Святлана Мачульская

“Роднае карэнне наша...”

Творчыя здабышкі маладых беларускіх празаікаў і традыцыі ранняй прозы Максіма Гарэцкага

Максім Гарэцкі — адзін з заснавальнікаў беларускай аналітычнай прозы, прадметам творчага вывучэння якога стаў чалавечы дух. Ужо ў ранніх апавяданнях пісьменнік выяўляе як майстэрства псіхалагічнага аналізу, так і глыбокую філасафічнасць думкі. Ідэя «роднага карэння» як першаасновы маральнай жыццястойкасці асобы з’яўляецца прыярытэтнай у ранняй творчасці Гарэцкага.

Углядаючыся ў творчасць сённяшніх, сучасных аўтараў-празаікаў, бачым, што творчы запавет класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, звернуты да маладых пісьменнікаў і скіраваны на ўсталяванне трывалых ідэйна-эстэтычных традыцый у літаратуры: «...гадуйцеся на чытанні класікаў і ўдыхайце свежае паветра народнай паэзіі, а маючы ў сабе карані гэтай паэзіі, тчыце праўдзіва-мастацкія ўзоры беларускага жыцця», — многімі ўспрыняты, засвоены і спраўджаны. Аднак багата твораў і такога кшталту, на якія М. Гарэцкі рэагаваў пытаннем: «Але на што мазгі круціць і сабе, і добрым людзям, выціскаючы з сябе гэты самы незвычайны вобраз?» I клапаціўся ён найперш пра адрасатаў гэтай так званай «творчасці» — чытачоў, бо, кажучы словамі пісьменніка, «... ці ёсць у іх час і ці агілоціцца ім гэты час мастацкаю насалодаю, пашырэннем светагляду і г.д.». Гэтая думка М. Гарэцкага датычыцца культуры творчасці, своеасаблівай, кажучы сён- няшняй мовай, экалогіі творчасці.

Зыходзячы з гэтых пазіцый, звернемся да параўнання творчай спадчыны М. Гарэцкага з творамі сучаснікаў, сярод якіх нас цікавяць творы кароткага жанру (апавяданні, навелы, абразкі). Беларускімі гарэцказнаўцамі неаднаразова адзначаўся ўплыў нашага класіка як на прозу пачатку XX стагоддзя, так і на беларускую літаратуру ў цэлым. Даследчыца I. Багдановіч у артыкуле «Містычнае ў ранняй прозе М. Гарэцкага і В. Ластоўскага» адзначае: «Паэтыка ранніх апавяданняў М. Гарэцкага ... вылучалася сваёй жанрава-стылёвай адметнасцю і аказала значны ўплыў на станаўленне беларускай. нацыянальнай прозы пачатку XX стагоддзя». Шырока вядомае і выказванне А. Адамовіча: «Творчасць М. Гарэцкага, прысутнасць яе «гравітацыйна» ўплывае на ўсю глыбіню беларускай літаратуры XX стагоддзя». I. Гоўзіч, параўноўваючы творчыя набыткі М. Гарэцкага і Я. Сіпакова, сцвярджае, што «... «малая проза» Максіма Гарэцкага з’явілася тым падмуркам, на якім пазней «вырасла» і сфарміравалася «малая проза» пазнейшага пакалення, яна скандэнсавала ў сабе ўсе агульнаеўрапейскія набыткі: асацыятыўнасць, медытатыўнасць, алегарычнасць, прытчападобнасць, дыдактызм».

Сапраўды М. Гарэцкім створаны пазачасовыя вобразы, і таму не выклікае сумненняў, што спадчына яго генетычна ўплывала і працягвае ўплываць на літаратурны працэс у Беларусі. Прынамсі. хвалюючыя маладога студэнта-каморніка пытанні «Адкуль усё і што яно?» праецыруюцца і на творчасць сучасных аўтараў-апавядальнікаў. і побач з пошукамі новых магчымасцей сучаснай прозы адбываецца перастварэнне. адаптаванне да сучасных умоў класічнай спадчыны.

Кажучы пра пераемнасць традыцый у сучаснай літаратуры, спашлёмся і на артыкул У. Конана «У пошуках страчанага раю. Міфалагічныя і біблейскія матывы ў літаратуры XX стагоддзя». дзе аўтар адзначае, што «Мастацкая культура канца XX стагоддзя пераклікаецца з пачаткам, станаўлен- нем — нашаніўскім нацыянальным адраджэннем». Гэты «пераклік» праяўляецца на аснове глыбокага ўнутранага падабенства творчага мыслення пісьменнікаў, іх ментдльнасці і не кранае тым часам творчай індывідуальнасці кожнага з іх.

Якія ж традыцыі дамінуюць у сучаснай прозе малога жанру? Шэраг апавяданняў, якія апублікаваны за апошнія гады ў часопісах «Полымя» і «Маладосць», увасабляюць міфалагічнае светаўспрыманне. Такая сістэма поглядаў, характэрная для сучаснай літаратуры, трансфармуецца ў творах маладых беларускіх празаікаў у шматлікія філасофскія абагульненні і сімвалы. Па-ранейшаму трывалымі застаюцца матывы патрьтятызму, родавага прыцягнення да сваёй «малой радзімы». Зазначым, што найбольш адухоўленай, энергетычна напоўненай і важкай застаецца так званая «вясковая» проза, што і з'яўляецца працягам тых традыцый, якія мы даследуем. Вартасці такой прозы, пазбаўленай ад пастаральнасці і ідылічнасці, у аснове якой закладзена цікавасць да ўнутранага свету простага на першы погляд чалавека, ні ў якім разе не могуць з-за гэтага зніжацца. Наадварот, гэта сведчыць пра тое, што найбольш таленавітыя сучасныя аўтары па-ранейшаму даследуюць духоўную працу вяскоўца, які, па словах М. Гарэцкага, «заўсёды больш схіляўся к патрэбам душы, чымся к патрэбам цела...»

Беларус ужо ад нараджэння распачынае напружаную духоўную працу, у працэсе якой праз пакуты ён творча ўзбагачае свой унутраны свет: «Я з’явіўся на свет з расплюшчанымі вачыма. Так ужо цікавіў ён мяне з самага пачатку! З вышыні перажытага жыццё ўжо не здаецца такім цікавым, але тады...» — гэта словы У. Мароза з яго дзённікавых аповедаў «Тры сшыткі». Лагічны працяг гэтай думкі дае літаратуразнавец М. Тычына: «Уласцівае беларускаму менталітэту паэтычнае ўспрыманне свету з часам выявілася ў павышанай цікавасці да духоўнага жыцця чалавека. да яго пачуццяў, ідэй, мараў і мэтаў». Характэрнае бачанне свету вачыма захопленага дзіцяці перарастае ў юначьг рамантызм, які нараджаецца ад усведамлення асобаю сваёй нацыянальнай і этнічнай прыналежнасці. «Дух вяскоўца» жыве ў творах многіх сучасных празаікаў. Іх героі па-ранейшаму застаюцца гарадскімі толькі фармальна, нават калі з’яўляюцца гараджанамі ўжо не ў першым пакаленні: «Ва ўмовах гарадскога побыту. дзе стандартызацыя вытручвае рэшткі нацыянальнай бытавой культуры і мовы. замяняючы іх культурай масавай і канцылярска-бульварным жаргонам, мігранты адчуваюць сябе няўтульна», — піша А. Рагуля, даследуючы сучасную прозу, і дадае, што «праблема пераемнасці маральных каштоўнасцей стала адметнай рысай сучаснай літаратуры».

Як жа вырашаюць гэтую праблему сучасныя аўтары? Як супрацьстаяць яны пагрозе духоўнага абясцэньвання?

А. Глобус у аўтабіяграфічных абразках «Дзед» дэманструе, што карані, якімі жывіцца гарадскі жыхар, па-ранейшаму цягнуць яго на вёску: «Заўсёды, калі жыццё пераломлівала, страчвала каштоўнасць. а жах і няпэўнасць авалодвалі маёй душой. згадваўся дзед, ягонае, простае сялянскае жыццё. Я казаў сабе, калі твае творчыя і палітычныя ілюзіі рассыплюцца, калі грошы скончацца, калі сябры знікнуць, ты вернешся ў вёску Варакомшчына і будзеш пасвіць каровы, і ў полі пад вялікім небам пісацьмеш вершы. Менавіта вобраз дзеда Валодзі доўгі час даваў мне кропку апірышча. Зямля. поле, дарога, хата, каровы, калодзеж, рэчка, лес. Усё гэта — аснова, усё непарыўна было звязана з дзедам».

Усведамленне вялікай страты агульналюдскіх каштоўнасцей, носьбітамі якіх з’яўляліся продкі, патрэба ў захаванні «асновы» — агульны клопат як сучасных беларускіх літаратараў, так і іх папярэднікаў. Адчуваем перагук з апавяданнем М. Гарэцкага «Роднае карэнне», дзе стары «сват, сівы дзед Яхім» таксама заўважае: «Дык вось, Архіп, любы ты мой! Бачу я, крэпка ў табе роднае карэнне наша», да слоў якога Архіп, у сваю чаргу, ставіцца з вялікай павагай, думаючы пра дзеда: «...чаго ён не раскажа, не нагаворыць, і ўсё разумна, к толку, лішняга не пачуеш ад старога».

Здрада ж «роднаму карэнню» вядзе да спустошанасці, непрытульнага і бессэнсоўнага бадзяння па свеце. Да такой высновы прыходзіць маладая аўтарка абразка «Яблыкі» Алена Рулевіч, якая апісвае вобраз чалавека, што паспрабаваў парваць родавыя сувязі і са словамі: «Не жадаю ўсё жыццё слухаць каровінае мыканне!» — пайшоў у свет. У апавяданні гучаць матывы абвінавачвання і расплаты: «Усё было б добра, калі б не маленькая недарэчнасць: недзе ў табе, там, унутры, зноў і зноў нараджаецца слабы, але такі знаёмы, родны пах яблыкаў. Ён кліча цябе да бацькоўскай хаты».

Магутная рэч — покліч сэрца да зямлі продкаў — знаходзіць увасабленне і ў творах іншых сучасных аўтараў. «Роднае карэнне» прыцягвае наваг тады, калі роднай мясцінаю з’яўляецца «...заспаны, зачуханы, закінуты і Богам забыты гарадскі пасёлак. Са смярдзючымі дымнымі заводскімі комінамі, карацей, дно — горш не бывае ... самае любае і дарагое месца на белым свеце. Самае-самае...» Гэта цытата з навелы У. Сцяпана «Кіно», у якой балюча паўстае вобраз «бязбацькавіча» — сіраты пры жывых бацьках, які паралельны вобразу дарослага чалавека, вытокі духоўнай непрытульнасці якога знаходзяцца ў яго дзяцінстве, але там жа і яго гіаратунак. Гэта расчараваны чалавек, што адчувае сябе «прымаком» у горадзе: «Пакуль яшчэ можна трываць... Пакуль яшчэ трываю. Горад падаецца чужым. Святочныя агеньчыкі, елкі, гірлянды рознакаляровыя і перадсвяточная мітусня - раздражняюць неміласэрна. Заснуць не магу. Бяссонніца выпальвае думкі, руйнуе логіку. Пакінутасць. Спустошанасць і злосць... Але яшчэ можна трываць... Пытанні і размовы не трываю. Баюся ўласнай істэрыкі, баюся зляцець з «катушак» і нарабіць непапраўнага». Гэты чалавек «Ікс», які не мае ўласнага імя, успамінае, як шасцігадовым хлапчуком яго вёз на санках п’яны бацька і згубіў у сумёце. Дзіця пачало замярзаць, і яму прымроіліся залатыя сланы, якія ішлі праз яго пасёлак. Мроя гэтая стала для чалавека «Ікс», які, аднак, не замёрз у снезе, а застаўся жыць, паратункам на ўсе астатнія гады. Навела пабудаваная на прынцыпе кантрасту і выклікае шэраг асацыяцый і паралеляў.

Найперш узгадваецца калядная казка Г. X. Андэрсена «Дзяўчынка з запалкамі». Аднак дацкі казачнік дазваляе сваёй гераіні памерці, каб знайсці шчасце ў па-за зямным існаванні, пазбавіцца ад зямных пакут. Па-іншаму вырашае лёс свайго героя У. Сцяпан, а перад ім М. Гарэцкі.

Герой апавядання М. Гарэцкага «Рунь» Уладзімер З. таксама сірата, які вырастае ў рэфлексуючага, захопленага «беларускай справаіі» юнака. Радкі з яго дзённіка вельмі адпавядаюць словам папярэдне ўзгаданага героя «Ікс»: «Як цяжка пачынаецца мой гэты новы год. Людзі ходзяць, гуляюць, весяляцца, а мне так сумна, так сумна, што хоць ты на свет не глядзі». — I далей. — «Як брыдка ўсё ж бывае часам жыць на свеце». Герой М. Гарэцкага таксама пачынае думаць «пра непапраўнае»: «Не варта жыць, бо няма нічога на свеце, што дзяржала б цябе ў жыцці, што гукала б цябе да жыцця...»

Героя У. Сцяпана ратуе экспрэсіўны, сімвалічна-загадкавы вобраз залатых сланоў, як прамень нейкай нянаскай, усходняй мудрасці — залатыя сланы, якія заўсёды ў руху, — універсальны сімвал таго, што «ўсё мінаецца і ўсё ёсць вечнае», — як прамовіў услед за царом Саламонам М. Гарэцкі. У. Сцяпан заканчвае сваё апавяданне словамі: «Пакуль яшчэ можна трываць...» З гэтым сімвалічным беларускім «доўгацярпеннем» не згаджаўся лірычны герой абразка М. Гарэцкага «Стогны душы»: «Я не хачу трываць! I не вытрываю, бо нельга вытрываць. Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае. Зраблю!» Цяперашнім маладым аўтарам, якія пастаўлены ў наўрад ці горшыя ўмовы, часам не хапае таго самага сацыяльнага аптымізму, якім валодаў М. Гарэцкі і пра які пісалі Д. Бугаёў і Г. Гарэцкі. «Пры ўсёй глыбіні сваіх часовых расчараванняў і сумненняў, якія, здаралася, мелі адносіны і да вельмі важных праблем, пісьменнік наўрад ці страчваў калі канчаткова, прынамсі, надоўга, веру ў стваральныя сілы свайго народа, у яго здольнасць да грамадскага прагрэсу, да гістарычнай творчасці, да абнаўлення жыцця». Гэта словы Д. Бугаёва. Гаўрыла Гарэцкі лічыў сацыяльны аптымізм «самай істотнай асаблівасцю жыцця і творчасці» свайго брата. Прычыны гэтага аптымізму ён бачыць у тых жа «родных карэннях», праз якія жывілася гэтая творчасць, у беларускім фальклоры, у якім «змяшчалася ўся беларуская гісторыя і культура, доказы неўміручасці беларускай нацыі, крыніца маладой беларускай культуры».

У. Конан сцвярджае што: «...палярныя міфалагемы Раю і Пекла з улікам разнастайнасці іх вар’іравання былі і застаюцца фундаментальнымі архетыпамі нацыянальна-беларускай і, як можна меркаваць, універсальнай мастацкай культуры. Усе іншыя архетыпы непасрэдна або ўскосна вынікаюць з гэтых зыходных і завяршальных сюжэтаў Бібліі і міфапаэтычнай традыцыі, шматгранна выяўленай у беларускай міфалогіі славяна-балцкага паходжання». Аўтар заўважае, што М. Гарэцкі самабытна выявіў гэтыя архетыпы. I сапраўды, у кожным з апавяданняў М. Гарэцкага мы сустракаемся з настойлівым імкненнем зазірнуць па той бок «патаемнага», знайсці сэнс чалавечага існавання, зразумець прыроду рэфлексіі: «Забабоны мае! Адкуль вы? Я ж ведаю, што нічога таго няма... чаго ... А ці ж ведаю? Не!» Аднак сустракаем і мудрую перасцярогу: «... колькі трэба, ведай, а ў вялікае не залазь, а то каб шыю. бывае, не скруціць. I не думай, што яно такое простае... Што няма нічога...»

У адрозненне ад М. Гарэцкага, які да асэнсавання «страшных» пытанняў падыходзіў канструктыўна, ашчаджаючы кволую псіхіку новаспечанага інтэлігента, падаючы яму надзею на тое, што здаровы сэнс заўсёды пераможа і што «ўнукі нашы больш за нас ведаць будуць». сучасныя аўтары-апавядальнікі часта не могуць падараваць сваім героям раскошу спадзявацца на лепшае, і іх творы такім чынам кантрастуюць з творамі М. Гарэцкага.

У апавяданні «Закуцце» Ю. Нератка гучыць матыў малавернасці, бяспамяцтва, дакранання да нечага таемна-вялікага, важнага, што ўжо цяперашняму пакаленню. свядомасць якога муціравала пад уздзеяннем многіх сучасных акалічнасцей. не спасцігнуць і не разгадаць ніколі.

Апавяданне «Закуцце» перагукаецца з «Родным карэннем» М. Гарэцкага, у якім студэнт Архіп Лінкевіч, едучы дадому, мысліць: «... а цяпер жа ў нашай вёсцы — сяле Закутным — рай!» Закуцце — сапраўды мясціна, якая на фоне ўсеагульнай алкагалізацыі і інтэлектуальнай дэградацыі вёскі захавала той адгалосак даўняга раю, які чуецца яшчэ з дахрысціянства, бо ў гэтай вёсцы дажывае свой век старая знахарка, захавальніца язычніцкіх традыцый, Марфа Цімафееўна.

У адрозненне ад Архіпа, які едзе на вакацыі ў родную вёску, герой апавядання Ю. Нератка, сталічны карэспандэнт «залатое пяро» газеты «Сенсацыя і будзённасць» Кірыл Градоўскі, для якога вёска Закуцце — край свету, едзе туды па «сенсацыю», па экзатычны расповед мясцовай знахаркі, і толькі дзеля гэтага трывае бездарожжа і слухае «глыбакадумныя» інтэнцыі правадніка Мішкі: «Газет не чытаем, — з годнасцю адказаў Мішка. I паблажліва растлумачыў: — На лухту грошы марнаваць... Вы там у сябе атрымаеце па пяць вышэйшых адукацый і прыдумляеце чым заняцца і як людзям галаву тлуміць.» А пазней дадае: «Тут табе не Еўропа. Мы самі па сабе».

Гэтае апавяданне дэманструе непераможную ізаляванасць вёскі ад горада. Вёска па-ранейшаму не ўспрымае паняцце «інтэлігентнасць» як норму, нацыянальную рысу, і гэтак жа неадэкватна рэагуюць аднавяскоўцы на Кліма Шамоўскага з апавядання «У лазні», які «запанеў», на Архіпа Лінкевіча з апавядання «Роднае карэнне», які «панам зрабіўся, па-панску жыць захацеў», так і да сталічнага карэспандэнта з апавядання Ю. Нератка вяскоўцы ставяцца з недаверам. I калі героі М. Гарэцкага яшчэ спрабавалі неяк апраўдацца перад вёскай, наладзіць з ёй узаемаадносіны, то Кірыл Градоўскі, пра карані і паходжанне якога аўтар нічога не паведамляе, увасабляе сабою новы тып чалавека — псеўдаінтэлігента, які духоўныя каштоўнасці ўспрымае толькі намінальна і па-сучаснаму цынічна дбае найперш пра ўласную карысць. Напрыклад, калі Кірылу не вельмі задавальняе занадта быта- вы і далёкі ад запатрабаванняў «іранічнай сталіцы» расповед старой знахаркі, аўтар удакладняе: «Зрэшты, карэспадэнт Градоўскі быў здольны і не з такіх венікаў зрабіць ікебану». Павярхоўная размова са знахаркай пакідае ў яго ўражанне, што ён ужо «...адчуў атмасферу. Загаловак кшталту «Агюшняя споведзь вядзьмаркі» даваў раздольнае поле для фантазіі і дарыў надзею на вялікую колькасць чытачоў, якія на яго клюнуць». Старая знахарка мудра дакарае сталічнага журналіста: «З мітусні ўзнік, у мітусню вернешся. А са мною чалавекам пабудзь...» Ёй трэба некаму перадаць свае веды — шматвяковы вопыт, накоплены продкамі, але Кірыл — чалавек перакаціполе, які не мае сваіх каранёў — не ўмее ўзяць гэтыя веды. Таму, толькі злёгку дакрануўшыся да міфалагічнай спадчыны продкаў, ён страчвае яе беззваротна і нават не разумее кошту сваёй страты.

Не ўхваляючы празмерную перанасычанасць твора язычніцкімі персанажамі, адзначым, што, магчыма, такім чынам і ствараюцца своеасаблівы каларыт і атмасфера, якія дапамагаюць болыіі яскрава адчуць важкасць спадчыны, страчанай героем.

Апавяданне «Закуцце» Ю. Нераток заканчвае сімвалічна-трагічнымі словамі дваякага сэнсу: «А дарогі як не было, так няма», якія можна дапасаваць да слоў М. Гарэцкага з апавядання «Што яно?»: «Няма веры ні ў тое, ні ў гэта, а жудасны кірунак ёсць, ёсць ён, пракляты... Нашто мне далі яго, на- што?»

Суцяшае, аднак, тое, што «пошук дарогі» многімі аўтарамі паспяхова працягваецца. Адметным у гэтым сэнсе з’яўляецца апавяданне С. Сцяпана «Рэчка Геракліта». Гэта проза, адметная сваёй філасафічнасцю, цягай героя да самапазнання і пазнання свету. Тут мы маем сінтэз традыцый, бо па сваёй паэтычнасці і касмічнасці яна набліжаецца да лірыкі М. Багдановіча, а па інтэлектуальнай змястоўнасці яе можна параўнаць з прозай М. Гарэцкага.

У С. Сцяпана: «Над прыціхлай, заснуўшай вёскай, над магілкай, дзе пахаваныя яго бацькі, дзяды, прадзеды, над роднай зямлёй, дзе ён нарадзіўся і вырас, свяцілася тысячамі далёкіх зорак неба. I трывожылася, балела душа, і біўся, як птушка ў клетцы, слабы чалавечы розум, шукаючы разгадку і сэнс жыцця, і не знаходзіў яе...». Гэтая настраёвая плынь сугучная лірычным роздумам М.Багдановіча: «Хто мы такія ? // Толькі падарожныя, папутнікі сярод нябёс. // На што ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім да зор?», — а таксама з філасофскай плынню свядомасці Гарэцкага: «I ад усяго, навокал спячага, ад усяе таемнай незразумелай і страшнай прыроды, звычайнай, а не цямлівай, цяпер ад яе ў цямноце са ўсіх бакоў ляцела адна думка-загадка: адкуля ўсё і што яно?».

Герой апавядання С. Сцяпана Іван прыязджае ў родныя мясціны апарадкаваць магілы бацькоў, наведаць родную хату. Яго агортваюць успаміны маленства. I паступова думкі яго скіроўваюцца да разваг пра хутка- плыннасць чалавечага жыцця і немагчымасць спасцігнуць вышэйшы сэнс чалавечага існавання. Аўтар падае гэтыя разважанні пасродкам унутранага маналога: «Мне Бог даў розум... Няўжо толькі для таго, каб усвядоміць сваю бездапаможнасць перад часам? Каб разумець і ведаць, што дні мае на гэтай зямлі злічаны? Калі ж ёсць нейкая вышэйшая праўда і справядлівасць у тым, што я павінен памерці, а не просты біялагічны закон абнаўлення, то чаму ж ты, Гасподзь, не даў мне такую сілу розуму, каб я ўсвядоміў справядлівасць твайго светаўладкавання? На што ж ты змушаеш нас мучыцца і сумнявацца?..»

Адпаведнае парадаксальнае мысленне назіраецца і ў апавяданні М. Гарэцкага «Што яно?»: «Жыццё, жыццё... Як тая мара. К чаму так Бог даў, з чаго яно пайшло?»

Душэўную ўзрушанасць Івана з апавядання С. Сцяпана «Рэчка Геракліта» дапамагае разважыць малады, упэўнены ў сваёй веры, а таму і духоўна ўраўнаважаны святар, размова з якім адбылася на могілках. Такім чынам, чалавек, дакрануўшыся да ўсяго роднага, хай сабе і занядбанага, да родных магіл, атрымлівае сілы жыць далей. Тут дарэчы ўспамінаюцца словы дзеда Яхіма з апавядання «Роднае карэнне» М. Гарэцкага: «... часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным».

Своеасаблівым дапаўненнем да нашага разгляду можа быць і выснова, якую зрабіў У. Міхно ў сваёй прыпавесці «Хата», дзе слова Хата падаецца як уласнае імя, ідэнтыфікуецца з жывым, адухоўленым, мыслячым арганізмам, і такім чынам ствараецца метафарычны вобраз хаты: хата прагніўшая і ўчарнелая, але свая, заўсёды родная і аддана чакаючая свайго гаспадара, як маці, як Радзіма. Такі прыём, дарэчы, выкарыстоўвае і М. Гарэцкі ў апавяданні «Цёмны Лес». Апавяданне У. Міхно заканчваецца сімвалічным запаветам: «Каб душу не астудзіць на жыццёвых скразняках, каб мець на Зямлі апору, а на небе — блаславенне, каб не ўмерці немчуром, забыўшыся матчыну мову, пільнуйцеся сваіх хат!»

Такім чынам, агляд творчых здабыткаў сучасных беларускіх празаікаў, аўгараў малога жанру, дае падставы меркаваць, што іх творчасць традыцыйна набліжаецца да спадчыны класіка беларускай літаратуры М. Гарэцкага, свядома абапіраючыся на тую ж сістэму каштоўнасцей, і не губляе пры гэтым індывідуальнасці.