Леаніла Чарняўская
Знак святой любові
Адзін з самых першых успамінаў пра маці і зараз грэе душу. Помніцца сонечны майскі поўдзень у мінскім гарадскім парку каля Свіслачы. Цёпла, зялёныя дрэвы, сіняе неба, прыемнае паветра. Я, весела падскокваючы, збягаю з прыгорка па пясчанай дарожцы. За мною няспешным крокам, побач з нейкаю жанчынаю, ідзе мама, гамоняць. Я спынілася пад прыгоркам, крыху зайшла ў прывабную траўку, чакаю іх. I так мне невыказна хораша бачыць, як да мяне набліжаецца мама.
Пад кароткай аўтабіяграфіяй маці дата: 3 жніўня 1966 года. Нарадзілася яна 4(16) лістапада 1893 года ў вёсцы Таргуны Докшыцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер — Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). Бацька яе — Усцін Усцінавіч Чарняўскі — быў родам з вёскі Трыданы на Мядзельшчыне, арандаваў зямлю ў паноў. Бабуля мая — Эмілія Антонаўна (у дзявоцтве — Рашэўская) — пісалася мяшчанкай у мястэчку Докшыцы, даволі доўгі час была швачкай у паноў. Праваслаўны і каталічка, згоды бацькоў на шлюб яны не атрымалі і абвянчаліся ўпотай у докшыцкай царкве. Дзед маці — Усцін Лявонцьевіч Чарняўскі — быў пісьменны. Разбагацеўшы, ён усё ж дапамог сыну, калі ў сям’і таго было ўжо шасцёра дзяцей: купіў у Віленскага зямельнага банка ў крэдыт фальварак Касарэўшчыну і, як гаварыла маці, "дазволіў гаспадарыць там і выплачваць банкаўскі доўг".
З успамінаў маці пра яе вучэнне ў Вышэйшым Марыінскім вучылішчы ў Вільні ў 1902—1910 гг. запомнілася, як аднойчы на ўроку рускай славеснасці настаўніку Фядоту Андрэевічу Кудрынскаму (1867 —1933) падалося, што слухаюць яго няўважна, і ён сумысля пераблытаў нешта ў тым, пра што расказваў. Убачыў, як яна высока падняла бровы, спытаўся, чаму так здзівілася, і за адказ паставіў "пяцёрку". Добрую адукацыю давала гэтае вучылішча. На ўсё жыццё захаваліся ў маці веды па рускай і заходнееўрапейскай гісторыі і літаратуры, геаграфіі, батаніцы, навучылася французскай мове. Гаварыла, што любіла ўрокі матэматыкі. Вучэнне ў Ф. А. Кудрынскага, прагрэсіўнага педагога, літаратара, этнографа, паспрыяла яе любові да кніг, сыграла пэўную ролю ў яе далейшым настаўніцкім жыцці. Казала: "Шмат з таго, што я ад яго даведалася, засталося ў памяці".
Пасля настаўніцкай працы ў сяле Залессе на Дзісеншчыне (1911 — 1918) у канцы лістапада 1918 года трапіла яна ў Вільню. З некалькіх кароценькіх запісаў-успамінаў маці ведаю, што нехта навучыў яе звярнуцца на Віленскую, 22, да Івана Луцкевіча: "Сустрэў ён мяне прыхільна. Я — настаўніца са стажам, ведаю беларускую мову. I адразу запрог мяне ў работу. Абяцаў пасаду настаўніцы ў Беларускай гімназіі, якая мелася адчыніцца ў Базыліянскіх мурох 1 студзеня 1919 года, і даручыў укласці чытанку пад назвай "Родны край".
...У Вільню пераехала з Мінску газета "Звезда", у рэдакцыю якой уваходзіў Максім Гарэцкі. Упершыню мы сустрэліся ў нейкім пакоі на Віленскай, 22. Я ўжо ведала яго як пісьменніка па зборніку "Рунь", ён чуў пра мяне як беларускую настаўніцу, чуў, што ўкладаю чытанку "Родны край".
Успамінала маці, як прызнаўся ён потым, што калі ўпершыню глянуў на яе, мільганула думка: "Гэтая дзяўчына будзе маёй жонкай!" Ружы ёй насіў, часам нават пад нечаканы посвіст куль на вуліцы і ў яе двары, бо той час быў неспакойным. У газеце "Беларуская думка" за 17 ліпеня 1919 года на чацвёртай старонцы паведамлялася: "У Вільні Беларускае вяселле. Учора ў Прачысценскай царкве павянчаліся беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі з беларускай вучыцелькай, аўтаркай беларускіх школьных кніжак Леанілай Чарняўскай". Там жа хрысцілі яны ў сакавіку 1921 года і ў ліпені 1922 сваіх дачку і сына. Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі ў юбілейнай нататцы "Жанчына вялікага сэрца і мужнасці" ("ЛіМ", 18.XI.1983) так успамінаў: "Упершыню ўбачыў я сваю братавую — Леанілу Усцінаўну Чарняўскую — у 1920 годзе ў Вільні. Была яна вельмі прыгожая, з вялікімі сінімі-сінімі вачыма, якія свяціліся розумам, добразычлівасцю. ...Постаць зграбная, стройная. Каса пышная. ...Беларуская мова чыстая, напеўная".
З тых віленскіх часоў помнілася маці, што бацька мой карыстаўся бібліятэкамі Івана Луцкевіча, духоўнай семінарыі і ўніверсітэцкай, бо нейкі час слухаў лекцыі ва ўніверсітэце. "Пазнаёміўся з адвакатам (Тадэвушам) Урублеўскім, у якога была найбагацейшая бібліятэка. Максім прыносіў дамоў "Літоўскі статут", "Ай-Кітаб", іншыя рэдкія выданні". Успамінала пра адну маладую беларускую настаўніцу, якая паслужыла прататыпам гераіні п’есы М. Гарэцкага "Жалобная камедыя" (1922): "Здаецца, у канцы мая (1919 года) Максім прыйшоў невясёлы з больніцы, дзе памірала ад сухотаў Т. Станішэўская. Пры ёй сядзела маці. Яна сказала дачцэ проста: "Вось бульбачка прымёрзла, але адойдзе, а ты, дачушка, не аджывеш". Тэця толькі ўсміхнулася краем вуснаў, а на Максіма паглядзела сумна, сумна". Словы Тэцінай маці пра бульбачку ўвайшлі ў гэтую п’есу.
Працавала маці мая ў пачатковых класах 1-ай Віленскай Беларускай гімназіі. Рыхтавала да друку чытанкі "Родны край".
У 1919 годзе выйшаў зборнічак Л. Чарняўскай "Дзяціныя гульні" — яе першая друкаваная праца. У ёй 27 гульняў, з іх пяць карагодных: "Гульня ў мак", "Падушачкі", "Верабей", "Яшчур", "Шастак". Да трох апошніх ноты для зборнічка запісала Марыя Кімант- Яцына (1858(?) — 1922) — беларуская піяністка, кампазітарка і грамадская дзяячка. Маці ўспамінала, як у рукапісе гэтай працы адзначыла, што некалькі гульняў узяты са зборніка П. В. Шэйна, але друкарня яе заўвагі не прыняла. Я пісала ўжо раней ва ўспамінах пра любоў маці да народнай творчасці ("Мастацтва Беларусі", 1988, с. 59 — 61), што многа народных гульняў ведала яна з дзяцінства і з таго часу, калі яе вясковыя вучні гулялі каля школы, а старэйшыя хлопцы і дзяўчаты вадзілі тут карагоды, спявалі. Дзіцячая гульня "Авечка" — цэлая інтэрмедыя. А "Прарок" — для моладзі. "У гэтай гульні, калі "прарок" ўмее добра жартаваць, бывае шмат смеху, весялосці",— сказана ў зборнічку. Я. Ф. Карскі ў кнізе "Белоруссы", т. 3. ч. 3, с. 165 спасылаецца на "Дзяціныя гульні" Л. Чарняўскай. Нядаўна толькі я даведалася, што дваццаць тры з іх, са спасылкай на гэтую кніжку, увайшлі ў кнігу "Дзіцячы фальклор" (Мн., 1972). На жаль, з нядобрым "выпраўленнем" аўтарскага тэксту і мовы ў некаторых гульнях ("ружы" выпраўлены на "розы" і г. д.).
Не толькі народныя песні, карагодныя гульні, народнае прыкладное мастацтва (вышыўкі і іншае рукадзелле) цікавіла маці. Была яна вельмі неабыякавай да жыццёвага лёсу сваіх вучняў у сельскай школе, пазней — у беларускай гімназіі і ў дзіцячым садку, дзе прыйшлося працаваць, аддаючы ўсю матчыну любоў сваю малым выхаванцам. У "Нашай думцы" (1921, 7 студзеня), за подпісам Л. Гарэцкая, ёсць нататка "Нашы дзеці". У ёй: "Вучыцелька задала дзяцём напісаць кожнаму пра сваё жыццё. Свабода ў пісанні была дадзена поўная, калі хто не здолее апісаць сваё жыццё, хай уздумае пра які цікавы выпадак. Дзеці ўзяліся пісаць, і вось перада мною трыццаць лісткоў паперы, дзе запісана гаротнае дзяцінае жыццё". Толькі некалькі дзяўчатак напісалі пра што весялейшае, а вось "Жэня Захарава з жахам успамінае, як жыла яна ў Вільні за час нямецкай акупацыі: "Нацярпеліся мы і голаду і холаду. Жылі мы аднэй зупай, і на тую часам не было грошы. Сядзелі па тры дні не еўшы". Другая дзяўчынка піша: "...каб заплаціць за маё вучэнне, мама прадала боцікі. што мне выдалі ў камітэце", і г. д. Жаліліся на нялёгкае жыццё і хлопчыкі. "Бедныя дзеці! ...Усе несправядлівасці сацыяльнага жыцця найбольш важкім каменем ляглі на дзяцей. ...I каб памагчы гэтай бядзе, каб узгадаваць нашых дзяцей здаровымі, чэснымі грамадзянамі, мала міластыні амерыканскіх камітэтаў, ахвяр ад людзей добрага сэрца, трэба нешта большае, грунтоўнае, трэба перабудаваць усё жыццё".
Пісьменніцкая і вучыцельская інтуіцыя дапамагала маці знаходзіць найлепшыя творы ці ўрыўкі з іх для яе чытанак "Родны край", па якіх вучыліся ў Заходняй Беларусі з 1919 па 1936 год, а можа, і крыху пазней. Спачатку выйшла чытанка "Родны край. Другая пасля лемантара кніжка для чытання", потым — для першага года навучання. а далей — "Родны край. Трэцяя і чацвёртая пасля лемантара кніжка для чытання. Уклала Л. Гарэцкая, вучыцелька 1-ае Віленскае Беларускае гімназіі". Часткова друкаваліся чытанкі лацінскім шрыфтам. З твораў Якуба Коласа ўвайшлі ў іх трыццаць вершаў і некалькі апавяданняў (ці ўрыўкі з іх), а таксама — вытрымкі з "Новай зямлі" і "Сымона-музыкі". У 1969 годзе напіша маці "Успаміны пра знаёмства і сустрэчы з Якубам Коласам". Уключаны былі 7 чытанкі многія вершы Янкі Купалы, вершы М. Бурачка, А. Гаруна, М. Багдановіча, апавяданні Ядвігіна Ш., Змітрака Бядулі, цудоўнае апавяданне Цёткі "Міхаська" і інш. Увайшлі ў "Родны край" урыўкі з апавяданняў Максіма Гарэцкага і невялікія замалёўкі, апрацаваныя ім для дзяцей. Есць у чытанках казкі са зборнікаў А. К. Сержпутоўскага, народныя песні ("Вяснянка", "Русальная песня", "Купальная песня"), звесткі па гісторыі, геаграфіі Беларусі і інш. Я. Ф. Карскі ў названай вышэй кнізе некалькі разоў спасылаўся і на "Родны край".
Падбіраўся матэрыял для чытанак з найвышэйшай мэтай: даць дзецям правільнае разуменне дабра і зла, выхаваць у іх пачуцпё любові і пашаны да радзімы, да роднай мовы. Уключаліся часткі перакладаў, зробленых з рускай, польскай, украінскай, яўрэйскай моваў. Сама маці пераклала з польскай мовы, якую добра ведала, "Рэха" Э. Ажэшкі, з французскай — "Астатнюю лекцыю" А. Дадэ. у якой герой апавядання пан Гамель прызываў берагчы родную мову, ніколі не забывацца яе. З рускай мовы пераклала яна "Гора" I. Тургенева, "Іваньку" А. Чэхава, "На полі бойкі", "Жабу-падарожніцу. У. Гаршына, "Кара-Ханым" Д. Маміна-Сібірака, "Пад зямлёю" А. Серафімовіча, а таксама з рускага тэксту казкі Андэрсена.
Не магу не ўспомніць з удзячнасцю эсэ Янкі Брыля "Пасля лемантара", у якім ён сказаў: "А тут хачу падзякаваць тым кніжыцах з глыбока простай назвай "Родны край", па якіх нас вучылі, лепш сказаць — па якіх мы вучыліся. ...Гэта адтуль пачаўся і мой Гарэцкі. мая любоў да яго..." ("Сёння і памяць", 1985, с. 182).
Першае апавяданне маці "Мікіта" было надрукавана ў "Нашай думцы" (1921, 11 лютага) у рубрыцы "Школьныя тыпы", пад крыптанімам Л. Г. З-за несучаснасці, як мне растлумачылі, яго навек забракавалі ў выдавецтве ў 1983 годзе, а паколькі гэта першы твор яе, дазволю сабе коратка пераказаць змест. Сямігадовы Мікітка не хадзіў у школу, бо не хацеў апранаць матчыну ватоўку, дый вучыцца яго не цягнула. З маці пра гэта сур’ёзныя гамонкі меў. Раптам бацька, які ў заробках быў, прыслаў грошы і пасылку, а ў ёй новае сіняе паліто з "залатымі" гузікамі і новыя боты для "маладога гаспадара і майго дарагога наследніка". "Надуўся Мікітка ад важнасі. як той індык. Уздзенець боты, надзенець пальто і ходзіць, аглядаючы сябе, па хаце. Сёстрам ані дакрануцца да яго, нават калі маці, радая і гордая з бацькавага падарунку, возьмецца рукамі за сукно, кас разгледзіцца з гатунку, нешта ўколець Мікітку, каб толькі не папсувала як-небудзь". У школу засабіраўся. На пытанне настаўніцы адказаў, што завуць яго Мікіта Кукор. "А потым патураючым голасам дадаў: "А можаш і Мікіткай зваць". Вучэнне дрэнна ішло. Вельмі ж ганарыўся ён сваім паліто, пакуль нечакана, вітаючы настаўніцу, не боўтнуўся з кладачкі ў лужыну каля школьнага ганку. "Настаўніца відзела ўсю прыгоду і не чапала яго, а таварышы дакучалі, прадавалі зубы: "Земскі гузікі згубіў, у бруднай лужы ўтапіў!" "Ну а маці, ведама жанчына, абабіла не распытаўшыся, як і што было". Абрыдла ўсё Мікітку. I здзівіў усіх — прыйшоў у школу ў матчынай ватоўцы. "...разам з "залатымі" гузікамі скінуў Мікітка і сваю важнасць. Шчочкі не надуваліся, як звычайна, вочкі ажывіліся і ў мазгох з літарамі большы парадак зрабіўся. Дзень за днём кожнай літары знаходзілася ў галаве сваё месца, і мусіць-ткі бацька пад вясну дачакаець пісьма ад свайго "маладога гаспадара".
У 20—30-я гады маці напісала больш дваццаці апавяданняў для дзяцей. У часопісе "Іскры Ільіча" за 1929 — 33 гады былі надрукаваны дзевяць яе апавяданняў і нарыс "Жывая машына". Была яна супрацоўніцай гэтага часопіса, што пацвярджае і даведка ад 8.VIII.1932 года за подпісамі А. Якімовіча і А. Пальчэўскага. Частка апавяданняў выйшла асобнымі кніжкамі: "Варка" (1928); "Кот Знайдзён" (1929) — быў перакладзены на польскую і яўрэйскую мовы; "Андрэйка" (1930); зборнічак "Лявонка" (1932); "Перамога" (1932); зборнікі "Жук" (1959), "Казёл Мэка і Кудла" (1979). Некаторыя апавяданні ўвайшлі ў зборнік для дарослых чытачоў — "Апавяданні" (1983). У цэнтры ўвагі псіхалагічныя сцэнкі, перажыванні дзяцей з-за іх уласных паводзін, учынкаў, іх крыўды і радасці. Самыя неслухі: Васіль Рудзёнак ("Класная газета"), Арсенька ("На гародзе") — паступова выпраўляюцца, робяцца лепшымі. Есць тут павучальнасць, аднак дзеці жывыя, паводзіны іх натуральныя. У некаторых апавяданнях бачу падзеі, якія адбываліся з братам маім Лёнем ("Самалёт", "Лявонка"), з нашымі малымі сябрамі ("Працоўныя мазалі", "Лыжка мёду").
Маіх маці і бацьку збліжалі не толькі пісьменніцкая праца, цікавасць да гісторыі Беларусі, яе народных скарбаў, а яшчэ і моцнае пачуццё любові да прыроды, нават да самага, здавалася б, звычайнага ў ёй.
Бацька: "Еду, гляджу на траву, што грэецца пад сонейкам, каля дрэў. Радасць жыцця майго! Хацелася пахадзіць па ёй, па гэтай траўцы, паляжаць" ("Камароўская хроніка". Збор твораў. Т. 4. 1986, с. 275).
Маці: "Як гэта добра стаяць аднэй упоцемку, калі пахне свежай, яшчэ не згубіўшай веснавой вільгаці зямлёй, калі цвітуць дрэвы ў садзе, і маладзенькія, толькі разверненыя лісточкі на памаладзеўшых дрэвах пахнуць клейкім сокам" ("Веснавыя хмаркі"). Помніцца матчын Кудла ў апавяданні: "Юльчыны ўспаміны" (як і бацькаў Буян у "Меланхоліі"): "Заядаюцца, брэшуць на коней сабакі. Дзядзька сцебануў пугай чорнага Кудлая, той ад злосці аж знямеў, а потым адзін бег, звягаючы, за нашымі фурманкамі. Бачу, на папары статак авечак і свіней ходзіць, пастушок пазнаў свайго сабаку, свіснуў: "Кудла! Кудла!" —і той пакаціў да яго". А яшчэ ўяўляецца Жук, "чорны, гладкі, што брахаў гулка, басавіта" ("Жук"), Казёл Мэка, які сябраваў з сабакам: "Сварыцца ім не было за што. Казёл траву скубе, лісце з кустоў аб’ядае, а гэта не сабачая яда".
У 1930 — 32 гадах жылі мы ў Мінску на Людаманце на Заслаўскай вуліцы, д. 5 (пазней быў пад № 7). Помню, як мужна трымалася мама, не паказвала нам, дзецям, свайго адчаю, калі начою 19 ліпеня 1930 года арыштавалі бацьку майго. У кватэры пакінулі маладога супрацоўніка ГПУ. Ен заснуў у сярэднім пакоі. Забыўся пагасіць газавую лямпу, і раніцою аж пад столлю ляталі чорныя камякі сажы. Хлопец гэты сядзеў у нас да наступнага вечара... Помню, як была з мамай на спатканні з бацькам у мінскай турме. Здзівіла, што твар яго стаў бледна-жоўтым, непрывычна поўным (была ацёчнасць ад сядзення ў турме, без дастатковага паветра). Шчымліва помніцца адна з песень, якія мама пяяла ў той час:
А чужы мужы далёка жывуць. *
А-а-а, далёка жывуць,
Далёка жывуць, падарачкі шлюць.
А-а-а, падарачкі шлюць.
А і мой жа то муж, ён блізка жывець.
А-а-а, ён блізка жывець.
Ен блізка жывець. нічога не шлець.
А-а-а, нічога не шлець.
Толькі шлець мне кашулічку.
А-а-а, мне чорную...
Далей гаворыцца, каб вымыла кашулечку "без быстрай ракі", высушыла "без быстрых вятроў", выкачала "без качулачак". "А я молада дагадалася... А вымыла гаручымі слязьмі... А высушыла ўздыханьнікам. А выкачала па двару ходзячы... рукі ломячы".
Трох дзяцей гадавала ў той час маці (у нас жыў старэйшы сын дзядзькі майго Гаўрылы Іванавіча). Спраўлялася на працу хадзіць, калі мела яе, вечарамі перакладамі займалася, пісала дзіцячыя апавяданні. Пачала пісапь яшчэ ў канцы 20-х гадоў дзве аповесці — "Дарогаю крыўды" і "Кутніцу". Пазней значна скараціла іх. "Дарогаю крыўды" перарабіла на апавяданне пад новай назвай "Юльчыны ўспаміны" (надрукавана ў зборніках "Казёл Мэка і Кудла" (1979) і "Апавяданні" (1983). "Кутніца", таксама пераробленая на апавяданне, не друкавалася. У ёй пра цяжкі лёс прыгожай вясковай дзяўчыны Антосі, якую багаты бацька Іван Мятлік у п’яным гневе ў пакаранне сасватаў за ўломнага на ногі жабрака Клёрку Глінскага, з мянушкай "Кручоныя пяты". Жабрак знаў псалмы, малітвы. Даволі яшчэ малады, ездзіў па вёсках адпяваць нябожчыкаў, добра зарабляў. Хадзіў на кавялах. Чыста апранаўся, але ж надта нямілым, агідным быў ён Антосі. Не магла забыцца на свайго каханага хлопца Міхалку, які паехаў у Аргенціну на заробкі і згінуў там "ад нейкай хваробы, нібы трасцы". У Антосі ад Міхалкі раней часу "сынок нарадзіўся, але хутка памёр". Вось гэтага "крапіўніка" і не мог дараваць ёй бацька. Есць іншыя персанажы ў аповесці. Сярод іх малая Зінка — дачка беднай удавы Парасы, у якой часова жылі кутнікамі (займалі частку хаты, "сядзелі кутамі") Клёрка і Антося; сям’я і чэлядзь паноў Навіцкіх, у якіх кароткі час выхоўвалася Зінка; суседзі, дзеці і інш.
Збіралася маці напісаць працяг гэтае аповесці: "Нямала часу мінецца, калі зноў сойдуцца Антосіны і Зінчыны дарогі",— але здзейсніць задуманае не прыйшлося.
У 1930-ым годзе ў серыі "Бібліятэка работніцы і сялянкі" выйшла некалькі кніжачак Л. Чарняўскай з апавяданнямі для дарослых. Раней яны друкаваліся ў перыядычных выданнях: "Бяздзетуха" — "Маладняк" № 6 (15), 1926; "Папова батрачка" — "Савецкая Беларусь", 1926, 23 і 24 снежня; "Падарожніца" — "Савецкая Беларусь", 1927, 25 і 26 сакавіка; "Веснавыя хмаркі" — "Чырвоны сейбіт" № 3, 1928.
Асобнай кніжкай у 1930 годзе выйшла апавяданне "Валуй. Камісар часоў Кераншчыны". Пад назваю "Працоўны дзень Валуя" было яно спачатку надрукавана ў газеце "Звязда" за 1, 4, 5, 6, 7 красавіка 1928 года. Праз пяцьдзесят тры гады ўзнавілі яго ў зборнічку "Леаніла Чарняўская. Апавяданні" (1983), пра які я ўпамінала ўжо. Спагадлівыя рэцэнзіі былі на гэты зборнік (Клімуць Я. З любоўю да чалавека. "Магілёўская праўда", 1983, 19 лістапада; Хорсун С. Шчырасцю светляцца словы. "Полымя", 1983, № 12). С. Хорсун адзначыла: "З глыбокім пранікненнем у духоўны свет свайго героя стварае пісьменніца вобраз камісара часоў кераншчыны Валуя (апавяданне "Валуй"), Тут вельмі праўдзіва паказаны тагачасныя настроі, супярэчлівасць жыццёвых поглядаў герояў апавядання. І, бадай, самае галоўнае, што хочацца адзначыць,— гэта ўменне пісьменніцы сканцэнтраваць багаты жыццёвы матэрыял у рамках невялікага апавядання і прасачыць рух гісторыі ў самых нялёгкіх яго жыццёвых паваротах".
Працу над перакладамі маці ўзнавіла ў 1927 годзе. З рускага тэксту пераклала "Гісторыю аднаго мядзведзя" Э. Сэтана-Томпеана і "Бунт Моці-Гёджа" Р. Кіплінга. Разам з бацькам зрабіла пераклад кнігі У. К. Арсеньева "Дэрсу Узала" (надрукавана ў 1929 годзе ў скарочаным выглядзе).
У час мінскага жыцця ў 30-я гады пераклала некалькі апавяданняў для дзяцей. Тут ужо не да ўласнага выбару было, але ўспамінала творы, якія перакладала ахвотна: "Паравоз "Эт5324" С. Грыгор’ева; "Апавяданні старога матроса" ("Страшны Кракатао", "Морскі волат") С. Заяіцкага; "Барабаншчык рэвалюцыі. Гістарычная аповесць з часоў Вялікае французекае рэвалюцыі" Аўгена Хазіна. Пазней, у Вятцы, зрабіла скарочаны пераклад "Легенды пра Тыля Уленшпігеля..." Ш. дэ Кастэра (выйшла Мінску ў 1934 годзе).
У Вятку (цяпер г. Кіраў, абласны) мы пераехалі да ссыльнага бацькі ў чэрвені 1932 года. Пасля нядоўгай працы сакратаркай у "КООПИТЕ", дзе ў той час быў нарміроўшчыкам ссыльны акадэмік У. I. Пічэта. маці стала выхавацелькай у дзіцячым садку № 1, мела ўзнагароды і ўзаемную любоў сваіх выхаванцаў. Служылі ёй здольнасць маляваць, ляпіць, рабіць аплікацыі, на музыкальных занятках хораша пяяць з малымі дзіцячыя песні. Вучыла разумець сэнс песенных тэкстаў. Так, аднойчы прыйшлося тлумачыць слова "скакун", бо некаторыя дзеці ўсур’ёз пяялі: "Кто там скачет на коне, на горячем какуне? " У Вятцы яна яшчэ часта пяяла дома, пакуль рыхтаваўся на прымусе беднаваты наш абед. Голас быў гучны, прыгожы (лірычнае сапрана), з багатымі мадуляцыямі. Прыветлівая суседка Ю. А. Шубіна (у бацькавым "Лявоніусе Задумекусе" — Кажухова), школьная настаўніца спеваў, заслухоўваючыся, як пяе мама мая, казала: "Какие у вас, белорусов, песни чудесные!" Пяяліся найбольш багацькаўскія песні: "Гоман-гоман на вуліцы", "Двор мяту, двор мяту, двор мёўшы паслухаю", "Чэраз рэчаньку, чэраз быструю тонка кладачка ляжыць, па той кладачцы, па той гібенькай там Максімачка ідзець", "Як па мору, мору сіняму, лялеіць мора, лялеіць" (песню гэтую ўспомніць у апавяданні "Падарожніца"), "Горачка мая крутая, долечка мая ліхая", "Даўно я, даўно ў мамачкі была, а ўжо мая ды дарожачка травой зарасла", "Як устану я раненька" і інш. Навучылася маці багацькаўскім песням, калі запісвалі іх ад свекрыві яе Ефрасінні Міхайлаўны кампазітары А. Ягораў і М. Аладаў (кароткі час — ,А. Грыневіч і В. Шашалевіч) для зборніка "М. Гарэцкі і А. Ягораў. Народныя песні з мелодыямі" (1928). Невялічкі запіс маці "Як складалася ккіжка народных песень" змешчаны ў зборніку "Максім Гарэцкі. Успаміны, артыкулы, дакументы", 1984, с. 61 — 62.
Я не помню, ці пяялі мае бацька і маці, калі жылі мы ў 1935 — 1937 гадах у г. п. Пясочня (зараз горад Кіраў Калужскай вобласці). Мусіць ужо не пяялася ім... Праўда, бацька, як і раней, іграў на балалайцы, на скрыпцы, якую прыдбаў незадоўга да той ночы з 3 на 4 лістапада 1937 года, калі рассталіся мы з ім назаўсёды. Пра апошнія гады яго жыцця маці расказала ва ўспамінах пад назваю "Памятка" ("Палымя", 1990, №1). У першапачатковым варыянце чарнавіка "Памяткі" ёсць кавалачак тэксту, які не ўвайшоў у другі, надрукаваны, варыянт "Кожны, у каго пыталася, паказваў дарогу. (Да вяземскай турмы дзе ў той дзень, 8.1.1938 года, знаходзіўся бацька.— Г. Г.). Ля турэмнай брамы было таксама людна. А мароз стаяў люты. Збоч ад вострога быў нейкі даўгі будынак, мусіць, некалі нейкі склад. Над ім стаяла пара. Столькі туды было напіхана народу, што ад людскога подыху валам валіла пара. Тую бялізну, што я паслала, Максім адаслаў назад. За кароткі час, пакуль яна пабыла ў яго камеры, уся прапахла турэмным духам. Прыслаў Максім кароценькую запісачку, каб клапаціліся самі аб сабе. Відаць, ужо ведаў прысуд. У запісачцы: "8/1. Спасибо за передачу. Получил все. Отсылаю обратно корзинку и 2 рубашки. Я здоров. Целую. Заботьтесь о себе. Максим". Чаму не прыняў вярнуў кашулі, было незразумелым. Мы і памысліць не маглі, што праз месяц, 10 лютага 1938 года, бацьку расстраляюць, думалі, што яго адправяць у лагер. Нібы ў песні той, суджана было маці "вымаць кашулі гаручымі слязьмі, высушыць уздыханьнікам".
У сярэдзіне лютага 1938 года вярнулася маці разам са мною ў г Кіраў (Вятку), дзе добразычліва дала нам прытулак у нашым былым пакоі Ганна Іванаўна Бабарэка. Брат мой Лёня яшчэ ў студзені паехаў да Гаўрылы Іванавіча ў Карэлію, жыў у яго сям’і да мая месяца,потым у М. Багацькаўцы ў дзеда нашага Івана Кузьміча, а ў пачатку лета гэтага ж года прыехалі я і Лёня ў Ленінград, сталі студэнтамі, жылі ў інтэрнаце. Маці зноў працавала ў дзіцячым садку № 1. У Кіраў (Вятку) у 1941 —1944 гадах пісаў Лёня лісты з фронту, дужа любіў маці, рупіўся пра яе. Частка лістоў яго да маці надрукавана ў "Маладосці" (1974, № 9), у "Юности" (1985, 4), у кнізе А. Адамовіча "Браму скарбаў..." (1980) і ў зборнічку "Максім Гарэцкі, "На імперыялістычнай вайне". Леонид Горецкий, "Письма с фронта" (прадмова і ўкладанне М. I. Мушынскага, 1987 год).
Малодшы лейтэнант Леанід Гарэцкі загінуў на Ленінградскім фронце 18 лютага 1944 года. У той самы час убачыла маці сон, што прыйшоў бацька і забраў Лёню, павёў яго з сабою, а яна ішла за імі, прасіла: "Не забірай, пакінь яго!" Крычала ўва сне, пакуль не разбудзілі. Запомнілі гэтую ноч, дату яе. Толькі ў канцы красавіка даведалася мама пра згубу сына. Пісалі мне, што закамянела яна, ні слязінкі. Прызналася мне потым, што той вясною хадзіла далёка за горад на свой бульбяны ўчастачак і там, у адзіноце, плакала, галасіла ад нясцерпнага гора. У пачатку 70-х гадоў пачала пісаць успаміны "Памяці сына", але не закончыла, бо вельмі ўжо хворая была.
Пераехала маці да мяне ў Ленінград увосень 1947 года. Працаваць больш не магла, выйшла на пенсію па інваліднасці. Мела тады пяцьдзесят тры гады. Праз нейкі час яна значна акрыяла, нават у 1951 годзе пагасцявалі з ёю на Волга-Доне ў станіцы Раманаўскай у Гаўрылы Іванавіча, у яго вялікай і дружнай сям’і: сам дзядзька мой, жонка яго і яе радня. Там любіла маці пайсці на Дон альбо ў стэп да азяркоў, дзе і рыбку невялічкую можна было ўбачыць. Стэпавы прастор, духмянае ад траў чыстае паветра прыемнымі былі ёй.
Маці ўмела шчыра, спагадліва слухаць чалавека. Помню, здаецца, у 1958 годзе ў Ленінградзе падняўся ў наш пакойчык на шостым паверсе старога дома Уладзімір Дубоўка. Узнік на парозе: "Пазнаеце?" Мама адразу: "Уладзік!" Развітваючыся позна ўвечары, сказаў: "Я да вас і заўтра прыйду: я яшчэ не выгаварыўся".
Памяць мама і ў старасці мела цудоўную. Праведвалі нас багацькаўцы — цікавілася ўсімі аднавяскоўцамі бацькі: хто жыў яшчэ, а хто ўжо ў нябыт пайшоў? Помніла ўсе іх імёны, прозвішчы і нават мянушкі. З Кірава (Вяткі) прыязджалі — прасіла расказаць пра былых суседзяў і супрацоўніц сваіх па дзіцячым садку, з Вільні, з Мінска — распытвалася пра лёс тых, з кім сустракалася ў свае даўнія маладыя гады. Дзіву даваліся, як гэта яна так добра, ясна ўсіх помніць. Аднойчы паднялася да нас (ліфт не працаваў) Уладзіслава Францаўна (Купаліха) і, аддыхаўшыся, сказала: "Гэта ж як мне трэба любіць Гарэцкіх, каб узлезці на такую вышыню!" Сваю прыязнасць, яшчэ з смаленскіх часоў 1918 года, да братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх пераносіла і на нас. У 1958 годзе дасць яна мне прытулак у сваёй кватэры на Омскім завулку, калі прыязджала я ў Мінск па справе рэабілітацыі бацькі. Тады ж перадала маме маёй у падарунак беражліва захаваную ёю чытанку "Родны край" (для 3 — 4-га гадоў навучання) за 1927 год. У нас гэтая кніжка не ўцалела ў 30-я гады.
У 1964 годзе напісала маці першую больш-менш поўную "Біяграфію М. I. Гарэцкага", паслала Ю. С. Пшыркову, па яго просьбе. Старалася дапамагчы звесткамі пра жыццё і творчасць бацькі ўсім, хто звяртаўся да яе з рознымі пытаннямі аб ім. Выверыла машынапісны тэкст рускага перакладу "Віленскіх камунараў" і "Ціхай плыні", за што перакладчык Агей Гатаў быў ёй удзячны, бо ўнесла ў пераклады нямала істотных правак.
Маці рупліва зберагала бацькаў архіў, у сакавіку 1971 года перадала яго ў ЦБ АН Беларусі.
У першыя гады яе жыцця ў Ленінградзе бывалі з ёю ў Марыінскім тэатры, слухалі оперы яе любімых кампазітараў — Рымскага-Корсакава, Чайкоўскага, глядзелі класічныя балеты. Яна любіла музыку Бетховена, Шуберта, Шапэна, Мусаргскага, Лядава, народныя песні. "Серэнада" Шуберта і опера Сен-Санса "Самсон і Даліла" напаміналі ёй лепшыя дні ў маладосці, былі звязаны з памяццю пра бацьку. А ён і ў Вятцы любіў пяяць "Серэнаду" Шуберта...
Часам наведвалі мы з мамай Эрмітаж. Рускі музей. ездзілі ў прыгожыя паркі горада Пушкіна, Пецяргофа, у Прыморскі парк. дзе было мноства кустоў ружы. Кветкі вельмі любіла. умела вырошчваць іх.
У канцы пяцідзесятых гадоў зноў пачала патроху пісаць. Напісала дзіцячае апавяданне "Верш дапамог" (рэдактар даў іншую назву— "Мой мілы таварыш...". спрачацца не стала). У 1960 годзе выйшаў зборнік "Жук" ("Андрэйка". "Жук". "Мой мілы таварыш..."). Збіралася маці заняцца творчай працай, напісаць больш грунтоўныя ўспаміны, але цяжкая хвароба сэрца не дазволіла. Восем апошніх гадоў жыцця была прыкутай да ложка. Дзівіла ўсіх сваёй цярплівасцю, вытрымкай. Чытала, калі дазвалялі сілы і зрок, вышывала, Да яе, нават зусім ужо хворай, прыязджалі блізкія нам людзі атрымаць разумную параду (а то і прачуханку!), падзяліцца бядою ці радасцю. Скрозь усё жыццё адметнымі рысамі яе былі бескарыслівасць, імкненне дапамагчы людзям хоць чым-небудзь, падзяліцца апошнім. У часе бацькавай ссылкі клапацілася пра бацькоў яго, дапамагала ім матэрыяльна, пра што пісаў Гаўрыла Іванавіч у той юбілейнай нататцы, пра якую я ўпамінала ў пачатку гэтых успамінаў. Закончу яшчэ адным, кранаючым душу маю, успамінам.
Вясною 1942 года ў свой дзень нараджэння ішла я з працы, сумна думаючы, што няма чым яго адзначыць. А дома чакаў мяне пасярод стала на белым абрусе вяцкі "ярушник". Мама перад тым паціху вышыла на невялікім кавалку палатна прыгожы ўзор і выменяла яго на рынку на гэты круглы хлеб з аўсянай мукі. Стварыў ён святочны настрой і на ўсё жыццё стаў для мяне знакам святой матчынай любові.
Галіна Гарэцкая
Жнівень 1993 г.
Санкт-Пецярбург
Леаніла Чарняуская
Успаміны пра знаемства i сустрэчы з Якубам Коласам
З паэзіяй і прозай Якуба Коласа (К. М. Міцкевіча) я больш дакладна пазнаёмілася ў пачатку 20-х гадоў, калі пачала працаваць у Віленскай 1-й Беларускай гімназіі і мне давялося заняцца ўкладаннем школьных чытанак. Больш даходлівымі для дзіцячага ўспрымання я знайшла вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ф. Багушэвіча.
О, край родны, край прыгожьі,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у евеце божым Гэтых светлых берагоў.
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе лясы-бары гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць? —
усхвалявана пісаў Я. Колас.
I я зразумела, што была як сляпая. Столькі гадоў хадзіла па роднай зямлі, а была да ўсяго безуважная, усё ішло міма: і хараство яе, і яе нядоля... Сіла таленту паэзіі Якуба Коласа такая. што я пановаму пачула пах цвітучай ліпы, салодкі дух канюшыны, дзятлавіны, асабліва пах чабору і іншага баравога зелля.
З якой ласкавай усмешкай піша паэт у паэме "Новая зямля" ў раздзеле "Раніца ў нядзельку", як маці пячэ аладкі, як моліцца дзядзька Антось: "I толькі дзядзька на двор ступіць, дык кулаком у грудзі лупіць..."
Я памятаю, як усміхаліся вучні нашай гімназіі, у большасці вясковыя дзеці, слухаючы або дэкламуючы верш "Раніца ў нядзельку".
Летам 1919 года я выйшла замуж за беларускага пісьменніка Максіма Іванавіча Гарэцкага. Ен быў аўтарам першага падручніка па "Гісторыі беларускай літаратуры". Я ведала, што Гарэцкі высока цаніў творчасць Якуба Коласа — Тараса Гушчы.
У Мінск Максім Іванавіч Гарэцкі разам са сваёй сям’ёй (я і двое нашых малых дзяцей: Лёня і Галя) пераехаў у канцы кастрычніка 1923 года. Нам далі два пакоі на трэцім паверсе на Савецкай вуліцы супраць сквера.
Як толькі мы абжыліся на новым месцы, у цёплы восеньскі вечар да нас прыйшоў Якуб Колас. Я ў першы раз пабачыла Канстанціна Міхайлавіча. Ен запрасіў нас на спектакль "Машэка". Пагаманілі троху і ўсе разам,пайшлі ў тэатр. Будынак тэатра быў за скверам, дом недалёка ад нашага дома.
У драме ігралі такія выдатныя артысты, як Ржэцкая, Галіна, Крыловіч, Ф. Ждановіч.
Мінула больш за сорак пяць гадоў, як я глядзела гэты спектакль. Ен застаўся ў маёй памяці неразрыўна звязаны з прысутнасцю на ім Канстанціна Міхайлавіча і Максіма, іхняй ацэнкай пастаноўкі.
Я. Колас з сям’ёй жыў тады на Камароўцы. Свой дом толькі меў намер будаваць.
Мы жылі, можна сказаць, у цэнтры горада, і Канстанцін Міхайлавіч часта наведваўся да Максіма, чытаў яму раздзелы з недрукаванай яшчэ паэмы ці апавядання, раіўся, як лепш напісаць, бо ведаў, што Гарэцкі ўважліва выслухае пісьменніка, выкажа свой погляд, а Колас потым сам разбярэцца, што варта ўвагі, што не.
Летам 1924 года, будучы ў Кіславодску, паэт падрыхтаваў да выдання другую рэдакцыю паэмы "Сымон-музыка", але калі ехаў назад у Мінск, па дарозе ў яго ўкралі чамадан з рукапісам, і чарнавікоў не засталося. Паэт бедаваў. (У другім чарнавіку Л. Чарняўскай: "Я толькі пажадала таму злодзею: "Каб табе ручкі пазалацелі, пароўна лакцей адляцелі",— праклён, які я чула ў дзяцінстве ад сваёй старой бабы".— Г. Г.) Дзякуючы самаахвярнай працы, Колас здолеў здаць паэму "Сымон-музыка" ў выдавецтва ў новай, трэцяй рэдакцыі. Ен падараваў нам гэтую кніжку з аўтографам: "Дарагому другу Максіму Гарэцкаму ад аўтара. Менск, 12 ІХ-1925".
У 1926 годзе Максіма Іванавіча запрасілі выкладаць беларускую літаратуру ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Пераехала разам з ім і наша сям’я.
Калі Гарэцкі наведваўся з Горак у Мінск, ён бачыўся з Коласам, і той абяцаў пры першай магчымасці наведаць Горкі.
Як было прыемна нам атрымаць ад яго пісьмо (дата 17 ІV-1927 г.), што прыедзе ў Горкі, нават не дачакаўшыся, калі распускаюцца на бярозах лісточкі. Вызначыў, што выедзе з Мінска 23/IV увечары і раніцой будзе ў Горках.
Наш дарагі госць згадзіўся сфатаграфавацца з невялікай групай жанчын-беларусак у фатаграфіі Арыэля. Здымак выйшаў вельмі добры, такі дарагі для нас.
Увосень 1927 года Коласу споўнілася 45 гадоў. Мы вырашылі паслаць яму гэты групавы здымак і віншаванне. Іван Андрэевіч Кіслякоў нарысаваў на даматканым палатне ўзор — каласы з васількамі, я старанна вышыла гэты ўзо’р. Друкарня сельскагаспадарчай акадэміі зрабіла прыгожую вокладку, куды мы, жанчыны, паклалі фотакартку і нашы віншаванні з юбілейнай датай. Адрас павезла юбіляру Стэфа Ганчарычыха (яна сядзіць у першым радзе побач з Паўлінай Мядзёлкай).
У пісьме ад 9 XI-1927 года Колас цёплымі словамі дзякуе за павіншаванне, жаліцца, што восеньская пагода гнілая, што творчая праца ідзе марудна, баліць нага. Спадзяецца, што калі перабярэцца ў новы дом, пісаць будзе лягчэй, бо палепшацца ўмовы. Запрашаў наведаць яго абавязкова ў новым доме, калі будзем у Мінску.
Максіму і мне стала сумна, што такі выдатны пісьменнік. такі аптыміст, які сваімі разважлівымі ласкавымі словамі мог падбадзёрыць другіх, сам зажурыўся.
У 1927 годзе выйшла мая першая дзіцячая кніжачка "Варка". (Відаць, недакладнасць. Гл. артыкул, с. 4.— Рэд.) Канстанцін Міхайлавіч параіў мне пісаць уласныя апавяданні для дзяцей. а не толькі перакладаць з чужой мовы, і добрыя яго словы былі пэўным штуршком для мяне як пісьменніцы.
У канцы 1928 года Максім Іванавіч пераехаў з сям’ёю ў Мінск і наняў кватэру на Шпітальнай вуліцы ў гаспадара Гольцмана. Новы дом Коласа быў недалёка ў Шпітальным завулку. Максім стаў працаваць у тэрміналагічным сектары АН БССР, хоць работа гэта была яму не па душы. I наогул было яму нявесела. Падрыхтаваны ім да друку зборнік, у які ён уключыў перапрацаваныя творы: "На імперыялістычнай вайне", "Антон", "Калёніі", "Генерал", "Рускі" і інш., Белдзяржвыдавецтва не прыняло, бо палітрэдактар Будзінскі даў адмоўны водзыў.
I тым прыемней было, што Канстанцін Міхайлавіч не змяніў прыхільных адносін да Гарэцкага. Колас сам часта заходзіў да нас, а яшчэ часцей наведваў яго Гарэцкі. Там ён сустракаў рускіх, украінскіх пісьменнікаў, якія лічылі гонарам для сябе пабачыцца з Якубам Коласам. У яго доме Максім пазнаёміўся з Гладковым, украінскімі паэтамі.
Максім адчуваў, як відавочна горшыліся да яго адносіны ў выдавецтве, у тэрміналагічнай камісіі, адносіны сям’і Коласа да нас не змяняліся.
Максім знайшоў новую кватэру на Людаманце, на Заслаўскай вуліцы, дом 5 (зараз 7), але перавозіў нас не ён, бо паехаў падлячыцца ў Крым. Вярнуўся ён у пачатку ліпеня, але на новай кватэры доўга не пажыў. Яго хутка арыштавалі па наветах "добрых людзей" і праз дзевяць месяцаў выслалі ў горад Вятку на пяць гадоў з улікам "адсідкі" у Мінску. Дабраўся ён у Вятку ў канцы чэрвеня 1931 года.
Мы — я і дзеці — засталіся яшчэ на зіму ў Мінску.
Кватэра была сцюдзёная, дарагая для нашага цяперашняга бюджэту, але ўсё-ткі ў ёй мы ні ад каго не залежалі, шчасце, якога мы пазбаўлены аж дагэтуль.
У Мінску да нас адносіліся добра. У выдавецтве мне давалі пераклады асобнымі кніжкамі мае апавяданні, вядома, дзякуючы аўтарытэту Коласа. Канстанцін Міхайлавіч часта пытаўся, што піша Максім з Вяткі, прыносіў дзяцём яблыкі з свайго сада.
(Запісана пазней Л. Чарняўскай асобна на двух старонках.— Г. Г.)
Калі Якуб Колас даведаўся, што Максім Гарэцкі ў 1931 годзе паедзе ў сылку ў горад Вятку, ён, каб падвесяліць мяне і дзяцей, расказаў такую чутую ім некалі быль (пераказваю яе па памяці).
Было гэта даўно, і чыгункі ад Вяткі да Масквы яшчэ не было, ездзілі вяціцы ў Маскву на конях. Вось запраглі ў сані добрага каня, запасліся сенам, харчамі і паехалі. Кажухі цёплыя, ногі ў такіх валенцах, што ні які мароз не прабярэ. Ну, але трэба і каня пакарміць, і самім падсілкавацца. Заехалі ў карчму пры бальшаку. Пагрэліся там гарэлкай, мясам. Выпілі добра, з людзьмі пагаманілі і трэба далей у Маскву ехаць. Ляглі ў санёх, укрыліся посцілкай.
— Но, кося! — і моцна заснулі адразу. А конь перамёрз. Куды ехаць па незнаёмай дарозе? I павярнуў назад дамоў. Трухаў не спяшаючы і прывёз да іхняе сядзібы ў Вятцы.
Выехалі купцы, калі святло было, а зімовы дзень кароткі, цёмна стала, ліхтары запалілі.
Прачнуліся падарожнікі, глядзяць: агні гараць, усцешыліся: "Масква, Масква!" —а потым укумекалі, што дамоў вярнуліся. Кажуць з расчараваннем: "Мы думалі, што гэта Масква-матка, а гэта наша Вятка".
Трэба было чуць, як апавядаў гэта Колас.
Дзеці смяяліся, пачуўшы пра гэту старадаўнюю падарож з Вяткі ў Маскву. Яны ведалі, што з Мінска ў Вятку бацька паедзе цягніком.
У Вятцы Максіму адвялі прахадны маленькі пакойчык. Але ў доме жылі людзі з чалавечымі пачуццямі, не зневажалі яго. Ен пісаў: "Ці варта пераязджаць Вам? Будзе і холадна, і голадна".
Але што. нам было рабіць? I летам 1932 года я і дзеці пераехалі ў Вятку. Дзеці пайшлі ў школу. Я з восені ўладкавалася на працу ў дзіцячы сад выхавацелькай. Максім працаваў у КУТШО (Комбинат учебно-технического школьного оборудования) і не кідаў літаратурнай працы. Хапаўся зрабіць што мог. I толькі дзіву можна давацца, як у яго ставала на гэта сілы.
У канцы 1932 года прыйшла пасылка і пісьмо ад Марыі Дзмітрыеўны, пісьмо такое добрае, уважлівае, з пажаданнямі ад Коласа. I як былі прыемны нам, без віны вінаватым, гэтыя ласкавыя словы.
У ліпені 1935 года Гарэцкаму далі сталы пашпарт, і ён паехаў на Смаленшчыну, бліжэй да бацькаўшчыны. Яго прызначылі настаўнікам у сярэднюю школу ў пасёлак Пясочню Заходняй вобласці (цяпер гэта р. ц. Кіраў Калужскай вобласці).
Максіма загрузілі работай па рускай літаратуры і мове ў розных класах. Працы хапала, сшыткі... сшыткі. А ён да ўсякай працы адносіўся сумленна. А калі толькі перападала вольная мінутка, пісаў "Камароўскую хроніку", вядома, яшчэ чарнавікі задуманай эпапеі. Жылося ніякава, здароўя ў яго зусім не стала. Уцехай для нас быў ліст ад Мані Іваноўскай. Яна напісала нам з Мінска, што Колас, спаткаўшыся з ёю ў тэатры, пытаўся, як мы жывем, што яна ведае пра нашу сям’ю, а яна не ведала нічога, бо мы не перапісваліся з ёй — такі быў час. Пазней ён падтрымліваў яе кандыдатуру ў дэпутаты райсавета.
У пачатку лістапада 1937 года начою да нас прыйшлі ўпаўнаважаныя МУС, паняты — дырэктар школы К. Азараў. Упаўнаважаны паказаў ордэр на вобыск і арышт. Забралі частку рукапісаў, фотакарткі. А тую фатаграфію, дзе Колас зазняты з жанчынамі ў беларускіх вопратках, пісьмы Коласа да мяне, пісьмо Марыі Дзмітрыеўны да нас у Вятку ветліва вярнуў мне. Разумны быў чалавек, ведаў, хто такі Якуб Колас. Пералічылі забраны матэрыял, напісалі акт. Дырэктар быў сумны-сумны, ён знаў, якога выкладчыка літаратуры будзе пазбаўлена Пясочанская школа.
Апрануўся Максім, і пайшлі яны з дому.
З Вязьмы ў пачатку студзеня 1938 года я мела ад Максіма кароткую пісульку. На добрае ён не спадзяваўся.
Лёня паехаў да Гурыка і яго сям’і ў Карэлію, а я з Галяй вярнулася ў Вятку (Кіраў абл.) у той дом, дзе мы жылі раней, а пасля нас у канцы лістапада 1935 года пасяліўся Адам Антонавіч Бабарэка з жонкай Ганнай Іванаўнай і дочкамі Лорай і Ляляй. У травені 1937 года Адам Антонавіч не па сваёй волі пакінуў сям’ю. Памёр ён у 1938 годзе ў Княж-Пагосце Комі АССР. Яго як літаратурнага крытыка пазней з сумам успамінае Якуб Колас: "Быў такі чалавек, які загінуў у завейных краях. Ен заўсёды меў сваю думку".
Я пісала з Кірава і ў пракуратуру, і ў ГУЛАГ. Пасылала запытанні ва ўсе адпаведныя ўстановы і, нарэшце, 1 лістапада 1939 года мяне выклікалі ў камендатуру МУС. Паведамілі, што Гарэцкі М. I. памёр 20 сакавіка 1939 года ў пасёлку Важаэль Комі АССР.
З кім мне было падзяліцца сваім горам?
Напісала ў Ленінград Галі і Лёні, Гаўрылу Іванавічу ў Салікамск і ў Мінск Якубу Коласу. Не ведаю, ці дайшло да яго гэта пісьмо. А мке стала лягчэй, бо Колас паспачуваў бы майму гору.
У 1941 годзе пачалася вайна з фашысцкай Германіяй. Пайшоў абараняць Ленінград Лёня, загінуў у 1944 годзе 18 II — на правым беразе ракі Шэлоні.
Калі быў вызвалены Мінск, папрасіла Коласа прыслаць мне даведку ад выдавецтва, што была перакладчыцай і што мае апавяданні выдаваліся асобнымі кніжкамі на працягу некалькіх гадоў.
Просьба мая была выканана. Прыйшла даведка і апошні ліст ад Канстанціна Міхайлавіча:
25 XII 1946
"Дарагая Леаніла Вусцінаўна!
Пасылаю патрэбную Вам спраўку. Як жывеце? Ці Вы пастанавілі на заўсёды астацца далёка ад радзімы? Праўда, яна разбурана. Але жыць тут усё ж лепей, чым па-за домам.
Я патрошку жыву. Страціў сына на вайне, а ў 1945 г. памерла мая Маруся.
Напішыце, як жывяце. Усяго лепшага.
Якуб Колас".
Памяці сына
Студзень 1922 года быў марозны, снежны. Жылі мы на Вострбрамскай вуліцы побач з Беларускай гімназіяй (Базыльян(скія) муры). Начою 19 студзеня прыйшлі рабіць "рэвізію" працаўнікі дэфензівы, і Максіма адвезлі ў турму на Лукішках.
Патрымалі яго там да пачатку лютага і таксама начою прывезлі на нашу кватэру. Далі паўгадзіны часу на развітанне з сям’ёй, параілі забраць цёплыя рэчы. Максім быў знерваваны, не разумеў, што да чаго. Я была цяжарная чацвёрты месяц.
Максім з групай ліцвіноў і беларусаў апынуўся ў Каўнасе, але не захацеў там асесці і перабраўся ў Латвію.
У пачатку ліпеня я павінна была радзіць, і Максім стараўся, каб яму дазволілі вярнуцца ў Вільню. Дазволілі. Прыехаў ён 5 ліпеня, а 15 нарадзіўся хлопчык, наш сын, і назвалі яго Леанідам. Быў ён здаровенькі, добра еў, добра спаў.
Галя дзівілася, адкуль ён узяўся, бегала міма яго ложка, дражнілася: "Лёнічка пасёначка", што азначала "парасёначак".
Пачаліся заняткі ў гімназіі. Але Максім не хацеў больш заставацца на "Крэсах усходніх". Трэба з сям’ёй перабірацца ў Мінск, бліжэй да Магілёўшчыны.
А тут неспадзявана навалілася вялікае гора. У Маскве загінула адзіная сястра Максіма — Ганна. Трапіла пад колы трамвая і праз некалькі дзён памёрла ў Яўзскай больніцы. Даведаўшыся ад брата Гаўрылы аб трагічнай смерці сястры, паехаў Максім у Варшаву прасіць, каб дазволілі яму хоць часова з’ездзіць у адведкі да бацькоў. Упёрліся: каб без звароту, дык можна. Але Максім тлумачыў: у яго тут жонка і двое малых дзяцей, адразу з імі не выбрацца. Нарэшце дазволілі. Перад выездам Максім сфатаграфаваўся з намі. Леня сядзіць у мяне на руках, тарэшчыць вочкі на святло. Галя разумее, што тата некуды паедзе досыць надоўга, троху сумная.
Калі пасля кароткага побыту ў Багацькаўцы Максім вярнуўся ў Вільню, наш пераезд у Сав.(ецкую) Бел.(арусь) быў вырашаны. У канцы кастрычніка 1923 года мы асталяваліся ў Мінску. Кватэру нам далі з двух пакояў на Савецкай вул. (б. Захараўскай), супраць сквера.
Максім наведаўся ў Багацькаўку. Прыехала яго маці, і мы ўздыхнулі весялей. Толькі дзівіцца трэба, як, хаваючы ў сабе такое цяжкое гора — трагічную смерць дачкі, яна так ласкава знаёмілася і са мной і з новымі ўнукамі. Галя і Лёня адразу прыгарнуліся, палюбілі сваю бабу.
Пасля даволі зацяжнога пераезду ў Мінск, Лёня, які ў Вільні пачынаў ужо хадзіць, на новым месцы, узяўшыся за руку маю ці бабы, хадзіў, хутка перастаўляючы ножкі, а як толькі адпускалі руку, мякаўся на падлогу. Баба цярпліва і ласкава заахвочвала яго, каб сам пачаў бегаць. I сапраўды, раз, калі Лёня стаяў, трымаючыся за ложак, яна паклікала: "Лёнічка, хадзі сюды, паглядзі, што ў мяне ў руках". Ен зацікавіўся, забыўся на свой страх і затупаў да яе. Пасля хадзіў сам ужо.
Калі прыйшло лета, мы ўсёй сям’ёй паехалі да бацькоў у Багацькаўку. На станцыю Цёмны Лес прыехалі начою. На небе хадзілі хмары, пагрымлівала. На станцыі жыў знаёмы чалавек Яхім Іванавіч. У яго быў добры конь. Ен спадзяваўся, што даедзем у Багацькаўку да дажджу. Некалькі вёрст праехалі добра, але калі ўехалі ў лясны гушчар, наляцела навальніца, паліў дождж. Маланка, перуны... Але над дзяцьмі мы зрабілі заслон з брызенту, дождж на іх і не капнуў. Яны спалі. Навальніца была такая, што, калі мы нагналі па лясной дарозе двух краснаармейцаў, яны ледзь не плачучы прасілі нас, каб дазволілі хоць торбы іхнія пакласці на калёсы. Самі яны казалі, што без клункаў пастараюцца не адстаць ад нашай фурманкі. Конь ехаў не шпарка. Калі мы выехалі з лесу на палявую дарогу, дождж паменшаў, пацішэў. Грымела ўжо недзе далёка. Пачало світаць.
Праязджаючы праз вёску Большая Багацькаўка, убачылі, што ля аднэй хаты стаяў грудок людзей. Пярун ударыў у высокае дрэва, яно дымілася, але заліўны дождж пагасіў агонь.
У М. Багацькаўцы чакалі нас бацькі і трывожыліся. Нарэшце супакоіліся, бо і мы цэлыя, і дзеці толькі зараз прачнуліся.
Сустрэлі нас добра. Галя і Лёня адразу адчулі сябе як у роднай сям’і. Усё іх цікавіла: і каровы, і свінні, і куры, і сад з кустамі парэчак, маліны; былі там яблыні, ігрушы, сліўкі. Рос вялікі куст "шуры". Галя падружылася з дзяўчаткамі, сваімі аднагодкамі, а Лёня хадзіў у лес разам з бацькам, шукалі грыбы. А калі ён стамляўся, Максім садзіў яго на плечы. Убачыўшы які вялікі аслізлы грыб, Лёня камандаваў: "Не бяры, ён чарвівы!"
У нашым (мінскім) доме ў тую восень многа дзяцей хварэла на водру. Захварэла і Галя. Але хвароба абышлася з ёй лёгка. Галя і не ляжала, і тэмпература не паднімалася. А Лёня ўсё хадзіў здаровы. Думалі, што так і абойдзецца. Раптам у канцы снежня Лёня моцна занядужаў. Ляжаў на маім ложку, кідаўся, смага сушыла яго вусны, не выпускаў маёй рукі, шаптаў: "Мама-ціка, ціка". Прасіў пяяць яму ціхенька пра сіўку-варонку. Пяяла і пра "Сіўку-варонку" і пра "Куму-кумачку" і "Шухі-шухі шуханічкі". А Лёня ўсё не лепшаў. Хадзіў да яго доктар з паліклінікі. Напалохаў, што будзе ў яго скула, якую трэба зараз безадкладна рэзаць, бо інакш гной яго задушыць. Непадалёку ад нас жыў стары доктар Рубінштэйн. Максім папрасіў яго паглядзець Лёню і параіць, што рабіць. Стары разумны доктар агледзеў хворага хлопчыка і пацвердзіў, што фурункул трэба рэзаць абавязкова, і параіў запрасіць доктара Шапіру. Гэты хірург быў вядомы па ўсёй Мінскай вобласці. Максім звярнуўся да яго. і хоць гэта было перад Новым (1925) годам, ён не адмовіўся прыйсі і ўскрыў гнайнік на шчацэ хлопчыка. Тэмпература адразу паменшала. і Лёня хутка палепшаў.
1925 год. Мінск
Вясна ў той год пачалася рана, і можна было выходзіць з Лёнем у сквер, што быў супраць нашага дома. Лёня, хоць і схуднеў троху пасля хваробы, быў прыгожанькі чарнавокі кучаравы хлопчык. Старыя яўрэйкі, што сядзелі на лавачках у скверы, гледзячы на яго, гаварылі: "О, шойненькі". Пыталіся, як яго завуць, хацелі прылашчыць, а ён не даваўся, казаў: "Не чапайце мяне, я сярдзіты". Дома ён любіў гуляць адзін. Цацкі — мячык, кубікі, мішкі. Гэтага мішку ён любіў больш за ўсе свае цацкі, хоць адно вуха ў мішкі было адарвана, вока адкалолася. Шукаў яго, калі закідаў дзе: "Дзе мой Мішачка?"
Максім уставаў рана, выходзіў з дому на работу. Прачынаўся і Лёня. Я апранала яго, гарэла лямпачка. Ен забаўляўся адзін, будаваў нешта з кубікаў. Часам будова не падабалася яму, кубікі грукалі, рассыпаліся. Але ён дамагаўся выканаць сваю задуму.
Раз, чую я, ён нешта сапе, поркаецца. Пытаюся: "Што там? Ён спакойным голасам адказвае: "Нічога, гэта любанькі Лёнічка чарніла разліў". Любанькім я часта называла яго, ну дык любанькаму дарую, бо ён жа несумысля змахнуў на падлогу чарнільніцу. Хацеў выцерці разлітае чарніла. Трэба было мылам і цёплай вадой мыць яму рукі, і ён цярпліва, бо пачуваў сябе вінаватым, падстаўляў далоні пад рукамыйнік.
Самай дарагой госцяй была для нас Максімава маці Афрасіння Міхайлаўна. Максім неспадзявана для сябе адкрыў, колькі песняў ведае яна. Запісаў іх, але на ноты сам не мог іх пакласці.
Запрасіў Аладава, пазней Ягорава.
Калі кампазітары запісвалі мелёдыі, маці цярпліва паўтарала песню, але стамлялася, голас у яе садзіўся. Леня часта сачыў, як запісвае песню Ягораў, і калі яго любая бабачка стамлялася, не магла пяяць, ён па прапанове Ягорава некаторыя песенькі выводзіў сваім дзіцячым галаском: "Кума мая, кумачка, дзе жывеш?" Асабліва яму падабалася песня "Ты, кумачка маладая, кафтаечка зеляная".
Улетку мы ўсёй сям’ёй пагасцявалі ў Багацькаўцы. А ў пачатку 1926 года Максім згадзіўся пераехаць у Горкі-Беларускія выкладчыкам бел. мовы і літаратуры ў Сельскагаспадарчай Акадэміі.
У Горках дзяцём жылося добра. Але калі ўлетку Максім паехаў у камандзіроўку ў Сібір і аж на Далёкі Усход, Леня часам сумаваў па бацьку, разжаліваўся, бег па дарозе да возера, лямантаваў: "Пажалейце мяне на чужой старане!" — гэта з песні, якую часам пяяла я.
У 1931 годзе Максім ужо быў у Вятцы. Леня пасылаў яму свае малюнкі — самалёцікі, танкі.
Раз, ідучы дамоў, пачуў, як гурчыць у небе самалёт, загледзеўся. Калі вярнуўся дамоў, пакуль яшчэ не ўціхла захапленне, склаў і запісаў кароценькі вершык: "У прасторах імчыцца, мчыцца і нікога не баіцца... і паветраныя хвалі гукам зычным разбівае".
Мы пераехалі ў Вятку. Галя пачала вучыцца ў школе імя Красіна (на вул. Свабоды), а Леня ў школе імя Тургенева. Захапленне мадэляваннем у Лені не спынялася. Улетку 1933 года мы перасяліліся ўжо на першы паверх у гэтым жа доме ў вялікі пакой. Неяк, майструючы мадэль планера, Леня пакалоў далонь іржавым цвіком. Рука забалела, распухла, гарачка прыкінулася, ноч ён не спаў, стагнаў ад болю. Я павяла яго ў паліклініку. Хірург-жанчына сказала, што трэба рэзаць гнайнік адразу безадкладна. Спыталася ў мяне: "Вы не самлееце, мамаша, не будзеце крычаць?" Я запэўніла, што не самлею і не крыкну...
Лёню падабалася жыццё ў Вятцы. Была рака, наўкола лясы, у лясох грыбы. Максім хадзіў з Галяй і Лёнем далёка ў лес, купаліся ў рацэ. Бацька часам клікаў сына: "Лявох!". Той ахвотна адгукаўся: відаць, падабалася.
У канцы 1934 года яшчэ адна хвароба навалілася на хлопца — шкарлятына. Павязлі яго ў інфекцыйную больніцу за горад. Зіма была лютая, вецер з ног валіў, пакуль я перабілася цераз пустэчу да больніцы. Дамоў, праз шэсць тыдняў, мы прывезлі яго на санях, захуталі, як маглі. Тыдні два ён ляжаў яшчэ дома, ногі не хадзілі. Але як палепшаў, пайшоў у школу і неастаўся ад другіх вучняў, перайшоў у наступны клас.
Тут і пераёзд у новы горад...
Пра жыццё ў Пясочні, пра школу Лёня ўспамінае ў сваіх франтавых пісьмах. I там, як і ў Вятцы (Кіраве), навакол былі лясы. Было толькі нейкае доўгае возера, якое цягнулася за лесам. Ля нашай кватэры (вуліца Леніна) быў невялікі ставок, які ўзімку цалкам замярзаў. Леня не ленаваўся ўстаць ранкам і перад тым, як ісці ў школу, бегаў па лёдзе на каньках. Канькі падараваў Ул. Іванавіч Пічэта, калі часова жыў у Вятцы. Ул. Іванавічу падабалася, што Леня захапляецца тэхнікай. Раіў Лёню не забывацца на спорт.
Увосень І936 года гасцявалі ў нас яго дзядзька Гурык з жонкай — дзядзінай Ларай. Гаўрыла Іванавіч браў з сабой на прагулкі па ваколічных мясцінах Лёню. гаварыў з ім, як з роўным, дзівіў хлапца сваімі ведамі, розумам.
Пасля прыйшоў 1937 год. Лёня з вучнямі свае школы паехаў у піянерлагер. Галя самастойна выправілася ў Багацькаўку. Восень гэтага года на ўсё Лёнева кароткае жыццё пакінула самыя балючыя ўспаміны. У пачатку лістапада ён назаўсёды развітаўся з бацькам. У адным са сваіх франтавых лістоў ён успамінае погляд, які затрымаў на ім бацька, выходзячы з дому. Памятае, што была ў гэтым развітальным поглядзе нібы надзея, што ўсё абойдзецца добра...
...Улетку (1938 г.) паехаў (Леня) да дзеда ў Багацькаўку. Рыхтаваўся там да экзаменаў у які-небудзь ленінградскі тэхнікум з інтэрнатам. Прынялі ў архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і толькі таму, што ўсе экзамены ён здаў вельмі добра.