Анжэла Мельнікава

Нацыянальны характар праз прызму твораў Максіма Гарэцкага

Максім Гарэцкі (18 лютага 1893 г., в. Малая Багацькаўка, Амсціслаўскі павет, Магілёўская губерня - 10 лютага 1938 г., Вязьма) - адзін з самых значных, глыбокіх нашых пісьменнікаў, творы якога адпавядаюць найлепшым узорам еўрапейскай літаратуры. Сёння даследчыкі ставяць яго побач з Руноскэ Акутагавам і Альберам Камю. М. Гарэцкі - прыклад сумленнасці, прыстойнасці, годнасці, словы «Ахвярую сваім “Я” ў імя святога ўсім нам Адраджэння» ён пацвердзіў уласным жыццём, Беларусь была альфай і амегай яго творчасці.

Пісьменніка справядліва называюць тытанам нацыянальнага адраджэння. Акрамя мастацкай творчасці М. Гарэцкі шмат зрабіў у навуцы, публіцыстыцы, грамадскім жыцці, арганізацыі навукі ў Беларусі. У многім ён быў першым. М. Гарэцкі-аўтар “Гісторыі беларускае літаратуры” (Вільня, 1920), першай навуковай манаграфіі па беларускай літаратуры і першага падручніка па беларускай літаратуры, па якім выкладалі як у Савецкай, так і ў Заходняй Беларусі. Ён аўтар “Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век - 1905 год” (Вільня, 1922), першага слоўніка літаратуразнаўчых тэрмінаў “Назваслоўе”, укладальнік “Руска-беларускага слоўніка” (з Г. Гарэцкім, Смаленск, 1918, 2-е выд., Вільня, 1920), “Невялічкага беларуска-маскоўскага слоўніка” (Вільня, 1919, 2-е выд., 1921), “Практычнага расійска-беларускага слоўніка” (з М. Байковым, 1924, 2-е выд., 1926), “Беларуска-расійскага слоўнічка. Белорусско-российского словарика” (Мінск, 1925). М. Гарэцкі запісаў ад маці, а пасля выдаў зборнік “Народныя песні: з мелодыямі” (мелодыі запісалі А. Ягораў і М. Аладаў, 1928).

У навукова-публіцыстычных работах М. Гарэцкага пададзена праграма дзейнасці па стварэнні нацыянальнага мастацтва. Даследчык робіць акцэнт на неабходнасці стварэння ўзораў высокага мастацтва, якое, на яго думку, выступае моцным аргументам на карысць культурнай самастойнасці.

Намаганні М. Гарэцкага былі таксама накіраваны на ўмацаванне суверэнітэту беларускай літаратуры. Рэалізацыяй гэтай праграмы якраз і выступаюць фундаментальныя работы “Гісторыя беларускае літаратуры”, “Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век - 1905 год”.

Людміла Корань слушна заўважыла: “Сапраўды, дамінанта ў творчасці М. Іарэцкага выявілася дастаткова рана і пэўна. Максім Гарэцкі перадусім стаў выразнікам і творцам беларускага духу, беларускага менталітэту як аднаго з феноменаў агульначалавечай культуры”.

У творах М. Гарэцкага шырока і ўсёахопна адлюстравана нацыянальнае жыццё беларусаў, пададзены абагульнены вобраз беларускага народа. Пісьменнік выяўляе як сацыяльна-гістарычныя аспекты нацыянальнага быцця, так і духоўны склад нацыі ў цэлым, нацыянальныя этычныя ідэалы.

Мастацкі свет М. Гарэцкага нясе ў сабе магутны нацыянальна-культурны пласт: гэта і спрадвечная беларуская семантыка-сімвалічная першааснова яго твораў, выяўленне глыбінных першавобразаў-архетыпаў, ментальна-псіхалагічных комплексаў, асэнсаванне сутнасна-анталагічных асноў беларускай нацыі. В. Каваленка пісаў, што адной з вызначальных інтэнцый М. Гарэцкага быў пошук “занядбаных феноменаў нацыянальнага духоўнага жыцця”.

Максім Гарэцкі імкнуўся спасцігнуць і выявіць той глыбокі духоўны патэнцыял, што маюць беларусы: драматызаваная аповесць “Антон”, апавяданні “Што яно”, “Роднае карэнне”, аповесць “Дзве душы”, п’еса “Жартаўлівы Пісарэвіч” і інш. Героя М. Гарэцкага цікавіць пытанне “Што за народ наш, беларусы?”. Свой народ М. Гарэцкі называў філосафам і лірнікам, убачыўшы ў схільнасці беларусаў да “патаемнага”, здольнасці бачыць рэчаіснасць, насычаную дзівосамі, сведчанне духоўнасці, паэтычнасці народа: “А народ мой - народ-паэт, народ-лірнік, народ, каторы ў гістарычным жыцці сваім заўсёды больш схіляўся к патрэбам душы, чымся к патрэбам цела. <...> Дзеля цела ў жыцці ён дабіваўся хлеба штодзённага, а дзеля душы ён шукаў і шукаў без канца і стварыў цікавейшую гісторыю, багатую не заваяваннямі другіх народаў, а заваяваннямі духа, заваяваннямі ў вывучэнні самога сябе..”.

Пра адкрытасць беларуса і Захаду, і Усходу, пра “дзве душы” беларуса, здольнасць зразумець памкненні і рускага, і паляка піша М. Гарэцкі (“Дзве душы”, “Антон”): “...чаму мне саўсім па духу і зразумела як месіянства польскага народа, так і кіраванне да бога і чуда народа рускага па Дастаеўскаму, і гэтыя стараверы, і сектанты, духаборы і далей, і далей”, “ці гэта дзве душы ўва мне - усходняя і заходняя?”. В. Каваленка падкрэслівае: “Калі для еўрапейскіх мадэрністаў дваістасць была найперш катэгорыяй мастацка-эстэтычнай, то для Я. Купалы і М. Гарэцкага яна набыла сапраўды светапоглядна-філасофскі статус, бо з’яўляецца арганічнай сутнасцю беларуса”.

Героі пісьменніка - носьбіты нацыянальнай псіхалогіі і свядомасці, увасабляюць пэўныя рысы нацыянальнага характару. М. Гарэцкі імкнецца даследаваць тое іманентнае, што ўласціва беларусам.

Са старонак аповесці “Камароўская хроніка” паўстае гісторыя моцнага сялянскага роду Задумаў (Батураў), якія жывуць у адпаведнасці са строгай сістэмай маральных правіл. Прадстаўнікі роду выступаюць носьбітамі пэўных базавых архетыпаў, уяўленняў пра чалавека: дзед Кузьма Батура - патрыярх сямейнага роду, Вялікі Старац: “Успаміналі нябожчыка цёплым словам, хвалілі. Вылічалі гады. Сто гадоў ці болей пражыў. Добры чалавек быў, ціхі, спакойны”. Бацька ўвасабляе аўтарытарнасць, закон. Ганна - архетып Маці, увасабленне дабрыні, пяшчоты, спагадлівасці, захавальніцы дамашняга агменю. Сыны - логіка, інтэлект, воля да дзеяння, стваральнай працы. Марынка - дзяўчына-нявеста, носьбіт чысціні, непасрэднасці, самаахвярнасці. Паказальна, што яе лёс складваецца трагічна: яна заўчасна памірае ў выніку няшчаснага выпадку.

Максім Гарэцкі ўзнаўляе натуральную плынь сялянскага жыцця - нараджэнне, сталенне, вя- селле, выхаванне дзяцей, смерць. Выяўляе сэн- савую змястоўнасць гэтага жыцця. Людзі, якія ад роду да роду працавалі на зямлі, надзелены арганічным этычным пачуццём.

Не абмінае празаік побытавыя адметнасці. У аповесці “Камароўская хроніка”: “На славу вяселле было. Пяклі яны 10 булак хлеба, каля паўпуда кожная... Былі кілбасы, мяса, тварог са смятанаю, сцюдзень, парасяціна, пірагі (булкі), пасыпаныя цукрам. Каша з маслам. Бліны”. Паказальныя словы М. Гарэцкага “А ўсяго за вяселле спяялі песень сот пяць, на сто розных мелодый”, яны сведчаць пра багатую культуру беларускага сялянства. М. Гарэцкі называе беларуса “паэтам у душы”, “арыстакратам духу”: “Сярод сялян-беларусаў не менш арыстакратаў духу, чым сярод тых людзей, з каторымі жыве пан прафесар...”.

Пісьменнік спрабуе спасцігнуць заканамернасці гістарычнага працэсу ўвогуле, аб’ектыўны сэнс гістарычных падзей XX ст., іх духоўна-маральны аспект. Праблема лёсу нацыі - у цэнтры аповесцей “Ціхая плынь” (1930; ранейшыя назвы “За што?” “Ціхія песні”, 1926), “Дзве душы”, “Камароўская хроніка”, п’ес “Жартаўлівы Пісарэвіч” (1922, 1925, 1927, 1928), “Чырвоныя ружы” дакументальна-мастацкіх запісак “На імперыялістычнай вайне” (1914 - 1915, 1919 - 1920, 1925 - 1926, 1928), апавяданняў кніг “Досвіткі” (1926), “Сібірскія абразкі” (1926 - 1928).

У апавяданнях “Князёўна”, “Войт” (усе 1913), “Лірныя спевы” (1914) М. Гарэцкі звяртаецца да тэмы мінуўшчыны беларускага народа. У творах пісьменніка супрацьпастаўляецца былая веліч і заняпад у сучасным. Залаты век атаясамліваецца з росквітам беларускай культуры ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Так, у аповесці “Меланхолія” адзначана: “Пішу табе з Вільні, з тэй Вільні, адкуль свяцілася магутным святлом наша старадаўняя культура... Нага мая ступала ўжо па тых вуліцах, дзе за колькі сот гадоў ступаў вялікі сейбіт гуманізму і асветы доктар Скарына...”.

Лёс чалавека асэнсоўваецца ў аповесці “Камароўская хроніка” ў адзінстве з гістарычным лёсам народа, як духоўная пераемнасць пакаленняў. М. Гарэцкі малюе маштабную карціну быцця і побыту беларусаў, скрупулёзна даследуе нацыянальны характар. Жыццё нацыі ўзнаўляецца на значным гістарычным адрэзку часу - адмена прыгону, руска-японская вайна, Першая сусветная, рэвалюцыя, савецка-польская вайна, 1930-я гады.

Праз мастацкае слова М. Гарэцкі здолеў увасобіць беларускую самасць, сцвердзіць трываласць духоўных асноў жыцця. Быццё чалавека не абмяжоўваецца нараджэннем і смерцю, яно ўключана ў мінулае, сучаснае і будучыню народа, што суадносіцца з высновамі М. Хайдэгера.

У прозе пісьменніка на шырокім сацыяльна-побытавым фоне адлюстраваны не толькі гісторыя жыцця сялянскага роду, але і рост свядомасці чалавека. М. Гарэцкі паказвае працэс нацыянальнага самаўсведамлення, станаўлення нацыянальнай інтэлігенцыі.

Беларуская літаратура таксама адчула на сабе ўплыў агульнага духоўнага “зруху”, што вылучала развіццё еўрапейскай культуры мяжы стагоддзяў. Творы М. Гарэцкага прасякнуты адчуваннем вострага пачуцця дысгармоніі, страты ранейшых жыццёвых каардынат, што ўласціва еўрапейскай літаратуры XIX - пачатку XX ст. У аповесці “Антон” выразна прагучаў матыў адзіноты, беспрытульнасці чалавека. Адзінокімі адчуваюць сябе і Антон, і яго бацька Аўтух: “Не пі, не пі”. А калі мяне нуда заядае, калі я не ведаю тады, за што мнеўзяцца, рукі вянуць...».

Адной з ключавых падзей беларускай гісторыі пачатку XX ст. стала Першая сусветная вайна. М. Гарэцкі быў яе непасрэдным удзельнікам, атрымаў цяжкае раненне, бачыў усе жахі вайны. Пісьменніку належыць самая вялікая ў беларускай літаратуры колькасць твораў, прысвечаных Першай сусветнай: аповесці “На імперыялістычнай вайне”, “Ціхая плынь”, п’еса “Жартаўлівы Пісарэвіч”, апавяданні “Літоўскі хутарок”, “Рускі”, “Генерал”, “На этапе”, “Пакінутыя хаты”, “Палонны”.

Творы М. Гарэцкага адпавядаюць найлепшым узорам тагачаснай еўрапейскай літаратуры. У гісторыю сусветнага мастацтва слова ўвайшла творчасць пісьменнікаў так званага страчанага пакалення: Э. Рэмарка, Э. Хемінгуэя, Дж. Дос Пасаса, У Фолкнера, Р. Олдынгтана. З іх імёнамі звязаны карэнны пераварот у паказе вайны. Вайна была пазбаўлена гераічнага арэолу, які да гэтага панаваў у літаратуры. Глыбока антываенны пафас твораў М. Гарэцкага абсалютна адпавядае пафасу пісьменнікаў страчанага пакалення.

Максім Гарэцкі паказвае жудасць вайны, яе алагічнасць і бязлітаснасць, разбуральны ўплыў на свядомасць чалавека. Галоўны герой аповесці “На імперыялістычнай вайне” Лявон Задума спазнаў усё пекла вайны: холад у акопах, артылерыйскія атакі, голад, хваробы, раненні, разбурэнні, пабачыў смерці, марадзёрства, гвалт.

Пісьменнік паказвае, як вайна маральна нявечыць чалавека. Галоўны герой апавядання “Рускі” - салдат-беларус, які, адурманены ваеннай прапагандай “ура-патрыятызму”, забівае такога ж гаротніка селяніна-ўкраінца, салдата германскай арміі. У творы адлюстравана, як навязванне чужых каштоўнасцей, адмаўленне ад традыцыйнай маралі прыводзяць да забойства і ў выніку - страты розуму. У апавяданні гучыць таксама тэма лёсу прадстаўнікоў так званых малых нацый, вымушаных гінуць за чужыя інтарэсы.

У п’есе “Жартаўлівы Пісарэвіч” пераканальна апісваецца жах бежанства, лёс беларусаў-выгнаннікаў, якіх вайна прымусіла пакінуць родныя мясціны. У апавяданнях “Усебеларускі з’езд 1917 года”, “У 1920 годзе”, “Незадача” М. Гарэцкі аб’ектыўна ўзнаўляе новыя грамадска-палітычныя ўмовы, у якіх апынулася Беларусь. Прадбачанне ўласнай трагедыі адчуваецца ў цыкле “Люстрадзён”: “Я хачу прасіць, умаляць не забіваць мяне, хоць і амаль што няма надзеі на ратунак: гэтыя людзі жорсткі іразумна-бязлітасны”. У творах М. Гарэцкага адлюстраваны працэс станаўлення беларуса як суб’екта гісторыі. Пісьменнік стварае новы вобраз героя, прапануе новыя мадэлі паводзін. Такім чынам, беларуская славеснаць не толькі адгукаецца на тыя працэсы, якія адбываліся ў грамадстве (працэсы нацыянальнага самаўсведамлення), але і актыўна ўдзельнічае ў і іх.

Працэс самаўсведамлення, індывідуалізацыі пачынаўся з Францішка Багушэвіча і Янкі Купалы. Героем твораў М. Гарэцкага становіцца інтэлігент, герой, які рэфлексуе, чыё прызначэнне - асэнсаванне сябе і свету. Празаік задумваецца над пытаннем, што такое інтэлігент, у чым заключаецца яго сацыяльная функцыя, урэшце, якую ролю адыгрывае інтэлігенцыя ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці. Больш за тое, герой пісьменніка выступае як мэтанакіраваны суб’ект дзеяння: “Надумаўся ўзяцца за сялянскую працу, працаваць да поту, гаварыць з людзьмі, казаць ім аб вызваленні і лепшым жыцці, усведамляць іх...”, “я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця ізраблю жыццё новае. Зраблю!. Паказальна, што героі М. Гарэцкага абіраюць “дзейныя” прафесіі: каморнік, медык.

Пра станаўленне героя як суб’екта гісторыі сведчыць узнятая М. Гарэцкім тэма асабістай адказнасці чалавека за паводзіны, намеры (апавяданне “Роднае карэнне”, аповесць “Дзве душы”), адказнасці перад сабой, перад народам, перад будучыняй.

Характэрная рыса герояў празаіка - выразна акрэсленая грамадзянская пазіцыя, гатоўнасць ахвяраваць сабой, сваімі інтарэсамі на карысць народа, змагацца з сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасцю. М. Гарэцкі лічыць, што менавіта ад інтэлігента залежыць маральны прагрэс грамадства, герой пісьменніка выразна ўсведамляе сваю ролю абаронцы народных інтарэсаў. Ён мае нават пэўную праграму сацыяльнага дзеяння. У аповесці “У чым яго крыўда” Лявон Задума ставіць перад сабой задачу “задаволіць першым яўным чынам сваё жаданне перавярнуць на свой капыл усё жыццё гэтай пустэльні...”, “ён будзе кіравацца на ўсе сілы, каб бачыць яе цвярозаю, светлаю, здаволенаю жыццём”. Дзейснай формай слугавання народу герой лічыць асвету, павышэнне агульнага культурнага ўзроўню.

Для М. Гарэцкага важным было выхаванне менавіта дзейнага чалавека, які не толькі ўсвядоміў нацыянальную прыналежнасць, але і мае здольнасці да актыўнага чыну. У “Родным карэнні”: “I ведай тады, што адным енкам ды стагненнем бядзе людской не паможаш... Помні, што каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самаго затопчуць...”.

Дзякуючы М. Гарэцкаму павышаецца інтэлектуальны ўзровень героя беларускай літаратуры: ён актыўна цікавіцца пытаннямі ўзаемаадносін інтэлігенцыі і народа, інтэлігенцыі і ўлады (аповесці “У чым яго крыўда?” “Меланхолія”, “Дзве душы”).

Герой М. Гарэцкага ўздымаецца да пагрэбы самаспазнання, спазнання свету: Клім Шамоўскі (“У лазні”), Кастусь Зарэмба (“У чым яго крыўда?”), Архіп Лінкевіч (“Роднае карэнне”), Уладзімір З. (“Рунь”), Лявон Задума (“У чым яго крыўда?” “На імперыялістычнай вайне”, “Меланхолія”), Ігнат Абдзіраловіч (“Дзве душы”). Гэта чалавек выразна акрэсленай нацыянальнай пазіцыі. Ён абірае шлях сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення: “Працаваць і вучыцца! Так, браце. Што там хавацца, будзем самі сабою, будзем самі здабываць сваё жыццё і долю”. Героі пісьменніка не падзяляюць свой лёс і лёс радзімы. М. Тычына адзначае: “Менавіта нацыянальная свядомасць і самасвядомасць павінна асэнсоўвацца як найвышэйшая прыкмета таго, што нацыя адбылася, і як гранічнае абгрунтаванне быцця той ці іншай супольнасці”. Максім Гарэцкі імкнецца выхаваць у беларусаў самапавагу, веру ў сябе: “Мы працуем, мы можам, мы спрадвеку тут свае, мы маем права”.

Пісьменнік сцвярджае думку, што шлях да нацыянальнага адраджэння звязаны з абуджэннем духоўнага патэнцыялу нацыі: “Здабывайце сабе волю, гадуйце ў сабе волю, перш-наперш будзьце вольны ў сабе”.

“Прарокаў волі” ўсхваляе празаік у апавяданні “Досвіткі”: “…і як выдатныя адзінкі, песняры-музыкі нашага народа, у тым чорным часе праўдзівага досвецця болем свайго сэрца ігралі страшныя песні паняволеных прарокаў волі”.

Такім чынам, творчасць Максіма Гарэцкага мела надзвычайны ўплыў на развіццё нацыянальнай мастацкай свядомасці, паглыбленне філасофскага гучання беларускай літаратуры, умацаванне яе аўтарытэту.