Наталля Ермалаева,
дырэктар Горацкай раённай
бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага.
Вялікі чалавек з Малой Багацькаўкі
Супрацоўнікі Горацкай цэнтральнай раённай бібліятэкі здаўна прапагандуюць творчасць пісьменніка, даследчыка літаратуры, крытыка, лексікографа, фалькларыста Максіма Гарэцкага, імя якога было прысвоена кніжніцы 20 гадоў таму. Сёлета тут ладзяцца юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння выбітнага творцы.
Святкаванне адкрылася выстаўкай-праглядам “Я праўду адкрываю свету”, дзе былі прадстаўлены выданні пра жыццё пісьменніка, цікавыя матэрыялы з перыядычнага друку. Дапаўнялі экспазіцыю музычныя інструменты, на якіх умеў іграць пісьменнік, факсімільныя асобнікі газеты “Наша Ніва” за 1912, 1915 і 1920 гады, рэчы таго часу. А 18 лютага, у дзень нараджэння класіка, увазе чытачоў была прадстаўлена электронная выстаўка “З юбілеем, Максім Гарэцкі”. Тут можна было пазнаёміцца і з фотаэкспазіцыяй “З сямейнага альбома Гарэцкіх”. Эфектыўнай формай працы сталі выязныя імпрэзы. Бібліятэкары завіталі ў інтэрнат сельскагаспадарчай акадэміі. Студэнты з задавальненнем слухалі ўрыўкі з твораў М. Гарэцкага, а таксама прысвечаныя яму вершы горацкіх паэтаў. Аналагічная сустрэча адбылася ў гарадской сярэдняй школе № 1. У фае на першым паверсе кніжніцы пасля заканчэння рамонтных работ была створана міні-музейная экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку. Там знаходзяцца бюст і партрэт Максіма Іванавіча (скульптар Заір Азгур, мастак В. Шпартаў), летапіс жыцця і творчасці пісьменніка, аўтографы, рукапісы, дакументы. Супрацоўнікі бібліятэкі збіраюць усе магчымыя матэрыялы, якія маюць дачыненне да імя М. Гарэцкага. У чытальнай зале сфарміраваны фонд з кніг, брашур, перыёдыкі, аўдыё і відэаматэрыялаў, электронных рэсурсаў. Сёння тут дзясяткі артыкулаў з часопісаў і газет, фотаздымкі пісьменніка, лісты да родных, публікацыі пра яго. Беражліва захоўваецца памятны медаль да 100-годдзя з дня нараджэння і лісты ад дачкі Гарэцкага Галіны Максімаўны, з якой кніжніца вяла перапіску. Зусім нядаўна пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік перадаў бібліятэцы ўспаміны Яўгеніі Лобан, якая вучылася ў 1-м класе Віленскай гімназіі ў Максіма Іванавіча. Сёлета пачалася праца па стварэнні паўнатэкставай базы дадзеных “Жыццёвы і творчы шлях М. Гарэцкага”. Яна ўключае ў сябе біяграфічныя звесткі, алічбаваныя фотаздымкі, бібліяграфію, поўныя тэксты артыкулаў з перыядычных выданняў пра пісьменніка ў электронным фармаце, прысвечаныя яму ўспаміны і вершы. Дыск “Старонкамі жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага” ўключае матэрыялы па папулярызацыі творчасці пісьменніка, змяшчае сцэнарый літаратурна-музычнай кампазіцыі, электронную прэзентацыю, фотаздымкі. Выдадзены буклет “Вялікі чалавек з Малой Багацькаўкі” — міні-летапіс жыцця і творчасці пісьменніка.