Таццяна Кабржыцкая

Першая сусветная вайна ў літаратуры
“Раскіданы родны край” у творах Алексы Кобеца, Максіма Гарэцкага, Сяргея Пясецкага

Сёлета адзначаецца сто гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. Трагічныя падзеі таго часу на лёсе ўсіх народаў, што ўдзельнічалі ў тэатры ваенных дзеянняў, у тым ліку беларускага і ўкраінскага. Гісторыкі, палітолагі, літаратаразнаўцы паглыбляюцца ў інфарматыўныя спазнавальныя, этычныя вымярэнні тагачасных падзей.

Вайна 1914-1918 гг. - імперыялістычная вайна за перадзел свету, зняволенне іншых народаў аўстра-германскім блокам і Антантай (англа- франка-расійскім блокам). Кожны з блокаў меў свае стратэгічныя намеры. Галоўныя сілы Германіі былі скіраваны на ўсходнееўрапейскі фронт, каб моцнымі ўдарамі вывесці Расію з вайны.

Паводле афіцыйнай гістарыяграфіі, асабліва цяжкім было становішча ва Усходняй Галіччыне і Беларусі. Каля паловы Беларусі ў ходзе вайны апынулася пад нямецкай акупацыяй. На беларускай карце ваенных дзеянняў праходзіла некалькі ліній: Вільня-Гродна-Ліда-Мінск-Брэст-Пінск. Сур’ёзныя бітвы адбыліся ў раёне азёраў Свір і Нарач. У 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. У 1917 г. ініцыятыва перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй...

1917 год пазначаны ўнутранымі падзеямі палітычнай рэарганізацыі Расійскай імперыі. Адразу пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. урад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, а ў наступным годзе падпісаў Брэсцкі дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце. Аднак у лютым 1918 г. немцы і іх саюзнікі, парушыўшы перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне па ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырвонай арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вялікую тэрыторыю па лініі Нарва - Растоў-на- Доне. У Беларусі лінія праходзіла праз Расоны-Полацк-Сянно-Оршу-Магілёў-Жлобін-Навазыбкаў. У другой палове 1918 г. Германія пацярпела буйнамаштабныя паражэнні ад войскаў блоку. У выніку ваенных дзеянняў ЗША павысілі міжнародны статус. У цэлым прэтэнзіі на сусветнае панаванне асобных краін, што было прычынай Першай сусветнай вайны, засталіся не задаволенымі. I гэта паслужыла падставай для Германіі пачаць падрыхтоўку да Другой сусветнай вайны.

У 20-я гг. XX ст. Расія і Аўстра-Венгрыя выразна змянілі абрысы. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэрыторыі ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй, Харватыяй, Славеніяй, Далмацыяй, Босніяй, Герцагавінай, стварыўшы дзяржаву пад назвай Каралеўства сербаў, харватаў, славенцаў. За кошт Аўстра-Венгрыі павялічылі тэрыторыі Румынія і Італія. Першая сусветная вайна вынесла на міжнародную арэну польскае пытанне. I цэнтральныя краіны Еўропы, і ЗША, і Расія абяцалі палякам, якія на працягу двух стагоддзяў уваходзілі ў Расійскую імперыю, пэўныя формы аўтаноміі. Такім чынам, Полынча стала краінай, што перажывала працэс стварэння. Былі арганізаваны польскія легіёны ў складзе аўстра-венгерскай арміі. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Петраградзе ў дакументах расійскага Часовага ўрада з’явілася заява пра права палякаў на дзяржаўную незалежнасць. Пачалося стварэнне польскіх вайсковых арганізацый на заходніх тэрыторыях Расіі. Такія буйныя польскія гарады, як Варшава, Кракаў, Люблін, узялі на сябе функцыі дзяржаўных асяродкаў. Неўзабаве сілы палякаў памкнуліся адсунуць у глыб Расіі граніцы бальшавікоў і такім чынам пашырыць за кошт украінскіх і беларускіх зямель свае ўсходнія тэрыторыі. Пры аднаўленні Польшчы менавіта пытанне яе дзяржаўных межаў было найбольш складаным. Формы яго вырашэння - праз зброю - выявіліся найболып трагічнымі.

Спачатку ў Мінску, пазней у Рызе адбыліся перамовы паміж прадстаўнікамі ўрадаў двух бакоў, якія выліліся ў Рыжскую дамову 1921 г. Да Польшчы адышлі заходнеўкраінскія і заходнебеларускія землі. Яшчэ ў кастрычніку 1920 г. польскія войскі занялі Віленскі край. Такім чынам, 31% польскай дзяржавы склалі нацыянальныя меншасці. Канстытуцыя Польскай Рэспублікі абвясціла статус парламенцка-дэмакратычнай краіны. Было прынята рашэнне надаць украінскаму і беларускаму насельніцтву аўтаномію. У артыкуле 7 Рыжскай дамовы 1921 г. запісана, што “асобы рускай, украінскай, беларускай нацыянальнасцей, якія знаходзяцца ў Польшчы, на аснове раўнапраўнасці нацыянальнасцей, атрымліваюць усе правы, што забяспечваюць свабоднае развіццё культуры, мовы і выканання рэлігійных абрадаў”. Пазначалася яшчэ, што такія асобы “будуць мець правы - у межах унутранага заканадаўства - культываваць сваю родную мову, арганізоўваць і падтрымліваць свае школы, развіваць сваю культуру і ствараць, у адпаведнасці з гэтымі мэтамі, свае таварыствы і суполкі”. Аднак дамовы Антанты, польска-савецкія пагадненні адносна правоў нацыянальных меншасцей выявіліся чыста дэкларатыўнымі: або сістэматычна парушаліся, або проста не выконваліся.

Такім чынам, падкрэслім яшчэ раз, што ўсталяваны ў выніку імперыялістычнай вайны перадзел зямель меў супярэчлівы характар. Пра гэта сведчыць тое, што заходнебеларускія тэрыторыі апынуліся ў Польшчы, а ўкраінскія землі на доўгія гады былі раздзелены межамі чатырох дзяржаў...

На пачатку вайны Расія, разумеючы небяспеку распаду, усялякімі сродкамі імкнулася ўзмацніць у межах імперыі пачуццё “адзінства”. 18 жніўня 1914 г. цар Мікалай II выдаў маніфест, у якім заяўляў, што збіраецца давесці да завяршэння справу, пачатую Іванам Калітою, - “собирание всех русских земель”. Пачаліся шматлікія акцыі палітыкі прымусовай русіфікацыі. Тыя дэмакратычныя паслабленні адносна нацыянальнай культуры ўкраінцаў, беларусаў, свабоды друку на нацыянальнай мове, што сталі вынікам палітычных падзей 1905 - 1907 гг., былі скасаваны. З прыходам расійскіх войскаў у Галіччыну і Букавіну пад выглядам эвакуацыйных захадаў адразу з гэтых тэрыторый распачаўся вываз у розныя месцы Расіі мастацкіх каштоўнасцей. Пацярпелі ўнікальныя ў агульнаеўрапейскім вымярэнні бібліятэчныя і архіўныя зборы, прыватныя калекцыі. Знікла са Львова мітра, пераробленая з кароны, якую прыслаў у XIII ст. каралю Галіцка-Валынскай дзяржавы Данілу Галіцкаму папа Інакенцій IV. Закрываліся ўкраінскія бібліятэкі, друкарні, школы. Ліквідаваліся ўкраінскія газеты, часопісы не толькі на заходніх, але і на ўсходніх украінскіх тэрыторыях.

Закрыццё ўкраінскай перыёдыкі, якая спрыяла станаўленню ўкраінскага мастацкана слова, ударыла і па беларусіцы. Бо многія ўкраінскія друкаваныя органы аддавалі старонкі для публікацый беларускіх адраджэнцаў. Так, кіеўскія выданні - часопіс “Украінська хата”, газета "Рада” - спрыялі станаўленню новай беларускай літаратуры праз рэцэнзіі, агляды, пераклады. Там друкаваліся Сяргей Палуян і Максім Багдановіч. Нягледзячы на тое, што ў перадавым артыкуле за 20 ліпеня 1914 г. “Рада” выказвала лаяльнасць да разгортвання ваенных дзеянняў, заяўляючы чытачам, што адказнасць за вайну нясуць найперш Германія, Аўстрыя, а Расія толькі выконвае “дабрачынную місію”, “абараняючы Сербію”, газета была забаронена расійскім урадам. Перастала існаваць і беларускамоўная газета “Наша Ніва”.

Нагадаем, што ў 1914-1915гг. у Маскве М. Багдановіч друкаваў матэрыялы, у якіх звяртаў увагу свету на выкліканае вайною цяжкае становішча ўкраінскіх галічан, выкрываў шавінізм расійскай ваеншчыны, што падтрымліваўся і з боку царкоўнікаў. Адзін з прэстыжных маскоўскіх часопісаў прагрэсіўнага кірунку “Украинская жизнь” актыўным аўтарам якога быў і беларус М. Багдановіч, у артыкуле “Война и украинцы” (1914 г„ № 7) узнімаў праблему: і ўкраінцы, і беларусы, і іншыя, хто заўсёды ў скрутны час падымаліся ў абарону Расіі, заслугоўваюць лепшых адносінаў да сябе, да сваіх элементарных патрабаванняў у вырашэнні нацыянальнага пытання.

Аднак з правамі ўкраінцаў і беларусаў, якія ў Расійскай імперыі не прызнаваліся як асобныя народы, ні свае, ні акупацыйныя ўлады лічыцца не хацелі. У той жа час быў выдадзены царскі маніфест да польскага народа, што абяцаў аўтаномію польскіх зямель пад скіпетрам расійскага самадзержца. Тыя, хто паверыў у Расію, як пісаў знакаміты ўкраінскі пісьменнік Уладзімір Віннічэнка, “арыентаваліся на добрае, шырокае сэрца рускай дэмакратыі, на гром перамогі, які зробіць мягчэйшым сэрца царызму аж да народнага самакіравання, да парламентарызму, да волі нацый”. Час развеяў усе намеры і спадзяванні...

Першая сусветная вайна мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн чалавек, мабілізаваных з 33 дзяржаў і многіх калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн, паранена было больш за 20 млн, каля 10 млн памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вялікія ахвяры не толькі на франтах. Нішчыліся гаспадаркі ад ваенных дзеянняў і грабяжоў. Развівалася шпіёнаманія, калізіі вайны дзялілі людзей адной нацыянальнасці на варожыя групоўкі, нішчылася цэласнасць народа.

Падзеі Першай сусветнай вайны знайшлі адлюстраванне ў мастацкай літаратуры народаў, што моцна пацярпелі ад яе. Цікавыя назіранні - у даследаванні “Першая сусветная і ўкраінская літаратура” А. Дзюбы-Паграбняк. Ва ўкраінскай літаратуры, як піша аўтар, “не прагучалі патрыятычныя гімны вайне, як гэта бачна ў пэўнай частцы нямецкай, англійскай, французскай ці расійскай літаратур, бо для ўкраінскага народа вайна была чужою і чужымі былі тыя лозунгі, пад якім вялі вайну імперыялістычныя дзяржавы. Не было тут і погляду на вайну як на школу мужнасці і загартоўкі чалавечага духу, маральнага ачышчэння чалавецтва, што, зноў-такі, можна сустрэць у некалькіх еўрапейскіх і расійскіх аўтараў. Наадварот - паказана была фальшывасць адпаведных прапагандысцкіх заклікаў і рэальнасць жахлівай дэгуманізацыі і дэмаралізацыі як глыбіннай сутнасці вайны. Зразумела, гэтыя матывы пераважалі ва ўсіх літаратурах, аднак характар іх распрацоўкі асабліва збліжае ўкраінскую літаратуру з літаратурамі іншых славянскіх народаў, найперш паўднёвых славян. Гэта ўспрыманне вайны як чужой, як стыхійнага ліха (пры разуменні яе абумоўленасці інтарэсамі дзяржаў-антаганістаў), - не суб’ектыўныя, а аб’ектыўныя адносіны да яе”.

Адчуванне вайны ў беларусаў і ўкраінцаў - у выніку геапалітычных абставін, стану маральнасці грамадства, драматычных рэалій побыту, разумення шляхоў вырашэння нацыянальнага пытання - было вельмі блізкім. Хоць, зразумела, у кожным нацыянальным падыходзе выяўляліся свае гістарычныя адметнасці. Жахі вайны, тыя недарэчныя маральныя выпрабаванні, якія яна прынесла чалавеку, адлюстраваны ў творах знакамітых украінскіх пісьменнікаў Вольгі Кабылянскай, Васіля Стафаніка, Міхайлы Яцкава, Багдана Лепкага. Як паэтычны мартыралог роднаму народу гучыць цыкл вершаваных твораў “Накцюрн” (1914 - 1915) Б. Лепкага. Аўтар малюе карціны сусветнага апакаліпсісу, у якім не лепшае месца належыць і Украіне: “ріжуться народи”, палаюць украінскія сёлы, “хтось ріки спинив... Це трупи іх так загатили”. Паказальна, што ў творах, тэматычна звязаных з вайной, выяўляецца моцная апора на дакумент, аўтар - пераважна сведка, удзельнік падзей. Твор украінскага пісьменніка Сцяпана Васільчанкі, што на вайне быў камандзірам сапёрнай роты, называецца “Акопны дзённік”. Напісанае Алексам Кобенам выйшла пад назвай “Запіскі палоннага. Здарэнні і ўражанні ўдзельніка Першай сусветнай вайны”. У ваеннай прозе ўзрастае каэфіцыент аўтабіяграфічнасці. Такая форма выяўлення мастакоўскай свядомасці пісьменніка становіцца характэрнай рысай украінскай і беларускай літаратур.

Некаторыя з украінскіх і беларускіх твораў, прысвечаных тэме Першай сусветнай, тыпалагічна асабліва блізкія. Так, вызначаюцца ідэйна-мастацкай агульнасцю “Запіскі” ўкраінца Алексы Кобеца і “Запіскі” беларуса Максіма Гарэцкага. Абодва аўтары былі удзельнікамі ваенных дзеянняў, кожны з твораў пабудаваны на хранікальна-біяграфічным матэрыяле. I ў першым, і другім творы фрагменты апісання ваенных рэалій знітаваны ў мастацкую цэласнасць праз эстэтычныя і этычныя крытэрыі адбору матэрыялу, гуманістычныя пазіцыі, народную мараль, сталыя ўяўленні простых людзей пра праўду і справядлівасць.

Вайна для М. Гарэцкага - “жудасць неапісальная”. Майстар псіхалагічнага аналізу, пісьменнік раскрываў складаны комплекс адзінства рацыянальнага і інтуітыўнага, свядомага і падсвядомага ў душы чалавека, што трапіў на вайну. Сярод герояў кнігі “На іхмперыялістычнай вайне” М. Гарэцкі вылучае інтэлігента, героя і наступных яго твораў. Гэта дае М. Гарэцкаму, як справядліва лічыць знаўца творчасці пісьменніка М. Мушынскі, магчымасць пашырыць “сферу інтэлектуальнай зацікаўленасці”. Думка беларускага аўтара і яго героя “б’ецца над праблемамі інтэлігенцыя і народ, інтэлігенцыя і ўлада, шляхі вызвалення ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, праблема сэнсу жыцця і прызначэння чалавека”.

Максім Гарэцкі, смела пішучы пра тое, што “на тэрыторыі Беларусіў бальшавізме, апроч чужынцаў, апынуліся і ўзяліся кіраваць... якраз найгоршыя... беларускія людзі”, імкнецца таксама высветліць, як жа склаўся лёс тых беларусаў, якіх вайна закінула далёка ад роднага краю. “Пісьменніка-грамадзяніна турбавала думка: ці здолелі перасяденцы ў новых абставінах захаваць сваё нацыянальнае аблічча - норавы, звычаі, матчыну мову?.. Адказ на гэта пытанне павінен быў дапамагчы Гарэцкаму ў вырашэнні больш глабальнай праблемы, якая датычыла будучыні ўсёй беларускай нацыі. Мастакоўская інтуіцыя падказвала аўтару... што надыдзе злавесны час, калі беларусы ў родным краі могуць аказацца ў становішчы тых жа перасяленцаў, а не гаспадароў на сваёй зямлі”.

На вялікі жаль, так і сталася. I ўкраінскі аўтар “Запісак” А. Кобец, і класік беларускай літаратуры М. Гарэцкі былі адкінуты лёсам ад роднага краю. Так адбылося і з нашым земляком польска-беларускім пісьменнікам Сяргеем Пясецкім. У А. Кобеца запісы пра “ваенныя будні” пераходзяць у апісанне жыцця ваеннапалонных у лагерах, што ствараліся у Фрайштаце, Раштаце, Весляры, Зальцведалі. Пра ідэйны кірунак занатовак украінскага пісьменніка сведчыць аповед пра “вялікую сербскую магілу ў Эстаргоме”, дзе “слаўныя палкі кайзераўскіх войскаў выразалі 9 тысяч сагнаных у лагер сербскіх палонных і цывільных, у тым ліку жанчын і дзяцей”. Аўтару пашанцавала вырвацца з палону, заняць месца сярод пісьменнікаў Савецкай Украіны, “каб праз чвэрць стагоддзя апынуцца ў палітычный эміграцыі там, дзе ён быў ваеннапалонным”.

Максім Гарэцкі нарадзіўся на Магілёўшчыне. Аднак справа беларускага адраджэння звязала яго з Вільняй. Польскія вайсковыя ўлады некалькі разоў арыштоўвалі яго і ў.Вільні, і ў Дзвінску. У 1922 г. яму давялося адбываць “пакаранне” ў адзіночнай камеры ў Лукішках. А ў 1923 г„ каб пакінуць спрадвечна родны для беларусаў горад Вільню і разам з сям’ёй пераехаць у Мінск, М. Гарэцкі - для звароту на Радзіму - вымушаны быў атрымліваць спецыяльны дазвол у савецкім пасольстве ў Варшаве.

У родным краі М. Гарэцкі не стаў “падладжвацца пад ідэалагічныя патрабаванні новай улады, не кінуўся на шлях нястрымнага ўслаўлення новай сацыялістычнай явы, рэвалюцыйнага энтузіязму працоўных, а, як і раней, з годнасцю і самапавагай працягваў нацыянальна-адраджэнскую праграму, якую намеціў і ажыццяўляў на Віленшчыне”. I, у выніку, прадоўжыў прымусовую вандроўку на ўсход. Для многіх беларускіх перасяленцаў, пра якіх пісаў М. Гарэцкі, “далёкая чужына” стала “апошнім прытулішчам”. Такой яна аказалася і для самога пісьменніка. Па сфабрыкаваных абвінавачаннях М. Гарэцкі быў у 1930 г. асуджаны на высылку ў Вятку. У 1938 г. расстраляны па фармуліроўцы “вораг народа”. “Трагічная смерць заўчасна абарвала жыццё выдатнага пісьменніка, творчасць якога ўяўляе адну з найбольш змястоўных старонак гісторыі беларускай літаратуры і ўвогуле нацыянальнай культуры”.

Складанасці таго часу адбіліся на жыццёвым і творчым лёсе ўраджэнца беларускай зямлі Сяргея Пясецкага. Вядома, што сям’я Пясецкіх была эвакуіравана з пачаткам Першай сусветнай вайны ў глыбіню Расіі. С. Пясецкага, які нарадзіўся ў 1901 г. у Ляхавічах, ліхалецце вайны вырнала з роднага краю яшчэ хлапчуком. Яму давялося раздзяліць лёс тых ваенных перасяленцаў, пра каго клапаціўся М. Гарэцкі. Яго адукацыя звязана з рускай школай, ён не паспеў дакрануцца да беларускага адраджэнскага руху, цэнтрам якога ў перадрэвалюцыйныя гады была Вільня, бо быў яшчэ дзіцем, калі ў 1906 г. пачала выдавацца “Наша Ніва”. С. Пясецкаму ўвогуле не пашчасціла мець дачыненне да вышэйшых навучальных устаноў. Абставіны аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару не спраялі таму, каб у С. Пясецкага, падобна да персанажа М. Гарэцкага Лявона Задумы, выспела мара стаць студэнтам. “Універсітэты” С. Пясецкага былі падобнымі, хутчэй, да “універсітэтаў” Максіма Горкага.

Лёс С. Пяскцкага складваўся так, што ён, вярнуўшыся ў віхуру падзей падзей на беларуска й зямлі, спазнаваў “знізу” жыццё мінчан канца 10 – пачатку 20-х гг. XX ст. Творы пісьменніка, што вырасталі з гэтага матэрыялу, блізкія да "гарадской": праблематыкі творчасці М. Гарэцкага, які “свядома вывеў героя за межы звыклага вясковага асяроддззя і сутыкнуў яго з больш складанымі сферамі сацыяльнай рэчаіснасці”. Тыпалагічнае падабенства паміж Пясецкім і Гарэцкім прасочваецца не толькі праз зварот да гарадской тэматыкі. Кожны з іх адчуў неабходнасць адмовіцца ад традыцыйнага аповеду ад першай асобы. Абодва звярнуліся да эпісталярнай формы падачы матэрыялу - запіскі, дзённікі, лісты і іншае, - што давала ім магчымасць акцэнтаваць увагу на правах асобнага чалавека і выяўляць погляды шараговых людзей на рэчаіснасць.

Па дарозе з Паволжа ў беларускі край С. Пясецкі трапіў у Маскву. З яго біяграфічных запісаў можна зразумець, што рэвалюцыйныя перамены ён сустрэў у новай сталіцы Расіі і ўспрыняў рэалізацыю іх лозунгаў як акт вандалізму супраць уласных грамадзян. Падобным чынам, прайшоўшы праз сумненні, доўгае асэнсаванне рэчаіснасці, будуць разважаць пра падзеі 1917 г. і героі М. Гарэцкага. Варта прыгадаць персанажаў з “Віленскіх камунараў”, каб адчуць “роднаснаць” С. Пясецкага і яго аўтабіяграфічных герояў дзейным асобам М. Гарэцкага. Так, герой “Віленскіх камунараў” сын Міхася Мышкі Мацей эмігруе ў 1924 г. у Беларусь, пераязджае на сталае жыхарства з Вільні ў Мінск. I ў хуткім часе пачынае разумець, што не за тую Беларусь ён змагаўся, у якую паклікаў яго бацька.

Сяргей Пясецкі, вярнуўшыся ў 1919 г. на беларускую зямлю пасля пяцігадовай прымусовай адсутнасці, яшчэ раз пераканаўся, што за афіцыйным словам “эвакуацыя” хаваецца паламаны лёс многіх жыхароў Беларусі. Бо здаралася, што з Беларускага Палесся на працягу 24 гадзін у сувязі з вайной прымусова вывозіліся цэлыя вёскі. А тое насельніцтва, што засталося, адчула на сабе тэрор ваеншчыны, шавінізм і здзекі акупантаў. С. Пясецкі чуў пра фізічныя і душэўныя пакуты знаёмых і незнаёмых людзей, пра факты маральных падзенняў і спантанных праяваў супраціву. Пісьменнік апынуўся ў разбураным гняздзе свайго дзяцінства. Дзяржаўная мяжа падзяліла яго Радзіму па-жывому. Ад Мінска мяжа перарэзала край на адлегласці 30 км! Родныя Ляхавічы ўвогуле апынуліся па другі бок.

Той факт, што С. Пясецкі ўрэшце апынуўся ў Польшчы, стаў вызначальным у яго літаратурным лёсе. Ён пачаў пісаць на польскай мове, што дало падставы лічыць яго польскім пісьменнікам. Няправільна думаць, што С. Пясецкі імкнуўся ў Польшчу, бо лічыў сябе палякам, а Польшчу - родным домам. Ён быў мабілізаваны ў атрады польскай арміі, на захадзе ж застаўся ў выніку непрымання палітыкі, што ўсталявалася на роднай зямлі. Зрэшты, і Польшча прыняла С. Пясецкага вельмі своеасабліва. Сталася так, што ён, не хочучы быць вязнем мінскай турмы, спачатку трапіў за краты найбольш жорсткай польскай турмы. Пазней, знаходзячыся ў Вільні ў гады Другой сусветнай вайны, С. Пясецкі на знак пратэсту супраць гітлераўскага рэжыму, а таксама ў выніку эміграцыйных складанасцей, апынуўся ў Англіі...

Справядліва залічыць С. Пясецкага да польска-беларускіх пісьменнікаў. Ён стаў выказнікам тагачаснага грамадскага духу як у Беларусі, так і ў Вільні, у Полыпчы. Яго творы - мастацкая рэфлексія на катаклізмы першай паловы XX ст. Сёння ў Беларусі друкуюцца творы С. Пясецкага ў рускіх і беларускіх перакладах. I чытачы адчуваюць, наколькі неспадзявана глыбока С. Пясецкі адкрывае старонкі нашай гісторыі, рэаліі нашага жыцця стагадовай даўнасці. Сталічныя экскурсаводы нават распрацавалі маршруты паводле тапаграфіі, тапанімікі Мінска, што адлюстраваны ў цыкле “беларускіх твораў” С. Пясецкага.

Узнаўляючы той жа, што і М. Гарэцкі, перыяд жыцця беларусаў, С. Пясецкі больш канкрэтны. М. Гарэцкі, аналізуючы рэаліі новага жыцця на роднай зямлі, сустрэўся з выяўленнем неабмежаванай волі “новага чалавека ў кароне”, уладальніка “медзянай кароны” са стрэльбай у руках. С. Пясецкі ў “мінскай трылогіі” - раманах “Яблычак” “Гляну я ў акно...” “Ніхто не дасць нам вызвалення...”, - у адрозненне ад М. Гарэцкага, выпісваў вобразы не белагвардзейцаў, а прадстаўнікоў новай, савецкай улады, так званых чэкістаў. Паказальна, што ў абодвух пісьменнікаў названыя вобразы - сімвалы таталітарнай формы кіравання народам, жорсткай і бязлітаснай. Тэма бежанцаў, што хвалявала М. Гарэцкага, пачынае афармляцца, як відаць на прыкладзе твораў С. Пясецкага, у тэму выгнанцаў.

Максім Гарэцкі, яго героі рухаліся з Вільні на ўсход. Героі С. Пясецкага ў гэты ж час перасякалі беларускую мяжу і ў адным, і ў другім кірунку. Аутабіяграфічных герояў С. Пясецкага, як і персанажаў М. Гарэцкага, ахоплівае безнадзейнасць пры разглядзе перспектыў эканамічнага адраджэння Беларусі, пры аналізе сацыяльнай, нацыянальнай палітыкі яе кіраўнікоў. С. Пясецкі паказвае, як абставіны часу выштурхоўвалі асобных яго герояў з адкрытага, стваральнага, мірнага жыцця на шлях прыхаванага змагання. Некаторыя далучаюцца да партызанскіх атрадаў, якімі кіруюць ці белагвардзейскія, ці польскія сілы, іншых на памежнай тэрыторыі дзяржаўныя сілы заахвочваюць да шпіянажу.

Найбольш знакаміты твор С. Пясецкага - раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” - прынёс аўтару заслужанае прызнанне. Падзеі рамана звязаны з Міншчынай, больш дакладна - з старажытным мястэчкам Ракаў. Героі С. Пясецкага - маладыя беларусы, што, апынуўшыся на памежнай тэрыторыі, не знайшоўшы для сябе іншай працы, іншага занятку, адпаведнага іх здольнасцям, спрыту, гарачаму памкненню да рамантычных прыгод, сталі на шлях кантра- бандыстаў.

Сэрца С. Пясецкага было адкрыта да болю землякоў. Пісьменнік не быў абыякавы да беларускага пытання, яго імкненне да справядлівасці, літаратурныя здольнасці - усё гаворыць пра тое, што ён мог пачуць голас Янкі Купалы ў абарону тых, якія захацелі “людзьмі звацца”, у абарону беларускага люду, пайсці за беларускімі пісьменнікамі, узбагаціць гісторыю беларускага мастацкага слова. Некаторыя з сучасных даследчыкаў С. Пясецкага (напрыклад, М. Нуроўская), каб падкрэсліць польскасць творцы, пішуць, што ён быў родам з каталіцкай сям’і. У сапраўднасці бацька Сяргея Міхал Пясецкі быў праваслаўным. I ў каталіцтва Сяргей перайшоў ужо ў 1940-я гг., знаходзячыся ў Вільні, калі браў шлюб з каталічкай. Зрэшты, у касцёле быў хрышчаны Я. Купала, што не стала для яго перашкодай на шляху да сапраўднай, вольнай Беларусі.

За лёсамі А. Кобеца, М. Гарэцкага, С. Пясецкага і іх герояў прасочваюцца, па сутнасці, усе формы ўладных прымусовых акцый, скіраваных на аўтахтонных насельнікаў. Бежанства, эвакуацыя, дэпартацыя, інтэрніраванне, выгнанне і эміграцыя - усё было выклікана падзеямі Першай сусветнай, “падмацавана” далейшымі ваеннымі і “мірнымі” акцыямі ў перыяд бальшавіцкага кіравання. Сёння навукоўцы-гуманітарыі, палітолагі прыходзяць да высновы, што першыя дзесяцігоддзі XX ст. - у імперскай Расіі, потым у Савецкім Саюзе, абцяжараныя абставінамі ваеннага рэжыму Першай сусветнай, - ускладнялі падыходы да нацыянальнага пыттання, што выявілася ў абмежаванні ці забароне працэсаў сцвярджэння самабытнасці ўкраінскага і беларускага народаў. Ахвярай часу можна лічыць грамадзяніна і пісьменніка С. Пясецкага. Ён, як і вялікая колькасць насельнікаў Украіны, Беларусі, у родным краі ў становішчы не гаспадара на ўласнай зямлі, а перасяленца перыяду ваенна-палітычнага рэжыму. Цэласнасць нацыі народа руйнавалася. Паказальна, што ў творах Пясецкага і Гарэцкага скразны вобраз дарогі. Трагічна, што кожнага з іх дарога вывела за межы Айчыны. Аднак ці ж змаглі гэтыя абставіны перарваць духоўную зрошчанасць пісьменнікаў з родным краем, з родным народам? Зразумела, не.

У творах еўрапейскіх, амерыканскіх аўтараў, прама ці ўскосна звязаных з Першай сусветнай вайною і яе наступствамі, узнімаецца праблема так званага страчанага пакалення. Еўрапейскіх удзельнікаў вайны пасля атрыманай іх краінамі перамогі ў ваенных дзеяннях за перадзел тэрыторый урэшце ахоплівала пачуццё расчараванасці. Так, Э. Хемінгуэй, амерыканскі пісьменнік, які дзевятнаццацігадовым юнаком выехаў у Еўропу і ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне, напісаў пазней аповесць “I ўзыходзіць сонца”, прысвечаную гэтай тэме. Рабочая назва аповесці - менавіта “Страчанае пакаленне”. Галоўны герой твора журналіст Джэйк Барнс увасабляе ўласцівыя таму пакаленню рысы: яго агортваюць пачуцці душэўнай спустошанасці, безнадзейнасці, бязвер’я ў дасягненне асабістага шчасця. У найлепшым творы пра страчанае пакаленне “Бывай, зброя!” Э. Хемінгуэй прыходзіць да наступных высноў: “Калі людзі ўносяць у гэты свет столькі мужнасці, свет вырашае забіць іх, зламаць... Ён забівае найдабрэйшых, найбольш лагодных і найболып адважных, не перабіраючы”. Колішні ўдзельнік вайны застаецца самотным у новым свеце, перад ім не раскрываюцца таямніцы справядлівай светабудовы, ён адчувае жорсткасць грамадства, бессэнсоўнасць жыцця. У падобных творах нацыянальныя праблемы не ўзнімаюцца. Як паказвае напісанае Э. Хемінгуэем, найперш у замежнай літаратуры распрацоўваюцца экзістэнцыяльныя аспекты тэмы “вайна і чалавек”.

Украінскія і беларускія аўтары таксама рабілі акцэнт на тым, што вайна - калектыўнае злачынства людзей перад самім жыццём. Яны паказвалі, як і замежныя пісьменнікі, што іх равеснікі ці маладзейшыя за іх людзі пасля заканчэння вайны таксама шукалі ўласнае месца, новае прызначэнне ў тым свеце, што ўсталёўваўся. Пры гэтым многія нацыянальныя творцы, раскрываючы негатыўныя наступствы вайны, на першы план выносілі разгляд палітыкі новага кіраўніцтва ў новых умовах уціску “малых народаў імперскай Расіі. Героямі іх твораў станавіліся маладыя людзі, што, не паспяваючы ва ўмовах новага рэжыму зрабіць правільны выбар, не ведаючы, куды прыкласці маладыя сілы, апыналіся ў цяжкім становішчы. Нельга назваць такое пакаленне "лішнімі людзьмі”, чыё гора “ад розуму” (як у герояў класічнай рускай літаратуры, што выломваліся з грамадства праз сваю неардынарнасць) ці, наадварот, ад недаадукаванасці праз акалічнасці вайны. Трагедыя многіх тагачасных маладых украінцаў і беларусаў у іх дэзарыентацыі. Дэмаралізаваная крывавай разнёю, частка людзей разбэшчвалася вайною, рабавала і забівала насельніцтва. Іншая, як выказваўся С. Пясецкі, “не была дарэшты сапсаваная, была нешчаслівая”. Тыя ж маладыя людзі, што мелі абвостранае пачуццё чалавечай годнасці, імкнуліся да дзейнасці, шукалі ўласны шлях. Здаралася, што траплялі не туды, дзе маглі быць пасапраўднаму карыснымі, па прычыне нацыянальнай і грамадскай незапатрабаванасці. Розныя аспекты асвятлення ва ўкраінскай і беларускай літаратурах Першай сусветнай вайны і яе наступстваў, і прама, і апасродкавана, закранаюць балючую для народаў праблему “раскіданага роднага краю”.

Апошнім часам у Расіі з’яўляюцца публікацыі з новым поглядам на нацыянальную трагедыю рускага народа, звязаную з Першай сусветнай, белагвардзейскім рухам, бальшавіцкай палітыкай ваеннага камунізму 20 - 30-х гг. XX ст. Падыходы да мастакоўскага асэнсавання няпростых падзей на ўкраінскіх і беларускіх землях знаходзім у творах пісьменнікаў Алексы Кобеца, Максіма Гарэцкага, Сяргея Пясецкага. Аднак, зразумела, праліць святло аб’ектыўнасці на старонкі народных летапісаў - задача і літаратараў, і гісторыкаў. Да беларускага пытання пэўныя крокі ў гэтым кірунку з розных пазіцый ужо зробленыя даследчыкамі М. Сташкевічам, А. Латышонкам, Н. Стужынскай і інш. Збольшага да беларуска-польскіх адносін гэтага перыяду паспрабаваў дакрануцца польскі даследчык К. Паляхонскі.

Але галоўныя адкрыцці, мяркуем, яшчэ наперадзе.