Таісія Лысова

Ля вытоку цiхай плынi

У Мсцiслаўскiм раёне распрацавалi новы маршрут да сядзiбы-музея Максiма Гарэцкага.

…Дагэтуль да драбнiц памятаю тую зiмовую дарогу: з рэдактарам мясцовай раёнкi Аляксандрам Сапёравым мы настойлiва прабiралiся да заснежанай вёскi Малая Багацькаўка — больш чым дваццаць кiламетраў ад райцэнтра, праз галалёд i сумёты. Канешне, можна было адкласцi падарожжа, як кажуць, да лепшых часоў, да наступнай камандзiроўкi. Але маiм спадарожнiкам кiравала такое шчырае iмкненне падарыць сустрэчу з незвычайным музеем.

I вось мы ў музеi аднаго з заснавальнiкаў нацыянальнай прозы 20-30-х гадоў XX стагоддзя, лiтаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, лексiкографа i грамадскага дзеяча Максiма Гарэцкага. Адкрылi музей у 1989 годзе ў рэканструяванай сямейнай сядзiбе — тыповай драўлянай пабудове XIX стагоддзя: цёмная (цёплая) хата, сенi, светлая (халодная) хата...

Аднаўленне сядзiбы ў свой час пачалося дзякуючы iнiцыятыве пiсьменнiка Уладзiмiра Караткевiча i мясцовай улады. Працуючы над кнiгай “Мсцiслаў. Эсэ пра гiсторыю людзей адной зямлi”, Караткевiч быў уражаны вулканам тутэйшых талентаў i хараством краявiдаў, якiя адкрывалiся ў час яго гiстарычна-лiрычнай вандроўкi, i па-фiласофску разважаў: “Нам невядомы законы таго, чаму i як, на якой глебе i дзякуючы якiм абставiнам раптам зараджаецца недзе культурны ачаг i ў нейкай мясцовасцi часам, як грыбная сям’я, на паверхню лезуць паэты i вучоныя, мастакi i дойлiды, дзяржаўныя дзеячы, героi, пiсьменнiкi...”

Чым дарагi мясцовым жыхарам менавiта Гарэцкi, Караткевiч адчуў адразу: “У творах ягоных гамонiць, радуецца, працуе, плача i смяецца, гаворыць адметнай i трапнай гаворкай уся Мсцiслаўшчына”, “нават дробязi мсцiслаўскага побыту, нават сучасныя пейзажы ўстаюць перад намi на старонках ягоных кнiг”.

Лiтаратурна-дакументальная частка экспазiцыi музея расказвае пра складаны жыццёвы лёс Максiма Гарэцкага. А этнаграфiчна-бытавая ўзнаўляе iнтэр’ер часу, у якi тут жылi прадстаўнiкi славутага роду. Унiкальныя сведкi эпохi — рарытэтныя рэчы, пажаўцелыя ад часу фотаздымкi, рукапiсы, пiсьмы, кнiгi, сярод якiх выдадзены ў 1928 годзе зборнiк абрадавых песень, якiя некалi спявала мацi...

Пра Малую Багацькаўку добра ведаюць i ў суседнiм памежным раёне. Дырэктар Горацкага раённага гiсторыка-этнаграфiчнага музея Святлана Скаромная кажа, што ў краязнаўчай тэме цесна пераклiкаюцца iмёны выдатнага беларускага вучонага, доктара геолага-мiнералагiчных навук, лаўрэата Дзяржаўных прэмiй СССР i БССР Гаўрылы Iванавiча Гарэцкага i яго старэйшага брата Максiма — класiка беларускай лiтаратуры. Славутым беларускiм родам Гарэцкiх цiкавяцца не толькi даследчыкi-навукоўцы, але i студэнты Горацкай сельгасакадэмii, школьнiкi, шматлiкiя госцi… Дарэчы, для папулярызацыi цiхай мсцiслаўскай вёсачкi i музея ў родавай сядзiбе Гарэцкiх — фiлiяла Дзяржаўнага музея гiсторыi беларускай лiтаратуры нямала зрабiў улюбёны ў сваю справу аматар краязнаўства з Горак Уладзiмiр Лiўшыц.

Але рэспублiканская падпарадкаванасць музея ў Малой Багацькаўцы i адсутнасць у iм пастаянных штатных экскурсаводаў у пэўнай ступенi стрымлiваюць намеры мсцiслаўцаў рэалiзаваць грандыёзныя планы па развiццi ў родным краi турыстычнай галiны.

— Пытанне актуальнае, — расказвае начальнiк аддзела культуры Мсцiслаўскага райвыканкама Наталля Бiскуп. — Арганiзаваныя экскурсii з Мiнска ў апошнi час прыязджаюць да сядзiбы Гарэцкiх не так часта, як раней. Шлях туды няблiзкi. Нам жа хочацца, каб да легендарнай Малой Багацькаўкi народная сцежка не зарастала. Таму нашы супрацоўнiкi распрацавалi надзвычай цiкавы маршрут, адной са старонак якога можа стаць гэты гiсторыка-лiтаратурны аб’ект. Да яго вандроўнiкi пройдуць цi праедуць па вельмi прыгожых i цiкавых мясцiнах, а заадно ўбачаць пародзiстых рысакоў на “Конезаводзе-120”, зону адпачынку ў Дубраве, дзiвосную Белкаву крынiчку, якая струменiць магутным напорам вады, пабываюць у Пустынкаўскiм манастыры, наведаюцца ў вёску Слаўнае, дзе дагэтуль захавалася “лiтаратурная славутасць”, апiсаная ў некалькiх творах Максiма Гарэцкага, — драўляная царква Прарока Iлii, узор сталага класiцызму першай паловы XIX стагоддзя./p>

У Дзяржаўным музеi гiсторыi беларускай лiтаратуры пра планы мсцiслаўскiх краязнаўцаў чулi. Больш таго, ужо звязвалiся з Магiлёўскiм дзяржкамiтэтам па маёмасцi i Мiнiстэрствам культуры наконт падтрымкi iдэi. Паводле слоў дырэктара Лiдзii Макарэвiч, намер перадачы музея — нармальная з’ява i апраўдваючая сябе мера. З iдэяй згодныя i нашчадкi Гарэцкiх, у прыватнасцi, сапраўдны патрыёт свайго роду Радзiм Гарэцкi.

...Мiнаюць гады. Мяняюцца пакаленнi i лiтаратурныя густы. А псiхалагiчнасць прозы Максiма Гарэцкага, якi адным з першых звярнуўся да гiстарычнага мiнулага свайго народа, i сёння ўражвае чытача. У дваццатыя гады ён — галоўны рэдактар газеты “Наша думка”, дзеючы член Iнстытута беларускай культуры (папярэднiка Беларускай акадэмii навук). У 1914 годзе свет убачыў першы зборнiк апавяданняў Гарэцкага “Рунь”. Потым былi творы “Цiхая плынь”, “Дзве душы”, дакументальныя нататкi “На iмперыялiстычнай вайне”, “Камароўская хронiка”, раманы “Чырвоныя ружы” i “Вiленскiя камунары”, лiтаратурная манаграфiя, зборнiкi беларускага фальклору, слоўнiкi...

У 1930 годзе — арышт па беспадстаўным абвiнавачваннi. 10 лютага 1938 года — расстрэл у Вязьме. А рэабiлiтацыя — толькi ў 1957-м.

Лёс адвёў Максiму Гарэцкаму ўсяго 44 гадоў жыцця. Сёння невядома, дзе дакладна знаходзiцца магiла беларускага класiка. Але добра вядома, адкуль узяла глыток цiхая плынь яго таленту, якой было наканавана стаць такой адмысловай, бурлiвай, трагiчнай... I разам з тым жыццядайнай!