Уладзімір Конан
У пошуку страчанага раю
(Міфалагічныя і біблейскія матывы ў літаратуры XX стагоддзя)
(прапаноўваецца ўрывак з артыкула У. Конана, у якім ідзе размова пра творчасць М. Гарэцкага)
...Міфалагічныя архетыпы і біблейскія вобразы самабытна выявіў Максім Гарэцкі. Аднак адносіны да народнай міфалогіі ў Гарэцкага-пісьменніка і Гарэцкага-мастака — не аднолькавыя. Як аўтар першай «Гісторыі беларускай літаратуры», іншых даследаванняў ён заставаўся ў рамках асветніцкага рацыяналізму, паводле якога ў аснове міфатворчасці ёсць анімізм — «нахіл першабытных людзей з’ясняць незразумелыя ім дзеянні ў прыродзе існаваннем у рэчах прыроды нейкай жывой сілы, душы». Такі светапогляд спарадзіў дуалізм (яднанне двух пачаткаў свету — матэрыі і духу) і містыку — веру ў пазаматэрыяльнае быццё. А ў мастацкай творчасці Максім Гарэцкі, аўтар кнігі «Рунь», аповесці «Дзве душы», драматызаванай аповесці «Антон: Абразы жыцця», дакументальна-мастацкага рамана «Камароўская хроніка» (1930-я гады, апублікавана ў 1966), імкнуўся пранікнуць у містыку быцця, выявіць трансцэндэнтныя, а пагэтаму міфалагічныя аспекты народнага жыцця. Тут таямнічае, нязведанае, страшнае — ключавыя вобразы пісьменніка. Відаць, не выпадкова «Наша ніва» пад рубрыкай «Нашы пісьменнікі і грамадскія працаўнікі на вайне» змясціла фота з подпісам: «М. Гарэцкі, пісьменнік-містык, родам з Магілёўшчыны, каморнік (землямер)» (Наша ніва. 1914, 18 верасня).
Як пісьменнік-псіхолаг М. Гарэцкі выявіў біблейскія матывы і народную міфалогію беларусаў вельмі глыбока і шматгранна: яны арганічна ўпісваюцца ў кантэкст фабулы, дыялогаў, маналогаў ягоных твораў, у плынь свядомасці персанажаў. Звычайна ў скрытай форме, для іх выяўлення патрэбна эрудыцыя, аналітычная герменеўтыка. Часам аўтар сам прапануе ключ для разгадкі, як гэта мы бачым у апавяданні «Страшная музыкавая песня»: «Вот жа, — зазначае ён, — выйшла гісторыя, як у той Бібліі аб Язэпе тым Прыгожым і начальнікавай жонцы».
Паводле біблейскага падання, Язэп (Восіп) быў любімым сынам бацькі свайго Якуба (названым ад Бога Ізраілем — родапачынальнікам яўрэйскага народа). Па зайздрасці браты прадалі яго ў егіпецкае рабства, дзе таленавіты, з прарочым дарам Язэп атрымаў пасаду домакіраўніка прыдворнага чыноўніка Паціфара. Жонка гэтага вяльможы закахалася ў прыгожага юнака і хацела спакусіць яго на грэшнае каханне. Атрымаўшы адказ, яна хлусліва сказала мужу, быццам Язэп спрабаваў згвалціць яе. Але хлусня раскрылася, і пасля таго, як вязень Язэп адгадаў сны фараона (сем кароў худых, якія з’елі сем кароў добрых; і сем каласоў пустых, якія з’елі сем каласоў поўных), ён быў прызначаны начальнікам «над зямлёю егіпецкай», верагодна, вялікім візірам.
Не кожны чытач здагадаецца, што кульмінацыя фабулы аповесці М. Гарэцкага «Антон» мае свае сюжэтныя паралелі з эпізодам першай кнігі Бібліі. Гэта — ахвярапрынашэнне Аўраамам свайго сына Ісака, у апошнюю хвіліну (калі ўжо быў падняты нож над прыгнутай шыяй ахвяры) спыненае Боскаю дзясніцай (Быц. 22: 1—14). Аналогія праглядваецца нават у імёнах бацькі і сына: там Аўраам — Ісак, тут — Антон ды Іванька. У абодвух выпадках вялікая, але не асветленая богадаццю любоў прывяла да ахвярніка: у Бібліі — да ахвярніка-каменя, у беларускай аповесці — да прыдарожнага крыжа. Аўраамавае ахвярапрынашэнне засведчыла цэнтральны эпізод старадаўняга абраду — замену язычніцкай чалавечай ахвяры ахвяраваннем беззаганнага першароднага агнца (ягнятка), які ў Новым Завеце набыў сімвалічны сэнс: Агнец — Ісус Хрыстос, які самаахвяраваўся дзеля выратавання чалавецтва ад грахоў. Герой аповесці М. Гарэцкага сам аказаўся нявольнікам неадэкватнага, старазапаветніцкага разумення хрысціянскай веры: да ахвярніка яго прывёў страх пакарання ягоных дзяцей за грахі продкаў. Гэта — вера без богадаці, абвешчанай Хрыстом: «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім».
Гэты няпоўны пералік персанажаў народнай міфалогіі і міфалагізаваных біблейскіх архетыпаў у творчасці М. Гарэцкага дапаўняецца адпаведнымі матывамі яго першай кніжкі апавяданняў «Рунь» і драматызаванай аповесці «Што яно?». Вось як разважае вясковы містык Антон: «А можа, і канец свету, калі так? Няхай Мусіяш-Антыхрыст не здзекуецца, калі прыдзе». Унутраныя маналогі таго ж Антона прасякнуты містычным страхам пякельнага пакарання грэшнікаў. Персанажы апавяданняў кніжкі «Рунь» успамінаюць пра ваўкалакаў, чараўнікоў, відмаў, заклятыя грошы, гарады і цэрквы, што праваліліся ў бездань. Гавораць пра маці-зязюлю, вогненнага змея, ведзьмака, які пераўвасобіўся кажаном. Разважаюць пра Рай і Пекла, русалкі, хаткі на курыных ножках, цені вялікіх продкаў і чорную магію. Герой імпрэсіяў «Што яно?» ведае нават Арымана — д’ябла іранскай міфалогіі, антаганіста бога-дэміура Ахурамазды. Ведаюць героі апавяданняў архаічную літоўска-беларускую Копшу — паганскую багіню магільнікаў. З біблейскіх персанажаў у творах М. Гарэцкага, апрача ўжо вядомага Язэпа Прыгожага, згадваюцца Апраметная, Мікола Веснавы (апякун земляробства і жывёлагадоўлі), Фама Няверуючы, Люцыпар (Люцыфер), Сатана, чорт, дэман. Сам аўтар не дае адназначнай ацэнкі народнай міфалогіі. Пра гэта разважае лірычны герой імпрэсіяў «Што яно?»: «Забабоны мае! Адкуль вы? Я ж ведаю, што нічога такога німа... Чаго?.. А ці ж ведаю? Не! Я дзеткам кажу аб прыродзе па-навучнаму, рэдка кажу ім страшнае [...] (Гарэцкі М. Рунь. Вільня, 1914. С. 116)...