Алесь Марціновіч

Заўважаны Максімам Гарэцкім

«Па натуральнасці, цікавасці і жывасці апавядання Сымон Хурсік у маладнякоўскай прозе займае першае месца», — так пісаў Максім Гарэцкі ў сваёй даследчыцкай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923—1928», разглядаючы творчасць аўтараў, якія ўваходзілі ў гэтае літаратурнае згуртаванне, і на той час дабіліся значных мастакоўскіх поспехаў. Адзнака высокая, ведаючы строгасць у ацэнках і патрабаваннях М. Гарэцкага. Істотна і тое, што ў раздзеле «Біяграфічна-крытычны слоўнік сучасных выдатных і тыповых маладнякоўцаў», дзе гаворыцца пра С. Хурсіка, не абыдзены ўвагай і такія празаікі, як Платон Галавач, Васіль Каваль, Міхась Лынькоў, Рыгор Мурашка, а без іх, як вядома, сёння немагчыма ўявіць сабе гісторыю беларускай літаратуры. У гэтай кагорце, як бачым, С. Хурсік не проста згаданы, а як апавядальнік нават пастаўлены на першае месца.

Тым больш прыкра, што ў дачыненні да гэтага самабытнага пісьменніка назіраецца несправядлівасць. Калі кнігі тых, хто ўваходзіў у літаратуру разам з ім, перавыдаюцца, дык ягоныя творы можна прачытаць толькі ў перыёдыцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя, а яшчэ ў двух ягоных прыжыццёвых зборніках. Да ўсяго апавяданне «Янка з Падлесся» апублікавана ў двухтомнай «Анталогіі беларускага апавядання» (1957). Трапіла яно ў гэтае аўтарытэтнае выданне дзякуючы таму, што адным са складальнікаў «Анталогіі…» быў сябра юнацтва С. Хурсіка Ян Скрыган.

Ён сабраў і найбольш пэўныя звесткі пра С. Хурсіка, у лісце да якога ў свой час папрасіў падрабязна расказаць пра сябе, паколькі творам у «Анталогіі…» папярэднічаюць даведкі пра аўтараў. А пасля выхаду двухтомніка Я. Скрыган напісаў арыгінальны матэрыял «Біяграфія», у якім да асобных эпізодаў з аўтабіяграфіі С. Хурсіка даў разгорнутыя тлумачэнні, успамінаючы тое, што звязвала іх абовух у час маладосці, прыгадваюцца і пазнейшыя жыццёвыя варункі, калі іх шляхі-дарогі нечакана-негадана разышліся. «Біяграфія» напісана ў 1969 годзе, пазней Я. Скрыган дапрацаваў яе і цяпер яна перадрукоўваецца з двума датамі ўнізе: «1969—1977». Апошні раз гэты матэрыял змешчаны ў кнізе Я. Скрыгана «Некалькі хвілін чужога жыцця» (выданне другое, дапоўненае, 1990).

Сымон Хурсік — родам з вёскі Снуснік колішняга Ігуменскага павета, а цяперашняга Пухавіцкага раёна. Нарадзіўся 31 студзеня 1902 года. Гэта па старым стылі, а па новым атрымліваецца 13 лютага. Так званы чортаў тузін. Вядома, якое стаўленне ў многіх з нас да гэтай «магічнай» лічбы. У сувязі з гэтым не адбылося без насцярожанасці да яе і ў С. Хурсіка. Я. Скрыган успамінае ў «Біяграфіі»: «Я ведаў адну датклівую рысу яго характару: насцярожанасць да лёсу. Думалася, што нездарма ўпамянуты новы стыль (калі Хурсік паведамляў пра дату свайго нараджэння — А. М.), што зараз праўдамі і няпраўдамі, за ўсю доўгую непрыветнасць свайго жыцця ён пачне наракаць на гэтую лічбу трынаццаць. Але ён сябе перасіліў».

Тады дык перасіліў, а ў іншых выпадках, з іншай нагоды? Асабліва, калі гнялі, быццам абцугамі «ціснулі» думкі аб тым, што многае ў яго жыцці так і не здзейнілася, а ягоны літаратурны лёс быў зламаны. На душы станавілася пакутліва-балюча, а на сэрцы — нясцерпна-горка. У гэтыя цяжкія моманты верылася, што і на самай справе прычына ў лічбе трынаццаць, якая і наканавала яму ўсе беды. Праўда, праходзіў некаторы час, пакрысе супакойваўся і разам з гэтым упэўніваўся, што ніякай магічнасці ў дачыненні да яго няма. Хіба адзін ён такі нешчаслівы? Колькі тых, з кім разам уваходзіў у літаратуру, вучыўся, даўно расстраляны ці памерлі, не вытрымаўшы знясільваючай працы ў лагерах! І зусім не трынаццатага чысла яны нарадзіліся. Самому яшчэ хоць крыху пашанцавала…

У 1925 годзе С. Хурсік скончыў Мінскі беларускі педагагічны тэхнікум. Настаўнічаў у мястэчку Валынцы, у Полацку. Потым працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына». Полацк на той час, як вядома, быў адным з гарадоў Беларусі, дзе віравала літаратурнае жыццё. Таленты падтрымлівала і рэдакцыя «Чырвонай Полаччыны», тым больш, што ў ёй неўзабаве пачалі працаваць маладыя на той час літаратары Янка Скрыган і Пятрусь Броўка, які стаў адказным сакратаром, а перад гэтым загадваў аддзелам Полацкага акруговага камітэта камсамола.

Сярод творчай моладзі С. Хурсік карыстаўся аўтарытэтам. Я. Скрыган сведчыць: «Ён ужо быў далёка вядомы: меў кніжку, выдадзеную ў «Маладняку» з аўтаравым партрэтам на белай, дубовымі галінкамі аздобленай вокладцы — «Першы паўстанак». Тую кніжку я чытаў, лежачы на верхнім палку ў вагоне па дарозе з Слуцка ў Расоны, пры агарку свечкі, што ўсю ноч канала ў закураным ліхтары. І, памятаю, увесь час дзівіўся ваяўнічай абачлівасці натуры Адама Залеса, якому ніяк не ўдавалася прымераць сябе да рэвалюцыі. І вось ён, аўтар таго Адама Залеса, сядзеў і гаварыў з намі».

Адам Залес — герой аднайменнага апавядання С. Хурсіка, дарэчы, яго першага апублікаванага твора. Апавяданне надрукавала газета «Савецкая Беларусь» у 1924 годзе (нумары за 12, 13, 15, 16 і 19 красавіка), а праз год у «Кніжцы «Маладняка» пад нумарам восем з’явіўся і згаданы Я. Скрыганом зборнік С. Хурсіка «Першы паўстанак», у якім акрамя «Адама Залеса» змешчана і апавяданне «Вырвалася».

Хоць у 20—30-я гады выдавецкія работнікі працавалі куды больш аператыўна і таленавітыя творцы даволі лёгка пачыналі свой шлях у літаратуры, тым не менш выпадак рэдкі, каб першае надрукаванае апавяданне мала каму вядомага аўтара адразу ж трапіла ў кніжку. Было чаго ганарыцца. Бадай, гэтая «хвароба» не мінула і С. Хурсіка: «… ён не любіў асабліва мірнай гаворкі, не прызнаючы за намі роўнага права разбірацца ў з’явах літаратуры». Тым больш, як піша Я. Скрыган далей, аўтарытэт яго ў «Чырвонай Полаччыне» цанілі: «…мы прызнавалі за ім бясспрэчную зверхнасць старэйшага. Адзнакаю яго старэйшасці быў яго роўны, ціхі настойлівы голас, сухі строгі твар з пільнымі цёмна-сінімі вачыма, гладка зачэсаныя на правы бок валасы, пад якімі ўжо тады, здавалася, прасвечвалася лысіна».

Сымон Хурсік пісаў не толькі прозу, а і вершы, а ў прозе не задавальняўся жанрам апавядання. У 1926 годзе ў альманаху Полацкай філіі «Маладняка» — «Надзвінне» — была апублікавана яго невялікая аповесць «Францішак Скарына», у якой, канечне ж, закранецца гістарычная праблематыка. Калі пачаў вучыцца на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (у 1927 годзе паступіў адразу на другі курс, скончыў універсітэт у 1930-м), друкаваўся ў часопісе «Маладняк». І з апавяданнямі выступаў, апублікаваў нарыс… Аповесць жа «Чорны млын» заняла чатыры нумары: 1929, 11 — 12; 1930, 1—2. У 1930 годзе выйшаў ягоны другі зборнік апавяданняў «Шляхам навальніц».

Крыж на спакойным, упэўненым жыцці С. Хурсіка быў пастаўлены 18 ліпеня 1930 года, а 10 красавіка 1931-га яго асудзілі на пяць гадоў высылкі ў г. Йашкар-Ала. Калі тэрмін скончыўся, вярнуўся ў Мінск, але доўга ў сталіцы Беларусі не затрымаўся: загадалі ў дваццаць чатыры гадзіны пакінуць радзіму. Прыезд быў да таго нечаканы, а ад’езд такім хуткім, што нават блізкія сябры С. Хурсіка пра гэта нічога не ведалі. А сам ён страшэнна перажываў. І за ранейшую несправядлівасць, калі мусіў адпраўляцца ў высылку, але і не ў меншай ступені за новую. На лепшае спадзявацца не даводзілася, а значыць, трэба было забываць пра літаратуру — для каго пісаць, калі няма магчымасці друкавацца.

Шукаў спагады і не знаходзіў яе. Не атрымалася паразумення і з блізкімі сябрамі, набалелым з якімі паспрабаваў падзяліцца ў лістах. Не зразумеў яго і Я. Скрыган, які, як чалавек сумленны, у «Біяграфіі» шчыра прызнаўся: «Недзе ў тым жа 1936 годзе я атрымаў ад яго ліст. Невясёлы, поўны адчаю і душэўнага болю. У тым лісце ён скардзіўся на адзіноту і забытасць, параўноўваючы гэта з заўчасным скананнем, бо наўрад ці ўдасца ўжо акрыяць, каб да прывычнай работы вярнуліся рукі. Я мала што разумеў у далёкіх і складаных тады акалічнасцях яго лёсу, не ведаў пра тыя дваццаць чатыры гадзіны і адказаў з бестурботнаю зухаватасцю: ты, бач, заўсёды любіў згушчаць фарбы, быў лёгкі на крыўды, а трэба ўмець падняцца на вышыню часу і пакорна панесці нават ахвяры, калі яны патрэбны вялікім ідэалам і справам».

Дарэчы, у канцы 1936 года і сам Я. Скрыган быў арыштаваны. А С. Хурсіку давялося прызвычаіцца да лёсу. Настаўнічаў у школах Марыйскай і Чувашскай АССР, а ў 1937 годзе пераехаў у г. Петрапаўлаўск Казахскай ССР. Дапамагло веданне нямецкай мовы, якую і пачаў выкладаць у школах і тэхнікумах. Настаўнікі перад вайной мелі браню, таму яго не прызвалі ў армію, а паколькі Казахстан знаходзіўся ў глыбокім тыле, браня спачатку дзейнічала і ў вайну. Аднак 6 мая 1942-га С. Хурсік атрымаў мабілізацыйную позву. На фронце быў наводчыкам мінамёта, пісарам. Двойчы кантузіла, з баямі дайшоў да Германіі, дзе не мінула яго чарговае выпрабаванне лёсу. Як прызнаваўся ў лісце Я. Скрыгану, «фарсіравалі рэчку Нараў, занялі плацдарм… Наскочылі на нас «тыгры». Папаў у палон». З палону ўцёк толькі 29 красавіка 1945 года пад Берлінам, а ў сярэдзіне жніўня быў дэмабілізаваны. Вярнуўся ў Петрапаўлаўск, працягваў педагагічную дзейнасць. Не без іроніі пісаў Я. Скрыгану: «…а 18 ліпеня 1947-га дазнаўся, што «няправільна» ўцёк з палону…» Колькі нерваў пільныя службоўцы папсавалі, здароўя забралі! Толькі ў «1956-м усё як след высветлена. Зноў пайшоў працаваць настаўнікам у сярэдніх школах». За даваенныя ж «грахі» С. Хурсіка рэабілітавалі 13 кастрычніка 1958 года. А старасць няўмольна насоўвалася, «пачаў хварэць на гіпертанію і стэнакардыю…» Патрабавалася рэгулярная медыцынская дапамога, таму ў 1964 годзе вырашыў з сям’ёй перабрацца ў Караганду. Праз год, калі здароўе пагоршылася, пайшоў на пенсію.

Не стала С. Хурсіка 31 сакавіка 1972 года.

У высылцы дый пасля вайны доўгі час нічога не пісаў. Падштурхнуў С. Хурсіка зноў узяцца за пяро Я. Скрыган. Пачаў аповесць, чарнавік якой неўзабаве даслаў у «Полымя», але, улічыўшы заўвагі, да ладу рукапіс давесці не паспеў. Аднак тое, што пабачыла свет, дае падставы гаварыць пра С. Хурсіка, як пра пісьменніка, які, нягледзячы на тагачасны свой малады ўзрост, у літаратуру ўваходзіў упэўнена, і высокая ацэнка, дадзеная яму М. Гарэцкім, ніяк не аванс.

Што С. Хурсік добра валодаў пяром, відаць і з яго першага апавядання. Адам Залес, як адзначаў М. Гарэцкі ў той жа працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923—1928», «сын селяніна, але жыў пры дзядзьку ў горадзе, вучыўся ў гімназіі і зрабіўся панам, змагаўся супраць рабочых і сялян. Потым ён пераходзіць да бальшавікоў, але тут ён ужо чужы, «лішні чалавек». Нават бацька глядзіць на яго як на «лішняга чалавека» і адпраўляе ад сябе, з вёскі ў горад. Так і цягаецца Залес, жыве, як «гніль»…

Нешта падобнае сказаў пра галоўнага героя гэтага апавядання і нехта, хто схаваўся за крыптанімам «М. Я.», прадстаўляючы кнігу «Першы паўстанак» у альманаху «Надзвінне»: «Залесы ў наш час — гэта трэскі, якія не могуць прыбіцца ні да аднаго берага і носяцца на грэбнях гэтых хваляў. Яны маюцца ў нас і цяпер. Гэта — пошасць нашай савецкай грамадскасці, ад якой мы паступова вызваляемся. Заслуга аўтара ў тым, што ён у даволі яскравых фарбах перадаў нам прадстаўніка адміраючых людзей».

І шаноўны М. Гарэцкі, і загадкавы «М. Я.», даючы ацэнку апавяданню, ставіліся да вобраза галоўнага героя, адштурхоўваючыся ад рэалій свайго часу. Несумненна, Адам Залес — «лішні чалавек». Але ён лішні, калі падыходзіць да яго з пазіцыі класавасці і ўжо, адштурхоўваючыся ад гэтага, рабіць высновы — патрэбен ён грамадству ці не. Тады і стане зразумелым, што такія людзі не ўпісваюцца ў жыццё. І не таму, што яны благія, а з-за адметнасці ўласных паводзін, пазіцыі, якія так непадобны на паводзіны, пазіцыю іншых людзей.

Сумнення ў тым, што герой С. Хурсіка ўсё ж індывідуальнасць, не можа быць. Пісьменнік і імкнуўся як мага глыбей і лепш спасцігнуць тое, што было ў Залеса на душы. Між іншым, гэта не магла не заўважыць і тагачасная крытыка. Значна пазней, рэцэнзуючы другую кнігу С. Хурсіка «Шляхам навальніц» Хвядос Шынклер («Маладняк», 1930, № 5) прыгадаў і «Першы паўстанак»: «У першай кніжцы Хурсіка зварочвала на сябе ўвагу апавяданне «Адам Залес» — апавяданне, якое ставіць праблему «лішняга чалавека», пры чым аўтар залішне аперыраваў псіхалагічным аналізам».

Дзіўна, аднак, што Хв. Шынклер папракае С. Хурсіка там, дзе, па логіцы, яго трэба хваліць. На самай справе, хіба калі-небудзь у творы можа быць псіхалагічны аналіз залішнім? Яго чым больш, тым лепш. І гэта, здаецца, ні ў кога сумнення не павінна выклікаць. Ды як глядзець! Літаратуры 20—30-х гадоў героі, падобныя Адаму Залесу, былі непатрэбныя. Яе найчасцей цікавілі людзі, якія, не задумваючыся, віталі новае жыццё, хутка «ўпісваліся» ў яго. А значыць, прыносілі карысць грамадству.

«Вечны бяздомны вандроўнік, вечна галодны, абарваны, пакрыўджаны, нікім не прытулены, не прыгорнуты», — гаворыць сам пра сябе Адам Залес, скардзячыся на жыццёвую неўладкаванасць. Твор з традыцыйным сюжэтам, адбываецца выпадковая сустрэча дагэтуль незнаёмых людзей і той, у каго на душы набалела, спяшаецца паскардзіцца чужому чалавеку, не баючыся раскрыцца да канца, бо разумее, што гэтая сустрэча хутчэй за ўсё стане і апошняй, а значыць, няма патрэбы баяцца, што цябе, магчыма, не так зразумеюць, альбо пасля пойдзе непатрэбная пагалоска пра тваё жыццё.

Сымон Хурсік здолеў некалькімі дакладнымі штрыхамі пераканаўча намаляваць партрэт свайго героя: «Перада мною сядзеў аграмадзіна хлапец, гадоў дваццаці шасці. Крыху згорбленая фігура яго гаварыла аб фізічнай сіле, але чыста вымытыя, незапрацованыя рукі і нямы, некалькі меланхалічны твар, сведчылі аб тым, што гэта асоба не зусім з «простых». Буйныя рысы яго твару, мяккі выгляд шэрых вачэй і выдатная лысіна з адкінутымі назад белакурымі валасамі — рабілі ўражанне нездавальнення, патаемнай пакуты і хворага неспакою. Досыць паношаная, але акуратная і яшчэ цэлая чырвонаармейская вопратка дапаўнялі ўсё папярэдняе».

Як відаць, Адам Залес — адзін з тых, чый ужо знешні выгляд сведчыць, што на душы ў чалавека разлад… Ды Залес і не хавае гэтага, паступова і разам з тым неяк спантанна (а як жа інакш, калі пра ўсё хочацца расказаць спадарожніку, а так шмат набалела, што і не ведаеш, за што спачатку ўзяцца), дзеліцца перажытым, раз-пораз адыходзячы ад звыклай плыні аповеду, і тады чарговы раз выплывае тое роспачнае, што не дазваляе яму супакоіцца: «Эт … проста без мэты… Сум… Жыцця… Няма»; «Кашмар… Прабаваў дома жыць — нічога судзьба, бадай, такая. Гэта не судзьба, а нейкая гадзюка чорная, што абвілася ўкруг сэрца і ссе!»; Эх!.. Як дурна, бяссэнсна і бяссумленна ўсё на свеце робіцца!»; «Судзьба ёсць, — толькі яна не ўсім даецца ў рукі; і вось я сам з такіх, каму яна не далася. Няпраўда, я сам яе не ўзяў. Я не хачу яе… чорт з ёю!»; «Цяпер я хворы духам, са мною гэтак часта бывае: сум і расчараванне ў жыцці не даюць спакою. Хварэць я ўжо даўно пачаў…»

А расчараванне ў Адама Залеса з’явілася ад таго, што жыццё яго «закруціла», і ў гэтай віхурнасці ён ператварыўся ў маленькую пясчынку, якую вятры нясуць, куды хочуць. І супраціўляцца марна, бо гэта наўрад ці нешта дасць. Аднак страшней, што ў віхурах, якія веюць наўкола, шмат прыцягальнасці, таму і самому хочацца хоць на якое імгненне адчуць іх бурапеннае дыханне. Затое, як і многія, Залес кідаўся ў крайнасці. Спачатку прымкнуў да партыі кадэтаў, затым перайшоў да правых эсэраў, трапіў на фронт. Паваяваў нядоўга: «увосень бальшавікі чуць галавы не знялі замест пагонаў». Трэба было неякі ратавацца: «Захапілі мяне крыху і новыя, камуністычныя ідэі, але яны мне ўсё ж-такі задавальнення не далі: яны былі для мяне чужымі. Душу агарнуў нейкі невыразны смутак і сум».

Залес хінуўся да адных і нечакана пераходзіў да другіх. Зноў звязаўся з эсэрамі. Якраз імі рыхтавалася паўстанне, але ў апошні момант кіраўнікі кудысьці зніклі, радавыя ўдзельнікі вымушаны былі ратавацца ад чырвоных латышскіх стралкоў…

Блуканне Адама Залеса па пакутах — шлях вельмі цяжкі, пакручасты. У падобных варунках любы разгубіўся б. Нават з моцным, валявым характарам. Што ўжо казаць пра таго, хто такімі якасцямі ніколі не вызначаўся. У раннім узросце адарваны ад вёскі («Я — сын селяніна Менскае губ. Мой дзядзька пры царскім урадзе быў афіцэрам. Васьмі гадкоў ён забраў мяне да сябе ў Петраград, каб «вывесці ў людзі», бо мой бацька быў занадта бедны нават для таго, каб карміць мяне добра»), Залес так і не стаў сваім чалавекам у горадзе, бо дзядзька задачу «вывесці ў людзі» яго разумеў па-свойму. Пры тым аднабакова, ніколькі не рупячыся аб духоўным развіцці пляменніка, галоўным лічыў толькі больш-менш трывала паставіць яго на ногі. А што ў Адама на душы і за душой, дзядзьку не хвалявала дый хваляваць не магло, бо ён, хутчэй за ўсё, належаў да тых людзей, якіх не цікавяць уласныя вытокі. Як не цікавілі яны ў далейшым і Залеса. Праўда, пра ўласныя карані ён успомніў, калі закахаўся: «Зусім выпадкова дазнаўся ад сваіх сяброў, што Ганя ведае беларускую мову і мае беларускія кнігі. Я і ўхапіўся за гэтую штуку».

Кахання не атрымалася… Не атрымалася абуджэння ў душы і нацыянальных парасткаў. Як быў Адам Залес свайго роду касмапалітам, так і застаўся ім. Не знайшоў уратавання і ў роднай вёсцы, дзе паспрабаваў шукаць яго. «Адарваўся … ад неба і зямлі не дастаў» — лепш пра стан галоўнага героя апавядання, чым ён сам пра сябе, і не скажаш.

Аднак не аднаго Залеса віна ў тым, што ён стаў чужым для грамадства, а значыць, і лішнім? Сам С. Хурсік прамога адказу наконт гэтага не дае. Падобныя развагі, асэнсаванні, падагульненні знаходзяцца па-за творам. Кожны, хто знаёміцца з ім, мае права на свае асабістыя высновы. Але ўсе мы, хто судакранаецца з лёсам героя праз столькі гадоў пасля напісання апавядання, безумоўна, да ўсяго ставімся крыху інакш, чым сучаснікі пісьменніка. Таму адразу відочна, што Адамы Залесы ўзніклі не самі па сабе. Яны —дзеці вялікіх сацыяльных зрухаў у жыцці.

Грамадству, што апынулася ў віхуры рэвалюцыі, было не да канкрэтных людзей. Над усім брала верх ілюзорная мара — «ашчаслівіць» чалавецтва і пры гэтым, як вядома, свядома забывалася, што шчасце грамады пачынаецца са шчасця асобных яе індывідуумаў. А шчасце — рэч такая, якая аднекуль па ўказцы не прыходзіць. Адам Залес і стаў ахвярай рэвалюцыі, хоць фізічна ад яе не пацярпеў. Дакладней: пакуль не пацярпеў, бо, як няцяжка здагадацца, пазней, калі пачнуць шукаць ворагаў народа, яму прыпомняць і кадэцтва, і эсэрства.

Для пачатку творчага шляху С. Хурсіка гэтае апавяданне стала добрай заяўкай. Тым не менш багатым матэрыялам аўтар твора яшчэ цалкам не валодаў. Найперш гэта відаць па тым, што апавядальнік, слухаючы споведзь галоўнага героя, часцей выглядае маўклівым сузіральнікам, а гэта запавольвае дынамізм, няхай і ўнутраны. Твор выйграў бы, калі б у споведзі Адама Залеса ўзмацніліся найбольш значныя моманты з яго жыцця. Хоць бы тады, калі персанаж хістаўся з партыі ў партыю, а гэта, вядома, не адбывалася без вялікіх унутраных перажыванняў. Аднак, магчыма, С. Хурсік і свядома стрымліваўся, бо меркаваў у далейшым вярнуцца да людзей, падобных Адаму Залесу.

Дарэчы, апавяданне «Змітрок» («Маладняк», 1928, № 1, пасля ўвайшло ў кнігу «Шляхам навальніц»), хоць яго галоўны герой па сутнасці супрацьстаіць Адаму Залесу, па сваёй праблематыцы блізкае папярэдняму твору. Як і ў «Адаме Залесе», С. Хурсіка таксама цікавіць чалавек, які апынуўся ў віхуры рэвалюцыйных падзей. Іншая справа, што Змітрок, у адрозненне ад Залеса, куды больш упэўнены ў выбары свайго шляху: «Мне здаецца, што я ў Чырвонай Арміі і радзіўся… Чырвоная Армія для мяне лепш за родную сям’ю». Але, як і Адам Залес, Змітрок з цяжкасцю знаходзіць паразуменне з блізкімі яму людзьмі. А характар мае ваяўнічы, калі чаго дамогся, ад свайго не адступіцца. Так, калі Залес абмяжоўваўся «тэарэтычнымі» развагамі: «Прыду, бывала, раніцою дамоў: бацька з меншым маім братам капаюцца ў гнаі, працуюць, а я стаю збоку, разгаварываю з імі, спрачаюся часам, грамлю іх за некультурнасць…», дык Змітрок поўны рашучасці прывучыць сямейнікаў жыць па-новаму.

Але і бацька ягоны з характарам. Так адбылося і тады, калі Змітрок вырашыў павесіць на сцяну партрэт нейкага рэвалюцыянера. У сына з бацькам даўно нелады былі. «Гэта не чалавек, а кат, жандар якісьці, падлізнік папоўскі», «мы пакутавалі, а бацька з грашыма насіўся, як кошка з кацянятамі». А тут бацьку як узарвала:
«— Ах ты, — кажа, — сукін сын, і каму ж ты вочы прымазваеш?.. Які ж гэта, сукін сын, апостал?!
— Апостал! — стараюся ўтрымаць я сваю пазіцыю.
— Ці ж гэта апостал быў лысы?
— Вось пэўна, кажу, што ўсе апосталы былі лысыя!
— Сукін ты сын, а ці ж апосталы ў хрэнчах такіх хадзілі, з такімі акулярамі…
— Вось іменна!
— Змоўкні! — раўнуў бацька, сарваў са сцяны здымак вобземлю».

Праўдзівасць, непасрэднасць аповеду надае тое, што ў гэтым творы, як і ў «Адаме Залесе», гаворка вядзецца ад першай асобы. Сам аўтар толькі слухае свайго «нядаўняга… знаёмага — нізкарослага, шыракаплечага Змітрака». Але калі ў споведзі Залеса, пра што і гаварылася, няма дынамізму, дык Змітрака, які ў стане ўзбуджэння, да ўсяго на дзіва эмацыянальны, слухаць адно задавальненне. Асабліва ў такія моманты. Як кажуць, найшла каса на камень. Абодва з характарам… І бацька, і сын: «На мяне як бы вару хто ўзліў: у адно імгненне вока я ўскочыў на лаўку, схапіў з кутка «святога Міколу» і з усяго размаху шпурнуў яго туды ж, дзе і рэвалюцыянер мой ляжаў». Ды не тут было! Бацька кінуўся на сына з сякерай, ледзь той уратаваўся.

І згаданы эпізод, і твор у цэлым выклікалі заслужанае захапленне М. Гарэцкага: «У гэтым апавяданні — сакавітая народная вобразнасць і мова. Дасканалыя параўнанні і прыказкі. Мастацкі дыялог, у якім нічога лішняга і кожнае слова падмацоўвае ўражанне. Веданне народнага жыцця вельмі добрае. Калі бацька сарваў са сценкі Змітракова правадыра і Змітрок за гэта бразнуў на падлогу абраз з бацькавым богам, як аўтар ведае і маляўніча паказвае, што «на падлозе, хто куды, у розныя бакі, прусы кінуліся наўцёкі». Шмат тут і псіхалагізму. Змітраковы перажыванні перадаюцца вельмі тонка. У гэтым апавяданні Хурсік выявіў сябе значным майстрам малюнкаў з яскравымі, свежымі і моцна пакладзенымі фарбамі».

А яшчэ М. Гарэцкі адзначаў: «Псіхалагічны момант — няўдалае каханне (галоўнага героя. — А. М.). Настулю аддаюць за нейкага аліментшчыка, яна ідзе, Змітрок у роспачы страляў па ёй. Ён цяпер працуе на млыне. Чырвоная Армія была яму роднаю сям’ёй».

Праўда, у М. Гарэцкага не абышлося і без заўваг, але яны не істотныя: «Аўтар дае тут і прыгожыя апісанні прыроды, але яны лішнія і задоўгія ў пачатку апавядання».

Ёсць у гэтым творы псіхалагізм і іншага кшталту. Гэта калі Змітрок хваліцца, як ён змагаўся з ворагамі: «Адзін раз я аднаму … тоўстаму такому … як парнуў штыком у пуза, дык ён толькі — аў! А вочы аж павылазілі наверх, крывёю напаліваліся, страшныя такія… Тузануўся разоў колькі ён і захроп… Вось усё адно, як пацука на шыла ўсадзіў…» Сёння такая адкрытасць героя, ягоная шчырасць даюць падставы лішні раз упэўніцца, наколькі класавая нянавісць пазбаўляла чалавека чалавечнасці, як паступова ператвараўся ён у звычайны механізм, што дзейнічаў, быццам заведзены ў адпаведным кірунку. І Адама Залеса, і Змітрака фарміраваў скрушны час. Але Залес для новых сацыяльных адносін у многім аказаўся чужым. Змітрок жа стаў для іх сваім. Дзякуючы таму, што ён з людзей, якія менш сумняваюцца, а больш бяруць на веру. Такім прасцей…

Спадабалася М. Гарэцкаму і невялікая аповесць С. Хурсіка «Францішак Скарына», якую ён назваў «даўгім апавяданнем»: «Яно вызначаецца ўжо тым, што гістарычнае, бо гістарычных твораў у беларускай літаратуры вельмі мала. Апісваецца 1530 год у Вільні. Сюжэт у ім вельмі цікавы, тыпы выразныя, гістарычны фон даволі вытрыманы». Палічыў М. Гарэцкі патрэбным сказаць і наступнае: «Недахопы: грубы натуралізм і вульгарнасць некаторых месцаў, залішняя шаржыроўка ў апісанні жыцця манахаў і некаторая, не зусім мастацкая, тэндэнцыйнасць у аўтарскім падыходзе наогул».

З ацэнкамі М. Гарэцкага нельга не пагадзіцца, але, думаецца, да месца ўдакладніць, што С. Хурсік у аповесці, як і ў апавяданнях, свядома надае вялікае месца пейзажу. Магчыма, часам ён гэтым і злоўжываў, але ў дадзеным выпадку разгорнутыя малюнкі як нельга да месца. Праз прыроду, яе дыханне лепш узнаўляюцца падзеі, бачацца людскія памкненні і клопаты, а пачатак і завяршэнне твора знітаваны між сабой.

Напачатку малюнак вельмі каларытны: «Тысяча пяцьсот трыццаты год быў суровым, сумным і страшным для ўсёй Беларусі і асабліва для гораду Вільні. Памятка аб ім надоўга заставалася ў памяці людзей якойсьці чорнаю, непазбытнаю ды ззяючаю плямай-ранаю.
Вясна ў гэтым годзе прышла ранняя, захапліва-радасная, пышная».

Людзі, зразумела, жадалі багатага ўраджаю, і ў гэтым сваім чаканні не заўважылі, як у прыродзе пачалі адбывацца змены:
«А сонца прыпальвала ўсё мацней і мацней.
Гэтак адсмяяліся, адцвілі цэлыя тыдні, а на небе не паказалася ніводнага воблачка.
Пачаўся сухмень.
Занепакоілася, захвалявалася бяднота вясковая, замшавелыя вёскі нямы жах абхапіў.
А багатая Вільня, тым часам, жыла спакойна, весела, бестурботна. Спякота дзён змянілася вечарамі, пахучымі ды мяккімі чарнявымі начамі. У гэтыя ночы ў небе зоры іскрамі пырскалі, часам падалі кудысьці ўніз, як буйныя слёзы з воч, зара з зарою цалавалася.
Багатыя вільчане жылі весела і бестурботна…»

Толькі не ва ўсіх была такая бестурботнасць. Сярод апошніх і слаўны сын Полацка Скарына, які ў Вільні жыў сваімі друкарскімі справамі і нялёгка знаходзіў паразуменне з тымі, ад каго залежала падтрымка, але хто, на жаль, не разумеў значэння кніг дзеля асветы народа, дый, прызнацца, не вельмі пра гэтую адукацыю турбаваўся.

Як і ў самым пачатку аповесці, тут С. Хурсік надае вялікае значэнне свайго роду экспазіцыі, што настройвае на адпаведны лад:
«Ліпнёвы дзень сканаў, захліпнуўся. Яшчэ пырскаў захад смолам ліловым, але ў гэтым яго смеху ўжо чулася штосьці адпетае, аджыўшае, паканаўшае без надрываў, — такое, што не можа вярнуцца назад, а бывае ў жыцці толькі аднойчы.
Дзень сканаў, захліпнуўся. Ён утапіўся ў растопленым золаце вечару…
Вільня заснула, залаташылася, аддалася вясёласці. Вуліцы заліліся святлом.
Гул вуліц і музыка начы зліліся ў адзіную нявымоўную мелодыю, у адзіны гімн жыццю…
Але нічога гэтага сёння не чуў і не бачыў слаўны вучоны палаччанін Францішак Лукіч Скарына. Ужо больш як паўгадзіны ён узрушана хадзіў па сваім невялічкім, цёмным і суровым пакоіку».

Вячэрні, нават начны час Скарына выкарыстоўваў для паскарэння ажыццяўлення таго, што даўно жыло ў ягоных марах. Ён жадаў аднаго: найхутчэй выдаць у Вільні кнігу. І цяпер «расшпіліў на сабе сваю доўгую чорную мантыю і прысеў за стол. Порстка адгарнуў убок кавалачак дрэва, на якім ён выразаў узоры, каб пасля аддрукаваць іх у кніжцы, узяў невялічкую дошчачку з недакончаным узорам і пачаў яго асцярожна дамалёўваць…»

Ды не толькі ў друкарскіх турботах знакаміты асветнік. Хвалюе яго і лёс Бацькаўшчыны, любай сэрцу Беларусі: «З аднаго боку маскоўцы паляць нашы сёлы і гарады, а з другога боку — і палякі кожную часіну гатовы рынуцца гэта ж чыніць… Пятля на шыю накінута ды зацягваецца павольна… Палякі гэта бачаць ды выкарыстоўваюць, насядаюць з уніяй». І за народ непакоіцца Скарына: «Люду, мой люду!.. Як цябе ратаваць?... Адкуль сілы ўзяць?!»

Зразумелыя гэтыя ягоныя турботы, бо ў паветры зноў запахла порахам, «маскоўскі цар сабірае вялікае войска». І ўсё ж кнігадрукаванне — на першым плане. Таму і кіруецца Скарына ў Троіцкі кляштар. Каб заручыцца падтрымкай манахаў. Яго гаворка з айцом Анісімам праходзіць не проста. Насцярожвае манахаў тое, што Скарына іншай веры, чым яны. Не праваслаўны, а каталік. І адначасова быццам супраць яе не выступае: «Айцец ігумен, ведайце, што зразумелая для простага люду кніжка надзвычай лёгка паб’е і ерэсі, і каталікоў. І каго хочаце. А кніжку я ўжо выдам добрую. Цяпер нават і немцы не могуць выдаваць такіх прыгожых кніжак, як я, ды, апрача таго, я здолею надрукаваць кніжку, зразумелую для кожнага».

У аповесці паказаны як канкрэтныя гістарычныя асобы — Скарына, бургамістр горада Бабіч, так і літаратурныя персанажы — «адзін з найлепшых супрацоўнікаў Скарыны ў яго друкарні» 25-гадовы Даніла, служанка Алеська, друкар Цімох… Праўда, яны эпізадычныя персанажы. Галоўная ўвага аўтара скіравана на Скарыну. З аднаго боку, гэта добра, бо дазваляе больш праўдзіва паказаць першадрукара. Аднак тым самым звужаюцца сюжэтныя рамкі твора, аповесць і сапраўды набліжаецца да апавядання, у аснову якога пакладзены адзіны факт: намаганні Скарыны па выпуску ў Вільні кніг. Але, паколькі С. Хурсік — адзін з першапраходцаў у асваенні ў беларускай літаратуры гістарычнай тэматыкі, пэўныя выдаткі не могуць у цэлым сапсаваць агульнае ўражанне ад твора. Абмежаваўшы рамкі аповесці толькі 1530 годам, пісьменнік здолеў паказаць, наколькі гэты год у лёсе Скарыны быў і звычайным, і разам з тым вызначальным. Яшчэ бар’еры на друкарскім шляху не зніклі, ды гэта ўжо не магло спыніць Скарыну.

Пажар у Вільні — пажар і ў душы: «Бедны мой люд… Сам сябе ты губіш, у няволю прадаеш!!!» Не толькі была знішчана друкарня. Не стала і большай часткі горада:
«Тысяча пяцьсот трыццаты год для ўсёй Беларусі і, асабліва для горада Вільні, быў суровым і страшным…»

Калі б былі больш спрыяльныя ўмовы, С. Хурсік у далейшым, магчыма, прадоўжыў бы асэнсаванне гістарычных падзей. А так у асноўным пісаў аб блізкай яму сучаснасці, аб чым засведчыла і апавяданне «Барвяныя бляскі». Як адзначаў М. Гарэцкі, «Хурсік дае малюнак рэвалюцыі на вёсцы, як паны думалі застацца на Беларусі, прыводзячы на абарону польскіх легіянераў, і як сяляне разбівалі панскія двары. Абразок моцны, але часам ёсць лішні натуралізм. Добра змалёваны тыпы паноў. Добрыя кароткія апісанні прыроды».

А праз прыроду перадаецца і стан душы чалавека. Паводле аўтарскай задумы, душы пана Заворскага, якому тужліва-самотліва ад таго, што падзеі пайшлі ў такім накірунку. Калі яму няма асаблівых падстаў спадзявацца на вяртанне мінулага. Аднак Заворскі хоча застацца тым, кім быў. У канцы апавядання ён і паказаны ў роздуме:
«Сыплецца з дрэў пажоўклае лісце. Шалясціста, звонка.
Сіняй наміткай трымціць у полі асенняя смуга.
На пажоўклыя прасцягі лягла задума цяжкая.
Сумна.
Над высокай ліпавай алеяй панскага дзядзінцу бесперастанку крычаць-б’юцца неспакойныя вароны. Часам яны ўзрываюцца ўгару, налятаюць адна на адну, а то збіраюцца вялікай кучай ды хутка ляцяць цераз голае поле да алешніку, што на балоце.
Пану Заворскаму сумна. Было весела, а зрабілася сумна.
Сум падкраўся непрыкметна, разам з восенню, разам з тым, як з нямецкага фронту пайшлі кудысьці на Расію рускія дывізіі, як пайшлі чуткі, што Керанскі праваліўся, а ўладу захапілі бальшавікі. Адбіраюць фабрыкі, заводы, панскія двары».
Сяляне даўно не баяцца Заворскага. І цяпер натоўп, якім кіраваў найбольш ініцыятыўны Зміцер, дэмабілізаваны з арміі, адчувае сябе гаспадаром: «… яны выломлівалі ў хлявах замкнёныя дзверы, выганялі на двор усю жывёлу, якая толькі там была». Адно спадзяванне ў Заворскага, каб своечасова падаспеў «камандзір польскага легіёну, пан Левардоўскі…»

У апавяданні чарговы раз праўдзіва паказана, наколькі разбуральная рэвалюцыйная стыхія, як азлабляе яна чалавека. А там, дзе злосць, там і насілле. Над цвярозымі развагамі бярэ верх лютасць, жорсткасць. Шкада толькі, што ў перадачы яе С. Хурсік не здолеў пазбегнуць натуралізму, за які слушна папракаў яго М. Гарэцкі: «Акрываўленае цела ў пана Заворскага дрыжэла як асінавы ліст. На падлозе стаяла чорная лужына крыві. Са здаўленых грудзей … як у кабана, калі ён здыхае, вырываліся толькі цяжкія, хліпяслівыя хрыпы».
Спыніцца б сялянам, ды дзе там: лютасць працягвае правіць баль:
«— Хто яшчэ, хлопцы, хоча?... біце! — спытаўся, урэшце, ледзь зводзячы дыханне, Зміцер, — я ўжо не магу…»
Толькі пасля гэтага пачулася: «— Дый што яго біць: усё роўна ён нічога не чуе!»

Па логіцы «ўхапіцца» б С. Хурсіку за гэтыя, такія нечаканыя сярод агульнай раз’юшанасці, словы, прыгледзецца да таго, хто прамовіў іх, паспрабаваць разабрацца ў яго душы. Ды зрабіць гэта С. Хурсік не мог, таму што не ў сілах быў абагнаць свой час. А спрыяльныя ўмовы патрабавалі менавіта такога стаўлення да прыгнятальнікаў, а не іншага. На людской крыві квітнелі кветкі рэвалюцыі. На ёй палымнелі чырвоныя гваздзікі. На крыві, што, быццам вада, лілася з аднаго і з другога боку.

Сымон Хурсік не забываў аб гэтым, аб чым, у прыватнасці, сведчыць яго апавяданне «З Першым мая!». Калі ў «Барвяных блясках» лютуе натоўп, адчуўшы свабоду і беспакаранасць, дык тут польскія акупанты помсцяць за забойства вахмістра, падносячы вяскоўцам своеасаблівы «падарунак» да Першага мая:
«А полымя шугала з хаты на хату, растрасала стрэхі саламяныя, гуло. Залівалася ўтрапёным смехам, дзікім:
— Віншуем з Першым мая! — злосна кпіў звар’яцелы эскадронны. — Ні з месца!..
А сярод вуліцы ў гразі ляжалі памлелыя кабеты… Другія ірвалі на сабе вопраткі, валасы, лезлі ў адчаі на плот, але іх зноў сцягвалі і дзіка, як драпежную жывёлу, штурхалі ў кучу…
А вёска кіпела, як вар у гаршку…
Віншуем з Першым мая».

Адно з лепшых апавяданняў С. Хурсіка «Янка з Палесся». Для перадруку ў «Анталогіі беларускага апавядання» яно было аўтарам у нечым папраўлена, скарэкціравана. Галоўны герой твора вяртаецца ў перажытае: «… Я ўвесь час з маленства парабкаваў! Бацька загінуў на фронце, ну а маці, што яна, адна жанчына… У дзевятнаццатым годзе, як бальшавікі наступалі, пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію. Усюды давялося пабываць».

Янка, трапіўшы ў Сібір, змагаўся з Калчаком, быў памочнікам камандзіра ўзвода. Сярод узятых у палон убачыў сына свайго суседа, заможнага шляхціца Дашэўскага. Пашкадаваў яго, уратаваў ад немінучай пагібелі. Сам Дашэўскі, калі пра гэта даведаўся, застаўся вельмі ўдзячны, называў Янку найлепшым сябрам. Магчыма, так і працягвалася б, калі б не далейшыя падзеі. Вырашыў Янка гаспадаркай абзавесціся. У сельсавеце, куды звярнуўся па дапамогу, яму прапанавалі ў «Дашэўскага дзесяцінак гэтак з дзесятачак адрэзаць…» Не сказаць, каб узрадаваўся ён такой прапанове: «А мяне дык аж у пот кінула, як ён (старшыня сельсавета. — А. М.) гэта сказаў. Чалавек, які за вярсту са мной вітаецца, бо я ж сына яго выратаваў тады, на фронце, дый сын вярнуўся таксама жывы, здаровы… І вось цяпер трэба стацца нібы ворагам да іх…»

Сітуацыя — неардынарная. Ёсць над чым паразважаць. Зразумела, калі не абмежавацца звычайнай канстатацыяй факта. А зрабіць гэта не так і проста, бо расказвае не сам аўтар, а яго герой. Значыць, належнага эфекту можна дасягнуць праз інтанацыю, выверанасць маналогу і дыялогі, калі апавядальніка падтрымаюць субяседнікі. Нарэшце, не абысціся без пэўнай маральнай высновы, што прагучыць як падагульненне ўсяго сказанага. С. Хурсіку ўдалося. З аповеду Янкі вынікае, што Дашэўскі-старэйшы пра абяцанне застацца сябрам не забыў. Таму пагадзіўся, каб адрэзалі зямлі з яго надзелу. Але, калі ўбачыў, што сусед пачаў забудоўвацца, верх узяла зайздрасць. А тут яшчэ Янку выбралі старшынёй камітэта беднаты. Не ўтрымаўся Дашэўскі. Калі жонка Янкі жаночы сход праводзіла, уварваўся з хаўруснікам, разагнаў усіх, за што атрымаў «па два тыдні прымусовых работ». Пасля гэтага адпомсціў жорстка: запалала Янкава хата.

У варыянце, што ўвайшоў у кнігу «Шляхам навальніц», С. Хурсік у ацэнцы паводзін Дашэўскага дазваляў самому чытачу паразважаць над тым, што і да чаго:
«— Гэта, значыцца, за паратунак сына адплаціў?
— Выходзіць — так… А калі сынка я перавязаў, дык ён кляўся: «Пакуль я жыў буду — ты будзеш мой найлепшы сябра… Як выздаравею — чым толькі змагу, адплачу!» і вось — адплаціў!..
Сціх Янка і ў задуменні апусціў голаў на рукі».

Пры дапрацоўцы заключны эпізод атрымаўся разгорнуты, але ці стаў ён ад гэтага больш псіхалагічна пераканаўчым? Як сказаць. «— Значыцца, адплацілі за паратунак сына?
— Выходзіць — так. Але, я думаю, не ў гэтым справа: мы там, на фронце, былі ворагамі. Мы імі і тут засталіся… Галоўнае тут — зямля, прыватная ўласнасць на зямлю! Вось што!..
— Аб гэтым і галоскі быць не можа, — пацвердзіў мужчына ў шэрым фрэнчыку.
— Не, — разважаў далей Янка. — Рэвалюцыя яшчэ не даведзена да канца. Разбілі Калчака, Дзянікіна. Урангеля… Але давядзецца, бадай, яшчэ і з гэтымі крывасмокамі схапіцца…
— Вось гэта факт! — горача згадзіўся з Янкам яго субяседнік, мужчына ў шэрым фрэнчыку. — Справіліся на франтах, а тут і рабіць няма чаго…»

Адчуванне такое, што новы варыянт пісаўся ў 20-я гады, а першы сёння. Парадокс? Сапраўды. А калі лепш разабрацца…

Але ж акурат тады такая літаратура настойліва і паслядоўна праводзіла думку, што барацьба з ворагамі на франтах не спынілася, а працягваецца ў мірны час. Цяпер не выклікае сумнення, што псіхіка — пастаянная загадка, паводзіны чалавека могуць быць непрадказальнымі. Зыходзячы з гэтага, і трэба падыходзіць да першага варыянта з яго, здавалася б, недагаворанасцю. І ён, як ні дзіўна, лепшы за новы.

Маральна-этычную праблематыку С. Хурсік закрануў у аповесці «Чорны мост». Шкада, але поспеху не дасягнуў. Не ў апошнюю чаргу таму, што факта, пакладзенага ў аснову твора, дастаткова для псіхалагічна заглыбленага апавядання. І не больш… Наймічка Арына зацяжарыла ад сына гаспадыні Стася, якога моцна кахае, нарадзіла дзіця. Той дамагаецца, каб яна дала згоду немаўля забіць, а сам заляцаецца да іншай. У рэшце рэшт дабро перамагае: Стась трапляе за краты, а Арына знаходзіць шчасце ў камуне.

Аўтар на баку пакрыўджанай і няшчаснай Арыны, не жадаючы зразумець, што тым самым маральная аснова ў творы хісткая. Як бы там ні было, але ж Арына, няхай і праз угаворы, пагадзілася, каб дзіця было забіта. Аповед жа пра лёс яе, перажыванні расцягнутыя, псіхалагічна ўзважаных эпізодаў няшмат. Адзін з іх звязаны з нараджэннем дзіцяці. Хоць і не любіў бацька Стася Арыну, як ні папракаў сына за тое, што звязаўся з ёю, а штосьці чалавечае дало знаць:
«Карэцкі замёр.
— У-а, у-а, у-аа! — моцна і раздражнёна закрычаў дзіцячы галасок.
Па пахмураным і разам з тым зляканым твары Карэцкага слізганула ўсмешка.
Каб Арына магла ў гэты момант падняць галаву ды паглядзець на свайго гаспадара, яна прабачыла б яму за гэтую ўсмешку ўсё — і недаспаныя ночы, і голад, і сцюжныя завірухі ў лесе, куды яе пасылаў ён за дрывамі, і, наогул, усе здзекі, учыненыя над ёю, як над наймічкаю і як над чалавекам. Бо ў гэты момант у яе гаспадару чалавек перамог звера. Чалавек зрабіўся на момант чалавекам».

А ў астатнім? Нельга ж усур’ёз успрымаць такія «перажыванні» Стася: «Я — кулак. Я — вораг… Я забіў сваё ўласнае дзіця… Пакрыўдзіў і знішчыў дзяўчыну! (Ён хацеў забіць Арыну, але гэта не ўдалося. — А. М.) За што? Мне хацелася ўцехі… Я не ведаў, што рабіў. Не, я звер, я — вырадак… Можа пры камунізме гэтага не будзе. Не будзе ні шляхты, ні батракоў. Будуць толькі людзі. Тады, можа, і злачынцаў гэткіх не будзе? Так. Але тады са мною поплеч будзе сядзець мужык. Будзе гаварыць са мною, як з сваёю раўнёю. Просты мужык са мною, шляхціцам! Не, ніколі гэтаму не быць!.. Я, спрадвечны шляхціц, павінен зрабіцца мужыком, быць роўным з мужыком?!»

І наогул, у аповесці, асабліва, калі расказваецца пра тое, як Арына трапіла ў камуну, пасля таго, калі яе без прытомнасці падабралі каля Чорнага моста, дзе яна, уцякаючы ад Карэцкіх, страціла прытомнасць, С. Хурсіку не ўдалося пазбавіцца рытарычнасці. І гэта назіраецца як у ацэнцы падзей, так і ў перадачы пачуццяў персанажаў. Тым самым пісьменнік не пазбавіўся таго, чаго не магла пазбавіцца ўся тагачасная літаратура.

У сваіх перакананнях адзін з камунараў Міхась вельмі ж падобны на аналагічныя хадульныя персанажы з твораў іншых пісьменнікаў: «Нічога. Хутка злыбеда мінуе. Яшчэ адна-дзве патугі — і не будзе ні шляхтаў, ні батракоў. Будуць усе роўнымі, больш-менш аднолькава шчаслівымі. А покуль што паміж намі і імі, багатымі, Чорны мост, барыкада. Як толькі мы пераможам канчаткова, паміж людзьмі не будзе такой злагады, як цяпер».

Хоць удакладненне «больш-менш аднолькава шчаслівымі», думаецца, істотнае і сведчыць аб пазіцыі аўтара наконт «усеагульнага шчасця». Відаць, С. Хурсік унутрана ўсё ж сумняваўся ў магчымасці яго, таму і ўклаў у вусны Міхася менавіта такія словы. Але, тым не менш, завяршэнне аповесці атрымалася фальшывым: «А навокала малым дзіцем смяялася вясёлая далячынь. Спявала маладымі жытамі. Пярэсціла гожымі, мяккімі, ласкавымі травамі сенажацяй». Яшчэ можна было з нацяжкай успрыняць параўнанне «вясёлай далячыні» са смехам дзіцяці. Успрыняць, калі б не ведаць, што дзіця загінула.

Наконт вершаў С. Хурсіка можна сказаць, што яны — даніна свайму часу, ці напісаны на традыцыйныя матывы: «Стой пралетары пільней на пасту», «Вясна ідзе», «Над зялёным борам заквітнелі зоры…», «Беларусь тыя мая сінякрылая…», «Звіні, струна»… Значных адкрыццяў няма, але і не адмовіш аўтару ў шчырасці.

Як і многія іншыя пісьменнікі, С. Хурсік не цураўся і перакладчыцкай працы. Узнавіў па-беларуску аповесць А. Серафімовіча «Горад у стэпе», апавяданне А. Гараўскага «Алёнка» і іншыя творы.

Свае нататкі пра С. Хурсіка М. Гарэцкі завяршыў словамі: «Творчасць яго — вельмі блізкая рабоча-сялянскім беларускім масам». Магла б яна быць блізкай і сённяшняму чытачу, калі б мы былі больш удзячнымі тым, хто стаяў ля вытокаў літаратуры 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

http://www.lim.by/limbyfiles/pol8-2013.pdf