Марыя Новік

Слова i вобраз у “Скарбах жыцця” Максіма Гарэцкага

Словы Уладзіміра Калесніка датычацца як і яго самога, так і тых постацяў нацыянальнае культуры, што сталі сімваламі Беларусі, што пакінулі нашчадкам сваё асэнсаванне вечных праблемаў - жыцця і смерці, рэальнага і нерэальнага, яўнага і “патаёмнага”, свой вопыт быцця ў Сусвеце. З гэтымі словамі звязваецца і асоба Максіма Гарэцкага. Яго “Скарбы жыцця” адкрыліся для беларусаў толькі ў 100-гадовы юбілей пісьменніка. I гэты факт успрымаецца як своеасаблівы знак - адбітак трагедыйнага лёсу нацыі, нацыянальнае культуры.

Усё ў творы сэнсава і эмацыйна скандэнсаванае, насычанае шматслойным падтэкстам. Кніга, што так доўга ішла ад творцы да чытача, — “лебядзіная песня” Максіма Гарэцкага, споведзь яго душы, тэстамант нашчадкам. Гэта аповед-трагедыя, якая ўвабрала ў сябе найлепшае, чаго дасягнуў пісьменнік у творчасці. Усе назвы, якія прапанаваў аўтар для загалоўка, - “Скарбы жыцця (Лебядзіная песня)”, “Скарбы (Лебядзіная песня)”, “Плач”, “Брама скарбаў” - сімвалічныя. Кожная з іх дапаўняе, дадае новае сэнсавае адценне канчаткова выбранай. Лебядзіная песня — устойлівы выраз, значэнне якога паходзіць з падання, што лебедзь пяе толькі адзін раз у жыцці — перад смерцю. Пісьменнік падзяліўся скарбамі, што “назбіраў-назапасіў за сваё жыццё”. Скарбы незвычайныя: яны — набытак душы, дзе “дабра прыхавана нямала: залатога смутку багатыя скрыні, самацветнай бяссільнасці доўгія нізкі, бясцэннай роспачы буйныя зерні”. Метафарычна-алегарычны кантэкст, у якім асноўную сэнсавую нагрузку нясуць алагічныя спалучэнні залаты смутак, самацветная бяссільнасць, бясцэнная роспач, выяўляецца праз словы мужнага чалавека, што змог адолець і смутак, і роспач, і бяссільнасць ды ацаніць іх, ператварыць у каштоўнасць, скарб. Для сябе. Для нашчадкаў. Гэта словы мастака, што годна ішоў цярністай дарогай, нёс крыж пакуты і годна прыняў смерць. “Дастойнае пражыванне жыцця, — У. Калеснік, - справа не простая для душы ўражлівай, чулай, ранімай. Ёй не абысціся ні гордым маўчаннем, ні ганарлівым скепсісам, ні нават дэманічным бязвер’ем. Разуменне свету і здабытая ў пошуках зычлівасць, ласка – вось спосаб парадкавання уласнай душы”. “Скарбы жыцця” – адбітак душы, у якой змагаюцца разнастайныя, часам супярэчлівыя пачуцці, ды ўсё ж перамагае - праз спазнанне красы і трагедыі жыцця зямнога, жыцця свайго народа — мудры спакой моцнага чалавека: “Цану рэчам пазнаў. Людзей да самых глыбінь уведаў. Жыццём даражыць навучыўся. I да смерці сябе рыхтаваць я ўмею”.

Твор М. Гарэцкага ўспрымаецца як сваеасоблівыя мастацкія лісты, лісты-абразкі, непарыўна звязаныя з ягонай эпісталярнай спадчынай - “лістамі з няволі” да жонкі і дзяцей (паказальна, што ліст да жонкі ад 3 лютага 1932 г. нагадвае абразок са “Скарбаў жыцця”).

Пісьменнік вельмі лаканічны. Экспрэсіўнасць малюнкаў дасягаецца і словам, і ладам фразы, ладам усяго тэксту. Адметныя асацыяцыйна-сімвалічныя, алегарычныя вобразы і эмацыйны сінтаксіс ствараюць высокае поле напружанасці, з якога немагчыма вырвацца. Найчасней М. Гарэцкі выкарыстоўваў простыя сказы. Сярод іх вялікую колькасць складаюць назыўныя, неразвітыя. Яны фіксуюць пэўную падзею, з'яву, прадмет, дзеянне. Кожны абразок — як кадр кінастужкі. Так — кадр за кадрам — адкрываецца чытачу лёс асобы, лёс народа. У кожным новым тэксце-кадры ўвага акцэнтуецпа на тым, што выпакутавана, што яшчэ і яшчэ раз прайшло праз розум і сэрца і што важна ведаць чалавеку — жывой часцінцы “бязмернага сусвету”. Лексічнымі паўторамі, інверсійнасцю сказаў, недасказанасцю ў канструкцыях са шматкроп’ем, а таксама драбленнем тэксту абразкоў на шматлікія абзацы ствараецца надзвычай эмацыйная, экспрэсіўная рытмамелодыка асобных абразкоў і ўсяго твора. Інфармацыйнасць аповеду ператвараецца ў лірычную эмацыйнасць маналогу. Чытач далучаецца да аўтарскага “я” і таксама шукае адказы на вечныя пытанні. Словы вечны, вечнасць — ключавыя словы-сімвалы ў “Скарбах жыцця”. Рэалістычныя малюнкі набываюць алегарычна-сімвалічнае гучанне. Так, хлопчык-пастушок, які ходзіць з трубою “па полю, па балоце, па лагу, па кустох-хмызнякох, у пушчы і з пушчы — ходзіць”, - увасабленне музыкі, песняра. Берасцяная труба “галосіць аб вечнасці. Яна пяе вечна аб вечнасці”.

Вобраз Беларусі, што ўзнікае з апісання разнастайнага ландшафту, у наступным абразку дапаўняецца новымі дэталямі: “А ў тым полі ёсць узгорак, а на ўзгорку — гай. Шумяць вечныя бярозы, а пад імі - могілкі”. У абшар жывога, што расце, шуміць уверсе, уключаецца тое, што ўнізе, што дапаўняе беларускі краявід: “Сумна-кінута, забыта-недагледжана ўнізе: сціраюцца мізэрныя курганкі. Пагнілі, патрухлелі, паваліліся крыжыкі...”. Лаканічныя, нешматслоўныя абразкі — як фота, малюнкі, на якіх балючыя рэаліі жыцця сучасных беларусаў. Занядбаныя магілы - боль пісьменніка. Ён звязваў культуру, духоўнасць чалавека з памяццю продкаў, з пашанаю да гістарычнае памяці, да нацыянальнае спадчыны — курганоў і магілаў.

Паўтараючы словы вечны, вечна, вечнасць у новых спалучэннях, новых кантэкстах, М. Гарэцкі падключаў чытача да асэнсавання жыцця асабістага, да асэнсавання жыцця чалавека як часцінкі свайго народа. Падарожнікі і “бясконцы спрадвечны шлях”. Шлях аднаго і шлях народа: “Жудасна-марудны крок. Вечнасць. Хада”. Падарожнікі “гуляюць, круцяцца ў безуважнай немай вечнасці”.

Кола-круг. Усё жыццё чалавечае — кола, што круціцца ў вечнасці. Чалавек - часцінка загадкавага, бясконцага Сусвету, з якім непарыўна звязана і жыццё чалавечае, жыццё народнае, яго мінуўшчына, сучаснасць і будучыня. I ты — кожны — у гэтым бясконцым руху: “I ты - круціся! Вырві маркоту з свайго сэрца і круціся, круціся! Музыка варушыць у табе вечнасць — вечна маркотную, часам вясёлую. Дык круціся ж, круціся! Не зняважыш гэтым вечнасці. Бо і яна ў табе, і ты ў ёй. Не выскачыш - круціся!”.

У “Скарбах жыцця” біблійныя матывы і вобразы спалучаны з традыцыйнай народнай сімволікай, што выяўляе асновы, карані этнічнай свядомасці беларусаў. Традыцыйныя сімвалы абноўленыя, паглыбленыя, пазначаныя трагедыйным лёсам самога аўтара, лёсам беларусаў-выгнаннікаў, пакутнікаў. Так, рамантычны вобраз васількоў, асэнсаваны, асвоены Максімам Багдановічам “як сімвал красы, як імкненне да прыгожага, да ідэалу”, у апошнім творы Максіма Гарэцкага атрымлівае новыя адценні. Васількі - не толькі любімыя кветкі пісьменніка (паводле ўспамінаў дачкі), але і яркі мастацкі сродак. Жытнёвае поле і васількі - разгорнутае апісанне ў аповесці “Ціхая плынь”. Васількі - гэта сімвал духоўнай повязі з радзімаю, з родам, гэта сімвал творчай сілы, мастацтва, што “ўзвышае чалавека ў чалавеку” (А. Лойка). Гэта і сімвал духоўнага скарбу народа, нацыі, што ідзе крыжовым шляхам. Слова пісьменніка — гэта малітва за свой народ, за творчы геній народа: “Судзі мяне, судзі мяне кожны і ўсякі. Судзі мяне судом сваім і кожным і ўсякім... Карай мяне карамі сваімі, карай. Толькі прашу цябе: не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў...”.

Трывушчасць, ахвярнасць і духоўная нескаронасць асобы, нацыі — асноўны матыў “Скарбаў жыцця”. Усохлая старая груша, што выпусціла жывы парастак, — ці не сімвалічнае ўвасабленне думкі пра неўміручасць духоўнае энергіі, духоўных скарбаў, думкі пра непарыўную сувязь продкаў і нашчадкаў, пра жыватворнасць вечных каранёў, якія даюць сілу маладому - парасткам (паказальна, што сваіх дзяцей М. Гарэцкі ў лістах называў парасткамі). Груша дуля — акраса роднага саду, пэўна, тое дрэва, што ў свядомасці беларусаў звязваецца з маленствам. I не толькі таму, што гэтае дрэва з матчынае калыханкі. Груша - слова-вобраз, замацаванае ў народнай вусна-паэтычнай творчасці, звязваецца ў “Скарбах жыцця” і з тым дзіўным дрэвам тэравінфавым, ад якога, паводле меркаванняў вучоных, паходзіць назва вострава Патмос: яно “дасягае тысячагоддзя, а потым на месцы аджыўшага з’яўляюцца маладыя парасткі” (Гарэцкая Г. Тлумачэнні; 118). (Разгорнутым апісаннем грушы, што “цвіла апошні год”, пачынаецца раман “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча.) Твор М. Гарэцкага адкрывае пакутлівы шлях пераадолення суму, самоты, шлях змагання з маркотаю, скрухаю і адчаем асобы творчай, дзейснай. Пісьменнік ратаваў свой дух, лекаваў яго творчаю працай — і ў ссылцы пісаў хроніку жыцця свайго, свайго роду, свайго народа. Няўробленае поле, пустое поле, убогая ніва, пасохлая ніва — гэта ягоны вечны боль: “Скарбы мае, скарбы бясцэнныя! Што з вамі робяць! Як жа мне жыць!..” Твор, дзе многае зашыфравана, зацемнена, схавана ў алегарычна-сімвалічных вобразах, уражвае такой глыбокай, пранізлівай інтанацыяй, такой журботнай, сумнай, якая не пакідае ні на хвіліну, запаланяе, забірае ў сваё кола. Адчуваеш неймаверны смутак, нуду, самоту, разумееш, якую ж моц душы трэба было мець, каб жыць: “I адчую сябе самотным смяртэльна” (27); “I быў я адзін, адзін...” (29); “I слёзы мёрзлі ў мяне на ваччу” (35). Рытмамелодыка, стылістыка абразкоў сапраўды падобная да плачу. У хвіліны смутку, адзіноты з’яўляецца вобраз маці. У пакутлівыя хвіліны, на фоне змрочнага, жудаснага, чорнага, яна - як знак падтрымкі, як знак суперажывання ягонае мукі. Гэта і сімвалічнае ўвасабленне маці-Беларусі: “I вось на разку, пад гайком, дзе кусты і магілы, адна, сумная, аслабелая, - маці мая чорнае жыта дажынае, чорныя снапы зносіць... Маўчыць. Тугу сваю чорную хавае”.

Плач па маці ў заключных старонках “Скарбаў жыцця”. Пакутаваў, гараваў: не стала яе, а ён далёка, ён не можа нават правесці маці ў апошні шлях — не атрымаў дазволу (маці не стала 4 сакавіка 1935 г.). Як плач-галашэнне - радкі, дзе эмацыйна выяўляецца сваё, асабістае — боль ад страты, ды за такімі адчуваннямі, пачуццямі — перажыванні многіх: “Больш яе не ўбачу ніколі. Ніколі не пацалую. Ніколі да яе не прытулюся...
У зямлі сырой, глыбока, пад снегам, пад мяцеліцаю ляжыць. У госці мяне ўсё чакае. Так і тая сына свайго ўсё чакала. Так усе маткі нашы нас чакаюць, чакаюць...”.

Пра маці сказаў, выкарыстаўшы і пашыраны ў “Скарбах жыцця” сімвал: “Выспа Патмос сэрца ёй мацавала. Таму сэрца ў яе было такое моцнае”. Так лаканічна - пра духоўную моц маці, пра духоўнае хараство яе, пра багацце матчынае душы, яе красу. Родны і блізкі вобраз маці вырастае да біблійнага вобраза Маці Божай: “У гаі высокім бярозавым я хадзіў. Абраз маткі-пакутніцы з пахіленаю да дзіцятка галавою бачыў, - высока, сумна, паважна...
Чорныя баравікі там браў...
I не было мне адхлання...
Ніхто не ведаў, што гора ў мяне. Ніхто не ведаў, што цяжка мне. З кім было мне гора падзяліць? З кім мне было цяжкасць аблягчыць? Вакол людзі сцюдзёныя, чужыя... Што ім да мяне...”.

Спалучэнне ў творы ўмоўна-сімвалічных вобразаў — біблійных і фальклорна-паэтычных — адзнака і майстэрства аўтара, і ягонай глыбокай унутранай повязі з родным, з тымі каранямі, што мацавалі яго, матчын парастак. Матчына душа — птушка. Яна вольная, яна жывая: “Заўтра дванаццатая птушка паляціць. Ідзі, прывітай яе”. Матчына вечная спагада, ахвярнасць і святло — у абліччы той, што на абразах.

Апошнія старонкі “Скарбаў жыцця” — гэта абразкі, дзе гучыць думка пра развітанне і сустрэчу. Душэўны боль не сціхае, хоць і аддаляецца дзень незагойнае раны, незваротнае страты. Пачуццё віны перад маці не пакідае. Ды адначасна жыве адчуванне, што хутка і сустрэча - там, высока, далёка. I не страшна адляцець: там матчына душа.

“Скарбы жыцця” выяўляюць М. Гарэцкага мужным, нескароным чалавекам, творцам. Яму дадзена было зазірнуць у тое “таёмнае”, каб напісаць гісторыю душы, каб сказаць:
Дык слава жыццю!
Слава і смерці!

Антанімічныя вобразы паяднаныя не толькі інтанацыйна. Вечныя палярныя філасофскія катэгорыі семантычна збліжаюцца ў гэтых радках. Так пісьменнік выказаў свой погляд, сваё разуменне: у іх — пра бязмежнасць прасторы, пра бясконцасць руху ў Сусвеце, пра вечнае пераўвасабленне, пра нескаронасць Духу. Радкі, якімі зачыняе Максім Гарэцкі браму сваіх скарбаў жыцця, — падтрымка кожнаму. Ён захаваў боскае ў душы. З ім і з ягоным народам - ягоны вечны скарб у вечнасці. I скарб гэты — старонкі пакутнай гісторыі душы, асобы, народа — яшчэ адно пацвярджэнне, што беларусы маюць тыя скарбы духоўныя, перад якімі “прыемна адчыніцца агульначалавечая скарбніца векавечных здабыткаў і цывілізацыі”.