Алена Ярмоленка
Мастацкі свет ранніх апавяданняў Максіма Гарэцкага
Асаблівай засяроджанасцю на псіхалогіі чалавека вызначаецца філасофскі цыкл "Што яно?" Максіма Гарэцкага, лірычныя экспрэсіі "Патаёмнае", "Цёмны лес", "Стогны душы". Адметнасцю гэтых апавяданняў з'яўляецца завостраная ўвага да духоўнага жыцця простага беларуса, рэальны свет якога цесна звязаны з ірэальным, міфалагічным светам.
Ключавыя словы: псіхалогія, архетып, міфалогія, магія, чараўнік, маральныя каштоўнасці, нацыянальная адметнасць, адраджэнне.
Ёсць на свеце змагары і падзвіжнікі, якія ўвасабляюць усе надзеі і памкненні свайго пакалення, сведчаць пра вернасць роднай краіне, народу. Такім падзвіжнікам, якому заўсёды будуць удзячны нашчадкі, быў і Максім Гарэцкі. Пісьменнік жыў на зломе эпох, у час сутыкнення інтарэсаў вялікіх дзяржаў, што менш за ўсё клапаціліся пра захаванне этнагенетычнага адзінства беларускага народа. У цяжкі для краіны час ён знайшоў адзінае выйсце ў аднаўленні беларускай культуры, абуджэнні нацыянальнай годнасці, самасвядомасці і самапавагі.
Знакавыя падзеі эпохі адлюстраваліся ў лёсах яго аўтабіяграфічных герояў. Духоўныя перажыванні многіх з іх паказаны ў той час, калі асабістае і грамадскае жыццё імкліва змянялася, калі пераглядаліся духоўныя каштоўнасці, паскаралася змена пачуццяў, настрояў і думак. Аўтар звяртае асаблівую ўвагу на супярэчнасць, няўстойлівасць, хаатычнасць псіхалагічных працэсаў, так званую дыялектыку душы.
Філасофская засяроджанасць на псіхалогіі чалавека ўласціва ўсёй творчасці пісьменніка, але найбольшы псіхалагізм характэрны для ранніх апавяданняў М. Гарэцкага. Перш за ўсё яны расказваюць свету пра беларуса і яго асяроддзе, яго краіну. У апавяданнях гістарычная прастора і час цесна звязаны з міфалагічным хранатопам. Герой М. Гарэцкага існуе ў двух вымярэннях: рэальным і ірэальным, што не супрацьпастаўляюцца, а ўзаемазвязаны і актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Мастацкае наватарства класіка ў тым, каб паказаць духоўнае жыццё дарэвалюцыйнай вёскі (якімі думкамі жыве і чаму верыць просты беларус), каб сцвердзіць, што ў змаганні з голадам і нястачай народ не адмаўляецца ад спрадвечных маральных законаў, хрысціянскіх запаветаў, выкладзеных у Бібліі. Але шлях да самавызначэння і духоўнага адраджэння надзвычай складаны, бо хрысціянская мараль, як і ў наш час, суседнічае з язычніцкімі забабонамі, чорнай магіяй і чараўніцтвам. Пра гэта - філасофскі цыкл з гаваркой назвай “Што яно?”, а таксама лірычныя экспрэсіі “Патаёмнае”, “Цёмны лес”, “Стогны душы”.
Розныя шляхі вядуць да спазнання таямніц жыцця і смерці, сакрэтаў светабудовы, замагільнага свету. Адзін з іх паслядоўна разглядаецца ў апавяданні “Што яно?” напісаным у 1913 г. і ўпершыню надрукаваным у кнізе “Рунь”.
Захапляе і ўражвае створаная аўтарам атмасфера ночы, калі правяць баль розныя страхі і пачвары: “Месячна навокал, так месячна, і пезе нешта месячнае, тое маўкліва-незразумелае, лезеў кволую душу, зваяваную прыгоствам няцямлівасці ўсяго, што тут спала блізка, на зямлі, і што было, нявідзімае, у паветры, і што, можа, мае душу ці пачаткі яе там, далёка, на другіх планетах Усясвету...”.
Аўтар адухаўляе месяц, як і ў народных уяўленнях, асэнсоўвае яго ў негатыўным плане. Герой апавядання Янка шукае адказу на спрадвечныя пытанні, для чаго з дапамогай Чорнай кнігі выклікае нячыстую сілу: “Чорна на дварэ, анідзе святла ўжо няма, апоўначыўжо. Чорную кнігу чытае Янка, дабіваецца-шукае адгадкі на пытанні-дамаганні свае... <...> І чуецца-думаецца Янку, што не вецер бярозавым галлём аб сценку б’е, а скрабецца той страшны чараўнік, што пры жыцці ваўком бегаў і па начах кажаном лётаў ды чалавецкую кроў ссаў у сонных немаўленнікаў, што гэта ён скрабецца ў хату, бо не мае спакою на тым свеце”.
А разам з чараўніком, чуецца Янку, ляціць змей: “Ляціць... Клубок агнявы... Далёка асвяціласяўсё. Шум вялікі і сіп. Бліжэй... Гукаюць на зямлю каменні, шпякае смуродная гразь... Грошы нясе... Вочы аграмадныя вылезлі, чырвоныя, клыкікляцы даўгія, шьія тоненькая... ці то крылле, ці то ногі з капытамі ірукі кіпцятыя...”.
У спрадвечных пошуках ісціны герой апавядання Янка звяртаецца да нячыстай, антыхрыставай сілы, хоча стаць чараўніком: “Чараўнік, Вядзьмак, Чарадзей, Калдун, Кудар, Чараўніца, паводле народных уяўленняў - чалавек, надзелены звышнатуральнымі (магічнымі) здольнасцямі, дзякуючы якім можа ўплываць на прыродныя з’явы, здароўе людзей і жывёл, ураджайнасць, ператварацца і ператвараць людзей у прадстаўнікоў навакольнага свету...”. Але за веды і сілу трэба плаціць. Вось і чараўніку Янку надышла пара аддаваць даўті. Павінен ён, як і ў традыцыйных павер’ях, так і ў апавяданні перадаць сваю сілу сыну або памерці ў страшэнных пакутах.
Такім чынам, аснову апавядання “Што яно?” складае міфалагічны вобраз чараўніка, падрабязнае апісанне яго магічных дзеянняў на шляху да спасціжэння сакрэтаў светабудовы. Заганнасць такога шляху паказана ў развязцы твора: стары чараўнік памірае, праклінаючы ўвесь свой род. Але ёсць штосьці, што адрознівае апавяданне пісьменніка ад звычайнага апісання магічнага абраду: Янка прагне не багацця, а ведаў і за іх гатовы аддаць душу нячыстай сіле.
Вобраз чараўніка - надзвычай прываблівы для М. Гарэцкага міфалагічны архетып. Нездарма ён даследуе яго ў “Гісторыі беларускае літаратуры”: “Ведзьмакоў жа народ не любіў і баяўся, верыў, што па смерці яны ходзяць і робяць людзям усякае ліха, як і пры жыцці сваім. Бывалі выпадкі, што іх вьікапвалі з могілак, адціналі галаву, прабівалі асінавым калом, закідвалі іх могілкі травою багуном. Усё гэта нібы давала рады супроць ведзьмакоў-нябожчыкаў”.
Выкарыстоўвае пісьменнік гэты вобраз і ў апавяданні пад назвай “Патаёмнае”, упершыню надрукаваным пад такой назвай у часопісе “Варта” (1918, № 1). Цяжкая смерць чакае старога чараўніка, прыйшоў час плаціць за людскія крыўды: “Ляжыць стары на лаве, ад святых абразоў вернецца. Счарнеў, як смоўж. I зубамі скрыгоча ад цярпення перадсмяротнага. Людскія слёзы яму адрыгаюцца. Надойдзе часіна, і з’явяцца нячысцікі са сваімі відэльцамі па душу бязбожную”.
Вакол красуе жыццё, але штосьці смутна-тужлівае не дае радавацца маладой свашачцы, якая едзе з вяселля. Штосьці страшнае, смутнае дзеецца ў вёсцы, і ці то бачыцца, ці то мроіцца ёй, як памірае стары чараўнік. Калі звярнуць увагу на міфалагічныя архетыпы, выкарыстаныя аўтарам, то можна заўважыць апазіцыю жыццё - смерць. Вяселле сімвалізуе нараджэнне новай сям’і, новага жыцця, усяго светлага і радаснага, у той самы час смерць, асабліва смерць чараўніка, - жудасная і смяротна небяспечная падзея. Выкарыстаныя архетыпы сімвалізуюць пакутлівую смерць старога ладу і нараджэнне новага жыцця, якому пакуль перашкаджаюць прымхі і забабоны.
Новага прагне і герой лірычнай экспрэсіі “Стогны душы”, апублікаванай упершыню ў 1913 г. у “Нашай Ніве”, але ён ужо хоча змагацца з Люцыпарам, парваць ланцугі, якія скаваў той для людзей: «Я жыць хачу вольным жыццём - жыццём радасці, добрага, вясёлага смеху і ўсяго таго, што побач з другім творыць гармонію жыцця... Бо нездаволен, вельмі нездаволен... Як толькі стаў я мець сваё сумленне, маю вялікую ахвоту, думку сэрца, як бы выпаўзці самому і другіх вызваліць з гэтага жыцця. Бо ў ім навакол адны аграмадныя, гідкія камы бруду, бруду дрэннага, гнойнага... Я нехачу трываць!.. Я скіну, сарвуланцугі свайго старога жыцця і зраблю жыццё новае... Парву ланцугі спрадвечнай гульні-лені, ланцугі глуму, шальмоўства і страшэннай, аграмаднай цемнаты векавечнай, тыяланцугі, што робяць з чалавека скаціну, быдлё, што твораць “паноў” і “мужыкоў Ланцугі гэтыя выдумаў хіба сам Люцыпар, скаваў іх у сваей кузні і скрыўдзіў імі ўсіх людзей усяго свету, што жылі і паўміралі, што мадзеюць і цяпер, хварэючы адгэтых ланцугоў».
Лірычная экспрэсія - сапраўдны крык душы новага героя, які ўсім сэрцам жадае вызваліцца ад спрадвечных ланцугоў невуцтва і прыгнёту. Ланцугі трымаюць простага чалавека, не даюць яму выйсці ў людзі, здабыць адукацыю, а разам з ёй надзею на новае, лепшае жыццё. У апавяданні выкладзена асноўная думка, характэрная для ранняй творчасці пісьменніка, заснаваная на супраць пастаўленні адукацыі і невуцтва, цёмнага і светлага жыцця адпаведна. Увасабленне цёмных сіл - Люцыпар, ён скаваў ланцугі бруду і шальмоўства, ён уладарыць душамі людзей гэтай “патаёмнай” старонкі, і цяжкая доля чакае таго, хто паспрабуе змагацца з ім. Нялёгка несці асвету ў край, дзе вераць у чараўнікоў і ваўкалакаў.
Так і край паўстае і на старонках апавядання “Цёмны лес”, напісанага ў 1913 г. (раней яно было часткай апавядання “Патаёмнае”). Яно расказвае пра вытокі нацыянальнага менталітэту беларусаў, сведчыць пра іх нацыянальную адметнасць, сфарміраваную на працягу жыцця сярод дрымучых пушчаў і балот, дзе дагэтуль жывёлы і дрэвы маюць душу і размаўляюць паміж сабой. Герой апавядання звяртаецца да ваўка: “Шпарка бегаеш ты, шэры воўкі Дуж ты на ногі, ходак на бягню, цягуч у дарозе...
Ды не аббегаць табе, скараход-жывадзёр, не аббегаць табе за ўвесь ваўчыны век твой усіх абшараў старонкі гэтае патаёмнае, не пратаптаці табе сцежачак на ўсіх гэтых пушчах драмушчых...”.
Дужы і шпаркі воўк і ў народных уяўленнях: “.. .у нашых продкаў было дваістае стаўленне да воўка: яго нараджэнне выклікана творчасцю і Бога, і чорта. Жывучы доўгія стагоддзі побач з воўкам, у значнай меры канкуруючы з ім у паляванні, чалавек здзіўляўся розуму воўка, яго вынослівасці, арганізаванасці зграі, сямейнай салідарнасці...”.
Не выхадзіць “зямелькі гэтае” і буслу: “I ты баўцян - магутнакрылы бусел-чйрнагуз!
Бачыў ты піраміды фараонаў егіпецкіх, у шкляной, бліскучай, люстранай вадзе Ніла гістарычнага глядзеўся ты, прыгажун! Праз нашага прадзеда, Дуная мнагаводнага, ляцеў ты, даўганогі, і многа старонак з рознымі людзьмі, не наскае веры, і гаворкі, і аблічча, бачыў ты.
А ніколі не выхадзіць ні табе, ні буслянятам тваім балот зямелькі гэтае захаванае...
“Бусел, бацян, буська, шырока прадстаўлены ў беларускай міфалогіі, паводле якой гэта чалавек ці анёл, пакараны богам за цікаўнасць...”. Неабсяжныя балоты і пушчы, якія не аббегаць ваўку і не абысці буслу, - вось калыска беларускай народнасці, крыніца фарміравання нацыянальнага характару. Таямнічы і загадкавы гэты край, як і душа беларуса, дзе спрадвеку разгортваецца барацьба цёмных і светлых сіл. Змаганне дабра і зла яскрава паказана пісьменнікам на прыкладзе супрацьстаяння двух міфалагічных архетыпаў - ветру і дуба: Го-го-го-гэй! - зазлаваўся вецер, што не пушчаюць яго дружныя дрэвы ў сваю сям’ю.
Кінуўся ён, як шалёны, на старога дзеда лесавога, на магутны, караністы дуб, што быў тут старэйшы ва ўсім лесе: думаў зняцейку бэхнуць яго на бясконцае, бяздоннае балота, што цягнецца ў непраходны лес, немаведама куды.
- Няруш! Не чапай! - толькі і прамовіў магутны дуб. Кінуўся на адзін момант да багны і ўзноў выпрастаўся. Абправіў сваё каравае суччо – і ўзноў задумаўся аб старадаўніх часах, калі аквячалі яго людзі славай і хвалай, і шукалі пад ім адказу на свае загадкі, і клятвы пад ім давалі”.
Магутны дуб увасабляе краіну, якую імкнуўся спасцігнуць герой твора і сам аўтар. Характарыстыкі дрэва адпавядаюць традыцыйным уяўленням пра Сусветнае дрэва, або Дрэва жыцця. Карані яго ў падземным свеце, камель на зямлі, а галіны цягнуцца да неба. Яно быццам мост злучае зямлю і нябёсы, сімвалізуе смерць і адраджэнне, мудрасць і спрадвечныя законы сусвету. У апавяданні дуб атаясамліваецца і з самім чалавекам, што рукамі-галінамі засцерагае родную старонку, вядзе барацьбу з нячыстай сілай, прадстаўніком якой выступае вецер.
Як вядома, вецер - “з’ява прыроды, у традыцыйных уяўленнях нярэдка амбівалентная: гэта і магутная стыхія, супраць пастаўленая нячыстай сіле, і ўласна яе параджэнне, увасабленне, калі вецер персаніфікуецца і дэманалагізуецца”.
Насельнікі цёмнага лесу - русалкі, зязюля і асіна, без іх немагчыма ўявіць неабсяжную таямнічую краіну, намаляваную М. Гарэцкім. Няшчасная і горкая асіна, ніколі не ведаюць супакою яе лісточкі. Усё таму, што заўсёды нагадваюць пра жахлівае здрадніцтва Юды: “Бонкавая рыса асіны - яе трапяткое лісце - спарадзіла этыялагічны міф на хрысціянскай аснове. Паводле яго, асіна спала, калі на ёй павесіўся Юда... Прачнуўшыся, асіна вельмі спужалася вісельніка, затрэслася ад страху, і з тае пары лісце на ёй трапечацца нават без ветру”.
Гэтаксама традыцыйна малюе М. Гарэцкі і вобраз русалак: “Тамуча там, калі вясна мінаецца, калі над возерам пад бярозамі стромкімі, з высокімі макухамі ды галінамі доўгімі, гібкімі, гутаюцца русалкі белацелыя, з косамі чорнымі, з вачыма маркотна-шалёнымі.
-Гу-у-та! Гу-та-а-шы! Гута-рэ-элі! - крычаць яны і гукаюць да сябе хлопца прыгожага, мужчыну слабавольнага”.
А вось каб зразумець вобраз зязюлі, трэба ведаць незвычайны міф пра паходжанне птушкі, які фалькларыст прыводзіць у “Гісторыі беларускае літаратуры”: «Казка аб тым, адкуль зязюлька, расказвае, што страшны змей Цмок украў у маці сына Якуба. Ад вялікае тугі маці скінулась зязюлькаю, паляцела ў шчырыя бары і гукае сына: “Я-куб! Я-куб!” А сын ёй дзесь адказвае: “Я тут! Я тут!”. Вось чаму сумуе зязюля ў апавяданні М. Гарэцкага.
Аснову апавядання “Цёмны лес” складаюць апазіцыі міфалагічных архетыпаў, якія сімвалізуюць спрадвечную барацьбу цёмных і светлых сіл (вецер - дуб, зязюля - цмок) і дапаўняюцца міфалагічнымі вобразамі ваўка і бусла, русалак і асіны. Сам цёмны лес сімвалічна ўвасабляе Беларусь, край пушчаў і балот, адгадаць усе таямніцы якога не пад сілу нікому.
Аналіз апавяданняў дазваляе вылучыць наступныя асаблівасці ранняй прозы Максіма Гарэцкага:
1) філасофскі цыкл “Што яно?”, а таксама лірычныя экспрэсіі “Патаёмнае”, “Цёмны лес”, “Стогны душы”, аб’яднаны адной аўтарскай задумай - паказаць духоўнае жыццё простага беларуса, яго трывогі і надзеі, вытокі яго характару і нацыянальнай адметнасці;
2) шлях герояў да самаспазнання і адраджэння - гэта барацьба з цёмнымі сіламі невуцтва і забабонаў, якія трэба скінуць як спрадвечныя ланцугі, што выкаваў Люцыпар;
3) дзейныя асобы апавяданняў - міфалагічныя істоты: чараўнікі і ваўкалакі, жывёлы, птушкі і дрэвы, іх характарыстыка адпавядае народным уяўленням;
4) рэальная прастора і час суседнічаюць у апавяданнях з міфалагічным хранатопам, дзеянне адбываецца ў двух вымярэннях: рэальным і ірэальным, якія не супрацьпастаўляюцца, а ўзаемазвязаны і актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой.