Мікалай Рудкоўскі

"Жыву i радуюся, i вы жывiце i радуйцеся!.."

Едзеш у Малую Багацькаўку i нiбыта перечытваеш узнёслыя натхнёныя радкi з невялiкай замалёўкi Максiма Гарэцкага "Еду дамоў". Куды б ні закiдваў лёс i бясконцыя дарогi, яго заўсёды вабiлi да сябе блiзкiя сэрцу мясцiны. Таму, як толькi выдавалася нагода альбо магчымасць, ён дзе цягнiком, дзе на фурманцы, а ў час вучобы ў Горках i пехатой iмкнуўся пад страху роднай хаты. Часцей жа пераносiўся сюды ў думках. I тады, калi пасылаў у М.Багацькаўку лiсты да сваякоў, i асаблiва тады, калi працаваў над сваiм галоўным лiтаратурным творам "Камароўская хронiка". Ды толькi шмат з таго, што задумаў i марыў здзейснiць наш выдатны зямляк, не суджана было ўбачыць свет...

Сэнс жыцця

Бывае, нехта з творчых людзей спрабуе скардзiцца на кепскiя ўмовы для плённай работы, тады яму варта параiць блiжэй пазнаёмiцца з біяграфiяй Максiма Гарэцкага. Вось ужо дзе быў нястомны працаўнiк! Якому не былi перашкодай нi бытавая неўладкаванасць, нi напаўгалоднае iснаванне, калi "не да жыру — быць бы жыву", нi частыя пераезды з месца на месца, нi турма, нi ссылка. Нават працяглае знаходжанне ў шпiталi, куды ён трапiў у 1914 годзе пасля цяжкага ранення ў нагу, Максiм Гарэцкi выкарыстаў для напiсання кнiгi, якую назваў "На iмперыялiстычнай вайне". Адным словам, дзе б нi ўладкаваўся гэты нястомны i няўрымслiвы чалавек, няхай сабе i на самы кароткi час, яго пяро верна служыла галоўнай мэце жыцця: не толькi пакiнуць свой адметны след у беларускай лiтаратуры, але i данесцi да суайчыннiкаў усё тое, што было створана мiнулымi пакаленнямi, пачынаючы з перыяду вуснай народнай творчасцi. Так, у свае 27 год М.Гарэцкi, якi, заўважым, не меў спецыяльнай профiльнай адукацыi, выдаў "Гiсторыю беларускай лiтаратуры". I можаце сабе ўявiць, што яна на працягу цэлага дзесяцiгоддзя з’яўлялася адзiным на той перыяд падручнiкам для школ i iншых навучальных устаноў рэспублiкi. Некалькi пазней з’явiлася складзеная Гарэцкiм "Хрэстаматыя беларускай лiтаратуры", дзе былi сабраны лепшыя ўзоры айчыннай класiкi за чатыры стагоддзi — сапраўдныя помнiкi духоўнага жыцця. Паралельна ён пiша апавяданнi, эсэ, публiцыстычныя артыкулы, збiрае фальклор, займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.

Сляды на снезе

Малая Багацькаўка знаходзiцца акурат на паўдарозе паміж Мсціславам і Горкамі. Нейкi час на ўзбочыне шашы ляжаў вялiкi камень-валун з надпiсам пра музей-сядзiбу, але на гэты раз вока нешта на зачапiлася за яго. Можа, знiк?

Нарадзiўся Максiм Гарэцкi 18 лютага 1893 года. Тады ў вёсцы налiчвалася два дзесяткi двароў. У школу Максiм i яго браты з сястрой хадзiлi ў суседнюю Вялiкую Багацькаўку. На жаль, сёння гэтыя населеныя пункты, здаецца, трапiлi ў разрад "неперспектыўных". Як сказала старшыня мясцовага сельсавета, у абодвух засталося каля 40 двароў. У Малой жа Багацькаўцы дым з комiнаў ранiцай уецца толькi над васьмю. Таму на снезе, што нарэшце напомнiў аб сабе ў сярэдзiне лютага, так мала слядоў. Нават да студнi "з жураўлём" у цэнтры вёскi, якую ў сваiх пiсьмах некалi ўпамiнаў Максiм Iванавiч.

Тым не менш папярэджаныя з раёна супрацоўнiкi музея М.Гарэцкага адчынiлi яго да нашага прыезду. Палiць у грубцы, зразумела, не сталi — няма сэнсу, бо ўзiмку i ў мiжсезонне наведвальнiкаў тут няшмат. Хаця экспазiцыя досыць цiкавая. На першай палавiне прасторнага сялянскага дома знаходзяцца стэнды i вiтрыны, з якiх можна даведацца аб жыццi i дзейнасцi знакамiтага земляка, убачыць на здымках i самога лiтаратара, i яго родных ды блiзкiх. На другой палавiне — адноўлены выгляд звычайнай беларускай хаты з прадметамi ўжытку пачатку XX стагоддзя.

Музей быў адкрыты ў 1993 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння класiка беларускай лiтаратуры. Iмя якога i творчая спадчына, пачынаючы з 1938 года, доўгi час, на жаль, замоўчвалiся. Нават i пасля рэабiлiтацыi ў канцы пяцiдзесятых. Таму, напрыклад, у нататках Максiма Лужанiна, напiсаных у 1966 годзе, давялося прачытаць, што памёр Гарэцкi ў 1939 годзе пры невядомых аўтару абставiнах.

Вяртанне iмя

Першая публiкацыя паводле сапраўдных фактаў растрэлу Максiма Гарэцкага 10 лютага 1938 года ў Вязьме з’явiлася толькi ў кастрычнiку 1992 года ў газеце "Лiтаратура i мастацтва". Кажуць, у гэтым расiйскiм гарадку ёсць помнiк нашаму земляку. Скульптурны вобраз майстра мастацкага слова ўстаноўлены таксама ў нiшы аднаго з грамадскiх будынкаў у Мiнску (непадалёк ад гарадской ратушы). Ён таксама датаваны 1993-м, юбiлейным для Гарэцкага годам, i годам, бадай, найбольшай цiкавасцi да яго творчай спадчыны. Дзякуй Богу, што ўзнiк такi iнтарэс да яго асобы, у вынiку чаго быў пабудаваны музей, якi знаходзiцца на тым самым месцы, дзе i раней стаяла простая сялянская хата пад саламянай страхой. Але з гэтага гнязда да высокiх вяршынь узнеслiся два выдатныя сыны зямлi беларускай. Старэйшы брат Максiм стаў вядомым лiтаратарам, а малодшы Гаўрыла (1900 —1988) — вучоным-акадэмiкам. Якi, апрача навуковай дзейнасцi ў галiне геалогii i геаграфii, прыклаў нямала сiл па аднаўленню лiтаратурнай спадчыны Максiма Гарэцкага, пакiнуў свае ўспамiны пра яго жыццё, творчую i грамадскую дзейнасць.

Застаецца толькi здзiўляцца, як у такой глыбiнцы змаглi нарадзiцца i вырасцi сапраўдныя людзi-волаты, шчодра адораныя прыродай талентам, густам, мэтанакi- раванасцю, што мяжуе практычна з самаахвярнасцю. З якiх крынiц чэрпалi яны сiлы i натхненне, што жывiла iх?

Моцныя духам

Адметнай i, мабыць, важнейшай рысай характару гэтага моцнага духам чалавека была невычэрпная прага да ведаў. Максiм Гарэцкi так i не атрымаў вышэйшую адукацыю, хаця спрабаваў працягваць вучобу ў ВНУ. Ну а добры, трывалы фундамент ён атрымаў, як кажуць, у сябе "дома". З 1909 па 1913 гады Гарэцкi займаецца ў Горы-Горацкай каморнiцка-агранамiчнай вучэльнi. Разам з некалькiмi аднадумцамi ён уваходзiў у склад вучнёўскага таварыства аматараў маладой беларускай лiтаратуры, супрацоў-нiчаў з газетай "Наша нiва". Атрыманая журналiсцкая практыка вельмi дапамагла яму пазней пад час работы ў такiх выданнях, як "Звязда" i "Известия Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов". Менавiта ў Смаленску на пачатку 20-х гадоў ён прыцягвае да сумеснай работы свайго малодшага брата Гаўрылу, чые здольнасцi стэнаграфiста вельмi спатрэбiлiся пры складаннi iмi "Руска-беларускага слоўнiка".

У Смаленску М.Гарэцкi некаторы час вучыцца ў мясцовым археалагiчным iнстытуце, але пакiдае студэнцкую аўдыторыю, каб больш сiл аддаваць лiтаратурнай працы.

З крынiц народных

У Мсцiслаўскай цэнтральнай раённай бiблiятэцы з гордасцю паказалi ксеракопiю старонак зборнiка "Народныя песнi". Выданне гэта вельмi рэдкае, i з копiямi бiблiятэцы дапамаглi сталiчныя вучоныя. Каштоўнасць гэтага зборнiка ў тым, што тут змешчаны яшчэ не да канца лiтаратурна апрацаваныя, а таму — сапраўдныя жамчужыны вуснай народнай творчасцi. З бiяграфii Гарэцкага вядома, што з 1920-х гадоў Максiм Iванавiч актыўна ўдзельнiчае ў рабоце фальклорна-правапiснай камiсii Iнстытута беларускай культуры. Вось урывак з успамiнаў яго жонкi — дзiцячай пiсьменнiцы Леанiлы Чарняўскай: "У пачатку 1926 года Максiм пераехаў працаваць у Горкi. Хутка туды пераехалi i мы ўсёй сям’ёй. Максiм на працягу 1926-1927 гадоў апрацоўваў песнi для выдання зборнiка, разбiваў iх на раздзелы: "Вясельныя", "Жнiўныя", "Калядныя". Дзiвiўся багаццю матэрыялу, захапляўся глыбiнёй зместу, даўнасцю".

Варта дадаць, што ў фальклорных экспедыцыях бралi ўдзел Янка Купала, Якуб Колас, а таксама кампазiтары М. Аладаў i А. Ягораў, якiя занатоўвалi мелодыi i затым друкавалi ноты песень. Цi ж гэта не скарб! Бо ў зборнiку сабрана звыш трохсот аўтэнтычных твораў, большасць з якіх запісана ад маці Максіма Гарэцкага. Думаецца, зварот да гэтай багацейшай фальклорнай спадчыны яшчэ наперадзе.

Заўважце, што кiраўнiцтву i iнтэлектуальнай элiце маладой Беларускай Рэспублiкi былi неабыякавыя пытаннi нацыянальнай самасвядомасцi, уласнай гiсторыi i культуры. Аднак працягвалася такое нядоўга. За даволi смелыя выказваннi па праблеме беларусiзацыi, нацыянальнай годнасцi беларусаў М.Гарэцкi летам 1931 года быў высланы ў Вятку. Тут ён жыве i працуе, прычым па той спецыяльнасцi землеўлад-кавальнiка, якую атрымаў у Горках, аж да 1935 года. І зноў дзіву даешся, калі чытаеш напісаныя ў ссылцы поўныя аптымізму словы, адрасаваныя жонцы і дзецям, якія мы вынеслі ў загаловак. А ў дзверы ўжо грукаў трагiчны для краiны 1937-ы...

Незабыунае

Пасля знаёмства з экспазiцыяй музея, накiроўваемся праз дарогу ў хату, дзе жыве сваячка сям’i Гарэцкiх па мужу 78-гадовая Лiдзiя Пятроўна Шнарская.

— Я добра ведала дачку Максiма Iванавiча Галiну. Яна неаднойчы прыязджала сюды з Ленiнграда, дзе жыла. Часта гасцiў тут i Гаўрыла Iванавiч. Чалавек паважаны, вядомы вучоны. Сын яго Радзім, названы ў гонар дзядзькі, таксама стаў прафесарам. Уся вёска наша збiралася, калi родныя Максiма прыязджалi, бывала, на Радаўнiцу, iшлi на сельскiя могiлкi памянуць тых, каго ўжо не было ў жывых. Шкада, што Максiм так мала пражыў. Колькi гэта — усяго 45?

Бацькоў Максiма Гарэцкага Лiдзiя Пятроўна не памятае: Ефрасiння Мiхайлаўна памёрла ў 1935, а яе муж Iван Кузьмiч — у 1945 годзе.

Дарэчы, адзiн з першых лiтаратурных псеўданiмаў Максiма Гарэцкага быў "Дзед Кузьма" — па iменi ўласнага дзеда. Называў ён сябе i Максiм Беларус, бо вельмi рупiў пра тое, каб суайчыннiкi не забывалiся пра свае каранi, пра сваю культуру, матчыну мову. У шэрагу публiцыстычных артыкулаў ён заклiкаў i сваiх братоў па пяру смялей, актыўней ствараць беларускую лiтаратурную мову, ачышчаць яе ад русiзмаў, паланiзмаў i iншых чужых уплываў. Таму тым, хто любiць, цiкавiцца роднай мовай альбо робiць свае спробы ў лiтаратурнай творчасцi, будзе вельмi карысна, на наш погляд, пачытаць напiсанае Максiмам Гарэцкiм. Ну а тым, хто жыве ў гэтых мясцiнах, не пашкодзiць зазiрнуць i ў перапiску пiсьменнiка, i ў "Камароўскую хронiку". Свой раман Гарэцкi задумваў як мастацкi летапiс некалькiх беларускiх радоў i пакаленняў. Зразумела, што вытокi апавяданне брала зусiм не з мiнскай Камароўкi, як камусьцi можа здацца, а ўсё з той жа Малай Багацькаўкi, над якой i сёння, мабыць, лунае душа яе выдатнага сына...