Алесь Сачанка

Класік і наватар

18 лютага споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, літаратуразнаўцы, публіцыста, перакладчыка, лексікографа, фалькларыста, крытыка, грамадскага дзеяча Максіма Гарэцкага.

Ён нарадзіўся ў 1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне ў сялянскай сям’і. Бацька — Іван Кузьміч Гарэцкі (1856-1945) — многія гады служыў кухарам у пана Цэкерта ў Лонніцы наСмаленшчыне. Маці Ахрасіння Іванаўна (у дзявоцтве Папова; 1864-1935) — дачка панскага ткача з сяла Слаўнае, сям’я лічылася заможнай. Максім закончыў пачатковую школу граматы ў вёсцы Вялікая Багацькаўка, у 1908 г. — двухкласную настаўніцкую школу ў Вольшы і атрымаў магчымасць быць настаўнікам. У 1909 г. ён паступіў у каморніцка-агранамічную вучэльню ў Горы-Горках, якую скончыў у 1913 г. У вучэльні пад кіраўніцтвам Максіма было створана невялікае таварыства аматараў беларускай літаратуры. У часопісе “Наша Ніва”ў 1912-1913 гг. з’явіліся спачатку карэспандэнцыі, а потым фельетоны і першыя апавяданні за подпісам “Максім Беларус”. Большасць апавяданняў, апублікаваных у часопісе, неўзабаве і склала змест першай кнігі М. Гарэцкага — зборніка“Рунь” (1914). Пасля заканчэння вучылішча малады пісьменнік едзе па размеркаванні на Віленшчыну, дзе працуе каморнікам. Там завязалася сяброўства з Янкам Купалам і Змітраком Бядулем. У віленскі перыяд М. Гарэцкі напісаў драматычную аповесць “Антон ”, а таксама артыкулы “Наш тэатр” і “Развагі і думкі”, у якіх выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, мовы, тэатра.

Адбыванне вайсковай павіннасці ў якасці вальнапісанага царскай арміі супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. М. Гарэцкі ўдзельнічаў у кровапралітных баях ва Усходняй Прусіі, дзе быў цяжка паранены. Падлячыўшыся ў Вільні, вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы. Атрымаўшы чын прапаршчыка, праходзіў службу спачатку ў Іркуцку, а потым у Гжацку. Маючы вольны час, пісьменнік стварыў там шэраг апавяданняў пераважна ваеннай тэматыкі — “На эгане”, “Генерал”, “Прысяга” і інш. У 1916-1917 гг. М. Гарэцкі зноў апынуўся на фронце, на гэты раз на станцыі Парахонск у раёне пінскіх балотаў. Франтавыя ўражанні і назіранні пісьменнік акуратна заносіў у дзённік, матэрыялы якога ён пазней выкарыстаў для напісання дакументальна-мастацкай аповесці “На імперыялістычнай вайне”.

У 1917 г. пісьменнік цяжка захварэў і быў эвакуяваны ў Арол. Лячыўся спачатку ў Маскве, потым у Жалезнаводску. Рэвалюцыю пісьменнік сустрэў у Смаленску, там жа ў гэты час знаходзіўся і Янка Купала. М. Гарэцкі захапіўся журналістыкай: спачатку працаваў у газеце “Известия Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов”, а потым — у “Звязде”, рэдакцыя якой пасля абвяшчэння БССР пераехала з Мінска ў Вільню. У час польскай акупацыі пісьменнік шмат працуе, займаецца грамадскай дзейнасцю і плённа піша. М. Гарэцкі быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, чытаў лекцыі на беларускіх настаўніцкіх курсах, рэдагаваў газеты “Наша думка” і “Беларускія ведамасці”. На працягу 1919-1923 гг. ён напісаў больш за 20 твораў: апавяданні, аповесць “Дзве душы”, крытычныя артыкулы, першы падручнік “Гісторыя беларускае літаратуры” і “Хрэстаматыю беларускае літаратуры: XI ст.-1905г.”.

У 1922 г. за антыўрадавую дзейнасць М. Гарэцкі быў арыштаваны польскімі ўладамі. Адбываў пакаранне ў адзіночнай камеры Лукішскай турмы, затым быў высланы ў Коўна.

У 1923 г. пісьменнік пераязджае ў Мінск. Займаўся пераважна выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю: чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, даследаваў літаратуру ў Інбелкульце і ў Акадэміі навук БССР. Выязджаў у Сібір і на Далёкі Усход вывучаць жыццё беларусаў-перасяленцаў. Гэта стала асновай для напісання цыкла “Сібірскія абразкі”.

У 1930 г. пісьменнік быў рэпрэсаваны па сфабрыкаванай справе Саюза вызвалення Беларусі і высланы ў г. Вятку. У ссылцы М. Гарэцку давялося папрацаваць чарцежнікам, далакопам і тэхнікам-калькулятарам. Нават у такіх невыносных умовах пісьменнік не страчваў аптымізму, працягваў займацца сваёй любімай справай. У гэты час ён апрацоўваў матэрыялы да дакументальна-мастацкага твора “Камароўская хроніка”, працаваў над раманам “Віленскія камунары”, які завяршыў у п. Пясочня.

М. Гарэцкаму належыць асаблівая роля ў развіцці беларускай літаратуры, у першую чаргу, у станаўленні нацыянальнай прозы. Ён з самага пачатку свайго творчага шляху выявіў клопат пра развіццё беларускай літаратуры, пашырэнне яе жанравых і тэматычных абсягаў. У сваіх першых спробах пяра пісьменнік абапіраўся натворчы вопыт Якуба Коласа і іншых сучасных яму аўтараў, але кожнае яго апавяданне, аповесць ці раман былі з’явай у беларускай прозе пачатку ХХст., наватарскімі па змесце і форме. У шэраг апавяданняў першага зборніка “Рунь” М. Гарэцкі ўвёў вобраз вясковага інтэлігента (“У лазні”, “Роднае карэнне”, “У чым яго крыўда?”). Праблема ўзаемаадносінаў інтэлігенцыі і народа стала вызначальнай у творчасці пісьменніка. М. Гарэцкага хвалявала небяспека адрыву інтэлігентаў ад “родных каранеў”, імкненне некаторых псеўдаінтэлігентаў уладкаваць асабістае жыццё, адгарадзіўшыся ад надзённых праблемаў сялянства.

Ён адзін з пачынальнікаў ваеннай дакументалістыкі ў беларускай літаратуры: яго творы стаяць побач з лепшымі літаратурнымі ўзорамі еўрапейскіх гуманістаў, мастакоў слова Барбюса, Рэмарка, Франка пра Першую сусветную вайну.

У 1936 г. М. Гарэцкі наведаў родныя мясціны, марыў здаць экзамены за поўны курс педінстытута. Але надзеям пісьменніка не суджана было збыцца: праз год ён зноў трапіў пад новую хвалю арыштаў. У 1938 г. М. Гарэцкі быў расстраляны ў Вязьме. Яго апошнім творам сталі незавершаныя “Скарбы жыцця”, дзе пісьменнік паказаў трагізм становішча мастака ў таталітарнай дзяржаве.

У 1993 г. у роднай вёсцы да 100-годдзя з дня народзінаў пісьменніка, што адзначалася таксама ў межах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, адкрылі Літаратурны музей Максіма Гарэцкага. Да гэтага дня беларуская пошта выпусціла ў абарачэнне паштовую марку. З 1997 г. дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх. Яго імя носяць бібліятэкаў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках. У Мінску і Вязьме пастаўленыя помнікі. З 1992 г. рэгулярна ладзяцца Гарэцкія чытанні. Памятныя дошкі ўсталяваныя на будынках Віленскай беларускай гімназіі, былой Пясочанскай сярэдняй школы № 1 у г. Кіраве (Расія). Таксама памятная дошка ўсталяваная ў Горках на вучэбным корпусе № 4 сельскагаспадарчай акадэміі. З 2015 г. рэктарат акадэміі ўручае стыпендыю імя М. Гарэцкага замежнаму студэнту за поспехі ў вывучэнні мовы. У 2012 г. пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята “Дажынкі” ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926-1928 гг. жыў М. Гарэцкі, на доме была ўсталяваная памятная дошка. У красавіку 2016 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля “Дзве душы” паводле аповесці М. Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з’яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка.