Марына Весялуха

Вайна? Адкуль? Якая?

Літаратуразнаўцы і пісьменнікі сёння досыць часта разважаюць пра значнасць такога жанру прозы, як нон-фікшн, ці непрыдуманая літаратура. Гэта ўспаміны, дзённікі, лісты, эсэ, артыкулы, якія прадстаўляюць не сюжэт, што існуе ва ўяўленні аўтара (як у мастацкай прозе), але распавядаюць пра рэальныя факты. Думаецца, у беларускім кантэксце адна з першых сур’ёзных спроб напісаць такі “не прыдуманы” тэкст была зроблена маладым пісьменнікам Максімам Гарэцкім. Гэта аповесць “На імперыялістычнай вайне”, у аснову якой пакладзены дзённікавыя запісы аўтара і яго ўспаміны пра падзеі Першай сусветнай вайны.

Пад назвай “На імперыялістычнай вайне” кніга выйшла ўпершыню ў 1926 годзе. Лёс гэтай аповесці быў такі ж цяжкі, як і лёс самого аўтара. У 1930 годзе Максім Гарэцкі быў арыштаваны па абвінавачванні ў прыналежнасці да Саюза вызвалення Беларусі. Ён трапіў у спіс пісьменнікаў, чые творы патрэбна было знішчыць, таму многія кнігі Гарэцкага былі папросту спалены. Наступнае выданне дакументальнай аповесці выйшла толькі праз 50 гадоў, калі Максім Гарэцкі быў рэабілітаваны. Адметна, што сёлета, у сотую гадавіну пасля пачатку Першай сусветнай вайны, чытач атрымаў магчымасць пазнаёміцца з найбольш поўнай версіяй аповесці, пабачыць фотаздымкі ваеннага часу з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, якія маюць непасрэднае дачыненне да тэксту кнігі. Гэта, напрыклад, выява ваеннага шпіталя, фотаздымак брата Максіма Багдановіча, які таксама быў на фронце, фота доктара Георга, які лячыў салдата Максіма Гарэцкага.

Пісьменнік пайшоў на фронт, калі яму было ўсяго 20 гадоў. Ён быў прызваны ў царскую армію ў 1914 годзе, ваяваў у Прусіі. Быў цяжка паранены, доўгі час лячыўся ў шпіталях, потым вярнуўся на фронт, але з-за хваробы праз некаторы час быў дэмабілізаваны. Натуральна, маладому інтэлігенту, каморніку па адукацыі было складана “прыжыцца” ў асяроддзі вайскоўцаў. Але ён знайшоў на фронце добрых сяброў, за чый лёс перажываў, нават знаходзячыся дома ці ў шпіталі. Герой аповесці “На імперыялістычнай вайне” Лявон Задума з самага пачатку расповеду сцвярджае, што лічыць час, праведзены на вайне, змарнаваным. Па сутнасці, ён выказвае меркаванне пісьменніка Гарэцкага, бо ва ўмовах мірнага жыцця сапраўды можна было б паспець шмат. Але ж і ў час вайны пісьменнік (як і яго герой) вёў дзённік, дзе распавядаў пра падзеі, сведкам якіх быў, быт вайскоўцаў, і — што асабліва важна — шчыра, не ўтойваючыся і не прыхарошваючы ўласны вобраз, запісваў свае думкі і адчуванні.

Максім Гарэцкі не здарма дае свайму герою імя Лявон Задума. Спакойны інтэлігент, які прывёз з сабой кніжкі, ён выклікае здзіўленне калег па войску. Як разважае Шалапутаў (таксама адметнае прозвішча): “... вы не салдат, а індык, бо вы ўсё нешта думаеце, як індык...”. І сапраўды, праз успрыманне салдата-інтэлігента, схільнага бачыць і адчуваць прыгажосць нават у самых незвычайных сітуацыях, мы разумеем, што нават на вайне былі хвіліны душэўнага спакою, а карціна свету салдата не заўсёды шэрая. Гарэцкі піша: “Як ішоў ціха назад — агледзеўся. Месяц. Ядрана. Туман у доле. Шуміць цягнік... Хораша! Супакой і хараство агарнулі мяне. Варта жыць на свеце!” Зрэшты, негатыву таксама хапае: напружаныя ўзаемаадносіны паміж шараговымі і кіраўніцтвам (апошнія нават баяцца часам, што ва ўмовах вайны свае ж падначаленыя іх могуць забіць за “розныя крыўды”), складаныя, антысанітарныя ўмовы быту салдат, вымушаны голад, пачуццё адзіноты. Задума піша: “На гэтым мнагалюддзі я пачуў сябе ў вялікай адзіноце. Думкі мае памкнуліся дамоў, да родных. Што там цяпер?” Твор Максіма Гарэцкага прываблівае не толькі сюжэтам, яркімі вобразамі і праўдзівасцю апісання ваенных падзей. Захапляе перад усім майстэрства аўтара распавядаць пра рэальныя падзеі шчыра, не ўтойваючыся, аднак і акцэнтуючы ўвагу на самым істотным. Не здарма ж аповесць “На імперыялістычнай вайне” навукоўцы ставяць у адзін шэраг з выдатнай прозай аўтараў “страчанага пакалення” Рычарда Олдынгтана, Эрнэста Хемінгуэя, Эрых Марыя Рэмарка. Але варта памятаць, што калі ў еўрапейскай і амерыканскай літаратуры да таго часу ўжо склалася досыць моцная традыцыя дакументальнай прозы, то Гарэцкі вымушаны быў літаральна крок за крокам намацваць камяні падмурку гэтага канону для беларусаў. Па тым, што запіскі Лявона Задумы з задавальненнем перавыдаюць, чытаюць і вывучаюць сёння, можна меркаваць: у Гарэцкага ўсё атрымалася.