Алена Карп
Літаратурная крытыка Максіма Гарэцкага: канцэпцыя і рэалізацыя
Максім Гарэцкі працаваў у літаратуры адначасова як практык і як тэарэтык, што, безумоўна, узбагачала і вылучала яго крытыку. Той факт, што сам ён быў таленавітым аўтарам, мог дадаваць вагі, аўтарытэтнасці яго крытычнаму слову ва ўспрыманні калег-пісьменнікаў і ўжо дакладна абвяргаў прафанны тэзіс, нібыта крытыкамі становяцца тыя, хто не змог сцвердзіцца як аўтар. Разам з тым пра крытыку М. Гарэцкага варта казаць як пра прафесійную, а не пісьменніцкую. За плячыма яго была навуковая літаратуразнаўчая праца і, адпаведна, неабходная кампетэнцыя ў справе прыгожага пісьменства.
У «Гісторыі беларускае літаратуры» даследчык дае дэфініцыю паняцця «літаратурная крытыка»: «…разгляд твораў з ідэалагічнага і фармальна-мастацкага боку, знаходжанне і выясненне станоўчага і адмоўнага ў творах, раскрыццё і тлумачэнне шырокім слаям грамадзянства сутнасці твораў і наогул літаратурных з’яў, паказванне аўтару на яго абмылкі і дасягненні, каб памагчы належнаму развіццю яго літаратурных здольнасцей і г.д.». Гэта той выпадак, калі тэорыя не разыходзіцца з практыкай, бо крытыка М. Гарэцкага строга адпавядае гэтаму вызначэнню, ілюструе паслядоўнае выкананне пералічаных задач.
Ён усведамляў і тое, што крытыка для яго праца з пэўнымі абавязкамі («Дый лічу не лічу, хачу не хачу, а мушу, бо такая ўжо мая нешчаслівая прафесія»), і тое, што ён дастаткова самотны ў сваёй прафесіі. Далёка не ўсім яго паплечнікам ставала прафесійнай падрыхтоўкі, каб браць пад увагу пытанні эстэтыкі, куды ахвотней яны меркавалі пра адпаведнасць твора пануючай ідэалогіі. Такая аднабаковасць, шкодная для літаратуразнаўства ў цэлым і небяспечная для асобных удзельнікаў літпрацэсу, не задавальняла М. Гарэцкага. Ён агучваў праблему і ўласнымі працамі даваў прыклад якаснага аналітычнага цэласнага разбору.
Крытыка М. Гарэцкага мела прыкладны, практыка-арыентаваны характар, і такая пазіцыя — дапамагчы развіццю аўтара, засцерагчы ад памылак — паслядоўна і выразна ім артыкулявалася. Яна выглядала арганічным працягам нашаніўскай традыцыі, і, трэба адзначыць, М. Гарэцкі прыкладаў максімум намаганняў у гэтым пытанні і выяўляў шчырую веру ў тое, што крытыка можа і мусіць спрычыніцца да развіцця літаратуры. Яго ўніклівыя, скрупулёзныя разборы хібаў пэўных аўтараў адрасаваліся не толькі непасрэднаму аб’екту даследавання. М. Гарэцкі спадзяваўся ахапіць больш шырокую аўдыторыю — літаратурную моладзь, сучасных яму аўтараў. Ён лічыў крытыку ўсур’ёз адказнай за тое, каб скіраваць пісьменнікаў «на добрую пуцявіну», і віну за памылкі і пралікі літаратараў ускладаў у тым ліку і на крытыкаў.
Такі погляд М. Гарэцкага на місію крытыкі ўражвае верай у літаратуру, усведамленнем асабістай адказнасці і спрычыненасці. Сёння ён здаваўся б празмерна ідэалістычным, бо роля крытыкі нівелюецца, і аўтары ўсё болей успрымаюць яе як інструмент рэкламы, а не сродак для самаўдасканалення.
Рэфлексіі адносна літаратурнай крытыкі, яе месца, прызначэння, ідэальнага ўвасаблення — з’ява даволі распаўсюджаная. Тым больш натуральнымі падобныя развагі былі для пачынальнікаў. М. Гарэцкі, спрабуючы пастуляваць, якой быць літаратурнай крытыцы, прыйшоў да канцэпцыі, якая і сёння ўспрымаецца эталонам прафесійнага і этычнага падыходу: «Па-мойму, крытыкаваць — значыць шукаць таго ж, чаго шукаў аўтар і рабіць думку яго яснейшай чытачу, і даходзіць, ці добра выклаў думку аўтар, і як выкладаў, і як бы мог выкласці лепей». І сугучнае: «Але трэба ж мець на ўвазе, што мастацкіх спосабаў многа, кожны добры мастак любіць больш той ці іншы спосаб, і калі ён дасягае свае мэты гэтым спосабам, дык заганы ўжо няма». Такая пазіцыя выглядае разумнай, асэнсаванай і справядлівай, прадугледжвае ўважлівае стаўленне да задумы аўтара і шляхоў яе ўвасаблення, засцерагае ад суб’ектыўнасці, патурання выключна свайму густу. Суб’ектыўнасць, натуральна, мела месца і ў практыцы М. Гарэцкага, але той ідэал, да якога ён кіраваўся, быў, бясспрэчна, здаровым і годным.
Фармулюючы ўласную канцэпцыю літаратурнай крытыкі, М. Гарэцкі не абмінуў пытанне прафесійнай этыкі, якое цягам часу станавілася ўсё больш вострым. Ён выказваў даволі далікатную пазіцыю: крытык мае права на самавыяўленне, на іронію і сарказм, але мусіць помніць пра пэўныя этычныя межы. «Ведама: дрэнна крытыка тая, што крытыкуе не творы, а аўтара. Хоць праўдзіва мастацкі твор — частка душы аўтара, і крытыкуючы твор, мімаволі чапаем і струны душы; але гэта не страшна, калі крытык папраўдзе крытыкуе». Слабым месцам была нявызначанасць, няпэўнасць межаў, за якімі сарказм становіцца абразай, а крытыка — цкаваннем. Іх кожны асобны аўтар мусіў вызначаць самастойна, кіруючыся ўласнымі маральнымі прынцыпамі. Яны не заўсёды спрацоўвалі, і з гэтым даводзілася сутыкацца М. Гарэцкаму і як пісьменніку, і як даследчыку. Так, у 1919 г. ён звярнуўся ў рэдакцыю газеты «Беларуская думка» з лістом, у якім пратэставаў супраць «спосаба крытыкавання літаратурных твораў» ананімнага рэцэнзента Я., справядліва мяркуючы, што крытыку варта ажыццяўляць «у тоне элементарнай ветласці...». Нормы этыкету і іх парушэнне найвастрэй адчуваюцца на ўласным досведзе, рэдакцыя заняла нейтральную пазіцыю ў гэтым канфлікце. Абураны ліст М. Гарэцкага быў апублікаваны, але з прыпіскай: «Рэдакцыя лічыць, што аўтар рэцэнзіі, пішучы яе, меў на ўвазе таксама толькі карысць святога ўсім нам адраджэння».
Што датычыцца М. Гарэцкага, то абараняцца ў падобных дыскусіях ён лічыў не толькі справай гонару, але літаратурна-грамадскай справай. Ён усведамляў усю небяспеку папулісцкай, агрэсіўнай, нядобрасумленнай крытыкі, для якой дапушчальна грубіць аўтару, адвольна трактаваць яго словы, надаючы ім адваротнае значэнне. Такія прыёмы не мелі нічога агульнага з літаратуразнаўчай навукай, але былі небяспечна блізкія да рэпрэсіўных мер: «Як бачым, у такім прыёме можна абысціся і без вышэйшай мудрасці. Але хоць прыём і новы, небывалы ў ведамым мне «навуковым доследзе» ўсяе гісторыі беларускай літаратуры, але ж і няпэўны прыём. Гэтак можна і ножку літаратурную вывіхнуць». Гісторыя пацвердзіла правамернасць клопату М. Гарэцкага, які, на жаль, быў бяссільны спыніць тэндэнцыю да аглабельнай крытыкі.
Ён, аднак, меў усе належныя здольнасці, каб увасобіць уласныя высакародныя канцэпцыі. Як крытыка яго вылучала здольнасць мысліць літаратуру шырока і ў перспектыве, рэцэнзія магла вырасці да праблемнага артыкула, клопат грамадзянскі і клопат літаратурны арганічна суседнічалі ў яго тэкстах. М. Гарэцкі практыкаваў таксама погляд збоку, спробу выйсці па-за межы свайго часу і спрагназаваць, наколькі жыццяздольны той ці іншы твор, як яго будуць ацэньваць наступныя пакаленні.
Каштоўна тое, што ён не абмяжоўваецца зборам і сістэматызацыяй матэрыялу. М. Гарэцкі заглыбляецца ў сваім аналізе. Называючы характэрныя рысы пэўнага аўтара, раскрываючы адметнасці яго стылю, ён шукае іх магчымыя прычыны, ставіць пытанне «чаму?». Часам гэтае пытанне так і застаецца адкрытым, але праблема абазначаная, напрамак пошуку зададзены. М. Гарэцкага наогул цікавіла пошукавая праца, асвятленне свежых, недаследаваных тэм. Ён не ўсталёўваў на іх манаполіі, усведамляючы, што ў маладым беларускім літаратуразнаўстве нікому не цесна, запрашаў калег да працы, бо намаганнямі многіх можна было атрымаць больш важкі даробак, шырэйшую карціну, і агульная карысць была апрыёры вышэй за ўласныя амбіцыі.
У асобе М. Гарэцкага беларуская літаратура мела ўважлівага і зацікаўленага даследчыка. Яму ставала эрудыцыі і абазнанасці, каб разглядаючы істотную літаратурную з’яву ці больш-менш заўважнага аўтара ўлічваць літаратурны і пазалітаратурны кантэкст. Урэшце ён і сам ствараў кантэкст, выбудоўваючы пэўную іерархію. М. Гарэцкі ранжыраваў, параўноўваў аўтараў паміж сабой, і для гэтых параўнанняў не было недатыкальных асоб. Месца ў прыватным рэйтынгу М. Гарэцкага не вызначалася сумай былых заслуг і набытым статусам. Ён, напрыклад, дастаткова прамалінейна падзяляе аўтараў на выразна ацэначныя катэгорыі, у нарысе ««Маладняк» за 5 гадоў» падае біяграфічныя звесткі пад арыгінальнай назвай «Біяграфічна-крытычны слоўнік сучасных выдатных і тыповых маладнякоўцаў». Відавочна, М. Гарэцкі быў далёкім ад таго, каб педагагічна параўноўваць аўтараў з самімі сабою і не закранаць іх самалюбства. (Цяжка ўявіць творцу, які прыхільна паставіўся б да атэстацыі «тыповы»). У артыкуле «Беларуская літаратура пасля «Нашай Нівы» М. Гарэцкі прапануе ўласны рэйтынг лепшых твораў паслякастрычніцкага перыяду, у якім можна пры жаданні мяняць месцы, але ў цэлым з гэтым спісам няма прычын не пагадзіцца, яго ацэнкі апраўдаліся.
Кіруючыся да прафесійнай крытыкі, М. Гарэцкі рупліва адсочваў таксама публікацыі калег і ў сваёй працы іх улічваў, сумленна падаваў спасылкі на чужыя першаадкрыцці, абазначаў кола літаратуры па тэме, пагаджаўся або ўступаў у палеміку.
Як тэарэтык ён кіраваўся арыстоцелеўскімі прынцыпамі, ацэньваючы драматычны твор, зважаў на завершанасць, адзінства дзеяння, наогул патрабаваў дакладнасці ў жанравай класіфікацыі. Але М. Гарэцкі не быў закасцянелым тэарэтыкам, не заўсёды гармонія вымяралася алгебрай і не заўсёды магчыма было пагадзіць тэорыю і практыку. Літаратура магла абвяргаць уласныя эстэтычныя законы, і крытык прызнаваў гэта.
Відаць, памкненнем даць аб’ектыўную доказную крытыку тлумачыцца выкарыстанне М. Гарэцкім статыстычных метадаў. І хаця заслугоўвае павагі руплівасць і дакладнасць даследчыка, спроба падмацаваць літаратуразнаўства статыстыкай выглядае начотніцтвам: «У сярэднім на кожнае апавяданне прыходзіцца 33 немалыя старонкі»; «Даючы прыблізныя працэнты ад усіх гэтых 7 апавяданняў, можна сказаць, што ў творах Нёманскага займае месца: жыццё да Кастрычніка — у 28 % апавяданняў (два апавяданні), жыццё пасля Кастрычніка — у 72 прац.[энтах], рэвалюцыйнае змаганне і рэвалюцыйны быт — у 85 прац.[энтах], Беларусь — у 100 прац.[энтах], Заходняя Беларусь пасля міру — у 0 прац.[энтах], нацыянальнае пытанне да Кастрычніка — у 14 прац. [энтах], беларусізацыя і наогул нац.[ыянальнае] пытанне пасля Кастрычніка — у 0 прац.[энтах]…». Верагодна, крытык сам адчуў штучнасць і непрыдатнасць такой практыкі, бо пастаяннай яна не стала.
Крытычныя артыкулы М. Гарэцкага вылучаюцца таксама сістэматызаванасцю інфармацыі, лагічнай, празрыстай і паслядоўнай структурай. У творчых партрэтах «Сымон Баранаў» і «Ілары Барашка» аўтар абазначае яе праз адпаведныя загалоўкі: біяграфія — бібліяграфія — ідэалагічны змест — фармальна-мастацкія асаблівасці — вывады. Схема даволі ўдалая, прыдатная для сур’ёзнага цэласнага аналізу, і М. Гарэцкі неаднойчы выкарыстоўвае яе ў падобных артыкулах.
Што праўда, у спробах абысці вострыя вуглы, выказацца лаяльна М. Гарэцкі мог парушаць лагічныя законы, абнуляць папярэдняе выказванне, замяняючы яго адваротным, як у гэтым выпадку, дзе гаворка вядзецца пра хібы п’есы «Ветрагоны» У. Галубка: «Але гэта ўсё ж не столькі мінус, колькі пустое месца, на якім можна паставіць плюс».
Крытычная практыка М. Гарэцкага была ўпісаная ў свой час. Яго артыкулы «Наш тэатр» (1913 г.) і «Развагі і думкі» (1914 г.) інспіраваныя нашаніўскай дыскусіяй, адгукаліся на надзённыя пытанні і выказвалі прагрэсіўныя погляды. У 20-я гг. М. Гарэцкі спрабаваў дастасаваць патрэбы сучаснасці да літаратурнай творчасці, вынайсці тыя новыя прынцыпы, якія будуць адпавядаць духу эпохі, дапамогуць аўтару сцвердзіцца і знайсці чытача: «...нашым цяперашнім аўтарам трэба лічыцца з агульным шыбкім ходам жыцця, з тым часам, які мае дзеля чытання сялянска-пралетарская маса, а не даўнейшыя чытачы, і з тымі матэрыяльнымі магчымасцямі, якія ў нас ёсць на друкаванне і куплянне кніжак. Мы цяпер павінны пісаць з вялікай эканоміяй часу, слоў і матэрыяльных коштаў, пісаць коратка, але густа, адкідаючы ўсе менш характэрныя драбніцы малюнка або ўносячы іх у галоўныя буйніцы...». З пазалітаратурных фактараў, абмежаванняў у выдавецкай сферы М. Гарэцкі выводзіў істотныя слушныя парады пісаць густа, рабіць тэкст насычаным і адкідаць лішняе.
Эпоха ўваходзіла ў літаратуру, станавілася аб’ектам выяўлення, і крытыка цікавіла, наколькі поўна яна адлюстраваная, як хутка літаратура дагоніць свой час, асэнсуе яго маштабна і поўна. Разам з тым эпоха дыктавала новыя ўмовы для крытычнай творчасці. Тыя «рэцэдывы сацыялагізатарскага падыходу да мастацка-эстэтычных ацэнак» у крытыцы М. Гарэцкага, пра якія піша Я. Янушкевіч, у другой палове 20-х гадоў пакрысе станавіліся зацверджанай, кадыфікаванай практыкай.
Рэзкае вызначэнне Ц. Гартным выступлення М. Гарэцкага як «палітграматы», а не чаканага літаратурнага агляду не было цалкам пазбаўленым праўды. Уяўляючы літаратуру грамадскай справай, сродкам фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці, М. Гарэцкі натуральна выходзіў да пытанняў шырокага грамадскага значэння. Але калі ў часы нашаніўства яны фармуляваліся арыгінальна і смела, то ў другой палове 20-х гг. усё больш з’яўлялася асцярожнасці, следавання агульнапрынятай норме. Нацыянальныя пытанні выцясняліся класавымі. Апазіцыю складалі ўжо не толькі паняцці буржуазнае і пралетарскае, але і сялянскае, інтэлігенцкае з аднаго боку і пралетарскае з другога. Нашаніўскія ідэалы абвяшчаліся ўжо неактуальнымі, сялянская і інтэлігенцкая псіхіка — дробнай, шкоднай і нікчэмнай, здаровай альтэрнатывай, якая мусіла выявіцца ў літаратуры, дэкларавалася пралетарская ідэалогія.
Выраз «нацыянальная культура» ўжо даводзілася абгрунтоўваць і апраўдваць, пагаджаць нацыянальную форму з інтэрнацыянальным камуністычным зместам і даводзіць, што паміж імі няма канфлікту. І М. Гарэцкі ў гаворцы пра нацыянальную культуру рабіў усе неабходныя засцярожлівыя адступленні. Але «0 % у справе беларусізацыі» яго нязменна турбаваў, ён упарта скіроўваў аўтараў да асвятлення і гэтай істотнай тэмы, выяўляючы тым самым супярэчнасць паміж дэклараваным нарматыўным інтэрнацыяналізмам і прыроджаным «родным карэннем», дасціпна агучаную ў вершы Янкі Купалы «О так! Я — пралетар!..»:
Мне Бацькаўшчынай цэлы свет,
Ад родных ніў я адвярнуўся...
Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:
Мне сняцца сны аб Беларусі!
Пацярпелі змены светапоглядныя ўстаноўкі крытыка: ад ідэалізму 1913 г. («Кірунак нашага маладога тэатра павінен быць жыццёва-мастацкі з дэвізам: “Падняць беларуса да ідэальнага чалавека!”» — да змушанай цвярозай прагматычнасці. Патрэбы будзённага жыцця не стасаваліся з месіянствам, і ўжо ў характарыстыцы Галубковай творчасці (1923 г.) М. Гарэцкі закранае той факт, што культурная дзейнасць не прыносіць пісьменніку матэрыяльнага забеспячэння: «На жыццё, аднак, ён зарабляе не на сцэне, а канцылярскаю службаю». Не апраўдваліся ранейшыя спадзяванні. У 1914 г. у артыкуле «Развагі і думкі» М. Гарэцкі з надзеяй чакаў з’яўлення якаснай сур’ёзнай крытыкі, але зазнаўшы нападкі крытыкі вульгарнай, займеўшы досвед літаратурнай барацьбы, адстойвання прафесійных прынцыпаў, у 1926 г. канстатаваў незадавальняючы стан беларускай крытычнай і літаратуразнаўчай думкі.
Недарэчна папракаць М. Гарэцкага за тое, што ён не мог цалкам ігнараваць пануючую рыторыку. Яму даводзілася працаваць ва ўмовах цэнзурных абмежаванняў. Пра цэнзуру ў адным са сваіх выступленняў М. Гарэцкі выказваўся, не абвяргаючы, наадварот, падтрымліваючы яе неабходнасць. Наўрад ці гэтае выказванне варта ацэньваць як шчырае выяўленне пазіцыі пісьменніка, але можна разглядаць як сведчанне пра эпоху і сітуацыю ў літаратуры. Тым не менш, нават у неспрыяльных умовах М. Гарэцкі намагаўся захоўваць аб’ектыўнасць і бесстароннасць. Ён па-ранейшаму падзяляў мастацкасць (форму) і ідэалогію і па-ранейшаму разглядаў і тое, і другое. Перавага эстэтычнай або ідэалагічнай каштоўнасці не была для яго статычнай, а вар’іравалася ў дачыненні да канкрэтнага твора. На тое, які з аспектаў пераважваў, ніяк не ўплывалі кан’юнктурныя інтарэсы. Наадварот, М. Гарэцкі быў гатовы палемізаваць са строгімі крытыкамі У. Галубка і прызнаваць дастатковым, вартым пашаны адно толькі грамадскае значэнне творчасці гэтага аўтара. Або, усведамляючы, што погляды А. Моркаўкі «не свае для нашай эпохі», тым не менш высока ацэньваў эстэтычную вартасць яго твораў.
Прытым каштоўнасць мастацкасці таксама даводзілася адстойваць асобна. І М. Гарэцкі праз рэаліі даступныя і зразумелыя звязваў у непарыўную еднасць высокае элітарнае мастацтва і матэрыяльнае, культуру і дабрабыт. Выглядала гэта наіўна, але адэкватна часу: «…дасканаласць беларускага санета залежыць ад дасканалага росту беларускай бульбы, але і дасканалы рост беларускай бульбы залежыць ад таго, на якіх беларускіх санетах будуць мець сваё выхаванне студэнты Акадэміі ў Горках».
Паколькі крытыка прадугледжвае камунікацыю паміж удзельнікамі літаратурнага працэсу, варта асобна разгледзець, як выбудоўвае яе М. Гарэцкі. У дачыненні да яго «Гісторыі беларускае літаратуры» М. Мушынскі зазначыў, што яна «напісана жывой, каларытнай, часам ледзь не размоўна-бытавой мовай. Але гэта не спрошчанасць, а таленавітая прастата». Гэтая прастата, даступнасць выкладання ўласцівыя ў цэлым крытыцы М. Гарэцкага. Мова яго крытычных артыкулаў па-мастацку разняволеная, непасрэдная. Аўтар мадэлюе сітуацыю маўлення ва ўмовах тут і цяпер, гаворыць ад першай асобы, у тым ліку і пра ўласны літаратурны досвед. Працэс мыслення, выбудоўвання лагічных сувязей становіцца бачным чытачу, абазначаныя нават паўзы: «Беларускі рух… беларускі рух… Што гэта за дзіва?»; «Гм, гм…». М. Гарэцкі шырока выкарыстоўвае сродкі размоўнага і мастацкага стыляў. Асабістае стаўленне аўтара да прадмета гаворкі відавочнае ў эмацыйных ацэначных выказваннях: «Ой, як гэта добра!». Прытым градус эмацыйнасці дастаткова высокі: і непрыхаванае раздражненне, і з’едлівасць, рэзкасць у адказ на рэзкасць («Маладняк», «Маленькі фельетон»). Гумар, іронія, досціп — таксама ў арсенале яго сродкаў.
Мова М. Гарэцкага не бязадрасная. Патэнцыйнымі рэцыпіентамі, да якіх звяртаўся крытык і на якіх імкнуўся паўздзейнічаць, уяўляліся калегі-пісьменнікі, сваё кола, у якім былі прымальныя сяброўскія звароты кшталту «дзядзькі і цёткі — літаратары нашы…». М. Гарэцкі называў і зусім канкрэтных адрасатаў: «і ты, дзядзька Янка, і ты, дзядзька Якуб…», да якіх звяртаўся з рэкамендацыямі. У гэтым, па сутнасці, дыялогу роўных М. Гарэцкі выкарыстоўваў розныя танальнасці, у тым ліку і ментарскую («трохі «біблейскі», трохі «прароцкі» стыль», паводле вызначэння Алеся Адамовіча), прысаромліваў, апеляваў да пачуцця адказнасці: «Што сабе думаюць тыя з нашых пісьменнікаў, што сыплюць вершык за вершыкам і <…> не хочуць шырэй паглядзець на сваё значэнне для Бацькаўшчыны і забываюцца на сваю павіннасць прад ёю — работаць так, каб пот выхадзіў?». Наогул М. Гарэцкі падтрымліваў двухбаковую сувязь з удзельнікамі літпрацэсу, прамаўляючы да аўтараў, ён стаяў на пазіцыі чытача і бараніў яго інтарэсы. Напрыклад, яго непрыманне імажынізму тлумачылася менавіта запатрабаваннямі і магчымасцямі чытачоў, якія пісьменнікі мусяць улічваць: «…я раіў бы «Маладняку» зрабіць запытанне ў нашых пралетарскіх і сялянскіх мас, <…> ці ёсць у іх час [расшыфроўваць заблытаныя імажынісцкія вобразы — А. К.] і ці аплаціцца ім гэты час мастацкаю насалодаю, пашырэннем светагляду і г.д.».
Пэўныя пытанні М. Гарэцкі пакідае адкрытымі, неправераныя, недакладныя звесткі абавязкова такімі пазначае. Ён не прэтэндуе на ўсёведанне, яму важна быць праўдзівым, не ўводзіць у зман чытача.
Абраная М. Гарэцкім камунікатыўная стратэгія спрыяла таму, каб правакаваць размову, крытыка станавілася запрашэннем да шырокага абмеркавання, абмену думкамі, прыцягвала ўвагу да твора.
У крытыцы М. Гарэцкага сапраўды мелі месца тыя заганы, якія вылучае Д. Бугаёў: «Часамі ён абмяжоўваўся прасцейшай сістэматызацыяй матэрыялу, калі-нікалі рабіў такія прагнозы, якія потым не спраўджваліся, здаралася, залішне захапляўся аднымі аўтарамі і быў празмерна суровы да другіх». Тым не менш яны не нівелююць вартасцей М. Гарэцкага-крытыка, не адмаўляюць яго значэння. Для свайго часу ён працаваў на вельмі высокім прафесійным узроўні, яго стыль быў адметны і пазнавальны, яго крытыка паспяхова спраўлялася са сваімі задачамі: была пасрэднікам паміж чытачамі і аўтарамі, выхоўвала ў аўтараў густ, культуру мовы, уводзіла твор у літаратурны кантэкст і вызначала яго месца.