Наталля Якавенка
Пісьменніцкі пераклад як мастацкае мадэляванне свету
Кожны літаратурны твор з’яўляецца мастацкай мадэллю свету, а яна, паводле вызначэння Яўгена Гарадніцкага, "гэта найперш структурна- вобразнае ўвасабленне ў творах уяўленняў аўтара пра свет. Пры гэтым аўтар, ствараючы адпаведную мастацкую мадэль свету, выражаючы ў ёй свае ўяўленні, разуменні, адчуванні, і самога сябе ўключае ў гэту мадэль". Адпаведна літаратурны, і асабліва пісьменніцкі пераклад, — таксама мастацкае мадэляванне свету, але больш складанае, двайное мадэляванне, бо ў ім суіснуюць дзве мадэлі свету і дзве творчыя асобы — пісьменнік-аўтар і пісьменнік-перакладчык.
Зразумела, што ствараецца гэтая мадэль паводле агульнай формулы "перакладчык — твор — чытач", але сутнасць пісьменніцкага перакладу насамрэч больш складаная, таму ўмоўна ў дачыненні да яго можна выкарыстаць формулу "пісьменнік-перакладчык — твор — чытач", якая не дазваляе абысці ўвагай асобу перакладчыка і яго манеру мастацкага мадэлявання свету, тым больш, калі перакладчыкамі з’яўляюцца такія выдатныя пісьменнікі, як Максім Гарэцкі і Максім Лужанін.
Максім Гарэцкі як перакладчык рамана Аляксандра Фадзеева "Разгром"
Таленавіты празаік, крытык, літаратуразнаўца, перакладчык, публіцыст, асветнік, выдавец, грамадскі дзеяч Максім Гарэцкі, як адзначае Тамара Тарасава, "вызначыў свой шлях экзістэнцыялізацыі рэалізму ў беларускай прозе першай трэці ХХ ст. Пісьменнік узняў праблемы маральных меж, грамадства без Бога, сфармуляваў канцэпцыю суадносін розуму і маралі. Прыём "раздваення душы" выступаў у М. Гарэцкага як "інструментарый" яе аналізу. Памежныя (крызісныя) сітуацыі "ваеннай" прозы беларускага мастака выяўлялі падсвядомыя глыбіні чалавечай душы. Распаўсюджаны ў М. Гарэцкага матыў пакут паглыбляў веды чалавека пра сябе і пра свет, захоўваў у ім асобасныя характарыстыкі… Беларускі пісьменнік паказаў трагічную антынамічнасць свабоды, якая паўставала адначасова як вялікі дар і як цяжар. М. Гарэцкі ўвёў у нацыянальную літаратуру сузіральны тып чалавека з "разарванай" свядомасцю. Экзістэнцыяльны вопыт пісьменніка стаў важным фактарам фарміравання трагічнага светаадчування асобы ў беларускай прозе ХХ ст.".
Аналізаваўся аўтарскі пераклад рамана Максіма Гарэцкага "Віленскія камунары", што пісаўся ў палітычнай ссылцы ў Вятцы (1931—1932 гг.), пасля якой адбыўся чарговы арышт. Пазней — у 1934 і 1937 гг. — М. Гарэцкі стварыў два варыянты рамана на рускай мове, але яны так і не выйшлі з друку. Вельмі небяспечнай была праўда, якую паказваў празаік у гэтым творы. Выдатна разумеючы гэта, ён "перастрахоўваўся" падчас аўтаперакладу на рускую мову і жорстка крэсліў свой раман — вялікая асцярожнасць М. Гарэцкага ў асвятленні гістарычных падзей выклікала значную аўтацэнзуру ў перакладзе. У выніку аўтапераклад "Віленскіх камунараў" з’яўляецца не проста рускамоўным варыянтам, а новай рэдакцыяй твора і разам з тым — знакавым дакументам свайго часу. На падставе гэтых асаблівасцей аўтарскі пераклад "Віленскіх камунараў" смела можна назваць неардынарнай з’явай як у гісторыі беларускай літаратуры, так і ў тэорыі мастацкага перакладу.
Аўтаперакладу папярэднічала сур’ёзная перакладчыцкая праца М. Гарэцкага з творамі іншых празаікаў: у 20-я гады ён пераклаў на беларускую мову апавяданні М. Горкага "Канавалаў", "Чалкаш", "Зброднік" і раман А. Фадзеева "Разгром", выдадзеныя ў 1930 г. пад псеўданімам А. Мсціслаўскі, аповесці Ю. Лібядзінскага "Камісары" (пераклад надрукаваны ў 1930 г. пад прозвішчам перакладчыка) і "Тыдзень" (надрукаваны ў 1930 г. без пазначэння прозвішча перакладчыка).
Навуковы аналіз створаных М. Гарэцкім перакладаў апавяданняў М. Горкага зрабіў Міхась Кенька, які акрэсліў перакладчыцкі метад пісьменніка наступным чынам: "Для перакладаў М. Гарэцкага на беларускую мову характэрна імкненне перакладаць творча, удумліва. Ён настойліва шукаў слова, якое найбольш поўна ўбірала ў сябе сэнс рускага адпаведніка, жыло адным жыццём з усёй фразай. У гэтым пераконваемся, калі супастаўляем пераклады М. Гарэцкага з арыгіналамі, з аналагічнымі перакладамі іншых аўтараў". Здзейснены М. Кенькам аналіз перакладаў М. Гарэцкага яскрава паказвае на выяўленне пісьменнікам-перакладчыкам поўнага спектру перакладчыцкіх здольнасцей — літаратурна-мастацкіх, навукова-даследчых, лінгвістычных і здольнасці да "пераўвасаблення ў перакладаемага аўтара". Гэта не дзіўна, калі, акрамя мастацкага таленту, улічыць шырокае кола творчай і грамадскай дзейнасці М. Гарэцкага і такія якасці яго характару, як адказнасць, мэтанакіраванасць, тактоўнасць і інш.
Пры тым даследчык творчасці М. Гарэцкага Міхась Мушынскі справядліва і своечасова ставіць пытанні выбару ім твораў для перакладу, або перадумоў яго перакладчыцкай дзейнасці: "Якімі мастацкімі крытэрыямі кіраваўся Гарэцкі, вылучаючы з бязмежнага мора расійскага прыгожага пісьменства апавяданні М. Горкага, аповесці Ю. Лібядзінскага, раман А. Фадзеева? Чаму на месцы пералічаных празаікаў не аказаліся імёны тых, у каго ён вучыўся, чый мастацкі вопыт паспяхова засвойваў, напрыклад, Л. Талстога, І. Буніна, А. Чэхава? Ці назіраецца ў ажыццёўленым выбары пэўная заканамернасць? Ці галоўную ролю тут адыгрываў сацыяльны заказ часу, бо гаворка ішла ўсё ж пра творы, у пераважнай большасці сугучныя эпосе барацьбы за ўсталяванне рэвалюцыйных ідэалаў? Атрымаць вычарпальны адказ на пастаўленыя пытанні пакуль што не ўяўляецца магчымым, патрэбны далейшыя сур’ёзныя пошукі, у тым ліку дакументальных матэрыялаў. Але некаторыя папярэднія меркаванні выказаць можна. Так, сацыяльна-грамадская абумоўленасць звароту да твораў М. Горкага, Ю. Лібядзінскага, А. Фадзеева прагляд ваецца даволі выразна. Сапраўды, і Лібядзінскага, і Фадзеева крытыка 20-х гадоў ацэньвала як найбольш таленавітых, найбольш значных прадстаўнікоў маладой савецкай літаратуры. Аўтарытэт Горкага як заснавальніка гэтай літаратуры па-ранейшаму заставаўся бясспрэчным. Нельга забываць і пра тое, што перакладзеныя Гарэцкім на беларускую мову творы выйшлі з друку ў 1930 г., калі пагрозлівая атмасфера вакол пісьменніка ўвесь час згушчалася, а 18 ліпеня таго ж года ён быў арыштаваны. Гэтыя факты наводзяць на думку, што М. Гарэцкі, улічваючы ўсе акалічнасці, мог пагадзіцца з прапановай перакласці творы, якія, магчыма, не адпавядалі цалкам яго светапогляднай арыентацыі, але, па-першае, былі сугучныя тагачасным ідэалагічным устаноўкам. Па-другое, апавяданні Горкага, раман Фадзеева — гэта ў рэшце рэшт не павярхоўная белетрыстыка, не займальная чытаніна, а творы, прыналежныя да класікі рускай літаратуры і высока ацэненыя крытыкай і чытачом".
Акрамя таго, М. Гарэцкі — удзельнік Першай сусветнай вайны (у якасці бамбардзіра-тэлефаніста 2-й батарэі 27-й артылерыйскай брыгады прымаў удзел у зацяжных баях ва Усходняй Прусіі і за мужнасць, праяўленую ў час бою пад г. Аленбургам 27 жніўня 1914 г., узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені; праз два месяцы быў цяжка паранены ў нагу і доўга лячыўся ў шпіталях), а Ю. Лібядзінскі і А. Фадзееў — удзельнікі Грамадзянскай вайны, "і яму як аўтару "Сібірскіх абразкоў", "Люстрадзёна", — піша М. Мушынскі, — таксама пабудаваных на асабістых назіраннях, на матэрыяле бягучага жыцця, было цікава паназіраць, як непасрэдныя ўдзельнікі ўвасаблялі свае думкі, перажыванні ў мастацкім вобразе, як яны асэнсоўвалі канкрэтныя факты, з’явы і якой аказалася пабудова гэтых аповесцей і рамана. Прычым паназіраць не на чытацкім, а, як і ў выпадку з апавяданнямі Горкага, на прафесійным узроўні за трансфармацыяй разрозненых фактаў, жывой эмпірыкі ў мастацкую цэласнасць. Не менш актуальным было і другое пытанне: як маладыя савецкія пісьменнікі, носьбіты "перадавога марксісцка-ленінскага светапогляду", практычна ажыццяўлялі ідэалагічную ўстаноўку партыі на стварэнне вобраза новага чалавека, актыўнага, дзейснага, прасякнутага прагай рэвалюцыйнага абнаўлення старога свету, як яны вырашалі праблему народ і інтэлігенцыя. Ды і чыста мастакоўскія аспекты — шляхі станаўлення характару героя, суадносіны грамадскага і асабістага, маральнае аблічча рэвалюцыянера і г. д. — таксама ўяўлялі для беларускага пісьменніка жывы інтарэс.
І тут, несумненна, вопыт новай генерацыі савецкіх празаікаў для Гарэцкага аказаўся зусім не лішнім, бо і "Сібірскія абразкі", і "Люстрадзён", у якіх дзейнічалі сучасныя пісьменніку героі, яшчэ чакалі свайго працягу і завяршэння. Таксама і ў "Камароўскай хроніцы" аўтар выходзіў на актуальныя праблемы, народжаныя супярэчнасцямі новага паслярэвалюцыйнага часу.
Сапраўды, у рамане Фадзеева мы знаходзім багата жорсткай праўды пра Грамадзянскую вайну і партызанскі рух на Далёкім Усходзе. Напрыклад, галоўны герой "Разгрому" Левінсон, калі партызанскі атрад трапіў у цяжкую сітуацыю, ідзе на рабаўніцтва мясцовага насельніцтва, забірае прадукты харчавання, а цяжка параненага партызана Фралова фактычна асуджае на смерць. Быў расстраляны кулак, які выдаў белым Мяцеліцу. Як бачым, партызанская вайна не ідэалізавалася, яна была адлюстравана праўдзіва, у традыцыях рэалістычнага мастацтва. Выключная папулярнасць рамана "Разгром" у чытацкім асяроддзі і высокая ацэнка крытыкі яшчэ раз пераканалі Гарэцкага ў тым, што толькі паслядоўная арыентацыя пісьменніка на вострыя сацыяльныя супярэчнасці, па-грамадзянску смелае адлюстраванне праўды жыцця, раскрыццё канфлікту праз лёсы канкрэтных людзей можа забяспечыць твору надзейны поспех. І яшчэ для рамана Фадзеева былі характэрны адсутнасць дэкларатыўнасці, адказ ад публіцыстычна аголенага раскрыцця тэмы. Пільная ўвага да псіхалагічнага стану героя, да перажыванняў дзеючых асоб і іх асабістых стасункаў (Марозка — Вара — Мечык) таксама дапамагала пісьменніку стварыць глыбока праўдзівы мастацкі дакумент эпохі".
Такім чынам М. Мушынскі тлумачыць сутнасць першай перадумовы перакладчыцкай дзейнасці Максіма Гарэцкага — эмпатыі. Пры тым, у дачыненні да перакладу рамана А. Фадзеева "Разгром", варта дадаць наступнае. Тагачасныя крытыкі "Разгрому" "віталі скіраванасць пісьменніка да “заглыбленага псіхалагізму”", якім вызначаецца таксама творчасць Максіма Гарэцкага. Гэта значыць, што яго эмпатыя да рамана А. Фадзеева мае вельмі важны кампанент — блізкасць творчай манеры, што грунтуецца на блізкасці светаўспрымання і, адпаведна, на блізкасці мастацкага мадэлявання свету, пра што па сутнасці сказаў М. Мушынскі.
І ёсць яшчэ адзін эмпатычны кампанент, не ўлічаны даследчыкам, — суперажыванне М. Гарэцкага герою твора А. Фадзеева Мечыку, які атрымаў цяжкое раненне ног і ляжаў у шпіталі. Акрамя таго, вобраз партызана Фралова, несумненна, таксама быў добра "знаёмы" М. Гарэцкаму — падчас свайго лячэння ў шпіталях ён бачыў падобных людзей і глыбока суперажываў іх трагічным лёсам, што неаднойчы выразіў у арыгінальнай творчасці на ваенную тэматыку. Гэта тое самае "фонавае веданне" — жыццёвы досвед пісьменніка-перакладчыка, якое адыгрывае не апошнюю ролю пры выбары твора для перакладу і падчас працы над ім.
Аднак звернемся непасрэдна да перакладу рамана "Разгром", створанага М. Гарэцкім.
Заўважанае М. Кенькам імкненне пісьменніка-перакладчыка пераствараць апавяданні М. Горкага "творча, удумліва" выразна выяўляецца і ў перакладзе рамана А. Фадзеева. Як і тады, М. Гарэцкі "настойліва шукаў слова, якое найбольш поўна ўбірала ў сябе сэнс рускага адпаведніка, жыло адным жыццём з усёй фразай", чаму ёсць наступныя пацвярджэнні.
Урывак з арыгінала:
"Напевным голоском, как деревенский дьячок, Пика рассказывал о сыне — бывшем красногвардейце. — Да-а… Приходит это он до меня. Я, конешно, сидю на пасеке. Ну, не видались давно, поцеловались — дело понятное. Вижу только, сумный он штой- то… "Я, говорит, батя, в Читу уезжаю". — "Почему такое?.." — "Да там, говорит, батя, чехословаки объявились". — "Ну-к что ж, говорю, чехословаки? Живи здесь; смотри, говорю, благодать-то какая?.." И верно: на пасеке у меня — только шти не рай: березка, знаишь, липа в цвету, пчелки… в-ж-ж… в-ж-ж…".
Пераклад:
"Пявучым галаском, як вясковы дзячок, Піка апавядаў пра сына — былога чырвонагвардзейца. —Та-ак… Прыходзіць гэта ён да мяне. Я, канечне, сядзю на пасецы. Ну, не бачыліся даўно, пацалаваліся — справа вядомая. Бачу толькі, сумны ён штось- ці… "Я, — кажа, — татуль, у Чыту выязджаю". — "Чаму гэта так?.." — "Ды там, — кажа, — татуль, чэхаславакі з’явіліся". — "Ну дык што-ж, — кажу, — чэхаславакі?.. Жыві тут; глядзі, — кажу, — дабрыня якая?.." І праўда: на пасецы ў мяне — як не рай: бярозка, ведаеш, ліпа цвіце, пчолкі… ж-ж-ж… ж-ж-ж…".
У мастацкім творы іншамоўныя, або дыялектныя ці размоўна-бытавыя, як у дадзеным выпадку ў творы А. Фадзеева, элементы з’яўляюцца стылістычным сродкам стварэння мастацкага вобраза. Але падчас перастварэння на блізкароднасную беларускую мову, якая ў сваёй літаратурнай традыцыі мае народна-гутарковую аснову, выкарыстанне падобных тэхнічных прыёмаў або цалкам адпадае, або колькасна і якасна змяншаецца. Захаванне аўтарскага стылю ў такіх выпадках вымагае ад перакладчыка большага творчага пошуку, чым звычайна.
Падкрэсленыя фрагменты тэксту ў прыведзеных прыкладах з арыгінала і перастварэння паказваюць на тыя "падводныя камяні", з якімі сутыкнуўся М. Гарэцкі, і якія не дазволілі яму зрабіць поўнасцю рэлевантны пераклад — ёсць змястоўная і фармальная рэлевантнасць, але з мастацкага боку перастварэнне іррэлевантнае, бо мастацкі вобраз страціў частку сваёй каларытнасці. Віной таму не недахоп літаратурна-мастацкіх і лінгвістычных здольнасцей пісьменніка-перакладчыка, а, кажучы тэхнічнай мовай, супраціўленне матэрыялу.
Арыгінальная фраза "Приходит это он до меня" цалкам не адпавядае літаратурнаму стылю рускай мовы, але адпавядае яе простамоўнаму стылю, таму і была ўжытая аўтарам для характарыстыкі героя твора — вясковага дзядзькі. Аднак у падкрэсленых фрагментах выраз адпавядае і гутарковаму, і літаратурнаму стылю беларускай мовы. Яна не магла быць перакладзена іншым чынам, акрамя як "Прыходзіць гэта ён да мяне", таму страты каларытнасці і адметнасці выказвання былі непазбежныя.
Ужытае ў арыгінале слова "конешно" перадае простамоўны стыль з дапамогай адной літары — "ш" замест "ч", але змененая такім жа чынам літара ў перакладзе не адыграла б такой жа ролі, таму што беларускай мове ўласцівае вымаўленне гэтага слова менавіта як "канешне", і дапускаецца адпаведнае напісанне.
Арыгінальнае слова "сумный" з’яўляецца ўкраінізмам (утворана ад украінскага "сумний", блізкага да беларускага "сумны") і ў перакладзе на беларускую мову не можа выглядаць інакш як "сумны".
Рускае размоўнае слова "батя" таксама паходзіць ад украінскага "батько", падобнага да беларускага "бацька", якое ў адпаведнай рускаму маўленню форме — "баця" было б нязвыклым і выбівалася б з агульнага стылю выказвання. Таму М. Гарэцкаму давялося шукаць нестандартны, але арганічны для беларускай мовы адпаведнік. Выкарыстанае ім слова "татуль" мае памяншальна-ласкальнае адценне, якое не зусім адпавядае выкарыстанаму ў арыгінале слову, але "жыве адным жыццём з усёй фразай".
І, нарэшце, выказванне "только шти не рай". Яго простамоўны стыль стварае неадпаведная рускаму літаратурнаму стылю сінтаксічная канструкцыя і слова "шти", ужытае на ўкраінскі манер. Фармальна рэлевантны пераклад на беларускую мову выглядаў бы як "толькі што не рай" і не надаў бы асаблівага каларыту, зноў жа дзякуючы натуральнасці для беларускай мовы падобнага словаўжывання. Выкарыстаная М. Гарэцкім змястоўна рэлевантная, але фармальна іррэлевантная форма "як не рай" таксама не прыўносіць патрэбнага каларыту, але яна не настолькі пашыраная, як магчымая фармальна рэлевантная канструкцыя фразы.
Такім чынам, частковую рэлевантнасць перастварэння ў дадзеным выпадку вызначылі, кажучы словамі Аляксандра Лукашанца, "адрозненні гістарычных шляхоў развіцця беларускай і рускай літаратурных моў, апора на кніжную традыцыю рускай мовы і, як вынік, наяўнасць вялікага пласта стараславянізмаў, у тым ліку і словаўтваральных, з аднаго боку. А з другога боку, перапынак пісьмовай традыцыі і народна-гутарковая база новай літаратурна-пісьмовай беларускай мовы. Усё гэта прадвызначыла неаднолькавую прадуктыўнасць адных і тых жа словаўтваральных сродкаў у супастаўляльных мовах і розную лексічную спалучальнасць (словаўтваральную валентнасць)".
Выкарыстаная М. Гарэцкім у межах лінгвістычных магчымасцей беларускай мовы перакладная словаўтваральная валентнасць — "здольнасць слова ці фразеалагізма спалучацца з іншымі словамі (фразеалагізмамі)". Дапамагла стварыць яму ў цэлым адэкватны, але часткова рэлевантны пераклад, што дае падставы для адпаведных тэарэтычных разваг.
Адэкватнасць перастварэння — гэта яго стылістычная і сэнсавая адпаведнасць арыгіналу, "функцыянальная раўназначнасць элементаў арыгінала і перакладу. Замена элементаў арыгінала пры перакладзе такім спосабам, каб інварыянтнае падабенства значэнняў і іх стылістычная каштоўнасць былі ідэнтычныя".
Рэлевантнасць перастварэння — адпаведнасць перакладнога тэксту, або яго асобных элементаў, арыгінальнаму, якая разам са стылістычнай і сэнсавай эквівалентнасцю дае практычную і сацыяльную прымяняльнасць перакладу ў іншамоўным і іншакультурным асяроддзі.
Адэкватнасць з’яўляецца галоўнай праблемай і задачай перакладу. Рэлевантнасць — важны кампанент перакладу, які адыгрывае рашаючую ролю ў працэсе чытацкага ўспрымання перакладнога тэксту. Поўная ці частковая адсутнасць рэлевантнасці (іррэлевантнасць) стварае пэўную эстэтычную дыстанцыю паміж перакладным творам і чытачом, нават пры ў цэлым адэкватным перакладзе, які дазваляе мова перакладу.
Але, як відаць з разгледжанага прыкладу перастварэння, іррэлевантнасць можа быць вымушанай, абумоўленай моўнымі законамі і магчымасцямі, у прыватнасці магчымасцямі словаўтваральнай валентнасці мовы перакладу. У такім выпадку яна не з’яўляецца памылкай перакладчыка, не можа ставіцца яму ў віну і не можа быць паказчыкам яго перакладчыцкага метаду і перакладчыцкіх здольнасцей.
Прыведзены вышэй урывак з арыгінала і перакладу выключны для рамана "Разгром". Ніжэй прыводзяцца найбольш характэрныя для перакладчыцкай творчасці Максіма Гарэцкага прыклады.
Арыгінал:
"— Свезешь в отряд Шалдыбы, — сказал Левинсон, протягивая пакет. — На словах передай… впрочем, не надо — там все написано.
Морозка недовольно отвернул голову, заиграл плеткой — ехать не хотелось. Надоели скучные казенные разъезды, никому не нужные пакеты, а больше всего нездешние глаза Левинсона…
"Жулик", — подумал ординарец, обидчиво хлопая веками…".
Пераклад:
"— Завязеш у Шалдыбін атрад, — сказаў Левінсон, даючы пакет. — На сло- вах перакажы… урэшце не трэба — там усё напісана.
— Марозка нездаволена адвярнуў галаву і заняўся махаць бізуном — ехаць не хацелася. Абрыдлі нудныя казённыя раз’езды, нікому непатрэбныя пакеты, а больш за ўсё — нетутэйшыя Левінсонавы вочы…
"Круцель, — падумаў ардынарац, крыўдна лупаючы павекамі…".
Падкрэсленыя фрагменты тэксту паказваюць на змястоўную і мастацкую рэлевантнасць пры фармальнай іррэлевантнасці перакладу, што ўсё разам дае эфект адэкватнага і вельмі добрага з мастацкага боку перастварэння і паказвае найперш на літаратурна-мастацкія здольнасці (якія з’яўляюцца вырашальнымі, дамінуючымі ў перакладчыцкай практыцы пісьменніка), а таксама навукова-даследчыя і лінгвістычныя перакладчыцкія здольнасці М. Гарэцкага.
Разгледзім гэтыя прыклады падрабязна: "отряд Шалдыбы" — "Шалдыбін атрад", "заиграл плеткой" — "заняўся махаць бізуном" — змены сінтаксічных канструкцый у перакладзе, зробленыя, хутчэй за ўсё, з мэтаю наблізіць тэкст да характэрнага для беларусаў стылю маўлення; "надоели" — "абрыдлі", "скучные" — "нудныя" — словы не аднасэнсоўныя, але блізкія паводле сваіх канатыўных значэнняў, прычым пераклад узмацняе псіхалагічную афарбоўку слоў, ужытых у арыгінале. Падобна, што, з пункту гледжання М. Гарэцкага, літаральны пераклад ("надоели" — "надакучылі", "скучные" — "сумныя") быў бы фармальна рэлевантным, але не дастаткова яркім, каб перадаць псіхалагічнае напружанне героя твора.
Трэба сказаць, што калі б у арыгінале замест слоў "надоели" і "скучные" былі ўжытыя адпаведныя беларускім "опротивили" і "нудные", псіхалагічны малюнак толькі б выйграў. Падобнае назіраецца і ў наступным прыкладзе — "жулик" — "круцель", дзе падабранае пісьменнікам-перакладчыкам слова найбольш адпавядае намаляванай аўтарам псіхалагічнай сітуацыі.
У перакладзе М. Гарэцкага сустракаюцца выпадкі, дзе ён дазваляе сабе яшчэ больш "папраўляць" А. Фадзеева, прычым, як гэта ні дзіўна, на карысць твору.
"Он посмотрел на свои тонкие, исхудавшие пальцы, ноги под одеялом, скованные лубками, и старые, загнанные внутрь обиды вспыхнули в нем с новой силой, и душа его сжалась в смятении и боли".
"Ён паглядзеў на свае тонкія, схудзелыя пальцы, ногі пад коўдраю, скутыя лубкамі, і старыя, загнаныя ў нутро крыўды ўспыхнулі ў ім з новаю сілаю, і душа яго сціснулася, як паранены звярок, у балючым непакоі".
Аўтарская фраза "и душа его сжалась в смятении и боли" лаканічна і строга, але дастаткова добра перадае псіхалагічны стан героя твора. У перакладзе — "і душа яго сціснулася, як паранены звярок, у балючым непакоі" мы бачым не проста выразны, а шчымлівы псіхалагічны малюнак, дзе прыўнесеная перакладчыкам мастацкая вобразнасць ("як паранены звярок") і мастацкае пераасэнсаванне ("в смятении и боли" — "у балючым непакоі") пазбаўляюць фразу "лаканічнай строгасці", паглыбляюць псіхалагізм і тым самым садзейнічаюць большаму чытацкаму суперажыванню і лепшаму ўспрыманню твора ў сістэме, вызначанай формулай "пісьменнік-перакладчык — твор — чытач".
Будучы перакладчыкам, М. Гарэцкі не перастаў быць пісьменнікам, і тут дарэчы згадаць пра сувымернасць талентаў падчас "бязлітаснай барацьбы пера- кладчыка з перакладаемым аўтарам" (паводле К. Чукоўскага), калі "буйная індывідуальнасць" перакладчыка "сваёй велічынёй можа падавіць" аўтара (паводле І. Кашкіна).
Прыведзеныя прыклады перакладу, як і ўсе наступныя, якія будуць прапаноўвацца ніжэй, сведчаць пра тое, што М. Гарэцкі ні свядома, ні падсвядома не "змагаўся" з А. Фадзеевым. Абодвум пісьменнікам уласціва рэалістычная манера пісьма і псіхалагічная заглыбленасць мастацкага адлюстравання свету, але творчасць беларускага празаіка робіць адметнай тое, чаго няма ў творчасці рускага — тонкая настраёвасць, пачуццёвасць і лірызм. І менавіта гэтыя якасці ён прыўносіць у твор А. Фадзеева, прычым робіць гэта далікатна, не "па-змагарску", а "па-сяброўску", з уласцівымі яму адказнасцю і тактоўнасцю. Такім чынам, "буйная індывідуальнасць" перакладчыка не падаўляе аўтара, але пакідае свой выразны адбітак.
Акрамя таго, гэты і прааналізаваныя вышэй прыклады перакладу сведчаць пра тое, што М. Гарэцкі не змог ці не захацеў "пераўвасобіцца ў перакладаемага аўтара", бо для гэтага неабходна было пазбавіцца ад уласнай пісьменніцкай адметнасці. Наступны прыклад паказвае, як ён "пераўвасабляецца", але не да канца, ілюструючы аксіёму К. Станіслаўскага, паводле якой "чалавек не можа пераўвасобіцца ў вобраз іншага, поўнасцю адмовіўшыся ад самога сябе, ад сваіх уласцівасцей і якасцей".
Арыгінал:
"Вскоре недостаток продовольствия заставил их выйти в соседнюю долину. В течение нескольких дней отряд метался по улахинским притокам, изнывая в боях и мучительных переходах. Незанятых хуторов оставалось все меньше, каждая крошка хлеба, овса добывалась с боем; вновь и вновь растравлялись раны, не успевшие зажить. Люди черствели, делались суше, молчаливей, злей".
Пераклад:
"Неўзабаве недахоп харчу прымусіў іх выйсці ў суседнюю даліну. У працягу некалькіх дзён атрад кідаўся па улахінскіх прытоках, марнеючы ў баях і цяжкіх пераходах. Незанятых хутароў заставалася ўсё меней, кожная крошка хлеба, аўса здабывалася з боем, ізноў і ізноў растраўляліся раны, не паспеўшы загаіцца. Людзі чарсцвелі, рабіліся няласкавыя, маўклівыя, злосныя".
На першы погляд — поўная рэлевантнасць перакладу. Перакладчык як бы ідзе ўслед за аўтарам, перастварае надзвычай блізка да арыгінальнага тэксту, але ў апошнім сказе, хутчэй за ўсё бессвядома, дапускае змястоўную іррэлевантнасць на ўзроўні тонкіх, амаль няўлоўных сэнсавых адценняў, што не ўплывае на змест і мастацкія асаблівасці прыведзенага ўрыўка ў перакладзе і на адэкватнасць перастварэння, але паказвае розніцу паміж перакладчыцкім і аўтарскім светаўспрыманнем.
У А. Фадзеева — людзі "черствели, делались суше, молчаливей, злей", г.зн. яны раней былі чэрствыя, сухія, маўклівыя і злыя, а перажытыя пакуты дадавалі ім гэтых якасцей яшчэ больш. У М. Гарэцкага — людзі "чарсцвелі, рабіліся няласкавыя, маўклівыя, злосныя", г.зн. раней яны былі ласкавыя, немаўклівыя і нязлосныя, а ваеннае ліхалецце надавала ім адмоўныя якасці і прымушала чарсцвець душой. Акрамя таго, звяртае на сябе ўвагу "замена", створаная М. Гарэцкім, — чалавечую сухасць ён "памяняў" на няласкавасць. Так у перакладзе "сустрэліся" два мастацкія стылі — бескампрамісны сацыялістычны рэалізм і гуманістычна скіраваны "экзістэнцыялізаваны рэалізм" (паводле Т. Тарасавай), а таксама дзве мастацкія мадэлі свету, адна з якіх дазваляе бачыць і адлюстроўваць або толькі чорнае, або белае, а другая дапускае рознакаляровасць, паўтоны і адценні.
Між тым, у перакладзе "Разгрому" нярэдкія выпадкі поўнай рэлевантнасці перастварэння, напрыклад:
"Мечик не смотрел на него, даже не слушал, но с каждым его словом что-то тихо вздрагивало в нем, словно чьи-то робкие пальцы обрывали в душе с живого стебля уже завядшие листья. "Все это кончилось и никогда не вернется…" — думал Мечик, и ему жаль было своих завядших листьев".
"Мечык не глядзеў на яго, нават не слухаў, але з кожным яго словам нешта ціха здрыгвалася ў ім, нібы нечыя нясмелыя пальцы ірвалі ў душы з жывога яшчэ сцябла звялае ўжо лісце. "Усё гэта скончылася і ніколі не вернецца…" — думаў Мечык, і яму шкода было свайго вялага лісця".
Тут поўная рэлевантнасць была "забяспечана" нячастай для А. Фадзеева і абавязковай для М. Гарэцкага яскравай мастацкай вобразнасцю. Створаны аўтарам малюнак "лёг на душу" пісьменніку-перакладчыку, цалкам супаў з яго светабачаннем і таму атрымаў абсалютна дакладнае адлюстраванне.
Вось яшчэ адно пацвярджэнне таму, што светаўспрыманне і мастацкае мадэляванне аўтара і перакладчыка ў пэўных эпізодах супадала і мела вынікам поўную рэлевантнасць перакладу:
"Губы его дрогнули, и он заморгал быстро-быстро, удерживая слезы, но они не послушались и потекли, крупные и частые, расползаясь по лицу. Он с головой закрылся одеялом и, не сдерживаясь больше, заплакал тихо-тихо, стараясь не дрожать и не всхлипывать, чтобы никто не заметил его слабости".
"Вусны яго здрыгнуліся, і ён заміргаў шыбка-шыбка, устрымліваючы слёзы, але яны не слухалі і пацяклі, буйныя і частыя, распаўзаючыся па твары. Ён з галавою закрыўся коўдраю і, не стрымліваючыся болей, заплакаў ціха-ціха, намагаючыся не дрыжэць і не хліпаць, каб ніхто не заўважыў яго слабасці".
Тое ж самае і ў наступным прыкладзе перастварэння партрэтнага малюнка:
"Этот человек минуты не мог просидеть спокойно — весь был огонь и движение, и хищные его глаза всегда горели ненасытным желанием кого-то догонять и драться".
"Гэты чалавек хвіліны не мог прасядзець спакойна — увесь быў агонь і рух, і драпежныя вочы ў яго заўсёды гарэлі ненасытным жаданнем некага наганяць і біцца".
Поўная рэлевантнасць перастварэння паказвае на выяўленне перакладчыцкай здольнасці да пераўвасаблення, аднак на гэту здольнасць паказваюць і выпадкі, дзе ёсць частковая рэлевантнасць — найбольш характэрнае для перакладчыцкай манеры М. Гарэцкага спалучэнне змястоўнай і мастацкай рэлевантнасці з фармальнай іррэлевантнасцю, што ілюструюць прыведзеныя вышэй прыклады.
Пры тым неабходна пакрэсліць, перафразуючы аксіёму К. Станіслаўскага, што, пісьменнік-перакладчык не можа поўнасцю пераўвасобіцца ў перакладаемага аўтара, цалкам адмовіўшыся ад самога сябе, ад сваіх творчых уласцівасцей і якасцей, а таксама ад уласнага светапогляду і манеры мастацкага мадэлявання свету.