Іофе, Э

Вучоны-фалькларыст – Максім Гарэцкі
(18 лютага – 110 гадоў з дня нараджэння)

Малодшы брат пісьменніка, акадэмік Гаўрыла Гарэцкі ўспамінаў: “У 1909 годзе Максім па вялікім конкурсе паступіў у Горы-Горацкую каморніцка-агранамічную вучэльню, якую скончыў у 1913 годзе. Вучыўся на стыпендыю, жыў у інтэрнаце, дзе стварылася невялічкае вучнёўскае таварыства аматараў маладой беларускай літаратуры. Выпісвалі “Нашу ніву”, захапляліся беларускім фальклорам... На канікулы Максім пехатою прыходзіў за 33 кіламетры ў родную Багацькаўку..., запісваў народныя казкі, паданні, прыказкі, песні, цікавыя і рэдкія словы...”.

Захаваўся ліст М. Гарэцкага ў рэдакцыю газеты “Наша ніва”, напісаны ў 1913 годзе: “...У восьмы дзень мая паслаў я па Вашаму адрасу пяць руб. грошы і прасіў, каб Вы парупіліся прыслаць мне “Словарь белорусского наречия” Носовіча”.

У сярэдзіне 1920-ых гадоў Максім Гарэцкі актыўна ўдзельнічаў у рабоце фальклорна-правапіснай камісіі Інстытута беларускай культуры, дзе ён працаваў разам з Эпімах-Шыпілам, Янкам Купалам і Якубам Коласам. Пабываў у многіх экспедыцыях, арганізаваных Інбелкультам, падчас якіх рабіліся каштоўныя фальклорныя запісы. Як успамінаў наш вядомы кампазітар Мікалай Аладаў, якому давялося супрацоўнічаць з Максімам Гарэцкім, адна з такіх экспедыцый накіравалася на радзіму пісьменніка — у вёску Багацькаўку. Аладаў падкрэсліваў энтузіязм, эрудыцыю і вялікую любоў Максіма Гарэцкага да вуснай народнай творчасці. Пазней, у 1928 г., Інбелкульт выдаў зборнік “Народныя песні з мелодыямі”, падрыхтаваны М. Гарэцкім у суаўтарстве з кампазітарам А. Ягоравым.

У сувязі з гэтым дачка пісьменніка Галіна Максімаўна пісала: “У пачатку лютага 1925 года кампазітар М. Аладаў запісаў ад Еўфрасінні Міхайлаўны (маці М. Гарэцкага - І. Э.) мелодыі дваццаці народных песень. Выбраў найбольш яму цікавыя: “А ў катле медзяное дно”, “А ў горадзе на рынку п’ець худоба гарэлку”, “Няма міру ўдовінаму сыну”, “Ай, харошае дзераўца свідзіна”, “Як прыехаў джанджура” і інш., а ў канцы 1925 года сто дваццаць шэсць з праспяваных ёю песень паклаў на ноты А. Ягораў.

...У зборніку “Народныя песні”, што выйшаў у 1923 годзе з тым добрым мінскім партрэтам Еўфрасінні Міхайлаўны, змешчаны болей трохсот запісаных ад яе народных песень... Жыццё людское за многія гады адбілася ў гэтых песнях...

Многа прыйшлося папрацаваць бацьку, каб перадаць уласцівае для яго родных мясцін вымаўленне слоў:
Пы ряцэ, ряцэ вуцяніца плувець
Вышы беріга галовычку нясець...
Пры мяне младу бісславіца
ідзець
Быццым молыда любіла каго...”.

Для характарыстыкі Максіма Гарэцкага як вучонага-фалькларыста вялікую каштоўнасць маюць успаміны яго жонкі — Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай. Праз шмат гадоў яна згадвала: “Песні” запісваліся ад маці Максіма, Аўфрасінні Гарэцкай, пачынаючы з 1924 года, у час яе побыту ў нас. Спачатку мама пяяла, і Максім запісваў ад яе словы, потым яму захацелася, каб мелодыі былі паложаны на ноты, і ён пачаў запрашаць да сябе розных музыкаў...

У пачатку 1926 года Максім пераехаў працаваць у Горкі. Хутка туды пераехалі і мы ўсёй сям’ёй. Максім на працягу 1926-1927 гадоў апрацоўваў песні для выдання зборніка, разбіваў іх на раздзелы: “Вясельныя”, “Жніўныя”, “Калядныя”... Дзівіўся багаццю матэрыялу, захапляўся глыбінёю зместу, даўнасцю. Казаў: “Я й не думаў, мама, што ты іх столькі ўмееш, мне здавалася раней, што толькі дзядзіна Хрысціна пяяць можа”. А яна, ласкава ўсміхаючыся, гаварыла: “Я і сама не ведаю, калі ім навучылася. На хрэсьбінах пяём і на вяселлі пяём, жнём — песні заводзім, узімку прадзём і, каб спаць не хацелася, доўгія песні пяём”.

Вялікую ролю ў фарміраванні М. Гарэцкага як вучонага-этнографа і фалькларыста адыграла яго перапіска з акадэмікам Яўхімам Карскім. У лісце ад 18 жніўня 1923 года Максім Іванавіч пісаў: “Глыбокапаважаны і дарагі Яхім Фёдаравіч! Найперш дзякую Вам дужа і шчыра за “Беларусаў” т. 3, ч. II і ч. III...

... У Вільні таксама, я купіў у букіністаў адну кніжку з бібліятэкі нябожчыка, пухам яму чужая зямелька, Еўдалейма Раманавіча Раманава, адну — Дабранскага, адну — Даўгялы...”.

Паводле ўспамінаў Гаўрылы Гарэцкага. Максім перапісваўся і з вядомым беларускім гісторыкам і этнографам А. Сапуновым. Апошні падарыў яму выданне “Віцебскай старыны”. Гаўрыла Іванавіч адзначаў: “Максім бачыў у простым, непісьменным працаўніку беларускай вёскі перш-наперш чалавека, з яго тяжкай працай, поўнай не толькі фізічнага стамлення, але творчай радасці, чалавека, які мае свой светапогляд, сваю вусную культуру, захаваную ў роднай мове, у песнях, казках, апавяданнях, прыказках, танцах, звычаях, мастацкіх вырабах, матэрыяльнай культуры, архітэктуры і інш. Фальклор для Максіма быў шырэйшым за этнаграфію; у беларускім фальклоры змяшчалася ўся беларуская гісторыя і культура, доказы неўміручасці беларускай нацыі, крыніца маладой беларускай літаратуры”.

М. Гарэцкі быў і прапагандыстам вуснай народнай творчасці сярод беларускай моладзі, асабліва сярод маладых паэтаў і празаікаў.

Алесь Якімовіч нагадаў такі выпадак:
“У канцы 1924 года я трапіў да Максіма Іванавіча на кватэру. Ён запрасіў да сябе Уладзіміра Дубоўку. А Дубоўка прыхапіў і мяне як свайго сакратара па рэдакцыі “Беларускага піянера”. Гэтая сустрэча мне запомнілася на ўсё жыццё. Максім Іванавіч рыхтаваў тады да перавыдання сваю “Гісторыю беларускай літаратуры” і меўся абмеркаваць з Дубоўкам першы раздзел гэтай кнігі — народную творчасць...

Гэта была размова двух знаўцаў вышэйшага, што называецца, класа ў такой справе. Да гэтага я слухаў лекцыі Піятуховіча — і па літаратуры, і па фальклоры. Але там былі чыста школьныя лекцыі-ўрокі. А тут збольшага вядомы мне прадмет разглядаўся з глыбіні, як высокая паэзія, якую мы ў апошнія гады, ломячы ўсё старое, занядбалі.

— Глядзіце, — з хваляваннем гаварыў Максім Іванавіч, — колькі хараства хоць бы ў такіх радках народнай песні:
— Ах, мілы мой глуміўся мной,
Сеяў палын на маім сэрцы,
Ды клаў агні на маіх плечках,
Рабіў скрыпкі з маіх ручак,
Увязваў каня да маіх косак,
Пушчаў рэчкі з маіх вочак...

— Мілая мая, няпраўда твая: Я сеяў палын у чыстым полі,
Я клаў агні ў шчырым бары,
Увязваў каня ў белай бярозе,
Я пушчаў рэчкі крынічныя,
Я рабіў скрыпкі з белае ліркі.

— Сяргей Ясенін пазайздросціў бы такім дасканалым лірычным метафарам, — дадаў ён, з душэўным пачуццём прачытаўшы песню. А вазьміце казкі. З глыбінь вякоў дайшлі яны да нас— чыстыя, адшліфаваныя, як шліфуе мора свае дыяменты. Мала яшчэ нашы пісьменнікі — асабліва маладыя - вучацца літаратурнаму майстэрству ў самога народа.

Ці трэба казаць, што сустрэча гэтая зрабіла на мяне вялікае ўражанне. Я думаю, што мая цікавасць да беларускага фальклору пачалася якраз з гэтай сустрэчы. Відаць, запомнілася яна і Уладзіміру Дубоўку, які, як ніхто з нас, маладзейшых пісьменнікаў, ведаў і разумеў народную творчасць і пранёс шчырую любоў да яе праз усё сваё творчае жыццё”.

У лютым 1926 года Максім Гарэцкі выступіў на першым Усебеларускім краязнаўчым з’ездзе з дакладам “Збіранне фальклору”.

Навуковую дзейнасць Максіма Іванавіча на ніве фальклору высока ацанілі сучасныя фалькларысты, якія лічылі яго калегам- прафесіяналам.

Бясспрэчна, пісьменнік Максім Гарэцкі ўвайшоў у гісторыю айчыннай навукі і культуры яшчэ і як таленавіты вучоны — літаратуразнаўца і крытык, фалькларыст і даследчык моўных скарбаў беларускага народа. Нельга не пагадзіцца з наступнымі словамі вядомага крытыка, літаратуразнаўцы, прафесара БДУ Дзмітрыя Бугаёва: “Гісторыя беларускай літаратуры”, кніга “Маладняк за пяць гадоў”, “Хрэстаматыя беларускай літаратуры”, выдадзены ў садружнасці з кампазітарам А. Ягоравым зборнік народных песень, некалькі самых ранніх у гісторыі нашай лексікаграфіі перакладных руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў, цэлы шэраг крытычных артыкулаў і выступленняў па пытаннях літаратуразнаўства і фалькларыстычнай навукі — усё гэта таксама мела для свайго часу істотнае значэнне...”.