Вольга Губская

Творчыя пошукі Максіма Гарэцкага на шляху фарміравання беларускай літаратуры

Максім Гарэцкі ў айчыннай культуры з’яўляецца сімвалам самаадданай працы на шляху беларускага адраджэння. Яго дзейнасць, што прыпала на перыяд станаўлення роднай мовы і літаратуры, спрыяла захаванню спадчыны і напісанню новай гісторыі нашай культуры.

Імя пісьменніка стаіць не толькі побач з імёнамі беларускіх мастакоў слова Якуба Коласа і Янкі Купалы, дарэчы, аднадумцаў і сяброў. Творчасць Максіма Гарэцкага разглядаецца сучаснымі літаратуразнаўцамі і праз прызму рускай культуры, а больш дакладна - праз прызму творчасці класікаў рускай літаратуры: Антона Чэхава, Фёдара Дастаеўскага, Мікалая Гогаля, Івана Буніна, Льва Талстога, Уладзіміра Караленкі, Аляксандра Купрына, Максіма Горкага. I невыпадкова - М. Гарэцкі ўсімі сіламі імкнуўся ўзбагаціць родную літаратуру, спасылаючыся на творчыя здабыткі суседзяў, якія ўжо больш упэўнена стаялі на ўласным літаратурным грунце.

Аднак гэта не азначае, што Максім Гарэцкі жадаў, каб беларуская літаратура прыпадабнялася да рускай. У артыкуле “Развагі і думкі”, наадварот, назіраецца жаданне вылучыць беларускі народ як самабытны, а значыць, і самастойны, жаданне пазіцыяніраваць сваю культуру на фоне расійскай. “Навука сказала, а мы ўспамінаем вам па-людску, што мы - нешта асобна-самабытнае, што псіхіка наша не хоча нават і звацца псіхікай маскоўцаў, каторая ёй незразумела.

Дзе наш бытапісец сярод расійскіх пісьменнікаў з велікаросаў? Дзе наша душа ў расійскай літаратуры?

Ждуць людзі беларускага Гогаля... Не прыйшоў яшчэ. А можа, прыйдзе? Можа...” - разважаў М. Гарэцкі.

Такія развагі былі апраўданы спецыфікай часу, калі размовы пра адраджэнне беларусаў выклікалі пэўнае неўразуменне. Маўляў, «адна справа - адраджэнне чэхаў з-пад нямецкага ярма і другая справа - “мазепінства” ўкраінцаў, сепаратызм беларусаў, над каторымі няма ніякага ярма, бо і яны рускія і будавалі расійскае жыццё!». Такім чынам, першасная задача тагачасных беларускіх аўтараў - адстаяць сваё права на ўласную літаратуру і толькі потым займацца пытаннямі яе ўдасканалення, узбагачэння. У гэтым якраз і была спецыфіка развіцця беларускай літаратуры, якую дакладна разумеў М. Гарэцкі.

Да рускай літаратуры Максім Гарэцкі ставіўся ў значнай ступені з прафесійнай увагай - пацвярджэнне гэтаму можам знайсці ў лісце пісьменнікава брата Гаўрылы да Алеся Адамовіча: «Гогаля Максім любіў за паэтычнае адлюстраванне ўкраінскага жыцця ў яго рускіх творах. А яшчэ падабаўся Гогаль Максіму за яго смех “скрозь слёзы”. Першая кніга, якую падараваў мне Максім у 1911 годзе, быў аднатомнік твораў Гогаля. Мне здаецца, што ўплыў Гогаля крыху адчуваецца ў некаторых творах Максіма: “У лазні”, “Страшная музыкава песня”, “Дзёгаць”, “Жартаўлівы Пісарэвіч”.

Талстога шанаваў Максім за “Вайну і мір”, за глыбокае разуменне людзей з рознага сацыяльнага асяроддзя, за сацыяльны пратэст.

Дастаеўскі імпанаваў Максіму пранікненнем у поцемкі душы, разуменнем таямніц людской псіхалогіі.

Бунін захапляў Максіма хараством рускай мовы. Максім Горкі быў у вачах Максіма хросным бацькам маладой беларускай літаратуры.

Шаўчэнка і Кацюбінскі, Міцкевіч і Ажэшка з’яўляліся для Максіма лепшымі прадстаўнікамі ўкраінскай і польскай літаратуры; ен чытаў іх у арыгіналах; яны былі ідэаламі для наследавання ў беларускіх пісьменнікаў...».

Сам А. Адамовіч дадаў: «А мы тут нагадаем яшчэ і Чэхава. Не дзеля таго, каб “пашырьшь” спіс, кола літаратурных інтарэсаў Максіма Гарэцкага, і без таго сапраўды шырокіх.

Творчасць Чэхава - цэлы этап у развіцці прозы XX стагоддзя. Гэты этап неяк закрануў і маладую беларускую прозу - і іменна Максіма Гарэцкага».

Менавіта пра гэтае “неяк закрануў” і хочацца паразважаць больш ілюстрацыйна.

Безумоўна, уплыў Антона Чэхава на творчасць Максіма Гарэцкага адчуваецца: першы зборнік “Рунь” (1914) беларускага пісьменніка прасякнуты жаданнем выпрабаваць стылёвыя элементы рускіх класікаў, у тым ліку і А. Чэхава, спробай увабраць усё найлепшае з літаратуры суседзяў і далучыць да роднай літаратуры, не змяняючы пры гэтым яе ўласнага каларыту.

Як адзначаюць літаратуразнаўцы, А. Чэхаў прывабліваў М. Гарэцкага “аб’ектывізмам”, паказам жыцця без каментарыяў, жыцця, якое валодала нябачнай сілай ідэйнай “гравітацыі”.

Апавяданне “Красаваў язмін” Максіма Гарэцкага (1913) - яскравы прыклад пранікнення чэхаўскай прозы (апавяданне “Дом з мезанінам”, 1896) у творчую спадчыну нашага празаіка. Абодва творы, на першы погляд, - пра каханне, прычым для Максіма Гарэцкага, паводле версіі Антона Адамовіча, - гэта спроба распрацоўкі названай тэмы.

Ужо ў словах “язмін” - “мезанін” адчуваецца сугучча; ідучы ж далей па старонках твораў, мы знаёмімся з маладымі гераінямі, імёны якіх таксама падобныя. Муся (у М. Гарэцкага) і Місюсь (у А. Чэхава) - тыя, чые сэрцы напоўнены каханнем, першым, шчырым і балючым. Яны нават знешне падобныя - тонкая, бледная, з вялікім ротам і вялікімі вачыма Місюсь і чорная, вірлавокенькая, з сумным поглядам і бледным тварам Муся.

Аднак, нягледзячы на рысы павярхоўнага падабенства, творы зусім розныя па ўнутранай дынаміцы. Дзеянне ў апавяданні Максіма Гарэцкага статычнае, павольнае, суправаджаецца п’янавата-мляўкім пахам язміну - здаецца, што яно аднакадравае і яго можна паказаць на адным здымку фатографа. Твор Антона Чэхава, наадварот, напоўнены ўнутранай дынамікай - акрамя таго, што падзеі не ўмяшчаюцца ў адзін дзень, яны маюць і сацыяльны змест: на фоне рамантычных адносінаў вядуцца спрэчкі пра класавую няроўнасць, што прымушае чытача думаць аналітычна.

Такі нечаканы дысананс - яскравае сведчанне таго, што М. Гарэцкі ні ў якім выпадку не жадаў іграць ролю беларускага А. Чэхава. Арыентуючыся на чэхаўскую атмасферу, ён ствараў сваю, напаўняючы яе іншым зместам: яго героі, выхадцы з народа (таго сацыяльнага класа, правы якога так актыўна адстойвае чэхаўская Ліда Валчанінава, сястра Місюсь), не выяўляюць ніякай актыўнасці. I гэта Максім Гарэцкі падкрэслівае вельмі яскрава: “Я маўчаў і думаў-дзівіўся... <...> Хацеў звярнуць гутарку на што-небудзь будзённа-простае, але яна сумысле маўчала і тулілася ўсё болей і бліжэй. <...> Мне ўжо і так надакучылі, былі прыкры тады нацыянальныя і набажэнскія пытанні, апастылела паўсёднае айканне і салодзенька-кіслае стагнанне няшчырых людзей. Глыбока праўдзівага спаткаўмала”. У той час як героі Антона Чэхава атрымліваюць асалоду ад гутарак: “Ей хотелось, чтобы я ввёл её в область вечного и прекрасного, в этот высший свет, в котором, по её мненню, я был своим человеком, и она говорила со мной о боге, о вечной жизни, о чудесном”.

Адурманеныя пахам язміну закаханыя М. Гарэцкага і маладыя, дапытлівыя, актыўныя героі А. Чэхава - вось новая паралель, вынесеная з прачытанага. Менавіта гэтая паралель дае магчымасць уважлівым беларускім чытачам убачыць, што непакоіла пісьменніка, прымушала яго актывізаваць усе сілы, каб абудзіць народ ад спрадвечнага сну. Сваё незазавальненне аўтар перадаў і герою апавядання Юру, які і сам злаваў з-за таго, што адбывалася: “Ну й ламіна ж я”, - стыдзіў сам сябе і чуў, як пабегла кроў у галаву; зачырванеўся, і добра, што хоць ноч, дык не відаць”.

Аднак наколькі розныя ні былі б адносіны закаханых, гісторыі заканчваюцца прыблізна паводле аднаго сцэнарыя. Маладыя людзі развітваюцца да наступнай сустрэчы, ніяк не падазраючы, што больш ніколі не ўбачацца.

Так, чэхаўская Місюсь вымушана была пакінуць каханага на патрабаванне сястры, бо не жадала пакрыўдзіць яе сваёй непакорлівасцю, Муся ж Гарэцкага нечакана едзе да сваякоў у Вільню і там раптоўна памірае. У канцы твораў мы пераносімся ва ўнутраны свет эмоцый маладых людзей, якія нават праз пэўны адрэзак часу не пакідаюць у думках сваіх каханых. “Я уже начинаю забывать про дом с мезонином, - апавядае герой А. Чэхава, - и лишь изредка, когда пишу или читаю, вдруг ни с того ни с сего припомнится мне то зелёный огонь в окне, то звук моих шагов, раздававшихся в поле ночью, когда я, влюблённый, возвращался домой и потирал руки от холода. А ещё реже, в минуты, когда меня томит одиночество и мне грустно, я вспоминаю смутно, и мало-помалу мне почему-то начинает казаться, что обо мне тоже вспоминают, что меня ждут и что мы встретимся...

Мисюсь, где ты?”.
Ва унісон з рускім пісьменнікам заканчвае твор і наш празаік: “Прайшло нямала часу, на іншым жыццёвым шляху апынуўся я, многа розных іншых людзей спаткаў, а і дагэтуль ад пары да пары з ’яўляецца прада мною квола-даражэнькі абраз невялічкай, чарнявай яўрэечкіз сумным паглядам у чорных глыбокіх вочках.

Такія аднолькавыя настрой, тонкая ніць эмоцый, што нагадваюць аддалены звон струны, які баішся перарваць, гавораць: М. Гарэцкі не толькі здолеў вытрымаць фонавую афарбоўку твора, але і, дакладна разумеючы асаблівасці чэхаўскага рэалізму, авалодаў нябачнай сілай ідэйнага прыцягнення. Нябачнай менавіта таму, што сіла ўздзеяння раптам рэзка ўзрастае за кошт аб’ектыўнасці аўтарскага апавядання, і гэтую знешнюю “безыдэйнасць” сам чытач нечакана напаўняе зместам. Зместам, удалае тлумачэнне якому даў Алесь Адамовіч: «А жыццё ж адно, не перапішаш яго нанова, жыццё заўсёды - “чарнавік”, і жыць людзям заўсёды па чарнавіку, і трэба таму быць больш патрабавальным да сябе, сваіх думак, спраў, пачуццяў у кожны момант, сёння, не спадзеючыся, што “светлае заўтра” іх падчысціць, падбеліць - трэба адразу жыць намнога чысцей. Калі чалавек хоча, каб тое “заўтра” было святлепшым». Але ж “заўтра” можа і не быць, таму трэба жыць кожны дзень максімальна напогнена і змястоўна, як рабіў сам Максім Гарэцкі, як жадаў ён, каб рабілі іншыя.

Апавяданне “Красаваў язмін” толькі з першага погляду - прыклад інтымнай прозы. Антон Адамовіч аддаваў яму асобнае месца ў зборніку, бо, нягледзячы на вышэй названую характарыстыку, у ім не толькі ёсць пытанні кшталту “што яно?” - прыкметы касмаганічна-гнасіялагічнай праблемы, але і закранаюцца пытанні нацыянальна-беларускія, без якіх, дарэчы, М. Гарэцкі не ўяўляў ніводнага твора, тым больш на раннім этапе творчасці.

Менавіта таму гэтае апавяданне і ўвайшло ў зборнік “Рунь”, зборнік поліфанічны, у якім пераплецены рысы і рэалізму, і рамантызму, зборнік, напоўнены элементамі псіхалагізму, што дыктуе своеасаблівую манеру апавядання, дзе кожны герой мае права на самааналіз.

Рунь - алегарычны вобраз маладых людзей, той сілы, якая, разбуджаная часам, пойдзе на вызваленне роднага краю, на барацьбу за права “людзьмі звацца”. Адным з найлепшых прадстаўнікоў такога пакалення і быў Максім Гарэцкі - пісьменнік, які працаваў, выконваючы запавет, дадзены разам з братам: “...не шкадуючы сіл, рабіць усё магчымае і нават немагчымае ў высакароднай справе адраджэння нацыянальнай культуры, у распаўсюджванні ведаў пра беларускі край, пра яго выдатных сыноў, што прысвяцілі сваё жыццё слугаванню Бацькаўшчыне. Рабіць шчыра, сумленна, з поўнай душэўнай аддачай, не наракаючы на цяжкасці і не чакаючы ўзнагарод”.

Мінуў час, змяніліся пакаленні, шмат чаго адбылося, а погляды Максіма Гарэцкага не страцілі актуальнасці. Ён здолеў прайсці праз стагоддзе, паклаўшы на алтар служэння Бацькаўшчыне сваё жыццё. Змяніўся бляск яго вачэй, і толькі нязменным святлом былі напоўнены ідэі, якія перадаліся праз пакаленні да нашых дзён.