Любоў Глазман
Адлюстраванне самаідэнтыфікацыі асобы ў апавяданнях Максіма Гарэцкага і Леаніда Андрэева
У артыкуле ўзнята праблема адлюстравання ў прозе працэсаў самаідэнтыфікацыі асобы. На матэрыяле апавяданняў М. Гарэцкага і Л. Андрэева выяўлены, прааналізаваны і супастаўленм спосабы фіксацыі самаідэнтыфікацыі персанажаў у мастацкім тэксце. Аналізуюцца асаблівасці такіх спосабаў: раскрыццё асобы праз "самапрэзентацыю", прэзентацыю персанажа наратарам, увядзенне ў тэкст героя-"правакатара" і інш. Робіцца акцэнт на тым характары адлюстравання самаідэнтыфікацыі герояў М. Гарэцкага і Л. Андрэева, які прадвызначаны беларускай і рускай гісторыка-культурнай спецыфікай.
Ключавыя словы: самаідэнтыфікацыя, асоба, апавяданне, герой, наратар, узаемадзеянне, падзея, культурная спецыфіка.
Праблема асобаснай ідэнтычнасці ясна акрэслілася на пачатку папярэдняга стагоддзя ва ўмовах мадэрнісцкага светаадчування з яго паглыбленай увагай да ўнутранага свету чалавека. Не трацячы актуальнасці на працягу стагоддзя, дадзенае пытанне ўсё больш абвастраецца з цягам часу. Гэтаму спрыяе рызыка “драбнення”, парушэння цэласнасці чалавечага “я” ў сучасную эпоху постмадэрнізму і наступстваў постмадэрнісцкага стаўлення да жыцця, у посткаланіяльнай прасторы, дзе размываюцца нацыянальна-культурныя межы.
Не менш значнае месца ў гуманітарных навуках сёння займае вывучэнне самога працэсу ідэнтыфікацыі асобы як шляху да набыцця і захавання чалавекам яго духоўнай цэласці, псіхаэмацыйнай пэўнасці - своеасаблівага асобаснага адзінства. Феномен набыцця асобай уласнай ідэнтычнасці рэалізуецца як праз атаясамліванне сябе з іншымі, так і праз адрозніванне ад іншых, вылучэнне сябе з асяроддзя. Такім чынам, самаідэнтыфікацыя, як адзначаюць даследчыкі, - гэта “непарыўны, несупынны працэс станаўлення асобы”, які непазбежна носіць “крызісны характар”. Надзвычай выразна названы працэс адлюстраваны ў класічнай прозе з яе высокай культурай псіхалагічнага аналізу.
Першыя звароты да феномену ідэнтычнасці традыцыйна звязваюцца з імёнамі такіх вядомых псіхолагаў ХХ ст„ як З. Фрэйд, У Джэймс, а таксама Э. Эрыксан, які пачаў распрацоўваць тэорыю пэнтычнасці, выводзячы яе на міждысцыплінарны ўзровень. Сёння праблема самаідэнтыфікацыі актыўна распрацоўваецца ў самых розных галінах ведаў, сярод якіх філасофія, сацыялогія, псіхалогія, культуралогія... Літаратуразнаўства як навука, якая праз вывучэнне слоўнага мастацтва таксама даследуе чалавека, у апошні час слушна робіць самаідэнтыфікацыю асобы прадметам і свайго даследавання - нароўні з характарам, светапоглядам і іншымі ідэйна-мастацкімі характарыстыкамі персанажа. Пра гэга сведчаць працы Л. Сафронавай, С. Імяхелавай і іншых, дзе робяцца спробы асэнсавання ідэнтычнасці ў дачыненні да літаратурнага героя.
Спецыфіка літаратуразнаўчага вывучэння названай праблемы ў тым, што даследчык найперш мае справу не з рэальным грамадствам або тым ці іншым асобасным тыпам, а са створанай аўтарам умоўнай мастацкай рэальнасцю. Такім чынам, прадметам даследавання ў літаратуразнаўстве выступае самаідэнтыфікацыя асобы літаратурнага героя як таго завершанага цэлага, пра якое распавядаў М. Бахцін. Гэтая завершаная цэласнасць, з аднаго боку, дэманструе персанажа ва ўсёй паўнаце, у пэўным сэнсе палягчаючы аналіз яго асобы. З іншага боку, ідэнтыфікацыю немагчыма вывучаць як непасрэдна дадзеную ў тэксце характарыстыку, бо яна не падаецца аўтарам прама, а ствараецца за кошт шматлікіх, часцей за ўсё, ускосных мастацкіх сродкаў. Даследчыца Л. Сафронава адзначыла, што “ідэнтычнасць героя ўвогуле выслізгвае ад чытача, бо часта бывае ўскладненая”. Сапраўды, постаць персанажа часта вельмі неадназначная, супярэчлівая. Таму даследаванне самаідэнтыфікацыі асобы - таго, як герой сябе вызначае, з якой групай людзей атаясамлівае, ад каго адрознівае - у мастацкім творы магчыма толькі праз спасціжэнне завершанага цэлага героя з усімі ягонымі супярэчлівасцямі і неадназначнасцямі. Вельмі важную ролю, на наш погляд, тут адыгрываюць ідэйна-мастацкія характарыстыкі і фармальныя спосабы, з дапамогай якіх аўтар раскрывае чытачу асобу персанажа, ягоную “самасць”. Улічваючы пэўную долю ўмоўнасці ў аналізе канкрэтных спосабаў выражэння самаідэнтыфікацыі, разгледзім з іх асноўныя, найбольш істотныя для творчасці абраных аўтараў.
Вельмі характэрная рыса для апавяданняў Максіма Гарэцкага - раскрыццё самаідэнтыфікацыі персанажа праз непасрэднае стаўленне наратара да яго, што ў пэўнай ступені звязана са спецыфічнай для М. Гарэцкага дакументальнай накіраванасцю многіх яго твораў, у тым ліку і апавяданняў. Гэта перадусім большасць “Сібірскіх абразкоў” (1926 - 1928), апавяданні “Скарб” (1921), “У 1920 годзе” (1921), “Сон” (1929 - 1930), занатоўка з запісной кніжкі “Бацька осліп” (1930) і інш.
Як правіла, у такіх творах прысутнічае блізкі да аўтара вобраз апавядальніка. Пры гэтым наратар не з’яўляецца галоўным героем, а толькі тым “сродкам”, лакалізацыяй пэўнага пункту гледжання, з дапамогай якога чытач даведваецца пра персанажаў апавядання. Ён герой-назіральнік, што распавядае пра іншых, дае ўласную маральную ацэнку, своеасаблівы “праваднік” ва ўнутраны свет персанажаў.
У апавяданні “Скарб” М. Гарэцкі знаёміць чытача з нібыта “панурым, бедным віленчуком- фурманшчыкам”, які ў восеньскую непагадзь перавозіць апавядальніка. У хуткім часе наратар даведваецца, што вазніца не такі ўжо нешчаслівы, якім яго ўяўляў напачатку: ён валодае тутэйшымі таямніцамі, не толькі чуў пра іх, але і ледзь не трымаў іх у руках... Аднак, да вялікага шкадавання апавядальніка, сам фурман гэтага не ўсведамляе. Будучы простым селянінам без уласнай зямлі, ён вымушаны цяжкай працай зарабляць на хлеб, а не разважаць пра нейкія скарбы і таямніцы свайго народа, бо для беларускага селяніна рэдкае здарэнне са скарбам - звычайная справа сярод падобных гісторый, вядомых з дзяцінства. Таму шчаслівы выпадак для яго - не дакрананне да гістарычнага моманту, а вялікі заробак, атрыманы ад немцаў, шукальнікаў скарбу. Такім чынам, фурман не ідэнтыфікуе сябе як носьбіта каштоўных народных таямніц, якім насамрэч з’яўляецца, што выклікае шчырыя шкадаванні наратара. Кругагляду героя не стае выразнага патрыятычнага ўсведамлення сябе спадчыннікам мясцовай гісторыі - чыннікам уласнай грамадзянскай супольнасці, беларускага народа, на што сугестыўна звяртае чытацкую ўвагу пісьменнік. У прозе М. Гарэцкага, аднаго з лідараў адраджэння духоўнасці і дзяржаўнасці беларускай нацыі ў 1910 - 1920 гг., такі ідэйна-мастацкі ракурс дамінуе.
Праз героя-апавядальніка даведваемся і пра персанажаў апавядання “У 1920 годзе” М. Гарэцкага, дзеянне якога адбываецца ў час Слуцкага паўстання восенню 1920 г. паміж польскім і савецкім фронтам. Наратар аказваецца выпадко- вым сведкам гутаркі двух няшчырых “беларусізатараў”: настаўніка і вярбоўшчыка ў беларускае войска. Абодва дбаюць толькі пра ўласную матэрыяльную выгаду і бяспеку. Вярбоўшчык увогуле разумее беларускую агітацыю як удалы спосаб зарабіць на “ідыётах” “без войска”. У той жа час у памяці наратара жывуць і іншыя, адданыя справе людзі - сяляне, якіх яшчэ мала, але яны ўжо добра ўсведамляюць сябе беларусамі і разумеюць, што за свае інтарэсы трэба змагацца самім. Гэта праваднік і яго сям’я, яны не проста спагадаюць народнай справе, а гатовыя аддаць за яе жыццё. Па сутнасці, ідэя адэкватнай самаідэнтыфікацыі персанажа, звязаная з маральна-этычнымі ўстаноўкамі асобы, адлюстроўваецца М. Гарэцкім праз рэалістычную тыпізацыю беларускай рэчаіснасці 1920 г. і з’яўляецца адной з цэнтральных у апавяданні.
Часам М. Гарэцкаму не трэба нават маляваць партрэты герояў (як, напрыклад, у “Скарбе”), нават апісваць іх разважанні (як у апавяданні “У 1920 годзе”), каб раскрыць самую іх сутнасць. Наратар з занатоўкі “Бацька осліп” перадае кароценькую сцэнку, якую мімаходам назірае ў чыгуначным буфеце. Безуважлівае “я сам абедаю...” у адказ на просьбу хлопчыка-жабрака выяўляе ў персанажу-пасажыру абыякавага да людзей, прагматычна настроенага мешчаніна з абмежаваным патэнцыялам для свядомай самаідэнтыфікацыі.
У Леаніда Андрэева апавяданні з героем-наратарам, які выконваў бы падобную функцыю раскрыцця асобы іншага персанажа, практычна адсутнічаюць. Выключэнне - твор “На станцыі” (1903), дзе аб’ектам для назіранняў апавядальніка становіцца станцыйны жандар - звычайны вясковы хлопец, што сумуе па фізічнай мужыцкай працы, знаходзячыся відавочна не на сваім месцы. Апавядальнік непакоіцца, што такая нуда зусім не бяскрыўдная, бо герой, займаючы пасаду праваахоўніка, не ўсведамляе адказнасці свайго месца. Аднак даволі добра разумее, што мае прывілеяваны статус і своеасаблівую ўладу над астатнімі. Атрымліваецца навязванне сабе пэўных сацыяльных стэрэатыпаў, герой пачынае ідэнтыфікаваць сябе з сацыяльнай роляй на шкоду агульначалавечай, асобаснай. Не дзіўныя хваляванні наратара за кагосьці. хто воляй выпадку стане ахвярай нулы і сацыяльных забабонаў былога вясковага хлапчука. Апавяданне пацвярджае адметны андрэеўскі пункт гледжання на праблему самаідэнтыфікацыі асобы: для Л. Андрэева важная найперш узаемаабумоўленасць сацыяльнага і маральна-этычнага ў завершаным цэлым пэўнай асобы - без тых акцэнтаў на нацыянальнай праблематыцы, якія найважнейшыя для М. Гарэцкага.
Самаідэнтыфікацыя асобы героя можа раскрывацца не толькі праз наратара, але і праз іншага персанажа. Вельмі цікавы творчы прыём -увядзенне ў тэкст гнроя, праз адносіны да якога выяўляецца сутнасць іншых, часта другасных персанажаў. Такі герой выконвае своеасаблівую “правакацыйную” функцыю, хоць часта вонкава бывае галоўным персанажам. Сапраўды, юродзівы Алёша, злодей або прастытутка Караулава [з апавядання “Алёша-дурачок” (1898), “Выпадак” (1901), “Хрысціяне” (1906) Л. Андрэева] - цэнтральныя героі, на якіх заснаваны сюжэт і канфлікт твора. Больш за тое, гэта маргінальныя тыпы, чые паводзіны і лад жыцця супярэчаць агульнапрынятым нормам. Тое ж датычыцца апавяданняў “Хадзяка” (1916), “Дурны настаўнік” (1921), “Дурная” (1928), “Неразгаданыя людзі” (1929 – 1950) М. Гарэцкага з героем-жабраком. У згаданых апавяданнях цэнтральны персанаж не нясе (або амаль не нясе) самастойнай ідэйнай нагрузкі, нягледзячы на сваю спецыфічнасць і ўнікальнасць, непадобнасць да іншых людзей. Яго роля ў тэксце заключаецца ў тым, каб прыцягнуць увагу і выклікаць рэакцыю на сябе, выявіць стаўленне да сябе з боку іншых, другасных персанажаў. Такім чынам і раскрываецца самаіцэнтыфікацыя другасных персанажаў. Названыя апавяданні маюць вострую сацыяльную накіраванасць, а персанажы ўвасабляюць розныя грамадскія тыпы. Праз такіх персанажаў непадобных на астатніх людзей, адлюстроўваецца той збой, які дае нібыта правільная, лагічна ўпарадкаваная грамадская сістэма, разбураюцца вывераныя агульнапрынятыя нормы сацыяльнага парадку. I становіцца відавочна, што “правільныя”, “нармальныя” людзі ператвараюца ў бессэнсоўны, жорсткі і абыякавы натоўп, агрэсіўны да інакшага, гатовы адпрэчыць усе нефарматнае, утапіць яго ў сваіх прывычных забабонах і стэрэатыпах.
Менавіта такутю сітуацыю малюе Л. Андрэеў у апавяданні “Хрысціяне”: працэдура прынясення прысягі на судовым працэсе ператвараецца ў спектакль, дзе “весело, тепло, уютно”. Парушэнню дзейства пагражае сведка Караулава, якая адмаўляецца прысягаць суду перад Богам, бо, хоць і верыць у Хрыста, будучы прадстаўніцай “старажытнай прафесіі”, саромеецца крывадушна назваць сябе хрысціянкай. Увага пісьменніка пры гэтым накіравана не на матывы ўчынку гераіні, а на публіку, на выкрыццё яе двудушнасці. Усе ў зале суда ідэнтыфікуюць сябе як хрысціян, пазіцыянуюць сябе добрапрыстойнымі грамадзянамі. Тым не менш паступова становіцца бачна, што і старшыня, і судовы прыстаў, і выкліканы для перамоў са сведкай святар гатовыя маніпуляваць вельмі сур’ёзнымі рэчамі - прыстойнасцю, законамі, нават рэлігіяй - дзеля паспяховага пазбаўлення ад лішніх складанасцяў. Аўтар паказвае, што самаідэнтыфікацыя гэтых персанажаў зусім не супадае з тым, што яны рэальна з сябе ўяўляюць.
Паказальная таксама сітуацыя з жабраком, якога вядуць па этапе канваіры з апавядання “Хадзяка” М. Гарэцкага. У ім важна не тое, ці насамрэч бадзяга - чалавек зусім невядомы, ці амаль свой, родам з гэтай вёскі; а важна тое, як сустракаюць вяскоўцы выпетранага жыццём старога хадзяку; як усведамляюць чалавечую супольнасць. Праз стаўленне да яго пісьменнік нібыта выпрабоўвае сялян на чалавечнасць. Лягчэй, вядома, жыць, кіруючыся прынцыпамі скептыка Астапа, бо старац, магчыма, з тых, што “працаваць не хочуць... а як пастарэе, знядужае, дык бяры яго, кармі, садзі на свой карак”. Або не цяжка таксама “ўтаропіцца”, як робіць большасць сялян і чакаць, што ўсё само, без іх вырашыцца. Па-іншаму ставіцца да старца жаласлівы Дзёма, але і ён ацступае перад напорам іншых. Цікавым персанажам аказваецца дзед Тодар, які, нягледзячы на нетрывалае ў грамадзе становішча (бо ўжо і сам стары, працаваць многа не можа, а таму і права голасу нароўні з астатнімі не мае), шкадуе хадзяку, магчымага “землячка”, ды і ўвогуле “заўсёды рад прывітаць падарожніка”.
Яшчэ адзін спосаб выражэння самаідэнтыфікацыі персанажаў - дэманстрацыя пісьменнікам іх уласных думак і ўяўленняў, так званая своеасаблівая самапрэзентацыя. Такі прыём даволі распаўсюджаны ў творчасці і М. Гарэцкага, і Л. Андрэева, прычым героем у іх можа быць і сам апавядальнік: напрыклад, у апавяданнях “Ідуць усе - іду я...” (1919), “Еду дамоў” (1921), “Пакінутыя хаты” (1921) М. Гарэцкага, “Хлусня” (1901), “Праклён звера” (1908) Л. Андрэева. Толькі ў адрозненне ад першага вылучанага намі спосабу выражэння самаідэнтыфікацыі наратар тут надзяляецца функцыяй галоўнага героя; ён ужо не садзейнічае паказу іншых персанажаў, а сам аказваецца цэнтральным аб’ектам чытацкай увагі, апроч таго, больш дыстанцыяваным ад постаці самога пісьменніка. Яскравыя прыклады названай самапрэзентацыі знаходзім таксама ў творах “Апавяданне пра Сяргея Пятровіча” (1900), “Апавяцанне пра сем павешаных” (1908), “Няма прабачэння” (1904), “Супакой” (1911) Л. Андрэева; “Маці” (1916), “Рунь” (1914), “Як удава” (1932 - 1933) М. Гарэцкага і інш.
Так, напрыклад, у дванадцаці частках “Апавядання пра сем павешаных” паступова раскрываюцца пачуцці і думкі кожнага з асуджаных на смерць: міністра, які чакае свайго забойства, а таксама семярых тэрарыстаў-смяротнікаў - яшчэ зусім зялёных, наіўных хлопцаў і дзяўчат, якія самі не ўсведамляюць дакладна, што і дзеля чаго мелася быць. Л. Андрэеў добра паказаў неадэкватнасць самаідэнтыфікацыі персанажаў: неўсвядомленасць матывацый, дзеянняў, неразуменне сапраўднага стану рэчаў і ўсяго, што адбываецца. Здаецца, сацыяльныя бунты кімсьці рацыянальна рыхтуюцца і маюць на ўвазе пэўныя мэты, разуменне ступені адказнасці за экстрэмальныя ўчынкі. Замест гэтага мы бачым поўную неадпаведнасць суб’ектыўнага і аб’ектыўнага: як на пачатку апавядання міністр шчыра не разумее, за што на яго асобу будзе рабіцца замах, так і “злосныя” тэрарысты, якія нібыта прагнуць крыві і адплаты, аказваюцца несувымернымі з крывавымі справамі ды не ўсведамляюць, за што іх трэба вешаць (бо і здзейсненае не здаецца ім рэальным забойствам).
Праз уласныя разважанні раскрываецца асоба Уладзімера З. у апавяданні “Рунь” М. Гарэцкага. Значная частка твора падаецца ў форме дзённікавых запісаў галоўнага героя, хоць прысутнічае і вобраз наратара, які перадае пэўныя біяграфічныя звесткі Уладзімера, іншымі словамі, выконвае ў большай ступені інфарматыўную функцыю. Такі спосаб трансляцыі самарэфлексіі, самаўсведамлення героя дазваляе М. Гарэцкаму драматызаваць нібыта звычайную біяграфію персанажа, гісторыю яго асобаснага станаўлення. Або, напрыклад, асоба гераіні з апавядання “Як удава”: яе лёс вонкава быццам і не самы дрэнны, аднак яна атаясамлівае сябе з удавой, якая ў паўсядзённых няўдзячных клопатах не столькі страціла мужа (яго павагу і каханне), колькі пахавала частку самой сябе... Самапрэзентацыя персанажаў у названых апавяданнях М. Гарэцкага і Л. Андрэева ілюструе стасункі асоба - соцыум, падкрэслівае важнасць паўнавартаснай сацыялізацыі чалавека ў канкрэтнай гістарычнай і культурнай сітуацыі.
Нягледзячы на наяўнасць самых розных сродкаў адлюстравання ўнутранага свету героя, вырашальную ролю для выражэння самаідэнтыфікацыі асобы ў большасці тэкстаў “малой” прозы названых аўтараў усё ж такі адыгрывае дзеянне: паводзіны, намеры, учынкі герояў у той ці іншай сітуацыі і дэталі здарэння. З аднаго боку, гэта дазваляе больш выразна паказаць асобу персанажа, бо сапраўднае выпрабаванне на чалавечнасць магчыма ўбачыць лепш менавіта праз абмалёўку рэальнага ўзаемадзеяння і ўчынкаў людзей, чым праз аповед наратара або самога героя. З іншага боку, у такім выглядзе самаідэнтыфікацыя асобы становіцца больш неадназначнай і дапускае больш інтэрпрэтацый, бо чытач не заўсёды мае магчымасць даведацца, шго адбываецца ў свядомасці героя. Трэба, вядома, улічваць, што падзейнасць у той ці іншай ступені мае месца і значэнне для раскрыцця героя ў кожным мастацкім творы, але важна размяжоўваць, калі падзея з’яўляецца вызначальнай для раскрыцця ўнутранага свету персанажа, а калі толькі суправаджае яго раскрыццё.
Апроч таго, нярэдка важнае значэнне мае не сама падзея, якая можа быць зусім звычайнай, паўтарацца з дня ў дзень, як, напрыклад, у апавяданнях “Злосць” (1920) М. Гарэцкага, “Горад” (1902) Л. Андрэева. У першым з твораў азлобленасць жыхара хутара Васіля Арцямёнка - з’ява для ўсіх персанажаў зусім не новая; як і прывычныя, безуважлівыя, выпадковыя штогоднія сустрэчы выпадковых людзей у апавяданні “Горад”. У падобнай сітуацыі можна гаварыць пра вырашальную ролю не столькі самой падзеі, колькі ўзаемадзеяння паміж персанажамі (або яго адсутнасці) у апавяданні. Учынкі тут маркіруюцца словам, дыялогам, у якіх і пацвярджае герой сваю маральную ўстаноўку і ідэнтычнасць.
Вядома, шматлікасць ідэйна-мастацкіх характарыстык і спосабаў, якія выкарыстоўваюць М. Гарэцкі і Л. Андрэеў для рэпрэзентацыі асобы герояў, не вычэрпваецца названымі ў артыкуле. Больш за тое, вылучаныя намі спосабы (прэзентацыя персанажа наратарам, самапрэзентацыя і ўвядзенне ў тэкст героя-“правакатара”) узаема- дзейнічаюць у адным творы, дапаўняючы адзін аднаго. Аднак асаблівасці жанру апавядання дазваляюць выявіць гэтыя спосабы больш канкрэтна, паколькі ў апавяданні нярэдка дамінуе адзін з іх - у адрозненне ад жанраў вялікага эпасу. У прозе з больш разгалінаванай і аб’ёмнай сюжэтна- кампазіцыйнай структурай на тым ці іншым этапе эвалюцыі персанажа выкарыстоўваецца большы арсенал сродкаў раскрыцця яго асобы.
Такім чынам, характар адлюстравання самаідэнтыфікацыі герояў у прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева прадвызначаны не толькі спецыфікай творчых індывідуальнасцей і прыхільнасцю да тых ці іншых форм псіхалагічнага аналізу; вызначальнымі тут з’яўляюцца таксама асаблівасці беларускай і рускай гісторыка-культурнай прасторы. Для беларускага пісьменніка найважнейшы складнік самаідэнтыфікацыі асобы - усведамленне персанажамі праблем, звязаных з блізкім колам людской супольнасці (сям’я, аднавяскоўцы, агульнае гістарычнае мінулае: апавяданні “Роднае карэнне”, “Прысяга”, “Скарб”, “Сасна” ), а таксама з усведамленнем агульных задач адраджэння беларускай нацыі (апавяданні “Рунь”, “Фантазія”, “Усебеларускі з’езд 1917-га года”, “У 1920 годзе”). У прозе Л. Андрэева на першым плане - узаемаабумоўленасць сацыяльнага і маральна-этычнага ў завершаным цэлым пэўнай асобы, без акцэнтаў на нацыянальнай праблематыцы, найважнейшых для беларускай літаратуры пачатку XX ст. Многія творы “малой” прозы Л. Андрэева маюць вострую сацыяльную накіраванасць і канкрэтную сацыяльную адрасацыю (апавяданні “Абарона”, “Выпадак”, “Качаня”, “Хрысціяне”), а вобразы персанажаў з неадэкватнай самаідэнтыфікацыяй дазволілі Л. Андрэеву адлюстраваць крызісныя з’явы ваўнутраным свеце чалавека (“Апавяданне пра Сяргея Пятровіча”. “У падвале”, “Няма прабачэння”); той збой, выніку якога ў грамадскай думцы разбураліся вывераныя агульнапрынятыя нормы сацыяльнага парадку (“Апавяданне пра сем павешаных”, “Губернатар”, “Цемра”). У рускай літаратуры напярэдадні распаду Расійскай імперыі менавіта гэты ракурс у асэнсаванні рэчаіснасці быў надзвычай актуальным.
У творчай спадчыне Максіма Гарэцкага і Леаніда Андрэева не толькі знаходзяць адлюстраванне розныя сродкі і спосабы раскрыцця самаідэнтыфікацыі асобы (прэзентацыя персанажа наратарам, самапрэзентацыя, увядзенне ў тэкст героя-“правакатара”), але і адзначаюцца адрозненні ў характары самога феномену самаідэнтыфікацыі. Калі ў Леаніда Андрэева пэўны выпадак нярэдка аказваецца пераломным, вырашальным для свядомасці персанажа, карэнным чынам мяняе (узбагачае альбо абдзяляе) жыццё, то ў творах беларускага пісьменніка сітуацыя часцей падштурхоўвае да раскрыцця ўжо наспелых пачуццяў, дазваляючы ім рэалізавацца.