Юлія Касцюк
Куды страляць? Адкуль страляюць?
Лёс распарадзіўся так, што Беларусь стала адной з галоўных арэн баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны. На нашай зямлі шмат у чым вырашыўся яе зыход: як вядома, у Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага расійскай арміі. Наступствы вайны для беларускага народа насілі трагічны характар: не менш як 900 тысяч жыхароў Беларусі было мабілізавана ў расійскую армію, каля 1,5 мільёна сталі бежанцамі і пакінулі яе тэрыторыю, яшчэ амаль 2 мільёны чалавек апынуліся ў зоне нямецкай акупацыі.
Першая сусветная вайна змяніла і сфарміравала мастацкую індывідуальнасць пісьменнікаў розных краін. Пад уздзеяннем жахаў вайны адбыўся пералом у свядомасці цэлага пакалення маладых людзей (так званага “страчанага пакалення”), якія згубілі веру ў будучыню і перспектыўнасць развіцця грамадства. Падзеі Першай сусветнай вайны знайшлі адлюстраванне ў такіх творах беларускіх пісьменнікаў, як аповесць “Набліжэнне” (1934) Змітрака Бядулі, апавяданні “Герой нацыі” (1934) Эдуарда Самуйлёнка і “Мой сусед” (1927) Кандрата Крапівы. Родапачынальнікам жанру ваеннай прозы ў беларускай літаратуры лічыцца Максім Гарэцкі (1883 — 1938), які ўжо ў 1914 годзе бярэцца за ваенную тэматыку. Для пісьменніка не існавала забароненых тэм і сітуацый. У першую чаргу яго цікавіла праўда пра свой народ і чалавека, асабліва псіхалогія персанажа, якая трансфармуецца на вайне, а схаванае ў экстрэмальных сітуацыях выходзіць на паверхню. Гэты напрамак у творчасці М. Гарэцкага абумовіў далейшы шлях развіцця беларускай ваеннай прозы, у прыватнасці, адлюстраванне Вялікай Айчыннай вайны Васілём Быкавым. У мастацкай спадчыне М. Гарэцкага творы пра Першую сусветную вайну, сведкам і ўдзельнікам якой ён быў, займаюць асаблівае месца. Яго апавяданні “Літоўскі хутарок” (1915), “Генерал” (1916), “На этапе” (1916), “Рускі” (1925), “Пакінутыя дома” (1921), “Бежанцы” (1923) і “Палонны” (1926) разам з дакументальна-біяграфічнай аповесцю “На імперыялістычнай вайне” (Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы) (1914 — 1919), аповесцямі “Камароўская хроніка” (1931 — 1939) і “Ціхая плынь” (1917 — 1930) утвараюць найбольш поўны ў беларускай літаратуры збор мастацкіх помнікаў, прысвечаных падзеям 1914 — 1918 гадоў. З пачаткам Першай сусветнай вайны М. Гарэцкага мабілізуюць у дзеючую царскую армію. У зацяжных крывавых баях ва Усходняй Прусіі пісьменнік на ўласныя вочы бачыў жахі вайны: непадрыхтаваныя наступленні і хуткія крыўдныя адступленні, недарэчныя смерці на кожным кроку, адчуў холад, голад, пакутлівы страх і сорам за гэты страх. У такіх жудасных умовах ён выконвае свае салдацкія абавязкі. Гарэцкі малюе планы пазіцый, вядзе падлік выдаткаваных боепрыпасаў, запісвае каманды, сочыць за артагнём і ўдзельнічае ў баях у якасці тэлефаніста — пад абстрэлам шукае і ліквідуе парывы тэлефоннага дроту. 27 жніўня 1914 года за ўдзел у баі пад г. Аленбургам ён быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені. 25 кастрычніка 1914 года ў бітве пад г. Герытэнам атрымаў цяжкае раненне. Доўга лячыўся, а пасля шпіталя ў 1916 годзе зноў апынуўся на фронце ў раёне пінскіх балот. З самага пачатку Гарэцкі ўспрымаў вайну без ілюзій: як вялікае гора і катастрофу ў сваім жыцці, жыцці беларускага народа і народаў Еўропы. У кароткія хвіліны зацішша, дзень за днём, свае франтавыя ўражанні і назіранні, асабістыя перажыванні пісьменнік акуратна заносіў у дзённік, матэрыялы якога ляглі ў аснову дакументальна-мастацкай аповесці “На імперыялістычнай вайне” (Запіскі салдата другой батарэі N-скай брыгады Лявона Задумы). Вайна ў “Запісках” — гэта працяглыя баі, нечаканыя артылерыйскія налёты, бяссонныя ночы ў акопах, голад, эпідэміі, і разам з тым гэта салдацкая дружба, чаканне лістоў з дому, узаемаадносіны з мясцовымі жыхарамі, успаміны пра мірнае жыццё. Аповесць “На імперыялістычнай вайне” пастаўлена крытыкай і даследчыкамі ў адзін шэраг з “Севастопальскімі апавяданнямі” і “Вайной і мірам” Льва Талстога, аповесцямі і раманамі Анры Барбюса, Эрыха Марыі Рэмарка, Рычарда Олдынгтана, Эрнэста Хемінгуэя ды іншых таленавітых сусветных майстроў ваеннай прозы, прадстаўнікоў “страчанага пакалення”. Аб’ядноўвае іх матыў расчаравання ў сучасным грамадстве, адмоўнае стаўленне да вайны, на якой знішчаецца індывідуальнае ў чалавеку, рэалістычныя карціны ваеннага жыцця. Галоўны герой аповесці — 20-гадовы беларускі інтэлігент Лявон Задума — трапляе спачатку ў вайсковую казарму, якая здаецца яму турмой, а потым у пекла вайны, дзе вымушаны ўдзельнічаць у агульным забойстве сабе падобных — такіх жа нявольнікаў, як сам. Усё гэта ўяўляецца яму найбольшым здзекам з чалавека. Разумеючы вайну як злачынства і вар’яцтва, ён цярпліва трывае ўсе нягоды і вядзе дзённік, дзе праўдзіва апісвае франтавыя будні: разбурэнні, пажары, марадзёрства, жорсткасць, смерць. Для героя, як і для самога аўтара, Першая сусветная вайна наогул чужая. Абарона Сербіі здаецца абсурдам у той час, калі беларускі народ ніяк не можа вырашыць сваё нацыянальнае пытанне, набыць незалежнасць. Многія салдаты-беларусы гінуць, так і не зразумеўшы, за што змагаліся. Гарэцкі піша: “Вайна — гэта забойства быдла быдлам”. Яна малюецца аўтарам як бессэнсоўная справа, як працэс, што не мае ніякай логікі. Галоўны герой Лявон Задума так апісвае дзеянні сваёй артылерыйскай батарэі: яны едуць па брудзе, спыняюцца, страляюць, потым зноў кудысьці едуць. Самі салдаты не бачаць ворага, ім кажуць, куды страляць ці адкуль страляюць па іх, у выніку чаго батарэя Задумы забівае сваю ж пяхоту. Батарэйцы нават не ведаюць, наступаюць яны ці адступаюць. Імі нібыта кіруе сама вайна, гэта яе законы прымушаюць людзей кудысьці рухацца, страляць і прымаць смерць. М. Гарэцкі быў сведкам мужнасці і гераізму галодных, кепска апранутых салдат кепска ўзброенай арміі, якой камандавалі бяздарныя генералы. “У нас ёсць спадары афіцэры, ды няма палкаводцаў”, — з горыччу запісваў у дзённік Лявон Задума. У той жа час ён не прымаў афіцыйнай трактоўкі геройства, якую навязвалі салдатам, — гатоўнасці ахвяраваць жыццём за Расію і народ. Аўтар лічыць, што подзвіг нараджаецца не з імкнення да славы, а з жудасных думак, што могуць забіць, боязі ваеннага трыбунала, воінскай дысцыпліны.
Вярнуўшыся з вайны ў родныя мясціны, галоўны герой не знаходзіць доўгачаканай радасці і душэўнага спакою. Ён бачыць яшчэ больш разбураную вёску, сумнае існаванне селяніна без надзеі на лепшае, беднасць, цемру. Лявон абураны абыякавасцю сялян да свайго лёсу, і гэта праяўляецца ў неабгрунтаваных прыступах лютасці. Лічачы вайну жорсткай і бруднай справай, насуперак сабе, ён стрымана забівае злоўленага голуба, беспадстаўна крыўдзіць маці, якую моцна любіць і шкадуе, груба, з усёй сілы дае выспятка свайму сабаку ў адказ на яго ласку. У гэтым эпізодзе паказана ўся праўда пра вайну як разбуральную сілу і пра чалавека, які пры сутыкненні з ёй не можа застацца ранейшым. Пасля таго, як уладам спатрэбілася новае папаўненне арміі, Лявона зноў забіраюць на фронт. Ён разумее сваю асуджанасць: “Заб’юць цяпер. Ну і чорт яго бяры, такое жыццё, — не шкада”. Толькі пачуццё сваяцтва з франтавымі таварышамі падтрымлівала веру Лявона Задумы ў жыццё. Аповесць “На імперыялістычнай вайне” была апублікавана толькі ў 1926 годзе і станоўча сустрэта літаратурнай крытыкай, якая справядліва адзначыла яе глыбокую праўдзівасць, жанравае наватарства і навізну ў падыходзе да асвятлення тэмы.
Асобнай увагі заслугоўвае і малая проза Максіма Гарэцкага, дзе аўтар апавядае пра скалечаныя вайной лёсы людзей. Пісьменнік называе галоўных дзеючых асоб у адпаведнасці з іх фармальнай прыналежнасцю да войска краіны-ўдзельніцы (рускі, аўстрыец), воінскага звання (генерал, ротны камандзір, прапаршчык), месца жыхарства. Робіць гэта, каб падкрэсліць, што кожны з засведчаных эпізодаў — толькі тыповы прыклад з бясконцага шэрагу падобных. Так, у апавяданні “Рускі” паказаны трагічны вобраз салдата-селяніна з Магілёўскай губерні: ён страціў розум пасля забойства аўстрыйскага салдата, з якім амаль што пасябраваў. Пад уплывам афіцыйнай прапаганды персанаж вырашыў, што ворага неабходна адразу ж забіваць ці браць у палон. Аднак ні веды, ні пачуцці не маглі падказаць рускаму, што рабіць з чалавекам, які так падобны да свайго і не пагражае жыццю. Да 100-годдзя Першай сусветнай вайны па матывах гэтага твора на кінастудыі “Беларусьфільм” вядуцца здымкі кароткаметражнага фільма “Рускі”, які ў хуткім часе выйдзе на экраны. У апавяданні “Генерал” пісьменнік паказвае марную ахвяру — прапаршчыка, які гіне па капрызе старога служакі царскай арміі. Смерць прапаршчыка дае магчымасць генералу сказаць некалькі пранікнёных слоў пра “славу загінуўшых сыноў айчыны”, тэатральна схіліцца над забітым. Генерал не адчувае задавальнення ад таго, што адбылося, не таму, што па яго віне гіне чалавек, а таму, што смерць гэта выпадковая і прыкрая, а не гераічная і самаадданая. Яна не можа натхніць іх на подзвіг і жаданне трываць нягоды ў акопе ў імя высокага ідэалу. Яго пафасныя словы не знаходзяць адпаведнага водгуку ў салдацкай масе: яны слухаюць моўчкі і іранічна. Апавяданне “Палонны” — гісторыя салдата-беларуса, што трапіў у палон да немцаў каля Беластока. Аўтар распавядае пра пакуты чалавека, які з-за імкнення трапіць на Радзіму двойчы спрабуе збегчы з палону. Ён успрымае нягоды як наканаванне. Яго не абурае тое, што іншыя спробы ўцёкаў скончыліся няўдачай, бо яго і таварышаў выдаў немцам мясцовы паляк. Селянін-беларус спрабуе зразумець матывы здрадніка. Такія паводзіны ён апраўдвае жаданнем зарабіць: за кожнага былога палоннага, вернутага ўладам, можна было атрымаць 25 марак. Асаблівай нянавісці няма ў яго і ў эпізодах, дзе распавядаецца пра пакаранне за ўцёкі, якое скончылася шпіталем. З павагай палонны ставіцца да параненага нямецкага афіцэра, які калісьці трымаў кандытарскую ў Пецярбургу. Усё гэта — адметныя рысы нацыянальнага характару беларуса. Выпадкова трапляе ў акопы Хомка — галоўны герой аповесці Гарэцкага “Ціхая плынь”. Яго думкі пазбаўленыя патрыятычнага ўздыму, жадання ажыццявіць неверагодныя подзвігі ў імя Радзімы. У яго, юнака-беларуса, стомленага цяжкай працай з дзяцінства, слова “вайна” не выклікае ніякіх асацыяцый. Адзінае, што хоць крыху цікавіць персанажа ў той сітуацыі, — гэта магчымасць апрануцца ў прыгожую форму, пакаштаваць новыя стравы, убачыць вялікія гарады, трамвай і электрычнасць. У акопах Хомка правёў усяго некалькі гадзін, за якія не паспеў даведацца пра вайну шмат, хоць і перажыў некалькі хвілін паралізуючага волю жаху да моманту, калі нешта параніла яго і абарвала жыццё. Апошняй думкай, якая ўзнікае ў свядомасці галоўнага героя, было пытанне “За што?”. Самым трагічным творам Максіма Гарэцкага пра Першую сусветную вайну з’яўляецца апавяданне “Літоўскі хутарок”. Паказваючы лёсы людзей, якія сталі ахвярамі ваеннага канфлікту, закранаючы тэму бежанцаў і жорсткасці акупантаў-немцаў, аўтар кажа пра бездапаможнасць і безабароннасць народа ў гады імперыялістычнай вайны. У сваёй творчасці М. Гарэцкі імкнуўся не столькі асэнсаваць вайну, колькі даць ёй праўдзівае апісанне і папярэдзіць пра тое, што гэта — найбольшае зло для цывілізацыі. Ён акцэнтаваў увагу на чалавеку ў экстрэмальнай ваеннай сітуацыі, праблеме выбару мадэлі паводзін, прыродзе подзвігу на вайне, матывах франтавога братэрства і “роўнасці бакоў”. Тыя ацэнкі вайны, якія мы сустракаем у творах беларускага празаіка, — гэта выказванні саміх удзельнікаў падзей і іх стаўленне да таго, што адбываецца: “Задумаўся я над прамовай камандзіра. Няўжо можна ўгаварыць салдата ісці на вайну з натхненнем, каб абараняць нейкую Сербію? Ну і трапіў я ў заваруху!” У 1928 годзе М. Гарэцкі адзначаў, што імперыялістычная вайна, бежанства і акупацыя не знайшлі ў тагачаснай літаратуры належнага адлюстравання. Многія беларускія паэты і пісьменнікі падчас трагічных падзей перасталі пісаць, іншыя некаторы час спрабавалі сказаць нешта сваё пра вайну, але гэта ім часцей за ўсё ўдавалася слаба. Гарэцкі зазначыў, што літаратурная творчасць пісьменніка перыяду вайны ці іншай катастрофы залежыць ад таго, у якой меры гэта закранула яго жыццё і краіну.