Алесь Марціновіч

Брама, адчыненая ў вечнасць

Шанцуе апошнім часам на юбілеі знакамітых пісьменнікаў. А таму і шанцуе, што знакамітых пісьменнікаў у нас шмат. Урачыста адзначылі 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 100-годдзе Максіма Танка. На высокім узроўні прайшлі юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 130-м угодкам народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёлета ж яшчэ адна знамянальная дата ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства — 120 гадоў таму нарадзіўся класік беларускай літаратуры, пісьменнік, які годна працягваў традыцыі сваіх папярэднікаў і ўпэўнена расчышчаў дарогу наступнікам — тым, каму выпаў гонар таксама самааддана служыць свайму народу, роднай Беларусі і гэтаксама высока ўзнімаць сцяг літаратуры, якая сёння з’яўляецца адной з самых вядомых у свеце. Гэта — Максім Гарэцкі. Сталася, аднак, так, што доўгі час пра ягоную творчасць шырокі чытач ведаў мала, а пра некаторыя творы і зусім не ведаў. Вяртанне М. Гарэцкага ў літаратуру пачалося толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. У поўны ж голас, калі можна так сказаць, ён загаварыў толькі бліжэй да завяршэння ХХ стагоддзя. Тады, калі выйшаў ягоны Збор твораў у чатырох тамах, а потым выдадзены яшчэ адзін том. Калі была перавыдадзена «Гісторыя беларускае літаратуры». Нарэшце, з’явіўся зборнік успамінаў пра гэтага слыннага майстра слова. У розны час выпушчана і некалькі кніг пра ягонае жыццё і творчасць, аўтары якіх Алесь Адамовіч, Дзмітрый Бугаёў, Міхась Мушынскі і іншыя. Праўда, не было кнігі пра М. Гарэцкага, адрасаванай школьнікам. Цяпер гэты прабел ліквідаваны. Такую кнігу напісаў Алесь Марціновіч і назваў яе «Брама, адчыненая ў вечнасць». Гэтая кніга стане свайго роду працягам кніг пра Янку Купалу, Якуба Коласа, выпушчаных выдавецтвам «Мастацкая літаратура». А пакуль што прапануем асобныя раздзелы з яе, якія, несумненна, дапамогуць настаўнікам беларускай літаратуры пры вывучэнні ў школе творчасці М. Гарэцкага, а так- сама могуць быць выкарыстаны імі ў пазакласнай рабоце. Дый, несумненна, зацікавяць тых вучняў, якія хочуць глыбей ведаць беларускую літаратуру.

Боль і смутак

.

Радзіма М. Гарэцкага — вёска Малая Багацькаўка. Праўда, на той час яе часцей называлі Меншай Багацькаўкай. Некалі гэта быў глухі куток, атулены дрымучымі лясамі. Цемналессе — так казалі пра іх. Па тадышнім адміністрацыйным дзяленні — Мсціслаўскі павет. Да бліжэйшай чыгуначнай станцыі — больш як 90 кіламетраў.
Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года, па старым стылі — 6 лютага. Стаў другім дзіцем у сям’і Гарэцкіх. Першынцам быў Іван. Пасля Максіма нарадзіліся яшчэ два хлопчыкі. Іх назвалі Парфірый і Гаўрыла. Апошняй з’явілася на свет дзяўчынка. Ёй далі імя Ганна.
Спачатку хадзіў у школу ў Вялікай Багацькаўцы, а потым навучаўся ў двухкласным вучылішчы ў сяле Вольша. Вучыўся толькі на «выдатна». Аднак найбольшую цікаўнасць праявіў да літаратуры. Але пасля завяршэння вучобы дакументы падаў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча. Там давалі стыпендыю, а яму хацелася менш залежаць ад бацькоў.
У час вучобы пачаў супрацоўнічаць з «Нашай нівай». У 1912 годзе некаторыя ягоныя матэрыялы з’явіліся на старонках гэтага выдання пра беларусаў і для беларусаў. Падпісаны яны былі псеўданімам М. Беларус. Такое літаратурнае прозвішча выбраў сабе невыпадкова. І ў паўсядзённым жыцці адчуваў сябе менавіта БЕЛАРУСАМ.
Усцешаны першымі публікацыямі, узяўся за апавяданні. У гэтым жанры таксама меў поспех. 25 студзеня 1913 годзе ў «Нашай ніве» з’явілася ягонае першае апавяданне «У лазні». Падпісаў яго ўжо больш канкрэтна: Максім Беларус.
Пра сюжэт можна гаварыць толькі ўмоўна. Малады аўтар, зусім яшчэ юнак проста падзяліўся ўражаннямі ад чарговага наведвання ім роднай вёскі. Канечне, паколькі апавяданне — твор мастацкі, і сам галоўны герой яго, дый іншыя персанажы праходзяць не пад уласнымі прозвішчамі. Дый дзеянне адбываецца не ў Меншай Багацькаўцы, а ў Мардалысаве. Аднак навідавоку аўтабіяграфічныя моманты. Гэта відаць ужо з самага пачатку апавядання:
«Вучань апошняга класа каморніцкага вучылішча, казённы стыпендыянт Клім Шамоўскі к Калядам прыехаў удвору і ўжо другі тыдзень жыў у бацькавай хаце ў роднай вёсцы Мардалысаве.
Якраз у трыццаць першы дзень снежня, перад Новым годам, дзядзька Якуб, дамяўшы сваю пянюку, выпаліў лазню, каторых у Мардалысаве на 25 двароў ажно дзве».
Клім Шамоўскі — сам М. Гарэцкі. У дзядзьку Якубе лёгка ўгадаць роднага Максімавага дзядзьку Якава. Адзін жа з братоў апавядальніка праходзіць пад сваім імем: «Увечары Клімаў брат Парфір напаіў коні, падаваў жывёле...»
Збіраючыся ў лазню, «Клім палажыў на палічку “Нізшую геадэзію” Біка і “Песні жальбы” Я. Коласа, што дагэтуль былі ў руках». Гэтыя кнігі Максім не толькі чытаў у вучылішчы, але і не расставаўся з імі на канікулах.
Аднак Клімавай душы ад наведвання лазні спачатку лягчэй не становіцца. Яму было прыкра ад таго, што ў памяшканні «было гразна, нячыста, непрытульна». Праўда, стараецца адпрэчыць гэтыя не радасныя думкі: «Але што ж гэта я? Ці ж я не радзіўся сам у Мардалысаве, ці сам не купаўся ў гэтай гразі, не бачыў усялякага бруду. […] Не, гэта ж я не злуюся, чаго ж гэта я?..»
Толькі супакоіцца не ўдавалася. Асабліва пасля таго, як адзін з вяскоўцаў папракнуў, што «запанеў наш каморнік». Роспач апанавала Кліма. Ён жа ніколі не стараўся сябе выдзяляць сярод тых, з кім прайшло ягонае маленства. Таму і балюча стала ягонай душы: «вучыўся не дзеля таго, каб “заграбаць” грошы, што ён іншы, што ён жа не чураецца вёскі, любіць яе і шануе, як родны сын».
Вяскоўцы не проста не разумеюць яго. Яны не могуць яго зразумець: «І лацвей ім (выдзелена М. Гарэцкім. — А. М.), — думаў Клім далей, — страляць у вочы “запанеў”, ведаючы вагу свае векавечнае працы мужыцкае, а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў “панстве” і пасынка вёскі».
Клім Шамоўскі знаходзіўся на своеасаблівым раздарожжы. З вёскай яшчэ не развітаўся, але пакуль канчаткова не прыстаў і да горада. Як на той час і сам М. Гарэцкі. Яму таксама не ставала нейкай пэўнасці, належнай апоры пад нагамі. Яе і шукаў М. Гарэцкі. Паводле аўтарскай задумы, шукаў яе ў апавяданні «У лазні» і галоўны герой твора. У многім, па сутнасці, двайнік аўтара. Таму носьбіт ягоных думак. У таго ж, хто нешта настойліва шукае, намаганні не праходзяць марна. Ён часцей за ўсё знаходзіць гэта. Клім, у рэшце рэшт прыйшоў да таго, да чаго не мог не прыйсці: трэба «любіць, шанаваць родную Бацькаўшчыну». Прымаць яе такой, якая яна ёсць. Каб зрабіць такой, якой павінна быць.
У 1913 годзе ў «Нашай ніве» былі змешчаны і іншыя апавяданні М. Гарэцкага: «Роднае карэнне», «Страхаццё», «Красаваў язмін», «У панскім лесе», «Стогн душы». Было і тое, што пакуль не трапіла ў друк, знаходзілася ў рукапісах.
Рэдакцыя вітала творчую актыўнасць маладога пісьменніка. У жніўні 1913 года ў газеце з’явіўся ліст, адрасаваны яму: «Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прысылалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас “памножана будзе слава слаўнай айчызны нашай”, калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца».
Твораў набралася больш чым дастаткова для першай кнігі. Пад назвай «Рунь» яе ў 1914 годзе выпусціла Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні.

Усходы «Руні»

Назву кнізе М. Гарэцкі даў па аднайменным апавяданні, якім яна і адкрываецца. Твор мае падзагаловак «Памяці друга». Ва ўступе «Ад аўтара» згадваецца нехта Уладзімір З., з якім, як прызнаецца аўтар, ён знаходзіўся ў сяброўскіх стасунках. Цяжка сказаць, ці быў гэты Уладзімір З. у сапраўднасці. Істотна іншае: М. Гарэцкі абмаляваў цікавы вобраз аднаго з тых, хто ўсведамляў сябе сапраўдным беларусам. Падаваў вялікія спадзяванні, узяўшыся пісаць мастацкія творы. Гэта відаць па тых з іх, што прыводзяцца ва ўрыўках у апавяданні «Рунь»: «Войт», «Князёўна», «Да самога сябе», «Кавалкі з днеўніка». Уладзімір З. — постаць прывабная. Імпануе ягонае жаданне служыць Айчыне, адраджаць яе.
Каб іншых зрабіць людзьмі відушчымі, сам пазбаўляецца ўсяго другаснага, найперш забабонаў, і студэнт-медык Архіп Лінкевіч з апавядання «Роднае карэнне». Імкнецца заглыбіцца ў сутнасць таго, што не так і лёгка вытлумачыць, і герой яшчэ аднаго твора М. Гарэцкага — «Што яно?». Шукае ісціну, а яна лёгка не даецца:
«Забабоны мае! Адкуль вы? Я ж ведаю, што нічога няма... чаго... І ці ж ведаю? Не! Я дзеткам кажу аб прыродзе па-навучнаму, рэдка раскажу ім страшнае. Любыя дзеткі...»
Сапраўды, перш чым іншым штосьці тлумачыць, у нечым пераконваць іх, трэба самому ва ўсім разабрацца. Таму і спяшаецца ў родную вёску. Бо з ліста ад бацькоў даведаўся, што яны ніяк не могуць пасяліцца ў новай хаце: «...Мы ўжо й папа прывозілі і свянцілі яе, але нехта засеў у ёй і не дае начаваць».
Лінкевіч, аднак, да гэтага ставіцца скептычна. Але пра «чартаўню» ўспомніў і балагол, якога ён наняў, сышоўшы з цягніка:
«Паніч, [...] вы, мусіць, ведаеце, што ў гэтым балоце, што налева, калісь-то ў даўныя гады цэлы горад за нешта праваліўся скрозь-доння. У ноч купальскую чутны званы падземныя.[...] Бывае так яшчэ, кажуць: агонь нейкі над балотам бегае. Ты за ім — ён ад цябе, ты бліжэй — ён уцякае».
У гэты момант і пачалося…
«Не дакончыў балагольшчык свае гутаркі, як далёка на полі паказалася на самай зямлі полымя... Гарыць нешта... То шугае ўверх яно, то без сілы збягае ўніз.
Чорная сцень, як чалавечая фігура, прабегла па ім раз-другі.
Праз некалькі часу полымя ўспыхнула ў другім, у трэцім месцы...»
Пасля пабачанага і перажытага пры гэтым страху Лінкевіч мусіў да ўсіх згадак пра «чартаўню», якія даводзілася яму чуць, паставіцца іначай, чым да гэтага: «Ось так чартаўня. Ну й уцям тут, што за справа. І калі мне робіцца неяк нядобра, то што б было з нашымі.
Праўда, па прыезде хутка знайшоў тлумачэнне таму, адкуль нечакана з’явілася полымя. Ноччу зламыснікі дадумаліся паліць бароны. Яны ж, ведама, былі драўляныя. «Добрае зданнё», — не без радасці канстатуе Архіп. Як быццам адказ знойдзены. Рознае «страхаццё» (дарэчы, у кнізе «Рунь» ёсць і апавяданне пад такой назвай) — нішто іншае, як забабоны народныя. Праяўленне цемнаты народнай.
Толькі і тут не ўсё «вяжацца». Лінкевіч ведае, як шмат загадкавага ў прыродзе, у жыцці, чаму і навука не можа даць адказу. Тады дзе выйсце? Адказ Архіп знаходзіць у развагах дзеда Яхіма, якога ён добра ведаў і які падвозіў яго на чыгуначную станцыю, калі ён вяртаўся ў горад:
«Першае, што скажу я табе, гэта — чытай, галубец, у кніжках і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі... Споўніш гэты загад — у жыцці не ашукаешся. Будзеш ведаць, што рабіць трэба. І ніякая, братка, чартаўня, ніякія думы чорныя не змогуць цябе. А другое: часцей у роднае гняздзечка залятай, дык не будзе яно здавацца табе страшным, і не пабяжыш ты, спужаўшыся уцякаць ад яго, калі, часам, пачуеш ад каго дурнога або цёмнага і скрыўджанага нараканні няправедныя, нахабшчыну на справу і працу тваю. А яшчэ дадам: не забывай ты ў горадзе [...] запытаць у сябе: “А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?” І ведай тады, што адным енкам ды стагнаннем бядзе людской не паможаш... Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць, на сілы не ўпадаць, а то і самога затопчуць...»
Кастусь Зарэмба з апавядання «У чым яго крыўда?» таксама ў пакутлівым роздуме: «Як жыць і што рабіць... Каб і самому сярод людзей не згубіцца. Дый да нейкай пэўнасці дайсці. А гэта няпроста. Што ж, такое жыццё».
Часам і радасць бывае нядоўгай. Так сталася і з я-героем з апавядання «Красаваў язмін», якому нечакана «пастукалася [...] ў душу з нечым квола-далікатным» дзяўчына. Толькі шчасце было нядоўгім. Муся паехала да радні ў Вільню, дзе, як ён даведаўся, нечакана памерла.
Сучаснікі М. Гарэцкага з цікавасцю пазаёміліся з ягонай першай кнігай. Максім Багдановіч у артыкуле «Беларускае адраджэнне», напісаным у тым жа 1914 годзе, згадаў яе ў пераліку найбольш значных мастацкіх твораў нацыянальнай літаратуры. Акадэмік Яўхім Карскі быў перакананы, што ў апавяданнях М. Гарэцкага «ёсць усе дадзеныя, каб з аўтара з часам развіўся добры пісьменнік з самародным талентам».

Ягоная праўда вайны

У войска М. Гарэцкі пайшоў сам, не чакаючы мабілізацыі. Тэрмін службы ў так званых вальнапісаных карацейшы на цэлы год, чым у звычайных салдат. Да ўсяго вальнапісаныя маглі яшчэ самі выбіраць, дзе служыць. Далей адбылося тое, пра што расказваецца ў «Запісках салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы».
Лявон Задума — гэта сам пісьменнік, а «Запіскі… Лявона Задумы» — дакументальна-мастацкая проза, якая без прэтэнзіі на арыгінальнасць названа проста і лаканічна — «На імперыялістычнай вайне». Яшчэ сучаснікі пісьменніка ставілі гэтыя запіскі поруч з выдатнымі творамі тагачаснай літаратуры, што атрымалі сусветнае гучанне. Прынамсі, з «Агнём» французскага пісьменніка Анры Барбюса.
Праўдзівасць, пераканаўчасць у творы яшчэ больш узмацняецца дзякуючы таму, што аповед вядзецца ад першай асобы. М. Гарэцкі нібыта напамінае: я перад вамі як на споведзі. Для яго важна праўда і толькі праўда. Якой бы — прыемнай ці непрыемнай — яна ні была б.
Занатоўваць жа было што. З самага пачатку тое, з чым сутыкнуўся ў арміі, не проста было для яго новым. Яно з’яўлялася шмат у чым і незразумелым. Не вытлумачвалася звычайнай чалавечай логікай. «Салдату 2-й батарэі» даводзілася паступова прывыкаць да армейскай службы. Праўда, у мірных умовах гэта праходзіла больш-менш спакойна. Куды цяжэй стала, калі пачаліся баявыя дзеянні.
Там, дзе большасць не абцяжарвалі сябе «высокімі матэрыямі», яму было не па сабе. Таму няўтульна адчуваў сябе, што, будучы праціўнікам якога-небудзь насілля, сам вымушаны быў забіваць:
«А я ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля».
Не адзін ён быў такі, чыя душа працівілася вайне. Але Лявон Задума, у адрозненне, скажам, ад «маладзенькага, далікатнага і сарамлівага, як дзяўчынка», падпаручніка Сізова, заставаўся куды большым рэалістам. Сізоў жа ў чымсьці безнадзейны рамантык. Як кажуць, «не от мира сего». Таму, хоць «салдаты любяць яго, але некаторыя цішком пасмейваюцца». Аднак і рэалісту Задуму цяжка. Вельмі цяжка. Бадай, на кожным кроку. Бо як ні стараецца прызвычаіцца да таго, што адбываецца, ніяк не ўдаецца. Хоць, здавалася б, паспеў ужо такое пабачыць!
Аднак не адзін Задума не адразу прывыкнуў да вайны: «...наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціханька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікаваўся, што такое мёртвы». Літаральна праз дзень не стала і самога Талстова. Пасля таго самага бою, у якім Задума атрымаў сваё салдацкае хрышчэнне. Таксама засталіся «груды светласігніх трупаў». Толькі ўжо сваіх.
Асколак гранаты пасек Талстову кішкі. Спадзявання на ўратаванне не заставалася. «Гэтая смерць, — прызнаўся Задума, — зрабіла на мяне гнятучае ўражанне, я нават стаў меней баяцца куль і снарадаў». Толькі істотней іншае прызнанне. Тое, што з’явілася перад тым, як узяўся расказаць пра падзеі гэтага дня: «Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма». Дый пасля такога не магло быць.
Гэта таксама праўда вайны па Гарэцкаму. Тая праўда, якую ён хацеў данесці праз свой твор. Лявон Задума прыходзіў да несуцешнай думкі:
«На сучаснай вайне — усе героі ці, лепей кажучы, няма герояў, а ёсць болей ці меней дысцыплінаванае быдла».
У іншым месцы сказана больш рэзка:
«Адно праўда: у нас ёсць “господа офицеры” ды няма палкаводцаў».
Прагучала гэта пасля аднаго з бяздарных адступленняў. Тым не менш, М. Гарэцкі быў патрыёт. Гэта добра відаць па тым, што, пабываўшы ў Нямеччыне, ён цвяроза ставіцца да таго, што пабачыў там і што ёсць на Радзіме. Перавагу аддае свайму, роднаму. Таму, што не могуць засланіць ніякія заграніцы:
«У Расіі пасля Нямеччыны я чую сябе... быццам выйшаў з нечага душнага і такога, дзе ўсё-ўсё вядома і няма паэзіі, і выйшаў на свежае, вольнае і ўбогае паветра...
Хочацца і ў Расіі, тут, бачыць гэтыя зручныя, з прысадамі шосы, прыгожыя цагляныя хаткі (і іншае, і іншае, — абраз нямецкага поля стаіць у вачах: дрэнаж, раскіданыя каля свежае канавы дрэны, культура, але каб і наш прастор захаваць, паэтычную шырыню і волю лясоў, лужкоў. Ці гэта прызвычаенасць да свайго? Ці гэта дзве душы ўва мне — усходняя і заходняя? І сумна, чагосьці лепшага хочацца. І здаволены, што вырваўся з духаты».
А перадусім — ён найперш сын свайго народа. Беларус, які і ў далечыні ад роднага дома стараецца не цурацца таго, што напамінае пра Беларусь. Не стрымлівае сваіх пачуццяў. Дзеліцца імі ў «Запісках...»:
«Прыйшла і “Наша ніва” за 25 верасня. Колькі радасці прыносіць мне наша друкаванае “мужыцкае” слова! Нервы мае распускаюцца... Але чаго мне саромецца, што я тут, на гэтай проклятай вайне, з нежаданымі спазмамі ў горле і прыкрымі хваравітымі слязьмі на вачах цалую лісты з дому і “Нашу ніву” з Вільні? Чаго саромецца мне? Эх, вы, слёзы, слёзы, дурныя вы слёзы: не засцілайце мне вачэй. І ты, дурное сэрца, не сціскайся болем і жалем».
Толькі было чаго сціскацца ягонаму сэрцу «болем і жалем». Яшчэ раней, калі прыйшло з Вільні некалькі нумароў «Нашай нівы», ягоную «радасць […] зняважыў старшы пісар Лебедзеў, калі камандзір выйшаў:
— Ахвота ж пісаць газеты на такой свінячай мове. Ведь по-русски так легко научиться (выдзелена М. Гарэцкім. — А. М.)».
Камандзір жа перад гэтым «пакруціў “Нашу ніву” ў руках, з асаблівай цікаўнасцю прыгледзеўся да мяне — і нічога не сказаў».
Адчай тады вырваўся ў Лявона Задумы з грудзей. Уся душа напоўнілася прыкрасцю з-за неразумення. Увесь белы свет стаў нямілы: «Задрыжэла ўва мне ўсё aд гневу, але што я магу сказаць гэтаму чорнасоценцу, калі ён гаворыць так не ад цемнаты, а свядома і наўмысля». А цяпер, прачытаўшы ў «Нашай ніве» «Летапісцаў» Змітрака Бядулі, «прабаваў сёння ўсведамляць аднаго салдата-беларуса з нашага пяхотнага прыкрыцця. Прачытаў яму кавалачак з “Летапісцаў”. Як быццам, з паразуменнем паставіўся, хоць і сцвярджаў пра сябе: “мы польскай веры, польскія мы”».
Пра імперыялістычную вайну М. Гарэцкі пісаў, закранаючы самыя розныя аспекты яе. Звяртаў увагу, здавалася б, і на не вельмі істотнае. Ды на вайне, як і ў жыцці ўвогуле, няма не істотнага. Тут усё важна.

Чорнае крыло над хутарком

Праўда пярэдняга краю Першай сусветнай вайны паўстае і ў апавяданні «Літоўскі хутарок». Гэта прытым, што баявыя дзеянні праходзяць міма хутарка, дзе яго насельнікі працягваюць жыць сваімі звыклымі клопатамі.
Толькі ваенныя дзеянні і тут не за гарамі. «Познаю начою з фанаром у руках прыскакаў на хутарок конны ад гміны». Ён «уваліўся ўвесь у пыле ў хату, рупліва дастаў паперу і загадаў гаспадару хутарка Яну Шымкунасу той час запрагаць каня і ехаць у гміну для патрэб мабілізацыі». «А на другі дзень, як свет, пацяклі па ўсёй ваколіцы жаночыя слёзы, было хліпанне і выццё, малітвы і кляцьба. Праваджалі запасных».
Аднак і пасля гэтага, і нават тады, калі «ля хутарка на горцы стаяла паўбатарэя, вартавала мост ад ворага з паветра», Шымкунас ніяк не можа змірыцца з тым, што ягоны звыклы ўклад жыцця рушыцца:
«— Няго сюды, да мяне на хутар, можа прыйсці германец? Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? І тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? — во праз што млела сэрца ў старога».
Як быццам, і сапраўды ўсё павінна абысціся. Дый салдаты, якія ў вечары завіталі ў госці да хутаранцаў, такой думкі. Адзін з іх нават супакоіў Яна: «Не бойся. [...] Хто цябе будзе паліць? Мірных жыхароў чапаць забаронена». Увогуле, салдаты паводзяць сябе так, нібыта ніякай вайны няма. Жартуюць з дочкамі Шымкунаса — чорненькай Ядвісяй і беленькай Монцяй. То, мо, і праўда няма чаго баяцца?
Але не паспеў Ян супакоіцца, як ноччу з пазіцыі прыйшлі да хутара і ншыя салдаты. Ні слова не сказаўшы, «пачалі ламаць вароты, дверы, платкі на будоўлю бліндажоў». Стары паспрабаваў спыніць іх, толькі дзе там: «Вайна, дзядуля. Табе заплацяць». Яшчэ цяжэй стала на душы ў Шымкунаса. Зусім заблытаўся ў сваіх думках адносна таго, што адбываецца:
«Ян нічога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Па-хрысціянску, без грошай. І прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць. Без вайны зглумуюць».
Вайна ж ужо ля самага парога. «Калоны войска ідуць туды і сюды. Грымяць цялежкі, кухні, гарматы». Потым пачынаюцца і баявыя дзеянні. Аднак Шымкунас, на здзіўленне, па-ранейшаму спакойны: «Гэта ж свае ... чаго баяцца». Ядвіся жа, убачыўшы, як санітар ледзь не ўпусціў раненага з насілак, усміхнулася.
Хутаранцы ўсё яшчэ ніяк не могуць прызвычаіцца да таго, наколькі ўсё сур’ёзна. Вайна прыйшла, але самі яны пакуль... не «ўвайшлі» ў вайну. Уражанне такое, што яна іх не тычыцца. Вайна сама па сабе. Яны ж самі па сабе. Не могуць паверыць, наколькі ўсё сур’ёзна.
Вайна ж усё настойлівей бярэ сабе ахвяры. Колькасць загінуўшых вымяраецца ўжо не дзясяткамі. Нават не сотнямі. Палкоўнік мусіць канстатаваць некаму ў тэлефонную трубку: «Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі». Ён не ведае, што з імі рабіць. Спадзяецца, што, «можа быць, тыл падбярэ». І гэта толькі тут, на подступах да хутарка. Толькі на адным участку баявых дзеянняў.
Хутка на парозе роднага дома з’яўляецца і сын Яна. Блажыс апошні год служыў у войску і якраз «ішоў са сваім палком міма роднай хаты». Ён разумее тое, да чаго ніяк не мог даўмеццца ягоны бацька: трэба ўцякаць. Дакладней: трэба было ўцякаць. Цяпер позна. Адзінае, чым Блажыс можа дапамагчы ў такой сітуацыі, гэта параіць: «...выкапайце за дваром ямку і накрыйце тоўстым бярвеннем з зямлёю. Калі будуць біцца, хавайцеся туды, а пакуль што хоць у паграбніцу».
Што такое вайна, яшчэ больш стала вядома пасля таго, як «Монцю немцы павялі з грудам літоўцаў нібы акопы капаць». Гэтае «нібы» стала зразумелым, калі дзяўчаты і маладухі вярнуліся:
«Ішлі, бяднягі, ледзь жывыя: нага за нагу. Чорныя, што зямля чорная. Няможна было пазнаць Монцю. Сляды мук, перажытага сораму і гвалту адбіліся страшным выглядам на твары».
Бяда канчаткова накрыла хутар сваім чорным крылом. З-пад яго не выбрацца, ад яго не выслабаніцца. Феерверкер Сініца — адзін з тых салдат, які некалі стаяў на горцы з паўбатарэяй, завітаўшы праз шмат часу сюды, не пазнае ні само паселішча, ні яго жыхароў. На ўсім ляжыць нейкая нябачная пячатка бяды. Аднак ёсць і іншае. Тое, што не адпускае ад сябе сям’ю Шымкунаса. Гэта прывязанасць да свайго гнязда. Хутаранцы не змаглі паверыць, што вайна прынясе ім, мірным людзям, такія няшчасці. Таму і паплаціліся за гэта.
Заканчваецца апавяданне «Літоўскі хутарок» на самотнай ноце. Сініца пакідае гэтае паселішча. Холадна, снежна. «Па снегавой дарозе коламі гармат глыбокія выбіты калюгі. Асцярожна спускаецца з гары калона войска адступаючага, як нейкая шэрая ўстужка, толькі трапечацца і безупынна паўзе». Перад гэтым ёсць яшчэ адно сведчанне: «Варона акалелая аднекуль узялася».
Здаўна ж лічыцца, што гэтая птушка сваім карканнем насылае бяду. Праўда, пра тое пра яе карканне ў творы — ні слова. Хоць і таго сведчання, якое з’явілася, дастаткова, каб упэўніцца: беды хутар гэты не абыдуць і ў далейшым. Дый каб жа толькі адзін. Пра гэта М. Гарэцкі не мог не думаць, пішучы свой «Літоўскі хутарок». Дый не толькі яго пішучы.

Неабачлівасць каштуе дорага

З думкай пра тое, што вайна — самае страшнае зло на зямлі, пісалася і апавяданне «Генерал». Галоўны герой гэтага твора нямала пабачыў на сваім вяку. Праўда, пра тое, як ваяваў ён, М. Гарэцкі нічога не гаворыць. Хутчэй за ўсё, не горш за іншых, хто меў такое высокае воінскае званне. Дый нездарма не называецца ягонае прозвішча. У творы гэты генерал праходзіць як збіральны вобраз:
«Ён быў ужо старэнькі.
Галіў, на англійскі манер, бараду і вусы, і таму не можна было з пэўнасцю сказаць, колькі яму гадоў. А пад вачмі — жоўтыя, зморшчаныя мяшочкі, на макушцы — рэдзенькія валасы, сівенькія, мяккія, набок зачасаныя. Рукі ў яго то прыкметна іншы раз, то непрыкметна дрыжэлі».
Дваякае стаўленне выклікае генерал да сябе. З аднаго боку, відавочна, што ён — смелы ваяка, які смерці не баіцца. Не прывык хавацца за чужыя спіны. Толькі, калі лепей разабацца, гэтае ягонае прывыканне да вайны шмат у чым ідзе на шкоду іншым. Тым, у каго такога прывыкання няма. Яны пакуль належным чынам не абстраляныя. Таму часам паводзяць сябе баязліва, аглядкава. Генерал жа няздатны знайсці агульную мову з тымі, хто нядаўна прызваны ў войска. Тым не менш, яму хочацца, каб у яго з падначаленымі было паразуменне. Робіць захады да гэтага: «Ён ласкава паздароўкаўся з камандзірам, людзьмі і начальнікамі. Салдаты, хоць і цьмянымі тварамі, але звычайна-вясёлыя, прапускалі яго, як яму здавалася, добрым і ўдзячным поглядам, што ён, генерал, наведаўся іх тут». Дый не скардзіліся ні на што. Нават з-за таго, што своечасова не прывезлі хлеба, асабліва не перажывалі. Ва ўсякім разе, рабілі выгляд, што могуць патрываць. Генерал усё ўспрымаў усур’ёз, бо ён, паўтаруся, даўно адарваўся ад рэальнасці. Аднак не разумеў гэтага. Ці мо не хацеў зразумець.
«Нічога, — падумаў генерал, — і ў кожнай, здаецца, самай безнадзейнай справе можа раптам, немаведама адкуль, узяцца гэткі творчы настрой, што людзі з налёту робяць самае немагчымае самым магчымым».
«Творчы настрой» і ў самога. Толькі для поўнага ўсведамлення гэтага яму чагосьці не стае: «Раптам ён успомніў, што не паглядзеў яшчэ тут поля абстрэлу. І ўзяў бінокль і пачаў углядацца ў мокрую, туманную пялёнку, што вісела наперадзе перад акопамі». Скрозь туман убачыў, «як два немцы нешта капалі, кідаючы ўгару зямлю, а трэці курыў, вытыркнуўшы галаву з-за бруствера».
Генерал вельмі здзівіўся, а чаму ж ніхто па іх не страляе. Адразу ж спрацаваў інстынкт бывалага ваякі. Папрасіў вінтоўку, прыцэліўся. «Стрэл прагучэў зычна, але як бы незнарок і адзінока. У адказ нічога не было». У генерала нечакана вырвалася: «А па брустверы ідучы, добра відаць поле вашага абстрэлу?» Камандзір роты, які суправаджаў яго, адказаў: «Лепей троху». Аднак адразу выказаў і перасцярогу: «...толькі ўдзень небяспечна, ваша правасхадзіцельства».
Гэта быў «несамавіты на выгляд прапаршчык, вастраносы бландзін», пра якога зусім нядаўна генерал падумаў: «Пэўна, з настаўнікаў». Цяпер «генерал паглядзеў на яго і адчуў нястрымнае жаданне штурхнуць яго некуды ці нешта зрабіць яму такое, каб ён не быў такі разлезлы. У гэты момант генерал так не любіў прапаршчыка, што гатоў быў яго ўдарыць». «...Неспадзявана для сябе самога і для ўсіх (генерал. — А. М.) крута адвярнуўся, узышоў на прыступачку і, абапёршыся салдаціку на плячо, сказаў:
— Памажы-тка, брат...
І ўскочыў на бруствер. Пайшоў па брустверы спакойна і проста.
Зьнь, зьнь... — той жа час праляцелі над галавамі адна за адной дзве кулі, з боку нямецкіх акопаў дакаціўся гул стрэлу».
Хтосьці паспеў прамовіць: «Страляюць. Небяспечна». Аднак у асабліва незайздросным становішчы аказаўся той, каго генерал у думках «гатоў быў ударыць». «“Каму патрэбна гэта дзівацкае выстаўленне сябе пад кулі? Здурнеў ён, ці што? — з абурэннем паглядзеў на генерала прапаршчык. — Але ж і мне трэба з ім ісці па брустверы, і мне трэба”, — думаў ён, чуючы, як забілася сэрца».
Максім Гарэцкі надзіва праўдзіва перадае тое, што робіцца ў душы прапаршчыка. Ён у гэты момант паўстае звычайным чалавекам, які разумее, што няма неабходнасці лезці пад кулі толькі дзеля бравады. Іншая рэч, калі б гэта было выклікана неабходнасцю. Тады, несумненна, прапаршчык, не задумваючыся, годна выканаў бы свой воінскі абавязак.
Яно так, але ж, па логіцы, ён мусіць ісці следам за камандзірам. Таму і «забілася сэрца» ў прапаршчыка. Дый не хоча ён, каб палічылі, што палахлівец. Бадай, і здагадваецца, што пра яго ў думках у гэтага генерала. А той зірнуў на прапаршчыка злосна і падумаў: «Вучыцялішка ... з тых, што ядуць з нажа... Шкадуе сябе». Прапаршчыку не заставалася нічога іншага, як падтрымаць «творчы настрой» генерала: ён «раптам скочыў угару і стаў адзаду ў генерала, таксама высока і таксама небяспечна, і момант стаўся тут гадзінаю. Можа, ступіў ён два разы, як раптам перакуліўся і сунуўся ў акоп».
Недарэчная, нічым не апраўданая смерць. Канечне, генерал не хацеў такога зыходу. Ды, калі разабрацца, менавіта ён, генерал, стаў сапраўдным забойцам. Ён, а не хто-небудзь выклікаў гэтую смерць. Сваёй гульнёй у вайну...
Хоць такое вызначэнне, бадай, усё ж няправільнае. Дакладней сказаць: гульнёй з вайной. Сваім забыццём з-за ўзросту, што яна не месца для «творчага настрою». Дый, па сутнасці, ва ўсёй паўнаце так і не ўсвядоміў, наколькі жудасны выпадак здарыўся. І тут ужо «вінаваты» зусім не ўзрост. Прычына іншая, і куды больш істотная. У генерала даўно адбылося прывыканне да вайны. Яна стала для яго тым звыклым, без чаго чалавек не ўяўляе сабе жыцця. Больш за тое, яна, як гэта ні гучыць парадаксальна, сэнс жыцця гэтага генерала. Таму і ставіцца ён да ўсяго так спакойна.
Нават ягонае развітанне з нябожчыкам — гэта не столькі развітанне з тым, хто загінуў. Хутчэй за ўсё — рытуал. Той рытуал, які выпрацаваўся ў яго за доўгія гады армейскай службы і ўдзелу у баях:
«Генерал няпэўна ўлажыў рукі забітага на яго грудзі, […] паважна зняў шапку.
— Вечны спакой, — пашапялявіў ён.
Потым, пачакаўшы і дрыгнуўшы ў задуме мускулам з левага боку санак, зноў апусціў шапку, сагнуўся і пацалаваў у мёртвы лоб.
— Слава загінуўшым сынам бацькаўшчыны! — дадаў і доўга няўмела надзяваў шапку».
Пасля гэта ў апавяданні толькі некалькі сказаў:
«А кулі перасталі дзвінаць. І ўсё зноў было ціха і мокра ў паветры. А далёка, каля лесу, на флангах, не можна было разабраць — дым ці туман».
На фронце зноў наступіла мірная перадышка. Як гэта назіралася неаднойчы. І ніхто, апроч баявых таварышаў прапаршчыка ды тых, хто знаходзіўся поруч з ім, калі ён так недарэчна загінуў, так і не даведаўся, што на зямлі стала меней яшчэ на аднаго чалавека. Гэта таксама суровая праўда вайны.

Стрэл у спіну

Надзіва арыгінальнае апавяданне «Рускі». Пачуў гэта М. Гарэцкі ў шпіталі. «Дзіўная гісторыя выйшла з гэтым нешчаслівым чалавекам». Як звалі гэтага бедалагу, якое ў яго прозвішча, ён, праўда, не паведамляе. Рускі — і ўсё. Тым больш, што гэтага дастаткова, каб зразумець, што зрабіла вайна з «здаровым, але крышку павольным; здольным ад прыроды, але цёмным, грубым чалавекам». Трапіўшы на фронт, ён хутка да ўсяго прывык. Асвоіўшыся, нават пачаў крыху «марадзёрнічаць». Па-свойму, па-сялянску, перакопваючы ўвечары бульбянішча, што знаходзілася непадалёку ад акопаў.
Аднойчы ўзняўся на нейкі ўзгорачак, а перад ім, быццам з зямлі, вырас, аўстрыяк. Абодва разгубіліся і адначасова «разам прыспелі да зямлі...». Не ведаюць, як і быць далей. Першым знайшоў выйсце з гэтай незайздроснай сітуацыі аўстрыяк: «Руськый! Я маю горілку...»
Прыселі. Праўда, на ўсякі выпадак кожны паклаў вінтоўку каля сябе. Каб не быць у даўгу перад аўстрыякам за яго гарэлку, Рускі прапанаваў яму сваёй махоркі. Выпілі, пакурылі. Час і разыходзіцца. Што і зрабілі. Кожны накіраваўся ў свой бок. І трэба ж так здарыцца, што акурат у гэты час штосьці нядобрае цюкнула ў галаву «звычайнаму земляробу»: «Э, што ж я за ваяка». Значыць, трэба даказаць адваротнае. Павярнуўся ён у бок аўстрыяка, ускінуў вінтоўку, прыцэліўся...
Чытаеш апавяданне далей, і не па сабе становіцца. Разумееш цёмнасць гэтага селяніна, ягоную забітасць, але каб так — ні з таго, ні з сяго — забіць чалавека?! Няхай і вораг ён. Хоць якім ужо ворагам быў гэты аўстрыяк. Паспелі ж паразумецца. Перад тым жа, як развітацца, аўстрыяк нават прамовіў: «Чы веды менэ до Русі, чым разойдэмя». Дый Рускі, трэба сказаць, павёў сябе ў гэты момант па-чалавечы: «Не, братка, ідзі да сваіх». І літаральна праз мінуту-другую гэтае забойства.
Нібы нейкае памутненне на чалавека найшло. Пасля таго як ён паспеў убачыць дзясяткі, сотні смярцей, тая адмоўная энергія, якая збіралася ўнутры яго, ператварылася ў энергію забойную. Праз чужую смерць хочацца гэтаму селяніну даказаць, які ён адважны ваяка. Не задумваючыся над тым, што ў дачыненні да аўстрыяка — гэта стрэл у спіну. Стрэл подлы, і нічым яго нельга апраўдаць:
«Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго (аўстрыяка. — А. М.) чубатаю шапачкаю і даўна падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім:
— Што ж цій москаль наробыв... Зостанэцця моя жынка і діты.
Безнадзейная крыўда чулася прагучала ад яго; апошнія словы ледзь выдыхнуў, бо ўжо канаў. Раскінуў рукі і ногі. Рускаму здалося, што смяротная пялёнка, як у той курыцы, засцілае яго жаўтаватыя бялкі.
— А колькі ж іх маеш? — з апалым сэрцам спытаўся Рускі і мімаволі, выглядаючы сабе падмацаванне, агледзеўся наўкол, у ночным змроку.
— Ді-ты...
Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы і быў гатоў».
У гэтым урыўку істотныя два моманты, якія надта псіхалагічна праўдзіва характарызуюць галоўнага героя апавядання. Нібыта яшчэ і не ўсё чалавечае згублена ў ім. Нават цікавіцца, колькі дзяцей засталося ў забітага ім аўстрыяка. У той жа час відавочна і іншае. Тое, што сваёй прысутнасцю знішчае гэтую чалавечнасць. Рускі баіцца за сябе, таму на ўсякі выпадак азіраецца па баках, «выглядаючы сабе падмацаванне».
Хоць гэтага глыбокага псіхалагізму ў творы не менш і далей. М. Гарэцкі, па сутнасці, не проста зазірае ў душу, а як бы прасвечвае наскрозь таго, хто не такі і просты, як можа падацца на першы погляд. Пры ўсёй ягонай абмежаванасці, ён з тых, хто свайго ніколі не ўпусціць. Крыху прыйшоўшы ў сябе, Рускі па-сялянску разважліва і ўзважліва пачынае шукаць, ці няма ў аўстрыяка чаго-небудзь, чым можна ў яго пажывіцца. Праўда, робіць ўсё па-хрысціянску, не забыўшы перахрысціцца над мёртвым.
Пасля гэтага «палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доўгага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана ці нездаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. І зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго. Смялей памацаў у яго за пазухаю, ува ўсіх кішэнях і ў шапцы і ізноў нічога добрага не знайшоў. Аглядаючы яго боты, ці варта здзіраць, глянуў незнарок у цямноту ночы, спалохаўся... Схапіў кацялок з бульбаю у адну руку, дзве стрэльбы за раменне — у другую і пусціўся бегчы што ёсць духу да сваіх».
Не пайшоў, а менавіта «пусціўся бегчы што ёсць духу». Безумоўна, страх гнаў яго. Але ці толькі адзін страх? Бадай, не толькі. Відаць, усё ж штосьці зрушылася ў галаве Рускага. Пакуль што яно яшчэ не дае знаць аб сабе. Адбываецца толькі на ўзроўні таго, што можна вытлумачыць: ноч, аднаму страшна каля забітага.
Аднак праходзіць час і гэты «зрух у галаве» выразна дае аб сабе знаць. Рускага стала не пазнаць. Ён «упадабаў ляжаць на зямлі з раскінутымі нагамі і рукамі». Так, як ляжаў аўстрыяк, якога ён забіў. А яшчэ раз-пораз вырываўся ў яго крык: «Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!» Ад ляжання на зямлі застудзіў грудзі, таму і трапіў у шпіталь. А што яго трэба было лячыць і ад псіхічнага расстройства, ніхто пра гэта і не думаў. Не да таго было. Ішла вайна. Застаўся жывы, то і добра.

Каб не дваілася душа

Адзін з самых значных твораў у М. Гарэцкага — аповесць «Дзве душы». Яна была ўпершыню апублікавана ў газеце дэмакратычнага кірунку «Беларуская думка», што выходзіла ў Вільні ў 1919 годзе. У тым жа годзе пабачыла свет і асобнай кнігай. Праўда, на вокладцы пазначана «1920». Аднак зноў да чытача гэтая аповесць прыйшла толькі праз семдзесят гадоў, калі была змешчана ў сёмым нумары часопіса «Полымя» за 1989 год.
Прычына падобнай «затрымкі» ў тым, што многім не падавалася, як у «Дзвюх душах» адлюстраваны падзеі рэвалюцыі. Безумоўна, паказана ўсё гэта праўдзіва. Але калі ўспрымаць усё з пункту гледжання сённяшняга дня. На той жа час такой праўды афіцыйныя органы баяліся як чорт ладану. Асабліва палохала іх, што праўда гэтая з «нацыянальнай падсветкай». Персанажы аповесці не проста шукаюць свой шлях у рэвалюцыю. Яны задумваюцца над тым, як у гэтых віхурных падзеях, калі ламаюцца звыклыя ўстоі, не толькі выжыць, застацца людзьмі, а і зрабіць першы, прытым самы важны крок да нацыянальнага самавызначэння. Апошняе немагчыма без адраджэння сваіх духоўных пачаткаў.
Ці не найбольш востра дылема: быць ці не быць беларусам — паўстала перад «прапаршчыкам армейскім» Ігнасем Абдзіраловічам. Яшчэ колькі тыдняў назад над гэтым ён і не задумваўся. І раптам — быццам нейкі пераварот у ягонай свядомасці адбыўся. Усё звыклае, ранейшае, загадзя ўзважанае, выверанае і прадуманае далёка наперад — адышло ўбок. Замест яго з’явілася нейкая няўпэўненасць у самім сабе, незразумеласць, што рабіць далей. Па сутнасці, надышло тое, што знакаміты рускі пісьменнік Аляксей Мікалаевіч Талстой назваў «блуканнем па пакутах», вынесшы гэтыя словы ў загаловак сваёй вядомай трылогіі.
Аднак душэўныя пакуты Ігнася Абдзіраловіча куды мацнейшыя, чым у талстоўскіх герояў. Стаяла пытанне — прымаць ці не прымаць рэвалюцыю. Для Ігнася мала ўспрыняць яе як небывалы дасюль сацыяльны зрух у жыцці. Спакою яму не даюць іншыя сумненні. Ён не супраць змен, што адбываюцца ў жыцці грамадства. Толькі чый бок узяць? З кім ісці далей? З людзьмі без роду-племені, якія, падобна Гаршку, гатовыя ўсё на сваім шляху ламаць і крышыць? А можа, быць разам з Міколам Канцавым, Ірай Сакавічанкай, Сухавеем, якія, хоць у нечым і суб’ектыўныя, празмерна максімалістычныя, але дбаюць пра Беларусь заўтрашнюю. Іхняя мара — Айчына, пазбаўленая не толькі сацыяльнага, але і нацыянальнага прыгнёту.
«Сярод сумнай імглы восені на нядрогкіх калёсах» думае Абдзіраловіч свае нялёгкія думы. Яны, як і гэтая восень, у чымсьці змрочныя. Але чым больш разважае Ігнась, тым упэўненей, выразней да яго прыходзіць усведамленне таго, што абавязкова неабходна нешта рабіць. Іначай не выбрацца з гэтага тлуму безвыходнасці, нацыянальнай непрыкаянасці. Ягоны роздум — развагі аднаго з тых, хто апынуўся не толькі на жыццёвых ростанях, а і на ростанях духоўных: «Да ўніверсітэтаў гаварыў найбольш па-беларуску, і думаў па-беларуску. Не: школа научыла думаць па-руску. Ці ж праўда?» Ігнася непакоіць тое, што цяпер «ён нават не можа адчуць усяе глыбі гора і няшчасця гэтай старонкі, што цяпер усцяж укрыта акопамі, крыжамі і могілкамі. Не можа...»
Значыць, упэўнены ён, не так пражыта жыццё... Многае страчана незваротна, і, каб вярнуць хоць часцінку гэтых страт, трэба пераходзіць да дзеяння: «Буду рабіць! Буду рабіць! — грукаталі калёсы з невялічкай горкі і разганялі дрымоту сярод сумнай імглы восені, што патроху робіцца святлейшай і весялейшай».
Лёгка сказаць — нешта трэба рабіць. Але што рабіць, як рабіць, Абдзіраловіч пакуль не ведае: «І душа дваіцца. Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкам, цяпер цвярдзеець, але робіцца нядобраю, набірае ўсё болей нейкай калчнасці і нават жорсткасці». Можа, плачацца душа Ігнася ад таго, што адвярнулася ад яго прыгожая паненка Ала Макасеева — «белы тварык з чорнымі бліскучымі вачмі і курчавымі пасмачкамі»? Мо, прыгадалася яму ягонае колішняе каханне, дачка ляснічага Іра Сакавічанка, якая «сеяла беларускую свядомасць сярод сялян і сялянскай інтэлігенцыі»? Не без гэтага. Толькі дваістаць душы Ігнася адной сентыментальнасцю і меладраматызмам не растлумачыш. Каб усё было так, значна прасцей раскручваліся б вузлы супярэчнасцей, якія абрынуліся нечакана-негадана на колішняга студэнта. Уся бяда ў тым, што людзі, падобныя Абдзіраловічу, імкнучыся да новага, загадкавага для іх жыцця, не заўважваюць, як страчваюць пад сваімі нагамі нацыянальную глебу. Яны ж за яе дагэтуль моцна трываліся. Яна была іхняй надзейнай апорай. Цяпер жа гатовы прымкнуць да любога месца, толькі б лепш, цяплей і ўтульней ім там адчувалася. Дзеля выгод жыцця забываюцца высокія памкненні, што яшчэ нядаўна з’яўляліся галоўнай мэтай гэтага жыцця. Невыпадкова герой М. Гарэцкага ловіць сябе на думцы: «Хоць горача любіў бацькаўшчыну, але з якоюсь недавернасцю думаў аб руху адраджэння, аб якім некалі чуў краем вуха».
Ёсць у гэтай аповесці, праўда, яшчэ адзін момант, які ў чымсьці ўплывае на «дваістасць» душы Ігнася. Сталася так, што жонку старога пана Абдзіраловіча забілі, калі сыну споўнілася ўсяго тры месяцы. Якраз у гэты час у прыдворнай сялянкі Маланні выхоўваўся сын прыкладна такога ж узросту. Жанчына, дбаючы аб лепшай долі для свайго дзіцяці, пайшла на падман. Ігнасем Абдзіраловічам яна пачала называць свайго ўласнага сына Васілька. Сапраўдны ж Ігнасік «ператварыўся»... у Васілька...
Адкрыццё гэтай тайны, праўда, адбываецца пасля таго, калі ўжо Ігнасева «душа дваілася. Адна палова несказана плакалася і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі». Тым не менш, гэты момант істотны. Даведаўшыся пра сябе ўсю праўду, Абдзіраловіч не можа да ўсяго ставіцца спакойна: «Я з-за непаразумення трапіў у панскія пакоі, я сын гэтай чорнай грамады і хацеў бы павесці яе лепей за ўсіх да шчасця».
Максім Гарэцкі перадаў праўдзіва і непаспешліва працэс выспявання змены ў псіхалогіі прадстаўнікоў розных сацыяльных груп падчас небывалых зрухаў у грамадстве. У аповесці «Дзве душы» асноўная ўвага засяроджана не на ачышчальнай, жыватворнай сіле рэвалюцыйных працэсаў, а на той пене, якая з’явілася. На хвалях гэтай пены ўсплыў і Іван Карпавіч Гаршчок, самы што ні ёсць хамелеон.
Карпавіч, як яго ўсе называюць, «грошы краў, цела брудзіў, а сумленне гарэлкаю заліваў». Папярэдне, канечне, з роднай вёскай парваў, з беларускасцю развітаўся. Адсідка ў турме для яго не прайшла бясследна. Гаршчок захапіўся нелегальнай літаратурай. Хутка стаў «самым ярым ісцінарускім патрыётам, потым пад уплывам сваіх знаёмых студэнтаў — свядомых беларусаў — дужа скора асцюдзянеў», «перамахнуў ... аж да бальшавіцкага лагера». Стаўшы «ідэйна-падкаваным», ператварыўшыся ў Карпавіча, ён перакананы, што «ў абы-якой партыі мог бы знаходзіцца з поўнай шчырасцю».
Не сказаць, аднак, каб Гаршчок карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод саратнікаў: «...правадыры-інтэлігенты з іх характэрнай інстынктыўнай цёмнасцю не мелі да яго асаблівай прыхільнасці. Чулі ў Карпавічу той гатунак людзей-самавукаў, каторыя хоць і вялікай высокасці даходзяць у мастацтве, палітыцы ці абы-якой навуцы, але назаўсёды застаюцца з нейкай хібаю ў самым грунтоўным... Яны гэтакія, нейкім дзівам сумяшчаюць у душы сваёй найлепшы, здаецца, гуманізм і найгоршае, акажацца, чалавеканялюбства, хімію і алхімію, марксізм і хірамантыю і з аднолькавай шчырасцю веруюць у тое і другое». Страшнае тое, што чым далей ішла рэвалюцыя, тым болей і часцей на яе шляху сустракалася гэткіх прымазанікаў-хамелеонаў, у якіх, калі разабрацца, нічога святога за душой не было. Прысутнічала толькі нейкая ідэя, узведзеная ў абсалют, не падмацаваная самой складанасцю канкрэтных сітуацый».
Дый ідэя была толькі ў лепшым выпадку. З непрыхаванай трывогай расказвае Васіль, сапраўдны сын старога Абдзіраловіча, які выхоўваўся сярод сялян, а цяпер — пралетарый, партыец, як у адным сяле «ўсе маладыя йшлі раней у свет, у гарады, а цяпер паварочалісь дамоў гультаямі, бандытамі і пад штандарамі бальшавізму здзекуюцца над усімі сялянамі. Жывуць паразітамі, паўлезлі ў камітэт беднаты...». Такія, як вядома, за лозунг Карпавіча «Сячы трэба да карэння» ўхопяцца абедзвюма рукамі.
Даведваецца пра ўсё гэта Ігнась, і яго душа яшчэ больш пачынае дваіцца. Перажытае аднойчы, калі толькі ўпершыню па-сапраўднаму акунуўся ў вір рэвалюцыйных падзей, ніяк не дае пэўнасці. Усё тое ж раздарожжа, ранейшыя пакутлівыя ростані: «І адна палова яго, каторая разумела белых, маўчала, знямела». Але ж «і другая палова яго, каторая разумела чырвоных», таксама ў нейкай непрыкаянасці. Ды зразумець многае ніяк не можа. Калі тое, што з панскага дома выкінулі рэчы, дзеці гуляюць са здымкамі з альбома, яшчэ неяк можна растлумачыць, то дзе тлумачэнне зверствам, нечалавечай лютасці?!
Вочы Абдзіраловічу адкрываюць не Карпавіч з яго псеўдарэвалюцыйнасцю, і не Васіль, які куды больш цвяроза ставіцца да падзей, але якому, апантанаму ідэяй сусветнай рэвалюцыі, зусім не да лёсу Беларусі. Правільней, Васіль, як і яго многія аднадумцы, памылкова лічыць, што пры паспяховым вырашэнні сацыяльнага пытання само сабой будзе вырашана і пытанне рэвалюцыйнае. Задумацца па-сапраўднаму над лёсам Беларусі яму дапамагаюць Мікола Канцавы, Ірына Сакавічанка, Сухавей.
У самым пачатку аповесці Ігнась гэткі ж, як і іншыя беларускія інтэлігенты, што пазбавіліся родных каранёў: «...Быў ён сам несвядомы і хоць горача любіў бацькаўшчыну, але з якоюсь недавернасцю думаў аб руху адраджэння, аб якім некалі чуў краем вуха». Паблукаўшы ж па душэўных пакутах, многае, хоць і далёка не ўсё зразумеўшы, ён ужо прызнаецца: «Я, бачыце, як беларус, патроху знаходжу сябе ў беларускай нацыянальнай і сацыяльнай свядомасці».
Дваіцца, яшчэ як дваіцца душа Ігнася Абдзіраловіча. Здаецца, вось-вось гатовы ён знайсці сябе на паўстанках гісторыі, ды зрабіць гэта яму па-ранейшаму цяжка. У той самы момант, калі ён ужо многае зразумее, даведваецца ад капітана Гарэшкі, як Гаршчок і яму падобныя здзекаваліся з манахаў. Пачуе яшчэ адну, не менш жудасную гісторыю — пра пакаранне рэвалюцыйнымі кранштацкімі матросамі брата Гарэшкі. Пасля ўсяго гэтага сам Гарэшка, які, як прызнаецца, заслужыў Гаршкову «ласку цэлымі цэбрамі густой, запечанай, чорнай крыві паўстанцаў», не вытрымлівае, забівае яго. Знаёмячыся ж у газеце з некралогам, адчувае «сорам і прыкрасць», «бо шмат напісалі там красамоўнае лухты і проста маны пра камуністычную дзяяльнасць нябожчыка». Калі ж чуе гукі пахавальнага маршу, яны «ўсё дужэлі і бальней хапалі за душу засмучона-паважным, наканованым». На гэтым у аповесці пастаўлена апошняя кропка.
Максімам Гарэцкім пастаўлена. Нам жа яе ставіць ранавата. Як і ў кожным па-сапраўднаму мастацкім творы, у «Дзвюх душах» многае застаецца па-за яго зместам, і нанава пераасэнсоўваць яго — значыць яшчэ глыбей спасцігаць сутнасць пісьменніцкай задумы, спасцігаючы для сябе ўсю значнасць вобразаў. Аповесць створана з думкай пра тое, каб чалавечая душа ніколі не дваілася. Да чаго гэта можа прывесці, добра відаць на прыкладзе Ігнася Абдзіраловіча. Але ж на яго прыкладзе відаць і іншае: чалавек — на тое ён і чалавек, каб у самых складаных, нават, здавалася б, безвыходных сітуацыях застацца чалавекам. Гэта герою М. Гарэцкага ўдалося.

Хто ёсць хто

У час рэвалюцыйных зрухаў «душа дваілася» не ў аднаго Ігнася Абдзіраловіча. Ваганні такіх людзей можна зразумець. Толькі ніяк нельга зразумець і апраўдаць прыстасаванцаў, хамелеонаў. Іх М. Гарэцкі паказаў не толькі ў аповесці «Дзве душы».
Да такіх твораў належыць і апавяданне «У 1920 годзе», што мае падзагаловак «Апавяданне народнага чалавека». Тым самым пісьменнік падкрэсліваў, што яго герой у многім тыповы для свайго часу. Як і Ігнась Абдзіраловіч, ён належыць да тых, хто пакуль што не знайшоў на зямлі нейкага пэўнага прыстанішча. Больш дакладна — далёка не ўсё прымае ў рэвалюцыйных падзеях. Праўда, мае для гэтага ўсе падставы.
У рэчаіснасці, якую па-мастакоўску пераканаўча адлюстроўвае М. Гарэцкі, сапраўды непрыглядны выгляд. Ягоны герой, апынуўшыся за лініяй фронту, трапіў у хату селяніна-правадніка, якога схапілі чырвонармейцы. Больш за тое, яны, па ўсім відаць, яго, ні ў чым не вінаватага, ужо расстралялі. Апавядальнік у тым, што здарылася, адчувае нейкую маральную віну. Гэты ж праваднік дапамагаў яму правільна арыентавацца ў невядомай мясцовасці. Атрымліваецца, што «народны чалавек», па сутнасці, прынёс гора чужой сям’і.
Ды ў гэтай хаце ёсць і такія, у каго сумленне не пакутуе. Яны любым спосабам прыстасоўваюцца да абставін. Адзін з іх, настаўнік, каб выжыць у складаны час, знайшоў выйсце ў сватанні да дочак заможных гаспадароў. Калі ж справа даходзіла да вяселля, своечасова ўцякаў. Пасля чаго шукаў чарговую ахвяру. Гэта рабіў не аднойчы, па чарзе пераходзячы з вёскі ў вёску.
Амаральнасць ягоных паводзін відавочная. Ды, аказваецца, яна яшчэ двайная. Гэты «жаніх» заяўляе, што ён стаіць за беларускасць. З гонарам прызнаецца: «З каханкамі я толькі па-беларуску й гаманіў».
Другі субяседнік, былы афіцэр у сваёй «беларускасці» пайшоў яшчэ далей. Ён без згрызоты сумлення хваліцца: «Я прымазаўся да беларусаў, дастаю паёк у беларускай вайсковай арганізацыі... Цяпер прыехаў вось сюды вербаваць ахвотнікаў». Пасля дадае: «Я, прызнацца, не шаную гэтай мовы: дык няхай, чаго... адно свінства!»
Настаўнік, тым не менш, не прамінуў выпадку, каб папрасіць: «А ўсё ж ты завярбуй мяне ў сваё беларускае войска па старой дружбе». Двурушнасць яго тым больш адчувальная, што перад гэтым былы афіцэр адкрыта сказаў яму: «Як будзе адзіная недзялімая Расея, то я й цябе адным заходам пастараюся павесіць».
У гэтым апавяданні аўтарам як быццам шмат недагаворана. М. Гарэцкі не спяшаўся давесці сваю думку. Даваў магчымасць паразважаць і таму ж настаўніку, і былому афіцэру. Каб чытач лепш адчуў, як шмат супярэчлівага было ў час рэвалюцыйных зрухаў. Не менш і камічнага, а то і трагедыйнага. Хоць часам гэтыя паняцці быццам перакрыжоўваліся між сабой. Як у апавяданні «Незадача».
Выпадак, пра які гэтым разам расказвае пісьменнік, тыповы. Нездарма ў адным з рукапісаў пад самой назвай твора рукой М. Гарэцкага пазначана «Быль». У апавяданні нічога лішняга. Як бы знарок — пратакольная дакладнасць. Гэта відаць з самага пачатку твора:
«Часовы камісар Н-скай франтавой надзвычайнай камісіі ў справе змагання з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і дэзерцірствам, таварыш Батрачонкаў, ехаў на аўтамабілі ў сваёй матроскай куртцы дамоў к Іллі на свята, каб разам з тым даведацца, як ідзе рэвалюцыя ў вёсцы».
Таварыш Батрачонкаў — тыповы прадстаўнік народнай масы, абуджанай да новага жыцця. У той жа час гэтая стыхійная маса часта была няздольна ўзняцца над самім жыццём. Яна не ў стане ацаніць і свае паводзіны, і паводзіны таварышаў па партыі. Мела амбіцыі, але не мела неабходнай амуніцыі. Калі што і было, то рэвалюцыйны максімалізм.
У героя ж апавядання, як відаць адразу, і прозвішча сімвалічнае — Батрачонкаў. Значыць, знаходзіўся на самай ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы. Раней увогуле быў Батрачонак.
Хочаш смейся, хочаш плач... Па дарозе ў родную вёску Батрачонкаў у думках прадчувае радасць моманту, як глянуць на яго землякі, калі ўбачаць у аўтамабілі: «Падумаць: былы падпасак Арцёмка Батрачонак — другі чалавек, што едзе па гэтым шляху на аўтамабілі; першым быў Шальновіч» (земскі. — А. М.).
«—Хай жыве рэвалюцыя! — голасна крыкнуў Батрачонкаў. Шум машыны і свіст ветру схапілі яго словы.
— Што вы, таварыш? — пачуў, аднак, шафёр і аглянуўся.
— Нічога, нічога... — сканфузіўся матрос».
Фінал жа гэтых адведзін «былога падпаска» Батрачонка і цяперашняга камісара Батрачонкава страшны. Нават страшнейшы, чым можна было б падумаць. Гарачая галава, Батрачонкаў, ап’янелы ўладай, гуляў колькі мог...
Зноў у творы пратакольная дакладнасць. Гэтым разам у заключных радках: «Цераз дзень ён быў арыштаваны і адданы пад суд са спекуляцыю, п’янства і шкодную для службы адлучку для асабістых патрэб на казённым самакаце».