"Закапайце мяне ля яго"
На працягу апошніх пяці гадоў музеем апякуюцца актывісты Таварыства беларускай мовы з Магілёва ды Дрыбіна. У мінулую нядзелю яны наведаліся ў Малую Багацькаўку, каб дапамагчы падрыхтаваць музей да зімы. Але гэта праца, лічаць валанцёры, дробязь – музей трэба добра адрамантаваць звонку.
Спадчына. Дом-музей Максіма Гарэцкага ў Мсціслаўскім раёне патрабуе рамонту: некаторыя бярвенні спарахнелі ды зацвілі.
Больш за два дзясяткі гадоў існуе літаратурны музей Максіма Гарэцкага ў Мсціслаўскім раёне ў вёсцы Малая Багацькаўка. Гэта радзіма класіка беларускай літаратуры і грамадскага дзеяча, які загінуў у гады сталінскіх рэпрэсіяў. У сяле дажываюць свой век адны пенсіянеры, а бярвенні музею тым часам точыць шашаль. У восеньскую пару ў Малой Багацькаўцы сум. На вуліцы ні душы. Сядзібы без прыгляду зарастаюць кустоўем і пустазеллем. У 80-гадовай гаспадыні адной з такіх хат пытаю, ці памятае яна Гарэцкіх. Пра гэты род суразмоўца шмат не ведае. Пра Максіма Гарэцкага кажа па-простаму: “Дзякуючы яму нам дарогу праклалі, хоць жыццё мы ўбачылі. Тут гразка было. Не даехаць. Трактар наймалі, каб выехаць на асфальт. А цяпер, дзетухна, слава Богу. Толькі жыць няма каму. Засталося толькі сем чалавек, і тыя адзіночкі. Хто ўдавец, а хто ўдава”. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага – філіял мсціслаўскага раённага гісторыка- археалагічнага музея – стаіць пасярод вёскі. Насупраць – невялікі пляц. Сюды пад’язджае аўталаўка. Тут і паштовыя скрынкі ўсіх жыхароў Малой Багацькаўкі. Музей адкрылі ў 1993 годзе. Гэта звычайная сялянская хата, падзеленая калідорам на дзве паловы. У адной – экспазіцыя пра творчы і жыццёвы шлях пісьменніка ды яго блізкіх. Другая палова хаты этнаграфічная – перадае абстаноўку сялянскага побыту, у якім жылі Гарэцкія. Усярэдзіне музей дагледжаны. Усё тут па-простаму. Не кідкія, але інфарматыўныя экспанаты, нефарбаваная падлога. Экскурсіі – на беларускай мове. «Я калі пачынаю экскурсію, дык кажу, што Максім Гарэцкі – гэта наш беларускі пісьменнік, таму гаварыць пра яго я буду на беларускай мове. Праблемаў не было з гэтым», – кажа загадчыца музею Марыя Пляшкова. Паводле яе, установа не застаецца без наведнікаў. Сюды рэгулярна прыязджаюць на экскурсіі школьнікі і неабыякавыя да беларускай культуры людзі. Суразмоўніца адзначае, што ў літаратурнай частцы музея наведнікі часцей за ўсё спыняюцца каля стэнду аб зняволенні пісьменніка і ягонай смерці. «Літаратурны музей даволі далёка ад Магілёва, – кажа старшыня магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дз’ячкоў. – Сюды нязручна ездзіць. Наша арганізацыя невялікая, але мы ўзялі шэфства над музеем. Ён занядбаны, на вялікі жаль. Наша праца – дробязь: падлогу памыць, пыл працерці. На могілках прыбраць. Яшчэ пару гадоў, і гэтай вёскі не будзе. А вось літаратурны музей мусіць застацца, бо Гарэцкі не проста пісьменнік. Гэта класік. Пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры». «А сёлета, пагатоў, яшчэ юбілей брата Максіма Гарэцкага – Гаўрылы. А пра яго ў нас так ніхто і не згадаў як след. Гэты чалавек стаў самым маладым акадэмікам. Выбітная асоба. Адзін з пачынальнікаў беларускай навукі», – дадае тэбээмавец. На вясковых могілках пахаваныя маці і бацька Гарэцкіх – Ахрасіння Міхайлаўна і Іван Кузьміч. З медальёна на невялікім абеліску яны глядзяць, як памірае іхная вёска. Недзе ля хаты-музея пахаваная каса сястры Максіма Гарэцкага – Ганны. Ганна трагічна загінула маладой у Маскве. Вяртаючыся з могілак, завітаў да гаспадыні яшчэ адной сядзібы. Назвалася жанчына Галінай Васільеўнай. Апавёўшы пра мясцовае жыццё, пра музей, пра дэлегацыі, якія наведваюць яго, паскардзілася журналісту на работнікаў раёну, якія, паводле яе, зламалі стары калодзеж. “Гэты калодзеж дужа каштоўны, – заявіла суразмоўца. – Ён з таго часу, як жыў яшчэ наш пісьменнік Гарэцкі. І зламалі калодзеж. Над ім жа была вага жураўлём. Яе знялі і паставілі круцёлку. Вы як журналіст мо зробіце што, каб вярнулі ўсё на месца. Гэты калодзеж – рэліквія музея. А дзе ты старой накруцішся гэтай круцёлкай”. “Хацелі зусім гэты калодзеж знесці, – абураецца старая, – дык я села ля яго і кажу работнікам: “Закапайце мяне ля яго”. Так і не дала знесці”. На адным з фотаздымкаў у музеі, сапраўды, калодзеж з журавом. Загадчыца ўстановы кажа: прыбралі такі патрэбны старым падважнік, калі яе не было на працы. Прыгадала, што нямала было ахвотных сфатаграфавацца побач са студняю з рэдкім для наваколля журавом, які застаўся з часоў, калі жыў Максім Гарэцкі.