Любоў Глазман

Самаідэнтыфікацыя асобы ў філасофскім асэнсаванні пісьменніка
(на матэрыяле апавяданняў Леаніда Андрэева і Максіма Гарэцкага)

У першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя, якія насілі па многіх параметрах пераломны, крызісны характар, на фоне шматлікіх сацыяльна-эканамічных, геапалітычных, нарэшце, светапоглядных узрушэнняў не магло не адбыцца таго «ўсплёску пошукавых і трансфармацыі вядомых» мастацка-эстэтычных парадыгмаў, якія прадвызначылі фарміраванне — побач з праверанымі папярэдняй эпохай рэалістычнымі і рамантычнымі літаратурнымі напрамкамі — разнастайных мадэрнісцкіх плыняў. Вядома, дзве блізкія культурна-літаратурныя традыцыі — руская і беларуская — у той час апынуліся ў вельмі розных умовах. Як адзначаў М. Мішчанчук, наша нацыянальная літаратура, у адрозненне ад рускай, не стварыла выключна мадэрнісцкай канцэпцыі быцця, «але ў баку ад агульнаеўрапейскага працэсу не засталася». Гэта сцвярджэнне цалкам суадносіцца з творамі аднаго з самых буйных наватараў слоўнага мастацтва Максіма Гарэцкага, у апавяданнях якога знайшлі сваё гарманічнае спалучэнне ўсе актуальныя для тагачаснага мастацкага мыслення тэндэнцыі. Вялізную цікавасць у такім кантэксце выклікае і проза рускага пісьменніка, які так афіцыйна і не далучыўся ні да рэалістычнага, ні да мадэрнісцкага лагера. «Кто я? Для благороднорожденных декадентов — презренный реалист; для наследственных реалистов — презренный символист» — з усмешкай канстатаваў Л. Андрэеў у лісце Максіму Горкаму. Насамрэч, і Гарэцкі, і Андрэеў, не стрымліваючы свой талент нейкімі фармальна строгімі літаратурнымі канонамі, знаходзілі і выбіралі адэкватныя сродкі для адлюстравання ўласных мастацкіх ідэй, якія ў той час ужо нярэдка проста не ўкладваліся ў рамкі рэалістычнага светабачання з яго рацыяналізмам і прычынна-выніковай абумоўленасцю падзей. Між тым, адной з галоўных светапоглядных трансфармацый першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя стала змяненне стаўлення да асобы. Увага да самаадчування і самавызначэння асобы, спробы акрэсліць месца чалавека ў надзвычай зменлівым свеце, спасцігнуць асновы, на якіх грунтуецца чалавечае існаванне, памнажаюцца ў пісьменніцкім асяроддзі падчас гістарычнага развіцця, якое характарызуецца і прагрэсам, і, адначасова, разбуральнымі тэндэнцыямі. Таму не дзіўна, што ў творчасці пісьменнікаў менавіта таго часу адной з ключавых паўстае праблема самаідэнтыфікацыі асобы. Аўтарэфлексія «з’яўляецца падставай для фармавання «я», якое ў нармальным стане заўсёды ўяўляе нейкую стабільную цэласнасць». Пытанне пра захаванне гэтай цэласнасці вельмі востра ставіцца ў «малой» прозе і Л. Андрэева, і М. Гарэцкага ў коле агульначалавечых праблем філасофскага кшталту. Абодва пісьменнікі, апроч іншага, звяртаюцца да тэмы знаходжання чалавека паміж відавочным, рацыянальна абгрунтаваным, лагічным і звышнатуральным, хаатычным бокам быцця. Пры гэтым і рускім, і беларускім аўтарам робіцца спроба пераасэнсавання месца і ролі чалавека ў свеце, знешняя ўпарадкаванасць якога аказваецца такой уяўнай і так лёгка разбураецца. Таму крызіс асобаснай ідэнтычнасці ў дадзеных аўтараў перажываюць не толькі пакалечаныя вайной героі твораў «Чырвоны смех» (1904) Андрэева, «Рускі» (1915), «Дурная» (1928) Гарэцкага, але і ахвяры мірнага часу, як, напрыклад, у апавяданнях «Сын чалавечы» (1909), «Іпатаў» (1911) Андрэева, «Дурны настаўнік» (1921), «Супакой» (1921) Гарэцкага. У творах Андрэева з падобнай праблематыкай канфлікт чалавека са светабудовай і агульнапрынятымі нормамі часам выліваецца ў своеасаблівы бунт героя, які часта мяжуе з багаборніцтвам (аповесць «Жыццё Васіля Фівейскага» (1903), апавяданні «Маўчанне» (1900), «Вясновыя абяцанні» (1903), «Сын чалавечы», шматлікія п’есы). З апавяданняў найбольш яскравым з’яўляецца «Сын чалавечы», дзе паказаны крызіс ідэнтычнасці героя ва ўмовах рэлятывізму каштоўнасцей, якія церпяць метамарфозы, на вачах папа Івана Багаяўленскага пераўтвараючыся ў пустыя формулы, аб’екты для маніпуляцый. Галоўны герой праходзіць некалькі фармальных этапаў асобаснага крызісу: праз адмаўленне ад уласнага прозвішча, скандальнае набыццё грамафона (здатнага падмяніць голас нават самога Хрыста) да цвёрдага намеру пагаліцца і змяніць веру. Такую будову сюжэта можна трактаваць як праходжанне папом адпаведных стадый страчвання самаідэнтычнасці, дзе змяненне прозвішча абазначае ўласную неабавязковасць, сімвалічную адмову ад уласнай асобы — псіхалагічны крызіс; замена людзей на грамафон сведчыць пра неабавязковасць іншых — крызіс сацыяльны; а закон аб дазволе мяняць веру звязаны з адмаўленнем ад Бога. Увогуле бунт айца Івана з’яўляецца вынікам своеасаблівага пратэсту супраць маралі, якой можна свабодна карыстацца ў сваіх інтарэсах, што поп і паспяшаўся прадэманстраваць на ўласным прыкладзе ўсяму святарскаму асяроддзю. Парадыйнасць, гратэскавасць апавядання толькі ўзмацняе яго экспрэсіўнасць і драматычнасць сітуацыі, якая перарастае ў сур’ёзны асобасны пошук: адмаўленне ад прозвішча як ад неадпаведнага «знака» выліваецца ў шукальніцтва нейкага вышэйшага знака. Падобную накіраванасць па сюжэце мае апавяданне Гарэцкага «Дурны настаўнік», галоўны герой якога таксама паўстае супраць усталяванай светабудовы. Калісьці паважаны чалавек, настаўнік Кубраковіч страчвае ўласную ідэнтычнасць, становячыся звар’яцелым жабраком, мясцовым блазнам. Істотную ролю, як і ў андрэеўскім творы, у вар’яцтве настаўніка адыгрывае «добрапрыстойнае грамадства». Аднак, нягледзячы на сугучнасць, прыведзеныя творы маюць істотныя адметныя рысы, паколькі фіксуюць усё ж розныя бакі адной з’явы: выкрыцця мастаком стэрэатыпнага мыслення, а таксама тых жыццёвых стэрэатыпаў і арыенціраў, якія даўно страцілі сваё першапачатковае гуманістычнае значэнне. У рускага аўтара дадзеная ідэя носіць агульнафіласофскі характар, у яе аснове — спроба знайсці маральны падмурак, на якім цвёрда будзе трымацца сучасны яму чалавек. Адсюль узнікае парадаксальная андрэеўская ідэя пра «подлецки-благородную человеческую природу» паводле якой чалавек можа ачысціцца ад крывадушных «добранамеранасці» і «высакароднасці», ад застылых стэрэатыпаў апушчэння ў самы бруд. Гэтая думка суправаджае многія творы пісьменніка, сярод якіх знакамітыя скандальныя «Цемра» (1907), «Іуда Іскарыёт» (1907), «Сашка Жэгулёў» (1911). Маральны пошук прымушае Андрэеева звяртацца да самых нечаканых рашэнняў: паказу беспадстаўнага пакарання рокам («Іпатаў», «Чамаданаў» (1916), безуважнасці вышэйшых сіл («Вясновыя абяцанні», «Маўчанне», «Сцяна» (1901), бунтоўнага імкнення парушыць межы паміж жыццём і смерцю, магчымым і непадуладным чалавеку («Елеазар» (1906), «Палёт» (1914). Гэты ж пошук падштурхоўвае аўтара да вызначэння месца чалавека ў светабудове і яго адказнасці за ўласнае існаванне («Праклён звера» (1908). У творах беларускага пісьменніка пытанні «вечности и бесконечности» рэалізуюцца ў іншым ракурсе. Як і Андрэева ў эпоху мадэрнісцкага пераасэнсавання рэчаіснасці Максіма Гарэцкага надзвычай цікавіць сувязь рацыянальнага і неспасціжнага, «патаемнага» боку існавання — пачынаючы з ранніх апавяданняў і на працягу ўсяго творчага жыцця. Аднак, адлюстроўваючы і таямніцы свету, і таямніцы чалавечай душы (што пазней акцэнтуецца ў яго творчасці ў «дваістасці» характару), Гарэцкі ўвесь час прапускае агульначалавечыя каштоўнасці праз нацыянальнае ўспрыманне. Гэтую скіраванасць В. Каваленка слушна называе «тенденцией поднять национальное до уровня общечеловеческого» Такой тэндэнцыяй і абумоўлены «надрывно-мучительные мотивы» у творчасці пісьменніка, што і дазваляе некаторым даследчыкам параўноўваць творы Гарэцкага з мадэрнісцкімі, у тым ліку з андрэеўскімі. У апавяданнях Гарэцкага быццё чалавека ў свеце асэнсоўваецца, між іншым, як пошук пэўнага балансу паміж разумным, навуковым падыходам да жыцця і неспасціжным, інтуітыўным, які падчас уяўляе сабой забабоны «цёмнага», неадукаванага народа («У лазні» (1912), «Роднае карэнне» (1913), пазнейшы твор «Стары прафесар» (1921)). На думку пісьменніка, якімі б дзіўнымі і часам прымітыўнымі ні здаваліся адукаванаму чалавеку народныя ўяўленні, яны з’яўляюцца тым неабходным складнікам, без разумення якога немагчыма адэкватная самаідэнтыфікацыя беларускага народа, у прыватнасці інтэлігенцыі; тым «родным карэннем», адэкватная повязь з якім дапаможа адрадзіць нацыю. У супастаўленні «малой» прозы Андрэева і Гарэцкага варта таксама звярнуць увагу на апавяданні з выразнымі філасофскімі матывамі, сярод якіх «Цёмны лес» (1913), «Патаёмнае» (1913), «Што яно?» (1913) М. Гарэцкага, «У цягніку» (1900), «Уваскрэсенне ўсіх мёртвых» (1914) Л. Андрэева. Іх адметнасць — у асаблівым спалучэнні філасофскай думкі і эмацыянальна-лірічнага ўздзеяння на чытача, якое дае падставы гаварыць пра імпрэсіяністычную накіраванасць апавяданняў. Пра гэта сведчыць жаданне абодвух аўтараў уздзейнічаць не столькі на чытацкі розум, колькі на ўражанне, эмоцыі, нешта падсвядомае, што дасягаецца прыёмамі відавочнай урыўкавасці, лірызму, хаатычнасці падзей, выразнымі матывамі трывогі, страху смерці, прысутнасці нячыстай сілы. Сам аб’ект увагі, даволі спецыфічны, патрабаваў адэкватнай формы выражэння. Бо такім глабальным, філасофскім разважанням пра сэнс жыцця, нябачную і неспасціжную наяўнасць звышнатуральнага, немінучасць смерці нельга даць рацыянальнага тлумачэння, іх можна толькі ўлавіць, адчуць. У апавяданнях такога тыпу Гарэцкі свядома сцірае межы паміж рэальным і ўяўным. Так, у апавяданні «Што яно?» іх практычна нельга вылучыць нават фармальна з шэрагу цесна пераплеценых падзей, якія нібыта адбываюцца то насамрэч, то ў свядомасці чараўніка Янкі, а то і ў думках самога наратара. Фантасмагарычныя разважанні пісьменнікаў пра жыццё і смерць, мінулае і сучаснасць адбіліся ў апавяданнях «Руіны» (1921), «Пакінутыя хаты» (1921). Гарэцкі ў іх з дапамогай сну звяртаецца да мінулага, перад вачамі апавядальніка то ажывае цэлая шляхецкая эпоха, то ўзнікае «старасвеччына», якой нібыта цікавіцца герой: вялізны пакой, «поўны чалавечых касцей, чарапоў і яшчэ недагнілых трупаў» — водгаласы мінулай вайны. Часавы вектар апавяданняў «Цудоўна жыццё для ўваскрошаных» (1900), «Уваскрэсенне ўсіх мёртвых» Л. Андрэева з падобнай тэматыкай — напісаных дарэчы напярэдадні тых падзей, якія водгаласамі гучаць у «Пакінутых хатах» Гарэцкага — накіраваны ў процілеглы бок. Яны прасякнуты прадчуваннямі героем надыходзячых змен. І наколькі радасныя чаканні нейкага абнаўлення, прыбліжанага нават да рэлігійнага, у Андрэева, настолькі ж цяжкім успамінам яно суправаджаецца ў сведкі ваеннай трагедыі — беларускага аўтара. Абодва пісьменнікі добра адчуваюць тую ілюзорнасць жыцця, якая прымушае мераць адны і тыя ж здарэнні рознымі меркамі, на працягу гадоў то надаючы ім асаблівую значнасць, то бязлітасна адсяваючы ў разрад «драбніц». Самі героі на ўласным вопыце перажываюць гэтую адноснасць, залішнюю суб’ектыўнасць падзей: «Я ж успрымаю так, як на тое паказала маё ўзгадаванне, мой светагляд, мае пачуцці…», «Глаза обманывают», «…говорили мы и о жизни, о ее красоте и богатстве, о глубинах ее бездонных, над которыми беззаботно и слепо плавают люди-щепки». Адноснасць чалавечых спраў, пераацэнка іх па значнасці ў пераламленні жыццёвых дробязяў і няспынным колазвароце гісторыі паказана Гарэцкім у апавяданні «Габрыелевы прысады». Тое, што здаецца надзвычай важным у адзін момант жыцця, праз некалькі гадоў адыходзіць у нябыт (п’янства, грахі Габрыеля). І наадварот, вонкава непатрэбнае, пустое — прага героя да насаджэння дрэў, якую не разумелі людзі — цягам часу набывае найвышэйшы сэнс, становіцца «прысадамі жыцця» праз гады для апавядальніка. Але і прысадам, паводле законаў лёсу, надыдзе час саступіць месца для нечага іншага. Пісьменніку ўдалося добра адлюстраваць гэтую парадаксальнасць рэчаіснасці і адноснасць чалавечых меркаванняў і ўражанняў. У цэлым, беручы пад увагу нярэдкую сугучнасць твораў пісьменнікаў у адлюставанні падзей, у праблематыцы можна гаварыць пра некаторыя істотныя адметнасці ў характары самаідэнтыфікацыі іх персанажаў, бо да «праклятых пытанняў» пісьменнікі падыходзяць рознымі спосабамі. Андрэеў малюе героя, які шукае сапраўднае праз адмаўленне чалавечага вопыту, пратэстуючы супраць яго прагнілых прынцыпаў і дагматаў; героя, які спрабуе «дакрычацца» да безуважных нябёсаў і чэрствых душ людзей. Гэта надае апавяданням, у якіх пісьменнік імкнецца паўплываць на свядомасць і ўзварухнуць пачуцці чытача, асаблівую надрыўнасць і экспрэсіўнасць. Герой Гарэцкага таксама знаходзіцца ў пошуку, але гэты пошук не адмаўляе здабыткаў чалавецтва, а, наадварот, спрабуе выйсці да сапраўднай, «не фальшывай праўды», захоўваючы народжаныя беларускім народам ідэалы. Свядомае імкненне героя да самавызначэння, усведамленне неабходнасці так званага ўласнага адраджэння ў кантэксце асэнсавання адказнасці за адраджэнне ўсяго беларускага народа спалучаецца ў прозе Гарэцкага з экзістэнцыйнымі матывамі, якія даследчыкі (Л. Сінькова, Т. Тарасава, інш.) вылучаюць у апавяданнях беларускага аўтара. Такім чынам, і Гарэцкі, і Андрэеў, на пачатку пераломнага ХХ стагоддзя пераасэнсоўвалі праблемы існавання чалавека, акрэсліваючы новымі рысамі становішча асобы, яе самаідэнтыфікацыю і самаўсведамленне. У апавяданнях Гарэцкага герой імкнецца спасцігнуць асновы і сутнасць жыцця, прыходзячы да сваёй самаідэнтыфікацыі праз своеасаблівае спалучэнне асобаснага, рацыянальнага і неспасцігальнага, падсвядомага, якое карэніцца ў багатай духоўнай спадчыне народа. У творах «малой» прозы Андрэева значнае месца займае герой-бунтар, які востра адчувае фальш як іншых людзей, так і вышэйшых сіл ва ўмовах прыгнёту злога Року ці чалавечых прымхаў. Па гэтай прычыне ён адмаўляе каштоўнасці папярэдніх стагоддзяў, якія ў шматлікіх спробах спажывецкага выкарыстання даўно страцілі сваю цану.