Таццяна Студзенка
Цяпло сям’і, цяпло сяброўства
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася літаратурная сустрэча з цыкла “Нашчадкі славутых людзей”, прымеркаваная да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага і Леанілы Гарэцкай-Чарняўскай. Сем’і Гарэцкіх і Міцкевічаў, блізкія па духу і справах, цесна сябравалі паміж сабой — пра гэта ўспаміналі іх нашчадкі: Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, пляменнік Максіма Гарэцкага, і Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, сын Якуба Коласа.
Вельмі прыемна, што цёплыя стасункі захоўваюцца і цяпер: Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай Рыгораўнай адчуваюць гасціннасць Коласавага дома, шанаванне і любоў Коласавай сям’і. Атмасферай утульнай цеплыні, падкрэсленай нягучнай класічнай музыкай, прасякнутыя сцены музея — адчуць яе маглі ўсе прысутныя. Упершыню Якуб Колас і Максім Гарэцкі сустрэліся, калі разам выкладалі на рабфаку ўніверсітэта. Потым пасябравалі, гасцявалі адзін у аднаго, шчыра ліставаліся, адчувалі ўзаемападтрымку ў літаратурных справах. Пра гэта распавёў Міхась Канстанцінавіч. Для Радзіма Гаўрылавіча сустрэча стала нагодай прыгадаць сямейнае жыццё, лёс і характары блізкіх Максіма Гарэцкага: жонкі, дзяцей, брата, пляменнікаў. Колькі б ні імкнуліся навукоўцы і пісьменнікі адарваць класікаў ад мармуровых пастаментаў, узнаўляючы іх чалавечыя постаці ў верагодных эпізодах паўсядзённага жыцця або па-мастацку інсталюючы эпізоды рэальныя, нішто не заменіць жывое слова сведак. Радзім Гарэцкі каменціруе фотаздымак маці і бацькі Максіма і Гаўрылы: “Здаецца, як у непісьменных людзей мог вырасці сын-пісьменнік — і надзвычай адукаваны, шматгранны? Але ж маці, Ефрасіння Міхайлаўна, была народнай пясняркай. Максім запісаў 318 яе песень, апрацаваных кампазітарамі М. Аладавым, Я. Цікоцкім і інш. Як, напрыклад, песня: “Кума мая, кумачка, дзе жывеш?.. Чаму ж мяне ў госцікі не завеш?..” Ведала маці таксама казкі і была, такім чынам, сапраўдным фалькларыстам. Вось яно, “роднае карэнне”: любоў да мовы, да сваёй зямлі, свайго народа”. Трагічная старонка жыцця Максіма Гарэцкага, пра якую шырокі чытач на ўрад ці ведае, — смерць сына Леаніда, якога забілі ў 1944 г. пад Ленінградам. “Лёню было тады 20 гадоў. Увогуле, ён цягнуўся да канструктарства, выдатна маляваў. Але лісты яго з фронту вельмі нагадваюць бацькаў твор “На імперыялістычнай вайне” і нават былі вылучаныя потым на прэмію Ленінскага камсамола. Але палічылі — мёртваму навошта даваць?..” Месца пахавання Леаніда Гарэцкага, як і яго бацькі, — невядомае. Трагічныя лёсы, трагічныя старонкі гісторыі... Напэўна, з прагай зрабіць “і за тых, хто загінуў”, — уздым надзвычай трывалых постацей тых, каму пашчасціла выжыць: Леанілы і Галіны Гарэцкіх, Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага і яго брата Усяслава. Іх (ды іншых нашчадкаў славутых людзей) руплівай працы ў першую чаргу над сабой — сваёй адукацыяй, сваім выхаваннем як Асоб — мы абавязаныя захаваннем памяці і спадчыны класікаў.