І. Аношкін
Жыццё не песціла яго
Неяк, выступаючы ў адной школе, я заўважыў, што наш зямляк Максім Гарэцкі — у першай шарэнзе беларускіх пісьменнікаў, побач з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Нехта з вучняў тады здзівіўся: то чаму ж пра яго так мала ведаем?
Сапраўды, чаму?..
Быў час, калі на нашай зямлі бясследна знікалі не толькі піеьменнікі. А Максім Гарэцкі знікаў двойчы. У 1931 годзе, абвінавачаны ў прыдуманай нацдэмаўшчыне, быў высланы з роднай Беларусі. А год праз колькі зноў схоплены і адпраўлены яшчэ далей — і як у ваду кануў. Творы ж яго можна было знайсці хіба што ў спецсховішчы.
Нарадзіўся Максім Гарэцкі 6, а па новаму стылю — 13 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета (цяпер раёна). Вёска хоць і называлася Багацькаўкай, але жылі ў ей бедна. Аднак, не зважаючы на нястачу, Іван Кузьміч і Афрасіння Міхайлаўна стараліся, каб іх дзеці вучыліся. Напачатку Максім хадзіў у школу граматы, што была ў суседняй Вялікай Багацькаўцы, затым падаўся ў царкоўна-прыходскую ў Вольшы Аршанскага павета. Скончыўшы гэту школу, паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Добра. думалася, ужо тое, што вучылішча было блізка ад родных мясцін і што там было можна вучыцца, як тады казалі, “на казённы кошт”. У Горы-Горацкім вучылішчы Максім зблізіўся з навучэнцамі, якія цікавіліся беларускай мовай, народнымі казкамі, байкамі, стварылі гурток, выпісалі газету «Наша ніва» — адзіную па тым часе беларускую газету, якая выходзіла ў Вільні. Максім і сям пачаў дасылаць свае допісы ў гэтую газету, а потым паслаў і апавяданне. I вось у студзені 1913 года ў “Нашай ніве” было надрукавана пад псеўданімам Максім Беларус яго першае апавяданне — «У лазні».
Сюжэт просты, узяты з уласнага жыцця, з побыту роднай вёсачкі. Вучань апошняга класа зямельнага вучылішча, казённы стыпендыят Клім прыехаў да бацькоў на каляды. I ўсё яму здаецца тут цяпер не так. Цёмна, брудна, прама ў хаце гадуюць парсючкоў, Прывёз Клім з сабою кніжкі, хацеў пачытаць іх каму, але мужчынам і дзецюкам з-за гульні ў карты няма калі паслухаць. Перад Новым годам Клім з бацькам і братамі ідзе ў лазню дзядзькі Якуба. I там яго засмучае бруд, неўладкаванасць. Вяскоўцы ж над ім пакепліваюць: «Запанеў наш землямер, Клім Раманавіч, духу баіцца». А гэты ўяўны пан, вяртаючыся марозным вечарам з лазні, тужліва думае, што і як рабіць, каб жыццё сялян пасвятлела.
Пасля заканчэння вучылішча Максім уладкаваўся на Віленшчыне. Працуючы там, наведаўся і ў рэдакцыю «Нашай нівы», дзе пазнаёміўся з. Янкам Купалам і Якубам Коласам. А ў 1914 годзе там жа, у Вільні, быў выдадзены яго зборнік «Рунь». Дарэчы, гэта адзіная кніжка Максіма Гарэцкага выпушчаная да рэвалюцыі. Большасць апавяданняў гэтага зборніка — пра інтэлігентаў, якія выйшлі з сялян, пра іх клопаты аб роднай старонцы, імкненне прымяніць свае веды на карысць народу, дзеля яго шчасця.
Аднак неўзабаве М. Гарэцкі мусіў на пэўны час адысці ад актыўнага літаратурнага жыцця, бо давялося апрануць салдацкую форму. Тым часам пачалася імперыялістычная вайна. Разам са сваёю артылерыйскай батарэяй сувязіст Максім Гарэцкі ўдзельнічаў у баях ва Усходняй Прусіі, дзе быў цяжка паранены. Але і ў акопах, шпіталі ён не расставаўся са сваімі запіснымі кніжкамі, занатоўваў падзеі, уражанні, рабіў накіды плануемых твораў. Адным з такіх твораў і стала дакументальная аповесць «На імперыялістычнай вайне». Але гэта потым. Пакуль жа, ачуняўшы пасля ранення, трапіў зноў у акопы.
У 1916 годзе, скончыўшы Паўлаўскае ваеннае вучылішча, Гарэцкі ў чыне прапаршчыка разам са сваёю воінскай часцю апынуўся ў Пінскіх балотах. Падзеі ж ішлі сваёй чаргой. Пазбавіўся царскай кароны Мікалай Другі, аднак у гаротным стаполішчы простых людзей нічога не змянілася. Рознай масці паны і падпанкі патрабавалі працягваць вайну да пераможнага канца. Кастрычніцкая рэвалюцыя застала Максіма ў Смаленску.
Не зважаючы на сваю хворасць, М. Гарэцкі супрацоўнічае ў газетах «Известия Смоленского Совета» і ў «Дзянніцы», якая на беларускай мове выходзіла ў Петраградзе. У газеце «Звязда», куды быў неўзабаве запрошаны М. Гарэцкі, ён змяшчае свае артыкулы, апавяданні. У 1919 годзе, у сувязі з утварэннем Літоўска-Беларускай рэспублікі, разам з рэдакцыяй гэтай газеты Максім Іванавіч трапляе ў Вільню. Ды падзеі разгарнуліся так, што Вільня была захоплена панскай ГІольшчай. Пісьменнік, які з-за хваробы не змог выехаць у родныя мясціны, застаўся цяпер ужо ў чужой дзяржаве. Ды і тут змагаецца за правы беларусаў, творча працуе. Менавіта ў гэты віленскі перыяд ім напісаны аповесць аб рэвалюцыі і грамадзянскай вайне — «Дзве душы», «Гісторыя беларус кай літаратуры», падрыхтава. на да друку «Хрэстаматыя. беларускай літаратуры», сабраны матэрыялы для рамана-хронікі «Віленскія камунары».
Такая дзейнасць. вядома, не падабалася панскай уладзе, беларускі пісьменнік быў арыштаваны і пасаджаны ў сумна вядомы астрог “Лукішкі”. Аднак у 1923 годзе Максіму Іванавічу разам з жонкай-пісьменніцай Леанілай Усцінаўнай Чарняўскай удалося вярнуцца ў Савецкую Беларусь.
I адразу ж уключыўся ў грамадскае жыццё. Працуе выкладчыкам у інстытуце беларускай культуры, на раб-факу Дзяржаўнага ўніверсітэта, у родных мясцінах — сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, а потым — у Акадэміі навук рэспублікі. I ўсё гэта адначасова з пісьменніцкай працай. Выходзяць з друку яго аповеспі «Ціхія песні» і «На імперыялістычнай вайне». У 1926 годзе выдадзены зборнік апавяданняў « Досвітак».
У «Досвітку» паказана цяжкае, бяспраўнае мінулае просгага люду. Вось апавяданне «Прысяга». Селянін Тарас, вельмі набожны, вымушаны паграшыць, даць ілжэпрысягу перад іконай, каб выратаваць жыццё тром беглым мужыкам. Робіць гэта не адразу, а пасля ваганняў, барацьбы самога з сабой. Урэшце бярэ грэх на душу, згаджаецца гарэць, як кажуць царкоўнікі, у гіёне вогненнай, толькі ж тых небаракаў-сялян не выдае, жадае ім: «Што ж, браткі, заставайцеся надалей, жывіце...».
У сааўтарстае з кампазітарам Ягоравым пісьменнік выдаў фальклорны зборнік «Народныя песні», у якім было звыш 300 беларускіх песень, запісаных большасцю Максімам Іванавічам ад маці. Пісаў ён і п'есы, якія друкаваліся ў розных выданнях, ставіліся пераважна гурткамі мастацкай самадзейнасці.
I вось творчы працэс быў парушаны — пісьменнік, навуковец зноў адарваны ад роднай зямлі, зысланы з Беларусі. Аднак і ў цяжкіх умовах, у якіх апынуўся, працягваў літаратурную працу. Закончыў «Камароўскую хроніку» — твор аўтабіяграфічнага плана. А галоўнае —напісаў раман-хроніку «Віленскія камунары», які пабачыў свет толькі ў 1963 годзе, быў выдадзены не толькі на беларускай, але і на рускай, украінскай, літоўскай і іншых мовах.
У рамане адлюстравана барацьба працоўных за шчасце долю, рост класавай свядомасці народных мас, пераход іх ад пасіўнага пратэсту да арганізаванай барацьбы, выведзены вобразы камуністаў. Віленскія камунары — рабочыя розных нацыянальнасцей: рускія, беларусы, літоўцы, палякі, яўрэі... У аснову твора пакладзены дакладныя факты — як віленскія рабочыя-камунары ў 1918 годзе трымалі абарону ў Вільні супраць белапольскіх жаўнераў.
Максім Гарэцкі пражыў усяго 44 гады. Жыццё не песціла яго — то фронт, акопы, то адарванаспь ад роднай зямлі. I смерць прыняў ад яжоўскіх апрычнікаў як змагар за свой народ, яго культуру, мову. Пра гэта помняць. I не толькі мы, беларусы: стагоддзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага шырока адзначаецца ва ўсім свеце.