Аліна Якушава

Музей Максіма Гарэцкага на Мсціслаўшчыне

Радзіма і ўвесь свет пачынаецца для кожнага чалавека,
асабліва пісьменніка, з роднае хаты,
з роднага кутка, - ці то вёска, ці горад.
Г.І. Гарэцкі.

Літаратурны музей Максіма Гарэцкага заснаваны 15 студзеня 1993 года у вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна паводле загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і рашэння Мсціслаўскага раённага Савета дэпутатаў. Да нядаўняга часу з’яўляўся філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, у канцы 2010 г. падпісан указ аб перадачы музея ва уласнасць Мсціслаўскага гістарычна-археалагічнага музея.

У стадыі стварэння музей прайшоў вельмі доўгі шлях перад тым як уліцца ў рэальнае жыццё. Усё пачалося з часоў так званай “хрушчоўскай адлігі”. Людзі пачалі казаць, асабліва Уладзімір Караткевіч, што трэба стварыць мемарыяльны музей у Малой Багацькаўцы на радзіме братоў Гарэцкіх. Караткевіча асабліва цікавіла гэтая тэма таму, што ў гэты час ён пісаў кнігу па гісторыі Мсціслаўшчыны, а яго маці нарадзілася ў Мсціславе.

Аднак у той час стварыць музей было фактычна немагчыма, бо для гэтага была патрэбна згода не толькі беларускай улады, але і дазвол з Масквы. Трэба было зацвержанне ўраду СССР і ЦК КПСС. Доўгі час вяліся размовы, а справы не рабіліся. Аднойчы сакратар ЦК КПБ, які адказаваў за культуру, Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін падышоў да плямянніка М. Гарэцкага, Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які на той час быў ужо дырэктарам і выказаў жаданне стварыць музей усіх Гарэцкіх. Аднак Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі малодшы брат Максіма, даведаўшысь аб гэтым, сказаў што калі рабіць музей, то ён будзен прысвечаны толькі Максіму Гарэцкаму. А. Т. Кузьмін быў вельмі адданым патрыётам Беларусі, і ён узяў гэтую справу ў свае рукі. Ён дае загад сакратару райкаму і кіраўніку мясцовага калгаса, каб пачалі будаваць музей.

Гаўрыла Гарэцкі зрабіў падрабязны план роднай хаты. I па гэтым плане яе адбудавалі. Экспазіцыю даручылі зрабіць Музею гісторыі беларускай літаратуры ў Менску, дзе на той час дырэктарам быў Л.Т. Хадкевіч, а саму экспазіцыю рабіла Лідзія Камінская, але яна атрымалася не вельмі цікавая, і тады за гэтую справу бярэцца Міхаіл Іванавіч Пратасевіч.

У 1993 годзе з нагоды святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, выдаецца указ аб стварэнні музея. Аднак, на жаль, на святкаванне адчыніць яго не ўдалося. Толькі ў 1995 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё музея. Прыехала вялікая дэлегацыя з Менска, Магілёва, Горак і Мсціслава. Нілу Гілевічу і Радзіму Гарэцкаму даручылі ўрачыстае адкрыццё – перарэзаць ганаровую стужку.

Калі наведаць зараз гэтую мясціну мы убачым драўляную хату. Каля яе на бетонным падмурку трохкутнік паказальнік з надпісам “Музей – сядзіба Максіма Гарэцкага”. Побач стаіць калодзеж з жураўлём, пра які старажылы узгадваюць, як пра самы старажытны помнік у вёсцы. Падняўшыся на ганак хаты злева ўбачым мемарыяльную дошку, аўтарам якой з’яўляецца Э. Астаф’еў. На дошцы адлюстраванны М. Гарэцкі у 1893г., калі ён скончыў Горацкую каморніцкую вучэльню і надпіс “Тут стаяла хата, у якой нарадзіўся класік беларускай літаратуры М. Гарэцкі”.

I вось нарэшце адчынім дзверы: “Добры дзень гасцям музея!” Заходзім у першую залу, нам у вочы кідаецца фотапартрэт М. Гарэцкага, злева і справа аблямаваны ільнянымі ручнікамі з беларускім арнаментам. Першы пакой складаецца са стэндаў на якіх адлюстравана жыццё пісьменніка. Усяго ў зале 9 стэндаў:

  1. Багацькаўскі і першы горацкі перыяды жыцця М. Гарэцкага ( 1893-1913).
  2. Віленскі перыяд жыцця (07.1913-07.1914). М. Гарэцкі - салдат царскай арміі (1914-1917).
  3. М. Гарэцкі у час Першай сусветнай вайны. Смаленскі перыяд жыцця.
  4. Віленскі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
  5. Менскі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
  6. Горацкі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
  7. Менскі перыяд жыцця і творчасці М. Гарэцкага.
  8. Ссылка ў г. Вятку.
  9. Трагічная гібель М. Гарэцкага.

Другая зала адлюстроўвае этнаграфічна - бытавую экспазіцыю. У цэнтры невялічкая сялянская печ, засланая дзвюмя посцілкамі. Каля яе лапата для хлеба, чапяля, сякач, дзежка, карэц для вады. Злева ад печы на паліцах спарышы, глякі, міскі і іншыя гаспадарчыя рэчы. Справа вісяць ручнікі, ільняныя фартухі, саматканыя спадніцы. Вісіць дзіцячая люлька. У покуце абраз, упрыгожаны самаробным набожнікам. Пад абразом стаіць стол з самаварам і металічны кубак. У асобным куце змешчаны рамесныя інструменты.

Літаратурны музей М. Гарэцкага на гэты час знаходзіцца у цяжкім становішчы. Але, як было сказана раней, музей перададзены новаму ўласніку. I ўжо распрацоўваецца план яго адраджэння. Першае, што плануюць зрабіць мясцовыя музейшчыкі, гэта рэканструяваць будынак, уцяпліць і зрабіць добрыя ўмовы для захавання экспазіцыі. Таксама адбудзецца перапрацоўка экспазіцыі. Тым больш што паводле дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011- 2015 г. былі пастаўлены задачы: забеспячэнне захаванасці Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь і агульнадаступнасці музейных прадметаў, на якія плануецца выдзеліць у 2012 годзе каля адзінаццаці мільёнаў рублёў.

Мы спадзяёмся, што пэўная сума будзе выдзелена і на аднаўленне музея М. Гарэцкага.