Вольга Губская

Асэнсаванне творчай спадчыны Максіма Гарэцкага ў навуковай дзейнасці Міхася Мушынскага

Імя Міхася Іосіфавіча Мушынскага (нар. 24 студзеня 1931 г.), літаратуразнаўцы, тэкстолага, крытыка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, шырока вядома ў Беларусі. За 60-гадовую навуковую дзейнасць ён не толькі заслужыў павагу калег, але і стаў бясспрэчным аўтарытэтам сярод новага пакалення навукоўцаў. Як трапна заўважыў В. Рагойша, «Мушынскаму- даследчыку ўласціва імкненне заўсёды ісці сваім шляхам, непратаптанымі сцежкамі, “араць цаліну” - шукаць новыя падыходы да вывучэння такой складанай матэрыі, якой з’яўляецца мастацкая літаратура, форма вобразнага спасціжэння навакольнай рэчаіснасці і ўнутранага свету чалавека».

Наватарствам для 1960-х гг. лічылася выкарыстанне паняцця “творчая гісторыя мастацкага шэдэўра” ў кантэксце даследавання літаратурнай спадчыны пісьменнікаў. I ўжо ў 1963 г. М. Мушынскі абараніў дысертацыю «Творчая гісторыя паэм Якуба Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка”». У 1970-я ён актыўна папулярызаваў такі дакументальна-літаратурны жанр, як “летапіс жыцця і творчасці пісьменніка”. А таксама ішоў насустрач магчымым праблемам, звяртаючыся да імёнаў, выкрасленых з літаратурнай спадчыны нашай краіны, абвешчаных забароненымі, на шчасце - часова.

У шэрагу такіх - імя Максіма Гарэцкага. Паводле афіцыйных папер, расстралянага за тое, што нібыта “будучи врагом советской власти в течении ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические и контрреволюционные намерения, работая учителем школы обрабатывал учеников в контрреволюционном духе”. Толькі ў 1957 г. дзякуючы шматлікім намаганням родных - брата Гаўрылы Гарэцкага, дачкі Галіны Гарэцкай і пляменніка Радзіма Гарэцкага - слаўнае імя пісьменніка М. Гарэцкага вярнулася ў літаратурную прастору краіны. З вялікай асцярожнасцю ставіліся да яго спадчыны чыноўнікі і людзі, настроеныя на стары лад. Першы збор твораў “Выбранае”, што выйшаў у 1960 г., суправаджаўся прадмовай А. Семяновіча, даследчык сцвярджаў: «Літаратурная спадчына Максіма Гарэцкага невялікая. Яна складаецца з якіх двух дзясяткаў апавяданняў, некалькіх аповесцей, запісак і шэрагу невялікіх сцэнічных твораў. Яго пяру належыць таксама літаратурная праца “Гісторыя беларускае літаратуры” .. Шмат якія творы да нашага часу гучаць ужо архаічна, яны не могуць задаволіць сучаснага чытача ні сваім зместам, ні эстэтычнымі якасцямі». У прадмове істотна заніжаны вартасці твораў М. Гарэцкага; не згадваюцца раманы “Віленскія камунары “Камароўская хроніка”, драматызаваная аповесць “Антон”, публіцыстычныя творы, перакладчыцкая і педагагічная дзейнасць. Аповесць “Дзве душы” атрымала цалкам негатыўную ацэнку. Такім чынам, творчасць М. Гарэцкага не была прынята афіцыйнай крытыкай з захапленнем і жаданнем разгадаць таямніцы прозы. Аднак гэта не спыніла маладых і амбіцыйных літаратуразнаўцаў. Разумеючы сапраўдную каштоўнасць творчасці М. Гарэцкага, яны працягвалі працу па вяртанні спадчыны пісьменніка чытачу.

У 1963 г. у часопісе “Полымя” (№ 2) родны брат пісьменніка Г. Гарэцкі размясціў “Успаміны пра брата”. А ў двух наступных нумарах друкаваўся раман-хроніка “Віленскія камунары” з прадмовай М. Лужаніна: «Мы, у першую чаргу літаратары, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, як след яшчэ не прачыталі Гарэцкага. А пара... каб гэты мастак буйнога, сапраўды-такі “самароднага”, не падобнага на нічый іншы, таленту стаў на сваё заслужанае, але так і не здабытае пры жыцці месца».

Актыўнасць навукоўцаў мела плён: высокая ацэнка твораў М. Гарэцкага нарэшце прагучала на вечары ў Саюзе пісьменнікаў БССР 28 лютага 1968 г., прысвечаным 75-й гадавіне з дня нараджэння празаіка. Было прынята рашэнне стварыць Камісію па літаратурнай спадчыне М. Гарэцкага. У гэтым жа годзе выйшла першая манаграфія “Максім Гарэцкі” (1968) аўтарства Дзмітрыя Бугаёва.

Міхась Мушынскі актыўна далучыўся да працы па вяртанні спадчыны класіка беларускай літаратуры і ў 1969 г. пры складанні “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры” цэлы раздзел прысвяціў дарэвалюцыйнай творчасці М. Гарэцкага.

У 1971 г., працуючы над раздзелам у калектыўнай манаграфіі “Беларуская савецкая проза: раман і аповесць”, у дачыненні да творчасці М. Гарэцкага пісаў: «У першай палове 30-х гг. выяўляюцца адчувальныя сімптомы ўтварэння яшчэ адной жанравай формы, іншай тыпалагічнай разнавіднасці, шмат у чым адрознай, непадобнай на дынамічны, вострасюжэтны раман. Мы маем на ўвазе творы, у якіх назіраецца ўзмацненне эпічных тэндэнцый, адбываецца эпізацыя жанру рамана. Гэты працэс можна прасачыць на прыкладзе раманаў “Праз гады’’ П. Галавача, “Бацькаўшчына” К. Чорнага, “Віленскія камунары” і “Камароўская хроніка” М. Гарэцкага».

Важным этапам для гарэцказнаўства стала знаёмства М. Мушынскага з Радзімам Гарэцкім, пляменнікам пісьменніка. З узнікненнем творчага тандэма гарэцказнаўства выйшла на новы этап развіцця. У кнізе “Жыццёвы меланж” Р. Гарэцкі з нагоды 80-годдзя М. Мушынскага з цеплынёй адзначае: “Для мяне Міхась Восіпавіч... вельмі блізкі і дарагі як адзін з заснавальнікаў гарэцказнаўства - так ён сам называе вывучэнне жыцця і творчасці братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, - для чаго, не шкадуючы сіл і энергіі, зрабіў вельмі многа... Асабліва цеснае супрацоўніцтва і сяброўства ў нас завязалася пасля святкавання 100-годдзя Максіма Гарэцкага ў 1993 г. З таго часу рэгулярна пачалі праводзіцца Гарэцкія чытанні, галоўным маторам якіх стаў Міхась Восіпавіч”.

Слова “матор” падабрана даволі трапна, бо менавіта М. Мушынскі дзякуючы прафесійным здольнасцям аналітыка і інтуіцыі навукоўца знаходзіць белыя плямы ў даследаванні твораў М. Гарэцкага і стымулюе да дзеяння маладых літаратуразнаўцаў. З першых пасяджэнняў Гарэцкіх чытанняў ён стаў акрэсліваць шэраг праблем, важных для развіцця гарэцказнаўства, ставіць перад калегамі перспектыўныя задачы і, безумоўна, сам актыўна працаваў на ніве сістэматызацыі ўжо даследаванага матэрыялу.

Так, для выступлення на першых Гарэцкіх чытаннях (1994) ён узяў за галоўны аб’ект аналізу маладаследаваны на той час раман “Камароўская хроніка”, а на другіх выступіў з разглядам твора “Віленскія камунары”, які яшчэ доўга будзе выклікаць “розначытанні” і супярэчлівыя трактоўкі ў навукоўцаў.

Паказальнае выступленне М. Мушынскага і на першых міжнародных Гарэцкіх чытаннях (1996), дзе літаратуразнаўца прапанаваў даклад “Перыядызацыя творчасці Максіма Гарэцкага як прадмет літаратуразнаўчага даследавання”. Як добры знаўца гісторыі развіцця літаратуразнаўства М. Мушынскі адзначыў, што праблема выклікана непрыманнем ранейшай заідэалагізаванасці літаратурнай навукі і адсюль спрошчанасцю трактоўкі: “Так, напрыклад, суаднесенасць светапогляду і творчага метаду разумелася дагматычна, у вульгарна-сацыялагічным духу: ад творцаў мастацкіх каштоўнасцей патрабавалася, каб усе яны мелі адзіны светапогляд - марксісцка-ленінскі, а даследчыкі закліканы былі спрыяць паспяховаму засваенню перадавога вучэння шляхам падтрымкі ідэйна сталых твораў і крытыкай твораў ідэйна нявытрыманых і, паводле афіцыйных установак, ідэалагічна заганных”. На думку даследчыка, літаратуразнаўцы аддавалі перавагу пытанням жанру, стылю, сюжэта, кампазіцыі, канфлікту, а праблема перыядызацыі мастацкага развіцця пісьменніка так і заставалася некранутай. М. Мушынскі рэкамендаваў рабіць акцэнт не толькі на біяграфіі пісьменніка, а на сукупнасці грамадска-палітычных, сацыяльных, побытавых, маральна-псіхалагічных фактараў, якія ўплывалі на творчую дзейнасць пісьменніка, і асабліва - на яго эстэтычную эвалюцыю. Ён адзначыў: “...час знаходжання М. Гарэцкага ў Вятцы (1931 - 1935) можна было разглядаць як самастойны перыяд творчасці (“вяцкі перыяд”). А між тым высылка як трагічная перамена ў жыццёвым лёсе... істотна не паўплывала на творча-эстэтычную арыентацыю пісьменніка...”.

Публіцыстыка М. Гарэцкага - яшчэ адзін аспект, на які звярнуў увагу М. Мушынскі. Для аналізу матэрыялу патрэбна была смеласць, уменне і здольнасць прызнаць, што нават самыя таленавітыя людзі схільныя да памылак ва ўспрыманні рэчаіснасці. Тут маецца на ўвазе канстатацыя таго факта, што публіцыстыка 1919 - восені 1923 гг. гучыць апазіцыйна ў дачыненні да артыкулаў 1917 - пачатку 1919 гг. Як так сталася? М. Мушынскі адказвае ў зборніку восьмых Гарэцкіх чытанняў (1999): “Моманты творча-светапогляднай эвалюцыі мастака, унутраная логіка ягонага пераходу на іншую пазіцыю, на жаль, застаюцца па-за ўвагай літаратуразнаўцаў. ...каб паспяхова вырашыць дадзеную праблему, патрэбны калектыўныя намаганні прадстаўнікоў розных навук - гісторыкаў, філосафаў, даследчыкаў грамадскай думкі, псіхолагаў, бо беларускія літаратуразнаўцы яшчэ не выпрацавалі належных навыкаў вывучэння прыгожага пісьменства ў арганічным адзінстве з разглядам грамадзянскай гісторыі, палітычнымі рухамі, рэлігійнымі плынямі, канфесійнымі ўзаемаадносінамі”. Аднак даследчык не толькі называе праблему, але і прапануе сваё бачанне: “Не выключана магчымасць, што ў М. Гарэцкага якасны зрух, карэн ны пералом у поглядах адбыўся вельмі хутка, паколькі працэс успрымання ўбачанага, у тым ліку і жахлівых з’яў, якімі суправаджалася рэвалюцыя, ішоў на падсвядомым узроўні. Але дастаткова было моцнага штуршка, нейкага выпадку, каб назапашанае імгненна вылілася... уразуменне глыбокай памылковасці шляху, якім ён дагэтуль ішоў, у непрыманне сродкаў і метадаў, з дапамогаю якіх камуністы збіраліся ажыццяўляць сусветную рэвалюцыю і будаваць сацыялістычнае грамадства. Непрыманне было ў тым, што прымус, масавы тэрор вялі да незлічоных ахвяраў і страты агульначалавечых каштоўнасцяў, да размывання крытэрыяў маральнай ацэнкі дабра і зла”. Пры гэтым М. Мушынскі не спыніўся ў развагах і думках на пляцоўцы Гарэцкіх чытанняў - у 2000 г. пад яго навуковым рэдактарствам выйшла кніга “Максім Гарэцкі. Публіцыстыка. 1918 - 1919 гг.” (уклад. В. Селяменеў і В. Скалабан).

Становіцца відавочным, што М. Мушынскі зацікаўлены ў тым, каб пазбавіцца белых плямаў у гісторыі літаратуры і таму пільна сочыць за дасягненнямі і адкрыта ўказвае на недахопы. Так, праз 20 гадоў ад пачатку Гарэцкіх чытанняў, адзначаючы сур’ёзныя дасягненні ў вывучэнні творчасці М. Гарэцкага, прафесар М. Мушынскі знаходзіць і недагляды, і перспектыўныя кірункі для працы маладым навукоўцам: «...нам не ўдалося зраўняцца з даследчыкамі творчасці тых пісьменнікаў, у каго не было вымушанага перапынку ў 30 гадоў, як у Максіма Гарэцкага... Можа, варта час ад часу праводзіць чытанні на адну, але больш маштабную тэму. Не толькі традыцыйную, накшталт “Жыццё і творчасць”, а тэарэтыка-метадалагічнага характару?.. Патрэбна будзе і такая кніга, як “Гарэцкі ў літаратурнай крытыцы”... Калі пачынаць гаворку на тэму “Гарэцкі і тэатр”, то нельга не выказаць здзіўлення тым, што сёння творы пісьменніка на беларускай сцэне фактычна адсутнічаюць... Праца Гарэцкага як журналіста, выдаўца або рэдактара шэрагу перыядычных выданняў таксама патрабуе больш поўнага і грунтоўнага вывучэння...».

Прыходзяць на памяць заклікі самога М. Гарэцкага, зробленыя ў 1914 г., за 100 гадоў ад згаданых: «Смялей і выразней кажыце новую дарогу. Смялей і выразней цвярдзіце і гаварыце, да чаго вы кіруецеся і куды ведзяце народ. I да паэтаў сваіх звярнуся: і ты, дзядзька Янка, і ты, дзядзька Якуб, і вы, усе дарагія “парнаснікі” нашы, калі вы хочаце папраўдзе быць прарокамі народа нашага... смялей і выразней гаварыце сваё новае слова і дбайце аб тым, каб у вас слова і дзела было нешта адно, каб у вас слова радзіла дзела, а дзела паддавала духу слову...».

Можна з абсалютнай упэўненасцю сказаць, што Міхась Мушынскі выступае бясспрэчным паслядоўнікам запавету Максіма Гарэцкага. Кожнае яго “слова” пацвярджаецца “дзелам”. Не ведаў Максім Гарэцкі, што ў 2008 г., праз 70 гадоў пасля яго смерці, убачыць свет манаграфія “Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі”, не ведаў, што рэжысёр Мікалай Пінігін, пачуўшы словы Міхася Мушынскага, задумае паставіць спектакль “Дзве душы” на сцэне Купалаўскага тэатра.