Васідь Дранько-Майсюк
Брама скарбаў Максіма Гарэцкага: адчыняем і ўзбагачаемся
Творца ўнікальнага таленту, чый 125-гадовы юбілей шырока адзначаецца па ўсёй Беларусі, стаў сапраўднай зоркай айчыннай літаратуры яшчэ юнаком, калі надрукаваў у «Нашай Ніве» апавяданне «У лазні» (1913 г.). Ён першы сярод беларускіх літаратараў, хто пачаў актыўна ўзбагачаць беларускае прыгожае пісьменства іроніяй і (што важна!) самаіроніяй. За чатыры гады да класічнага рамана Эрыха Марыя Рэмарка «На Заходнім фронце без зменаў» выдаў свой шэдэўр дакументальнай прозы (якім натхняўся Алесь Адамовіч) «На імперыялістычнай вайне» (1926 г.). Максіму Гарэцкаму не было і сарака гадоў, а ён паспеў скласці тры беларуска-рускія слоўнікі, выдаў «Гісторыю беларускай літаратуры», выявіў ва ўсёй трагічнай выразнасці беларускую сутнасць у рамане «Дзве душы»...
Адзначым найбольш цікавыя мерапрыемствы, якія праходзілі ў лютым з нагоды юбілею пісьмённіка.
МАРКА ГАРЭЦКАГА
Міністэрства сувязі і інфармацыі выпусціла паштовую картку з арыгінальнай маркай «125 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага». У афармленні выкарыстаны партрэт юбіляра, а таксама выява дома, дзе ён нарадзіўся.
ТЭЛЕФОННАЯ РАЗМОВА 3 ПЛЯМЕННІКАМ РАДЗІМАМ
Літаратурная вечарына «Жыве яго слова» адбылася ў Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна. Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў прапанаваў узбагаціць сустрэчу тэлефоннай размовай з пляменнікам Максіма Іванавіча — акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім. Спадар Радзім расказаў пра славутага дзядзьку, падкрэсліў яго вялікую ролю ў станаўленні незалежнай беларускай дзяржавы і падзякаваў прысутным за шанаванне памяці вялікага пісьменніка.
МАЛАВЯДОМАЕ ПРА АЎТАРА «ДЗВЮХ ДУШ»
«Ён словам і думкай служыў Беларусі» — так называецца выстаўка, якую зладзілі Горацкая цэнтральная раённая бібліятэка і Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музей. Падрабязна пазнаёміцца з творчасцю і жыццём Максіма Гарэцкага дапаможа стэнд, багата аздоблены біяграфічнымі матэрыяламі і мастацкімі выданнямі.
Адкрыў выстаўку вечар паэтычнага настрою «Скарбы яго жыцця», на які былі запрошаны навучэнцы Мсціслаўскаіа дзяржаўнага будаўнічага каледжа». Бібліятэкары Валянціна Бабко і Юлія Еўмушкова расказалі малавядомыя факты пра знакамітага зямляка.
ЗАПІСКІ САЛДАТА ЛЯВОНА ЗАДУМЫ I НЕ ТОЛЬКІ
27 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя выстаўкі «Ахвярую сваім “Я”...», прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага і 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Радзім Гарэцкі, даследчыкі і аматары творчасці юбіляра, беларускія пісьменнікі.
У выкананні дыктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Алега Вінярскага прагучалі ўрыўкі з дакументальна-мастацкага твора «На імперыялістычнай вайне».