Мікалай Мішчанчук

На шляху да модульнага пісьма.
Малая проза Максіма Гарэцкага

Часта думаю пра тое, як пачыналі і — не ў меншай ступені — заканчвалі свой шлях (а лепш — сваё стварэнне мастацкага, вобразнага іншасвету) пісьменнікі. Якуб Колас усе назіранні, адчуванні, прадметныя рэаліі лучыў у цэласную карціну, давяраючыся пазітывісцкаму лозунгу пра гармонію як аснову быцця. Асабліва выразна падобны погляд, ад якога ўсё астатняе залежыць, выяўляецца ў яго паэме “Новая зямля”, у трылогіі “На ростанях” і нават у “Казках жыцця”, дзе, нягледзячы на значную сілу негатыву, “перамагае гармонія”. Цэласнасць свету “знешняга” і “ўнутранага”, вера ў святло — апорныя сігналы творчасці класіка нашай нацыянальнай літаратуры, якія і вызначаюць яе стылявы рух па прамой лініі. Дарэчы, падобны рух уласцівы і рускаму класіку А. С. Пушкіну — паэту, празаіку, драматургу, нават у “Маленькіх трагедыях” якога крынічыць вера ў перамогу дабра. Двух аўтараў аб’ядноўвае, калі гаварыць у плане агульнатэарэтычным, вернасць прынцыпам класічнага, уласцівага рэалістычнаму мастацтву, варыянта пісьма перыяду модульнай паэтыкі як у змястоўным (згаданая намі раней арыентацыя на пазітыў), вобразнастылявым (рух да гармоніі), так і жанравым (пераважнае захаванне выпрацаваных яшчэ ў эпоху эйдэтычнай паэтыкі кананічных прыкмет) аспектах. Заўважым яшчэ, што ў Якуба Коласа, а таксама ў “рэалістаў” Цішкі Гартнага, Івана Мележа, Івана Чыгрынава, Міхаіла Шолахава, Томаса Мана ды іншых, свет рэальны ператвараецца ў іншасвет вобразны паводле закона (канона ў названым вышэй варыянце паэтыкі) адноснай гармоніі аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, калі “Я — суб’ект” можа быць і “Я — іншым”, “аб’ектызавацца” ў карцінах, падзеях паводле наследавання яшчэ эйдэтычнай паэтыкі (як у “Іліядзе”, “Адысеі”, “Калевале”, “Слове пра паход Ігаравы...”). “Я” ў творчасці згаданых аўтараў і іншых, схільных да эпічнага спосабу мыслення, выяўляе сябе і ў героях іх твораў, і ў лірычных адступленнях-каментарыях, яно часта “маскіруецца” пад “аб’ектыўнага” (Я — гэта ён, другі) наратара. Жанравая сістэма творчасці пісьменнікаў эпічнага складу мыслення пераважна грунтуецца на захаванні гармоніі суадносін аб’ектна-суб’ектных і ўмоўна можа быць прадстаўлена ў форме замкнёнага кола, выхад за межы якога дапускаецца ў рэдкіх вьпадках і ў абмежаванай форме (“Казкі жыцця” Якуба Коласа і — часткова! — паэма “Сымон-музыка” — пацвярджэнне гэтаму). На кругавой арбіце творчасці згаданых вышэй пісьменнікаў знаходзяцца і паэма, і апавяданне, і аповесць, і раман, і апавядальны (апісальны) верш, і іншыя “чыстыя” жанры. I гэтая заканамернасць таксама вынікае з ураўнаважанасці суб’ектнага і аб’ектнага пачаткаў у мастацтве слова. На думку многіх даследчыкаў літаратуры, эпоха эйдэтычнай або “рытарычнай” паэтыкі, што доўжылася звыш двух з паловай тысячагоддзяў, памянялася на эпоху мадальнасці ў другой палове XVIII стагоддзя. У сваю чаргу, гэтая эпоха падзяляецца на два перыяды — “класічны” (другая палова XVIII — 80-я гады XIX стагоддзя) і канец XIX — пачатак XXI стагоддзя. У першы перыяд слоўнае мастацтва яшчэ не вызвалілася канчаткова ад комплексу нарматыўнасці вобразнага, жанравага, стылявога мыслення, абумоўленага арыентацыяй на асобу, што не мае ўнутранай разняволенасці, захавала рэшткі арыентацыі не на феномен, а на эйдас — ідэю чалавека не аўтаномнага, а залежнага ад Бога, ад аб’ектыўнага свету. У рускай — канец XIX, а ў нашай нацыянальнай літаратуры пачатак XX стагоддзя сталіся пачаткам перыяду модульнай паэтыкі мастацкасці, калі асоба аўтара ўнутрана разняволілася, пачала выступаць у розных праявах, а суб’ект-аб’ектныя адносіны па гэтай прычыне ператварыліся ў суб’ект-суб’ектныя. Па прынцыпе ланцуговай рэакцыі ў сувязі з падобнай сітуацыяй суб’ектывізаваўся (стаў больш экспрэсіўным, “непасрэдна-аўтарскім” ці ад імя аўтарскага) стыль пісьма, вынікам якога можна лічыць лірычную прозу. Я-акцэнтаваны стыль “запатрабаваў” адкрытасці жанравай сістэмы, а таму і з’явіліся прамежкавыя формы і мадыфікацыі: лірызаваныя апавяданні-абразкі, эсэ, імпрэсіі, лірычныя аповесці, творы-ліставанні (“У чым яго крыўда?”, “Страхаццё”, “Красаваў язмін” М. Гарэцкага), маналогі душы (“Што яно?” таго ж аўтара, апавяданні-споведзі Івана Навуменкі), драматычныя абразкі, падобныя “Атруце” Максіма Гарэцкага, ліра-эпічныя і лірычныя паэмы, оды-элегіі, оды-балады, трагікамедыі, драма-камедыі і інш. Мадэрнізм і постмадэрнізм як мастацкія кірункі актыўнейшыя за рамантызм і неарамантызм (выключэнне складае нарматыўны сацыялістычны рэалізм артадаксальнага характару, які нібы паўтарыў на новым гістарычным этапе вопыт рускага класіцызму XVIII стагоддзя) разбуралі абмежаваныя межы класічнага і сцвярджалі прынцыпы некласічнага (нетрадыцыйнага) варыянта модульнай паэтыкі мастацкасці. Прадстаўнікі гэтага другога варыянта ў рускай літаратуры — Леанід Андрэеў, Андрэй Белы (у большай ступені ў прозе), Аляксандр Блок і іншыя сімвалісты (бяром перыяд злому XIX — XX стагоддзяў), у нас — Янка Купала ў паэзіі, Максім Гарэцкі ў прозе, а яшчэ Змітрок Бядуля і ў паэзіі, і ў прозе. Іх пісьмо, а за імі — пісьмо Кузьмы Чорнага 20-х гадоў XX стагоддзя, Язэпа Пушчы, Тодара Кляшторнага, Аркадзя Моркаўкі развіваюцца ў межах большай змястоўна-фармальнай свабоды. Аўтарскае “Я” пануе над ранейшым эйдэтычным “Я ў другім”, падпарадкоўвае сваёй волі аб’ектыўны пачатак, робіцца аўтаномным. Адсюль і свабода яго пераўвасаблення ў суб’ектыўныя інварыянты, больш актыўнае ўмяшанне ў апавядальны працэс (лірызацыя), разбурэнне жанравых межаў і, на гэтай аснове, вяртанне да старадаўняга (аднак няпоўнага) сінтэтызму, вольнае перамяшчэнне аповеда ў часе і прасторы. Свабоднае аперыраванне мастацкім матэрыялам пашырае межы звычайнага эпічна-апавядальнага аповеду. Максім Гарэцкі дасягае гэтага ў сваіх ранніх творах з кніжкі “Рунь”, быццам не думаючы не толькі пра тое, што, але і пра тое, як пісаць. Адкрываецца зборнік аднайменным творам, тэкст якога створаны дзвюма ўзаемаперасякальнымі апавядальнымі плынямі — аўтарскай (ад імя аўтара) і ўяўна героевай, пра якога, як адзначаецца, “у паліцыі запісана коратка: “прапаў без весці”. Як у рускіх постмадэрністаў, хоць бы таго ж Абрама Тэрца (Сіняўскага), гэтыя тэкставыя плыні пераплятаюцца вольна, не дазіруюцца, ствараецца эфект “працы і гульні”, адзін тэкст упісваецца ў другі, адна гісторыя — у гісторыю іншую. Напачатку ідзе аповед пра сябра, якога рана не стала, але ён — носьбіт “сільнага і арыгінальнага характару”, свядомы беларус, які здолеў зрабіць перакананай беларускай паненку Ядзю і, магчыма, жывы цяпер, знаходзіцца з ёю разам у Італіі. Другая частка — рэалістычны абразок Уладзіміра “Войт” пра жахлівую гісторыю — як забаўлялі паноў, што балявалі ў палацы, прыгонныя дзяўчаты. Аўтар твора, прыпісанага ўяўнай асобе, нічым сябе не выдае чытачу, дае магчымасць яму самому ацаніць падзеі. У апавяданні “Княгіня” пераважае лірычная стыхія, якая ў канцы твора перапыняецца аўтарскім каментарыем пра тое, што гаспадыня, у якой кватараваў Уладзімір, пакінула яму запіскі. Наступны кавалак тэксту — унутраны маналог Уладзіміра (сентыменталісцкі культурны код), страсная споведзь сына народа, інтэлігента — абаронцы прыніжаных і пагарджаных з застаўкамі-каментарыямі аўтара. I заканчваецца твор “Кавалкам з днеўніка” Уладзіміра. Такім чынам, тэкст сатканы з розных фрагментаў, як дыван з рознакаляровых нітак, што дае магчымасць пісьменніку пашырыць ідэйна-вобразны змест твора. У тэксце, як і ў творах пазнейшых постмадэрністаў, утрымліваюцца коды розных культур — перыяду жыцця пад прыгонам і пазнейшага, розных грамадскіх сфер — сацыяльнай і нацыянальнай, цесна пераплятаецца агульналюдскае (каханне, прызначэнне чалавека, воля — няволя) і прыватнае, бытавое (побыт і норавы людзей, малюнкі прыроды). Падобна мадэрністам, уяўны (другі) аўтар Уладзімір З., рэпрэзентаваны як асоба, што ведае сабе цану і хоча быць самастойнай ва ўсіх адносінах, перш за ўсё непакоіцца пра тое, каб не страціць годнасць у трагедыйных умовах. I яшчэ адзначым, што ў перадапошняй структурнай частцы твора, жанравае вызначэнне якому нават цяжка даць — ці гэта абразок з лірычнымі застаўкамі, ці гэта дыялог, які складаецца з маналогаў розных аўтараў, ці кароткая аповесць у навелах, ці лірызаваны дакументальны дзённік, — аўтар канстатуе поўнае супадзенне сваёй пазіцыі і пазіцыі Уладзіміра З. у пытанні культу асабістага “Я”, культу свабоды ва ўсім — у жыцці асабістым і грамадскім. “Кавалак з днеўніка” ўяўляе сабой надзвычай цікавую мастацкую структуру. Захоўваецца дакументальная дзённікавая (запісы па днях) аснова, але яна літаральна размываецца, разломваецца стыхіяй пачуцця Уладзіміра, “уціснутага” ў рамкі кароткіх фраз (падкрэслім — пераважна кароткіх, дзякуючы чаму павышаецца экспрэсія тэксту, адчуваецца, што ў душы таго, хто іх кладзе на паперу, віруюць, змагаюцца, набягаюць адно на адно думкі і пачуцці): “Мама паміраіць. Не разумею, і вясёл. Потым — у павадыры. Дзядзька забраў. Біў кійком. Дворнічыха ратавала; было непагодна, сьцюдзёна, я туляўся па дварэ. Яна ўзяла, грэла, чаем паіла. “Ногі, як лядні... Лядзень-ляднём... Дзетка маё”. Прыведзены кавалак тэксту характэрны для пісьма “лірыка-драматычнага” (калі скарыстаць умоўны тэрмін), а не спакойна-сузіральнага, эпічнага. Пачуццё і дзеянне ў ім уступаюць у кантакт, узаемна дапаўняюцца, перацякаюць адно ў адно і працуюць на стварэнне закончанай, аб’ёмнай карціны жыцця. Яна такая выразная, што можна яе кадрыраваць некалькімі малюнкамі: “Смерць маці” — “Павадыр у дзядзькі” — “Босы, адзінокі” — “Ратаванне дворнічыхай”. Тэкст поліфанічны, складаецца з галасоў Уладзіміра, яго каханкі паненкі Ядзі і самога аўтара. Зрэдку да гэтага “трыа” падключаюцца галасы другарадных персанажаў — дзядзькі, дворнічыхі. Так у маленькай часцінцы тэксту выяўляецца агульная асаблівасць прозы М. Гарэцкага, ужо з самага пачатку скіраванай на сінтэз жанрава-родавых адзнак, на пераадоленне нарматыўнасці класічнага варыянта модульнай паэтыкі. Менавіта гэтая тэндэнцыя вядзе да таго, што ў кнізе “Рунь” Максім Гарэцкі побач з апавядальнымі творамі ці блізка-апавядальнымі (чыста апавядальных твораў у кнізе фактычна няма) “У лазні”, “Роднае карэнне” змяшчае творы лірызаваныя (“Красаваў язмін”) і лірычныя маналогі, споведзі “Страхаццё”, “Што яно?”, “Лірныя спевы”, у якіх стыхія лірычных перажыванняў ператвараецца ў “аповед”. У апавяданні “Што яно?”, ды і ў пазнейшых тэкстах (“Скарбы жыцця”, “Лявоніус Задумекус”), як і ў творах постмадэрністаў Венядзікта Ерафеева, Уладзіміра Сарокіна, Сашы Сакалова, Юры Станкевіча, Сержа Мінскевіча, споведзь вядзецца ад імя чалавека “не ў сабе”, што выламаўся з асяроддзя па прычыне сваёй непадобнасці да іншых. Гэты герой праходзіць праз выпрабаванні жорсткасцю “правільных людзей” (а ў “Лявоніусе Задумекусе” — налпаў), адчыняе “браму скарбаў сваіх” тым, хто яго не чуе (можа, пачуе калі-небудзь пазней?), шукае сваю жыццёвую прыстань — востраў Патмас. Вакол гэтага героя не экзатычныя, часам смешныя, нейкія “хатнія” “бесы” Пушкіна, а купалаўскія відмы, чорныя і, нарэшце, новаствораныя фантазіяй мастака налпы — выніковы “прадукт” не толькі зла, а і бяздушнасці, унутранай акамянеласці. Свет страчвае для такіх герояў сваю цэласнасць і гармонію, уяўляецца ім суцэльным кашмарам. Гэта і ёсць найпершыя прыкметы мастацтва, зарыентаванага на прынцыпы адкрытага постмадэрнісцкага мадулявання, процілеглага класічнаму. Чытаю радкі з апавядання “Што яно?” (“Іх многа. Яны ўсе завуць яго дурным. Уся парахвія. I паны. А ён адзін; з яго сьмяюцца людзі, калі ён гукнець каго дурным. Людзі... іх многа. А яму аднаму няможна зваць іх дурнымі. А ён па-свойму хоча быць. Па-свойму... А дзеці плююцца і пылам у вочы сыплюць...”) і чую другія радкі — са “Скарбаў жыцця”, такія ж самыя трагедыйныя па змесце. Аднак вернемся да размовы пра родава-жанравы сінкрэтызм творчасці М.Гарэцкага... У зборніку “Рунь” вельмі выразна выяўляюцца прыкметы трэцяга класічнага роду літаратуры — драмы. Пра гэта сведчаць ужо “знешнія” прыкметы: з абразкамі, экспрэсіямі, сюжэтнымі гісторыямі стаіць побач “кароткі жалобны абразок” (аўтарская кампазіцыя) “Атрута”, у якім паслаблена дзеянне за кошт разгорнутых унутраных маналогаў Дзеда, Ганны, Рамана, даецца разгорнутая рэмарка пра месца дзеяння. Пісьменнік як бы не прызнае “чыстых” прыёмаў эпічнага, лірычнага і драматычнага пісьма, вольна карыстаецца імі. Па гэтай прычыне дыялогавы характар маюць творы “Рунь” (адкрывае кнігу), “У чым яго крыўда?” (закрывае зборнік), тэкст якіх складаецца з перакрыжаваных галасоў аўтара і герояў, пададзеных з дапамогай прыёмаў ліставання, дзённікавых запісаў. Максім Гарэцкі, як і Змітрок Бядуля, адкрываў новы шлях беларускай літаратуры — шлях пераадолення нарматыўнасці класічнай паэтыкі слоўнага мастацтва, а значыцца — мадэрнізму і постмадэрнізму, і тым самым апярэджваў час, супрацьпастаўляў свабоду мастацкіх пошукаў нарматыўнасці рэалізму.