Л. Я. Глазман
Асэнсаванне нацыянальнай праблематыкі ў кантэксце ваеннай катастрофы ў “малой” прозе М. Гарэцкага
Даследуецца мастацкае асэнсаванне ў “малой” прозе Максіма Гарэцкага праблем нацыянальнай трагедыі беларускага народа падчас ваенных і рэвалюцыйных падзей першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Ва ўмовах адначасовага разгортвання на тэрыторыі Беларусі перыпетый Першай сусветнай, грамадзянскай, савецка-польскай войнаў, рэвалюцый 1917 года і станаўлення новай беларускай дзяржаўнасці для М. Гарэцкага асаблівую актуальнасць набывае нацыянальная праблематыка. Пісьменнік у гэты перыяд актыўна звяртаецца да праблемы пошукаў нацыянальнай дэнтычнасці, самаўсведамлення беларуса. У апавяданнях М. Гарэцкі не толькі паказвае супярэчнасці складанага часу, а шукае прычыны крызісных сітуацый і шляхі выхаду з іх, сцвярджаючы магчымасць і неабходнасць асобы ў любой сітуацыі захаваць сваю чалавечую годнасць. Гэта дазваляе разглядаць творы пісьменніка ў ракурсе “пераадолення” трагічных для краіны падзей.
Уводзіны. З творчай спадчыны М. Гарэцкага на фоне абвостранасупярэчлівых ваенных, рэвалюцыйных, нацыянальных падзей першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя найперш вылучаюцца творы, якія адлюстроўваюць сучасную для пісьменніка рэчаіснасць. Менавіта яны ўсё больш прыцягваюць увагу літаратуразнаўцаў. Акрамя таго, шматграннасць прозы, мастацкая глыбіня таленту пісьменніка, які “як бы адначасова абдымае думкаю розныя пункты гледжання на свой прадмет, на аб’ект адлюстравання”, дазваляюць даследчыкам закранаць розныя аспекты ў адных і тых жа творах.
Першыя набыткі літаратуразнаўчага аналізу апавяданняў, якія падымаюць праблемы нацыянальнай трагедыі беларускага народа падчас Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, рэвалюцыйных падзей 1917 года, усталявання савецкай улады, драматычных памежаванняў Беларусі паводле Брэсцкага міру (1918) і Рыжскага міру (1921) былі звязаныя, найперш, з працамі Д. Бугаёва, А. Адамовіча. Гэта было абумоўлена неабходнасцю асэнсаваць каштоўнасць творчасці пісьменніка адразу пасля яго рэабілітацыі, “упісаць” фігуру М. Гарэцкага <...> у беларускі літаратурны працэс” 1960-х гадоў. Пазней І. Чыгрын у манаграфіі “Паміж былым і будучым” разгледзеў дадзеныя творы з пункту гледжання эвалюцыі цэнтральнага для пісьменніка вобраза інтэлігента. Праз прызму асветніцкай ідэі аналізуецца творчасць Гарэцкага даследчыкам М. Мушынскім. Акрамя грунтоўных манаграфічных прац, існуе вялікая колькасць даследаванняў, прысвечаных праблеме чалавека на вайне ў асэнсаванні М. Гарэцкага: найперш у хрэстаматыйных апавяданнях “Літоўскі хутарок” (1915), “Рускі” (1915), “Генерал” (1916), у аўтабіяграфічных “запісках” “На імперыялістычнай вайне” (1926). Менш вывучанымі апынуліся тыя творы з падобнай тэматыкай, што былі пазней уведзены ў шырокі, сталы навуковы ўжытак: алегарычная споведзь пісьменніка “Скарбы жыцця” (1932–1935, 1937?), апавяданні “Фантазія” (1921), “У 1920 годзе” (1921), “Усебеларускі з’езд 1917-га года” (1922), драматызаваны абразок “Жартаўлівы Пісарэвіч” (1925).
Раней ва ўсіх гэтых творах Гарэцкага перш за ўсё акцэнтавалася тое ў адлюстраванні вайны, што ўспрымаецца як інварыянтнае для ўсёй сусветнай гуманістычнай традыцыі: пакуты салдата на фронце (“Генерал”, “На імперыялістычнай вайне”), мірных жыхароў падчас ваенных дзеянняў (“Літоўскі хутарок”), бежанцаў (“Жартаўлівы Пісарэвіч”). Аднак у творчай спадчыне пісьменніка ёсць і варыянтнае – спецыфічнае, у параўнанні з іншакультурнымі традыцыямі, адлюстраванне падзей часоў Першай сусветнай вайны. Гэта актуальнасць для М. Гарэцкага нацыянальнай праблематыкі, абумоўленая найперш супадзеннем у часе значных гістарычных падзей на тэрыторыі нашай краіны: на Беларусі адначасова разгортваліся перыпетыі вайны і станаўлення новай беларускай дзяржаўнасці (БНР, ЛітБел і БССР). Таму важна ў прозе М. Гарэцкага тых часоў і пра тыя часы звярнуць увагу на акцэнтаваныя ім праблемы пошукаў нацыянальнай ідэнтычнасці, самаўсведамлення “тутэйшага” чалавека – працэсы, якія былі паскораны глабальнымі катастрафічнымі падзеямі. У гарніле ваенных катаклізмаў, развалу Расійскай імперыі, узнікнення новых абрысаў еўрапейскіх дзяржаў менавіта і адраджалася самасвядомасць народнай масы. У гэтых абставінах М. Гарэцкаму ўдалося зрабіць відавочнай саму праблему такога адраджэння.
Асноўная частка. Адсюль вынікае патрэба звярнуцца да больш дэталёвага асэнсавання малюнкаў нацыянальнага быцця ў апавяданнях М. Гарэцкага менавіта ў ракурсе пераадолення трагічных для Бела-русі падзей. У такім аспекце найбольш яскрава вылучаюцца наступныя творы “малой” прозы: апавяданні навелістычнага характару з акцэнтам на знешняй падзейнасці (“Рускі”, “У 1920 годзе”, “Усебеларускі з’езд 1917-га года”); апавяданні з акцэнтам на псіхалагізме, на ўнутранай падзейнасці (“На этапе”); апавяданні з акцэнтаванай мастацкай умоўнасцю (“Фантазія”, “Пакінутыя хаты”). Акрамя таго, дадзеная праблема закранаецца ў некаторых апавяданнях з цыклу “Сібірскія абразкі”, што пісаўся на аснове рэальных гісторый пра беларусаў-перасяленцаў (“Уцекачы”, “Палонны”, “Малы рызыкант”).
Гарэцкі прыкмячаў самыя розныя адценні і звязаныя з імі праблемы беларускай рэчаіснасці тых часоў. Пры гэтым самага трагічнага ўзроўню ў яго апавяданнях дасягае праблема няпэўнага, “прамежкавага” паміж Польшчай і Расіяй становішча краіны. Менавіта яна з’яўляецца галоўнай прычынай нясталасці нацыянальнага самаўсведамлення беларусаў. Гэтая праблема пакладзена ў аснову твораў першай умоўна вылучанай намі групы.
У цэнтры апавядання “Рускі” трагічнае становішча малых народаў, лёс якіх падчас Першай сусветнай вайны цалкам вызначаўся капрызамі сусветных дзяржаў. Перад намі хворы, прывезены з рускааўстрыйскага фронту ў бальніцу салдат-беларус. Першае, што насцярожвае, дзіўнае настойлівае жаданне беларуса, селяніна з Магілёўскай губерні, называць сябе рускім. Другая важная дэталь – месца асноўных падзей. Бо “рускі” сустракаецца з “аўстрыякам”-украінцам недзе на нейтральнай паласе паміж рускімі і аўстрыйскімі пазіцыямі, што, акрамя іншага, сімвалічна ўказвае на прамежкавасць, няпэўнасць становішча героя і такіх жа навабранцаў, як ён: мабілізаваных на сусветную вайну расійскім царом з аднаго боку, з другога – аўстрыйскім імператарам. Ва ўмовах вайсковага падпарадкавання па-за традыцыйнай мараллю герой трапляе ў супярэчлівае, нават безвыходнае становішча. Звычайны земляроб, ён сустракаецца з такім самым селянінам, выхадцам з братняга народа, які размаўляе з ім на добра знаёмай мове. Адбываецца, бадай, сустрэча з блізкім чалавекам. Аднак, з’яўляючыся салдатам расійскай арміі, Рускі сустракае байца варожага войска. А ворага згодна загадам трэба забіваць, таму забойства адбываецца неяк нават бяздумна. Да трагічнага фіналу – душэўнай хваробы героя – прыводзіць стрэс, кагнітыўны дысананс, які перажывае чалавек без нацыянальнай свядомасці. “Рускі” не ўсведамляе цвёрда, хто ён, і чаму такім па-чалавечы блізкім яму апынуўся забіты ім па ўсіх правілах вайсковага статута “аўстрыяк”. Намінацыі “беларус” і “ўкраінец” у апавяданні М. Гарэцкага адсутнічаюць, як няма іх і ў свядомасці персанажа – але менавіта такім чынам яны яскрава актуалізуюцца для чытача. Герой жа губляе розум ад навязанай яму дваістасці. “Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!” гучыць адначасова як самаапраўданне забойства і пакаранне за яго.
Немалаважную ролю адыгрывае вобраз доктара, які пазначае ў адказ на пакутлівыя крыкі сваю пазіцыю: “Ну-ну-ну, гэта не столь важна”. Не важна, бо, вядома, вайна ёсць вайна, яна нібыта раўняе ўсе народы перад тварам смерці, а на вайне кожны – пешка і павінен выконваць сваю функцыю: забіваць ворага...
Апавяданне “У 1920 годзе” яшчэ больш блізка і разам з тым маштабна падыходзіць да трагічных для Беларусі падзей. Ужо сама назва адсылае чытача да Савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў, ахвярай якой зрабілася тэрыторыя нашай краіны. Першыя радкі апавядання ўдакладняюць час дзеяння. Як вядома, увосень 1920 года, пасля жнівеньскага разгрому Чырвонай арміі пад Варшавай, Польшча перайшла ў наступленне і канчаткова заняла значную частку Беларусі. Згодна перамовам, на якія беларускіх дэлегатаў не запрасілі, і падпісанаму ў кастрычніку перамір’ю, тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі. Беларускі народ адказаў на падзел узброеным паўстаннем, цэнтрам якога стаў Слуцк на чале з радай БНР. Вось чаму галоўны герой апавядання вымушаны нелегальна знаходзіцца на “сваёй крэўнай зямлі, <...> бы нейкі крымінальнік”.
Даволі неадназначны, разгалінаваны па сваім ідэйна-мастацкім змесце твор адны даследчыкі (М. Мушынскі) успрымаюць як “зрэз рэчаіснасці <...> дзе чытачу даецца магчымасць самастойна разабрацца ў складанасцях жыцця”, іншыя (І. Чыгрын) адзначаюць пераважнае значэнне для ідэйнага зместу твора станоўчых персанажаў – правадніка і народнага чалавека. І насамрэч, справамі беларусізацыі як на заходніх, так і на ўсходніх тэрыторыях Беларусі займаліся не толькі сумленныя людзі (герой-апавядальнік, сям’я селяніна-правадніка, які дапамагае апавядальніку перайсці цераз лінію фронту паміж Мінскам і Вільняй), але таксама прыстасаванцы, што дбаюць найперш пра асабістыя выгоды і не вераць у рэальнасць і перспектывы беларускай дзяржаўнасці. Сутыкненне такіх розных людзей, іх матываў і пазіцый надае апавяданню асаблівую рэалістычнасць, а прысутнасць адданых нацыянальнай справе герояў выконвае, бясспрэчна, вельмі важную ідэйную функцыю. Да таго ж, пісьменнік, кіруючыся прынцыпамі гістарычнай праўды, акцэнтуе ўвагу на росце свядомасці, асабістай актыўнасці простых людзей, такіх як селянін-праваднік. Гэтыя людзі разумеюць, што знаходзяцца ў абставінах, калі за сваё месца ў жыцці, свае інтарэсы трэба змагацца самім. Але такіх людзей, паказвае М. Гарэцкі, занадта мала.Большасць, на жаль, складаюць такія, як няшчырыя “беларусізатары” з абодвух бакоў ад лініі фронту: з савецкага (настаўнік) і з польскага (вярбоўшчык у беларускае войска). Першы – нахлебнік і дармаед, другі – увогуле вораг, які чакае, пакуль “карабель дасць цечу”, каб самому ў зручны момант яго патапіць. Пісьменнік паказвае: трагізм катастрафічных ваенных падзей, што скончыліся Рыжскім мірам і падзелам Беларусі на Заходнюю і Савецкую, прадвызначаны не толькі лабальнымі прычынамі. Важная з’ява і недастатковасць патрыятычных настрояў саміх беларусаў.
Аднак нават у самых безвыходных абставінах, у часы паражэнняў – а апавяданне пісалася менавіта ў такі перыяд – М. Гарэцкі верыць у недарэмнасць змаганняў: “беларуская агітацыя страшэнна шырыцца. У нас увесь народ за беларусаў, хоць другі дагэтуль і не ведаў, што ён таксама беларус. За беларусамі цяпер пойдзе кожны селянін...”. Гарэцкі не рэабілітуе настаўніка, з вуснаў якога гучаць гэтыя словы, але той факт, што нават такія несвядомыя людзі не могуць ігнараваць рэальнасць нацыянальнага адраджэння на ўскраінах Расійскай імперыі, дзе палымнее вайна, выяўляе цвёрдую веру самога пісьменніка ў вяртанне народа да сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці.
У апавяданні “Усебеларускі з’езд 1917-га года” рэтраспектыўна закранаюцца яшчэ ранейшыя, чым у папярэднім творы, падзеі. Беларускія сяляне, кааператыўшчыкі, распавядаюць галоўнаму герою пра скліканы Вялікай Беларускай радай у снежні 1917 года з’езд, які намераваўся “зрабіць сваю рэспубліку”. Непаразуменне ў Кузьмы, аднаго з дэлегатаў з’езду, выклікае разгон кангрэсу бальшавікамі: “... за што ж яны [бальшавікі] разганяць нас будуць? Па-іхнаму ж хочам <...> Мы ж на сваёй зямельцы ...” .
Здавалася б, разагнаны з’езд, няспраўджаныя надзеі на афіцыйнае прызнанне Беларусі, “поўная несвядомасць” людзей, да якой прызвычаіўся апавядальнік, – усё паказвае на адсутнасць змен для беларускага народа ў “Северо-Западномъ Краі”. Але не дарэмна аўтар адцягвае час сустрэчы героя з сялянамі да 1918 года. Гэты прыём дазваляе яму ахапіць большы прамежак часу і звярнуць увагу на вынікі намаганняў змагароў за свабоду: раней сялян трэба было “ўсведамляць”, цяпер яны самі гатовы пакласці жыццё за Беларусь, ідзе відавочнае пашырэнне народнага руху. Пісьменнік перакананы, што калі народ скінуў паноў і царскую ўладу дзеля роўнасці і свабоды, то ад “простых прыблудаў” прыгнёту тым больш цярпець не будзе. Акрамя таго, М. Гарэцкі бачыць амаль што прагрэсіўныя змены ў сітуацыі. Яны выражаюцца ў агульным настроі людзей, якія робяцца больш самастойнымі і сацыяльна актыўнымі.
Псіхалагічна заглыбленае апавяданне “На этапе” асвятляе падзеі, якія адбываюцца падчас Першай сусветнай вайны ў тыле, у хаце аднаго з палескіх сялян, куды патрапілі па дарозе на фронт пераначаваць трое салдат. Апавядальнік і горды за самавітага, станістага беларуса-палешука, бо перад ім паўстае паўнавартасны, смелы, с пачуццём уласнай годнасці малады мужчына, а не які-небудь тутэйшы неачэсаны напаўдзікун, і адначасова трывожыцца за яго, па-свойму пакалечанага вайной. Паляшук пакутуе ад пастаянных салдацкіх пастояў, якія нясуць пагрозу яго маладой прыгажуні-жонцы. Ён скардзіцца, што беларусак, па натуры “далікатнейшых, змірнейшых”, праз гэтыя пастоі гоніць да распусты вайна. Праблема немагчымасці захаваць сваё прыватнае жыццё ад свавольства салдатаў насычана ў апавяданні не толькі агульначалавечым, антываенным пафасам. Гарэцкі вылучае і ўласна нацыянальны аспект: звяртае ўвагу на змены ў характары палешука. Аўтар паказвае, як руйнуюцца шматвяковыя народныя асновы, як моцны духам, горды беларус пачынае праяўляць не ўласцівыя яго вольнаму характару якасці: “зюклівасць”, жаданне паскардзіцца, няветлівасць, раздражнёнасць.
Адгалоскі вайны добра чуваць у некаторых “Сібірскіх абразках” Гарэцкага: гэта паламаныя лёсы ўцекачоў, маральная і побытававая неўладкаванасць якіх, такая неўласцівая беларускаму народу, непрыемна ўражвае апавядальніка (апавяданне “Ўцекачы”); гэта непрыкаянасць і такая недарэчная смерць хлопчыка-беспрытульніка і шматлікіх іншых, такіх як ён (“Малы рызыкант”; менавіта ў гэтым апавяданні Гарэцкі напісаў: “Пасля вайны і рэвалюцыі ў мяне лёгка накручваюцца слёзы і падпірае комам дыханне”). Гэта таксама сям’я перасяленцаў з апавядання “Палонны”, гаспадар якой паўвайны правёў у палоне.
Дарэчы ў апошнім творы пісьменнік указвае на тыя рысы беларускага характару, якія выхоўваюцца наканаванасцю жыць у няволі, пад працяглым панаваннем чужацкага гвалту, – і дапамагаюць земляку выжываць у складаных абставінах, не страчваючы сваёй чалавечай годнасці. Палонны жыве пастаянным імкненнем да ўцёкаў, да ўнутранай аўтаномнасці і надзеі на поспех нават у самай безнадзейнай сітуацыі. Па тым, што здарылася з героем, і па саміх яго адносінах да гэтага пісьменнік знаёміць чытача з тыповымі якасцямі беларуса. Зразумела, што лёгкім жыццём нямецкі палон не назавеш, для выбаўлення з палону трэба мець незвычайную вынослівасць і своеасаблівае стаўленне да сябе і навакольнага свету. Ёсць тут у персанажа, як адзначаюць даследчыкі, і некаторае жаданне “выхваляцца дасягненнямі”, але яно выклікана, на нашу думку, натуральным пачуццём гонару: аўтар паказвае вялікія здольнасці і вынаходлівасць беларуса, які можа “і па-нямецку хутка наўчыцца”. Падобная задача – не навіна для яго, бо не кожная краіна можа пахваліцца такой стракатасцю моў. Пісьменнік падкрэслівае смеласць героя і яго здольнасць рызыкаваць (тры разы ўцякаў з палону), аптымізм, удзячнасць (беластоцкаму беларусу, які дапамагаў уцекачам)... Спіс можна яшчэ працягваць; галоўнае ж, што па гэтым персанажы адразу відаць: беларус не прападзе нават у самых неспрыяльных умовах, духоўная моц дапамагае яму ўспрымаць нават трагічныя падзеі як нешта натуральнае, як тое, што заўсёды можна і трэба пераадолець. Цікавай з’яўляецца таксама адзначаная З. Траццяк “дваістасць характару беларуса”, у словах якога адчуваюцца разам і пяшчота, і іронія да закаханай у яго міласэрнай сястры, а падораныя рэчы ўспрымаюцца ім адначасова як рамантычны ўспамін і матэрыяльная каштоўнасць, якой герой распараджаецца з разумнай гаспадарчай практычнасцю.
Праблема бежанства закранаецца ў апавяданні з элементамі фантасмагорыі“Пакінутыя хаты”. У ім сумны лірызм звязаны са згадкамі вёскі, пакінутай бежанцамі падчас вайны. Апавядальніку, выпадковаму сведку апусцелых беларускіх мясцін, мроіцца сон. Вялізная заля, якая замест “старасвеччыны” поўная чалавечых касцей і трупаў, сімвалізуе трагічнае разбурэнне нацыянальнай спадчыны беларусаў, бо вайна старанна руйнуе багаты сваёй гісторыяй і культурнымі здабыткамі народ, раскідваючы яго, нібы беспрытульнікаў без роду і племені, па зямных абшарах.
Нягледзячы на катастрафічныя для Беларусі падзеі, пісьменнік за самымі безвыходнымі з’явамі ўмее разгледзець жыццесцвярджальнае зерне. І хоць апавяданне “Фантазія” называюць “адным з самых містычных” твораў у М. Гарэцкага, унёсак творчай інтэлігенцыі ў нацыянальную справу мае бясспрэчныя рэальныя асновы. “Фантазія” пераконвае: пакуль намаганні і сялян, і прадстаўнікоў беларускага грамадскага руху застаюцца марнымі, пакуль на зямлі пераважаюць прагматычныя інтарэсы (як у апавяданні “У 1920 годзе”), фантасмагарычны сход бессмяротных беларускіх адраджэнцаў робіць сваю справу. Пісьменнік упэўнены, што гэтаму сходу немагчыма перашкодзіць, бо ён па-за межамі зямной улады. Для яго трагічныя, крывавыя падзеі на беларускай зямлі – “туман”. Гарэцкі, з аднаго боку, працягвае традыцыю ўскладання на пісьменніка нейкай вышэйшай, прароцкай місіі, разам з тым нагадваючы паплечнікам па пяру пра ўласную адказнасць “будзіць яго [народ] на дабро”, з другога – сцвярджае своеасаблівую наканаванасць беларускага адраджэння, якое незаўважна, але непазбежна набліжаецца.
Вынікі. У “малой” прозе Максім Гарэцкі не толькі паказвае супярэчнасці складанага для краіны часу, не толькі звяртае ўвагу чытача на катастрафічнасць і разбуральны характар падзей, а шукае прычыны крызісных сітуацый і шляхі выхаду з іх. Пры гэтым не выклікае сумнення ўжо дастаткова ўсебакова даследаванае навукоўцамі імкненне пісьменніка паказаць, у якім трагічным, супярэчлівым становішчы апынуўся беларускі народ падчас ваенных і рэвалюцыйных катаклізмаў. Але ж, вядома, М. Гарэцкі не абмяжоўваўся адной толькі драматызацыяй, няхай і таленавіта, па-мастацку завостраных, супярэчнасцяў складанага часу, які выпаў на долю нашай нацыі. Мяркуем, не менш важнай для пісьменніка была задача “вывесці” чалавека, а разам з ім увесь народ з гэтага няпростага становішча. Не даючы гатовых адказаў на неадназначныя пытанні чалавечага існавання ў пэўных умовах, падштурхнуць чытача задумацца не толькі пра сам негатыўны вопыт герояў, але і пра яго пераадоленне. Бо якімі катастрафічнымі ні былі б гістарычныя абставіны, мастак слова, малюючы іх ва ўсёй паўнаце, сцвярджае магчымасць і неабходнасць асобы “перарасці” іх, захоўваючы пры гэтым сваю чалавечую годнасць. Гарэцкі разумее, як справядліва падкрэслівае М. Мушынскі, “што без абароны чалавека, без абароны духоўных пачаткаў жыцця – любыя грамадскія зрухі, змены, рэвалюцыйныя пераўтварэнні, якімі б прывабнымі яны ні здаваліся, асуджаны на няўдачу”. Таму менавіта гуманістычная пазіцыя аўтара дазволіла яму паказаць пераадоленне гістарычных катаклізмаў як на сацыяльным, так і на асобасным узроўні чалавечага існавання.