Пятро Васючэнка

Зачараванасць “патаёмным”
Максім Гарэцкі i сімвалізм

У перыяд “нашаніўства” творцы (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Вацлаў Ластоўскі, Змітрок Бядуля, Цётка, Ядвігін Ш. ды іншыя) самарэалізоўваліся не толькі як паэты, празаікі, драматургі, але і як мысляры, філосафы, якія асэнсоўвалі лёс і перспектывы Беларусі. У ліку інтэлектуалаў “нашаніўскага” часу месца Максіма Гарэцкага адметнае. Пісьменнік, які падпісаў шэраг сваіх твораў псеўданімам “Лявон Задума”, вылучаўся дапытлівай, пранікальнай энергіяй таленту. Сялянскі сын, інтэлігент у першым пакаленні, Максім Гарэцкі з вясковай учэпістасцю ўлягаў у навуку і літаратурную творчасць. Старанны вучань, ён з маладосці зведаў не толькі радасць спазнання, але і той смутак, пра які гаворыцца ў Эклезіясце: "...У вялікай мудрасці багата смутку; і хто памнажае веды, множыць журбу”.

Сімвалізм у творчасці Максіма Гарэцкага выявіўся як вынік інтэлектуальнага пошуку, цяжару ведаў і яго пераадольвання. У нейкай ступені гэта парадаксальна, бо значная колькасць твораў празаіка напісана ў паслядоўнай рэалістычнай манеры, у традыцыі аналітызму і псіхалагізму, без прэтэнзій на пашыраныя падтэкст і іншасказальнасць, прыкладам, “Віленскія камунары” (1931 - 1932), “Камароўская хроніка” (1930 - 1932). Мастацкі свет М. Г арэцкага не мае такой разгалінаванай і ўзаемазвязанай сістэмы вобразаў-сімвалаў, якую назіраем у Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Але ж сімвалізм - не толькі стыль, а і светапогляд, які мае асновай здагадку пра таямнічую, невядомую сферу быцця, непадуладную логіцы, навуцы, веры. Адзіны спосаб спасцігнуць таемнае - інтуіцыя, узброеная сімвалам. Пісьменнікі-сімвалісты часта не знаходзілі тэрміна, каб вызначыць сутнасць загадкавай субстанцыі, і называлі яе з дапамогай займеннікаў: “яно”, “нешта”, “тое”. Дамовімся вызначыць гэтую няўлоўную субстанцыю як сімвалісцкі трансцэндэнталізм.

Сімвалісты бачылі таемнае вакол чалавека і ў ім самім. Чалавечы лёс мог уяўляцца як алагічная і незразумелая гульня абыякавых альбо варожых сіл, як гэта паказана ў драмах расейскага пісьменніка-сімваліста Леаніда Андрэева “Жыццё Чалавека” (1907), “Цар Голад” (1908), “Анатэма” (1909). Душэўная гармонія чалавека, яго ўнутраны спакой таксама разглядаліся сімвалістамі як з'явы трансцэндэнтальныя, і ў пошуку шчасця героі праходзілі праз рэальны свет і апраметную, знаходзілі шчасце поруч з сабой і зноў страчвалі - так адбывалася ў п’есах “Пер Гюнт” (1867) нарвежскага драматурга Генрыка Ібсена і “Сіняя птушка” (1908) бельгійца Ма- рыса Метэрлінка. Нарэшце, герой са здзіўленнем ад- крываў таямніцу сам у сабе, што можна назіраць у тво- рах “Жанчына з мора” (1888), “Будаўнік Сольнес” (1892) Генрыка Ібсена, “Залатое руно” (1901), “Снег” (1903) Станіслава Пшыбышэўскага, “Дробны д’ябал” (1907) Фёдара Салаіуба ды іншых.

“Што яно і адкуля яно?” - ад гэтага пытання пакутуюць і героі-інтэлігенты ранняй прозы Максіма Гарэцкага. Таямніцы вакол чалавека звернуты якраз да пачаткаў быцця, да прыроднага трансцэндэнталізму.

Маладыя інтэлігенты з твораў М. Гарэцкага мусяць перажываць не толькі радасць, але і смутак ведаў, калі сустракаюцца з неспазнаным. Студэнт-медык Архіп Лінкевіч, герой апавядання “Роднае карэнне” (1913) атрымлівае з вёскі ліст, у якім бацька паведамляе, што ў новай хаце завёўся нячысцік. Горкая ўсмешка кранае вусны маладога чалавека: “Як многа слаўнагаў нашых вёсках, сёлах, а тым часам як яны непарушна мёртвыя ў жыцці. Час ідзе - у гары, у воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перагаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чалавека на колькі трэба часу і ўзноў аджыўляць яго; усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш... Сумна, сумна”.

Будучы медык верыць у тое, што цудаў, не вытлумачаных навукай, не бывае і быць не можа. Ён, як і многія тагачасныя рацыяналісты, быў палоннікам эпохі пары і электрычнасці, свята верыў у неабмежаваныя магчымасці тэхнічнага прагрэсу. Тэхналагічны рывок, які здзейсніла чалавецтва на пачатку XX ст., узмацніў гэтую веру, але, з іншага боку, яна падточвалася і фундаментальнымі навуковымі адкрыццямі А. Эйнштэйна, 3. Фрэйда, К. Юнга, і філасофскімі прарывамі ў галіне інтуітывізму і ірацыяналізму. У ведах чалавека новага стагоддзя адкрылася прастора неспазнанага.

Архіп Лінкевіч, які прыязджае ў вёску і разам з бацькам начуе ў новай хаце, робіцца сведкам загадкавай з’явы:
“Добра спіць Архіп, дзіўна спіць Архіп.

А на дварэ малання бліснула вялікая, вострая, жудасная, загрымеў гром, па ўсім небе вялікі грукат-грымот пайшоў у самыя далёкія канцы глуха і дробна пакаціўся, пасыпаўся і раптам: трах-тара-рах-рах... трэснуў-стукнуў пярун.

Ірвануўся Архіпзусіх сіл сваіх, зусіх жыл сваіх, і праз страшны сон з лаўкі на зямлю паляцеў, больна аб мост урэзаўся ”.

У стагоддзе дырыжабляў, радыё і падводных апаратаў можа здарыцца і такое... Герою варта было прыгадаць гамлетаўскую рэпліку, адрасаваную сябру-скептыку Гарацыо:
Ёсць болей з ’яў на свеце, друг Гарацыо,
Чым сніцца філасофіі тваёй.

Перакананням рацыяналіста Архіпа Лінкевіча процістаіць прыроднае нешта, неспазнаная сфера натуральнага быцця, таямнічую існасць якой амаль не закрануў тэхналагізаваны чалавечы розум.

Гэты трансцэндэнтальна-містычны абсяг існавання ўвасабляўся Максімам Гарэцкім у апавяданнях і абразках “Патаёмнае”, “Страхаццё”, “Цёмны Лес”, “Стогны душы”, “Што яно?” (усе датуюцца 1913 г.).

Часам аўтар разам з яго персанажамі спрабуе вытлумачыць прыродны або псіхалагічны феномен рацыянальным спосабам. Жахлівае здарэнне ў апавяданні “Страхаццё” тлумачыцца досыць празаічна, нават іранічна ў дачыненні да “страхотнага”. Гаўрыла Пячкур, вясковец, які не баіцца нячыстай сілы і не прызнае ніякіх страхаў, насмерць напалоханы голасам, які загаманіў з ім на могілках. I толькі праз тры гады пасля яго смерці людзі даведаліся, што спужаў Гаўрылу басяк і злодзей Атрох, які схаваўся ў буданчыку на могілках ад дажджу.

У іншых выпадках рацыянальныя тлумачэнні з’яў не вельмі пераконваюць, абмяжоўваюцца развагамі пра паступовасць пазнання, размаітасць свету, пакручасты шлях да ісціны.

У межах зачараванага, міфалагічнага часу замыкаецца дзеянне апавядання “Што яно ?”, ключавая падзея якога - смерць чараўніка Янкі і яе містычныя наступствы. Трансцэндэнтальнае “нешта” пашыраецца і на сам інтэлектуальны працэс. “Я-герой” знаходзіць ірацыянальнае ўжо ўнутры сябе: “Забабоны мае! Адкуль вы? Я ж ведаю, што нічога таго няма... чаго... А ці ж ведаю? Не! Я дзеткам кажу аб прыродзе па-навучнаму, рэдка раскажу ім страшнае. Любыя дзеткі...

Думы мае! Адкуль вы? Калі тое было, што дзядуля-нябожчык (няхай святы ляжыць) казкі мне страшныя казаў, мэкай ды мышэшай пужаў.

Думымае, адкуль вы?”.

Страхі, што апаноўваюць герояў М. Гарэцкага, караняцца не толькі ў жахлівых паданнях; іх падстава - боязь самога жыцця, якое патрабуе ад актыўнай, дзейснай і свядомай натуры адэкватнага стваральнага акту. Гэта-прадчуванне няўдачы, боязь яе.

“Дзіцячыя” пытанні, якія ставяць дарослыя героі пісьменніка, множацца: “Што яно?”, “Адкуля яно?”, “І адкуль яно ўсё?”, “I чаму яно ўсё?”, “Што там?”. Першы крок у жыццёвы трансцэндэнталізм, апроч расчаравання, прывёў героя-інтэлігента М. Гарэцкага і да адной істотнай высновы: абапірацца трэба на “роднае карэнне”, гэта значыць, на нацыянальную глебу, гістарычную, культурную, духоўны досвед беларускага народа. Праўда, гэты скарб часта выглядае “заклятым” і яго не возьмеш ніякімі замовамі.

Персанажаў “інтэлігенцкіх апавяданняў” бянтэжыць не толькі прыродная, але і чалавечая таямніца, трансцэндэнталізм народнай душы. Здавалася б, ім, інтэлігентам у першым пакаленні, душа селяніна не павінна здавацца непрагляднымі нетрамі. Бо і самі яны, як той яблык, недалёка адкаціліся ад мужыцкае нівы, не страцілі цікавасці да вясковага побыту, традыцый. Яны, дэмакраты па поглядах, часам перабольшвалі і ідэалізавалі стваральныя магчымасці сялянства. Магчыма, якраз такое перабольшванне і прыводзіла персанажаў да расчаравання.

Гэтае пачуццё востра перажывае Клім Шамоўскі, герой апавядання “У лазні” (1912). “Нашанівец”, нацыянальны адраджэнец па светапоглядзе, вучань апошняга класа каморніцкага вучылішча, ён, у духу “нашаніўства”, выводзіць беларушчыну наўпрост з вясковасці і самы кароткі шлях да Беларусі бачыць у тым, каб вярнуць спрадвечныя сялянскія завядзёнкі.

Клім прыязджае на вакацыі ў роднае Мардалысава і ідзе ў вясковую лазню, ды не проста каб памыцца, але “ачысціцца” ад налёту панства, бо хоча пачувацца ў вясковым асяроддзі “сваім”.

Лазня, у якой лягчэй забрудзіцца, чым памыцца, нагадвае нават не чысцец, а пекла з грэшнікамі і чарцямі: “Аж стогн лунаў у лазні. Павярнуцца - думау Клім - недзе: паўнютанька лазня людзей. На нізуў гразі блазнота... Іншьі плакаў ад дыму ціяшчэ ад чаго і цёр вочы кулакамі, і плёскаў гразнай вадой. Але й тую яму нехта забараніў браць, казаў: “Злётай прынясі сам ”. Іншы сядзеў непарушна, ушчаміўшы галаву паміж ног. Той шчыпаўся, той штурхаўся, той жартаваў - мацаў некага па вачах, кажучы: “Ці еў балазе?”.

Лазня дапамагае герою вызваліцца ад ілюзій пра маральную падрыхтаванасць вяскоўцаў да пазітыўных зменаў. Уначы яго апаноўваюць іншыя думкі і пытанні: “Беларусь, Беларусь, чым ты была і чаго ты, во, даждала? ”. Клім уцяміў, што двойчы ў адную і тую лазню, як і ў раку, не ўвойдзеш. Памяняліся не толькі вёска, не толькі Беларусь, але і сам ён. На памяць прыходзяць коласаўскія радкі, якія герой перайначвае:
Мой родны край, як ты ж мне мілы,
Уцяміць цябе не маю сілы...

Трансцэндэнтальная Беларусь - такой бачыць яе цяпер Клім Шамоўскі. Ён кіруецца запаветнай формулай Каруся Каганца: “Беларусь трэба падымаць!”. Але як? Гісторыя дзеецца, як выявілася, болыш марудна і складана, чым яму мроілася...

“Але ж не адракацца, не быць здраднікам, а любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну павінен, доўжан..”, — быў другі шэпт. “Люблю... ці ж нелюблю?.. А страшна яно, роднае... чым?.. ”

I спахмурнеў Клім, сігаў шпарчэй па скрыпучым марозным снезе. Ляцела думка: “Мойродны кут, люблю цябе без меры! ” — і забавілася яна, не ўцякала.
— Ці не захварэла твая галава, Клім, пасля лазні? - спытаўся бацька.
— Палепшае, - адказаў сын”.

Ірацыянальнае ў чалавечай свядомасці робіцца прадметам далейшага мастацкага даследавання Максіма Гарэцкага. Сфера трансцэндэнтальнага не абмяжоўваецца вонкавым прыродным быццём.

Глыбіні чалавечага “я”, несвядомага, непадуладнага логіцы вымяраюцца ў драматычнай аповесці “Антон” (1914).

Што прымусіла яе героя, рахманага і набожнага селяніна, зрабіць жудаснае, здавалася б, не матываванае злачынства, замахнуцца на жыццё ўласных дзяцей? Над лёсам Антона Жабона, забранага ў вар’ятню, разважаюць адукаваныя людзі. Яго ўчынак тлумачаць хваробай мозга, бядотным сацыяльным становішчам, агульным палітычным крызісам. Беларускі інтэлігент лічыць, што прычына хаваецца ў пераломе, у пераходным стане народнай свядомасці: “Цяпер у майго народа крызіс: старыя багі струпехлі, а новых... новыя мала ведамы... і сусветна новыя багі, багі цела, што даюць ці могуць даць поўнае здавальненне толькі целу, гэтыя багі не надта падабаюцца беларусу...”. Адначасова пісьменнік дае зразумець, што гэтымі версіямі таямніца Антона не вычэрпваецца - яна надта глыбока схаваная ў прыцемках несвядомага, у тых глыбінях чалавечай душы, дзе можа ўтойвацца непрадказальнае, пачварнае.

Героі Максіма Гарэцкага з іх рэфлексійнасцю, схільнасцю да самааналізу, назіраюць ірацыянальнае не толькі ў грамадскім асяроддзі, але і ў саміх сабе. Расчараванне ў ілюзіях выклікае ў іх крыўду, а пасля высвятляецца, што крыўдуюць яны на саміх сябе. Так адбываецца з Лявонам Задумам у аповесці “У чым яго крыўда?” (1926), які пацярпеў і ад свайго наіўнага нарадафільства, і ад недарэчнага кахання да цёмналескай Дульсінеі, а найбольш - ад унутранай няпэўнасці.

У аповесці “Меланхолія” (1928) задуменны герой Максіма Гарэцкага будзе апантана змагацца за беларушчыну, даводзіць свае нацыянальныя пачуцці ў вёсцы і ў горадзе, цярпець новыя паражэнні, трапляць у недарэчныя сітуацыі, але ўсё гэта прывядзе яго да істотнай эвалюцыі, і пра яе сведчыць змена сімволікі. Герой развітаецца з лазняй (сімвалам адсталасці, заскарузлай патрыярхалынчыны), скіне з плеч сялянскі жупанок, які дагэтуль упарта насіў, каб паказваць сваю блізкасць да простага люду. Меланхолія, якая зменіць яго татальную крыўду, - стан не толькі балесны, але і плённы. У меланхалічным настроі Лявон вучыцца не толькі задуменна, але і скептычна, са здаровай іроніяй глядзець на навакольны свет і на сябе. Гэтыя якасці спатрэбіліся яму падчас новых, больш жорсткіх выпрабаванняў, якія ён апісаў у кнізе- дзённіку “На імперыялістычнай вайне” (1926).

Вольнанаёмны Лявон Задума сутыкнецца на фронце з новымі для яго праявамі ірацыянальнага – ваенным трансцэндэнталізмам, неспасцігальным імкненнем людзей да калектыўнага забойства. Максім Гарэцкі, які па-ранейшаму стаіць за спінай героя, невыпадкова лічыцца паплечнікам пісьменнікаў “страчанага пакалення” (Э. М. Рэмарка, Р. Олдынгтана, А. Барбюса, Э. Хэмінгуэя). Беларускі аўтар паказаў абсурднасць, ірацыянальнасць вайны ў алавяданнях “Літоўскі хутарок”, “Рускі” (абодва 1915), “Генерал” (1916) і ў аповесці-дзённіку “На імперыялістычнай вайне”, скарыстаўшы не толькі прыёмы жорсткага рэалізму, але і прыём трагічнай іроніі, “ачужэння”.

Стварэнне вобраза Ігната Абдзіраловіча, героя “Дзве душы” (1919), працягвае творчую эвалюцыю, што адбывалася з Задумам. Абдзіраловіч і Задума падобныя тым станам унутранай канфліктнасці, якая не дае спакою кожнаму, але на змену меланхоліі прыходзіць душэўная раздвоенасць.

Твор мае меладраматычную завязку: карміцелька пераменьвае немаўлятак, у выніку чаго сялянскае дзіця выгадоўваецца на паніча. Гэты фабульны ход стаў падствай для складанага мастацка-псіхалагічнага даследвання. Максім Гарэцкі тварыў у той час, калі чалавецтва ўжо ведала пра законы спадчыннасці і пісьменнікі адлюстроўвалі генетычныя працэсы ў сваіх творах. Праблему спадчыны ставілі Герхарт Гаўптман “Перад узыходам сонца” (1889), Генрык Ібсен у п’есе “Здані” (1881). Рэха спрэчак, што вяліся ў грамадстве вакол праблем спадчыннасці, заўважнае і ў драматычнай аповесці М. Гарэцкага “Антон”.

У аповесці “Дзве душы” таксама закранаюцца праблеммы спадчыннасці, але не толькі яны. Генетычнае, “базавае” класавае пачуццё, якога не адмаўляе Максім Гарэцкі, безумоўна, уплывае на ўчынкі Абдзіраловіча тады, калі і аўтарам, і героем у рэфлектыўным стане яны разглядаюцца як алагічныя, невытлумачальныя. Але ёсць яшчэ выхаванне, адукацыя, шчырая вера ў перамогу розуму над ірацыянальным цёмным. Яны таксама фармуюць аблічча Ігната Абдзіраловіча. Ён найчасцей бачыць і ацэньвае падзеі праз прызму адукацыі і выхавання, праз ідэалы бурлівага стунэнцтва, праз чытанне Льва Талстога і ўспрыманне гуманістычнага зместу “талстоўшчыны”, нарэшце праз непахісныя каноны хрысціянскай маралі: “не забі”…, “не пажадай...”, “даруй ворагам сваім...”.

Нерашучасць Ігната Абдзіраловіча ў абставінах вайны і рэвалюцыі, што штурхалі да выбару, тлумачыцца і яго выхаваннем, і яго падчыннасцю — “поклічам крыві”. Іх вынікам і з’яўляюцца душэўныя згрызоты героя:
“І душа дваіцца. Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, на што яна мучыць яе падманкамі, цяпер цвярдзее, але робіцца нядобраю, набірае ўсё больш нейкай калянасці і нават жорсткасці. Няхай сабе тая плача па нейкай паненцы. Ей не шкода, і яна здрыгнецца, калі дзікая людская куламеса пашарпае на шматкі і князя, і Макасея міліёншчыка, і разумца-армяніна. Ёй не шкода... А тая, другая, падумала і здрыганулася”.

Унутраная далікатнасць героя “Дзвюх душ” выклікала раздражненне ў некаторых тагачасных крытыкаў М. Гарэцкага, найперш у А. Навіны (Антона Луцкевіча). Сёння, калі так высока цэняцца душэўная мяккасць і сумленнасць, ацэнка паводзінаў Абдзіраловіча ў крытыкаў хутчэй пазітыўная, а ў тыя часы названыя вышэй якасці прынеслі шмат нягодаў і літаратурнаму герою, і яго стваральніку.

Прастора, у якой рэальнае жыццё ўзаемадзейнічае з літаратурным, поўніцца прыкладамі павучальных, парадаксальных, а часам амаль містычных узаемадачыненняў аўтара, рэальных прататыпаў і літаратурных герояў. Гэта таксама сфера неспазнаных, амаль не вывучаных пісьменніцкіх прагнозаў, прадчуванняў і прароцтваў. У гэтай прасторы палягае эпілог аповесці, які мог бы стаць тэмай твораў пра далейшы лёс Задумы або Абдзіраловіча. Да канца жыцця Максім Гарэцкі імкнуўся прыстасаваць свае дэмакратычныя шуканні да лёсу грамады, шчыра спрабаваў тварыць у абставінах дыктатуры пралетарыяту і таталітарызму, дзеля чаго пісаў лаяльныя да новай улады творы. У адрозненне ад многіх кан’юнктуршчыкаў і сервілістаў сталінскай эпохі ён імкнуўся рабіць гэта сумленна, ды яшчэ з падключэннем інтэлігенцкага досведу: прыцягненне - адштурхоўванне. Заканчэнне “асабістай справы грамадзяніна М. Гарэцкага” дапіша крывавымі літарамі “тройка” УНКУС Смаленскай вобласці, што прысудзіла пісьменніка да расстрэлу.

Мяркуючы па тэксце пратакола, судзілі Максіма Гарэцкага хутка і нядоўга, судзілі малапісьменныя людзі, выхадцы з той самай шэрай грамады, пра лёс якой гэтулькі клапаціліся ды перажывалі творца і яго героі. Ірацыянальнае, агрэсіўнае і жорсткае, што таілася ў нетрах масавай свядомасці, выплюхнула вонкі. Але гэтая перамога не была канчатковай.

Інтэлектуальны пошук герояў М. Гарэцкага, іх вера і сумненні, іх ростані і пошукі выбару былі далёка не марнымі і працягнулі традыцыю беларускай інтэлектуальнай прозы. Відавочны той плён, які мела проза пісьменніка ў фармаванні нацыянальнай школы філасофіі, выпрацоўцы канцэпцыі Беларускага Шляху. Канцэптуальным творам, які падагульніў гэты пошук, стала эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэў- скага) “Адвечным шляхам”.

Выбар аўтарам эсэ такого псеўданіма быў невыпадковы: разам з ім філосаф наследаваў не толькі ўдумлівасць Максіма Гарэцкага і яго персанажаў, але і іх цікавасць да адвечнага і “патаёмнага”, некатэгарычнасць і дыялагізм у развагах.

Рэфлексійнасць і дапытлівасць, зачараванасць “патаёмным” - гэтыя якасці творчай асобы пісьменніка актуальныя і сёння. Яны выспеліліся дзякуючы творчаму пераасэнсаванню майстрам мастацкага вопыту сімвалізму. У змаганні з ірацыянальнымі, варожымі для чалавека праявамі быцця варта пакладацца адначасова на веру і веды, інтуіцыю і творчасць, як гэта рабіў Максім Гарэцкі.