Ларыса Цімошык
Лісты ў сучаснасць
У юбілейны год Максіма Гарэцкага гавораць пра яго ўплыў на грамадскі і літаратурны працэс Беларусі. Але цікавая і сама асоба пісьменніка, які быў жывым чалавекам, пакутаваў і радаваўся, непакоіўся і хваляваўся, перажываў і меў моманты, якія былі адзначаны шчасцем. Такі быў час — для ўсіх магчымых пачуццяў была адкрытая яго душа. Як і да людзей, якія ўзбагачалі яе думкамі і пачуццямі. Пра гэта можна паразважаць, напрыклад, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
Таму што два волаты беларускай літаратуры не проста былі знаёмыя, яны кантактавалі. Пра гэта, прынамсі, сведчаць прадстаўленыя на выставе ў музеі арыгіналы лістоў Якуба Коласа і Марыі Дзмітраўны да Леанілы Чарняўскай (жонкі Максіма Гарэцкага), да брата пісьменніка Гаўрылы Іванавіча і яго жонкі Ларысы Іосіфаўны. Ёсць рукапіс успамінаў Галіны Максімаўны, дачкі Максіма, пра бацьку і роднага дзядзьку, можна пабачыць выданні твораў Максіма Гарэцкага 20-х гг. мінулага стагоддзя, сямейныя фотаздымкі з даронымі надпісамі.
Яны сябравалі сем’ямі. З братамі Гарэцкімі Якуба Коласа лучылі не толькі працоўныя і творчыя, але і шчырыя сяброўскія стасункі. Іх збліжалі і настаўніцкія клопаты, і пісьменніцкія прыхільнасці, бо Максімава жонка, Леаніла Усцінаўна, таксама была не толькі педагогам, складальніцай школьных падручнікаў, але і вядомай тады дзіцячай пісьменніцай, аўтаркай чытанак для школьнікаў "Родны край". І калі імя Максіма Гарэцкага, які загінуў падчас рэпрэсій, было пад забаронай, то не ў сям’і Коласа. Якуб Колас, у прыватнасці, хадайнічаў аб вяртанні з высылкі Гаўрылы Гарэцкага на Беларусь. Але і вялікага народнага паэта ўлады не паслухаліся. Гаўрылу Іванавічу дазволілі жыць і працаваць у Беларусі толькі ў 1968 годзе.
Гэтыя дзве сям’і, два вялікія і магутныя беларускія роды кантактуюць і сёння. І ў рамках праекта "Нашчадкі славутых людзей", які ажыццяўляе музей Якуба Коласа ў дні юбілею Максіма Гарэцкага, гасцямі была сям’я Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які сёння імкнецца захаваць у свядомасці сучасных беларусаў памяць пра братоў Гарэцкіх і той час, калі кожны з іх адпакутаваў з думкамі пра Беларусь.