Ларыса Цімошык

Душа Максіма Гарэцкага

Ён пісаў пра дзве душы. Адна з іх — жыла, перажывала, пакутавала, асэнсоўвала і паказвала, што ёсць. Другая — адкрылася праз яго творы, якія даходзілі да чытача гэтак жа пакутліва, як ішло яго жыццё, але ў мастацкім выяўленні, дзе ў літаратурнай душы растворана душа цэлага народа, які праходзіў свой шлях выспявання, а можа, праходзіць і зараз. Да 120-годдзя пісьменніка Максіма Гарэцкага сёлета былі прымеркаваны "Гарэцкія чытанні", дзе грамадскія дзеячы, навукоўцы і літаратары разважалі пра тое, чым актуальны Гарэцкі сёння. Актуальны, таму што ў адной асобе спалучыліся пісьменнік, навукоўца і, можна казаць, нацыянальны прарок: яго творы паказваюць душу беларусаў, якая праз усё мінулае стагоддзе (а можа, і зараз) вызначаецца з вартасцямі і якасцямі, праз якія можна атрымаць уратаванне і блаславенне.

Васіль Зуёнак, паэт:

— Я хачу нагадаць пра "Роднае карэнне", адно з першых апавяданняў Максіма Гарэцкага. На самым пачатку свайго творчага шляху пісьменнік робіць заяву, абвяшчае сваё творчае крэда: "Усё ад родных каранёў. Гэта сонца ў кроплі расы, тут і будучы Максім Гарэцкі, тут і прадчуванне і пазнакі будучых пошукаў нашай літаратуры. Тут і плынь жыцця, тут і ветразі, пад якімі выпраўляюцца ў невядомы свет дзеці вёскі — да навукі, да святла, да спасціжэння ісцін жыцця, з памкненнем да разгадкі штодзённых клопатаў і вечных таямніц. Ад гэтых каранёў і "Дзве душы" не толькі ў сэнсе раздвоенасці аднае чалавечае душы перад загадкавымі заломамі быцця, але і ў сэнсе еднасці, зліцця дзвюх душ, дзвюх іпастасяў пісьменніка і яго літаратурнага двайніка, героя мастацкага твора. Адгэтуль вытокі іх — пісьменніка і яго героя — філасофскіх разваг аб сэнсах зямнога і паслязямнога... Максім Гарэцкі адзін з самых (калі не самы) філасафічных нашых пісьменнікаў, і тут палягае адна з першых падказак, а хутчэй, жаданне пабачыць кнігу з аналітычным грунтоўным даследаваннем яго філасофска-гістарычных пошукаў у звязцы з мастацкімі пошукамі пісьменніка, мысляра Максіма Гарэцкага. І ці не наспеў час стварыць, падрыхтаваць і выдаць слоўнік мовы Максіма Гарэцкага? Трэцяя падказка кожнаму, хто ўзяўся за літаратурнае пяро: творчасць Максіма Гарэцкага — выдатная школа майстэрства, і шчаслівы той, хто далучаецца да гэтай школы.

Анатоль Бутэвіч, пісьменнік:

— У гэтыя дні ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць выстаўка, прысвечаная 120-годдзю Максіма Гарэцкага. Я асмеліўся адну кніжачку пагартаць: усе тэксты густа падкрэслены алоўкамі. Значыць, у гэтых кніг быў чытач. Як мне ўяўляецца, чытач неадназначны. Таму што крэслілі і тады, калі выйшлі кніжкі, захапляючыся слоўцамі, думкай, мастацкасцю; але крэслілі і тыя, хто пазней выкрэсліваў Гарэцкага з гісторыі літаратуры. Мне падалося, што гэтая выстаўка дапамагае зразумець, як трэба чытаць нашых літаратараў, але чытаць і тых, хто некалі іх чытаў. Таму што літаратурная творчасць таго ж Гарэцкага некалі перажыла не адно чытанне, чытанне з прыхільнасцю, чытанне з непрыхільнасцю. Чытанне з мэтай даць моладзі разуменне мастацкасці, прыгажосці, патрэбнасці, глыбіні думкі, і чытанне зусім адваротнае: даказаць, што гэта нявартае, нязначнае, непатрэбнае. Але гэта таксама навука, гэта таксама дае магчымасць бачыць гісторыю рэальна. Такая рэальнасць дае магчымасць бачання таго, што і як адбывалася. Наталіць пачуццё, што мы ўсе, нацыя, складаемся з родаў — з гісторыі родаў, з гісторыі кожнага чалавека. Я б хацеў нагадаць пра значэнне наогул роду Гарэцкіх для беларускай культуры і навукі. Беларусы вельмі памяркоўныя. Мы свае роды не вельмі шанавалі. Можа, ведаем тых, хто быў найбольш на слыху. Але ж з кожнага роду складаецца гісторыя нацыі. Таму варта разглядаць дзейнасць як Максіма, так і Гаўрылы Гарэцкіх, якога лёс таксама не пашкадаваў. Памятаю была выстаўка, дзе было каля 30 папяросных, тоненькіх маленькіх староначак, напісаных уборыстым почыркам Гаўрылы Гарэцкага да сваёй жонкі — гэта такая споведзь, такое прачулае, праніклівае слова кахання, і гэта было напісана ў прадчуванні кепскага лёсу. Дай Бог, каб мы гэта маглі прачытаць і ўсвядоміць. Гэта і ёсць тое родавае адрозненне Гарэцкіх, што не замінала ім быць людзьмі пры любой сітуацыі. Нам бы трошкі гэтага памкнення, жадання адкрыць для сябе Гарэцкага Максіма, Гаўрылу, нашчадка гэтага роду Радзіма. Род Гарэцкіх — гэта род беларускай нацыянальнай годнасці і школы, як трэба трымацца ў сённяшнім дні, захоўваць і ўмець адстойваць сваё.

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі:

— Так сталася, што пры жыцці ў Максіма Гарэцкага не было ніводнага годнага юбілею. У 20 гадоў ён пачаў літаратурную дзейнасць, але быў яшчэ малады. У 25 жыў разам з Янкам Купалам у Смаленску і там сустрэў рэвалюцыю. Быў сведкам страшэнных людскіх пакут у цяжкі і люты 1918 год (па словах Купалы), у які ён быў амаль непрытомны. Тады ён пачаў пісаць аповесць "Дзве душы". У 30 гадоў Гарэцкі — ужо вядомы пісьменнік, але нядаўна вызвалены з турмы "Лукішкі" — у канцы 1923 года пераязджае з Вільні ў Мінск. Тады было таксама не да юбілею. Ужо праз 7 гадоў хаця і прызнаны адным з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, але па справе "Саюз вызвалення Беларусі" трапіў у "Архіпелаг ГУЛАГ". У Вятцы сям'я Максіма Гарэцкага адзначыла яго 40-годдзе святочнай вячэрай. Як пісалі сведкі, была тушаная капуста з алеем і самавар гарбаты. Яшчэ праз 7 гадоў 10 лютага 1938 года Гарэцкі быў расстраляны, не дажыўшы да 45 гадоў 8 дзён. Творы пісьменніка былі забаронены, большасць знішчана. Я хачу нагадаць, што сёлета не толькі радасны юбілейны год з дня нараджэння, але і 75 гадоў з яго расстрэлу... Да імя і спадчыны Максіма Гарэцкага пачалі звяртацца толькі амаль праз 30 гадоў пасля яго смерці. Але сёння ёсць звесткі пра тое, што выдатныя філосафы замежжа, сучаснікі Гарэцкага, не толькі добра ведалі, але і высока цанілі яго творы: гэта вынікае з лістоў Кафкі, які адзначаў раман "На імперыялістычнай вайне", Гашака, які пісаў, што раман "Дзве душы" больш варты, чым "Уліс" Джойса. Камю ў лісце да Сартра выказваў абурэнне ад арышту Гарэцкага... Максіму Гарэцкаму і сёння не шчасціць на памяць: не ўдалося захаваць у Беларусі адзіны дом, дзе жыў пісьменнік. Яшчэ 20 гадоў таму было прапанавана ў гэтым доме зрабіць музей Максіма Гарэцкага. У тым доме быў некалькі раз Якуб Колас, іншыя нашы выдатныя дзеячы культуры. Але ад дома не засталося ні духу, ні знаку... На стагоддзе было вырашана ўладамі, каб перакласці і зрабіць том твораў Максіма Гарэцкага на рускай мове. Уключалі ў план такое выданне. Але так і не атрымалася да гэтага часу, хоць пераклад быў зроблены вельмі добры. Зараз яго ўключылі ў план выдавецтва "Звязда". Будзем спадзявацца, што атрымаецца.

Ганна Запартыка, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага архіва:

— Сёння варта больш пільна паглядзець на віленскія дакументы 1920-х гадоў. Справа ў тым, што многія з гэтых дакументаў напісаны алоўкам, таму графіка адпаведная. У пачатку 1920-х Максім Гарэцкі з сям'ёй жыў у Вільні, з невялікім перапынкам. Гэты час ёсць перыяд жыцця Максіма Іванавіча, які, па сутнасці, быў абдзелены ўвагай. Пры складанні летапісу жыцця і творчасці ўсе гэтыя моманты трэба ўлічыць, таму што яны пацвярджаюцца пэўнымі дакументамі, вельмі дакладнымі. Дакументы, якія мне ўдалося выявіць, трэба разглядаць у двух ракурсах: аўтографы Максіма Гарэцкага, на якія дагэтуль не была звернутая ўвага. І пэўныя факты яго біяграфіі менавіта віленскага перыяду. Першы дакумент — пратаколы, а дакладней, матэрыялы ўстаноўчага сходу сяброў беларускага навуковага таварыства, які адбыўся 10 чэрвеня 1920 года на Вастрабрамскай, 9. Пратакол напісаны рукой Максіма Гарэцкага. Стыль, словы, лексіка, характар пісьма — усё вельмі характэрна для Максіма Іванавіча. У будучым гэты дакумент павінен увайсці ў поўны збор яго твораў. Сход устанавіў колькасць членаў урада Беларускага навуковага таварыства, прэзідыума, пасля было галасаванне. Само галасаванне таксама фіксаваў Максім Іванавіч. Гарэцкі ўрэшце быў выбраны скарбнікам. Дакументы беларускага навуковага таварыства варта паглядзець больш дакладна, таму што там могуць быць не толькі аўтографы, але можа быць магчыма ўдакладненне нейкіх дэталяў яго жыцця віленскага перыяду. Як, напрыклад, цікавыя дакументы адносна працы і яго адносін з газетай "Незалежная думка". Захаваўся блок дакументаў гэтай газеты, ганарарныя ведамасці, дзе Максім Іванавіч паставіў свае подпісы. Напрыклад, ён атрымаў ганарары за артыкулы ў нумарах 1 і 2 (усяго 457 радкоў, за якія зарабіў 274 маркі 20 пфенінгаў). Каштоўнасць распіскі ў тым, што ён называе 2 невядомыя нам юбілеі — Купалы і Багушэвіча, да якіх былі напісаны артыкулы...

Максім Гарэцкі — асоба, якая, магчыма, нам яшчэ не адкрылася цалкам. І не толькі таму, што для даследчыкаў спраў яшчэ хопіць. Але і таму, што чытанне яго твораў у Беларусі застаецца актуальным і ў ХХІ стагоддзі.