Эмануіл Іофе,
прафесар Беларускага дзяржаўнага
педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка,
доктар гістарычных навук
Максім Гарэцкі – беларусазнаўца
Што такое беларусазнаўства? Многія адкажуць так: “Беларусазнаўства - гэта навука, што вывучае адметнасць і агульнасць беларусаў, іх нацыянальны рух, узаемаадносіны з суседзямі і ролю ў сістэме міжнароднай супольнасці народаў у мінулым. Яно вызначаецца комплексным, міждысцыплінарным падыходам да праблем даследавання”.
У артыкуле “Беларусазнаўства” З. Шыбекі (Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1, Мінск, 1993) адзначаецца, што ля вытокаў беларусазнаўства стаялі песняры Ф. Багушэвіч, К. Каганец, археолаг Г. Татур, беларускія народнікі, беларускія гурткі. Сярод беларусазнаўцаў даследчык вылучае А. Сапунова, братоў А. і I. Луцкевічаў, В. Ластоўскага, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Я. Карскага, Е. Раманава, А, Шахматава, Б. Эпімаха-Шыпілу. Вельмі шкада, што ў спісе адсутнічае арыгінальны беларусазнаўца Максім Гарэцкі.
Вядомы пісьменнік М. Лужанін трапна заўважыў: “Першыя празаічныя спробы Гарэцкага прыкмеціў і паставіўся да іх з надзеяй вялікі паэт, крытык бездакорнага густу, Максім Багдановіч... Я. Ф. Карскі знаходзіў у творах маладога Гарэцкага “ўсе дадзеныя, каб з аўтара з часам развіўся добры пісьменнік з самародным талентам”... Са здзіўленнем сталага мастака прыглядаўся Якуб Колас да майстэрства пісьменніка рабіць пры апісанні з’явы і рэчы як бы адчувальнымі навобмацак.
Тры такія сведчанні - важаць больш за прызнанне... <...>
Максім Гарэцкі выключны стыліст, тонкі знаўца народнай і адзін з творцаў нашай літаратурнай мовы...
Максім Гарэцкі для людзей майго пакалення - першаадкрывальнік творчых каштоўнасцей нацыі”.
Біёграф М. Гарэцкага прафесар філалогіі Д. Бугаёў падкрэслівае: “Арыгінальны пісьменнік і таленавіты вучоны - даследчык літаратуры, фалькларыст, мовазнаўца - Максім Іванавіч Гарэцкі на працягу ўсяго свайго жыцця з выключнай самаадданасцю працаваў на ніве беларускай культуры, аддаючы ёй усяго сябе без астатку...
Асабліва значная роля належыць Максіму Гарэцкаму ў развіцці беларускай літаратуры, у першую чаргу мастацкай прозы, а таксама публіцыстыкі, крытыкі і, вядома ж, літаратуразнаўства. Нямала зрабіў Гарэцкі і як пісьменнік, і як вучоны-мовазнаўца для выпрацоўкі сталых норм і агульнага ўзбагачэння беларускай літаратурнай мовы, у асаблівасці мовы мастацкай прозы”.
Вядомы беларускі літаратуразнаўца М. Мушынскі адзначае: “Гарэцкі належыць да ліку тых выдатных прадстаўнікоў беларускай культуры, якія ўнеслі велізарны ўклад у нацыянальнае прыгожае пісьменства і айчынную гуманітарную навуку, узнялі іх на новы, больш высокі ідэйна-мастацкі, эстэтычны і тэарэтыка-метадалагічны ўзровень. Сёння Гарэцкі - агульна-прызнаны класік беларускай літаратуры, адзін з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы... <... >
Асобнай гаворкі заслугоўвае дзейнасць Гарэцкага-публіцыста, арганізатара выдавецкай справы, лексікографа, перакладчыка, прапагандыста народнай творчасці”.
Дзіўна, што вучоныя да сённяшняга часу не адзначаюць, што Максім Іванавіч з пачатку творчага шляху быў таленавітым беларусазнаўцам, што ён зрабіў у беларусазнаўства велізарны ўклад які і цяпер яшчэ не атрымаў належнай, сапраўды глыбокай і ўсебаковай ацэнкі.
…Увосень 1909 г. 16-гадовы Максім Гарэцкі паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, хоць конкурс быў вельмі вялікі: толькі 25 месцаў пры 400 заявах. Стрыечны брат вядомага авіяканструктара Паўла Сухі, які вучыўся разам з Максімам, успамінаў: “Я неяк адразу вылучыў Максіма па яго сур’ёзнасці ў кожнай справе і адносінах да сяброў. У скорым часе злучыла і супольная цікавасць да беларускага друкаванага слова. Максім Гарэцкі адзін з першых сярод нас пачаў пісаць па-беларуску карэспандэнцыі і малыя апавяданні з жыцця магілёўскіх сялян, адсылаючы іх у рэдакцыю “Нашай Нівы”. Варта паслухаць яго гутарку, нашу мову, якая гучала ў яго вуснах, як песня, каб запомніць яго на ўсё жыццё”.
Невялікія нататкі, допісы, фельетоны М. Гарэцкага друкаваліся ў “Нашай Ніве” за подпісамі М. Б., Беларус, М. Беларус і Максім Беларус. Першая такая нататка з’явілася ў “Нашай Ніве” 26 верасня 1912 г. Сапраўднае прозвішча аўтар паставіў толькі на кнізе “Рунь” (1914, Беларускае савецкае таварыства ў Вільні).
У ліпені 1914 г. у часопісе “Украинская жизнь” з’явіўся артыкул “Белорусское возрождение” М. Багдановіча, дзе ён прыгадваў кнігу “Рунь” Гарэцкага, а яе аўтара адносіў да людзей, якія ўжо тады займалі прыкметнае месца ў беларускай культуры, нямала зрабілі для развіцця беларускага-нацыянальнага вызваленчага руху і былі віднымі дзеячамі нацыянальнага адраджэння: “Менавіта дзякуючы іх стойкасці і самаадданасці, беларускі рух, які знайшоў цяпер цвёрдую апору ў шырокіх кадрах беларускай інтэлігенцыі, вытрымаў увесь цяжар першых гадоў свайго існавання, набыў сваё цяперашняе ідэйнае аблічча і нябуйнымі, але глыбокімі, несціральнымі літарамі ўрэзаў сваё імя на скрыжалях сусветнага літпрагрэсу”.
Ужо ў самым пачатку творчага шляху М. Гарэцкі паказаў сябе эрудыраваным пісьменнікам, які добра ведаў творчасць такіх волатаў рускай, украінскай і польскай літаратур, як А. Пушкін і М. Гогаль, Л. Талстой і Ф. Дастаеўскі, Т. Шаўчэнка і А. Міцкевіч, глыбока разумеў іх выключную ролю ў духоўным жыцці сваіх нацый, востра адчуваў патрэбы літаратурнага развіцця беларусаў. Пра гэта можна меркаваць з двух праграмных артыкулаў, апублікаваных Максімам Іванавічам у 1913-1914 гг.: “Наш тэатр” і “Развагі і думкі”. У іх ён упершыню выявіў сябе як тэарэтык-публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, тэатра, літаратуры, мовы.
Нельга не згадзіцца з меркаваннямі літаратуразнаўцы Д. Бугаёва: “... галоўны пафас гэтых артыкулаў зусім выразны і канкрэтны - абарона права народа на сваю нацыянальную культуру. У тыя часы... гэта была вельмі актуальная задача, бо якраз у праве на самастойнае нацыянальнае развіццё, на будаўніцтва ўласнай нацыянальнай культуры адмаўлялі беларусам, з аднаго боку, рускія чарнасоценцы на чале з царызмам, а з другога - польскія шавіністы. I тыя, і другія ўпарта не хацелі прызнаць беларусаў народам, самастойнай, самабытнай нацыяй, няхай сабе і вельмі блізкай, роднай такім братнім славянскім народам, як рускія, украінцы або палякі...
Артыкул “Наш тэатр” непасрэдна ставіць пытанне аб ролі тэатра ў нацыянальна-вызваленчым руху, у беларускім адраджэнні, у развіцці самасвядомасці беларускага народа. Але аўтар разам з тым закранае і многія іншыя пытанні. Ён імкнецца вызначыць асобныя рысы нацыянальнага характару беларусаў, абгрунтоўвае думкі пра добрую змястоўнасць, яркасць і каларытнасць народнай мовы, сцвярджаючы тым самым, што наш народ гэтак жа, як і кожная нацыя, мае свае вялікія вартасці... не бяднейшы за любы другі народ”.
Нельга без хвалявання чытаць наступныя радкі: “Каб прыдумацъ і сказаць ладную беларускую прыказку, - трэба мець мастацкую і глыбокую душу. Трэба быць артыстам, відзячым чалавека і жыццё наскрозь з аднаго погляду...
А трэба паказаць беларусу са сцэны, што так жыць, як ён жывець, няможна, гэткага жыцця няможна трываць...
I трэба яшчэ паказаць беларусу са сцэны, што ён - чалавек і што ён павінен мець чалавечы гонар. I павінен дзетак сваіх гадаваць з сумленнем...
I трэба паказаць беларусу са сцэны, што ён маіць слаўнае прошлае...
I трэба паказаць беларусу са сцэны, што за чалавек той, каторы спіць без канца краю, якой вартасці гэты чалавек і што жджэць яго ў будучыні...
Тэатр наш павінен стаць храмам Нашага Адраджэння... <...>
Трэба, каб са сцэны беларускага тэатра палілася беларуская песня, каб ад яе павеяла на людзей араматным пахам беларускай народнай паэзіі, каб пачулася ў ёй турлычлівая песня жаўраначка пад вясеннім небам над зялёнай рунню, каб у ёй пачуўся і далёкі спакойна-тужлівы гук бяроставай трубы хлопчыка, што кароў пасе каля рэчкі, і шум бясконцых лясоў непраходных, і “шэпты спелых каласоў”...”.
Ацэньваючы раннюю творчасць М. Гарэцкага, Алесь Адамовіч адзначыў: “Аказалася, што ў маладога 20-гадовага студэнта-каморніка ёсць цэлая праграма грамадскай, культурнай дзейнасці. Ёсць свой, вельмі ж своеасаблівы погляд на беларускі нацыянальны характар, на тое, як пісаць і што пісаць, разумение, што ёсць, а чаго няма ў маладой беларускай літаратуры...
Першыя ж артыкулы яго - “Наш тэатр”, “Думкі і развагі” здзіўляюць нечакана сталым клопатам пра лёс нацыянальнай культуры, літаратуры, інтэлігенцыі, народа. Аказалася, што маладому каморніку з Малой Багацькаўкі ёсць што сказаць аб справах і клопатах зусім не мясцовых.
Ролю беларускага літаратара малады Максім Гарэцкі расцэньвае як нешта вельмі адказнае, высокае, што патрабуе ад чалавека вялікай грамадзянскай, нацыянальнай свядомасці, але ёй чужая правінцыяльная замкнёнасць.
У артыкуле “Наш тэатр”, напісаным трохі “біблейскім”, трохі “прароцкім” стылем, выказваецца яго высокае разумение той ролі, да якой беларускім літаратарам, беларускай літаратуры трэба дарастаць - раўняючыся на Купалу, на Коласа раўняючыся...
Бачыце (гаворка ідзе пра выказванне М. Гарэцкага, што тэатр наш павінен стаць храмам Нашага Адраджэння. - Э. I.) - гэта як бы купалаўскае “А хто там ідзе?” звернутае стылем, пафасам да самой літаратуры.
Чалавек з вясковай прагай бярэ тое, што дае яму адукацыя, кніга, і ўсё гэта не адгароджвае яго ад свайго, ад народнага, забыта-нацыянальнага, а наадварот толькі павышае нацыянальна-культурную ацэнку і самаацэнку...”.
У 1918 г. у Вільні выйшла ў свет кніга палітычнага дзеяча і літаратурнага крытыка Антона Луцкевіча “Нашы песняры: Літаратурна-сацыяльныя нарысы”. Яе артыкул “Ідэолаг народнае інтэлігенцыі” прысвечаны М. Гарэцкаму, якога А. Луцкевіч лічыць “найглыбейшым з ідэолагаў беларускае адраджэнскае народнае інтэлігенцыі”. Крытык паважае яго як “натуру абдораную, чуткую і адзыўчывую на ўсё, што робіцца навокал”. Менавіта гэтым аўтар тлумачыць няспынныя пошукі пісьменнікам свайго ідэалу: “Гарэцкі асабліва востра перажывае і шуканьне грамадзкага ідэалу, і захапленьне агульналюдскімі пытаньнямі і містычнымі настроямі, і ўрэшце даходзіць да яўнага нацыянальнага ідэалу”.
Перад намі паўстае вобраз трохі нечаканага М. Гарэцкага - фанатыка беларускай справы: “Беларуская нацыянальная справа, справа нацыянальнага адраджэньня беларускага народу - гэта найвышэйшы дагмат грамадзкае рэлігіі Гарэцкага”. А. Луцкевіч падтрымліваў М. Гарэцкага ў памкненні сінтэзаваць духоўнае і нацыянальнае, бачыў менавіта гэты шлях перспектыўным для адраджэння беларускага народа.
У лістападзе 1917 г. М. Гарэцкі прыехаў у Смаленск. Менавіта тут у 1918 г. быў выдадзены “Руска-беларускі слоўнік” братоў Гарэцкіх, пазней кніга выйшла ў Вільні (1921). У прадмове напісана: “Знібеіць сэрца за розныя падзеі і да працы гукаіць, бо ўсякая наша бава а маруда надаюць сораму ад іншых народаў і нясуць кару - сканання мовы бацькоўскае ці, маўляў, душы беларускае, хаця ж уціскі незлічоныя мы вытрывалі, і ўжо здавалася, нібы то і сонца ў ваконца бліснула. “Каб не памёрлі” - загадаў наш пясняр-нябожчык”. Гэта першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт пісьменніка ў галіне лексікаграфіі, паспяхова прадоўжаны ў наступныя гады. Так, М. Гарэцкаму належыць яшчэ “Невялічкі беларуска-расійскі слоўнік” (Вільня, 1919), які меў тры выданні (апошняе называлася “Беларуска-расійскі слоўнічак”, выйшла ў Савецкай Беларусі ў 1925 г.).
Складзены М. Гарэцкім разам з М. Байковым “Практычны расійска-беларускі слоўнік” на 20 тысяч слоў з’явіўся ў Мінску ў 1924 г. Праз два гады Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі выпусціла дапоўненае выданне гэтай грунтоўнай працы. Яе аўтары ставілі перад собой задачу “даць практычную дапамогу пры пераходзе на беларускую мову ў выкладанні навук у беларускіх школах і вядзенні спраў у беларускіх дзяржаўных, грамадскіх і кааперацыйных установах”. Кідаючы агульны погляд на гісторыю нашага моўнага развіцця, складальнікі слушна падкрэслівалі, што старая беларуская літаратурная мова была высока культурная для свайго часу і з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім.
Двухмоўныя перакладныя слоўнікі М. Гарэцкага адпавядалі канкрэтным патрэбам дня і звычайна прыхільна ацэньваліся сучаснікамі, у тым ліку спецыялістамі-філолагамі. М. Гарэцкі працаваў як энтузіяст, кіруючыся пашанай і любоўю да мовы, клапоцячыся, каб жыло і развівалася, не траціла каларытнасці роднае беларускае слова. Слоўнікавыя працы М. Гарэцкага пакінулі прыкметны след у гісторыі беларускай лексікаграфіі, фактычна вызначыўшы цэлы этап яе станаўлення і развіцця.
З ліпеня 1919 г. Максім Іванавіч працаваў выкладчыкам беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні і адначасова ў Віленскай беларускай гімназіі. Таксама ён выкладаў беларускую мову ў Праваслаўнай духоўнай семінарыі і рэдагаваў газеты прагрэсіўнага кірунку: “Беларускія ведамасці”, “Наша будучыня”, “Наша думка”.
У 1920 - 1926 гг. у Вільні, Маскве-Ленінградзе і Мінску выйшлі чатыры выданні “Гісторыі беларускае літаратуры” М. Гарэцкага. На працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя кніга служыла адзіным падручнікам для сярэдняй і вышэйшай школы. Выданне вылучаецца тонкасцю назіранняў, уменнем разглядаць літаратурныя з’явы на шырокім гістарычным фоне, вобразнасцю і даступнасцю выкладання. У “Гісторыі беларускае літаратуры” дадзены сістэматызаваны, глыбока навуковы і адначасна шырокадаступны аналіз тысячагадовага шляху беларускага прыгожага пісьменства – да дахрысціанскай міфалогіі, старажытна-літаратурных помнікаў да творчых набыткаў пачатку 1920-х гг. Кніга насычана багатай фактурай, арыгінальнымі прыкладамі з літаратурных першакрыніц, характарызуецца цэласным спалучэннем літаратуразнаўчых і гісторыказнаўчых задач, прасякнута нацыянальна-патрыятычным пафасам і высокім мастацкім густам.
22 лістапада 1920 г. у “Нашай Ніве” змешчана рэцэнзія Антона Навіны (Антона Луцкевіча) на “Гісторыю беларускае літаратуры” М. Гарэцкага: “Мы горача вітаем працу М. Гарэцкага. Яна бясспорна мае вагу не толькі як учэбнік, але і як адзін з фактараў усведамлення “маладых” беларусаў, каторыя так мала ведаюць аб сваім народзе, аб яго гісторыі і літаратуры. Яна пакажа і нашым суседзям, якія культурныя скарбы меў і мае беларускі народ...
Яна павінна апынуцца ў руках кожнага свядомага беларуса, у кожнай бібліятэцы”.
Праз 58 гадоў беларускі паэт і празаік М. Лужанін пісаў згодна з павевамі свайго часу: “I яшчэ адна акалічнасць вылучае згаданую работу: яна напісана вельмі проста - прачытаў старонку і адразу ж запомніў.
Гэта ўжо заслуга Гарэцкага-пісьменніка, ён умеў падаваць думку лаканічна і даходліва. Меў невычэрпны лексічны матэрыял і па-майстэрску валодаў народнай фразеалогіяй. Як ні шкада, але бесстаронні твар гісторыка засланіў ад многіх з нас жывое, своеасаблівае, багатае на адценні аблічча мастака”.
Складзеная пісьменнікам грунтоўная і вельмі цікавая “Хрэстаматыя беларускай літаратуры. XI век - 1905 год” з’явілася ў 1922 г. Яна павінна была дапоўніць напісаны аўтарам гісторыка-літаратурны курс падборкай мастацкіх тэкстаў.
Тэксты для чытання і завучвання на памяць змяшчаліся М. Гарэцкім у 1921 г. і ў “Дэкламатары”. Акрамя таго, ён выпусціў некалькі зборнікаў “Беларускіх ведамасцей”, дзе перадрукаваў найбольш істотныя мастацкія творы з аднайменнай газеты.
З лютага 1922 г. Максім Іванавіч чатыры месяцы чытаў лекцыі на Беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску. 22 кастрычніка 1922 г. у Беларускай гімназіі ў Вільні М. Гарэцкі прачытаў лекцыю на тэму “Доктар Францыск Скарына”, а ў пачатку лістапада - лекцыю пра В. Дуніна-Марцінкевіча.
На запрашэнне выдатнага расійскага і беларускага вучонага-славіста, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта У. Пічэты М. Гарэцкі з сям’ёй у кастрычніку 1923 г. пераехаў у Мінск. Тут ён выкладаў беларусазнаўства навучэнцам рабочага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а потым - выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Адначасова Максім Іванавіч стварыў гурток беларускай культуры на рабфаку БДУ. У студзені 1924 г. М. Гарэцкі наведаў Віцебск, дзе чытаў лекцыі па фальклоры. Ён выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР у Мінску. З верасня 1925 г. праца ў гэтай установе стала асноўнай для М. Гарэцкага.
16 студзеня 1925 г. Народны камісарыят асветы БССР зацвердзіў новы склад правадзейных членаў Інстытута беларускай культуры, у які ўвайшоў і М. Гарэцкі.
Хоць пра лёс і творчасць пісьменніка-даследчыка напісана даволі шмат, перыяд працы Максіма Іванавіча ў Інбелкульце даследаваны недастаткова. Гэта кароткі, але вельмі плённы перыяд жыцця выдатнага беларусазнаўцы, які заслугоўвае асобнай кнігі.
Прывядзем толькі некаторыя фрагменты з фондаў Цэнтральнага навуковага архіва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і беларускага друку 1920-х гг.
4 лютага 1925 г. М. Гарэцкі і М. Байкоў узначалілі слоўнікавую камісію Інстытута беларускай культуры.
8 лютага 1925 г. на агульным сходзе Інбелкульта абрана слоўнікавая камісія, старшынёй якой (часова) прызначаны М. Гарэцкі.
9 лютага таго ж года адбылося пасяджэнне Прэзідыума Інстытута беларускай культуры, дзе слухалася пытанне пра фарміраванне яго секцый. У спісе, прыкладзеным да пратакола пасяджэння, пазначана, што М. Гарэцкі ўзначальвае мовазнаўчую і літаратуразнаўчую секцыі.
Даследчык энергічна працягваў папярэднюю працу прапагандыста беларускай мовы і літаратуры. Пра гэта сведчыць беларускі друк сярэдзіны 1920-х гг. У лютым 1925 г. у Мінску Максім Іванавіч двойчы (у школе і народным доме) выступіў з лекцыяй “Беларуская мова і гісторыя беларускай літаратуры”. У тым жа месяцы Народны камісарыят асветы Беларусі камандзіраваў яго ў Калінінскую акругу для чытання лекцый па беларусазнаўстве.
15 лютага 1925 г. адбылося пасяджэнне Правапісна-тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта ў складзе Я. Лёсіка, М. Азбукіна і К. Міцкевіча (Я. Коласа). Для працы ў камісіі было вырашана запрасіць Я. Купалу, М. Гарэцкага і У. Чаржынскага.
26 лютага таго ж года Максім Іванавіч прысутнічаў на сходзе камісіі па складанні слоўніка беларускай мовы.
30 сакавіка 1925 г. на агульным сходзе членаў Інстытута беларускай культуры быў зацверджаны склад літаратурнай камісіі, старшынёй якой абраны I. Замоцін, а сакратаром М. Гарэцкі. Акрамя таго, у Склад Навуковай рады ад правадзейных членаў Інбелкульта дадаткова абралі К. Міцкевіча (Я. Коласа), М. Гарэцкага, В. Друшчыца і кандыдатам да іх - І. Луцэвіча (Я. Купалу).
У дакладзе прафесара I. Замоціна “Літаратурная камісія Інбелкульта ў працэсе працы над зборам твораў М. Багдановіча. Падрахункі і перспектывы”, які датуецца не пазней за 12 лістапада 1925 г. занатавана: “...камісія пачала працу ў складзе старшыні праф. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта І.І. Замоціна і сакратара - М. I. Гарэцкага ў палове сакавіка м[есяца] г. г. <...>
...Вехі працы былі вызначаны ў наступным відзе:
- агульны агляд рукапісных і іншых матэрыялаў,
- працы па чытанню і капіяванню рукапісаў,
- працы па першапачатковаму адбору матэрыялаў для друку.
Камісіяй складзен быў гэтак сама заклік да шырокіх колаў грамадзянства з просьбай дапамагаць у працы па збіранню твораў Багдановіча шляхам прысылкі матэрыялаў ці тых ці іншых звестак аб паэце, зваротак быў надрукаваны ў газетах: “Звязда” і “Савецкая Беларусь”.
Самы працэс працы камісіі адбываўся ў наступным парадку. Па-першае, была расчытана папка рукапісаў, абгарэўшых у час пажара ў Яраслаўлі. Расчытванне гэтых рукапісаў запатрабавала вялікай працы і напружанай увагі нярэдка не толькі простым вокам, але і праз павялічанае шкло не ўдавалася ўстанавіць тэкст, абгарэлыя краі рукапіса пры гэтым рассыпаліся пры пёршым датырканні, а з попела аднаўляць тэкст было ўжо немагчыма. Дзякауючы працы М. I. Гарэцкага, часткова і Ул. Дубоўкі, камісія расчытала гэтую частку рукапісаў і не без вынікаў: была адрэдагавана да друку больш за дваццаць новых (яшчэ да цяперашняга часу нявыдрукаваных вершаў) Багдановіча, з якіх частка зусім закончаных, а іншыя толькі эскізы (нарысы), не пазбаўленыя аднак мастацкага значэння, пры гэтым перапісвалася з абгарэлае пачкі па магчымасці ўсё, што было магчыма разабраць для таго, каб не толькі выкарыстаць закончаныя творы паэта для друка, але і захаваць яго накіды і паасобныя радкі для будучага даследчыка яго стылю і паэтыкі ў шырокім сэнсе слова, застаўлялась без перапіскі тое, што цалкам не паддавалася расчытванню. Апроч абгарэлае пачкі, зазначаннай у сабранні рукапісаў паэта № 11, найвялікшую труднасць у сэнсе расчытвання прадстаўляла пачка № 1, якая змяшчае артыкулы ў прозе... Расчытванне пачкі № 1 было пачата М. I. Гарэцкім, но ў хуткім часе было пакінута з прычыны выхаду яго са складу камісіі [з 1 чэрвеня 1925 г.]”.
На ўрачыстым пасяджэнні літаратурнай камісіі Інстытута беларускай культуры, прысвечаным 20-годдзю літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы (май 1926 г.), М. Гарэцкі зрабіў даклад пра ролю песняра ў беларускім нацыянальна-культурным адраджэнні. Па яго прапанове сход ушанаваў маці і жонку паэта, якія прысутнічалі на мерапрыемстве.
Разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым у пачатку 1925 г. Максім Іванавіч пачаў рыхтававаць зборнік “Народныя песьні з мэлёдыямі”. У 1928 г. ён быў выдадзены Інбелкультам. Туды ўвайшло 318 песень, запісаных ад маці Максіма Ефрасінні Міхайлаўны Гарэцкай. Сярод іх малавядомая “Кума мая, кумачка”. Яе мелодыю выкарыстаў М. Аладаў у оперы “Тарас на Парнасе”, П. Падкавыраў - у Другім скрыпічным канцэрце, Р. Пукст - у Другой сімфоніі. Песню “Па гарохаўю, па ячанню” выкарыстаў Я. Цікоцкі ў оперы “Міхась Падгорны”, М. Аладаў - у фінале “Квінтэта”; песню “Ты, чырвоная каліна” - кампазітар М. Крошнер у балеце “Салавей”, Я. Цікоцкі - у Першай сімфоніі, Я. Глебаў - у Канцэрце для голасу з аркестрам. Кніга “Народныя песьні з мэлёдыямі” хутка стала бібліяграфічнай рэдкасцю.
З 1 лютага 1926 г. Максім Іванавіч працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. 3 1 кастрычніка 1927 г. яго прызначылі дацэнтам кафедры беларусазнаўства ў гэтай акадэміі.
У лютым 1926 г. М. Гарэцкі выступіў на III Усебеларускім краязнаўчым з’ездзе з дакладам “Збіранне і апрацоўка фальклору”.
Вялікі рэзананс меў яго даклад “Нашаніўскі перыяд у беларускай літаратуры”, зроблены 18 лістапада 1926 г. на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі.
Мала каму вядома, што ў чэрвені 1927 г. М. Гарэцкі быў прызначаны “старшынёй выпытальнай камісіі па беларускай мове” Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
Нельга не згадзіцца з думкай акадэміка Радзіма Гарэцкага, што М. Гарэцкі стварыў моцную кафедру, на якой працавалі Юрка Гаўрук, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў. Усе - актыўныя сябры аршанскай філіі “Маладняка”. Пісьменнік многа дапамагаў ім, не толькі парадамі, але і ўдзелам у літаратурных вечарах.
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Ганчарык, блізкі з братамі Гарэцкімі, у размове з аўтарам гэтых радкоў адзначыў: “Максім Іванавіч аказаў значны ўплыў на фарміраванне светапогляду і станаўленне творчасці такіх маладнякоўцаў, як Тодар Кляшторны, Юлій Таўбін, Васіль Каваль, Алесь Вечар, Уладзіслаў Прыбыткоўскі, Герасімовіч, Аляксееў”.
Праз шмат гадоў Ю. Гаўрук успамінаў: “Гарэцкі вельмі любіў выкладаць мову. <...> У той час выходзіла вельмі многа сельскагаспадарчых брашур па самых розных пытаннях земляробства, жывёлагадоўлі. Усе яны ў значнай колькасці траплялі ў сельскагаспадарчую акадэмію. Студэнты перакладалі гэтыя брашуры з рускай мовы і тым самым засвойвалі тэрміналогію і набывалі практыку перадачы думак па-беларуску. Мы кантралявалі гэты пераклад, памылкі перакладу аналізавалі ў аўдыторыі... <...> Яго падтрымлівала незвычайная вернасць, адданасць літаратуры, навуцы, народу свайму беларускаму...”.
2 кастрычніка 1928 г. Максім Іванавіч быў прызначаны вучоным спецыялістам Інстытута навуковае мовы Інстытута беларускай культуры, пасля пераўтварэння Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук у студзені 1929 г. ён заставаўся на гэтай пасадзе. Адначасова пісьменнік з’яўляўся кіраўніком дыялекталагічнай камісіі і, магчыма, быў у экспедыцыі на Гомельшчыне.
Мала каму вядома, што М. Гарэцкі не баяўся выступіць у абарону пісьменнікаў, арыштаваных органамі АДПУ. Так, 1 студзеня 1927 г. ДПУ БССР па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць буржуазнай Польшчы быў арыштаваны беларускі драматург і тэатральны дзеяч, публіцыст і празаік Ф. Аляхновіч. Ён быў асуджаны на 10 гадоў высылкі на Салавецкія астравы.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь сярод матэрыялаў Прадстаўніцтва КПЗБ пры Камінтэрне захоўваецца ліст-хадайніцтва, скіраваны ў абарону Ф. Аляхновіча. Ён напісаны 10 лістапада 1927 г. М. Гарэцкім, які пасля пастановы бюро ЦК КП(б)Б аб немагчымасці ставіць пытанне пра перагляд прысуду па справе Ф. Аляхновіча зрабіў спробу ўзняць гэтае пытанне ў міжнародных арганізацыях. Ліст заканчваецца наступнымі словамі: “Во имя революционной справедливости, во имя чести человека, писателя, артиста. Во имя хоть кое-каких заслуг в прошлом, во имя белорусской литературы и театра, из внимания советской власти к престарелой матери. К маленьким детям, - это дело нужно ещё раз тщательно пересмотреть”.
10 снежня 1928 г. М. Гарэцкі разам з Я. Купалам, Я. Коласам, 3. Бядулем, В. Ластоўскім, С. Некрашэвічам, Я. Дылам, У Галубком, Ф. Ждановічам, М. Грамыкам падпісаў хадайніцтва старшыні СНК БССР М. Галадзеду ў абарону Ф. Аляхновіча.
Нягледзячы на некаторыя нападкі, творчасць М. Гарэцкага з 1928 г. атрымлівала высокую ацэнку. Так, у даследаванні “Максім Гарэцкі (спроба манаграфіі аб творчасці)”, апублікаваным у часопісе “Узвышша”, Антон Адамовіч адзначыў: “Мы ўжо не кажам тут аб значэньні М. Гарэцкага як першага пісьменніка выключна празаіка ў нашай літаратуры, як першага пісьменніка-псыхолінгвіста, як першага стварыцеля вялікіх рэчаў у гэтай літаратуры... Мы ня можам маўчаць пра значэньне М. Гарэцкага як выяўляльніка пануючага тыпу эпохі беларускага адраджэння, якое адно дае права на пачэснае месца ў гісторыі літаратуры гэтай эпохі”.
Прайшло болmш за 70 гадоў пасля гэтай ацэнкі. У другім томе фундаментальнага акадэмічнага выдання “Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.” адзін з самых аўтарытэтных беларускіх літаратуразнаўцаў М. Мушынскі так характарызаваў асобу Максіма Іванавіча: “Максім Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячоў беларускай культуры. Яго творчасць уяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. М. Гарэцкі - асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону - таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці. М. Гарэцкі - гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў”.
Трэба дадаць, што Максім Гарэцкі быў унікальным беларусазнаўцам і цяжка пераацаніць яго ўнёсак у беларускае і сусветнае беларусазнаўства.