Святлана Сачанка

Мясцовая лексіка з твораў Максіма Гарэцкага i Барыса Сачанкі ў дыялектных слоўніках

Моўнае майстэрства пісьменніка выяўляецца ў тым ліку і ва ўменні арганічна спалучаць у сваіх творах розныя пласты лексікі – словы дыялектныя, устарэлыя, індывідуальна-аўтарскія і інш. Пры гэтым моўнае багацце твора заключаецца ў першую чаргу ў багацці слоўніка яго аўтара. Многія словы з мовы твораў Максіма Гарэцкага і Барыса Сачанкі з’яўляюцца дыялектнымі. Гэтую лексіку можна знайсці і ў дыялекных слоўніках, якія адлюстроўваюць спецыфіку народных гаворак. Параўнанне дыялектызмаў, або слоў мясцовага паходжання, выяўленых у мове твораў названых аўтараў, дазваляе прыйсці да наступных высноў (прааналізаваны аповесці М. Гарэцкага “Дзве душы” і Б. Сачанкі “Мальвіна”). Дыялектнай лексікай пісьменнікі карыстаюцца вельмі актыўна, уводзячы яе ў дыялогі (простую мову) дзейных асоб, няўласна-простую мову персанажаў і нават у аўтарскую мову. Аднак у М. Гарэцкага заўважаны большыя багацце і разнастайнасць мясцовых слоў. Амаль усе выяўленыя дыялектныя словы зафіксаваны ў слоўніках дыялектнай лексікі, дзе тлумачацца іх значэнні і паказваецца арэал распаўсюджання. Такім чынам, у слоўніку дыялектнай лексікі адлюстраваны наступныя мясцовыя словы, выяўленыя ў мове аповесці “Дзве душы” М. Гарэцкага (прыводзяцца ў алфавітнай паслядоўнасці): абмахнуцца дзеяс. “памыліцца, спудлаваць [прамахнуцца], не папасці ў цэль” (Гар. 51, Бяльк. 28), абмашка наз. “абмах, памылка [промах]” (Гар. 48, Бяльк. 28), абшчапіць дзеяслоў “абняць” (Гар. 12, Бяльк. 37), агоўтацца дзеясл. ‘агоўтацца [супакоіцца, сцішыцца], прывыкнуць’ (Гар. 43, Бяльк. 40), аджа злучна ўсё ж такі” (Гар. 12, Бяльк. 43), адзаду прысл. “заду” (Гар. 73, Бяльк. 44), ай злучн., часц. ‘ці’ (Гар. 58, 77, 89, Бяльк. 50), аткуля прысл. ‘адкуль’ (Гар. 34, Бяльк. 66), апыніцца дзеясл. ‘апынуцца’ (Гар. 13, 54, Бяльк. 78), ба часц. ‘бы’ (Гар. 12, 14, 22, 31, Бяльк. 78), блішчэць дзеясл. ‘блішчаць’ (Гар. 8, 10, 21, Бяльк. 88), блутацца дзеясл. “блытацца” (Гар. 74, Бяльк. 88), браценнік наз. “дваюрадны брат” (Гар. 41, Бяльк. 91), вакно наз. “акно” (Гар. 8, 9, 11, 14, Бяльк. 103), відзець наз. “бачыць” (Гар. 76, 79, 96, Бяльк. 108), вугалле наз. “вуголле” (Гар. 14, Бяльк. 113), вугол наз. “вугал” (Гар. 21, Бяльк. 113), вучыцель наз. “настаўнік” (Гар. 18, 37, 68, Бяльк. 115), выхадзіць дзеясл. “выходзіць, атрымоўвацца” (Гар. 37, Бяльк. 125), вясёла прысл. “весела” (Гар. 41, Бяльк. 129), гутацца дзеясл. “гутацца, гушкацца” (Гар. 7, Бяльк. 143), дайжа прысл. ‘нават’ (Гар. 37, 41, 83, Бяльк. 147), дзела наз. ‘справа, работа’ (Гар. 84, Бяльк. 15), дзіцёнак наз. “дзіцяня, дзіця” (Гар. 7, 15, 20, 48, Бяльк. 153), дзяньгубства наз. “марнаванне часу” (Гар. 60, Бяльк. 154), заробіць дзеясл. “зарабіць” (Гар. 37, Бяльк. 181), згары прысл. “наперад” (Гар. 43, Бяльк. 188), здаволены прым. “задаволены” (Гар. 8, Бяльк. 189), знаймавацца дзеясл. “спавядацца, быць у споведзі” (Гар. 38, Бяльк. 195), знасіць дзеясл. “зносіць, цярпець” (Гар. 10, Бяльк. 195), зюкаць дзеясл. “гаварыць” (Гар. 58, Бяльк. 212), іногды прысл. “іншы раз, часамі” (Гар. 17, Бяльк. 215), клапаціць дзеясл. “клапаціцца” (Гар. 12, Бяльк. 227), клум наз. “тлум” (Гар. 10, 31, 34, 58, 75, Бяльк. 228), кумпанія наз. “кампанія, таварыства” (Гар. 53, Бяльк. 238), маргелка наз. “магерка, шапка з лямцу” (Гар. 30, 35, Бяльк. 260), наагул прысл. “наогул” (Гар. 17, Бяльк. 272), налецця наз. “наступны год” (Гар. 17, Бяльк. 276), наўпроці прысл. “наўпроці [насупроць]” (Гар. 11, 35, Бяльк. 282), наўчыць дзеясл. “навучыць” (Гар. 36, 87, Бяльк. 282), нейдзе прысл. “недзе” (Гар. 51, Бяльк. 283), павучыння наз. “павуцінне” (Гар. 24, Бяльк. 301), парукацца дзеясл. “прывітацца, падаўшы адзін аднаму рукі” (Гар. 12, Бяльк. 316), пачопка наз. “пачопка, матуз у калысцы, за які калышуць яе” (Гар. 72, Бяльк. 323), пруд наз. “млын” (Гар. 13, 348), пульхлый прым. “пульхны, мяккі” (Гар. 9, Бяльк. 359), сароміцца дзеясл. “саромецца” (Гар. 12, Бяльк. 401), спушчаць дзеясл. “апускаць” (Гар. 37, Бяльк. 417), ступою прысл. “ступою, ціхім ходам” (Гар. 35, Бяльк. 424), схудзець дзеясл. “зрабіцца худым” (Гар. 99, Бяльк. 429), сянні прысл. “сёння, сягоння” (Гар. 21, 23, 73, Бяльк. 439), тутака прысл. “тут” (Гар. 14, Бяльк. 448), узноў прысл. “зноў” (Гар. 7, 8, 28, 31, 34, 51, 71, 74, Бяльк. 456), украдня прысл. “употайкі” (Гар. 28, Бяльк. 457), уласць наз. “улада, урад” (Гар. 80, Бяльк. 458), усюдых прысл. “усюды” (Гар. 51, 63, 71, 95, 104, Бяльк. 466), хвартук наз. “фартух” (Гар. 11, Бяльк. 472), хвустка наз. “хустка” (Гар. 17, Бяльк. 472), хунт наз. “фунт” (Гар. 84, Бяльк. 477), хурман наз. “фурман” (Гар. 34, Бяльк. 477), чарод наз. “чарга” (Гар. 12, Бяльк. 489), шубнуць дзеясл. “[шыбнуць], кінуць” (Гар. 24, Бяльк. 501). Усяго 62 лексемы. Гэтыя словы не адлюстраваны “Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы” (2002). Асобныя з іх пададзены ў каментарыі да 4-томнага Збору твораў Максіма Гарэцкага. А вось пералік дыялектных лексем з мовы твораў Барыса Сачанкі, адлюстраваных у дыялектных слоўніках: блішчэць дзеясл. “блішчаць” (Сач. 240, 263, Бяльк. 88), грудзіна наз. “грудзі” (Сач. 257, Тур. I, 229), грудка наз. “камяк, грудка” (Сач. 187, Тур. I, 229), дзела наз. “справа” (Сач. 262, Тур. II, 13, Бяльк. 153), дзятлавіна наз. “дробная канюшына, дзяцельнік” (Сач. 186, Тур. II, 21), згукваць дзеясл. “склікаць” (Сач. 193, Тур. II, 145), прудка прысл. “прытка, скора, хутка” (Сач. 254, Тур. IV, 233), смуродзіна наз. “чорныя парэчкі” (Сач. 211, Тур. V, 65), хвартух наз. “фартух” (Сач. 195, Тур. V, 233). Усяго 8 слоў; у ТСБЛМ яны не зафіксаваны. Выяўлена супадзенне трох лексем з мовы твораў М. Гарэцкага і Б. Сачанкі: блішчэць, дзела, хвартух (хвартук). Яны зафіксаваны ў двух дыялектных слоўніках, у якіх прадстаўлены словы дзвюх розных мясцовасцей – Магілёўшчыны і Гомельшчыны. Гэта сведчыць пра супадзенне лексічных запасаў розных рэгіёнаў Беларусі (словы бытуюць у розных гаворках). Ужыванне дыялектызмаў дапамагае аўтарам літаратурных твораў перадаць, у прыватнасці, мясцовы моўны каларыт, уласцівы пэўнаму канкрэтнаму рэгіёну Беларусі: для Максіма Гарэцкага гэта Магілёўшчына (паўночна-ўсходні дыялект), для Барыса Сачанкі – Гомельшчына (паўднёва-заходні дыялект). Стылістычныя функцыі дыялектызмаў у мастацкім тэксце ўвогуле вельмі шматлікія: характарыстыка герояў, наданне мове твораў эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і інш.

Прынятыя скарачэнні Бяльк. – Бялькевіч І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. – Мінск, 1970; Гар. – Гарэцкі М. Дзве душы: Творы. – Мінск, 1990; Сач. – Сачанка Б. І. Мальвіна. Барвы ранняй восені: Апавяданні. Аповесці. – Мінск, 1962; Тур. – Тураўскі слоўнік: у 5 т. – Мінск, 1982 – 1987.