Сяргей Дубавец

Тлумачэнне Гарэцкага

Тры мае ўлюбёныя пісьменнікі памерлі не сваёй смерцю. Японец Акутагава скончыў жыццё самагубствам. Француз Камю загінуўу аўтакатастрофе. Максіма Гарэцкага расстраляла НКВД... Тры класікі сучаснага экзістэнцыялізму. Тры кнігі стаяць побач на маёй паліцы. Я бяру адну з іх і не заўсёды ўсведамляю пры гэтым — чыю.

У кожнай ёсць тое, што мне трэба. А трэба — адчуць іншы раз, што жыццё не вытлумачваецца даканца. I таму канцаў яго няма.

Думаць пра стагоддзе Максіма Гарэцкага нават лепей з кніжкай Акутагавы ці Камю ў руках. Гэта ўсё так блізка! Вось брама Расёман, вось французскі Алжыр, а вось — беларуская Вільня. Воўчая Гара. Урыўкамі Гарэцкі пражыў тут усяго пяць гадоў. Розныя абставіны і розныя ўлады літаральна выкідвалі яго з горада. А ён упарта вяртаўся ў Вільню — у радавое гняздо беларушчыны.

Сённяшняя Вільня сустракае юбілей Гарэцкага моўчкі. Назаўсёды знікла з цэнтральнага пляцу чыгуначная група апісаных ім віленскіх камунараў. У браме Базылянскіх Муроў, дзе ён жыў у пачатку 1920-х, размясцілася пасольства Польшчы. У будынку беларускай гімназіі, дзе ён працаваў,— нейкая літоўская палітэхніка. Няма ўрачыстых сходаў ці навуковых канферэнцый... Але я не скажу — няма Гарэцкага. Адчуты і апісаны ім да драбніц вечны горад па сутнасці не змяніўся. Падобныя людзі падобным чынам прыладжваюцца да падобнага жыцця. Не змяніліся норавы. А горад гэтак жа захоўвае дух першароднае беларушчыны, той, якая не спазнала савецкіх дэфармацый.

Чаму Гарэцкі не ўпісваецца ў “чыста беларускую” паліцу кніг, я зразумеў, калі сустрэў ягоныя творы ў зборніках расейскай літаратуры, дзе яны друкаваліся, як свае, без згадкі пра пераклад. Напрыклад, не ставала вялікай літаратуры свайго Рэмарка для кніжкі “Руский военный рассказ”, і яны ўзялі Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне”.

Але маглі б узяць і іншыя. Ён у нас самы “канверсуемы”. I самы нацыянальны. Вось чаму ён не ўпісваецца ў ерархію народных і заслужаных, эпікаў і лірыкаў, вялікіх і выдатных, тых, што “для ўнутранага карыстання”. Бо калі я здымаю з паліцы кнігу Акутагавы, я бяру ў рукі японскую літаратуру і, можа Японію, калі Камю — Францыю, калі Гарэцкага — Беларусь.

Інфармацыю пра гібель самалёта захоўвае “чорная скрынка”, а інфармацыю пра чалавека — гены. Гэтак і нацыя ў часе гібелі пакідае сваю “скрыню” і свой ген, надзеленыя ўсімі ўласцівымі рысамі і жыццёваю сілаю. Вось чаму калі ад беларускай культуры адняць Гарэцкага — застанецца беларуская культура. I калі ад Гарэцкага адняць усю астатнюю беларускую культуру — застанецца беларуская культура. Менталітэт, гісторыя, мова нацыі — у гэткім спраектаваным і “канверсуемым” выглядзе. Ген, з якога і пасля поўнага вынішчэння беларушчыны ўсё адно будзе паўставаць тая ж беларушчына.

Гарэцкага не назавеш славутым, выдатным ці вялікім. У ім ёсць усё. Не хапае хіба кан- тропьнага інстынкту самазаха- вання. Бо гэты інстынкт — па-над ім. Можа, гэта інстынкт нацыі...

Яго нясе — і на паперы, і па жыцці. Ён не баіцца збою, недакладнасці, марнасці сказанага ці зробленага. Ён не пачувае адказнасці і не патрабуе ўмоваў. Ён піша заўсёды і паўсюль. Піша не навелы і артыкулы, а хроніку навакольнага жыцця і сябе ў ім. Жанр не вымагае фармальнае дасканаласці. Таму ніводнае слова, ніводны ўчынак не выпадае, не псуе агульнай карціны. Нейкая вышэйшая сіла ад пачатку дазваляе яму некантраляваць сябе, рабіць, што заўгодна, скакаць вышэй галавы. Яна сама ўсё апраўдае і згарманізуе. Яна — звышсіла — можа спарадкаваць гэткі лёс і гэткі творчы “разброд” аж да таго, што творца будзе выглядаць звычайным.

У іншых гэта не так. Там асобныя ўчынкі і творы не ўключаны ў такое магнітнае поле, яны “завісаюць”, загадваючы нашчадкам складаныя загадкі: адкуль, што і чаму? Там паводле кантрольнага інстынкту творцы знаўцы разлічваюць заканамернасці сталення, тых ці іншых зменаў у светапоглядзе і лёсе. Як уражвае колькігадовае маўчанне Купалы ці — пераезд Ластоўскага ў БССР ці самагубства Палуяна... Там магнітнае поле — у межах асобы. I гэта спакушае дашуквацца адказу: чаму ён зрабіў так, чаму напісаў гэтак?

У Гарэцкага тое магнітнае поле вонкі. Яго творы ніяк не назавеш “вынашанымі”, а стыль — “адточаным”. Урэшце, дзе было “насіць” і “тачыць”? Хіба ў акопах першай сусветнай вайны, хіба ў віленскім вайсковым шпіталі, хіба ў цягніку, які вёз яго з Вільні ў Маскву, у Петраград, Іркуцк, Жалезнаводск...

Усё пішацца сходу. Жыву — пішу. Потым ужо бясконцыя нататкі кампілююцца ў мазаічныя зводы — аповесці, п'есы, артыкулы. Зразумелыя, будзённыя, звычайныя.

А толькі звычайнае і не старэе, не дэфармуецца і не падлягае пераацэнкам і тлумачэнням. Гэта ім, звычайным, можна растлумачыць усё астатняе. Бо не гены вытлумачваюць, а імі. Не прыроду, а ёю. Тут усё залежыць ад таго, што першаснае. Першаснае можна толькі вывучаць, а ўжо ім — тлумачыць.

Я хачу параўнаць з прыродай - Гарэцкага.

Ген утрымлівае ў сабе інфармацыю не толькі пра тое, што было, але і пра тое, што будзе. Гарэцкім можна растлумачыць, напрыклад, наш беларускі камунізм.

Ёсць у яго такі радок і біяграфіі - праца ў кнорынскай «Звезде», і ёсць такі артыкул — «Няхай жыве камуністычная Беларусь!». Чытаючы Гарэцкага, разумееш, што тлумачыць агульны зрух нацыі да камунізму агульнанародным энтузіязмам, уздымам, парывам — недакладна. Беларусы ўвогуле не энтузіястычная нацыя. Гэта больш падобна да праграматычнага прыроднага прыстасаванства.

Згадваючы пра свой побыт у Вільні ў 1919 г. Максім Гарэцкі пісаў: “У савецкіх установах чулася найбольш польская і літоўская мова, на вуліцах — польская і яўрэйская, а калі я зварочваўся да газетніка, фурмана, нумарнога ў гатэлі па-беларуску, дык яны кідалі мову польскую ці расейскую і гаварылі па-беларуску”.

Прырода жыве ў нас і кіруе нашымі ўчынкамі, вызваляе нас ад адказнасці і ўтрымлівае ў межах адной ёй вядомае маралі. Які несамастойны чалавек! Ён можа нечага дасягнуць толькі там, дзе ягоныя памкненні супадуць з неспазнанаю зададзенасцю прыроды. Дасягне, а так і не зразумее, “што яно?” Усё, што ён можа, гэта быць чым больш адэкватным правадніком прыроды. Гарэцкі ўжо потым быў правадніком нацыянальнай ідэі, найперш — нацыянальнай прыроды.

Нарэшце, я думаю пра самую сутнасць тлумачэння. Усё растлумачыць здолелі толькі бальшавікі ці іншыя, хто браў на сябе ролю прыроды. Магчыма, самае роспачнае, з чым давядзецца змірыцца ў паслякамуністычную эпоху,— гэта з тым, што жыццё нельга патлумачыць да канца. Гэтая роспач спыніла Акутагаву, спыняла Камю. Гарэцкі паміж імі, нібы нейкі няздзейснены шанц.

Паміж Японіяй і Францыяй у Беларусі ёсць гэты нявыкарыстаны шанц...