Ганна Запартыка

Максім Гарэцкі ва ўспамінах сучаснікаў

па матэрыялах беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры i мастацтва

Першыя публікацыі ўспамінаў пра Максіма Гарэцкага з’явіліся ў друку ў пачатку 1963 г., калі адзначалася 70-годдзе з дня нараджэння пісьменніка. Найперш паклапаціўся пра гэта яго брат, вядомы вучоны Гаўрыла Гарэцкі, які апублікаваў у другім нумары часопіса “Полымя” “Успаміны пра брата”. Гаўрыла Іванавіч і потым друкаваў успаміны пра брата ў розных выданнях, дапаўняючы іх новымі фактамі і дэталямі. Зробіць шчырыя згадкі пра М. Гарэцкагаў 1963 г. у “Голасе Радзімы” і беластоцкай “Ніве” Янка Шутовіч. Але на той час спіс аўтараў успамінаў, можна сказаць, на гэтым і вычэрпваўся. Тым не менш пачатак быў пакладзены. Рэабілітацыя М. Гарэцкага як пісьменніка, вяртанне яго творчасці да жыцця набірала ходу. З кожным чарговым юбілеем з’яўляліся тыя, хто ў друку ці афіцыйных выступленнях успамінаў пра пісьменніка, вучонага, педагога М. Гарэцкага. Самым вялікім поклічам да напісання ўспамінаў стала 90-годдзе з дня нараджэння творцы. У розных часопісах і газетах у 1983 г. змясцілі свае мемуары сябра М. Гарэцкага А. Сухі, малодшы брат Парфір Іванавіч, акцёр Рускага драмтэатра БССР і былы вучань К. Кулакоў (Рутштэйн), пісьменнікі А. Якімовіч і М. Лужанін, настаўніца В. Маслоўская і інш. У той жа перыяд пачалася падрыхтоўка зборніка “Максім Гарэцкі: Успаміны. Артыкулы. Дакументы.”, складальнікамі якога сталі вядомыя вучоныя, літаратуразнаўцы А. Ліс і I. Саламевіч. Гэты зборнік, што выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў 1984 г., змяшчае ўспаміны шаснаццаці аўтараў, у тым ліку дачкі пісьменніка Г. Гарэцкай, настаўніка, калегі па працы ў Пясочні Я. Трагубава, этнографа М. Пецюкевіча, гісторыка М. Улашчыка, вучонага-фізіёлага М. Ганчарыка, вучонага-біяхіміка і паэта А. Вечара, якія пісаліся спецыяльна для зборніка ці друкаваліся ўпершыню. У зборніку былі змешчаны і ўрыўкі з чарнавых накідаў-успамінаў жонкі М. Гарэцкага, беларускай пісьменніцы Леанілы Усцінаўны Чарняўскай-Гарэцкай (1893 - 1976). Падрыхтавала да публікацыі гэтую частку ўспамінаў пад назвай “Як складалася кніжка народных песень” Галіна Гарэцкая. Быў час, калі нельга было друкаваць усё тое, што пакінула ў сваіх запісах Леаніла Усцінаўна, і Галіна Максімаўна выбрала для зборніка самае прымальнае. З пачаткам 1990-х гг. і ўсталяваннем традыцыі штогадовых Гарэцкіх чытанняў мемуарыстыка пра М. Гарэцкага папоўнілася ўспамінамі Р. Гарэцкага, А. Бабарэкі, Г. Гарэцкай.

Вялікую ролю ў зборы звестак пра пісьменніка адыграла яго дачка і выдатны даследчык Галіна Максімаўна Гарэцкая. Яна напісала дзясяткі лістоў да самых розных асоб, якія маглі ведаць і помніць бацьку, вывучыла шматлікія архіўныя дакументы і выданні, падрыхтавала да друку многія невядомыя творы літаратара. Пасля смерці Леанілы Усцінаўны Галіна Максімаўна вельмі ўважліва паставілася і да ўсіх запісаў, якія пакінула маці ў нататніках альбо на асобных лістках. У 1989 г. у газеце “Звязда” за 12 кастрычніка яна ўпершыню змясціла невялікі ўрывак з успамінаў маці пад назвай “Памятка”. А ўжо ў першым нумары часопіса “Полымя” за 1990 г. “Памятка” была надрукавана цалкам. У пасляслоўі да публікацыі Г. Гарэцкая напісала: «Маці мая, беларуская пісьменніца Леаніла Чарняўская (1893 - 1976) марыла напісаць успаміны пра блізкіх і знаёмых ёй людзей, але многа хварэла, апошнія восем гадоў жыцця была прыкутай да ложка і змагла занатаваць нямногае: нататкі пра сустрэчы з Якубам Коласам, невялічкі ўспамін “Як складалася кніжка народных песень” (у кнізе “Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы”, 1984, с. 61 - 62), “Успаміны пра сына” і “Памятку” пра апошнія гады жыцця бацькі майго Максіма Гарэцкага».

I тым не менш да ўсяго зробленага і апублікаванага на сёння ёсць што дадаць. Гэта стала магчымым пасля навуковай апрацоўкі сямейнага архіва Гарэцкіх, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Адна з адзінак захоўвання (фонд 426, воп. 2, адз. зах. 134) прыцягнула ўвагу сваёй назвай “Дзённікавыя запісы. Успаміны (1918 - 1920 гг.). Блакноты”. Гады напісання гэтых матэрыялаў - 1968 - 1972. Тое, што ў двух нататніках знаходзяцца не толькі дзённікавыя запісы, а і ўспаміны, гэтаксама пазначаныя дакладнай датай, можна было ўстанавіць толькі пры пастаронкавым знаёмстве з тэкстам. Усе пазнакі ў блакнотах, за выключэннем 2-3 старонак, зроблены алоўкам, графіка тэкстаў у многіх месцах вельмі слабая, ледзьве бачная. Першы запіс датуецца 15 верасня 1968 г., над ім надпіс “Л. Чарняўская”, апошні - 3 мая 1973 г.

Ужо з першай нататкі Леаніла Усцінаўна гаворыць пра свой цяжкі фізічны стан, пра частыя выклікі “хуткай дапамогі”, шкадуе дачку, “якая самааддана даглядае мяне і ў дзень і ўначы”. Калі ж станавілася лягчэй, Леаніла Усцінаўна, акрамя фіксацыі фактаў паўсядзённага жыцця, згадвала падзеі мінулага. Такіх запісаў няшмат, але і яны маюць для нас вялікае значэнне. Праз пятнаццаць старонак пасля першай даты, 5 лістапада 1968 г. Леаніла Усцінаўна пазначыла: “Успаміны, калі іх так можна назваць”. Гэтыя старонкі, у адрозненне ад астатніх, аўтарка пранумаравала. Утрымліваюць успаміны і запісы ад 26 верасня 1969 г. (пра ўкладанне чытанкі), 21 снежня 1968 г. (пра арышт М. Гарэцкага; запіс пачынаецца словамі: “Апошні раз я бачылася і гаварыла з Максімам у гэты дзень у 1937 годзе”), 1, 2 і 18 сакавіка 1970 г. (“што адказаць на пісьмо камсамольцаў з Мінскай школы” - пра жыццё ў Мінску). Найбольш цэласнымі і завершанымі з іх здаюцца запісы ад 5 лістапада 1968 г., якія публікуюцца ніжэй.

«51X1.68 г. Успаміны, калі іх так можна найзваць Слаба я стала вельмі, але ўспомню, што змагу.

Канец 1918 г. У канцы лістапада, цяжка хворая, трапіла я ў Вільню'. Была ў мяне гішпанка і сыпняк разам. Маці абірала вошы, паліла іх у печы і ніхто з яе вялікай сям’і не захварэў. Правалялася я без памяці тыдні са тры, потым, хістаючыся, стала на ногі, мой магутны арганізм вытрымаў і хваробу, і страшныя падзеі мінулага.

Трэба было жыць і зарабляць на жыццё.

Панавалі ў горадзе немцы. Рускіх школ не было. Я, радзіўшыся на Беларусі, чула вакол беларускую мову, ведала яе добра, але вучылася ў рускай школе, выкладалаўрускай пачатковай школе, да “тутэйшай мовы” адносілася не з пагардай, але не сур’ёзна. Мне падабаліся дзіцячыя гульні пра вераб’я, [яшчурка], пра лён, мак. Пры школе быў інтэрнат, начавалі дзеці з дальніх вёсак. Падручнікі былі на рускай мове, ім лёгка давалася мова, але між сабой яны гаварылі на роднай мове.

Кватэра наша была на вуліцы, назву якой я не памятаю, але адным канцом яна выходзіла на Віленскую, другім на Катэдру. Ня памятаю, хто мяне навучыў звярнуцца на Віленскую, 22 да Івана Луцкевіча.

Сустрэў ён мяне прыхільна. Я - настаўніца са стажам, ведаю беларускую мову, і адразу запрог мяне ў работу. Абяцаў пасаду настаўніцы ў Беларускай гімназіі, якая мелася адчыніцца ў Базыльянскіх мурох 1 студзеня 1919 г., і даручыў укласці чытанку пад назвай “Родны край”. Вось калі адчыніўся новы свет: Янка Купала, Якуб Колас (Тарас Гушча), З. Бядуля, Максім Гарэцкі, Багушэвіч, Ядвігін Ш., іншыя.

Гімназія адчынялася ў Базыльянскіх мурох. Раней да вайны там была духоўная семінарыя. Пры немцах - шпіталь. Немцы ўжо эвакуіраваліся.

Зіма была лютая, сцены будынку прамерзлі наскрозь. Аднак там ужо збіраўся будучы калектыў. На радасць сустрэлася я з Алёнай Кірылаўнай Сакаловай, з якой некалі вучылася разам, толькі у розных класах. Былі ў Вільні прытулак на Бакшце і пры Духовым манастыры. На Бакшту ў будынак былога Дух[оўнага] вуч[ылішча]. Пайшла. Дзеці жылі ў цяжкіх умовах. [Загадчыцай] Тэця Станішэўская, хворая на сухоты, цьмяная з твару. Сумна глядзела на мяне.

Я зайшла ў гарадскі зал, поўны народу. Вёў даклад малады чалавек, ніякай трывогі не адчувалася. Слухалі ўважліва. А калі пазней я пайшла ў даведкі да сваёй цёткі, што жыла за Зялёным мастом, то, вяртаючыся дамоў, убачыла, што на масту стаялі кулямёты, але так прасілася пакарміць дзіця (якога у мяне не было), што мяне прапусцілі. Вуліцы былі пустыя.

Ці ў тую ноч, ці пазней адбыліся трагічныя падзеі на Вароньей вуліцы ў рабочым клубе. Неўзабаве ў горад прыйшла Чырвоная Армія. Загінуўшых камунараў хавалі вельмі ўрачыста ў скверы, дзе раней стаяў помнік Катарыне. Уся плошча была запруджана народам. Рабочыя, рабочыя, але шмат варожых твараў. З ухмылкамі і гамонкамі ў паўголаса.

Хутка жыццё маё пайшло іншым шляхам. Я “пякла”чытанку “Родны край”, а мяне ўсе падганялі. У Вільню пераехала з Мінску “Звязда”, у рэдакцыю якой уваходзіў Максім Гарэцкі. Упершыню мы сустрэліся ў нейкім пакоі на Віленскай, 22. Я ўжо ведала яго як пісьменніка па зборніку “Рунь”, ён чуў пра мяне як беларускую настаўніцу, чуў, што ўкладаю чытанку “Родны край”.

Гімназія наша і вучняў набрала, як у Ноеў каўчэг, “каждой твары по паре”. Ну і настаўніцкі калектыў быў не дужа аб’яднаны. Дырэктарам быў М. С. Кахановіч, беларус, інспектар Дмахоўскі, паляк. Далей пайшлі беларусы Г. В. Багдановіч, I. Я. Катовіч, Сакалова, я, і прамільгнула на кароткі час постаць Т. Грыба, фігура арыгінальная. Што ён выкладаў, не ведаю, бачыла, што сядзеў ён верхам на парце, вучні абляплялі яго, а то сядзелі дзе збоку, займаліся хто чым хацеў. У канцэлярыі сядзеў смуглявы хлопец па прозвішчы Шабуня, але хутка знік некуды, Іанна Душэўская.

Чытанка мая “Родны край” была гатова, але трэба быў дазвол рэдактара Біржышкі. Станкевіч аднёс у рэдакцыю, але праз нейкі час сказаў, каб я пайшла з ім да рэдактара, бо таму не ўсё да спадобы, трэба перарабіць тое-сёе.

Пайшлі, селі, дзе нас пасадзілі. Рэдактар гартаў старонкі будучай чытанкі, рабіў розныя заўвагі, вось-вось верне назад, а я ўтаропілася ў яго такімі журботнымі вачамі, што ён глянуў на мяне раз, другі, мусіць падумаў, што слёзы паліюцца з мяне ракой, махнуў рукой, сказаў: “Наогул няма яшчэ добрых падручнікаў” і падпісаў дазвол на друкаванне.

Рады мы былі без меры, хоць гэта задалося. Ну, мне заказалі ўкладаць новыя чытанкі, хоць і працы ў гімназіі было шмат. Добра сябравала я з Алёнай Сакаловай, весялілі адна адну, хоць цешыцца не было чым.

З Максімам Гарэцкім сустракаліся не часта. Калі ў мяне не хапала часу на работу, то ў яго тым больш. Дапрацоўваў ён слоўнічак, пісаў аповесць “Дзве душы”, апрацоўваў “Запіскі на імперыялістычнай вайне”, а галоўнае, узяўся за складанне першай “Гісторыі беларускай літаратуры” па непраторанаму яшчэ шляху.

Час ішоў, надыходзіла вясна, і ў канцы красавіка, у каталіцкі Вялікдзень, горад раптоўна за пару сутак захапілі палякі. Тры дні ішла страляніна. Праз акно нашай мансарды бачыла я: на пярылах балкона вісеў забіты чалавек. Тонкія сценкі нашага дома прашывалі кулі. У дзень мы спускаліся ўніз, начою клаліся спаць на падлогу.

Праз дні тры палякі цалкам захапілі горад. Заставацца мне з маці ў прастрэлянай кватэры не хацелася. Пашанцавала мне спаткацца на вуліцы са знаёмым былым настаўнікам А. Л. Лекантам. Ён жыў у царкоўных будынках побач з Бел[арускай] Гімн[азіяй]. Як кажуць, “на мое счастье”ў адной кватэры нядаўна, гэтымі днямі, памёрла жанчына. Кватэра яшчэ не была занята, і А. Л. выстараўся яе для мяне. А што лепей: побач з гімназіяй. I Гарэцкі, які не паспеў выехаць з Вільні, асталяваўся у адным з пакояў у мурох, дзе ўжо змесцілася рэд. беларускай газеты.

Мы зараз ужо маглі часцей бачыцца, хаця абое былі заняты работай, асабліва Максім. Я пачала апрацоўваць “дзяціныя гульні”. Часта заходзіў Тарашкевіч. Ён і Максім рабілі некаторыя заўвагі, а Тарашкевіч параіў запісаць на музыку карагодную песню “Сядзі, сядзі, яшчар”, прызнаў яе старажытнай. Кімант паклала яе на ноты, таксама “Як пайшоў верабей”. Зрэдка забягаў Станкевіч, ён усё падганяў, не даваў рабіць ніякіх зносак, паясненняў.

У газэце друкаваліся “Дзве душы”.

Максім расказаў мне пра свае любошчы з Аляй, сапраўднае прозвішча якой было [Крупенікава], дачкой багатага купца. У доме іх было поўна элегантных афіцэраў, але балаванае дзяўчо аддала свае сымпатыі прапаршчыку Гарэцкаму. Але тэрмін [лячэння] Гар[эцкага] скончыўся, і яны разлучыліся. Аднак белы тварык з цёмнымі пасмачкамі валасоў застаўся назаўсёдыў яго памяці. Я чытала яе пісулькі абыякавыя, бяздумныя. Я была значна сталейшай за яе і зразумела, які чалавек спаткаўся на маім шляху, і пакахала яго навек. I я яму падабалася. Тарашкевіч, халі прыходзіў да нас, спяваў жартліва: “Максімку, сынку, вазьмі стрэльбінку, забі дзічынку”.

Здаецца, у канцы мая Максім прыйшоў невясёлы з больніцы, дзе памірала ад сухотаў Т. Станішэўская. Пры ёй сядзела маці. Яна сказала дачцэ проста: “Вось бульбачка прымёрзла, але адыдзе, а тьі, дачушка, не аджывеш”. Тэця толькі ўсміхнулася краем вуснаў, а на Максіма паглядзела сумна, сумна.

Неўзабаве яна памёрла. Пахавалі яе гарачым днём на могільніку, на Росе.

16 ліпеня 19 г. мы пажаніліся. Пераехалі ненадоўга на Антокаль, нанялі пакойчык. Але пры гімназіі адчыніліся настаўніцкія курсы. Максім пачаў чытаць лекцыі. З Антокаля далёка было хадзіць да гімназіі, і мы пераехалі ў кватэру, дзе жыла я з маці. Максім быў таксама зацверджаны наст[аўнікам] у гімназіі. Аб настаўніцкіх курсах у нас была вялікая фатаграфія, якая знікла ў адзін з сумных для нас часоў.

Акрамя педаг[агічнай] працы, у газетах, розных “Думках”, якія палякі зачынялі адну за адной, галоўнай работай стала для Максіма стварэнне першага падручніка “Гіст[орыі] бел[арускай] літаратуры”.

У Вільні было вялікіх багатых бібл[іятэк]. Максім карыстаўся музеем бр. Луцкевічаў, бібл[іятэкай] духоўн[ай] семін[арыі], універс[ітэцкай] бібл[іятэкай]. Пазнаёміўся з адвакатам Врублеўскім, у якога была найбагацейшая бібліятэка. Максім прыносіў дамоў “Літоўскі статут”, “АльКітаб”, іншыя рэдкія выданні.

У зімовыя канікулы ў пачатку 1920 года ў Вільню прыехаў Янка Купала. Колькі радасці было ў гімназіі. Спраўлялі вечар у гонар Купалы. Ставілі ўрыўкі з Раскіданага гнязда”, чыталі вершы. Адну ноч Купала начаваў у нас, Максім удакладняў яго біяграфію.

Здаецца, у гэтым годзе я пазнаёмілася з Гаруном. Вершы яго мне вельмі падабаліся. Ён былы сталяр. Быў сасланы ў Сібір. Вярнуўся пасля рэвалюцыі. У нешчаслівую для сябе хвіліну ён звязаўсяз “беларускім” войскам пры польскай арміі. Захварэў на дызэнтырыю і памёр у Кракаве.

1920 г. Максім вельмі плённа працаваў, супрацоўнічаў у газэтах, пісаў апавяданні. Я ўкладала “Родны край”, ужо 3 і 4 часткі. У канцы лета перайшоў граніцу Гурык і прыйшоў да нас. Радаваліся браты сустрэчы. Я была ўжо цяжарная, худая, збялелая і, відаць, не дужа спадабалася Гурыку, [пазней] я пачула выпадкова з размовы братоў, што і мая маці не спадабалася Гурыку. Было яму толькі 20 гадоў, але быў мужны, поўны запалу, кахання да роднага краю.