргалкі і кароткі змест твораў М. Гарэцкага.
Калі прааналізаваць інфармацыю, змешчаную ў папулярнай беларускамоўнай інтэрнэт-энцылапедыі, то можна знайсці даволі падрабязную біяграфію М. Гарэцкага са спасылкамі на першакрыніцы, якая падзелена на раздзелы: раннія гады, служба ў войску, віленскі перыяд, менскі перыяд, горацкі перыяд, рэпрэсіі. Прыводзяцца некаторыя звесткі пра творчасць пісьменніка, пералічваюцца творы, кнігі, архіў; расказваецца пра ўшанаванне памяці; прадстаўлены спіс асноўных даследаванняў, у тым ліку дысертацый, прысвечаных творчасці класіка. Рускамоўны варыянт Вікіпедыі амаль супадае з беларускамоўным, а англамоўны варыянт змяшчае толькі кароткую біяграфічную даведку. Усе варыянты тэкстаў калектыўнай энцыклапедыі ўтрымліваюць гіперспасылкі, што дапамагаюць карыстальніку пазнаёміцца з гістарычнымі звесткамі і некаторымі творамі пісьменніка. Змест артыкулаў інтэрнэт-энцыклапедыі, які дублюецца шматлікімі іншымі сайтамі, дастатковы для першапачатковага азнаямлення з асобай і творамі класіка беларускай літаратуры, але патрабуе рэдагавання і папаўнення актульнай інфармацыяй.
Калі прааналізаваць інфармацыю, змешчаную ў папулярнай беларускамоўнай інтэрнэт-энцылапедыі, то можна знайсці даволі падрабязную біяграфію М. Гарэцкага са спасылкамі на першакрыніцы, якая падзелена на раздзелы: раннія гады, служба ў войску, віленскі перыяд, менскі перыяд, горацкі перыяд, рэпрэсіі. Прыводзяцца некаторыя звесткі пра творчасць пісьменніка, пералічваюцца творы, кнігі, архіў; расказваецца пра ўшанаванне памяці; прадстаўлены спіс асноўных даследаванняў, у тым ліку дысертацый, прысвечаных творчасці класіка. Рускамоўны варыянт Вікіпедыі амаль супадае з беларускамоўным, а англамоўны варыянт змяшчае толькі кароткую біяграфічную даведку. Усе варыянты тэкстаў калектыўнай энцыклапедыі ўтрымліваюць гіперспасылкі, што дапамагаюць карыстальніку пазнаёміцца з гістарычнымі звесткамі і некаторымі творамі пісьменніка. Змест артыкулаў інтэрнэт-энцыклапедыі, які дублюецца шматлікімі іншымі сайтамі, дастатковы для першапачатковага азнаямлення з асобай і творамі класіка беларускай літаратуры, але патрабуе рэдагавання і папаўнення актульнай інфармацыяй.
Неабходна згадаць, што разам з адзначанымі растыражаванымі праектамі, якія, выкарыстоўваючы імя пісьменніка, так ці інакш садзейнічаюць папулярызацыі яго творчасці, інтэрнэт прапануе і іншыя, сапраўды карысныя сайты, якія дапамогуць у вывучэнні беларускай гісторыі і літаратуры ўвогуле, біяграфіі і творчасці М. Гарэцкага ў прыватнасці:
1. Сайты з творамі М. Гарэцкага
(http://knihi.com/Maksim_Harecki);
2. Сайты бібліятэк
(
http://lib-gorki.mogilev.by/index.php/maksim-garetski,
http://lib-osipovichi.mogilev.by/bagac_talentu.html);
3. Сайты часопісаў
(
http://rod-slova.by/chasopis/numary,
http://zviazda.by/be/news/20170719/1500482948-dzyakuyuchy-zvyazdze-maksim-garecki-paznayomiusya-sa-svayoy-buduchay);
4. Сайты ўстаноў адукацыі
(http://school20/goroo-orsha.by/index.php).
Большасць вядомых твораў М. Гарэцкага можна знайсці на сайце “Беларуская палічка” - у электроннай бібліятэцы, заснаванай у 1996 г. Старонка, прысвечаная творчасці пісьменніка, мае зручную навігацыю, дзякуючы ёй можна адразу ўбачыць прапанаваныя творы, пераклады тэкстаў класіка і літаратуразнаўчыя артыкулы. У рубрыцы “Аповесці” прадстаўлены аповесці “Дзве душы”, “Роднае карэнне”, “У чым яго крыўда?” і апавяданне “Літоўскі хутарок”. Рубрыка “Апавяданні” змяшчае апавяданні: “Вясна”, “Дзёгаць”, “Досвіткі”, “Рускі”, “Фантазія”. Пад рубрыкай “Мемуары” знаходзяцца “Успаміны пра Івана Луцкевіча” рубрыка “Раман” прапануе аповесць “На імперыялістычнай вайне”, рубрыка “Творы ў перакладзе на нямецкую” змяшчае пераклад апавядання “Дзёгаць” на нямецкую мову, а рубрыка “Пра аўтара і ягоную творчасць” - артыкулы “Гамбургскі рахунак Бахарэвіча” А. Бахарэвіча і “Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы” А. Ліса і Я. Саламевіча.
Калі адбор вядомых твораў класіка беларускай літаратуры не можа не зацікавіць нават непадрыхтаванага карыстальніка інтэрнэту, то жанравае вызначэнне, якое не супадае з прынятым у сучасным гарэцказнаўстве, можа збянтэжыць чытача, тым больш што, напрыклад, апавяданне “Літоўскі хутарок” уваходзіць у школьную праграму. Тым не менш аўтары сайта даюць выдатную магчымасць для самастойнага вывучэння гісторыі напісання, жанравых асаблівасцей і зместу твораў М. Гарэцкага, прапануючы збор твораў пісьменніка ў чатырох тамах і дадатковы том, які выйшаў асобна пад назвай “Творы”. Названыя кнігі ўжо сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, некаторыя тамы выданняў цяжка знайсці ў бібліятэках, таму такі кантэнт - адзін з нешматлікіх варыянтаў азнаямлення з творчасцю М. Гарэцкага, а таксама з працай гарэцказнаўцаў, якія скрупулёзна сістэматызавалі і рыхтавалі тэксты пісьменніка, пісалі каментарыі і крытычныя артыкулы.
Асэнсаванню жыццёвага і творчага шляху М. Гарэцкага можа дапамагчы і кніга А. Ліса і Я. Саламевіча “Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы”, змешчаная на сайце “Беларуская палічка”. Зборнік аб’ядноўвае ўспаміны родных і блізкіх пісьменніка, дакументы, біяграфічныя матэрыялы, лісты і літаратурна-крытычныя артыкулы Максіма Гарэцкага і будзе карысным як для даследчыка творчасці класіка, так і для любога зацікаўленага чытача. Такім чынам, разгляданы сайт, нягледзячы на неабходнасць рэдагавання і папаўнення сучаснымі выданнямі і даследаваннямі, з’яўляецца адной з нешматлікіх крыніц распаўсюджання і папулярызацыі твораў Максіма Гарэцкага ў інтэрнэце, дае магчымасць прааналізаваць і ацаніць асобу і творчасць класіка беларускай літаратуры.
Цівыя віртуальныя выставы прапануюць сайты бібліятэк, напрыклад ДУК “Горацкая раённая бібліятэчная сетка”. На старонцы: “Жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага” можна пазнаёміцца з цікавай інфармацыяй з жыцця пісьменніка, а таксама, выкарыстоўваючы зручную навігацыю, з’алічбаванымі дадзенымі, сабраны, супрацоўнікамі бібліятэкі: біяграфічнымі звесткамі, фотаздымкамі, кнігамі з фонду бібліятэкі, бібліяграфіяй, поўнымі тэкстамі артыкулаў пра пісьменніка, успамінамі і вершамі, прысвечанымі класіку. Добра, што старонка пастаянна абнаўляецца і папаўняецца, змяшчае актуальную інфармацыю, патрэбную не толькі тым, хто займаецца вывучэннем творчасці пісьменніка, але і ўсім зацікаўленым гісторыяй і культурай Беларусі, Магілёўшчыны ў прыватнасці.
Асіповіцкая бібліятэчная сетка прапануе віртульную выставу: “Багацце таленту: штрыхі да партрэта Максіма Гарэцкага”, якая складаецца з выказванняў М. Гарэцкага і даследчыкаў яго творчасці, “запавету” пісьменніка нашчадкам, звестак з біяграфіі і бібліяграфіі яго твораў. Прыцягнуць увагу карыстальніка дапамагаюць партрэты пісьменніка, фатаграфіі музея і маркі, фотаздымкі вокладак кніг вядомых літаратуразнаўцаў і твораў класіка з невялікімі анатацыямі.
Нельга не адзначыць часопіс “Роднае слова”, што аддае шмат увагі захаванню памяці пра М. Гарэцкага, рэгулярна публікуе актуальныя артыкулы, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменніка, якія потым можна адшукаць у віртуальнай рубрыцы “Архіў нумароў” афіцыйнага сайта (http://rod-slova.by/chasopis/numary), а таксама знайсці спасылкі на публікацыі ў інтэрнэце і атрымаць неабходную інфармацыю.
З дапамогай пошуку на сайце выдавецкага дома “Звязда” можна вылучыць апошнія навіны, звязаныя з іменем класіка беларускай літаратуры, пазнаёміцца з цікавымі фактамі з жыцця М. Гарэцкага, напрыклад, як, дзякуючы “Звяздзе”, ён пазнаёміўся з будучай жонкай (http://zviazda.by/be/news/20170719/1500482948-dzyakuyuchy-zvyazdze-maksim-garecki-paznayomiusya-sa-svayoy-buduchay), новымі выданнямі твораў пісьменніка: “Максім Гарэцкі. Творы”, якія выйшлі ў 2016 г. у выдавецтве “Мастацкая літаратура” (http://zviazda.by/be/news/20160811/1470875701-yago-skarby-yago-fantazii), і інш.
Адзін са спосабаў прыцягнення ўвагі маладога пакалення да асобы М. Гарэцкага - размяшчэнне звестак на сайтах устаноў адукацыі. Напрыклад, сайт сярэдняй школы № 20 г. Оршы прапануе даступную і карысную для школьнікаў інфармацыю пра жыццё і дзейнасць пісьменніка і грамадскага дзеяча ( http://school20.goroo-orsha.by/index.php).
Такім чынам, аналіз інфармацыйных рэсурсаў інтэрнэт-прасторы дазваляе зрабіць выснову пра зацікаўленасць грамадства ў асэнсаванні ролі і месца класіка беларускай літаратуры ў сусветным гістарычным працэсе. Даследаванню творчасці пісьменніка, распаўсюджанню і папулярызацыі звестак пра яго жыццё і дзейнасць будзе спрыяць стварэнне сайта Максіма Гарэцкага, які дапаможа сістэматызаваць і своечасова абнаўляць неабходную інфармацыю, а таксама захаваць і перадаць гістарычную і культурную памяць даступнымі і папулярнымі сродкамі камунікацыі.