Таццяна Cтудзенка

Класіку — адпаведны фармат

«Чытаеш — нібы кветкі ў вянок спавяваюцца». Так вобразна характарызаваў мову твораў Максіма Гарэцкага паэт Васіль Зуёнак падчас ХХІ Гарэцкіх чытанняў, прымеркаваных сёлета да 120-годдзя беларускага класіка. Яны адбыліся ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў суправаджэнні экспазіцыі, прысвечанай пісьменніку і яго твору «На імперыялістычнай вайне», амаль першаму ў сусветнай літаратуры ўзнаўленню трагедыі Першай сусветнай.

«Лёс яго склаўся так, што пры жыцці юбілеяў не было», — заўважыў Радзім Гарэцкі, родны пляменнік класіка. Сапраўды, Максім Гарэцкі не дажыў некалькі дзён да 45 гадоў, узросту, калі пачынаюць сур’ёзна адзначаць круглыя даты. І тым не менш, зроблена шмат — і зроблена грунтоўна! Адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры, яе празаікаў і раманістаў, летапісец рэвалюцыйнага руху на Беларусі і першы апісальнік беларускіх радаводаў як асновы летапісу краіны.

Праўда і тое, што гэта ўнікальная спадчына ўсё яшчэ чакае наступных даследчыкаў. Калі больш-менш асэнсаваны Гарэцкі-апавядальнік, то гісторык-эпік — далёка не. Не лічыць жа сур’ёзным вызначэнне «Віленскіх камунараў» у тэрмінах постмадэрнісцкага дыскурсу. Не кажучы пра «Камароўскую хроніку», аналітычнаму разгляду якой, на жаль, не знайшлося месца ў выступленнях некалькіх дзясяткаў удзельнікаў Чытанняў. «Максім Гарэцкі ў нас — адна з самых выбітных гісторыка-філасофскіх постацей. Адсюль жаданне пабачыць адпаведную кнігу, дзе б прасочвалася станаўленне яго думкі і ўвасабленне яе ў творчасці. Гэта першая «падказка» даследчыкам. І другая — выдаць слоўнік мовы Максіма Гарэцкага», — паэт, ганаровы акадэмік НАН Беларусі Васіль Зуёнак выказаўся ў згодзе з найгалоўнейшым прынцыпам літаратуразнаўчай працы: патрабаваннем адпаведнасці фармату даследавання яго «прадмету».

Выдатная адпаведнасць, дарэчы, — акцэнт на радавой знітаванасці сям’і Гарэцкіх, захаванні ёю свайго твару, сваёй адметнасці ва ўсіх сітуацыях. Пра гэта слушна нагадаў Анатоль Бутэвіч, старшыня Грамадска-назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Прыкладам трываласці, культурнай засяроджанасці роду Гарэцкіх — спадзвіжніцкая дзейнасць Радзіма Гаўрылавіча, намаганнямі якога (зразумела, пры падтрымцы адзінадумцаў) ладзяцца Чытанні, на сродкі якога выдаюцца потым зборнікі. Адпаведным маштабу класіка беларускай літаратуры будзе, зразумела, выданне яго твораў: «рускі том» Максіма Гарэцкага ўключаны ў план «Выдавецкага дома «Звязда».