Марына Ліс, Таццяна Жук

Архівы не гараць!

120-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага прымушае звярнуць пільную ўвагу на лёс яго асабістага архіва, які захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Архіў М. Гарэцкага паступіў на захаванне ў Цэнтральную навуковую бібліятэку ў 1971 годзе. Жонка творцы, беларуская пісьменніца Леаніла Чарняўская, і дачка Галіна Гарэцкая перадалі ў дар бібліятэцы частку яго літаратурнай спадчыны, у тым ліку рукапісы твораў, машынапісныя і друкаваныя тэксты з аўтарскай праўкай, а таксама дакументы да біяграфіі, перапіску. У даведцы, якая была дададзена да дароўнай, Г. Гарэцкая ад значала, што не ўсе рукапісы бацькі захаваліся поўнасцю: частка з іх магла згубіцца ў час праверак пасля арыштаў у 1922, 1930 і 1937 гг. Да таго ж, як вядома, М. Гарэцкі не любіў пакідаць чарнавікоў, таму з чарнавых рукапісаў засталіся толькі тыя, што ў далейшым маглі б спатрэбіцца для працы і што зберагла жонка пры яго жыцці. Выпадкова захаваўся невялікі сшытак-чарнавік з рукапісам “Віленскіх камунараў”. І толькі дзякуючы таму, што М. Гарэцкі аддаў яго малому сыну для малявання на чыстых (адваротных) старонках. Згодна здароўнай ад 12 сакавіка 1971 года, дакументамі, што паступілі ў фонд аддзела, мелі магчымасць карыстацца толькі члены Камісіі па літаратурнай спадчыне М. Гарэцкага, а таксама іншыя асобы, што законным шляхам маглі быць уведзены ў склад камісіі. Першапачаткова тэрмін забароны на карыстанне матэрыяламі архіва быў акрэслены 10 гадамі. У 1977 годзе Г. Гарэцкая перадала ў аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі дадатковыя матэрыялы з архіва бацькі: рукапісы твораў, лісты, у тым ліку і франтавыя, сына пісьменніка Леаніда Гарэцкага, дакументы побытавага характару, фотаздымкі, уласныя ўспаміны, матэрыялы з асабістага архіва маці, Леанілы Чарняўскай. У дароўнай ад 12 ліпеня 1977 года былі ўдакладнены ўмовы карыстання дакументамі з рукапіснай спадчыны М. Гарэцкага: “на працягу 25 гадоў з моманту выдачы гэтай дароўнай доступ да рукапісных і друкаваных матэрыялаў Максіма Гарэцкага, Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай, Леаніда Гарэцкага і Галіны Гарэцкай маюць толькі члены Камісіі па выданні літаратурнай спадчыны Максіма Гарэцкага”. Пасля заканчэння вызначанага тэрміну карыстацца дазвалялася толькі копіямі дакументаў. Абгрунтоўваючы забарону накарыстанне архівам, Г. Гарэцкая спасылалася на кепскі фізічны стан рукапісаў. Да дароўнай прыкладаўся спіс дакументаў, які складаўся з 65 пазіцый. Апошняя перадача матэрыялаў з уласнага архіва М. Гарэцкага адбылася ў чэрвені 1999 года, калі Г. Гарэцкая перадала пісьмы У. Дубоўкі і яго жонкі да сям’і Гарэцкіх. Такім чынам, сёння ўласны архіў М. Гарэцкага, што захоўваецца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі, налічвае 150 адзінак захавання з крайнімі датамі дакументаў: 1905-1977 гг. Усе матэрыялы размеркаваны па тэматычных групах і адлюстраваны ў трох вопісах. Трэці вопіс змяшчае інфармацыю пра страхавыя фотакопіі асобных дакументаў з архіва пісьменніка, што былі зроблены Г. Гарэцкай і перададзены ў дар бібліятэцы ў 1982 годзе. Да юбілейнай даты ў ЦНБ НАН Беларусі на аснове каштоўных архіўных матэрыялаў і друкаваных дакументаў з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў была падрыхтавана выстаўка, якая дапаможа больш даведацца пра жыццёвы і творчы шлях М. Гарэцкага. У прыватнасці, з дазволу акадэміка Радзіма Гарэцкага, пляменніка класіка беларускай літаратуры, упершыню ўвазе наведвальнікаў прапанавана рукапісная спадчына пісьменніка: першыя спробы пяра, рукапісы апавяданняў, аповесцей, абразкоў, замалёвак, накідаў за розныя гады, шматлікія літаратурныя нарыхтоўкі і фрагменты да задуманых і незавершаных твораў. Так, вялікую цікавасць выклікаюць вучнёўскія сшыткі з рукапісам “Камароўскай хронікі” — свое асаблівым летапісам сялянскага, сямейнага жыцця, у якой аўтар імкнуўся адлюстраваць лёс беларускага народа ад прыгоннага права да сучаснасці; пераклад на рускую мову “Віленскіх камунараў”; шматлікія накіды і фрагменты аднаго з апошніх, так і недапісаных твораў “Скарбы жыцця”, дзе адлюстраваны драматызм становішча рэпрэсіраванага пісьменніка, яго роздумы пра сутнасць жыцця.