Радзім Гарэцкі

Сяброўства творцаў

Браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія і беларускія паэткі
Канстанцыя Буйла і Наталля Арсеннева

Беларусь мае шмат папулярных песняў, якія гучаць і ўспрымаюцца як неафіцыйныя гімны. Дзве такія песні створаныя на вершы найвыдатнейшых беларускіх паэтак: “Люблю наш край” Канстанцыі Буйлы (1893 — 1986) і “Малітва” (“Магутны Божа”) Наталлі Арсенневай (1903 — 1997). Вядомы празаік Максім Гарэцкі (1893 — 1938) — аднагодак Канстанцыі і настаўнік Наталлі. Шляхі творцаў своеасабліва скрыжоўваліся і перапляталіся.

Канстанцыя Буйла нарадзілася ў Вільні. Пад уплывам твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, апублікаваных у “Нашай Ніве”, яна таксама пачала рыфмаваць, і ўжо ў 1909 г. яе першыя вершы з’явіліся ў гэтай газеце (“Хвоя”, “Салавейка”, “Скора зіма” і інш.). Кожны год у “Нашай Ніве” і іншых выданнях (“Беларускі каляндар”, “Маладая Беларусь”, “Гомон” і інш.) выходзілі яе паэтычныя творы, а таксама апавяданні, абразкі, драмы (“Русалкі”, “Кветка папараці”, “Сягонняшнія і даўнейшыя” і інш.).

Трошку пазней (з 1912 г.) у “Нашай Ніве” пачаў друкаваць нататкі, апавяданні Максім Гарэцкі. Калі ў 1914 г. К. Буйла і М. Гарэцкі пазнаёміліся ў Вільні, яны ўжо былі дастаткова вядомымі пісьменнікамі, асабліва пасля таго, як у гэтым годзе выйшлі іх першыя кніжкі - “Курганная кветка” К. Буйлы і “Рунь” М. Гарэцкага. У Вішневе паэтка пазнаёмілася з Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч і пасябравала з ёй на ўсё жыццё.

Да творчасці Канстанцыі Буйлы з вялікай прыхільнасцю ставіліся многія пісьменнікі, з якімі яна пазнаёмілася ў Вільні (Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Цётка, Максім Гарэцкі, браты Луцкевічы і іншыя). Антон Луцкевіч адзначаў, што “Буйла горача любіць свой край і народ, бо ня можа не любіць: каханнем сагрэта ў яе ўсё, што яна робіць, што піша”. Ён высока цаніў яе “песні кахання”, яе цудоўную пейзажную, інтымную і філасофскую лірыку. Максім Гарэцкі ў “Гісторыі беларускае літаратуры” ў раздзеле “Назваслоўе” (тлумачальным слоўніку літаратурных тэрмінаў і паняццяў) у якасці прыкладаў прывёў шэраг вытрымак з вершаў К. Буйлы ці зрабіў спасылкі на яе творчасць.

У 1923 г. К. Буйла пераехала ў Маскву да мужа - Віталя Адольфавіча Калечыца (ён закончыў Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію, у 1933 г. быў арыштаваны і ў ГУЛАГу загінуў). Паэтцы давялося адной гадаваць яшчэ зусім малога сына. Гэтыя падзеі, цяжкае жыццё і асабліва адрыў ад беларускага літаратурнага руху дрэнна адбіліся на яе творчасці: “Я мала пісала, зрэдку пасылала вершы ў “Полымя”. Я. Купала і Уладка і ў тыя цяжкія для мяне часы сардэчна ставіліся да маёй працы. Яны ўсё разумелі”.

Наталля Арсеннева нарадзілася ў Баку ў сям’і служачага, з роду якога быў рускі паэт Міхаіл Лермантаў. Неўзабаве сям’я пераехала ў Вільню, а ў Першую сусветную вайну вымушана была бегчы ў Яраслаўль. Там Наталля напісала першыя вершы на рускай мове. У 1920 г. Арсенневы вярнуліся ў Вільню, Наталля стала вучаніцай сёмага класа Віленскай беларускай гімназіі, якая адчынілася 1 студзеня 1919 г. і ў якой Максім Гарэцкі выкладаў беларускую мову і літаратуру. Ён да гэтага працаваў у Менску ў рэдакцыі газеты “Звезда” разам з рэдакцыяй пераехаў у Вільню, сталіцу Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі, створанай маскоўскімі бальшавікамі пасля Першага ўсебеларускага з’езда Саветаў і ліквідацыі ўрада на чале з З. Жылуновічам.

Першы нумар “Звезды” ў Вільні выйшаў 1 красавіка 1919 г., а ўжо 21 красавіка горад раптоўна быў захоплены польскімі войскамі. Максім Гарэцкі прачнуўся ад грукату гарматаў і кулямётаў. Ён прабраўся пад свіст куляў у гатэль “Брыстоль”, дзе жылі супрацоўнікі “Звезды”, але іх (у тым ліку і галоўнага рэдактара В. Кнорына) там ужо не было. Як успамінаў сам М. Гарэцкі, “дапамог нам ратпавацца, з немалою рызыкаю і небяспекаю для сябе самога, беларускі драматург і артыст Франіцішак Аляхновіч. Ен прывёў нас да сябе на кватэру, і там, на Маставой вуліцы, мы і прыпыніліся, каб троху абдумацца, якім спосабам выбрацца з Вільні... Але выбрацца нам тады не прыйшлося, мы мусілі застацца ў Вільні”.

Максім Гарэцкі пачаў працаваць у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх і вышэйшых літоўскіх педагагічных курсах. У гімназіі ён пазнаёміўся з настаўніцай пачатковых класаў Леанілай Чарняўскай, якая рыхтавала для друку сваю першую чытанку “Родны край”, і ўжо 16 ліпеня яны абвянчаліся ў Прачысценскім саборы.

Вось як успамінала Наталля Арсеннева Віленскую беларускую гімназію: “Неставала блізу ўсяго, шмат хто з вучняў і з настаўнікаў галадаваў, ня было нястачы толькі ў вадным - у запале, у гарачых ахвярных сэрцах, у людзях, якія, дарма што голад і холад, аддана вялі сваю працу з аднэю думкай - зрабіць шчасьлівай сваю Бацькаўшчыну-Беларусь. Людзей гэтых было ня шмат, але іхны прыклад распаліў і іншых і ад пачатку надаў гімназіі той кірунак, які прычыніўся да пазьнейшае ейнае характарыстыкі - “кузьня беларускіх дзеячоў”. Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч, “Цётка Алёна” - вось людзі, якія вучылі тут беларускую моладзь і якія навучылі мяне горача любіць Беларусь, такую пакрыўджаную лёсам, але такую чароўную”.

Шчасце ў шлюбе, цікавая педагагічная дзейнасць у гімназіі натхнялі М. Гарэцкага на плённую творчую працу, ён адчуў вялікі ўздым, прыліў сілаў і працаздольнасці... Больш чым у 10 нумарах “Беларускай думкі” (1919) была надрукавана буйная аповесць “Дзве душы” і ў тым самым годзе выйшла асобным выданнем. Твор адразу заўважылі і прыхільна сустрэлі многія сучаснікі: станоўчыя крытычныя артыкулы напісалі Змітрок Бядуля, Антон Луцкевіч. Уплыў аповесці на працэс беларускага адраджэння быў настолькі значны, што, напрыклад, Ігнат Канчэўскі, аўтар брашуры “Адвечным шляхам: Досьледзіны беларускага сьвета-погляду” (1921), у якасці свайго псеўданіма ўзяў імя галоўнага героя аповесці Ігната Абдзіраловіча. Адно за адным выходзяць апавяданні: “Ідуць усе — іду я”, “Кросны”, “Панская сучка”, “Тамашы”, “Бірка”, “Злосць”, ‘Трэшная Чарнушка”, “Паншчына”, “Дурны вучыцель”, “Еду дамоў”, “Страшная музыкава песня”, “Скарб”, “Сасна”, “Апостал”, “Прафесар” і інш.

Адначасова Максім Гарэцкі разам з братам Гаўрылам перарабляў і дапаўняў смаленскі слоўнік (пад назваю “Маскоўска-беларускі слоўнік” выйшаў у Вільні ў 1920 г.). А перад гэтым падрыхтаваў “Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнічак”. Рупліва працаваў над кнігай “Гісторыя беларускае літаратуры” (выйшла ўжо ў 1920 г., а на наступны год - другое, папраўленае, выданне). Акрамя таго, убачыў свет яго “Krotki zarus historji literatury bialiruskej” па-польску. На кнігу адразу адгукнуўся Антон Навіна (Антон Луцкевіч): “Мы горача вітаем працу М. Гарэцкага. Яна бясспорна мае вагу ня толькі як учэбнік, але і як адзін з фактараў усьведамленьня “маладых” беларусаў, каторыя так мала ведаюць аб сваім народзе, аб яго гісторыі і літаратуры. Яна пакажа і нашым суседзям, якія культурныя скарбы меў і мае беларускі народ”.

У розных газетах Максім надрукаваў крытычныя артыкулы пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Галубка (і рэцэнзію на яго п’есу “Апошняе спатканне”), Лявона Гмырака, Паўлюка Багрыма, Янку Купалу і іншых, шэраг публіцыстычных артыкулаў (звычайна пад псеўданімамі Дед Кузьма, А. Мсціслаўскі): “Свабода слова”, “Да амерыканскіх беларусаў”, “Любіце польскі народ”, “400-лецце друку ў Вільні”, “Беларускія дзеячы” з польскаю душою і інш. У кнізе “Памяці Івана Луцкевіча” (Вільня, 1920) змешчаны ўспаміны М. Гарэцкага.

Леаніла Чарняўская працавала над чытанкай “Родны край”, якая неаднаразова перавыдавалася. Падбірала выдатныя творы з сусветнай літаратуры, сама перакладала на беларускую мову. Максім дапамагаў. Жонка змясціла ў кніжцы асобныя апавяданні М. Гарэцкага і ўрыўкі з іх, а таксама зусім новыя: “Бітва на Уле”, “Уцёкі Сярэбранага” і інш.

Каб мець беларускае выданне ў Сярэдняй Літве і дапамагчы “чытаючым кірылаўскімі літарамі беларусам”, М. Гарэцкі як рэдактар наладзіў выпуск (з 24 снежня 1920 г.) штодзённай грамадска-палітычнай і літаратурнай газеты “Наша думка”, у якой асноўная ўвага аддавалася асвятленню палітычнага і эканамічнага становішча Заходняй Беларусі, беларускай культуры. Выйшла толькі 27 нумароў, бо 8 ліпеня 1921 г. газету забаранілі польскія ўлады. Але ўжо 14 верасня М. Гарэцкі пачаў выдаваць на беларускай мове газету “Беларускія ведамасці” такога самага кірунку. Выйшла 19 нумароў: 15 студзеня 1922 г. - ізноў атрымалі забарону. З апублікаваных літаратурных і гістарычных матэрыялаў былі выдадзены “Беларускі дэкламатар” і тры зборнікі “Беларускія ведамасці”. У газетах друкаваліся артыкулы многіх вядомых беларускіх дзеячаў культуры, навукі, адукацыі. Шмат матэрыялаў змясціў і сам Максім.

Антон Луцкевіч у прысвечаным Максіму Гарэцкаму артыкуле “Ідэолаг народнае інтэлігенцыі” назваў яго “найглыбейшым з ідэолагаў беларускае адраджэнскае народнае інтэлігенцыі” і напісаў далей: “Беларуская нацыянальная справа, справа нацыянальнага адраджэньня беларускага народа — гэта найвышэйшы дагмат грамадскае рэлігіі Гарэцкага”.

З стараннем і любоўю Максім вёў заняткі ў гімназіі, поспехі вучняў прыносілі вялікае задавальненне і надзею на будучае пакаленне свядомых беларусаў. Асаблівую ўвагу звярнуў на вучаніцу сёмага класа, якая нядаўна прыехала з Яраслаўля, — Наталлю Арсенневу. Яна слухала настаўніка вельмі ўважліва, баялася прапусціць хоць адно яго слова, старанна выконвала ўсе заданні, глядзела на яго, як зачараваная, улюбёньімі вачыма... Пазней знакамітая паэтка ўспамінала: “Маім духоўным настаўнікам стаўся блізу з першых дзён навукі ў гімназіі настаўнік беларускае мовы і літаратуры. аўтар “Руні” й “Патаёмнага” Максім Гарэцкі. Памятую, калі я пабачыла яго ўпершыню на лекцыі ў нашай 7-ай класе, мяне сам-перш уразілі ягоныя вочы — вялікія, цёмныя, гарачыя, быццам два чорныя знічы (я гэтак і падумала тады — “знічы”) на худаватым, аскэтычным, крыху татарскага складу твары. Іншых вачэй, падумала я, аўтар “Патаёмнага” мець і не мог... Зразумела я тады й тое, што я мушу цяпер як найхутчэй дасканала апанаваць беларускую мову й заўсёды, заўсёды найлепей за ўсіх у класе, ведаць задаваныя нам Гарэцкім лекцыі з беларускае літаратуры... У восьмы клас я перайшла з добрымі ацэнкамі й з беларускае мовы й з літаратуры.

<...> Аднак заняткі ў Беларускай гімназіі, якую я ўжо моцна паспела палюбіць, пачаліся ў сваім часе й я ўзноўкі сустрэлася з сябрамі і настаўнікамі, між імі з Максімам Гарэцкім. На вялікі мой жаль, ён не быў ужо выкладчыкам літаратуры ў нашым класе. Ды сувязь мая з ім дзеля гэтага не парвалася, а яшчэ памацнела”.

Юная гімназістка адважылася паказаць настаўніку два свае вершы: “Восень” і “Светлы дзень дагарае над сумнай зямлёю”. У той самы дзень у гімназіі праводзілася літаратурная вечарына: “Гэтага памятнага для мяне вечара першым выйшаў на сцэну Гарэцкі. Памаўчаўшы, ён абвясціў прысутных, што мае для іх добрую навіну. “У нас з’явілася новая Буйлянка, - сказаў ён, — новая паэтка, якая ўжо сёння ці не перавышае Канстанцыю Буйлу сваім талентам. Вось паслухайце”... I Гарэцкі пачаў чытаць... дадзеныя яму нараніцы мае вершы.

<...> М. Гарэцкі быў вельмі суровым, маламоўным настаўнікам і крытыкам. Ен блізу ніколі не правіў слабейшых месцаў маіх вершаў, бо здараліся ж і такія, а проста аддаваў іх мне, зацеміўшы: “Гэтак па-беларуску не гаворыцца” або “Гэтае месца раю перапрацаваць” ці што іншае. Неўзабаве я навучылася разумець яго не толькі з поў-слова, але гледзячы адно на ягоныя шырокія, цёмныя бровы, якія то насупліваліся, то ўзнімаліся ўгару, залежна ад уражання. Рух гэтых броваў, нячастая ўсмешка на вузкіх вуснах. — былі тым стымулам, што вёў мяне наперад, прымушаў упарта працаваць над сабою, над моваю...

<...> Але гэткі ўжо быў Гарэцкі ў дачыненні й да іншых і да сябе — суровы, справядлівы й вельмі паважаны”'

Першыя друкаваныя вершы Наталлі Арсенневай “Мой родны край”, “Летуценні”, “Восень” з’явіліся ў газеце “Наша думка” ў 1920-я гг., іх змясціў М. Гарэцкі. У 1921 г. шэраг твораў, у тым ліку “Плач старога лесуна”, “У лесе”, надрукаваныя ў тых самых выданнях, а таксама ў “Беларускіх ведамасцях”, а пасля яшчэ некалькі — у зборніку “Беларускіх ведамасцей”. У газеце “Наша думка” быў змешчаны верш “Красавік” (“Неба сіняе, сіняе, сіняе...”), прысвечаны Максіму Гарэцкаму. У лісце да Я. Карскага М. Гарэцкі паведаміў: “Маем толькі адну прыемнасць, тую, што на страніцах газет, якія тут выходзілі, азначылася новая, пэўныя і спадзейная талань маладой паэтэсы Наталлі Арсенневай...”.

Гэтыя вершы згаданы ў “Беларусах” Яўхіма Карскага (Петраград, 1922) з зазначэннем пра Н. Арсенневу: “Навейшая пісьменьніца. Паводле водгуку Гарэцкага, вельмі таленавітая”. У “Дэкламатары” (1922) М. Гарэцкі змясціў верш Н. Арсенневай “Мая душа”.

Значна пазней Н. Арсеннева пісала пра М. Гарэцкага: “Ен зь вялікай увагай праглядаў мае першыя вершы, ганіў, што было блага, і заахвочваў мяне да лепшага пісаньня. Ягонае сьветлае ймя я й дагэтуль заўсёды ўспамінаю з вялікай удзячнасьцю й любасьцю”; “Ён хросны бацька мой на паэтычнай ніве. Хто ведае, ці сталася б я наогул паэткай Натальлей Арсеньневай, каб не ягоныя ўважлівыя, крытычныя, але й сьвятыя для мяне дачыненьні да майго таленту, які толькі што прабіваўся. як парастак з-пад зямлі, каб не ягоныя добрыя рады, ягоныя назіраньні за маім ростам”.

Увосень 1922 г. Наталля Арсеннева выйшла замуж за Францішка Кушаля і выехала з Вільні ў Польшчу, а ў 1923 г. і Максім Гарэцкі з сям’ёю пераехаў у Менск. Больш яны ніколі не сустракаліся.

У Менску М. Гарэцкі ў другой частцы хрэстаматыі “Выпісы з беларускае літаратуры” (Масква - С.-Пецярбург, 1923) змясціў з маладых творцаў толькі Н. Арсенневу: вершы “Восень”, “Плач старога лесуна”, “Плакалі ў садзе бярозы”, “Лес шумеў” і інш. У 1927 г. у Вільні быў выдадзены першы зборнік Н. Арсенневай “Пад сінім небам”, у які яна ўключыла і верш “Красавік”.

Максім Гарэцкі ў 1928 г. пісаў: “У беларусаў пад Польшчаю з’явілася шмат маладых паэтаў, пісьменнікаў і публіцыстаў, але з выдатных іменняў можна тым часам назваць толькі адно гэта імя Наталлі Аляксееўны Арсенневай — расіянкі па нацыянальнасці, а беларускі толькі па жыхарству і культуры.

…Форма вершаў Арсенневай, у галіне тэхнікі вершаскладання, не вызначаецца нейкай асаблівай бліскучасцю, але яны. захопліваюць шчырасцю пачуцця, далікатнасцю тону і нейкаю асабліваю пяшчотнасцю вобразаў і слоў”.

Гаўрыла Гарэцкі з Наталляй Арсенневай не быў знаёмы, а вось з Канстанцыяй Буйлай па-сябраваў з часу працы ў Маскве ў першай палове 1923 г. Але сустракаліся яны рэдка, а пазней гулагаўскія падзеі развялі іх да ваеннай пары.

Як пісала сама К. Буйла, “і вось прыйшла новая бяда — вайна. Вялікае гора, што выпала на долю акупіраванай Беларусі, скаланула маё сэрца. Я апынулася ў асяроддзі сяброў, якіх вайна перамясціла ў Маскву, і зноў пачала шмат пісаць”.

Гаўрыла Гарэцкі ў другой палове вайны і пасля яе заканчэння працаваў у Гідрапраекце МУС на інжынерна-геалагічных даследаваннях для будоўлі гідраэлектрастанцый, водных каналаў і іншага і часта прыязджаў у камандзіроўкі ў Маскву, а ў 1956 г. пераехаў у г. Дзедаўск (Падмаскоўе), дзе быў філіял Гідрапраекта. У Маскве ён зрэдку сустракаўся з Канстанцыяй Буйлай.

Ён пісаў пра гэта жонцы: “19.V.43 г. ...Учора ўвечары быў у Якуба Коласа - ён сёньня едзе па сям’ю. У Коласа спаткаўся з цёткаю Уладзяю, Купаліхаю. <...> Гаманіў па тэлефону з Канстанцыяй Буйло — заеду да яе заўтрьі разам з цёткаю Уладзяю”.

“1.Х.44 г. ...Бачыў Канстанцыю і Уладзіславу. Галю Купаліха будзе выклікаць у Менск для працы ў Купалаўскім музэі”.

“15.1.45 г. ...Быў у Канстанцыі. Купаліха прыедзе з Менску праз дзён 4-5. Памёр Кузьма Чорны — гэта самая жалобная навіна — як мне шкада вялікага нашага празаіка. Шмат яму было клопату ў Менску - разьбіў яго паралюш”.

“12.11.45 г. ...хадзіў да беларусаў у госці., у гасьцініцу “Якар”. Там бачыў і Якуба Коласа (ён толькіраніцою прыехаў з Менску), яго сына Данілу, Алесю, Канстанцыю Буйло, Маўра, Насту Дзятлоўскую, Аўгена Хлебцэвіча. Ад усіх засылаю Табе вітаньне. К. Буйло запрашае да яе заехаць, калі Ты будзеш у Маскве”.

“10.VІ.45 г. ...Потым заехаў я да Канстанцыі. Сустрэла яна мяне, як роднага. Шмат, шмат гаманілі, і доўга. Вершы свае яна мне чытала. Я начаваў у яе. Начою ішоў дождж. Раніца была росная, прыгожая. Падаравала яна мне дзьве фотакарткі, але я іх забыўся ўзяць. Схаджу да яе перад ад’ездам”.

“17.VІ.45 г. ...Быў у гасьцях у Канстанцыі. Харошыя былі, сапраўды сяброўскія гамонкі. Бачыў яе любага пляменніка Алега, якога яна любіць больш сына. Хлопцу 22 гады, разумны, прыгожы, вайсковец, з зенітных частак пад Масквою. Марыць хлопец аб ВНУ. Быў ён з сваёю вайсковаю падругаю — добра яны ўмеюць піць і курыць і быць вясёлымі. К. вітае і цалуе Цябе. Усё ж яна зусім адзінокая і сумная, толькі хавае гэта яна пад зброяй вясёласьці, жарту, кпіну... <...> Чуў ад Канстанцыі сумную навіну — памерла Марыя Дзмітрыеўна, жонка Коласа. Чула яна, што ўжо пахавалі яе. Сьмерць усё звужае свае колы. Шкада Якуба, прыгнечаным будзе і маркотным яго дух. Пастараюся яшчэ пабачыцца з ім”.

Прыблізна праз тыдзень К. Буйла падаравала Г. Гарэцкаму сваё фота, на абароце якога зрабіла надпіс: “Сардэчнае пажаданне міламу Гурыку:
Каб Табе заўсегды, і ў дзень і ў ночы
Полымна свяцілі сонечныя вочы...
Вечарам і ранкам і ў кожнай хвілі
Тысячамі сонцаў каб яны свяцілі...
Хай Табе ў далечынь росяць вочы тыя —
Сонечных праменяў стрэлы залатыя...
Хай у быт і думкі льюць яны
бяз конца -
Рэкі -
Вадаспады — залатога спада...
24.УІ.45 г. Кон.Буйло".

“1.ХІІ.45 г. ...Быў учора ў Канстанцьй, бо ня было чаго ўжо карэктаваць, вечар выдаўся вольны. Начаваў там. Добра пагаманілі, яна чытала мне свае вершы”.

“24.ХІІ.45 г. ...У суботу пад выхадны дзень быў я ў другі раз у Канстанцыі, начаваў у іх. Прыходзіла сястра К. Інка, сын і дачушка Інкі (ужо вялікая), жонка брата, які знайшоўся. Памерла гэтымі днямі (надоечы) іхняя маці, 85 год, так і не пабачыўшы сына. К. учора паехала ў Менск, на пленум пісьменнікаў”.

“14.У.46 г. ...Быў у Канстанцыі”. “30..47 г. ...Увечары хадзіў наведаць цёцю Уладзю. Там было шмат людзей: Канстанцыя, артыст К. Саннікаў, пісьменнік М. Зінгер, Даніла Міцкевіч... <...> Праводзіў Канстанцыю дахаты. Шмат гаманілі па дарозе. Канстанцьія на творчым уздыме - гэта яе паратунак, як паэта”.

“9.IV.49 г. ...К. Буйла таксама выйшла замуж, едзе ў Сочы, на курорт, шчаслівая. Гаварыў з ёю па тэлефону. Кніжка яе з друку яшчэ не з’явілась. Брат Алесі зьвярнуўся назад”.

У 1939 г. сям’я польскага афіцэра Франца Кушаля, якая больш за 15 гадоў жыла ў Заходняй Беларусі, апынулася ў БССР, а сам гаспадар - у савецкім палоне. Цяжкі і нават трагічны лёс перад самай вайной закінуў Н. Арсенневу з двума сынамі ў казахстанскую ссылку, а перад гэтым памерлі яе сястра Вольга, бацька і маці. Не паспелі ў траўні 1941 г. з’ехаць Н. Арсеннева з Казахстана, а Ф. Кушаль - з Лубянкі, як пачалася вайна. Далей - нялёгкае жыццё ў акупаваным Менску, страта старэйшага сына Яраслава... Потым - Германія і нарэшце - ЗША.

Ва ўсе часы, як адзначала паэтка, “паэзія была маім ратункам, заглушала кашмарную рэчаіснасьць, у якой мы замушаны былі жыць”. Са зменай жыцця мяняліся і кірункі яе паэзіі, Яны рабіліся больш гістарычна-патрыятычнымі. У час вайны напісана славутая “Малітва” — неафіцыйны нацыянальна-рэлігійны гімн Беларусі.

Калі ў 1994 г. мяне і Ганну Сурмач, як кіраўнікоў Згуртаванмя беларусаў свету “Бацькаўшчына’ , запрасілі ўдзельнічаць у 21-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі (Таронта, 3—5 верасня) і мы на аўтамашыне ехалі з Нью-Ёрку ў Канаду, вельмі хацелася заехаць у Рочэстэр, каб сустрэцца з Н. Арсенневай. Вітаўт Кіпель падараваў нам яе кніжку “Між берагамі” (1979), на якой мы спадзяваліся атрымаць аўтограф паэткі. Ен пазваніў Н. Арсенневай, і яна запэўніла, што абавязкова будзе ў Таронта, і таму мы паехалі больш прамым шляхам без заезду ў Рочэстэр. На жаль, Н. Арсеннева троху застудзілася і на сустрэчы быць не змагла. Да гэтага часу вялікае шкадаванне не пакідае мяне...

Канстанцыя Буйла памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986 г., а ў 1989 г. урна з яе прахам была перавезена ў Вішнева на Валожыншчыне. Мелодыя з верша “Люблю наш край” гучыць па радыё, як гімн спяваюць гэтую песню на Беласточчыне і ў Заходняй Беларусі. У час адкрыцця Другога з’езда беларусаў свету (26 ліпеня 1997 г.) мы стоячы выканалі “Магутны Божа”, а праз пару гадзін да нас прыйшла вестка, што дзень таму памерла Наталля Арсеннева. Вершы Канстанцыі Буйлы і Наталлі Арсенневай. і асабліва адзначаныя нацыянальныя гімны, будуць гучаць вечна, саграваючы сэрцы ўсё новых і новых пакаленняў беларусаў, удзячных гэтым выдатным беларускім паэткам.